Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Культура Беларусі ў першае 25-годдзе пасля паўстання 1863—64 гг.

lycПрацягваем друкаваць матэрыялы са зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», які складзены з дакладаў аднайменнай навукова-практычнай канференцыі, якая прайшла  23 сакавіка 2013 года.

Прапануем Вам артыкул доктара гістарычных навук Леаніда Лыча:

Русіфікатарская палітыка царызму і Рускай праваслаўнай царквы на Беларусі не пакідала аніякіх сумненняў у яе нацыянальных патрыётаў, што без супраціву гэтым варожым дзеянням ёй не захавацца ў складзе імперыі самабытным адметным краем са сваёй роднай культурай і мовай. У найбольшай ступені вызначальную ролю гэтых духоўных каштоўнасцяў разумелі людзі адукаваныя, інтэлігентныя. Калі ўдзельнікаў паўстання з ліку сялян найбольш за ўсё цікавіла зямельнае пытанне, дык нацыянальна скіраваную частку інтэлігенцыі — лёс беларускай культуры і мовы.

Нічога не атрымалася як у першых, так і ў другіх. Больш за тое, у баях з царскім войскам склалі галовы многія з тых, хто быў шчырым актыўным ці пасіўным носьбітам беларускай культуры, мог бы шмат чаго каштоўнага зрабіць дзеля яе карысці. А колькі такіх людзей было пад прымусам выслана ў Сібір і іншыя неабжытыя, аддаленыя ад цывілізацыі куткі Расіі! Больш жа шчаслівым інтэлігентам-паўстанцам удалося збегчы на Захад, дзе яны аднак працавалі ўжо на карысць не беларускай, а культуры краіны свайго пражывання.

З гэтага кароткага ўступу “ў тэму” вынікае, у якім складаным становішчы апынулася беларуская культура пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Разлічваць, што ёй хоць у чымсьці дапаможа царызм не даводзілася. Наадварот, ён, святкуючы перамогу выношваў са сваімі зацятымі русіфікатарамі (а іх быў цэлы легіён!) новыя, не менш агрэсіўныя, чым дагэтуль планы духоўнага занявольвання прыдбанага да сябе ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускага народа.

Зайздросную актыўнасць у правядзенні злачыннай дзяржаўнай палітыкі выяўляў віленскі генерал-губернатар з надзвычайнымі паўнамоцтвамі Міхаіл Мураўёў, у “падзяку” за што сённяшнія шчырыя прыхільнікі апошняга да змешчанага ў 5-м томе “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (Мн., 1999 г.) артыкула дадалі і яго фатаздымак. Галоўным рэдактарам гэтага тома быў беларускі паэт Генадзь Пашкоў (займаў пасаду у 1996—2008 гг.), а яго першым намеснікам доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Петрыкаў (1927—2007). Беларусам не характэрна забывацца на сваіх “герояў”.

Яшчэ не паспела як след засохнуць кроў на ранах беларускіх змагароў за волю, як М. Мураўёў неўзабаве пасля прыбыцця ў красавіку 1864 г у Санкт-Пецярбург падае на імя цара запіску з падрабязным выкладам мерапрыемстваў па абрусенні жыхароў Паўночна-Заходняга краю. Ён не меў філалагічнай адукацыі, а вось ролю рускай мовы ў абрусіцельскай палітыцы выкладаў проста на выдатна. У запісцы прапаноўвалася царскай уладзе дзейнічаць такім чынам:

“Пацвердзіць канчаткова пра паўстюднае ўвядзенне рускай мовы… ва ўсіх афіцыйных і службовых зносінах, а таксама ў знадворных апісаннях усялякага роду, асабліва ў месцах, што наведваюцца народам…” (1).

/1. Дакументы іматэрыялы па гісторыі Беларусі. Том 2. Мн., 1940./

Ён прапаноўваў:

“…так званую беларускую мову… звесці на нішто (у суверэннай Рэспубліцы Беларусь яе ўжо давялі да такога ўзроўню — Л.Л.) бо калі гэтага не зрабіць, яна стала будзе інспірыраваць думку пра асобны беларускі народ і пра права гэтага народа на этнічную самастойнасць і нацыянальна-дзяржаўную суверэннасць, чаго дапусціць нельга”.

На шчасце беларусаў, трубадур русіфікатарскай палітыкі ў іх краі М. Мураўёў вымушаны был у 1865 г. пайсці ў адстаўку, а ў наступным годзе і зусім развітаўся з жыццём. Відаць, занадта здароўя паклаў на змаганне з паўстанцамі, на гвалтоўнае ўкараненне ў Паўночнай-Заходнім краі рускага духу.

Але адыход М. Мураўёва ад русіфікатарскай дзейнасці не выклікаў трывогі ў свецкіх і духоўных уладаў царскай Расіі, бо пасля сябе ён пакінуў надзейных прадаўжальнікаў сваёй гнюснай справы. Да таго ж з году ў год яна папаўнялася свежымі сіламі, гатовымі цалкам прысвяціць сябе “высокароднай” справе абрусення “сапсаваных” з-за польскага ўплыву беларусаў. Ніколькі не памыліліся ў цэнтры з прызначэннем у 1864 г. на пасаду папячыцеля Віленскай навучальнай акругі буйнога спецыяліста, цалкам аддадзенага духу царскай русіфікатарскай палытікі Івана Карнілава (1811—1901). Гэта яму належыць афарызм “Руская асвета — мацней за рускі штык”. Такую асвету якраз і культываваў І. Карнілаў, знаходзячыся на пасадзе кіраўніка Віленскай навучальнай акругі. Ён пісаў:

“Істотная задача майго кіравання заключалася ў тым, каб з натхненнем істотна супрацьдзейнічаць у галіне грамадскага выхавання і шляхам літаратуры ўсяму таму, што варожа рускай дзяржаве і рускім пачаткам: духоўна і разумова ўзнімаюць мясцовых рускіх людзей (да іх ён залічваў беларусаў. — Л.Л.), выклікаць у іншаверным і іншародным насельніцтва заходняга краю спачуванне да рускай адукацыі, павагу да рускага народа (але толькі не да свайго народа і сваёй адукацыі. — Л.Л.) … канчатковае ўз’яданне краю з усёй Расіяй трэба здзейсніць не рускай зброі, але рускай цывілізуючай сіле…” (2)*.

/2. Публицистика беларуских народников. Нелегальное издание белорусских народников (1881—1884). Мн., 1983, с. 89—90./

/* Дарэчы, акурат гэтым і займаецца з падачы ўладных структураў сучасная сістэма адукацыі Беларусі./

Нягледзячы на сур’ёзныя эканамічныя цяжкасці, такога роду ўстановы адукацыі у даволі масавых для тых часоў маштабах ствараліся на Беларусі пры адначасовым зачыненні тых, дзе навучальна-выхаваўчы працэс не адпавядаў ідэалам русіфікаці. Ужо ў 1864 г. спыніла сваю дзейнасць адзіная ў Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова — Горы-Горацкі земляробчы інстытут (пераведзены ў Санкт-Пецябруг). Са славутай сваімі багатымі яшчэ ад часоў Сярэднявечча педагагічнымі традыцыямі Слуцкай кальвінісцкай гімназіі

“…было выключана 280 вучняў, што складала 62 % іх агульнай колькасці. Не абмінулі рэпрэсіі і выкладчыкаў. Частка з іх за падтрымку паўстанцаў была саслана ў Сібір” (3).

/3. Яноўская В.В. Хрысціянская царква ў Беларусі ў 1863—1914 гг. Мн., 2002, с. 128./

Пры самай непрыхаванай дыскрымінацыі правоў беларускіх дзяцей на нацыянальную школу І. Карнілаў зусім іншай пазіцыі прытрымліваўся ў дачыненні да іх літоўскіх равеснікаў. Ён спрыяў увядзенню ў практыку “школьных падручніках на літоўскай мове, да якой быў прыстасаваны рускі алфавіт” (4).

/4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (далей ЭГБ). Том 4. Мн., 1997, с. 119./

Вось і разважай, культурна-моўная блізкасць беларусаў да рускіх з’яўляецца плюсам ці мінусам для першых, для узаемадачыненняў гэтых народаў?

Па віне кіраўнікоў адукацыі, мясцовых уладаў, Рускай праваслаўнай царквы беларуская мова не трапіла ў навучальныя ўстановы Паўночна-Заходняга краю нават у якасці звычайнага прадмета. Увесь навучальна-выхаваўчы працэс абслугоўваўся выключна толькі рускай мовай. Пры такой арганізацыі педагагічнага працэсу школа пераўтварылася ў інструмент русіфікацыі маладых пакаленняў беларускага народа.

Калі хто-небудзь з навучэнцаў меў ад прыроды пісьменніцкія здольнасці, ён пасля заканчэння вучобы пасталеўшы, набраўшыся жыццёвага досведу пісаў літаратурныя творы не на роднай беларускай мове, а на рускай, чым “ліў ваду на кола” дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. У такім выпадку на службу ёй былі пастаўлены не толькі навучальныя ўстановы, але і сам літаратурны працэс, які заўсёды адыгрывае найвялікшую ролю ў нацыянальна-культурным жыцці народа, робіць яго ўстойлівым ад любых формаў культурна-моўнай асіміляцыі. Але беларусаў такі натуральны ход падзей абмінуў пасля падзей 1863—64 гг., што прынесла ёй вялізныя нацыянальныя страты.

ХІХ стагоддзе, як вядома, з’яўляецца стагоддзем нечуванага росквіту нацыянальных літаратур усіх еўрапейскіх народаў, акрамя мо толькі беларускага, прычыну чаму трэба шукаць у крайне нізкім узроўні, а больш правільна будзе пісаць у поўнай адсутнасці філалагічнай падрыхтоўкі маладых пакаленняў. Гэтым можна патлумачыць тое, што за чвэрць стагоддзя пасля паўстання ў нас не з’явілася нават у рукапісным выглядзе чагосьці падобнага на апавяданне, не кажучы ўжо пра раман. Нічога вартага з мастацкай літаратуры не стварылі беларусы на сваёй роднай зямлі і на рускай мове, бо яна так глыбока, як у нашыя дні, не ўрасла ў іх душы, для чаго трэба каб у чужой мове змянілася некалькі пакаленняў*.

/* Сёння ў нас з гэтым няма аніякіх праблем, з-пад пяра этнічных беларусаў выходзяць неблагія ўсіх жанраў мастацкія літаратурныя творы, якія ні кроплі не дадаюць да нашай нацыянальнай літаратуры, затое уносяць немалы ўклад ў русіфікацыю тытульнага народа суверэннай Рэспублікі Беларусь. /

Як бачым, царскія ўлады добра разумелі, чаму ніяк нельга было дапусціць беларускую мову ў навучальныя ўстановы. Тагачасная рускамоўная адукацыя з’яўлялася сапраўднай душагубкай для маладых пакаленняў беларускага народа. Ёсць важкія падставы падзякаваць царызму, што ў тыя гады ён не стварыў у нашым краі рускамоўных устаноў больш высокіх тыпаў, бо іх роля ў русіфікацыі яго карэннага насельніцтва была б у дзясяткі разоў больш значнай, чым пачатковых школ. Што тут я не памыляюся, сведчыць сучасная практыка працы рускамоўнай сярэднеспецыяльнай і вышэйшай школы нашай краіны.

Жорсткае задушэнне паўстання 1863—64 гг. негатыўна адбілася і на тых сферах культуры, дзейнасць якіх не звязаная з выкарыстаннем слова. Негатыўна таму, што меліся немалыя людскія ахвяры сярод творчай інтэлігенцыі такіх сфераў, паколькі большасці з іх не падабалася празмернае панаванне чужых уплываў у нашым духоўным жыцці. Каб вызваліцца ад гэтага, сёй-той прадстаўнік творчай інтэлігенцыі далучыўся да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Зусім не шараговыя з іх зарабілі сабе высылку ў Сібір і іншыя аддаленыя месцы, што таксама не магло не адбіцца на стане культуры пасляпаўстанцкай Беларусі. А вось ж высланыя з бацькоўскага дома для “чужых культур” таленавітыя людзі нямала зрабілі.

Проста цудам не трапіў у ссылку ўжо вядомы на той час беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884). Дачку ж яго Камілу (1837—каля 1887) саслалі ў Салікамск. У дачыненні да паэта абмежаваліся зняволеннем на адзін год у мінскую турму. У 1866 г. ім напісаны фарс-вадэвіль “Пінская шляхта”, у 1868 г. — паэма “Па-над Іслачы, або Лекі на сон”, у 1870 г. — камедыя “Залёты”. Але ж першыя два названыя творы былі ўпершыню надрукаваныя толькі ў 1918 г., трэці — у 1984 г., што адмоўна адбілася на стане літаратурнага працэсу Беларусі ў пасляпаўстанцкі перыяд.

Пры нармальных умовах досыць паспяхова магло б развівацца на Беларусі тэатральна-музычнае мастацтва, з яго багатымі яшчэ ад часоў Рэчы Паспалітай традыцыямі, толькі бяда што з вялікай доляй у іх чужога элемента. Праўда, перад паўстаннем заўважалася імкненне перадавых колаў інтэлігенцыі гэты прэстыжны від мастацтва напаўняць і беларускімі матэрыяламі. Затое пасля разгрому паўстанцаў рабіць такое стала проста немагчымым.

Многія здольныя ў дадзеным відзе мастацтва творцы падаліся ў розныя гарады Расійскай імперыі, а патрэбы яго аматараў задавальняліся ў асноўным гастролямі рускіх тэатральных калектываў і салістаў. У іх выступленнях не было нічога беларускага. І гэта зразумела, бо і тэатральна-музычнае мастацтва, разам з задавальненнем густу сваіх наведвальнікаў, павінна было ўсяляк спрыяць русіфікацыі жыхароў Паўночна-Заходняга краю. Як станоўчае можна адзначыць: не забараняліся гастролі замежных тэатральна-музычных труп, што таксама з’яўлялася для Беларусі даўняй традыцыяй, знаёміла яе жыхароў з багаццямі заходнееўрапейскай культуры.

Рэзка знізілася роля польскага элемента ў тэатральна-мастацкім жыцці. На нейкі час было строга забаронена ставіць спектаклі на польскай мове. Зразумела, усе гэта рабілася толькі дзеля таго, каб на беларускай зямлі выцесніць пальшчызну. У разгляданыя гады трохі лепш пачувала сябе нацыянальная культура Украіны, здараліся выпадкі наведвання яе тэатральнымі калектывамі Беларусі. Іх выступленні тут карысталіся вельмі шырокай папулярнасцю, што тлумачылася не толькі блізкасцю культуры, мовы, але і шматгадовай практыкай супрацоўніцтва гэтых суседніх славянскіх народаў.

Звыклым да тэатральнага мастацтва людзям не падабаліся ўведзеныя ў адміністрацыйным парадку абмежаванні  на развіццё гэтага папулярнага жанру культуры. Не падабалася і тое, што ў Беларусі на афіцыйным узроўні павінны былі развіваць тэатр толькі на рускай мове. Змяніць становішча да лепшага ўдалося праз стварэнне аматарскіх тэатраў, у чым найбольш актыўны ўдзел бралі настаўнікі. У ліку першых драматычныя гурткі арганізавалі аматары тэатральнага мастацтва ў Горках (1863), у фальварку Ялава (каля Чавусаў, 1867), у Рагачове (1868), Навагрудку (1869), Пінску (1876), Барысаве, Слуцку, Клімавічах (усе ў 1882 г.), Брэсце, Полацку (усе ў 1883 г.), Слоніме, Лідзе (усе ў 1884 г.) (5).

/5. Гісторыя Беларусі. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі. Мн., 2005, с. 287./

На жаль, рабочай мовай такіх аматарскіх гурткоў пераважна з’яўлялася руская.

Адсутнасць беларускамоўных вершаў, якіх можна было б перакласці на музыку, вымушала кампазітараў нашага краю працаваць з польскім і рускім матэрыялам. У найбольшай ступені гэта было характэрна ўраджэнцу фальварка Убель Ігуменскага павета Станіславу Манюшку (1819—1872). Таленавіты кампазітар не цураўся мясцовага меласу. Ад беларускай тэматыкі (на беларускай і польскай мовах) ён не парываў і ў варшаўскі перыяд сваёй творчасці (1858—1872 гг.). Манюшка —

– “аўтар кантаты “Крымскія санеты” на словы А. Міцкевіча, больлш як 300 сольных песень, якія ўвайшлі ў 12 “Хатніх слоўнікаў” (з іх 12 песень на словы Я. Чачота” (6).

/ 6. Э.Г.Б. Том 5. Мн., 1999, с. 72./

Многае мог бы зрабіць для сваёй айчыны выдатны піяніст, кампазітар, мастак Напалеон Орда (з фальварка Варацэвічы Пінскага павета), калі б пасля 1863 г. не пакінуў яе.

“Лепшыя музычныя творы Орды, асабліва паланэзы, вылучаюцца маштабнасцю і віртуозным стылем. Напісаную ім у 1873 г. в Варшаве “Граматыку музыкі” высока цаніў Ст. Манюшка” (7).

/ 7. Тамсама с. 352, 353./

У значна меншай ступені негатыўна адбіўся разгром паўстанцаў на ўсіх відах выяўленчага мастацтва. Адзінае ў чым яно мела сур’ёзныя абмежаванні — гэта у адлюстраванні ў сваіх творах усяго таго, што магло б абуджаць у народа нацыянальную самасвядомасць, бачыць у сябе штосьці адрознае ад рускіх. Як і раней, выхадцы з Беларусі мела магчымасць навучацца жывапісу, скульптуры, архітэктуры ў самых прэстыжных навучальных установах імперыі. І яны ахвотна з вялікай карысцю для сябе, а ў некаторых выпадках і для Бацькаўшчыны стараліся не ўпусціць такую магчымасць. Шкада толькі, што па заканчэнні вучобы, часцей за ўсё Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, мала хто з іх вяртаўся дамоў.

Так распарадзіўся сваім лёсам і ўраджэнец вёскі Цынцавічы Вілейскага павета Нікадзім Сілівановіч (1834—1919) — выпускнік згаданай акадэміі ў 1870 г. Праз чатыры гады ён атрымаў званне класнага мастака першай ступені. Адараванаць ад радзімы не спрыяла адлюстраванню мастаком у сваіх творах падзей і з’яў з яе жыцця:

“У пачатку 1870-х гг. разам з І. Лавярэцкім стварыў мазаічную кампазіцыю “Тайная вячэра” для галоўнага іканастаса Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу, мазаікі “Евангеліст Матвей”, “Евангеліст Лука”, “Евангеліст Марка”, “Пацалунак Юды”. Аўтар партрэтаў “Стары пастух”, “Пўтапартрэт”, “Партрэт жонкі”, “Партрэт сына”, “Рустэйкайтэ”, “Партрэт музчыны”, “Партрэт жанчыны”, “Павятовы стараста”, жанравых кампазіцый “У школу”, “Дзеці ў двары”, “Салдат і хлопчык” (7).

/7. ЭГБ. Том 6. Кніга 1. Мн., 2001, с. 298./

Затое рускі па паходжанні мастак Іван Трутнеў (1827—1912), ураджэнец Калужскай губерні, выпускнік Пецярбургскай АМ (1858 г.), які звязаў сябе з Беларуссю, не абмінаў характэрных ёй сюжэтаў.

/Працаваў/ “у жанрах гістарычным і бытавым, партрэта, пейзажа. Многія яго работы прысвечаны побыту беларускіх і літоўскіх сялян. Творы вызначаюцца рэалістычнасцю, крытычным падыходам да адлюстравання рэчаіснасці. Зрабіў шэраг замалёвак будынкаў Полацка, Віцебска, Мсціслава і інш., Ільінскай царквы ў Віцебску” (8).

/8. ЭГБ. Том 6. Кніга 1. Мн., 2001, с. 525./

Беларусь, дзякуючы свайму выгаднаму геаграфічнаму становішчу, узважанымі ў многіх дачыненнях паводзінамі карэннага насельніцтва, здаўна вабіла да сябе на сталае жыццё прадстаўнікоў іншых народаў, прычым не толькі еўрапейскіх. У той ці іншай ступені само паўстанне 1863—64 гг. і яго наступствы паўплывалі і на гэтых прадстаўнікоў. Калі яно пацярпела крах, з усіх этнічных груп Беларусі найбольшыя цяжкасці па арганізацыі свайго культурнага жыцця мелі палякі, як галоўныя віноўнікі барацьбы з царызмам.

Улады найбольш за ўсё абмежаванняў увялі на афіцыйнае ўжыванне польскай мовы, бо добра ўяўлялі, да чаго ўсё гэта павінна прывесці: канчатковай русіфікацыі. Дзеля дасягнення такой супярэчнай здароваму сэнсу мэты рабіліся нават спробы, праўда безвынікова, замяніць у касцёлах польскую мову рускай, чаму ўпарта супраціўляліся і духавенства і вернікі. Узмацненне наступу на польскі пачатак у Паўночна-Заходнім краі выклікала бурны пратэст у палітыкаў і інтэлігенцыі заходнееўрапейскіх краін. А вось беларусы ні тады, ні сёння не мелі і не маюць ад іх падтрымкі ў сваім няроўным змаганні з дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі.

Царызм адрэагаваў на такія пратэсты паслабленнем уціску на польскую культуру і мову. З 1869 г. на ёй ужо зноў пачалі ў нас выдаваць кнігі. Можа граф Леліва не быў занадта катэгарычным пішучы: “За трыццаць гадоў намаганняў па русіфікацыі ніводнага паляка не русіфікавалі” (9). Во дзе школа і ўзор для беларусаў!

/9. Граф Лелива – псевдоним российского публициста Евгения Николаевича Матросова. См. его очерк “Русско-польские отношения”. Лейпциг, 1895 г. – Прим. ред./

Практычна ніякага ўзмацнення жорсткасці на сваю культуру не адчулі яўрэі, бо засталіся ў баку ад падзей 1863—64 гг. Дыскрымінацыя царызмам іх культуры была на некалькі парадкаў ніжэй, чым беларускай. Вось такія парадксальныя праявы “братэрскай дружбы” двух славянскіх народаў: рускага дзяржаўнага і афіцыйна непрызнанага беларускага народа. На яўрэйскай мове вучылі дзяцей у школах, выдавалі кнігі, ставілі спектаклі, беларусаў жа па горла нашпігоўвалі ўсім рускім.

Як не дзіўна, але ў меру маштабная русіфікацыя беларусаў, асабліва тых, каго прырода надзяліла розумам, талентам, давала немалую карысць польскаму народу. Справа ў тым, што рэакцыяй многіх такіх беларусаў на русіфікацыю стала іх свядомая пераарыентацыя на польскую культуру, што ішло ўразрэз з нашым нацыянальным інтарэсам…

“Свае творы па-польску сталі пісаць не толькі многія празаікі, паэты, але і розных галін навукоўцы. У здольнай да вучобы моладзі ўзрос інтарэс да набыцця адукацыі ў навучальных установах Варшавы і іншых польскіх гарадоў. Для большасці такіх маладых людзей з Беларусі стала прычынай, каб назаўжды звязаць жыццё з Польшчай, прымнажаючы сваёй творчай дзейнасцю яе культурны і навуковы патэнцыял” (10)*.

/10. Л. Лыч. Гісторыя культуры Беларусі пад уладай Расійскай імперыі (канец XVIII ст. — 1917 г.). Віцебск, 2007, с. 102./

/* Як усё гэта мы паўтараем сёння у яшчэ большых маштабах. І ўсё з-за гэтай праклятай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі выпечкі ўласнага кіраўніцтва краіны!/

Па сутнасці ў тагачасных экстрэмальных умовах у беларускай прафесійнай культуры не мелася аніякіх надзей на выжыванне, не кажучы ўжо пра нейкае там яе развіццё. На ўсё гэта патрэбна родная мова. Але здарылася нешта зусім неверагоднае з нацыянальнай самасвядомасцю па розных прычынах закінутых у Санкт-Пецярбург будзіцеляў-беларусаў. Сваёй дзейнасцю, сваімі поглядамі яны нагадвалі галаву фенікса, якая пачала пакрысе вытыркацца з-пад паўшчэразнага пласта попелу. У цэнтры рускай культуры і дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі пусціла ў глебу доўгія трывалыя карані беларуская нацыянальная ідэя. Высока тэарэтычна адукаваныя, цудам уцалелыя ад дэнацыяналізацыі асобы шляхам глыбокага аналізу прыйшлі да цвёрдай высновы пра існаванне ў свеце самабытнага, адрознага ад усіх сваіх суседзяў беларускага народа з уласнай гісторыяй, адметнымі культурай і мовай.

Усё гэта з зайздроснай грунтоўнасцю, бездакорнай навуковасцю было выкладзена ў 1884 г. на старонках нелегальнага часопіса, органа беларускай фракцыі партыі “Народная воля” ў Пецярбургу “Гоман!” Шкада толькі, што сфармуляваныя ў ім думкі па беларускім пытанні не сталі вядомымі шырокаму колу людзей нашага краю, што магло б вельмі пазітыўна адбіцца на яго нацыянальна-культурным жыцці. Нягледзячы на тое, што на момант выдання часопіса яно было не больш беларускім, чым у папярэднія 20 гадоў, нашыя навучэнцы ў Санкт-Пецярбургу засведчылі, што яшчэ не ўсё страчана, ёсць шанцы на нацыянальна-культурнае адраджэнне.

І ў гэтым яны не памыляліся, бо ў беларусаў, пераважна жыхароў вёскі, захоўваўся выключна багаты фальклор, на якім вельмі мала адбіліся і польскія, і рускія ўплывы. Ён быў і заставаўся для беларусаў выключна нацыянальнай з’явай, мог пры спрыяльных умовах стаць урадлівай глебай для зараджэння, развіцця па-сапраўднаму беларускай прафесійнай нацыянальнай культуры. Але ў нашыя дні ў яе ўжо няма такой жыватворнай крыніцы, бо ў выніку рэарганізацыі — часта стыхійнай, нават збольшага непрадуманай, вёска перастала быць хавальніцай, узбагачальніцай беларускіх нацыянальна-культурных традыцый, з чым яна паспяхова спраўлялася і да і пасля паўстання 1863—64 гг.

У тагачасным фальклоры

“…значнае месца займала абрадавая паэзія, асабліва вясельная, многія творы якой вызначаліся высокай мастацкай якасцю. Вялікай папулярнасцю ў народзе карысталіся лірычныя, любоўныя і сямейныя песні, якія стваралі прывабны вобраз беларускай жанчыны-сялянкі, салдацкія і батрацкія песні” (11).

/11. Гісторыя Беларускай ССР. Том 2. Мн., 1972, с. 209./

Паводле ацэнак спецыялістаў, створаныя беларускім народам казкі пра жывёл, чарадзейна-фантастычныя і сацыяльна-бытавыя былі аднымі з самых дасканалых сярод славян. І па змесце і па форме культура жыхароў сельскай мясцовасці цалкам адпавядала іх этнічнай прыналежнасці, захоўвала свій нацыянальна-традыцыйны характар.

Поўнай працілегласцю гэтаму было жыццё ў гарадах нашага краю. У іх дамінавалі польская, яўрэйская і руская культуры, прычым апошняя, дзякуючы падтрымцы і садзеянню мясцовых уладаў і Рускай праваслаўнай царквы, з году ў год умацоўвала свае пазіцыі, ствараючы сур’ёзную канкурэнцыю для існавання і развіцця дзвюх першых культур горада. Яго дзверы заставаліся шчыльна зачыненымі перад беларускай культурай. Спатрэбіцца нямала часу, энергіі, каб яна і тут заявіла пра сябе. І такое сапраўды адбылося, только ўжо праз 25 год ад часу задушэння паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Спасылкі па дадзенай тэме:

Паўстанне 1863—1864 гг. на Беларусі

Зшальмаваны Кастусь Каліноўскі (Тэхналогіі астракізму)

Вексілалагічныя аб’екты паўстання 1863–1864 гг.: гістарыяграфічны вобраз і крытыка

Постаць Кастуся Каліноўскага ў друкаванай спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў

Кастусь Каліноўскі: чалавек і герой

“Польскае” паўстанне з беларускім характарам. (Гісторыкі і публіцысты Польшчы аб падзеях паўстання Кастуся Каліноўскага)

Паўстаньне 1863 году: асноўныя стэрэатыпы

Первая рельсовая война

Пасля паўстання

Прадмова да зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Поўнае відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Навукова-практычная канферэнцыя “Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.