Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Культурнае праектаванне як элемент нацыянальнай гуманітарнай бяспекі

ShumskayaПрацягваем публікацыю  дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з  панэлі «Культуралогія» кандыдата культуралогіі Ірыны Шумскай:

Культурнае праектаванне – неад’емная частка культурнай палітыкі кожнай дзяржавы ў сучасны перыяд. Па характары найбольш маштабных праектаў можна меркаваць пра асноўныя трэнды, якія існуюць у дзейснай культурнай прасторы, а таксама аналізаваць стан ідэйных норм грамадства і перспектыўных мэтаў ягонага развіцця. Лагічна абумоўленая наяўнасць шчыльнай карэляцыі культурных праектаў з базіснымі прынцыпамі гуманітарнай бяспекі, якія грунтуюцца на ахове і абароне традыцый, каштоўнасцяў, ідэалаў і правоў грамадзян, на жаль, далёка не заўсёды адпавядае рэчаіснасці.

На агульным фоне цмянай, непаслядоўнай і празмерна палітызаванай айчыннай культурнай палітыкі, нібы вулканічныя выспы, узвышаюцца асобныя амбітныя і добра разрэкламаваныя праекты, сярод якіх варта вылучыць наступны “топ-5”: рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”; міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”; удзел у міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне”; міжнародны музычны фестываль імя Юрыя Башмета; міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Коратка спынімся на кожным з вышэйпазначаных.

Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі

Пачынаючы з 1996 г. на правядзенне фестываля-кірмаша штогадова выдаткоўваюцца велічэзныя бюджэтныя грошы. У прыватнасці, у 2011 г. “Дажынкі” ў горадзе Маладзечна абышліся краіне ў чвэрць мільярда даляраў ЗША альбо амаль паўпрацэнта валавога ўнутранага прадукта. Апроч гіганцкіх сродкаў з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў, на “Дажынкі” актыўна прыцягваюцца ахвяраванні прыватных прадпрыемстваў і кампаній.

Прынцып будаўніцтва “пацёмкінскіх вёсак”, які рэгулярна дэманструецца пры арганізацыі дадзенага свята, прывёў да заканамерных наступстваў, сярод якіх: адсутнасць дакладнага каштарысу расходаў на арганізацыю і правядзенне свята; нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў у суме 6,6 млрд. руб.; неэфектыўнае выкарыстанне 7,6 млрд. руб. (з іх 5,3 млрд. руб. – сродкі бюджэту). Паводле матэрыялаў калегіі Камітэта Дзяржкантролю Мінскай вобласці, з распрацаваных ЗАТ «Будпраект» (г. Маладзечна) 66 праектаў агульным коштам 2,4 млрд. руб. – 45 не адпавядалі неабходным патрабаванням, пастаўлена на ўлік аб’ектаў асноўных сродкаў на суму 758,7 млн. руб., да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 19 юрыдычных асоб і 42 службовыя асобы на агульную суму 410,2 млн. руб., 87 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці і г.д.

Аналагічная сітуацыя назіралася і падчас правядзення аграфэсту ў мінулым годзе ў Горках: адзін трыльён рублёў, узятых пераважна з бюджэту, і шматлікія хібы ды растраты, што назіраліся падчас добраўпарадкавання горада. Калі ж пакінуць у баку фінансавы аспект дадзенага мерапрыемства, які, тым не менш, падаецца вельмі істотным, і сканцэнтравацца на змястоўна-эстэтычнай характарыстыцы дадзенай імпрэзы, становіцца відавочным, што сучасныя

“Дажынкі” з іх нязменным шабашам так званых зорак эстрады, продажам таннага алкаголю і пафасным будаваннем “на скорую руку” сацыяльных аб’ектаў, ужо даўно не адпавядаюць свайму першапачатковаму ідэйнаму падмурку свята ўраджаю і заканчэння жніва. Апроч таго, найноўшая сакралізацыя аграрнай дзейнасці ў краіне з надзвычай высокімі тэмпамі ўзбанізацыі і тэхналагізацыі жыцця выглядае недарэчнасцю і фарміруе на ўзроўні масавай свядомасці замацаванне іміджу “краіны калгаснікаў”.

Выснова: свята “Дажынак” варта перавесці ў рэгіянальны фармат з адпаведным істотным скарачэннем выдаткаў і акцэнтаваннем увагі на аднаўленне традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў.

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар

Заснаванае больш за 20 гадоў таму як фестываль польскай песні на Беларусі, дадзенае мерапрыемства пераўтварылася з цягам часу ў сапраўдны “базар”, на якім, зрэшты, менавіта славянская (не кажучы ўжо непасрэдна пра польскую) культура прысутнічае толькі ўмоўна. Бо ці ж можна лічыць “узорам духоўнасці” (паводле ўпэўненых словаў некаторых палітычных дзеячаў) дзесяцідзённае баляванне прадстаўнікоў пераважна рускамоўнай «папсы», якое выступае ў якасці галоўнага кампанента дадзенай імпрэзы? І хіба магчыма аднесці да мастацтва жахлівую вульгаршчыну ў выкананні “артыстаў” кшталту Машы Распуцінай, Лаліты, Алены Верабей, апалагетаў блатнога шансону і мноства іншых?

Аднастайная і заангажаваная палітыка аргкамітэта фестываля спрыяе таму, што ганарары замежных выканаўцаў (абсалютная большасць якіх – з Расіі) перавышаюць узровень здаровага сэнсу, пры тым, што іх беларускім калегам досыць часта даводзіцца ўвогуле выступаць бясплатна, а пляцоўка пад сольны канцэрт хутчэй будзе аддадзена, напрыклад, расійскаму хору Турэцкага, а не аналагічным беларускім калектывам “Чысты голас” ці “Камерата”. Асноўныя сродкі на правядзенне фестываля вылучаюцца з бюджэту СНД, дадатковыя – прыцягваюцца з боку асобных прадпрыемстваў і ўстановаў. Значная частка гэтых выдаткаў скіроўваецца наўпрост з бюджэту Міністэрства культуры РБ.

Дарэчы, у мінулым годзе на мерапрыемства агулам было выдаткавана каля 3,5 млрд. даляраў. Пры гэтым апетыты як выступоўцаў, так і арганізатараў аніяк не хочуць змяньшацца – паводле словаў дырэктара фестываля Радзівона Баса, “фінансаванне “Славянскага базара” павінна быць удвая больш”. Нягледзячы на тое, што падчас імпрэзы адбываецца шэраг насамрэч цікавых і разнастайных культурных падзей (у тым ліку мастацкія выставы, джазавыя вечары, тэатральныя паказы), выклікае здзіўленне адначасовая непамерная прага выкідваць грошы на прамоцыю трэшавых арт-прадуктаў.

Выснова: працягласць фестываля варта скараціць да трох дзён, а ягоны змест цалкам змяніць у кірунку менавіта славянскай культурнай спадчыны і дэманстрацыі найлепшых узораў сучаснага беларускага мастацтва.

Удзел у міжнародным конкурсе песні“Еўрабачанне”

Папулярны сярод псіхолагаў тэрмін “акцэнтуацыя” варта было б дапасаваць да распаўсюджанай у апошняе дзесяцігоддзе практыкі падрыхтоўкі і ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве (у тым ліку, і ягонай “дзіцячай” версіі). Механізм адсутнасці элементарнай аб’ектыўнасці пры адборы ўдзельнікаў; значныя выдаткі на падрыхтоўку канкурсантаў і арганізацыю прамацыйных тураў (дзясяткі тысяч еўра штогод вылятаюць “у трубу”); слаба развітая інфраструктура ў галіне айчыннага шоу-бізнесу і наяўнасць кантролю “звыш”; немагчымасць самастойна, без прыцягнення больш дасведчаных прадзюсараў з замежжа, стварыць канкурэнтаздольны арт-прадукт; вузкая скіраванасць конкурса на густы еўрапейскіх абывацеляў; вельмі нізкая ўзаемасувязь паміж удзелам у імпрэзе і магчымасцю падвышэння прэстыжу краіны – усё гэта аўтаматычна ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць дадзенай акцыі.

На жаль, узровень айчыннай эстраднай культуры па-ранейшаму застаецца такім, што большасць прэтэндэнтаў на штурм еўрапейскіх музычных пляцовак нават не ў стане спяваць без фанаграмы “плюс адзін” на працягу хаця б паўгадзіны, а дэкларатыўная заява экс-міністра культуры РБ Паўла Латушкі пра “выпальванне спеваў пад “фанеру” распаленым жалезам” так і засталася на ўзроўні спарадычнай палымянай прамовы.

Апроч таго, ні для каго не сакрэт, што “Еўрабачанне” – гэта ў першую чаргу конкурс геапалітычны, а не музычны. У гэтым сэнсе вельмі паказальным з’яўляецца факт штогадовага выстаўлення беларусамі найвышэйшых балаў расіянам (падаецца, што калі б Расія вылучыла да ўдзелу агароднае пудзіла, сітуацыя наўрад ці змянілася б). Але ў той час, калі шэраг еўрапейскіх краін (Польшча, Грэцыя, Чэхія, Люксембург і інш.) пачынаюць усё больш пільна ставіцца да пытання прыярытэтнасці размеркавання ўласных бюджэтных сродкаў на праекты ў галіне культуры, Беларусь нават у абвешчаны Год беражлівасці не можа пазбавіцца ад хваравітых амбіцый любым коштам патрапіць у фінал “Еўрабачання”.

Выснова: на бліжэйшае дзесяцігоддзе Беларусі ўвогуле варта адмовіцца ад удзелу ў гэтым конкурсе.

Міжнародны музычны фестываль імя Юрыя Башмета

Па сутнасці, гэта рэалізацыя прыватнай ініцыятывы піяніста Расціслава Крымера, які, па дамоўленасці з афіцыйнымі беларускімі структурамі, і, безумоўна, з самім Башметам, з 2006 г. атрымаў доступ да дзяржаўных сродкаў на правядзенне шэрага імпрэз у галіне класічнай музыкі. Нягледзячы на прысутнасць на фестывалі шырока вядомых у Еўропе музыкантаў і правядзенне карысных майстар-класаў для маладых выканаўцаў, складваецца няўмольнае ўражанне, што фестываль у першую чаргу скіраваны на непасрэдную прамоцыю персон Крымера і Башмета. Не спрыяе ўзрастанню цікавасці да класічнай музыкі з боку насельніцтва і вельмі высокі кошт білетаў, а таксама факты іх прымусовага распаўсюду сярод супрацоўнікаў бюджэтных установаў.

Незразумела, чаму грошы на прамоцыю так званага “брацтва Башмета” (як называе фестывальную супольнасць галоўны арганізатар імпрэзы) мусяць выдаткоўвацца пераважна з кішэняў беларускіх падаткаплацельшчыкаў. А фігура грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Юрыя Башмета, хоць і з’яўляецца досыць значнай у сучаснай музыцы, але не мае непасрэднага дачынення да айчыннай культурнай прасторы. А чаму было не назваць фестываль міжнароднай класічнай музыкі імем кагосьці з бліскучых айчынных кампазітараў, носьбітаў беларускай культурнай традыцыі – гэтае пытанне ў сённяшніх умовах выглядае ўжо не толькі як рытарычнае, а яшчэ і нават як крыху правакацыйнае.

Выснова: міжнародны музычны фестываль імя Юрыя Башмета павінен быць пераведзены ў рэжым поўнай самаакупаемасці без задзейнічання бюджэтных сродкаў.

Міжнародны кінафестываль“Лістапад

Першапачаткова заснаваны ў 1994 г. як кінафорум краін СНД і Балтыі, фестываль значна пашырыў свае геаграфічныя і мастацкія межы. Тым не менш, асноўны акцэнт усё ж такі захаваўся на кінапрадукцыі і – адпаведна – на ўдзеле прадстаўнікоў расійскай кінаіндустрыі, якая пераважае на нашых тэлеэкранах. Выклікае засмучэнне той факт, што спробы ўзняцца на агульнаеўрапейскі ўзровень пры арганізацыі кінафоруму не спалучаюцца з дэманстрацыяй адпаведнай ступені ў развіцці айчыннага кінамастацтва, якое даўно знаходзіцца ў стане відавочнага крызісу.

Што датычыць бюджэту “Лістапада”, дык ён, напрыклад, у 2010 г. склаў каля 470 тысяч даляраў. Гэта, канешне, капейкі ў параўнанні са славутымі еўрапейскімі кінафестывалямі ў Берліне, Венецыі і Каннах, але… Звернем увагу толькі на адзін факт: за аднадзённы візіт на кінафестываль 2010 г. напаўзабытай італьянскай кіназоркі Арнэлы Муці арганізатары імпрэзы не пашкадавалі больш за 40 тысяч еўра. Для параўнання: гэткая ж сумма спатрэбілася ў мінулым годзе на выкуп у аднаго маскоўскага калекцыянера Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года і была знойдзена толькі дзякуючы прыватным унёскам.

Паўстае заканамернае пытанне: чаму ў дзяржавы не знаходзіцца сродкаў на выкуп з аўкцыёнаў і прыватных калекцый нашых гістарычных рэліквій, а таксама на рэканструкцыю, рэстаўрацыю ды вырашэнне пытанняў рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў, але разам з тым ахвотна знаходзяцца сродкі на рэгулярнае падсілкоўванне прадстаўнікоў расійскай папсы ды “нафталінавых” зорак з замежжа?

Выснова: да таго часу, пакуль кірунак развіцця нацыянальнай кінематаграфіі будзе падпарадкоўвацца жорсткаму ідэалагічнаму прэсінгу і грунтавацца на манапольнай дзейнасці кінастудыі “Беларусьфільм”, якая фактычна абслугоўвае прыватныя расійскія кінакампаніі, скіраваныя на вытворчасць прымітыўных серыялаў і меладрам, немагчыма весці размову пра эфектыўнае прадстаўленне Беларусі на сусветным кінарынку.

ххх

Увогуле, чым яшчэ, як не антынацыянальнай палітыкай, можна патлумачыць такія супярэчлівыя з’явы ў нашай рэчаіснасці, як дэмантаж мемарыяльнай шыльды ў Зэльве, прымеркаванай да 100-годдзя выдатнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910—1983); рэгулярныя адмены бардаўскага фэсту, прысвечанага легендарнай бітве пад Оршай; наўмыснае ігнараванне 150-годззя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага – разам з усталяваннем помнікаў рускаму цару Мікалаю ІІ у аграгарадку Крайск і маскоўскаму патрыярху Алексію ІІ у Мінску, а таксама фінансаванне з бюджэту казацкага руху на Беларусі і маштабнае адзначэнне 200-годдзя руска-французскай вайны 1812 года, якую расійскі пасол Сурыкаў нахабна патрабуе лічыць «айчыннай».

Фактычна, аналізуючы гэты павярхоўны пласт знакавых культурных праектаў з удзелам нашай дзяржавы, міжволі напрошваецца агульная выснова пра тое, што беларуская культура не толькі па-ранейшаму застаецца заціснутай у перыферыйны абшар культуры расійскай, але і выступае ў якасці безабароннага сацыяльнага феномену, які не мае дастатковага імунітэту, каб супрацьстаяць вонкавым уздзеянням. Сумнае становішча назіраецца амаль ва ўсіх сферах культурнага жыцця: на кніжным рынку пануе рускамоўны “шырспажыў”, музычны рынак скіраваны на паўсядзённае паглынанне расійскай папсы, пра тэатральны і кінарынак увогуле цяжка весці гаворку.

Атрымліваецца, што ключавыя культурныя падзеі ў краіне не толькі не спрыяюць захаванню традыцыйных для нашага народа каштоўнасцяў, але і садзейнічаюць нівеліраванню культурнай памяці беларусаў, пераўтварэнню іх у пазбаўленую нацыянальнага гонару ды пасіянарнага імпэту масу. Усё гэта надзвычай абвострана адчуваецца сёння, калі не толькі характар рэалізацыі лакальных культурных праектаў падаецца спрэчным, але і маюцца падставы для значна большай занепакоенасці, звязанай з далейшым лёсам рэалізацыі глабальнага нацыянальнага праекта пад назвай “Беларусь”.

 Іншыя даклады канферэнцыі:

1. Нацыянальная бяспека і канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі

2. Минное поле белорусской истории

3. Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

4. Манументальная прапаганда і тапанімічная “рэфармацыя” ў палітыцы і практыцы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва: гісторыя і сучаснаснасць

5. Праблемы сучаснай беларускай гістарыяграфіі на прыкладзе даследавання гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921—1939 гг.)

3 thoughts on “Культурнае праектаванне як элемент нацыянальнай гуманітарнай бяспекі

  1. Неоантинацист

    Шкада, што няма відэа ці хаця б аўдыё. Люблю чуць голас, назіраць эмацыйны складнік прамовы. ))

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.