Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Ізноў пра хобітаў – міфічных і непатрыятычных…

bielaruski hobit 2У суседняй Польшчы прамінулі гады Шапэна і Мілаша. У роднай Беларусі адпаведна – гады якасці і прадпрымальнасці. Суаднесці Шапэна з якасцю, а Мілаша з прадпрымальнасцю – такі аксюмаран не прысніўся б нават Бунюэлю. Але з улікам таго, што трэндавыя герменеўтычныя падыходы трактуюць культуру, як своеасаблівы тэкст, як пляцоўку для адвольных інтэрпрэтацый, усё падаецца магчымым. Напрыклад, конь і трапяткая лань, запрэжаныя ў адным вазку. І калі насамрэч не было ні каня, ані лані, усё роўна знойдзецца вынаходніцкі розум, што будзе сцвярджаць адваротнае, седзячы ў дапатопным вазку, які чамусьці не рушыць. Дык чаму б і мне ў такім разе мімаходзь не паэтызаваць хобітаў?..

У Польшчы досыць шмат людзей недалюблівае Чэслава Мілаша. Маўляў, хоць ён і лаўрэат Нобелеўскай прэміі, але ж зневажаў палякаў, параўноўваючы іх са свіннямі. Дык як жа гэта можна трываць? І разам з тым у краіне вельмі шануюць паэта: вершы ведаюць напамяць малыя дзеці, творы паспяхова выкарыстоўваюць нават зоркі эстрады для стварэння песень, а кватэру ахвотна наведваюць экскурсанты. Крытычны позірк і выяўленне хіб у ментальнасці палякаў не перашкодзіў яму стаць легендай польскай літаратуры.

Беларусы – гэта нешта іншае. Беларусы зносяць, калі іх нацыю аплёўваюць з высокіх трыбун палітыкі і высмейваюць у памфлетах расійскія блогеры, калі пісьменнікаў цкуюць у СМІ, нібыта якіх злачынцаў. Аднак у адказ на алегарычнае параўнанне з казачнымі хобітамі ўздымаецца цэлая хваля абурэння. Айя-ёечкі! Нас зняважылі! Назвалі хобітамі з еўрапейскай глушы! І пачынаецца марнатраўная палеміка, хто, чаго і навошта. З гэткім бы імпэтам ды на Плошчу. Дык не, тут мы стрыманыя – ці ж мала што, а за краты нікому не хочацца.

 Падобная рэакцыя, дарэчы, вельмі тыповая для тубыльцаў. Бо мудры, разважлівы чалавек, бясспрэчна, здолеў бы пабачыць у гэтым метафару і зрабіць пэўныя высновы замест таго, каб палыхаць праведным гневам і маланкава кідацца аспрэчваць відавочнае. Амаль, як у афіцыйнай прапагандзе, згодна з якой мы ўсё болей і болей квітнеем, а нагодаў для гонару ў нас больш, чым дастаткова.

А калі прыгледзецца, дык чаго мы ў глабальным сэнсе дамагліся за апошнія два дзесяцігоддзі? Фенаменальных перамог на дзіцячым “Еўрабачанні”? Высокіх дасягненняў у хакеі (неяк нават шведаў перамаглі)? Гэта, відаць, павінна было бясспрэчна падвысіць наш імідж на сусветнай арэне. Але як падвысіць тое, чаго фактычна няма? Сізіфава праца. Да таго ж пачаліся высокія развагі пра брэнд Беларусі і тое, як яго раскручваць. Чорны квадрат Малевіча – вось наш брэнд у цяперашнюю эпоху. Квадрат той, канешне, не суцэльна чорны, там часткова трапляюцца і праявы іншых колераў, аднак жа…

На што, у сваю чаргу, спадзяваліся аматары палітычных прыгод і ўладальнікі вялікіх амбіцый, дэманструючы грамадскасці загадзя безнадзейныя праекты па вывядзенні рэспублікі са стану калапсу?Аб чым думалі многія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, што забарыкадаваліся ў шэрагу гнілых лакальных тусовак і павывешвалі вонкі шыльды: “ хто не з нашай пясочніцы, тыя сюды не лезьце”?

Даруйце, але скажу больш жорстка: як народ мы проста прас..лі гэтыя дваццаць гадоў задэклараванай незалежнасці. Нашы афіцыйныя і неафіцыйныя эліты аказаліся не ў стане самастойна выпрацаваць яскравую, эфектыўную і добра зразумелую для большасці (на якую так ці іначай прыходзіццца азірацца) стратэгію нацыянальнага, а не проста дзяржаўнага развіцця, якая б пасавала да дзейснай сітуацыі (няўцямна-абстрактныя версіі “свайго курсу”, “спецыфічнай мадэлі”, “шматвектарнасці” ды “трэцяга шляху” ў разлік не прымаюцца). Больш за тое – яны аказаліся няздольныя элементарна весці дыялог і мацаваць еднасць і згоду ўнутры народа, чаго нам заўсёды бракавала. Калі мы нават і “ляцім да зор”, як сцвярджаў наш нацыянальны геній, дык відавочна не разам, а паасобку.

Папялушка-Беларусь застыла ў чаканні прынца. Нас заклініла на вызначэнні нацыянальнай ідэі, але гэтая папараць-кветка так і не расцвіла на поўную моц. Мы аказаліся непадрыхтаванымі да таго, каб дзейнічаць незалежна і несці адказнасць за свае ўчынкі, а не абвінавачваць па-ранейшаму у сваіх бедах увесь навакольны свет. Як слушна пытаўся ў Ланцэлота Дракон з п’есы Яўгена Шварца: “Ты хочаш даць людзям свабоду? А навошта яна ім? Што яны будуць з ёй рабіць?”. Свабода – гэта вельмі сур’ёзны іспыт, годна вытрываць які пад сілу не кожнаму.

Мне даводзілася жыць і працаваць у розных краінах свету. Не проста наведваць іх у якасці ўдзельніцы культурных мерапрыемстваў альбо турысткі, што, безумоўна, таксама здараецца, а менавіта жыць. Не тыдзень і не месяц. Працяглы час быў праведзены ў Нарвегіі, Германіі, Польшчы. Выснова ў стасунку для беларускай культуры была зроблена несуцяшальная. Тое, што пра нас мала хто ведае ў свеце, даўно не дзівіць. Дзіва, што сярод тых, хто ведае, найбольш тыповая рэакцыя ў дачыненні да нас, гэта …спачуванне. Нас шкадуюць, нам хочуць дапамагчы вылезці з той жалоснай пячоры, у якую мы самі сябе загналі, папулярызуючы канцэпт “апошняй дыктатуры Еўропы”. Менавіта таму на Захадзе запатрабаваны дзеячы кшталту Марыны Напрушкінай з яе коміксамі пра вусатага ўладара і надзвычай палітызаванага Беларускага Свабоднага Тэатра – гэта якраз той фармат, у якім мы самаакрэсліліся, прэзентуючы “актуальнае беларускае мастацтва”. Адзінае выключэнне, бадай, могуць скласці артысты, якія працуюць у галіне класічнага мастацтва (балет, сімфанічная музыка і т.п.) ды фальклору. Але дэманстрацыя творчасці тых артыстаў, што раз-пораз трапляюць за мяжу з уласнымі праектамі, часцей за ўсё прадстае як спарадычны ўсплеск у сусветным моры невядомасці Беларусі. Між іншым, шкада, што чагосьці адметна беларускага ў дзейнасці cучасных творцаў нярэдка нельга разгледзець нават пад велізарнай лупай, а фармальны стасунак да краіны на ўзбоччы Еўропы (у ментальным, а не геаграфічным сэнсе) ўзбуджае інтарэс кшталту цікавасці да выставы экзатычных раслін. Беларусаў досыць часта не ўспрымаюць як роўных, а глядзяць на нас, як на дзіцёнка, які толькі навучыўся тупаць. І хто ў тым вінны? Недасведчаныя ды абмежаваныя жыхары Заходняй Еўропы? Не – нашая ўсюдыісная местачковасць. Напрыклад, у Кракаве, дзе пражывае каля чатырох сотняў беларусаў, разнастайныя імпрэзы ў межах Тыдняў беларускай культуры наведвае толькі тузін. У Варшаве, дзе пражывае ўжо некалькі тысяч суайчыннікаў – сітуацыя аналагічная. А дзе астатнія? Схаваліся ў бульбу ад саміх сябе?

Апроч таго, мне часам бывае сорамна і за сваю краіну, і за сваіх суайчыннікаў. За тое, як мы выглядаем у вачах жыхароў замежжа. Гэтае таўро гаротнікаў, якіх прыгнятае таталітарная ўлада і хоча канчаткова зжэрці постімперская Расія, па вялікім рахунку, ужо ўсім абрыдла да чорцікаў. Але яно прыносіць свой плён. Еўрапейскія структуры працягваюць выдаткоўваць гранты на “змаганне” і падтрымку нацыянальнай культуры. Еўрапейцы, ад якіх мы на побытавым узроўні ментальна адасабляемся, распавядаючы пра свае “паездкі ў Еўропу”, фактычна сілкуюць падмурак нашага існавання. А для большасці беларускіх грамадзян, якія замест таго, каб клапаціцца аб будучыні сваёй нацыі, штодзённа закасцянела ўтаропваюцца ў тэлевізар альбо Інтэрнет і дбаюць пераважна аб тым, як “пракарміць сям’ю”, гэтыя сілкаванні і намаганні, па сутнасці, “да лямпачкі”. І гэта цалкам адпавядае тэорыі цыклічнага развіцця, згодна з якой эвалюцыя кожнай нацыі праходзіць праз пэўныя этапы. Нацыі, як і дрэвы, як і гарады, – могуць з’яўляцца, развівацца, чэзнуць, адраджацца альбо паміраць. Пра гэта шмат пісалі Шпэнглер, Тойнбі, Сарокін, Кандрацьеў, Гумілёў і (увага!) вядомы хіба толькі ў вузкіх колах даследчыкаў беларускі філосаф Мікалай Крукоўскі.

Заўсёды важна ўсведамляць, на якім адрэзку гэтага цыклу знаходзіцца нацыя. Хаця б для таго, каб папярэдзіць ейную пагібель. І калі мы будзем па-ранейшаму заплюшчваць вочы ў чаканні міласці звыш ды адварочвацца ад глабальных праблем, спадзяючыся, што нехта іх вырашыць за нас ці ўсё неяк само сабой утрасецца, гэта толькі паскорыць набліжэнне да бездані, з якой можна і не выкараскацца. Да таго ж, каб крытычна паглядзець на ўласныя недахопы, у дадатак патрэбная смеласць, якой не стае. Лепей у каторы раз сесці на цвік і ператрываць. Гіпотэзы адносна нашага нацыянальнага мазахізму і самаедства, сапраўды, маюць пад сабой грунт, аднак, трэба глядзець на рэчы больш шырока. Падабаецца нам тое альбо не, але існуюць аб’ектыўныя законы быцця і цывілізацыйнага развіцця, якім трэба падпарадкоўвацца.

Як рэагуе чалавек, якому паведамілі пра наяўнасць у яго смяротнай хваробы? Перш-наперш ён адмаўляецца верыць дыягназу. Спадзяецца, што гэта памылка, што тут нешта наблытана. Спрабуе пераключыцца на іншыя рэчы. Ліхаманкава мітусіцца ў пошуках выратавання. Так атэісты становяцца вернікамі, а ліхадзеі раптоўна трапляюць на шлях да духоўнасці. А што выбіраюць мае сучаснікі ў такой сітуацыі? Схавацца пад парасон рамантычнага позірку на наваколле, закрыцца ва ўтульных супольнасцях-капсулах і моўчкі сядзець, як грыбы-порхаўкі, чакаючы моцнага “пендаля” ад кагосьці звонку, бо: 1) усё роўна ж нічога не зменіш; 2) мы людзі маленькія, ад нас нічога не залежыць; 3) Захад (альбо Расія) нам дапаможа; 4) а што мы з гэтага будзем мець? 4) не так ужо ўсё і блага і г.д.

Гэты, як фігуральна акрэсліваў яго У. Караткевіч, “паршывы беларускі рамантызм”, вельмі замінае нам зараз. Мы настолькі захапіліся ілюзорным святлом  патэтычнай узнёсласці Беларушчыны, што спрабуем ператвараць яе ў шоу, мы ў такой ступені звыкліся з паглынаннем архаічна-пафасных “ружовых сопляў”, якія найчасцей прадукуюцца ў рэакцыйным беларускамоўным асяроддзі, што губляем здольнасць цвяроза ацэньваць рэчаіснасць. Якая насамрэч вельмі далёкая ад таго, каб адчуваць “галавакружлянне ад поспехаў”.

А яшчэ мы надта любім паўсюдна узгадваць сваю славутую талерантнасць, якой насамрэч не валодаем. Так, у нас не было трагедый кшталту спалення палякамі жыдоў у вёсцы Ядвабна альбо ўзаемных крывавых расправаў паміж украінцамі і палякамі на Валыні, не здараліся брутальныя канфлікты на рэлігійнай глебе. Але разам з гэтым мы забываем (а дакладней – замоўчваем) пра тое, што ў гады Другой сусветнай вайны нярэдкімі былі выпадкі, калі двое родных братоў змагаліся за розныя ідэі – адзін быў партызанам, другі – паліцаем, а вячэраць збіраліся за адным сталом (аналагічныя сітуацыі здараліся таксама падчас вайны з Напалеонам і шмат дзе яшчэ). Замоўчваем, што падчас мітынгаў пратэсту разам з тымі, хто ішоў адстойваць незалежнасць краіны, было нямала “свядомых” зусім іншага розліву – тых, хто свядома хацеў атрымаць па галаве дубінкай, каб пасля засесці на стыпендыі за мяжой і “адкасіць” ад арміі. Не надаем увагі таму, што ў апазіцыйным “трэцім сектары” побач з тымі, хто шчыра спадзяваўся разварушыць нашую сонную балоцвіну было шмат і такіх асоб, якія адкрытым тэкстам прамаўлялі: “мяне хвалюе толькі тое, як на гэтых выбарах падзарабіць грошай”. Лічым звыклай справай бясконцыя сваркі і падзел “скуры незабітага мядзведзя” ўнутры творчых аб’яднанняў… Галоўнае, мы выжылі, захаваліся фізічна, а тое, што людзі становяцца больш падобнымі да гародніны, дык нічога: вайны ж няма – вось ужо і шчасце, вось і танцы на нашай палянцы.

На апошнім З’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў была агучана катастрафічная статыстыка: 70 % жыхароў краіны не ў стане назваць аніводнага прозвішча беларускіх пісьменнікаў; згадаць Купалу і Коласа аказалася пад сілу менш за 3 % у дачыненні да кожнага! Некаторыя сябры Саюза, натуральна, пачалі абурацца: у іхняй, замацаванай у пазаўчарашнім дні, свядомасці беларуская літаратура па-ранейшаму падаецца аўтарытэтным і ўплывовым культурным феноменам. Спадарства, здыміце, калі ласка, ружовыя акуляры. Хопіць ужо трызніць, як у зачараваным сне. Беларуская літаратура сёння – гэта абагульнены сігнал SOS, які адны маргіналы рэтранслююць для другіх маргіналаў. І не варта глядзець на гэтую дэфініцыю праз прызму суцэльнага негатыву. Маргінальнасць перш за ўсё азначае прамежкавы стан пераходу, пространь “паміж”, абшар перманентнага вагання. І пераважна толькі ад нас залежыць, у які бок хістануцца далей.

Хоць, шчыра кажучы, я з вялікім непакоем думаю пра той жахлівы, але непазбежны момант (лепш бы ён не здараўся ніколі!), калі ўжо не будзе магчымасці зазірнуць у сумленныя вочы ды паціснуць руку нашым выдатным класікам-сучаснікам – Арлову, Гілевічу, Барадуліну, Бураўкіну, Вярцінскаму, Дайнеку, Дранько-Майсюку, Законнікаву, Разанаву, Станкевічу ды іншым. Святое месца, як вядома, пустым не бывае, таму страшна ўявіць, кім яно ў благім выпадку можа з цягам часу запоўніцца. Прыляціць крыклівая зграя пістончыкаў, прыскоча нахабны натоўп асяў паплаўскіх, прыплыве шэраг іншых “аматараў непрыгожага пісьменства”, што не маюць ані густу, ані такту, не кажучы ўжо пра талент, якому, згодна з прымаўкай, трэба дапамагаць, бо бездары праб’юцца самі. І мы будзем працягваць лагодна і паблажліва (ці – больш мадэрнова – талерантна) пазіраць на гэты парад недарэчнасці, які ў якасці ахоўнага амулета выкарыстоўвае транспарант з надпісам “сучасная беларуская літаратура”?  Будзем гэтак жа ўпарта сцвярджаць, што наша культура цудоўна развіваецца, а мы ўсе з сябе такія “белыя і пушыстыя”? Дык чым мы ў такім разе лепшыя за шэраг вытворцаў макулатуры з чаргінцоўскага саюза, аб’яднаных па прынцыпу “хоць жаб, хоць кракадзіл, галоўнае, каб быў”? (“Жаб і кракадзіл”, вядома, фігуравалі ў славутым выказванні адносна сферы бізнесу, але і літаратура таксама пачынае станавіцца вельмі сумніўным бізнесам, калі агульная справа яе развіцця пачынае апускацца на ўзровень прасоўвання дробных прыватна-ўласніцкіх інтарэсаў).

Я не бяруся сцвярджаць, што ў недалёкім часе літаратурнае поле будзе суздром засеена адным толькі графаманствам і кар’ерызмам. Альтэрнатыва існуе заўсёды. Аднак гэтая альтэрнатыва далёка не заўсёды заўважная і запатрабавальная. Як і мова, хаўтуры якой мы сёння спраўляем.

Чаму высокашаноўны экс-амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан можа самастойна вывучыць беларускую мову і дасканала размаўляць на ёй, падаючы бліскучы ўзор усім нам, а звычайны этнічны беларус – не? Пытанне не ў тым, што беларус не здольны гэтага зрабіць, а ў тым, што ён не хоча. Не патрэбна, не цікава, няма неабходнасці. Вось калі б з гэтага мець нейкую карысць, тады б можа і паварушыўся… І нельга ўсе каменні кідаць у бок дзяржаўнай палітыкі. Мы самі сваім раўнадушшам выпусцілі джына татальнай русіфікацыі з бутэлькі. А цяпер паспрабуйце загнаць яго ўнутр, калі ён нават вядучых майстроў мастацтваў пераканаў у сваёй непераможнасці!

Што ж датычыць хобітаў, дык дадзенае азначэнне трэба разглядаць не толькі як метафару, але яшчэ і як камплімент! Бо ўсё часцей у айчыннай культурнай прасторы гэтых сціплых працаўнікоў творчай нівы пачынаюць са скрыгатаннем зубоў выцясняць гобліны і тролі. Вось сярод іх і назіраецца трэшавасць, перамяшаная з псеўдагламурным нігілізмам. А хобіты, між іншым, хоць на першы позірк і непрыкметныя, але ж здолелі пахіснуць магутнасць улады злодзея Саўрона. Дарэчы, не ўсе ведаюць, што Саўрон – гэта …адна з мянушак У. Пуціна. Так што нават тут чытачы, схільныя да занадта вольных трактовак тэкстаў, змогуць знайсці нагоду для геапалітычнага скандалу. Асабліва з улікам таго, што працэс паглынання незалежнай Беларусі суседкай з Усходу адбываецца няўхільна і – што найбольш крыўдна – без усялякіх магічных пасаў, а хутчэй дзякуючы агульнай млявасці і абыякавасці большасці насельніцтва, а таксама з нагоды маўчання нашай інтэлігенцыі, шматлікія прадстаўнікі якой любяць мусоліць адвечны тэзіс аб тым, што творца павінен быць па-за палітыкай. Прыходзіцца ў такім выпадку засведчваць, што нават казачныя хобіты былі больш пасіянарнымі. У нашых жа цяперашніх рэаліях разлічваць на хэпі-энд альбо ганарыцца надзвычайнымі культурнымі дасягненнямі можа ці толькі вельмі наіўны патрыёт, ці проста недасведчаны чалавек. Атрымліваецца, як у парадаксальнай песні пра чароўную маркізу, дзе “ўсё добра, вось толькі маленькія дробязі – кабыла здохла, гаспадар застрэліўся ды маёнтак згарэў”.

Вяртаючыся да тэорыі цыклаў, відавочна, што ў бліжэйшыя гады культура Беларусі будзе працягваць спаўзаць па крывой сінусоіды яшчэ бліжэй да долу. Ляцець са свістам на дно і ўсміхацца пры гэтым немагчыма. А суцяшацца можна хіба толькі тым, што мы пакуль не дасягнулі фіналу, хоць ілбы ўжо паразбівалі. Адзінае, што ў дадзеным выпадку дае нейкую надзею на лепшае – упэўненасць у тым, што кожны цыкл мае сваё завяршэнне. Іншымі словамі, заняпад не можа быць вечным. Пасля яго – альбо пачынаецца ўздым, альбо … нічога больш не пачынаецца. Бо наступае канец пэўнай сацыякультурнай фармацыі, месца якой з цягам часу зоймуць іншыя. І тут ужо не да метафар! Гэта шматразова адбывалася ў сусветнай гісторыі. Але гісторыю, у тым ліку і свайго народа, мы ведаем даволі блага. Таму, відаць, і лічым за вялікае дасягненне ўцісканне яе ў пяціхвілінны забаўляльны мульцік, таму і да канца не ўсведамляем існуючай небяспекі. Мы ж, беларусы, мірныя людзі. Схільнасць да экспансіі (у тым ліку і культурнай) нам не ўласцівая. І як вынік: будзем патроху рыхтавацца да чарговай акупацыі і асіміляцыі, “служыць і жабраваць”, як фабулярнае сямейства Зяблікаў, працягваць традыцыйна енчыць аб нападках знешніх і ўнутраных ворагаў на “сакральную карову” Беларушчыны, паралельна назапашваючы тое-сёе ў сваіх творчых кладоўках. На ўсялякі выпадак. Каб было. Бо раптам здарыцца цуд, і мы ўсё ж такі дачакаемся таго міфічнага “залацістага, яснага дня”, аб якім столькі марылі…

p.s. Эсэ было надрукавана ў часопісе “Верасень”  № 1 (6), 2012.

Аўтар: Ірына  Хадарэнка

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.