Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Інфармацыйнае грамадства і менталітэт беларускага Homo Informaticus

Kanfierencyja pa mientalnasci - 6Падаем Вам даклад доктара паліталогіі, кандыдата фізіка-матэматычных навук Анатоля Астапенкі, якія быў прэзентаваны на канферэнцыі «Трансфармацыі  ментальнасці беларусаў  у XXI ст.», якая прайшла ў Мінску 24 лістапада 2013 года, і які ўвайшоў у аднаіменны зборнік. 

Для таго каб неяк абазначыць паняційнае кола ментальнасці сучаснага беларуса, звернемся да ўжо гістарычнага, але мадэрнага апісання ментальнасці беларусаў. Такія звесткі мы можам знайсці ў творах нашых выдатных этнографаў, фалькларыстаў і іншых даследчыкаў народнай культуры беларусаў канца ХІХ – пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзяў. Вось як характарызуе этнограф пачатку ХХ стаггоддзя Фядот Кудрынскі адну з найбольш характэрных асаблівасцей беларуса:

“Одной из общих психических черт белоруса должно признать его недоверие к окружающим людям, кто бы они ни были. Эта слишком заметная черта в белорусе, можно сказать, лежит в основе всех его житейских отношений и составляет естественную форму его личного настроения…

Он охотно уступает пану «розум», а себе оставляет «хитрость», «каб не панский розум, та не наша хитрость — пропало б усе»… «Пана слухай, а свой разум май», говорит он, ограждая себя от всякого влияния пана на свой быт[i]”.

Трэба казаць, што гэтая якасць і праз сто год захавалася амаль нязменнай. На прэзідэнцкіх выбарах перамагае галоўны слоган: “Абы не было вайны”. Беларус прымае любую парадыгму свайго існавання ў новым грамадстве і па-ранейшаму імнецца толькі да аднаго – каб яго не чапалі. Ён па-ранейшаму “слухае пана” – дырэктыў ад начальства па жыццёвым і вызначальным пытанням, напрыклад, “за каго галасаваць”. Праўда, гады сталінізму, за якія была вынішчана самая свядомая частка беларусаў, знішчылі з формулы Кудрынскага важкую частку: “свой розум май”. Розум ужо не мае ранейшай аб’ектыўнай каштоўнасці. Ад яго застаўся хіба што нейкі сурагат сялянскай хітрасці, баязні перад начальствам і брыдкага нацыянальнага нігілізму.

Таму ня дзіва, што гэтая абноўленая формула ментальнасці беларуса пачынае адкрыта культывавацца ў грамадстве і мы бачым “нацыянальных героеў” сучаснасці ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, якія выстаўлялі сваю кандыдатуру толькі для адной мэты: набыць сабе так званы палітычны багаж, і атрымаць за гэта сумнеўную “смачную костачку” ад заходняй дэмакратыі. “Маўчы і будзь хітрым” – дае назву сваёй новай кніжцы беларускі пісьменнік, вельмі ўдала падкрэсліваючы змест сваіх апавяданняў, прысвечаных жыццю сучаснага беларускага грамадзяніна.

Яшчэ на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў грамадстве на навуковых форумах і канферэнцыях шырока дыскутавалася тэма талерантнасці беларусаў як адной з іх характэрных рысаў ментальнасці.

У1993 г. у Мiнску прайшла мiжнародная канферэнцыя “Талерантнасць i грамадскiя адносiны”.На гэтай канферэнцыi, якая сабрала навукоўцаў з Беларусі, Украіны, Прыбалтыкi, Польшчы, Чэхіі, Венгрыi i iншых краiн, высвятлялiся розныя аспекты талерантнасцi. Ведама, што не абышла талерантнасць i беларускую тэму. На канферэнцыі з адпаведнымі дакладамі выступілі ведамыя беларускiя вучоныя Сямен Падокшын, Уладзімір Конан, Адам Мальдзiс, шэраг iншых. Вось назвы некаторых дакладаў: “Традыцыi беларускай талерантнасцi”, “Сiла цi слабасць? Талерантнасць i фармаванне беларускай нацыянальнай сведамасцi” i г. д.

Прааналізаваўшы гэтыя даклады ды й наогул ярлык “талерантная нацыя” у дачыненні да беларусаў, я яшчэ ў тыя часы прыйшоў да высновы, што так заваная талерантнасць беларусаў ёсць не што іншае, як праява нацыянальнага нігілізму, нізкай нацыянальнай сведамасці беларусаў і, фактычна, ёсць звычайны міф, якімі вельмі багатая нашая гісторыя[ii].

Гістарычны аналіз ў дачыненні панятку “талерантнасць” дае нам наступныя факты.

1. З часоў Кiеўскай Русi мы бачым з боку палачан якраз праявы неталерантнасцi да чужой улады (кiеўскiх князёў), наадварот – нецярпення i няўзгоднасцi. Сапраўды, пры Рагвалодзе Полацкая зямля iмкнулася не толькi да сваёй незалежнасцi, а нават далучыла да сябе Тураў. I хоць пазней (у 980 годзе) Полацак на 28 гадоў трапiў пад уладу Кiева, наступныя пакаленнi полацкiх князёў паказалi прыклады мужнасцi i iмкнення да дзяржаўнай незалежнасцi. Найбольш уражвае жыццёвы шлях Усяслава Чарадзея, якi княжыў 57 гадоў, пабываўшы i ў палоне кiеўскага князя Iзяслава, потым стаўшы нечакана кiеўскiм князем, а ўрэшце ўзаконiў незалежнасць Полаччыны. Захапляе нежаданне Усяслававiчаў жыць у “згодзе”, а насамрэч – паводле загадаў кiеўскiх князёў… І іх паводзiны, i іх характары вельмi далёкiя ад талерантнасці.

2. Пашукаем, скажам так, сляды талерантнасцi ў часах Вялiкага Княства Лiтоўскага – ВКЛ. Менавiта гэты час у гiсторыi беларусаў некаторыя навукоўцы звязваюць з узнiкненнем нашай талерантнасцi.

Пачну з татар. Першае: яны хоць i рабiлi свае спусташальныя набегi на Лiтву, але нiколi не змаглi дамагчыся ад яе залежнасцi i нiколi не бралi з нас данiны, як гэта рабiлi ў Масковii, дзе непадзельна гаспадарылi некалькi стагоддзяў. Гэтыя факты сведчаць пра тое самае спрадвечнае iмкненне нашых продкаў да незалежнасцi, што ўспаміналася раней, сведчаць, што яны маглi, i мы можам, даваць адпор нашым ворагам.

Наступны перыяд ХV i ХVI стст. Залатая пара нашай дзяржавы, час росквiту культуры, навукi, рамёстваў i ваеннай моцы. Успомнім, для прыкладу, перамогу аб’яднанага войска ВКЛ i Польшчы над крыжакамi ў бiтве пад Грунвальдам. Паводле Кастуся Тарасава, Вялiкае Княства Лiтоўскае выставiла 40 харугваў, пераважная большасць якіх была з беларускiх гарадоў. з жмудскiх харугваў ведамыя толькi меднiцкая, троцкая i ковенская. Была, дарэчы, там i татарская коннiца (каля 5000 чалавек), але яна служыла ў нашых князёў.

Вынiкi Грунвальдскай бiтвы i многiх iншых падзей вайскавой гiсторыi тых часоў сведчаць, што нашы воi былi моцныя дужыя людзi i мелi зусiм неабыякавыя характары i паводзiны. Яны маглi абараніць сваю Айчыну i станавілi наймагутнейшую дзяржаву ў Еўропе.

Галоўны аргумент тэорыi талерантнасцi, вытокi якога шукаюць у ВКЛ, наступны. Кажуць, быццам у ВКЛ суiснавала мiрна шмат народаў: гэта, маўляў, i ёсць прыклад талерантнасцi. Але гiсторыя мае шмат прыкладаў таго, калi аб’ядноўвалiся розныя землi, розныя народы ў адну, больш моцную, дзяржаву з той цi iншай патрэбы – у дадзеным разе аб’ядноўвалiся розныя народы, каб лепш баранiцца ад агульнага ворага – крыжакоў ды маскоўцаў. I талерантнасць тут нi пры чым. Такiх шматнацыянальных дзяржаў было нямала – i Рымcкая iмперыя, i Вiзантыйская, i iншыя ўтварэннi ад старажытнасцi да нашых часоў.

Звернем таксама ўвагу на тое, што ў сярэднявеччы грамадства дзялiлася не паводле нацыянальнай прыкметы. Галоўная лiнiя падзелу – веравызнанне, якое i было галоўнай характарыстыкай як асобнага чалавека, так i ўсяго грамадства. Менавiта веравызнанне мела найбольшы ўплыў на вонкавюю i нутранную палiтыку дзяржавы.

У ВКЛ да ХVI ст. суiснавалi розныя хрысцiянскiя канфесii – праваслаўная, каталiцкая, кальвiнiсцкая… Жылi ў нас мусульмане – татары, ужо трывала аселi на той час габрэi і пабудавалi сабе сiнагогi.

Менавiта гэты факт суiснавання мноства рэлiгiйных канфесiяў у ВКЛ часцей за ўсё прыцягваецца для абгрунтавання мiфа аб талерантнасцi беларусаў. Але заўважце наступнае: ХVI ст. – гэта эпоха Рэнесансу ў Еўропе, гэта ўздым Рэфармацыi, перыяд ламання старых стэрэатыпаў, стварэння новых iдэяў i канцэпцыяў. I ў Беларусi, i ў Францыi i ў iншых еўрапейскiх дзяржавах тады суiснавалi розныя рэлiгiйныя плынi. Такое становiшча шмат дзе захавалася да нашых дзён. Так, у Германii зараз – 48 % каталiкоў i 46 % пратэстантаў. Тое ж, прыкладна, у Швейцарыi, Аўстрыi…. Але нiхто не называе немцаў цi швейцарцаў “талерантным” народам. Талерантныя людзi ёсць у кожнай з названых нацыяў. I гэта, хутчэй, рыса тэмпераменту. Шматканфесiйнасць у ВКЛ сведчыць не аб нейкай «прыцягнутай за вушы» талерантнасцi тамтэйшых жыхароў, а аб тым, што ВКЛ было нармальнай еўрапейскай дзяржавай.

Зусiм iншае становiшча, чым у ВКЛ, было ў Маскоўскай дзяржаве. Татары не толькi бралi данiну з раздробленых рускiх княстваў. Яны ў значнай ступенi асiмiлявалiся з мясцовым славянскiм насельнiцтвам. Вынiкi гэтага можна i зараз бачыць у рысах рускiх. l не толькi ў рысах: татары ўнеслi сваю ментальнасць, свой лад жыцця, якi характарызуецца, як ува ўсiх усходнiх краiнах, жорсткай iерархiяй грамадства, неабмежаванай уладай аднаго чалавека – манарха (хана, султана, цара i г. д.). Спалучэнне усходняй ментальнасцi з праваслаўнай рэлiгiяй, адзiнай рэлiгiйнай канфесiяй у Масковii тых часоў, дало, у вынiку, адметную ад еўрапейскага тыпу дзяржаву ўсходняга ўзору, у якой дачыненні будуюцца на прынцыпах, далёкiх ад дэмакратыi, у якой не церпяць iншадумства i нiякай iншай, апрача праваслаўя, веры.

Не так проста было, мiж iншым, з верацяпiмасцю i ў ВКЛ. Пашырэнне унii i кальвiнiзму на тэрыторыi Лiтвы i Белай Русi ў ХVI стагоддзi ў процiвагу гэтаму дало жыццё каталiцкаму езуiцкаму ордэну, што праславiўся сваiмi чорнымi справамi, якiя нават атрымалi назву “езуiцкiя”. Аб якой талерантнасцi у рэлiгiйных дачыненнях у ВКЛ можна казаць, калi ўвядзенне унii ў ХVI стагоддзi iшло праз гвалтоўную палiтыку з боку каталiкоў i асаблiва езуiтаў. Пануючая ў Рэчы Паспалiтай дзяржаўная рэлiгiя – каталiцызм – i яе адгалiнаванне на Усходнiх Крэсах – грэка-каталiцызм (унiя) – жорстка пераследвалi праваслаўных. Жыхару Белай Русi (Лiтвы), якi захоўваў веру продкаў – праваслаўе, нельга было разлiчваць нi на добрую пасаду, нi на навучанне дзетак на роднай мове.

У гарадах унiяты не дапускалi праваслаўных да гарадскiх пасад, у вёсках сiлай прымушалi святароў прымаць унiю, а ў разе адмовы аддавалi цэрквы габрэям у арэнду. Валынскi пасол Лаўрэнцiй Дрэвiнскi на Варшаўскiм сойме ў 1620 г. гаварыў: “Ужо ў вялiкiх гарадах цэрквы запячатаныя, маёнткi царкоўныя разрабаваныя, у манастырах няма манахаў – там трымаюць скацiну. Манахаў праваслаўных ловяць на дарогах, б’юць i садзяць у турму[iii]”.

3. Трэба адзначыць, што такiя традыцыi нецярпiмасцi да iншаверцаў былi традыцыйнымi для дзяржаў каталiцкага свету i у тым лiку Польшчы. Уладзiслаў Серчык[iv] сцвярджае, што Рэч Паспалiтая была краем неталерантным i дзеля ўтварэння адзiнай дзяржавы з ВКЛ у звязку з гэтым на 1575 г. быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыi паводле якога людзям розных веравызнанняў гарантавалiся б незалежныя вызнаннi веры iншай чым каталiцкая. Аднак ужо праз месяц пасля прыняцця Варшаўскай канфедэрацыi яна была апратэставана прымасам Якубам Уханскiм, а з духавенства яе падпiсалi толькi два бiскупы. Супраць талеранцыi выступiў нават ведамы палемiст у спрэчках памiж праваслаўнымi i каталiкамi Пётр Скарга.

ххх

Але ўсё гэта – гісторыя. Цяпер звернемся да сучаснасці. Самы важкі аргумент на непавагу беларусаў да саміх сябе, гэта наяўнасць прарасейскiх настрояў у вялікай часткі насельнiцтва. Можа, такое становiшча i завецца беларускай талерантнасцю? Дык жа не! Нiякая гэта не цярпiмасць беларускай нацыi да іншых нацыяў. Гэта завецца нацыянальным нiгiлiзмам, пагардай да сваёй нацыi, мовы i гiсторыi. Вось такiя рысы сапраўды адлюстроўваюць існасць сучаснага беларускага грамадзянiна. Варта задумацца, што хаваецца пад выдуманай талерантнасцю. А хаваецца нiкчэмнасць i душэўная пустэча, жабрацкая псiхалогiя i палiтычны сервiлiзм.

Гаварыць жа аб талерантнасцi выпадае, перш за ўсё, толькi з псiхалагiчнага цi этычнага боку. Хутчэй за ўсё – яна характарыстыка пэўнага чалавека, а ў больш агульным сэнсе характарыстыка ступенi развiцця грамадства. Чым больш высокi ўзровень цывiлiзаванасцi грамадства – тым больш уласцiвая яму цярпiмасць да iншадумцаў, iмкненне да еднасцi i любовi сярод людзей. А такiя катэгорыi характарызуюць большасць развiтых краiн Еўропы i Амерыкi. Менш за ўсе традыцыi талерантнасцi ўласцiвыя посткамунiстычным краiнам, у тым лiку i Беларусi.

Трэба адзначыць, што ўжо праз колькі год пасля ўзнікнення згаданай дыскусіі, беспадстаўнасць ярлыка “талерантная нацыя” стала зразумелай многім. І ў зборніку артыкулаў “Пытаньні талерантнасьці: гісторыя, сучаснасьць, персьпектывы”. (Мінск, 2005) цэнтар цяжару з міфа “пра талерантнасць” пераносіцца ўжо на сапраўдныя праблемы сучаснаці, звязаныя з развіццём дэмакратыі і правамі чалавека, з праблемамі нацыянальных і сексуальных меншасцей. Слушна адзначае А. Казакевіч: “Талерантнасць становіцца часткай дэмакратыі, зьвязанай, перш за ўсё, з праблемамі нацыянальнай цярпімасці і пазней – з цярпімасцю да эмігрантам[v].” І ў гэтых пытаннях Беларусь аказваецца далёка не ў першых шэрагах краін, дзе вырашэнне згаданых праблем прасуната ужо на парадак вышэй, чым у нас.

ххх

Вялікія змены ў грамадскім жыцці Беларусі і фармавання новай парадыгмы паводзін сучаснага чалавека, яго менталітэту і тоеснасці, што адбыліся за апошнія два дзесяцігоддзі, нельга разглядваць без аналізу галоўнай рысы новага часу – ўтварэння інфармацыйнага грамадства.

З 80-х – 90-х гадоў ХХ стагоддзя ўва ўсім свеце пачаўся якасна новы этап развіцця грмадства, звязаны з імклівым развіццём інфармацыйных тэхналогій. Персанальны кампутар і мабільны тэлефон змянілі сьвет на столькі, што новае пакаленне людзей, якое паспела вырасці ў гэтым новым інфармацыйным грамадстве якасна адрозніваецца ад сваіх бацькоў. Гэта ўжо не праблема пакаленняў – гэтае адрозьненне на парадак большае ужо ад свайго бліжэйшага папярэдняга зьмянення.

У выніку згаданага якаснага скоку адбылася замена індустрыяльнага грамадства мінулага на новае – інфармацыйнае. Э. Кастельс[vi] назваў гэтую новую стадыю развіцця чалавецтва – інфармацыйнай эпохай. Змены новай эпохі кранулі не толькі тэхналагічнай, матэрыяльнай, інфармацыйнай сферы. Гэтыя змены найболей уражлівыя якраз у вобласці сацыяльна-культурнага дыскурсу і як вынік – ва ўзнікненні новага тыпу чалавека, якога завуць чалавек інфармацыйны[vii] (Homo Informaticus).

Працэсы імклівага развіццяі інфармацыйных тэхналогій прывялі да фарміравання новай парадыгмы грамадскіх працэсаў, пераўтварэння самога грамадства і нават трансфармацыі самой існасці чалавека. Адпаведна, на пачатку ХХІ стагоддя менталітэт беларусаў, які фармаваўся цягам стагоддзяў, перацярпеў вялікія змены і мы маем справу ўжо з новым чалавекам, які з дзіцячага садка, школы і інстытута ўбірае ў сябе інтэрнэт-культуру, новыя камунікацыі – жыве ў адметна новым “інфармацыйным басейне”. Калі зыходзіць з “хвалявай” канцэпцыі Э. Тофлера[viii], альбо сінусаідальнай тэорыі Міколы Крукоўскага[ix], то інфармацыйная рэвалюцыя супадае з “трэцяй хваляй” развіцця чалавецтва, якая замяніла індустрыяльную рэвалюцыю, вяршыня, “грэбень Другой хвалі” (амплітуда сінусоіды) якой прыходзіўся на сярэдзінуXVIII – пачатак ХІХ стст. У сваю чаргу апошняя ўзнікнула як вынік замены “Першай хвалі” – сельскагаспадарчай рэвалюцыі, якая працягваецца ўжо тысячагоддзі.

У сувязі з гэтым не можа не здзіўляць тэмп паскарэння змены эпохаў і змены самой існасці чалавека. Апошняе змяненне – узнікненне новага тыпу чалавека – Homo Informaticus – адбываецца на вачах аднога пакалення. Людзі 50 – 60-гадовага веку вымушаны працаваць, суіснаваць, у рэшце рэшт жыць з людзьмі зусім інакшага тыпу, інакшых вартасцяў, інакшага светапогляду. Узнікла новая праблема, зусіма адрозная ад праблемы бацькоў і дзяцей, што ўзнікае заўсёды пры змене пакаленняў. Змянілася парадыгма сэнсу жыцця, грамадзянскіх узораў і мэтаў грамадства. Капітал і праца саступілі месца інфармацыі і яе квінтысенцыі – веданню. У інфармацыйную эпоху большасць людзей пачынае займацца ўжо не вытворчасцю матэрыяльных выгодаў, як у папярэдняе тысячагоддзе, а перапрацоўкай, захаваннем і выкарыстаннем інфармацыі. Узнікае цывілізацыя з новым тыпам стандартаў, якая кіруе грамадства за межы прагі да збірання грошай і прагі да ўлады.

Асновай фарміравання інфармацыйнага грамадствы ёсць развіццё вылічальнай тэхнікі – у першую чаргу асабовых кампутараў, а таксама камунікацыйных магчымасцяў, якія дала свету сусветная глабальная сетка – Інтэрнэт. Абмен інфармацыяй ужо не звязаны з існаваннем дзяржаўных межаў і іншых бар’ераў, у тым ліку моўных. Зараз маленькая і эканамічна слабая краіна можа ў вельмі сціслыя тэрміны стаць значнай інфармацыйна-індустрыяльной краінай. Прыкладам можа служыць шэраг краін Паўднёва-Усходняй Азіі (Паўднёвая Карэя, Тайвань і інш.), якія з’яўляюцца зараз магутнымі пастаўшчыкамі камп’ютэрнай тэхнікі і іншых сучасных тэхналогій для ўсяго свету. Ствараецца магчымасць паўнавартасна працаваць праз электронныя магістралі, навучальныя ўстановы і выкладчыкі становяцца дасягальнымі да ўсіх студэнтаў, а велізарны патэнцыял навукі, літаратуры і мастацтва становіцца дасягальным для ўсіх жадаючых. Новая парадыгма складаецца ў тым, што амаль кожны чалавек інфармацыйнага грамадства становіцца інфармацыйным чалавекам нават калі ён гэтага не жадае!

Чалавек інфармацыйны літаральна раствораны у інфармацыйным асяроддзі, што азначае змену асяроддзя жыхарства сучаснага чалавека. Што ж прыўносіць гэтае новае асяроддзе жыхарства чалавека? Найбольш відавочна наступнае: разам са звышдаступнасцю інфармацыі ідзе працэс фізічнага аддалення аднога індывіда ад другога. Яны становяцца не патрэбныя адзін аднаму, рэальныя зносіны ўсё больш замяняюцца віртуальнымі зносінамі, захапліваючы нават такую інтымную вобласць як вобласць сэксу.

Новае асяродзе жыхарства чалавека ў інфармацыйным грамадстве фарміруе наступныя прынцыпы:

– Працоўныя месцы з прадпрыемстваў пераносяцца ў дом. Дом становіцца цэнтральнай адзінкай будучага грамадства.

– Грамадства будуецца па тыпу глабальнай сеткі, а не іерархіі арганізацый, дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў.

– Грамадства будуецца па прынцыпу дэцэнтралізаціі і дэкампазіціі. Тым самым асноўныя прынцыпы тэорыі сістэм у поўнай меры становяцца рэальным механізмам прагрэсу.

Усё сказанае аб асяроддзі жыхарства інфармацыйнага чалавека непазбежна прыводзіць да змены самой існасці чалавека, а значыць і яго менталітэту. Змяняюцца сацыяльна-культурныя ўзоры, мэты чалавека. Узнікаюць новыя і губляюць сваю прывабнасць старыя вартасці. Калі зусім нядаўна самое слова “навука” выклікала ў здольнага маладога чалавека глыбокую пашану, дык зараз гэтага няма. Навука з прыярытэтнага, элітнага занятку ператвараецца ў занятак руцінны, пазбаўлены ранейшага арэалу рамантыкі і прывабнасці. Значна больш цікавай вобласцю аплікацыі інтэлекту і здольнасцей з’яўляецца вобласць камп’ютэрных тэхналогій, дзе маюцца бясконцыя магчымасці, якія дасягаюцца кожным.

Вектар інтарэсаў у навуцы за нейкія 20 – 30 гадоў істотна змяніўся. Калі ранней праблемы такіх фундаментальных навук як фізіка элементарных часцінак і тэорыя рэлятыўнасці былі самымі перадавымі і атаесамліваліся з самымі выдатнымі людзьмі ХХ стагоддзя, такімі як Альберт Эйнштэйн і Нільс Бор, то цяпер прыярытэты дужа змяніліся. Для сучаснага маладога человека галоўны аўтарытэт ўжо Біл Гейтс, а не Эйнштэйн, а самым дзіўным адкрыццём будзе не “адзіная тэорыя поля”, а самы танны мікрапрацэсар у выглядзе вельмі дробнага крышталю.

Змяненне вектару ў навуковых напрамках выклікала поўную структурную перабудову ў акадэмічных інстытутах і ў сферы адукацыі. Гэта таксама вядзе да станаўлення новага тыпу челавека – Homo Informaticus. Ранейшае “Я”, якое існуе ў людзях старэйшага пакалення, паступова трансфармуецца ў новае “Я” інфармацыйнай эпохі. Нюансы характеру, псіхалогіі, імкненняў, вартасцяў гэтага новага чалавека яшчэ трэба вывучыць, але зразумела адно: мы маем справу з новай з’явай – з інфармацыйным чалавекам, які засяляе інфармацыйнае асяроддзе.

Цікавым з’яўляецца і суіснаванне разам з людзьмі інфармацыйнага грамадства прадстаўнікоў старой фармацыі. Большасць з іх да канца сваіх дзён не прымаюць новую субкультуру і новую шкалу вартасцяў. Іх доля – ціха “дажываць” свой век. Іншыя ж прынялі правілы новай гульні, наклалі матрыцу інфармацыйнага грамадства на старыя схемы і ўяўленні, упісаліся ў новую парадыгму, спрабуючы, і часта з поспехам, прыўнесці свой уклад, свой вартасны дослед.

Тут мы сутыкаемся з непазбежным анатаганізмам якасна іншых менталітэтаў: людзей “даінфармацыйнай” эпохі і сёняшняй папуляцыі – эпохі Інтэрнэту і ІТ-тэхналогій, чалавека Homo Informaticus.

Інфармацыйнае грамадства паклала пачатак фарміраванню новага, інфармацыйнагачалавека. Чалавечае “Я” трансфармуецца ў новую існасць з істотным адрозненнем ягонай ментальнасці ад ментальнасці чалавека індустрыяльнага грамадства.

Гэтыя новыя рысы ментальнасці яшчэ зусім не вывучаныя, не маюць нават свайго азначэння. Гэта і не дзіўна – новыя асаблівасці ментальнага характару ніколі не сустракаліся ў гісторыі і ня маюць аналагаў.

ххх

Мы назіраем новыя рысы беларуса ХХІ стагодззя, якасна адрозныя ад стагоддямі сфармаванага беларуса, апісанага ўжо згаданым Ф. Кудрынскім. Гэты беларус ўжо не маўклівы і недаверлівы селянін, зацяты ў сябе і разам з тым дагодлівы перад начальствам, а чалавек цывілізаваны – адкрыты, кемлівы, ведаючы сабе кошт і пахаваўшы свой адвечны страх, што быў цэнтральным чыннікам адмоўнага іміджу беларусаў сярод іншых нацый.

Пачатак ХХІ стагоддзя заспеў беларусаў у час фармавання абноўленай менатальнасці і, магчыма, мы перажываем найспрыяльнейшы момант для стварэння сваёй ідэнтычнасці, чаго так не хапала цягам стагогоддзяў.

Эпоха інфармацыйнай рэвалюцыі рэзка мяняе дачыненні паміж людзьмі, мяняе менталітэт людзей і шмат што іншае. Дзякуючы сусветнай кампутарнай сетцы ўся земная куля імгненна пераўтварылася ў адзіную сістэму, законы якой розняцца ад ранейшых і вынікаюць з агульнай тэорыі сістэм. Сусветная супольнасць дзяржаў нават атрымала назву “сеткавыя грамадствы”, што пераводзіць нашае існаванне ў свеце на якасна новы узровень.

Разам з развіццём глабалізацыі не меньшы размах атрымаў і іншы працэс – адваротны. Існасць яго ў тым, што як ніколі ў людзей з’явілася імкненне да шукання сваёй тоеснасці. “Самасць”, сваё “Я” набывае зараз першаступеннае значэнне. І сусветная кампутарная сетка (Інтэрнэт) – найлепшы сродак да здзяйснення беларускай ідэнтычнасці на справе.

Тое, што рабілі некалі фіны “ўручную”, пачынаючы сваю нацыю “з нуля” – хадзілі ў народ, вялі праз маладзенькіх настаўніц адукацыю сяла, і праз многія іншыя акцыі, цяпер можна ажыццявіць зусім іншым спосабам, практычна не выходзячы з дому. Усе гэтыя заданні паспяхова выканае Інтэрнэт. Менавіта Інтэрнэт бярэ на сябе вялізную ролю ў фармавання ментальнасці беларуса ХХІ стагоддзя. Разама з тым ствараецца не толькі новы тып ментальнасці, але новая якасць самой беларускй нацыі. Да канструявання беларускай нацыі цяпер можа спрычыніцца амаль кожны. Кампутарызацыя, тэлекамунікацыі прасочваюцца зараз у кожны дом, у кожны горад, у кожную вёску.

І ўсё гэта дае нам выдатны шанец стварэння свайго нацыянальнага характару, сваёй нацыі. Але каб гэты працэс не пайшоў “самацёкам”, яго трэба цэнтралізаваць, распрацаваць шэраг заданняў і праектаў, што будуць працаваць на стварэне беларускай нацыі праз глабальную інтэрнэтаўску сетку, іншыя кампаненты інфармацыйнай эпохі.

ххх

У апошняй часцы даклада хачу звярнуць увагу на перспектывы мадэрнага рэканструявання беларускай нацыі ў ХХІ стагоддзі. Акрамя згаданага фактара бурнага развіцця інфармацыйнага грамадства і змены ў гэтай сувязі менталітэту асноўных груп насельніцтва Беларусі, ёсць яшчэ адна вельмі важная акалічнасць, якая па-рознаму суадносіць паміж сабой розныя групы грамадства і нават ставіць іх на мяжу расколу. Гэтай акалічнасцю з’яўляецца нутраны палітычны падзел Беларусі, які дзеліць грамадства па ступені іх адданасці існуючаму рэжыму, моўнай прабеме, адносінам да Еўрасаюзу і Расіі, да дэмакратыі.

Працэсы, што назіраюцца ў беларускім грамадскім жыцці, даволі яскрава азначылі падзел грамадства на дзве анатаганістычныя часткі.

Але па-парадку.

Распад Савецкага Саюза і як вынік ўтварэнне незалежных дзяржаў на базе былых саюзных рэспублік – гэта апошні, заключны перыяд сусветнага працэсу фармавання нацый-дзяржаў, пачатак якога сягае канца ХVIII ст.

Але адна краіна на тэрыторыі постсавецкай прасторы – Беларусь – з шэрагу прычын да гэтага часу не набыла ўсіх неабходных атрыбутаў[x] паўнавартаснай нацыі-дзяржавы. Для нас тое, што ў найбольш развітых краінах дзяржаўнасць па-просту эквівалентная нацыянальнасці (дзяржава і нацыя становяцца сінонімамі[xi]), усё яшчэ застаецца далёкай перпектывай. Відавочна, што актыўны рост нацыянальнага будаўніцтва ў канцы 80-х – першай палове 90-х гадоў ХХ ст. пасля 1995 году змяніўся працэсамі, якія не спрыяюць развіццю і распаўсюджанню беларускай мовы, беларускамоўнай адукацыі, выхаванню нацыянальна-свядомага чалавека. Беларусь стала на шлях, фактычна, антынацыянальнага развіцця, культывацыі рускай мовы, перапісывання нацыянальнай гісторыі, знішчэння беларускай школы.

Працэс пераўтварэння беларускага этнасу ў нацыю, што бурна развіўся ў 90-я, быў прыпынены рэферэндумам 1995 года, на якім беларускія грамадзяне “свядома” адмовіліся ад двух галоўных атрыбутаў нацыі – мовы і гістарычнай сімволікі. Замест гэтага пачала ўтварацца новая рускамоўная беларуская культура на аснове не менш новай гісторыяграфіі і прарэжымнай “ідэалогіі беларускай дзяржавы”.

Аднак развіццё традыцыйнай беларускай культуры не прыпынілася, хоць і перайшло ва ўмовы фактычнага падполля. Паспяхова развівалася незалежная беларускамоўная літаратура і мастацтва, якія паступова сталі асацыявацца з палітычнай апазіцыяй і таму станавілася нелегітымнымі.

Утварылася два Саюзы пісьменнікаў, а з Саюзу Мастакоў вылучылася патрыятычная суполка “Пагоня”. Развіваўся незалежны беларускі рок і народнае фальклорна-песеннае мастацтва.

Фактычна, у Беларусі ўтварылася сітуацыя, якая мае мала аналагаў у сусветнай гісторыі (блізкая сітуацыя, напрыклад, на Украіне, але там усё ж дамінуюць нацыятворчыя працэсы). У нашай краіне ідзе паралельнае кшталтаванне двух культур – адной на базе рускай мовы, другой – на базе беларускай. Больш таго – ідзе паралельнае канструяванне двух нацыяў, прычым на аснове аднаго і таго ж беларускага этнасу з некаторымі дадаткамі іншых этнасаў. Цікава, што фармаванне гэтых двух культур мяняе і менталітэт яе носьбітаў. Часта прадстаўнікам гэтых двух культур ужо цяжка знайсці агульную мову па многім пытанням – яны перастаюць разумець адно аднаго. Ёсць падставы сцвярджаць, што мы маем справу з новым вітком развіцця “савецкай” беларускай нацыі[xii].

Каб адрозніць мадэрную беларускую культуру ад яе прымардыяльнага папярэдніка (класічнай культуры), варта ўвесці для яе новы тэрмін – культура-2 і, адпаведна, беларуская нацыя-2. Тое, што не паспелі зрабіць з мовай і гістарычнай памяццю беларусаў савецкія камуністы, паспяхова завяршае новы рэжым. Найбольш адчувальны ўдар быў нанесены па таму атрыбуту нацыі, які вельмі цяжка вярнуць – па мове. Калі прасачыць тэндэнцыю выцяснення беларускай мовы, то можна прагназаваць, што на працягу ХХІ ст. яна цалкам знікне з ужытку і будзе мертвая, як латынь. Адпаведна знікне беларускамоўная літаратура. Мадэрная ж беларуская культура (культура-2) будзе ўяўляць эклектычную помесь некаторых тэрытарыяльных помнікаў мінуўшчыны, сучаснай папсы і “лукашэнкаўскага рэалізму” (цяперашні аналаг з сацыялістычнага рэалізму).

Такім чынам традыцыйны культурны нацыяналізм беларусаў церпіць у наш час поўную паразу пад націскам палітычнага нацыяналізму мадэлі Лукашэнкі (культура-2).

Звычайна бывае наадварот: культурны нацыяналізм вымушае палітыкаў прымаць неабходныя захады адносна захавання культурных і духоўных каштоўнасцяў, што выніку вядзе да ўтварэння нацыі-дзяржавы[xiii]. Так было ў нашых суседзяў – Польшчы, а пазней – Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Ці магчыма канструяваць нацыі без гістарычнага фактару і ігнаравання нацыянальнай эліты народа? Прынамсі, такім шляхам пайшла Рэспубліка Беларусь пасля 1995 года. Цяпер магчымым сцэнарам канструявання беларускай нацыі можа быць шлях паводле наступных зыходных  пастулатаў:

1) Мова народа – руская (беларуская мова не патрэбная, яна адмірае).

2) Сімволіка – посткамуністычная (сцяг, герб і гімн мадыфікаваныя атрыбуты БССР).

3) Гісторыяграфічны аспект з трымя магчымі варыянтамі:

а) Савецкая парадыгма гістарычнага шляху беларускай нацыі. Яна выглядала прыкладна так. Да 1917 г. не існавала самастойнай дзяржавы Беларусь, пачатак дзяржаўнасці звязаны з абвяшчэннем БССР у 1919 г. Гэта змагло адбыцца дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Бальшавікі вызвалілі беларускі народ ад прыгнёту памешчыкаў і далі яму ўседастатковыя варункі жыцця. Таксама сцвярджаецца, што Расія ёсць “старэйшы брат” Беларусі. Згодна з савецкай ідэалогіяй і гісторыяграфіяй, беларуская нацыя бярэ пачатак з 1917 г. Такім чынам, беларуская нацыя – гэта мадэрністскае ўтварэнне, накшталт амерыканскай нацыі, ці бразільскай.

б) Папярэдняя парадыгма пасля 1995 г. мяняецца ў бок яшчэ большай мадэрнізацыі наступным чынам. Беларуская дзяржава бярэ свой пачатак з моманту вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (3 ліпеня 1944 г.). Таму Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у нас перанесены на 3 ліпеня – на дзень вызвалення Беларусі.

в) І яшчэ адна парадыгма, знешнепалітычная. Гэта парадыгма, на якой заснаваная расійская шавіністычная палітыка і навейшая ідэя Саюза Беларусі і Расіі:

Беларусы – гэта адна з галін усяго славянства. А разам з рускімі і ўкраінцамі беларусы ўтвараюць адзіны славянскі народ – усходняе славянства.

На падставе вось гэтых пастулатаў 1 – 3 ляжаць падставы канструявання новай беларускай нацыі эпохі Лукашэнкі.

Такім чынам, рэальным на сённяшні час з’яўляецца тое, што з 1996 года ідзе працэс стварэння новай беларускай нацыі, якая якасна розніцца ад традыцыйнай беларускай нацыі. Гэта значыць, што гістарычная, заснаваная на прымардыяльнай канцэпцыі беларуская нацыя можа саступіць месца постмадэрнісцкай канцэпцыі, у вялікай ступені замешанай на прагматычна-утылітарнай расійскай субкультуры.

Аднак, калі знішчыць культуру і мову народа, што складваліся вякамі, то чым запоўніцца культурны вакуум, які непазбежна ўтворыцца ў выніку? Галоўнае – памясціць кожнага чалавека ў адпаведнае інфармацыйнае асяроддзе, у “басейн”, дзе ён жыве цэлымі суткамі і ніколі адтуль не выходзіць. Такім “басейнам” з’яўляюцца СМІ і ў першую чаргу тэлебачанне. Большасць жыхароў сучаснай Беларусі цалкам уцягнутыя ў культуру іншай дзяржавы – Расіі.

Суіснаванне беларускай нацыі, выхаванай на народных традыцыях, беларускай мове, хрысціянскіх каштоўнасцях і народа, абраўшага сабе шлях культуры-2, не мае перспектывы ў будучым.

Вернемся цяпер да традыцыйнай культуры (будзем яе абазначаць як “культура-1” ці як беларуская Культура – з вялікай літары). Яна існуе, перадусім, сярод апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Пашырана сярод інтэлігенцыі, нацыянальных элітаў. Мае недзяржаўную прэсу, замежнае радыё (“Свабода”, “Радыо Рацыя”), але ж не мае сваёй телевізіі, з выняткам беларускамоўнага каналу “Belsat”, трансляцыя якога ажыццяўляецца з тэрыторыі Польшчы.

Брак сродкаў масавай інфармацыі ў культуры-1 кампенсуецца вялікай разнастайнасцю інтэрнэт-сайтаў, дзе, фактычна, і працягваецца працэс развіцця гэтай культуры. Немажлівасць атрымання беларускамоўнай адукацыі таксама можна кампенсаваць з дапамогай сродкаў Інтэрнету. Прымардыяльная культура гэтых людзей грунтуецца на гісторыі напісанай Міколам Ермаловічам, Генадзем Сагановічам, Анатолем Грыцкевічам, іншымі гісторыкамі. Літаратура гэтай культуры вельмі багатая, сягае старажытных часоў, а ў ХХ стагоддзі яна дасягнула свайго росквіту. Музыка культуры-1 таксама багатая і разнастайная – ад класічнай (М. Равенскі, М. Куліковіч, М. Забейда-Суміцкі) да беларускага року і самабытных фальклёрных гуртоў.

Людзі, якія вызнаюць беларускую Культуру, яшчэ не зусім ўсведамляюць сябе як нешта іншае ад культуры-2. Аднак з цягам часу розніца паміж імі будзе станавіцца ўсё глыбейшай. Таму можна, і нават трэба, увесці асобную назву для гэтай нацыі. Калі пакінуць за нацыяй-2 назву “беларуская” (трэба разумець і тое, што многія з носьбітаў гэтай псеўданацыі шчыра лічаць сябе беларусамі), то можа і настаў момант увесці асобную назву заміж старой назвы “беларусы”? У якасці варыянта можа быць: “вялікалітоўская” ці “ліцвінская” нацыя. У гэтых варыянтах адсочваецца пераемнасць з назвай ВКЛ.

Прыняццё новай назвы для азначэння беларускай нацыянальнасці дасць, сваім парадкам, моцны штуршок у выхаванні свядомасці грамадзян. І з другога боку гэты крок зробіць моцны ўдар па сучаснай манаполіі літоўцаў у гісторыі і ўтаесамленне іх з насельніцтвам ВКЛ, якое, як ведама (ведама нам, беларусам, а не сучасным літоўцам), было ў сваёй большасці не літоўскім, а на 5/6 – беларускім ці, у нашым варыянце, вялікалітоўскім (ліцвінскім).

Аднак для гэтай рускамоўнай беларускай нацыі-2 існуе іншая пагроза – рана ці позна можа ўзнікнуць пытанне аб раўназначнасці нацыянальнай ідэнтычнасці гэтай новай нацыі-2 і даўно існуючай самой рускай нацыі. Як толькі палітычны лёс такой рускамоўнай беларускай дзяржавы зменіцца на карысць здачы суверэнітэту Расіі – беларусы знікнуць спачатку як нацыя, а потым як этнас. Таму трывалы падмурак будучай беларускай нацыі можа скласці толькі прымардыяльны аспект нацыі, г.зн. той які заснаваны на традыцыйнай культуры (культура-1), на беларускай мове, гісторыі, традыцыях.

Літаратура

[i] По матэрыялам http://www.russianresources.lt/archive/Vilnius/Kudrin_0.html.

[ii] Астапенка А. Талерантнасць беларусаў: міф ці  рэальнасць // Маладосць, 1994. №  9. С. 201 – 211., Яшчэ пра талерантнасць // Літаратура і мастацтва, 25.05.1994., Паслухайце нацыяналіста. Vilnius, RastijosDraugija, 2000.

[iii] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

[iv] Unia Brzeska. Przeglad kresowy, 1/91.

[v] Казакевіч А. Талерантнасць у нацыянальнай супольнасці. // Пытаньні талерантнасьці: гісторыя, сучаснасьць, персьпектывы. Мн., 2005, стар. 87.

[vi] Кастельс Э. Информационная эпоха: экономика, общество и культура. М., 2000.

[vii] Абрамов М.Г. Человек и компьютер: отHomoFaber к HomoInformaticus // Человек. – 2000.

[viii] Тоффлер Э. Третья  волна.М., 1999.

[ix] Крукоўскі М.І. Бляск і трагедыя ідэалу. Мн., 2004.

[x] Геллнер Э. Нации и национализм. М., 1996.

[xi] Астапенка А. Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце. Манаграфія. Мн., 2003, с. 27.

[xii] Фарміраванне і развіццё беларускай сацыялістычнай нацыі. Мн. 1958, с. 4.

[xiii] The Dynamics of Cultural Nationalism, Allen and Unwin: London, 1987. P. 12 – 19.