Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Ідэалогія вызваленчага руху: “Мужыцкая праўда”

KalinouskiПрацягваем друкаваць матэрыялы са зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», які складзены з дакладаў аднайменнай навукова-практычнай канференцыі, якая прайшла  у 23 сакавіка 2013 года.

Прапануем Вам артыкул доктара гістарычных навук Віктара Явароўскага:

Памкненні да свабоды і самасцвярджэння, уласцівыя Чалавеку разумнаму, як і грамадству ў цэлым, заўсёды служылі імпульсам духоўнага абнаўлення, матывам для пошуку новых шляхоў удасканалення грамадства, яго ўладкавання на прынцыпах разумнага прагматызму і сацыяльнай гармоніі. Гэта парадыгма была вельмі актуальная ва ўмовах прыгонніцкай Расіі, сацыяльна-палітычная сістэма якой у ХІХ ст. у значнай ступені захавала рэшткі архаічных ардынскіх традыцый.

Далучэнне Рэчы Паспалітай, краіны іншай цывілізацыйнай сістэмы, да Расійскай імперыі парушыла звыклы рытм паўсядзённага жыцця народаў былога Вялікага Княства Літоўскага, яго духоўны мікраклімат і маральна-прававыя традыцыі, выклікала сацыяльную дысгармонію і супраціў, што было раўназначна міне запаволенага дзеяння. Падзел Рэчы Паспалітай ў выніку змовы трох імператараў, “трох бандытаў з вялікай дарогі” (К. Маркс), павялічваў “жыццёвую прастору” імперый і колькасць падданых, але разам з тым ствараў шмат новых праблем, асабліва для Расіі, якой дасталася большая частка Рэчы Паспалітай і, ў прыватнасці, землі Вялікага Княства Літоўскага. Расія сутыкнулася не толькі з гераічным супрацівам палякаў, але і з праблемай украінцаў (русінаў) і беларусаў (літвінаў). Нарэшце, нязвыклай і вельмі небяспечнай для расійскага царызму была яўрэйская праблема, ад вырашэння якой ён беспаспяхова імкнуўся адгарадзіцца “рысай аседласці”, абмежаваўшы тэрыторыю сталага пражывання гэтага народа заходнімі губернямі.

Гістарыяграфія праблемы нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, адлюстроўвала цярністы і пакутлівы шлях развіцця грамадскіх навук, што падвяргаліся масіраванаму ўздзеянню палітычных сіл і пануючай афіцыйнай ідэалогіі. Падзел Рэчы Паспалітай і ўключэнне большай часткі яе ў склад Расійскай імперыі патрабавала дыпламатычнага апраўдання агрэсіі і наступнага ідэалагічнага абгрунтавання інкарпарацыі і “мяккай інтэграцыі” далучаных зямель. У выніку з’явілася “на свет божы” ідэалагічная (афіцыйная) канцэпцыя заходнерусізму, якая ў савецкую эпоху “узбагацілася” канцэпцыяй так званай старажытнарускай народнасці і, дапоўненая апошнім часам новымі ”изысканиями” і набыткамі, дайшло да нашага часу, нібы водгулле чэлябінскага метэарыта.

У сучасны перыяд, калі на постсавецкай прасторы выразна вызначыўся нацыянальны вектар міждзяржаўных узаемаадносін, пераглядаліся і асноватворныя савецкія ідэалагемы, станавіліся відавочнымі і хібы таталітарнай палітыкі ў сферы нацыянальнай навукі, культуры, адукацыі. У сувязі з гэтым мяняліся ацэнкі і адносіны да паўстання 1863 г. і ролі асобы К. Каліноўскага і яго “Мужыцкай праўды” ў гісторыі нацыянальна-дэмакратычнага руху. Разам з тым існуючы плюралізм дазваляе і, болей таго, вызначае альтэрнатыўныя тэорыі і погляды. Апошнім часам ажывіліся і вяртаюцца ў інфармацыйнае поле, здавалася б, забытыя савецкія пастулаты і ідэі адраджэння магутнай савецкай імперыі і сталінскага “жалезнага парадку”.

Яны адлюстроўваюць прымхі імперскай ідэалогіі, зарыентаванай на асіміляцыю і знішчэнне багатай  разнастайнасці нацыянальных культур, тую ж самую ідэю адзінага савецкага (цяпер расійскага) народа і пабудовы камуністычнага (на гэты раз зусім не бяскласавага) грамадства. Прычым якія-небудзь імпульсы да нацыянальнай ідэнтычнасці (самабытнасці) і незалежнасці, што калісьці разглядаліся як сепаратызм і“нацдэмаўшчына”, “происки врагов народа” зноў ажываюць нібы прывіды ў нясвіжскім замку…

Ва ўмовах камуністычнага тэрору і масавых рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі і сялян-гаспадароў, не магло быць гаворкі аб прызнанні нацыянальных герояў, кіраўнікоў і ідэолагаў нацыянальна-вызваленчага руху. Адпаведна і паўстанне 1863 г. у расійскай і савецкай гістарыяграфіі доўгі час падавалася (інтэрпрэтавалася) як рэакцыйны польскі рух, справакаваны антырасійскі настроенай польскай шляхтай і каталіцкім касцёлам, а Кастусь Каліноўскі – як рэакцыйны польскі дзеяч, адзін з ідэолагаў і кіраўнікоў гэтага паўстання.

Тэма і аб’ём дакладу не дазваляюць асвятліць гістарыяграфію шматлікіх публікацый, прысвечаных паўстанню і дзейнасці К.В. Каліноўскага і яго саратнікаў. Таму звернем увагу толькі на некаторыя працы беларускіх даследчыкаў апошніх дзесяцігоддзяў, што ўяўляюць, на наш погляд, каштоўны ўклад ў распрацоўку праблемы нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Сярод іх згадаем працы М. Біча, Г. Кісялёва, С. Самбук, А. Смаленчука, А. Смірнова, В. Талкачова, В. Шалькевіча… Яны сталі магчымымі ва ўмовах дэмакратызацыі палітычнай сітуацыі ў краіне, а таксама дзякуючы публікацыям шырокага кола крыніц і гістарычных дакументаў.

Разам з тым у аўтараў навуковых і навукова-папулярных прац існуе шмат неадназначных вывадаў і інтэрпрэтацый тэкстаў гістарычных дакументаў. Даследчыкі разыходзяцца ў ацэнках характару самога паўстання, яго мэтаў, стратэгіі і тактыкі. Многія задаюцца пытаннямі, ці было яно наогул своечасовым, належным чынам падрыхтаваным, ці належыць толькі станоўча ацаніць яго вынікі. А магчыма, гэта быў паспешны бунт з дамешкам авантурызму, што адкрыў шлюзы для масавых рэпрэсій і знішчэння кволых парасткаў беларускага нацыянальнага адраджэння (М. Біч), і ці можна катэгарычна лічыць “Мужыцкую праўду” першым беларускім перыядычным выданнем (у польскай гістарыяграфіі выказвалася меркаванне, што 7 рэвалюцыйных лістовак не дае дастаткова падстаў, каб лічыць іх паўнацэнным газетным выданнем) і інш.

Па-ранейшаму сустракаюцца розныя ацэнкі асобы самога Каліноўскага, яго дзейнасці, ідэалогіі, нацыянальнага паходжання і самасвядомасці. Дарэчы, заўважым, што ў расійскай і савецкай гістарыяграфіі, наогул не дапускалася такога паняцця, як беларуская шляхта. У гістарычных дакументах часоў паўстання і ў тэкстах “Мужыцкай праўды” мы не знаходзім і такіх паняційных катэгорый, як Беларусь і беларусы. Затое пастаянна сустракаем Літва (ў адносінах да Беларусі) і літоўскі (напрыклад, Літоўскі правінцыйны камітэт).

Мы абмяжоўваем  нашу ўвагу разглядам палітычнай ідэалогіі, дакладней, ідэалогій звязаных з этнапалітычнай сітуацыяй і  падзеямі гэтага часу, матывамі і фарміраваннем новай хвалі вызваленчага руху ў “Заходнім краю”. Безумоўна, фарміраванне ідэалогіі беларускага вызваленчага руху адбывалася ва ўмовах рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расіі, зазнавала на сабе ўплыў ідэалогіі расійскай рэвалюцыйнай дэмакратыі, адначасова яно ішло ў цеснай звязцы з польскім адраджэнскім рухам і ў процістаянні з афіцыйнай ідэалогіяй заходнерусізму. Таму іх сутнасць, параўнаўчы кантэкст, рэальныя ўзаемаадносіны не могуць застацца па-за межамі нашай увагі.

Разглядаючы ідэалогію, стратэгію і перадумовы паўстання мы не можам не згадаць асобу аднаго з яркіх лідэраў – Кастуся Каліноўскага і сцісла ахарактарызаваць тыя сацыяльна-палітычныя варункі, на фоне якіх адбывалася фарміраванне яго палітычных поглядаў. Вінцэнт Кастусь Каліноўскі (1838—1864) быў знакавай фігурай свайго часу. Ён з’явіўся на гістарычнай арэне якраз у той час, калі ва ўмовах абвастрэння сацыяльна-палітычнага крызісу адбываўся ўздым і пашырэнне агульнадэмакратычнага і нацыянальна-вызваленчага руху, калі выявілася крайняя рэакцыйнасць імперскіх рэжымаў Еўропы, якія імкнуліся, не грэбуючы сродкамі, утрымаць залежныя народы пад крыламі грознага арла (відаць, невыпадкова выява гэтай драпежнай птушкі служыла геральдычным сімвалам адразу трох еўрапейскіх імперый). Біяграфія Кастуся Каліноўскага, яго дзяцінства, сталенне, фарміраванне жыццёвых поглядаў і маральных установак дакладна адлюстроўваюць тагачасную духоўную атмасферу, традыцыйныя каштоўнасці і ўклад жыцця тыповай сям’і незаможнай беларускай шляхты.

Істотнае значэнне ў духоўным станаўленні К.Каліноўскага мелі гады вучобы ў Свіслацкай гімназіі, пераўтворанай у павятовае вучылішча (1847—1852); яна славілася высокім ўзроўнем педагагічнай адукацыі і дэмакратычнымі традыцыямі. Тут вітаў дух творчасці, свабоды і вальнадумства. Імёны шэрагу яе былых навучэнцаў сталі пазней вядомыя далёка за межамі Беларусі, у ліку іх – Восіп Кавалеўскі, рэктар Казанскага ўніверсітэту, Станіслаў Горскі, прафесар Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, Юзаф Крашэўскі, знакаміты пісьменнік, выдавец і этнограф, Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 г…

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта Санкт-Пецярбург становіцца фактычна галоўным адукацыйным і культурным цэнтрам студэнцкай моладзі “Заходнерускага краю”. Ідэі расійскіх дэмакратаў аб уладкаванні грамадства на новых гуманістычных пачатках аказалі вялікі ўплыў на станаўленне грамадска-палітычных поглядаў і філасофію дзеяння В.К. Каліноўскага.

Студэнты ўніверсітэта, выхадцы з Беларусі, Польшчы, Літвы, стварылі тут сваё аб’яднанне “Огул” (Ogół – агульнасць, супольнасць), адным з кіраўнікоў якога быў Каліноўскі. Як узгадвае вольны слухач Пецярбургскага ўніверсітэта, пазней – удзельнік паўстання Вітольд Гажыч, студэнцкае таварыства “Огул” налічвала больш за 500 сябраў. У таварыства маглі ўступаць не ўсе, а толькі тыя, хто падзяляў ідэю адраджэння (вызвалення) свайго краю, і толькі па рэкамендацыі не менш пяці сваіх членаў аб’яднання. Як правіла, гэта былі выхадцы з заходніх губерняў Расіі. Кожны ахвяраваў у агульную касу таварыства пэўную суму грошай, “колькі хто мог і жадаў”1. Гэтыя грошы штомесяц дзяліліся пароўну паміж бяднейшымі членамі ”Огула”. Таварыства мела сваю бібліятэку, за ўзятыя з бібліятэкі кнігі студэнты плацілі па 40 капеек у месяц, грошы ішлі на патрэбы таварыства і пакупку новых кніг. Бібліятэкар карыстаўся асобым даверам і аўтарытэтам у студэнцкім асяродку, адначасова ён ўваходзіў у склад выбарнай студэнцкай рады з пяці чалавек.

Як бачым, таварыства мела добрую арганізацыю і адладжаную, эфектыўную сістэму работы. Нягледзячы на рознае сацыяльнае паходжанне і матэрыяльнае становішча, як і неаднолькавыя палітычныя перакананні, членаў таварыства ядналі пачуццё страчанай Айчыны, яе лёс, блізкія духоўныя інтарэсы, гістарычная памяць. Члены аб’яднання гуртаваліся паводле “зямляцкага” прынцыпу, выпрацавалі амаль ідэальную ў тых умовах сістэму ўзаемадапамогі, многія з іх пазней прынялі непасрэдны ўдзел у нацыянальным паўстанні 1863 г., падтрымлівалі яго ці спачувалі яго ўдзельнікам.

Фактычна таварыства ўяўляла сабой не толькі студэнцкую, але і грамадска-палітычную арганізацыю. Яе сябры падзяляліся на тры плыні, або нефармальныя партыі, якія насілі адпаведныя назвы – белых, умераных і чырвоных.

Да белых адносіліся лепшыя студэнты, якія вызначаліся стараннасцю і дбайнасцю ў вучобе, безадказнасцю ў выкананні афіцыйных патрабаванняў. Відавочна, гістарычныя ўрокі папярэдніх выступленняў (1794, 1812, 1831) не прайшлі для іх дарэмна: яны мала цікавіліся палітыкай і рыхтавалі сябе да прафесійнай кар’еры выдатных спецыялістаў (эканамістаў, юрыстаў, матэматыкаў і да т.п.). Гэта былі ў асноўным заможныя студэнты, выхадцы з вышэйшых саслоўяў былой Рэчы Паспалітай, якія папярэдне атрымалі добрую дамашнюю адукацыю.

У сваю чаргу, удзельнікі другой плыні (партыі) умераных, апрача стараннасці ў вучобе, цікавіліся палітычнай дзейнасцю (“не грэбавалі” палітыкай) і не выключалі рэвалюцыйны шлях вызвалення Польшчы. Аднак рэвалюцыю яны лічылі крайнім сродкам, які патрабуе шмат людскіх ахвяр і абяскроўлівае нацыю. Гэту партыю складалі ў асноўным выхадцы з Царства Польскага.

Нарэшце, трэцюю партыю студэнцкага “Огула” складалі чырвоныя, амаль усе – выхадцы з заходніх губерняў, дзеці незаможнай шляхты. Яны складалі найбольш радыкальны, бунтарскі элемент студэнцкай моладзі, называлі сябе лібераламі і рэвалюцыянерамі і падзялялі ідэі рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў (А.І. Герцэна, М.Г. Чарнышэўскага, В.Г. Бялінскага) аб шляхах перабудовы грамадства, прычым асноўную стаўку ў рэвалюцыі рабілі на сялянства як самую шматлікую і зацікаўленую ў такіх пераўтварэннях сілу. Нігілізм “чырвоных” адлюстроўваў і стыль іх адзення: яны хадзілі ў парваных сурдутах (у нечым нагадвалі сучасных хіпі?) і звычайных ботах, а ў якасці гальштука на шыі насілі невялічкія кужэльныя ручнікі. Іх была большасць сярод іншых груп студэнтаў. У іх асяродку, згадвае В. Гажыч, “асабліва рэзкай фігурай вылучаўся студэнт Каліноўскі”2.

Менавіта белыя і чырвоныя сустракаюцца пазней у ходзе паўстання як дзве палітычныя партыі са сваімі палітычнымі мэтамі, сацыяльнымі праграмамі і метадамі барацьбы. Фактычна іх сутнасць і ідэалогія мала змяніліся ў параўнанні з “пацешнымі” партыямі ў студэнцкім асяроддзі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Фактычна яны апярэджвалі ідэалогію народніцкага руху і стаялі каля яго вытокаў.

У 1862 г. быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт, кіруючы цэнтр падрыхтоўкі паўстання на абшарах тагачаснай Літвы (былога ВКЛ). Менавіта сялянства Каліноўскі разглядаў як асноўную, масавую сілу рэвалюцыйнага руху. Аднак падобная палітычная арыентацыя і тактычная ўстаноўка разыходзіліся з ідэйнымі поглядамі і мэтамі лідэраў польскага ліберальна-дэмакратычнага руху, так званымі “белымі”, якія змагаліся (пераважна мірнымі сродкамі) за адраджэнне і незалежнасць Рэчы Паспалітай.

Разам з тым яны насцярожана адносіліся да сялянскіх выступленняў і апасаліся масавага бунту не менш, чым расійскага самадзяржаўя. Падобная тактыка не з’яўляецца новай, яе мы сустракаем і ў ідэолагаў дзекабрысцкага руху (нельга не прыпомніць тут словы расійскага класіка “Не дай Бог нам перажыць бунт бязлітасны і бессэнсоўны”).

Са свайго боку, лідэры партыі чырвоных, што разглядалі Расійскую імперыю як турму народаў (у тым ліку і народа рускага), а царызм – як антынародны рэжым, імкнуліся напачатку аб’яднаць вакол сябе ў адзіным рэвалюцыйным парыве не толькі беларускае, але і расійскае сялянства. Яны таксама не гублялі надзеі на міжнародную падтрымку, на дапамогу еўрапейскіх дэмакратычных сіл. Невыпадкова баявым клічам паўстанцаў былі словы “За нашу і вашу свабоду!”.

“Мужыцкаяпраўда”

Аднак жа барацьба з магутнымі імперскім рэжымам, што абапіраўся на сілавыя, грамадзянскія і ідэалагічныя структуры, патрабавала мабілізацыі фізічных і інтэлектуальных сіл, дзейснай контрагітацыі, давядзення да шырокіх мас сваёй ідэалогіі і праграмы сацыяльных рэформ мэтаў і тактыкі рэвалюцыйнага руху. У 1862 г. К. Каліноўскі разам са сваімі саратнікамі В. Урублеўскім, Ф. Ражанскім і С. Сангіным наладзілі выпуск першай беларускамоўнай газеты “Мужыцкая праўда”. Яна друкавалася нелегальна ў выглядзе невялікіх лістоў лацінскім шрыфтам. Усяго на працягу другой паловы 1862 — пачатку 1863 г. выйшла 7 нумароў газеты (прыкладна адзін нумар на месяц). Месца выдання не паказана; магчыма, што газета друкавалася ў мястэчку Саколка, магчыма – у Вялікай Бераставіцы, дзе працавалі В. Урублеўскі і Ф. Ражанскі.

Тэксты газеты пададзены ў форме нязмушаных, шчырых гутарак з сялянамі, якія вядзе Яська-гаспадар з-пад Вільні, менавіта такі аўтограф стаіць у канцы лістоў у кожным нумары “Мужыцкай праўды”. Калі даследчыкі выясняюць пытанні нацыянальнай ідэнтыфікацыі паўстанцаў (і іх лідэра), нельга пры гэтым абыходзіць маўчаннем і нацыянальную самасвядомасць Яські-гаспадара з-пад Вільні.

Галоўная тэма, што яскрава праходзіць праз усе выпускі “Мужыцкай праўды”, – гэта спрадвечнае і заўсёды надзённае пытанне зямлі і волі. Прычым яно асвятляецца папулярна і даступна, з улікам сацыяльнай псіхалогіі селяніна, з добрым веданнем беларускай гісторыі і падаецца пераканаўча на канкрэтных гістарычных прыкладах. Зямля і воля разглядаюцца ў адной іпастасі як вышэйшыя каштоўнасці, як натуральнае права ўласнасці, што здаўна належала народу, аднак яе гвалтам адабралі, прысвоілі сабе паны і чыноўнікі, закабаліўшы працоўны люд.

Мы сёння ўжо ведаем, разважае Яська-гаспадар з-пад Вільні, што вольны чалавек – той, хто мае кусок сваёй зямлі. Зямля павінна належаць тым, хто яе апрацоўвае. Царскі маніфест аб вызваленні сялян – гэта ашуканства, дзе няма ні праўды, ні карысці: “не маніхвэстаў, а вольнасці патрэба – і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі мужыкі паміж сабою зробімо”.Народ, на думку К. Каліноўскага, мае натуральнае права шляхам узброенай барацьбы здабыць (вярнуць) сабе зямлю і волю, завешчаныя яму Богам. “Толькі, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна”3.

Тут мы невыпадкова цытуем аўтэнтычны тэкст, захоўваючы граматычныя і фанетычныя асаблівасці мовы “Мужыцкай праўды”, жывую гродзенскую гаворку таго часу, бо размова ідзе, па-першае, пра важны гістарычны дакумент, а па-другое, – пра станаўленне новабеларускай літаратурнай мовы, адным з пачынальнікаў якой быў Кастусь Вінцэнт Каліноўскі. Да таго аўтэнтычная мужыцкая гаворка амаль ідэальна адлюстроўвае тагачасныя рэаліі, традыцыйны літвінскі дух і просты, як праўда, здаровы сэнс. Невыпадкова ў свой час знаны філосаф Мішэль Мантэнь казаў: “Я люблю мужыкоў: яны не настолькі адукаваныя, каб разважаць прэтэнцыёзна і мудрагеліста”.

Рамантычны дух барацьбы з’яўляўся трывалай традыцыяй еўрапейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі, традыцыі, якая была ўзнятая на высокі маральны і мастацкі ўзровень яшчэ ў паэзіі філарэтаў і філаматаў. Яна не магла не аказаць уплыву на светапогляды К. Каліноўскага і яго сяброў. Узор яе яскрава ўвасобіўся ў знакамітай “Одзе да маладосці” Адама Міцкевіча:

Разам, сябры маладыя!..

У шчасці ўсіх – нашы мэты святыя;

Еднасцю моцныя, розумам буйныя,

Разам, сябры маладыя!..

Шчаслівы і той, хто паў у бітве,

Бо іншым праклаў шлях чынны 

І славу здабыў Айчыне.

Разам, сябры маладыя!4 

Як асветнік, рэвалюцыйны дэмакрат і правазнаўца Каліноўскі прапаведуе ідэю сацыяльнай справядлівасці, роўнасці ўсіх перад Законам. “Дзецюкі! – звяртаецца ён да беларускага люду на яго роднай мове. – Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, так скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе (нажываецца), а другі бедны паншчыну служыць альбо аброкі ў казну плаціць”5.

Каліноўскі верыў у творчыя сілы народа, асуджаў і кляйміў яго крыўдзіцелей: “Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства (ад сл. здзіраць, абдзіраць – В.Я.) нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі за рукі і дзержымся разам!”6

У “Мужыцкай праўдзе” на падставе аналітычнай ацэнкі становішча беларусаў ў Расійскай імперыі робіцца вывад, сфармуляваны ў форме тэзы (якая і зараз застаецца актуальнай у любым грамадстве):

Не народ створаны для ўрада, а ўрад для народу”. “Для таго каб была справядлівасць і праўда на свеце, а злыя людзі не збыткавалі і крыўды другім не рабілі, е ронд (пол. rząd – урад), што бярэ падаткі, робіць школы, научае кожнага, каб жыў па праўдзе, становіць (здзяйсняе, – В.Я.) суд; а калі гэта не памагае і робіцца несправядлівасць, то наймае войска і так сцеражэ кожнага ад ліха і здзерства. От на што ронд патрэбны… І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу” 7.

Параўноўваючы дзеянні ўрадаў еўрапейскіх краін і Расіі, К. Каліноўскі выказваецца не на карысць расійскага ўрада. “Ці ўрад маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыць шчасліва”? – пытае Яська-гаспадар з-пад Вільні. Як прадстаўнік (ідэолаг) маладой нацыянальнай інтэлігенцыі, ён змагаецца за незалежнасць Беларусі і Польшчы, за пачуццё нацыянальнай і чалавечай годнасці.

“У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія – гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табой праўда, чы не, а скубуць адно, як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народові (народу) і застанаць, калі пазнае сваю няволю”.

Тут аўтар выступае як народны трыбун і публіцыст, разам з тым публіцыстычны жанр у дадзеным выпадку не ігнаруе рэалій народнага жыцця і побыту і праўдзіва адлюстроўвае тагачаснае сацыяльна-прававое становішча беларускага сялянства ў складзе Расійскай імперыі.

Вытокі ўсіх бедстваў Яська-гаспадар бачыць у расійскім самадзяржаўі. Як у чалавека, вобразна заўважае ён, ёсць галава, каб думаў, а рукі і ногі, каб рабіць задуманае, так і ва ўрадзе, ёсць галава (ён жа цар) і ёсць чыноўнікі, каб рабілі, як цар захоча. І калі галава задумае кепскае, то “чыноўнікі глуму наробяць”. А злоўжыванне з боку чыноўнікаў не таму “ў нас робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё аддаці для народа, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сібір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікаў гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца”8. Аўтар добра валодаў рэальнай сітуацыяй у “забраным краі”, быў прасякнуты настроямі і памкненнямі мясцовага насельніцтва – беларускага сялянства і дробнай шляхты, з якімі ён быў павязаны крэўнымі сувязямі.

Тут жа ён закранае праблему рэкруцкіх набораў, якіх раней нашы продкі ніколі не ведалі. Тым больш, што ва ўмовах наспявання палітычнага крызісу царскія ўлады невыпадкова аб’явілі нечарговы рэкруцкі набор, а ў спісы рэкрутаў, паводле даносаў тайнай паліцыі, былі ўнесены “неблагонадёжные элементы”. Падобная акцыя царскага ўраду выклікала шматлікія выступленні моладзі ў заходніх губернях і Царстве Польскім і, як вынік, – датэрміновае паўстанне ў Варшаве. Аўтар “Мужыцкай праўды” перш за ўсё звяртае ўвагу на маральны аспект гэтай праблемы. Раней мясцовы мужык, заўважае ён, ішоў на вайну, каб бараніць сваю бацькаўшчыну, за што атрымліваў зямлю, вольнасць і нават шляхецтва. Аднак жа ва ўмовах расійскай улады сапраўдны абаронца радзімы падмяняецца рэкрутам, лёс якога горшы, чым прыгоннага: праслужыўшы 25 год, яму нічога не застаецца, як “торбу ўзяўшы, ісці жабраваці”. Мясцовы люд разглядаў новую расійскую ўладу як чужую, акупацыйную. Заўважым, што ў народнай лексіцы, як і ў тэкстах “Мужыцкай праўды”, не ўжываюцца словы рускі, расійскі, расіянін, а фігуруюць звычайна маскалі, цар, яго чыноўнікі. Якраз падобная лексіка, так званыя “этнонімы”, часцей за ўсе ўжываліся ў народным асяроддзі ў адносінах да ўсходняга суседа.

Шосты нумар “Мужыцкай праўды” бадай цалкам быў прысвечаны праблеме народнай рэлігіі, праблеме спрадвечнай веры беларусаў. Як вернік Каліноўскі пастаянна звяртаецца да Бога як да Сведкі, Дарадцы і вярхоўнага Суддзі і верыць у яго справядлівую Волю і літасць да вернікаў, што патрапілі ў бяду. Аднак жа Каліноўскі не можа прыняць афіцыйнае праваслаўе, – і не таму, што ён хрысціўся ў каталіцкім касцёле. Праваслаўе ў яго асацыіруецца з расійскім акупацыйным рэжымам. А праўдзівай і справядлівай ён лічыць уніяцкую веру, аб якой яшчэ памяталі мясцовыя жыхары.

“Цары маскоўскія, байстручага роду, перамянілі закон Божы, а мы на прыказ гэтых цароў выракліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў.”

І далей:

“Нарабіў гэтага ліха, дзецюкі, цар маскоўскі, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас гэту справядлівую – уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам на векі”9.

З гэтай нагоды аўтар ліста знаходзіць узнёслыя словы малітвы да Бога:

“Божа вшэхмоцны (усемагутны), міласэрны ты наш Пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касцёлы, што маскаль, нячыста яго сіла, параскідаў або перарабіў на стайні і цэркві, зноў заяснеюць тваёю хвалою і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашы прэдкі”10.

Кастусь Каліноўскі заклікае сваіх суайчыннікаў “пакідаць сызму (схізму, раскол) і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў”.

Як вядома, народныя паўстанні ў Еўропе былі асветлены пафасам веры і нярэдка набывалі характар рэлігійных войнаў. К. Каліноўскі выступаў паслядоўным выразнікам і абаронцам інтарэсаў найбольш абяздоленага і шматлікага саслоўя беларускага сялянства. Ён разглядаў праваслаўную царкву ў былой Рэчы Паспалітай як саюзніка і духоўнага апалагета царскага самадзяржаўя. Разам з тым ён жа ўсведамляў несумяшчальнасць сацыяльных інтарэсаў вернікаў каталіцкага касцёла і большасці беларускага сялянства, нерэальнасць, ілюзорнасць у тых умовах памкненняў згуртаваць увесь народ Заходняга краю пад ідэйным сцягам каталіцкай веры і адзінай літургічнай (польскай) мовы, як гэта калісьці настойліва імкнуліся, але не змаглі здзейсніць езуіты. Большасць землеўласнікаў – магнатаў, шляхты – былі католікамі і, як і святары касцёла, не імкнуліся да аграрнай рэформы і перадачы зямлі сялянам.

Іншая справа – самая масавая уніяцкая (грэка-каталіцкая) вера, якая адпавядала ідэі талерантнасці і была блізкая простаму чалавеку. У народзе яшчэ жыла памяць аб “уніі”, якая лічылася народнай рэлігіяй. А таму яе забарона, гвалтоўны захоп і знішчэнне святынь уніяцкіх храмаў не садзейнічалі замірэнню ў грамадстве і “не змусілі прымірыцца старых ворагаў без моцнага жадання з іх боку”11. Як слушна заўважае адзін з даследчыкаў гэтай праблемы, зварот Кастуся Каліноўскага да ўніяцтва садзейнічаў далучэнню да паўстання больш шырокіх слаёў карэннага насельніцтва, а ў выпадку перамогі – стварэнню суверэннай беларускай дзяржавы12.

ххх

Аналізуючы змест нелегальных паўстанцкіх газет“Мужыцкая праўда”, “Хоронгев свабоды” (Харугва, сцяг свабоды), “Глос з Літвы” (дзве апошнія выдаваліся на польскай мове), а таксама тэксты Інструкцый і загадаў кіраўніцтва паўстаннем, пісем і ўспамінаў удзельнікаў паўстання і іншых дакументаў, мы можам прасачыць пэўную ідэалогію нацыянальна-вызваленчага руху, тактыку і стратэгію рэвалюцыйнай барацьбы за перабудову грамадства, вылучыць некалькі ідэйных плыняў, акрэсліць асноўныя мэты і праграмныя задачы, за якія ахвярна змагаліся нацыянальна-вызваленчыя сілы.

1. Грамадска-палітычны рух 50—пачатку 60-х гг. ХІХ ст., які завяршыўся паўстаннем 1863 г., па сваім характары быў выразным нацыянальна-вызваленчым рухам. Нягледзячы на адрозненні ў ідэйных поглядах яго кіраўніцтва, галоўнай мэтай паўстання было адраджэнне незалежнай Рэчы Паспалітай у складзе Польшчы, Беларусі, Літвы. Аднак жа калі польская партыя ставіла перад сабой асноўную мэту адраджэння ўнітарнай Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г., то лідэры Літоўскага правінцыйнага камітэту (і Часовага ўрада) на чале з Каліноўскім змагаліся за незалежную Беларусь і Літву і іх раўнапраўны саюз (канфедэрацыю) з Польшчай13.

2. Важнай задачай сацыяльнай праграмы паўстанцаў было вырашэнне пытання зямлі і волі. Як лідар “чырвоных” К. Каліноўскі выступаў за роўнасць сацыяльных саслоўяў, якая рэальна магла быць дасягнутая ў выніку аграрнай рэформы, надзялення сялян і дробнай шляхты зямлёй (без выкупу). Сялянства, у сваю чаргу, ён разглядаў як галоўную сілу нацыянальна-вызваленчай вайны і сацыяльнай (аграрнай) рэвалюцыі. Такім чынам, Кастусь Каліноўскі і яго “Мужыцкая праўда” былі выразнікамі нацыянальных і сацыяльных памкненняў беларускага народу. “Праз “Мужыцкую праўду” прамаўляла сама Беларусь, яе пакрыўджаны, абрабаваны народ”, – слушна заўважыў даследчык духоўнай спадчыны К. Каліноўскага Генадзь Кісялёў14.

3. Як нацыянальны лідар (герой) К.Каліноўскі паставіў гістарычнае пытанне пра беларускую ідэнтычнасць, права на самавызначэнне і міжнароднае прызнанне беларускага народа-этнасу, самабытную духоўную спадчыну беларусаў-літвінаў, іх мову і нацыянальную культуру. Ён гаварыш:

“Наша літаратурная мова абапіраецца на народныя гаворкі, як і ўся культура наша грунтуецца найперш на народных вытоках і традыцыях”15.

Ён патрабаваў навучання беларускіх дзяцей на роднай мове. Яго “Мужыцкая праўда” – гэта сапраўдны ўзор публіцыстычнай літаратуры, якая асвятляла глыбінныя праблемы беларускага народа і яго культуры ў кантэксце еўрапейскай гісторыі і складаных гістарычных узаемадачыненняў з суседнімі дзяржавамі і народамі.

4. Як тактык і стратэг нацыянальна-вызваленчага руху К. Каліноўскі арыентаваўся на шырокія слаі мясцовага грамадства і імкнуўся аб’яднаць пад сцянгам барацьбы за агульныя інтарэсы беларускае сялянства і незаможную мясцовую шляхту. Ідэя спалучэння шляхецкага і сялянскага рэвалюцыйнага руху з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання, скасавання прыгоннага права і дасягнення роўнасці ў правах усіх грамадзян не была зусім новай, яе прапаведавалі і адстойвалі са зброяй у руках кіраўнікі паўстання ў пачатку 1830-х гадоў (Міхаіл Валовіч, Юзаф Заліўскі, Францішак Савіч і інш.)16. Аднак менавіта ў Кастуся Каліноўскага як кіраўніка партыі “чырвоных” яна атрымала новае гучанне і абгрунтаванне ў яго лістах, праграмных заявах, інструкцыях. Збліжэнне інтарэсаў сялян і дробнай шляхты ўзмацняла інтэлектуальны патэнцыял беларускай нацыі, давала новы імпульс для рэалізацыі нацыянальнай ідэі.

5. Задачы нацыянальна-вызваленчага руху патрабавалі разам з ажыццяўленнем сацыяльных рэформ кансалідацыі народа на падставе агульных інтарэсаў, духоўных каштоўнасцей, адзінай веры. Выбар грэка-каталіцкай (уніяцкай) рэлігіі ў праграме К. Каліноўскага невыпадковы. Уніяцкая царква ў тых умовах аптымальна адпавядала духу талерантнасці, ідэі сацыяльнай згоды і нацыянальнай кансалідацыі шырокіх мас беларускага сялянства, асабліва ў заходняй частцы краю, дзе яшчэ жывая была ідэя уніі. Праваслаўная царква ў масавай свядомасці звязвалася ў той час з палітыкай самадзяржаўя, інтарэсы якога яна фактычна абараняла.

Разам з тым як ідэолаг дэмакратычнай рэвалюцыі і выразнік інтарэсаў “нізоў” Кастусь Каліноўскі не мог таксама аддаць перавагу ў тых умовах каталіцкай веры, бо католікамі была большасць мясцовых землеўладальнікаў і інтарэсы апошніх ішлі ўразрэз са спрадвечнымі спадзяваннямі беларускіх сялян на “зямлю і волю”. Выбар уніяцтва ў якасці агульнанароднай рэлігіі, такім чынам, імпанаваў памкненням беларускага сялянства і пашыраў сацыяльную базу паўстання, разам з тым адпавядаў ідэі незалежнасці і стварэння самастойнай беларускай дзяржавы.

 Крыніцы

1 К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Минск, 1988, с. 118.

2 К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия, с. 119.

3 3 Мужыцкая праўда”. № 3 // Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад., прадм. і камент. Г. Кісялёва. Мн., 1999, с. 31.

4 Mickiewicz A. Poezije, Kraków, 2002, c. 12. (Пераклад наш)

5 Мужыцкая праўда”, № 2.

6 “Мужыцкая праўда”, № 1.

7 (“Мужыцкая праўда”, № 4.

8 Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы, с. 32—33.

9 Там жа, с. 35—36.

10 Там жа, с. 36.

11 Шавельский Г. Последнее воссоединение с православной церковью униатов Белорусской епархии (1833—1839 гг.). СПб., 1910, с. 378; Восстание 1863 года и русско-польские революционные связи 60-х годов. М., 1960, с. 32.

12 Акинчиц И.И. Униатство и восстание // Паўстанне 1863 г. і яго гістарычнае значэнне: Матэрыялы міжнар. навук. канф. 10—11 кастрыч. 2003 г. Брэст, 2004, с. 10.

13 К. Каліноўскі, па словах яго саратніка Я. Гейштара, даводзіў нават, што “ўдзел шляхты і памешчыкаў у паўстанні не толькі не патрэбны, але і шкодны. Люд сам заваюе незалежнасць і запатрабуе ўласнасці ў памешчыкаў” (Каліноўскі К. За нашую вольнасць, с. 155). Аднак жа акалічнасці аб’ектыўна складваліся такім чынам, што Каліноўскі з тактычных меркаванняў у ходзе паўстання вымушаны быў шукаць згоды, ісці на кампраміс з “белымі”, каб не ўносіць раскол і не распыляць і без таго нешматлікія сілы паўстанцаў.

. 14 Каліноўскі К. За нашую вольнасць, с. 266.

15 Там жа, с. 262.

16 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 2, 1994, с. 209; Том 3, 1996, с. 400; Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мінск, 2003, с. 56—57; Савіч Ф. Успаміны. Споведзь пакутніка // Шляхам гадоў.

Спасылкі па дадзенай тэме:

Культура Беларусі ў першае 25-годдзе пасля паўстання 1863—64 гг.

Паўстанне 1863—1864 гг. на Беларусі

Зшальмаваны Кастусь Каліноўскі (Тэхналогіі астракізму)

Вексілалагічныя аб’екты паўстання 1863–1864 гг.: гістарыяграфічны вобраз і крытыка

Постаць Кастуся Каліноўскага ў друкаванай спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў

Кастусь Каліноўскі: чалавек і герой

“Польскае” паўстанне з беларускім характарам. (Гісторыкі і публіцысты Польшчы аб падзеях паўстання Кастуся Каліноўскага)

Паўстаньне 1863 году: асноўныя стэрэатыпы

Первая рельсовая война

Пасля паўстання

Прадмова да зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Поўнае відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Відэа з навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі»

Навукова-практычная канферэнцыя “Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.