Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Кастусь Каліноўскі: чалавек і герой

Працягваем друкаваць матэрыялы са зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», які складзены з дакладаў аднайменнай навукова-практычнай канференцыі, якая прайшла  у 23 сакавіка 2013 года.

Прапануем Вам артыкул доктара фізіка-матэматычных навук Анатоль Астапенка:

Некаму, можа, будзе балюча разьвітацца зь легендамі, але й праўду няма сэнсу хаваць.  Гэта ўжо гісторыя, а яна павінна быць праўдзівая, каб у прышласці не паўтараць памылак.

(Аляксандр Надсан. “Пра Боскае і людское”)

Аглядваючыся на постаці нацыянальных дзеячоў нашага мінулага, зразумела, нельга прайсці міма асобы Кастуся Каліноўскага – кіраўніка беларуска-польскага паўстання 1863 года супраць царызму. У некаторых творах ён быў названы нават “заснавальнікам беларускага нацыяналізму” (1).

Літаратурная спадчына К.Каліноўскага невялікая – усяго толькі некалькі нумароў “Мужыцкай праўды” ды “Лісты з падшыбеніцы”, аднак для тых часоў (другой паловы ХІХ ст.) гэтыя творы, напісаныя на нікому невядомай “мужыцкай” мове, – аказаліся з’явай вельмі незвычайнай, рэвалюцыйнай. Ніхто не будзе аспрэчваць той факт, што менавіта пасля паўстання Каліноўскага ў сведамасці расійскай грамадскасці і нават ўсёй сусветнай супольнасці, пачаў фармавацца погляд на Паўночна-Заходні край Расійскай Імперыі не як на частку імперыі, а як на тэрыторыю пражывання новага, ня ведамага дагэтуль народа – беларусаў.

Гэта адзін бок феномена Каліноўскага. Другі бок, і ён не менш істотны, – гэта пытанне аб тым боку творчасці і дзейнасці К. Каліноўскага, якая непасрэдна мае дачыненне да беларускага нацыянальнага адраджэння і станаўлення беларускага нацыяналізму як з’явы мадэрнай гісторыі.

Вынікі пошукаў беларускай нацыянальнай ідэі ў творах К. Каліноўскага аказаліся супярэчлівымі. Стала зразумелым, што многае з таго, што гаворыцца пра Каліноўскага перабольшваецца, а некаторыя ягоныя выказванні, напрыклад, пра праваслаўе “як схізму”, выклікаюць канкрэтнае непрыманне – прынамсі праваслаўнымі вернікамі. Так, А. Бембель у знакамітых лістках “Жыровіцкая абіцель”, у артыкуле “Дастаеўскі і Каліноўскі” аналізуючы інструкцыі і адозвы Каліноўскага прыходзіць да высновы:

“…каб усе гэтыя інструкцыі і распараджэнні прымяняліся ў паўнаце, на Беларусі запанаваў бы крывавы хаос”. Паводле інструкцыі “Прыказу да Ронду Польскага…. да народу зямлі Літоўскай і Беларускай”: “…А хто гэтаму прыказу спэчан будзе, таго – ці ён поп, ці ксёнз, мужык ці поп, усякага даносіць да Ронду Польскага, каб можна пазней павесіць або зазваўшы Грамаду і зрабіўшы справядлівы суд, без агаворкі весці на шыбеніцу”.

Такія заявы, лічыць А. Бембель, “калі і выклікалі рэакцыю, то адваротную пажаданай». Супрацівіцца да апошняга прымушалі нянавісць да маскалёў і ў яшчэ большай ступені пачуццё безвыходнасці.

Каб знайсці ўсё ж нейкую залатую сярэдзіну ў адносінах да дзейнасці К. Каліноўскага, трэба прааналізаваць усе бакі праблемы. Таму я спачатку разгледжу тыя выказванні ў творах Каліноўскага, якія пакладзены ў аснову думкі даследчыкаў, што залічаюць яго да дзеячоў не беларускага руху, а польскага.

Першым артыкулам, дзе была звернутая ўвага на гэтую праблему быў артыкул эмігранцкага гісторыка Юрыя Весялкоўскага “ХІХ стагоддзе на Беларусі і Кастусь Каліноўскі”, надрукаваны ў кнізе “Дух часу” (2). Ён піша:

“Каліноўскі не быў незалежным лідэрам паўстання на Літве і Беларусі, а толькі адным з польскіх памагатых, аб чым пішуць палякі. …Яго Правінцыяльны Камітэт, як улада на Літве й Беларусі, у сваёй адозве ад 29 студзеня 1863 года гаварыў наступнае: “Паўстанне на Літве выракуе аб уваскрошанні Польшчы й смерці ворагаў”.

Далей Ю. Весялкоўскі даволі аргументавана паказвае аб ролі Каліноўскага ў паўстанне 1863 г. як змагара за свабоду Польшчы, але ніяк не як змагара за вольную Беларусь, як гэта лічыцца ў нас цяпер, фактычна, амаль афіцыйна. “Шкада, што мы не маем газеты “Мужыцкая праўда” Каліноўскага – піша Весялкоўскі. Але ж тэксты ўсіх нумароў “Мужыцкай праўды” надрукаваны ў шэрагу выданняў, напрыклад у кнізе “К. Калиновский. Из печатного и рукописного наследия” (3).

Дык што ж беларускага ў “Мужыцкай праўдзе” К. Каліноўскага?

“Мужыцкая праўда” № 1.

Адразу звяртае на сябе ўвагу зварот – “Дзецюкі!” Не “беларусы”, не “ліцьвіны”, не “русіны”, а “дзецюкі”. Зразумела, “беларусы” як назва народа тады яшчэ не была распаўсюджана, аднак народ неяк зваўся.

І ў гэтым лістку і ў іншых ідзе, як дамінуючая, лінія скіраваная супраць “маскалёў”, чыноўнікаў і паноў: “Maskali, czynouniki i mnoha panou buduc pierapyniac pismo nashe da was, no najduc sia ludze….shto choczuc waszej swabody.”

Выказваецца недавер маскоўскай палітыцы – што Масква не дасць вольнасці мужыку. Далей ідзе заклік узяцца за рукі, мужык пакуль здольны трымаць касу і сякеру будзе “baranic swaho”.

“Мужыцкая праўда” № 2.

Быў наш народ калісь вольны і багаты – піша Каліноўскі. Праўда не ўдакладняе калі гэтае шчасце надарылася нам. Паншчыны тады не было. Было лесу шмат. Пра гэты мужыцкі “рай” Каліноўскі дае наводку: людзей тады было мала, а поля колькі хочаш”, так што ня трэба служыць паншчыны, кожны мог паставіць сабе хату і мець сваё поле. Але разгадка дзе ж было месца і калі былі тыя слаўныя часы, дае наступны абзац лістка: “u susedsztwe z nami zyu Niemiec i Mascal. Не “Маскаль” і “Польшча”, а “Немец”! Значыць “мы” – гэта Польшча. Далей болей – “наш кароль”, як можна зразумець тэкст, рабіў усё па справядлівасці, а “Маскаль” увёў падаткі, паншчыну і чынш на зямлю. І заклік – ісці вайною на “Маскаля”.

“Мужыцкая праўда” № 3.

У гэтым лістку Каліноўскі піша, быццам “народ паразумнеў” – “уже ведаем, што чалавек вольны, калі мае кусок сваёй зямлі, за каторую ані чыншу, ані аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць”.

Канчае як і ў іншых лістках – зваротам да рэлігійных адчуванняў мужыка: Толькі Дзецюкі сьмело, бо з намі Бог і Праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудно бо Боска моц веліка, а народу много”.

“Мужыцкая праўда” № 4

“Хто бярэ падаткі, робіць шкоды…. Урод маскоўскі дзецюкі не робіць так як рабіць трэба, не думае “каб палегчыць народаві, а вымагае адно спосабы як абадраці і заўсім людзей зглуміці”.

“У нас дзецюкі адно учаць у школах каб ты знаў чытаці па маскоўскі, а то каб цябе перарабіць на маскаля. ”Суды маскоўскія – гэты воўчая яма, гдзе не разбіраюцца чы за табою праўда, чы не, а скубаць адно як могуць”.

Змест гэтага лістка супраць Маскалёў і Цара, якія яны дрэнныя і як дрэнна жыць мужыку. Аднак, канструкцыйных парад да развязання гэтай праблемы не даецца.

“Мужыцкая праўда” № 5

Звяртаюць на сябе наступныя развагі:

“Помняць яшчэ нашые дзяды, што за іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда, но войска польскае ўсё было са шляхты, а калі мужыкі часамі захацелі ісці на вайну, то зараз з іх здымалі мужыцтва ды і паньшчыну на вайну, давалі зямлю, а ўсю вёскурабілі шляхтою. …Ронд польскі даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхецтва, а Маскаль чы гэтак робіць?”

Сапраўды, прачытаўшы такія радкі, так і хочацца паперці ў Польшчу па зямлю ды шляхецтва… Але ці так бестурботна і шчасліва жыў мужык пад Польшчай? Ю. Весялкоўскі прыводзіць некалькі характэрных прыкладаў на гэты конт. Так барон Жыгімонт Гэрбэрштэйн пасля сваіх падарожжаў праз Беларусь у 1517 і 1526 г. пісаў “Народ бедны і прыгнечаны рабствам”. Петр Скарга пісаў: “Паны ня толькі адбіраюць у гаротнага селяніна ўсё, што ім зроблена, але і забіваюць яго, калі пажадаюць”. Нават прагрэсіўная травенская канстытуцыя 1791 года не скасавала прыгоннага права ў Рэчы Паспалітай.

“Мужыцкая праўда” № 6

Каліноўскі паходзіў з каталіцкай сям’і, але звяртаючыся да сялян, “мужыкоў” ён звяртаецца да іх, як вызнаўцаў уніяцкай веры – “справядлівай уніяцкай веры”. Ён піша, што мужыкоў перавярнулі да схізмы, на праваслаўе, што “ён сягодня, як тая сабака жыве без веры і як сабака здохне чартам на пекла”. Вось, што значыць для Каліноўскага праваслаўе! Гэта значыць “аддаць у пекло на вечныя мукі, будуць чэрты душу ірваць на кавалкі, а смала ў вантробах кіпець будзе”.

У 1863 годзе большасць беларусаў вызнавала праваслаўе. Ведама, што на момант трох падзелаў Рэчы Паспалітай сітуацыя была іншай – многія беларусы, асабліва сялянскае насельніцтва, былі ўніятамі. Але што станавіла сабой уніяцтва? Беларуская ўніяцкая царква захоўвала ўсходні абрад у набажэнствах, г. зн. праваслаўны, але заразом сама была пад юрысдыкцыяй Рыму. Таму і не дзіўна, што пасля далучэння Беларусі да Расійскай Імперыі пераход ад уніяцтва да праваслаўя ў сваёй практычнай частцы адбыўся вельмі хутка. Ход служэння літургіі і іншых царкоўных набажэнстваў цалкам захаваўся пры гэтым пераходзе. А тое, што ў заканчэнні службы ўпамінаецца не папа Рымскі, а рускі патрыярх, для селяніна аніякага значэння не мела. Вось такая схізма. Дык за што ж за гэта трэба яго “аддаць у пекло на вечныя мукі” і ён будзе “як сабака”?

Вось такія “парады” дае К. Каліноўскі беларускаму  мужыку.

У апошнія часы існавання Рэчы Паспалітай становішча уніяцкай, ці грэка-каталіцкай царквы ў дзяржаве станавілася ўсё больш не пэўным. Палякі не дачакаўшыся “плаўнага пераходу” з праваслаўя ў каталіцызм праз унію 1596 г. убачылі, як уніяцкая Царква ператвараецца ў асобную канфесію і фактычна стала самастойнай, не хацелі з гэтым фактам пагадзіцца. Таму ў асяроддзі вернікаў-уніятаў вялася палітыка паланізацыі, і яшчэ ў 1717 г. з’явіліся дакументы аб скасаванні “рускай” веры, якой было не толькі праваслаўе, але і унія.

Дык за што ж Кастуся Каліноўскага так узнеслі  нашчадкі? Адказ на гэтае пытанне просты: ягоная фігура выгадна ўпісывалася ў палітычныя гульні пэўных дзеячоў. Першае: ніхто не будзе адмаўляць ягонага ўдзелу ў змаганні з самадзяржаўем і мы ведаем К. Каліноўскага як аднаго з лідэраў польскага паўстання 1863 года на тэрыторыі Беларусі. Другое: гэта ўслаўленне Каліноўскім уніі, але гэты другі момант пачалі ўжо актыўна выкарыстоўваць пасля “раскруткі” Каліноўскага як рэвалюцыянера, тады, калі ён ужо стаў вядомым дзеячом.

Чаму я купую ўвагу на гэтых спрэчных момантах нашага ведамага рэвалюцыянера? Ды таму, што адной з мэтаў маёй кнігі ёсць высвятленне дзейнасці тых людзей, якія спрычыніліся да ўтварэння незалежнай беларускай дзяржавы, фармавання беларускай нацыі і беларускага нацыяналізму. У асобе К. Каліноўскага непасрэдна, як мы бачым, такіх момантаў выявіць не ўдалося. У яго народ беларускі – гэта толькі “дзецюкі” і “мужыкі”. Ёсць яшчэ, праўда, “браты з-пад Варшавы”.

Аднак ёсць у паўстанцкай дзейнасці К. Каліноўскага тое, што розніць яе ад чыста польскага паўстання. І тых жа “дзецюкоў” ён вылучае не толькі ад “маскалёў”.

Калі спачатку я не імкнуўся падымаць тэму Каліноўскага, то пасля прыточанага аналізу ягонай “Мужыцкай праўды”, вынікае думка: раз ў асобе К. Каліноўскага не праглядваецца нацыянальны беларускі дзеяч, то адкуль ўзяўся цяперашні вобраз гэтага нацыянальнага не тое што дзеяча, а нават героя? Ягонае імя цяпер асацыюецца з вобразам магутнага волата, пачынальніка беларускага адраджэння. Нават больш – яго пачынаюць лічыць заснавальнікам беларускага нацыяналізму, менавіта гэта сцвярджае Янка Запруднік. У якасці доваду ён бярэ цытату з “Лістоў з-пад шыбеніцы”, частку з якіх варта працытаваць і мне:

“Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толькі мода быць у радзе, жыці ў дастатках, і тагды толькі, памаліўшыся папраўдзе Богу, заслужыць Неба, бо, збагаціўшы розум, разаўе сэрца і радню шчыра палюбіць”.

Ну што ж, парады мець розум і навуку слушныя.

Чытаем далей:

“…но як дзень з ноччу не ходзяць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволі маскоўскай. Ды пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва, ніякай навукі”.

Вось у чым рэч! Навука для нас – мужыкоў – ня можа ісці з “няволі маскоўскай”. Што ж прапануе К. Каліноўскі ў якасці развязання гэтай “маскоўскай праблемы”? А вось што, цытую далей:

“Для таго, Народзе, як толькі ты пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўсхапіўшы за што можаш, за касу, сякеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную”.

Дык вось, трэба брацца за пэўны гаспадарчы інструмент і ісці разам з братамі з-пад Варшавы ваяваць супраць маскалёў, узброеных, мяркую, трохі лепш. Ці можа ў “варшаўскіх братоў” стрэльбы альбо гарматы ёсць? І зажывем мы разам з польскім панам, зажывем… Толькі прычым тут Беларусь? Янка Запруднік робіць пасля цытавання гэтага месца зусім іншую выснову: ”Лісты з-пад шыбеніцы Каліноўскага сталі палітычным крэда беларускага нацыяналізму”. Нейкі дзіўнаваты нацыяналізм выйшаў.

Згаданая кніга з’явілася ў 1993 годзе. Значыць, міф пра Каліноўскага ўжо існаваў і мацаваўся далей. А дзе ягоныя вытокі?

Звернемся да крыніц, што былі створаныя бліжэй да падзей 1863 года. Вось кніга “Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белорусов» (4). Аўтар – беларускі гісторык і грамадскі дзеяч пачатку ХХ ст. Фёдар Фёдаравіч Турук. Кніга выйшла ў 1920-м годзе. Дарэмна я шукаў патрэбнага прозвішча ў гэтай кнізе. Пазіцыя Турука што да патрыятызму беларусаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя блізкая да А.Н. Пыпіна (История русской этнографии. Том IV. СПб. 1892), які слушна піша:

“Гэты патрыятызм быў “беларускі”, але сутнасць яго была польская. Ён быў беларускі па любові да тэрытарыяльнай радзімы, яе пейзажных і бытавых абставін, але ўсё жыццё беларускага народу разумелася з чыста польской кропкі бачання”.

А адносна падзеі 1863 года Ф. Туруком сказана менавіта столькі колькі было ў гэтых падзеях сапраўднага сэнсу:

“Падзеі 1863 года закранаюць у значнай ступені народныя масы Беларусі, якіх польскія паўстанцы клічуць на барацьбу з рускім царызмам і к адстойванню царкоўнай уніі на іх роднай мове… абяцаючы ім у незалежнай Польшчы “роўнасць і брацтва сялян і шляхты”.

Дарэчы менавіта такім патрыётам Бацькаўшчыны быў і славуты наш зямляк, польскі маршал Юзэф Пілсудскі, сэрца якога пахавана ў Вільні.

Нічога не сказана пра асобу К. Каліноўскага і ў творах В. Ластоўскага, які быў ці не найгрунтоўнейшым даследнікам гісторыі, культуры і літаратуры Беларусі пач. ХХ стагоддзя. Хто ж можа праліць свет? Ну, зразумела! Хто ж, калі не Максім Багдановіч, геній нашай літаратуры? Паглядзім у змест двухтамовіка збору твораў нашага знакамітага паэта. Так, ёсць – у артыкуле “Белорусское возрождение” на с. 227 адносна цікавых для нас падзей Багдановіч піша, што беларуская мова выкарыстоўвалася ў тыя часы ў чыста практычных мэтах:

“Польскія паўстанцы 1863 г. у сваю чаргу (як адказ на дзяржаўныя расійскія выданні пра беларусаў, – А.А.) надрукавалі шэраг выданняў на беларускай мове. Такія “Мужыцкая праўда”, “Гутарка старога дзеда”. К. Каліноўскі выдаваў у Беластоку нават беларускую газетку “Hutarka”.

Вось і ўсё! Максім Багдановіч вельмі грунтоўна ведаў беларускую гісторыю і напісаў нават шэраг арыгінальных артыкулаў. І калі ён абышоў маўчаннем дзейнасць Каліноўскага як нацыяналіста, то відаць, не было пра што гаварыць.

Вось яшчэ адзін твор – пачынальніка беларускага руху пачатку ХХ стагоддзя Антона Луцкевіча. Гэта ягоныя “Выбраныя творы”, выдадзеныя “Кнігазборам” у 2006 годзе. Тут на с. 311 мяне чакаў сапраўдны сюрпрыз пад назвай: “Праўда аб “Мужыцкай праўдзе”! (артыкул прыкладна 1932 г.). Луцкевіч піша, маўляў, часта можна спатыкацца з заявай аб выданні К. Каліноўскім у час паўстання газеты “Мужыцкая праўда”.

“Заява гэтая да нядаўніх часоў паўтаралася і беларускімі адраджэнцамі, якія стараючыся выкарыстаць для сваёй акцыі ўсё, што гаварыла аб ранейшых праявах беларускага руху, вельмі даверліва аднесліся да гэтае запраўды ж рэвалюцыйнае звесткі”.

Луцкевіч раскрывае недасведчанаму чытачу праўду:

“…мы можам увачавідкі пераканацца, што газетай “Мужыцкая праўда” не была. Гэта быў папросту цыкль адозваў… – і нічога болей. Выходзілі яны неперыядычна і наогул з газетай не мелі нічога супольнага… змест жа адозваў меў на мэце падняць беларускае сялянства проці Масквы і здабыць ягоную прыхільнасць для “польскага ронду” (гэтак Каліноўскі збеларушчыў не вельмі ўдатна польскае слова “rząd” – урад).

Гераізацыя Каліноўскага была распачатая яшчэ беларускімі савецкімі гісторыкамі як гісторыя пра выдатнага рэвалюцыянера, кіраўніка польскага паўстання супраць царызму ў 1863 г. Ён стаў ахвярай рэжыму і быў павешаны на 26-м годзе жыцця. Але рэвалюцыянераў такога кшталту ў Расійскай Імперыі было нямала. Чаму ж так высока ўзнятая гэтая фігура? Разгадка простая – ён і ягоныя сааўтары “Мужыцкай праўды” выкарыстоўвалі ў сваіх адозвах беларускую мову, праўда, у лацінскім алфавіце. І хоць як вышэй падкрэслівалася гэта было зроблена дзеля практычнай мэты, можна, нават сказаць, палітычнай, – таго было досыць, каб залічыць Каліноўскага да першых нацыяналістаў.

У часы нацыянальнага адраджэння 90-х гадоў гераізацыя Каліноўскага атрымала новы імпульс. Асабліва спрыяў гэтаму яшчэ адзін міф – міф аб уніі як нацыянальнай веры. І тут прышліся дарэчы “уніяцкія заляцанні” да мужыкоў у “Мужыцкай праўдзе”. Хоць, як пішуць тыя самыя савецкія гісторыкі, Каліноўскі быў атэістам.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што зроблены аналіз ставіць пад сумнеў сапраўдны ўклад Каліноўскага ў справу адраджэння беларускага народу. Трэба ўсе ж аддзяляць “мух ад катлет” – аддзяляць рэвалюцыйную дзейнасць Каліноўскага ад яго дзейнасці як прыхільніка беларускай нацыянальнай ідэі.

Аднак трэба ўлічваць і час. Нават тыя, на цяперашні час невялічкія нумары, хай сабе не газеты, а адозвы “Мужыцкая праўда” – гэта адзнака зараджэння новага народа, новай нацыі і новай эпохі. Для беларусаў настаў “момант ісціны”, настаў час фармавання беларускай нацыі. За ім шлі Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, шлі беларусы…

Дзякуючы выхаду “Мужыцкай праўды” перад сусветнай грамадскасцю з’явілася нікому невядомая, новая мова – беларуская. Кастусь Каліноўскі ў сваіх лістках “Мужыцкай праўды” вылучыў асобную мову беларусаў.

У наш час постаць Кастуся Каліноўскага стала фігурай легендарнай. Пісьменнікі напісалі мноства мастацкіх твораў, дзе Каліноўскі выступае ўжо як нацыянальны герой, тое ж, калі не ў большай ступені, было зроблена нашымі мастакамі і скульпатарамі. І неяк не ўпісваецца ў кантэкст гераізацыі прыведзеныя вышэй крытычныя адзнакі дзейнасці Каліноўскага. Больш таго, мяркую, што большасць ўвацаркаўлёных праслаўных беларусаў не залічыць яго да сваіх гістарычных герояў.

Як жа быць?

А сітуацыя між тым і простая, і разам з тым складаная. Тут мы маем сітуацыю аналагічную той, што склалася на 240 гадоў раней (1623 г.) з Язафатам Кунцэвічам. Для праваслаўных беларусаў ён быў “душахватам”, для уніятаў – героем, пакутнікам за веру. Мінула амаль 400 год – у цяперашніх уніятаў Я. Кунцэвіч – святы, праваслаўнаму насельніцтву ён альбо невядомы, альбо “па старой памяці” непрыяцель.

Каліноўскі шмат разоў з’вяртаецца да веры вясковых мужыкоў. Чаму Каліноўскі апеляваў да веры беларускага мужыка, якую ён лічыў уніяцкай? Успомнім, Каліноўскаму было ўсяго 25 гадоў, а ў гэтыя гады рамантычныя мроі часта дамінуюць над рэчаіснасцю. А менавіта такой і магла быць уніяцкая мара аб веры беларусаў на той час. Т. Нейрн пісаў (5), што шлях нацыянальнай ідэнтыфікацыі вымагае прыняцце праграмы рамантызму, які абвяшчае “сентыментальную культуру”.

І сапраўды той рамантычнай рысай беларускага этнасу для Каліноўскага з’явілася народная рэлігія, хрысціянства ў форме уніі. І хоць большая частка беларускага вясковага насельніцтва ў другой палове ХІХ ст. ужо не вызнавала веры “мужыкоў” – грэка-каталіцызму, ці уніі – Каліноўскі па-юнацку шчыра захапляўся гэтай таямнічай і, як ён лічыў, “беларускай верай”. Адсюль і абразлівыя выказванні ў бок маскоўскага праваслаўя.

Мы не можам на ўсе 100 % прымірыць дзве часткі аднаго беларускага народа, даць ім адных і тых жа герояў, адных і тых жа святых – для гэтага перш за ўсё трэба даць адну веру, адны стандарты, адзін лад жыцця. Таму прыведзеная вышэй крытыка ні ў якім разе не азначае, што аўтар імкнецца “скінуць з п’едэсталу героя” Кастуся Каліноўскага. Наадварот, я бачу ў ім не мёртвую схему апантанага рэвалюцыянера і барацьбіта з “маскалямі”, а жывога чалавека, які з юнацкім максімалізмам і запалам падняў масы простых беларускіх сялян на барацьбу з царызмам і адкрыў ім вочы на сваю годнасць. І я дарую яму “праваслаўную схізму”.

Крыніцы

1. Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.

2. Весялкоўскі Ю. Дух часу. Палемічна-крытычныя артыкулы. Беласток – Лёндан. 2005.

3. Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. Минск. 1988.

4. Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. М., 1920.

5. Нейрн Том. Интернационализм и второе пришествие. // Нации и национализм. М. 2002.

Спасылкі па дадзенай тэме:

“Польскае” паўстанне з беларускім характарам. (Гісторыкі і публіцысты Польшчы аб падзеях паўстання Кастуся Каліноўскага)

Паўстаньне 1863 году: асноўныя стэрэатыпы

Первая рельсовая война

Пасля паўстання

Прадмова да зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Поўнае відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Навукова-практычная канферэнцыя “Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.