Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Горад і Беларусь

Chareuski-Polock-2Пра Горад і яго ўплыў на беларускую нацыю піша Сяргей Харэўскі.

Беларуская нацыя ў сучасным яе стане склалася ў гарадах, дзе ад сярэдзіны 1970-х стала пражывае большасць жыхароў Беларусі. У 1980-ыя адбывалася кансалідацыя нацыі ў межах тэрыторыі БССР, адбываўся імклівы рост адукацыі і культуры, што быў інспіраваны камуністычнымі ўладамі. З колькасным ростам прадукцыі літаратуры, мастацтва і гуманітарных навук адбываўся якасны рост беларускай нацыянальнай свядомасці.

Палітычныя і культурныя працэсы ў Еўропе – ад Брытаніі да Малдовы – сведчаць, што праблемы нацыянальнага самавызначэння ў агляднай перспектыве будуць актуальнымі. То бок, пошукі ўласнае ідэнтычнасці, уласнага “мы” для розных народаў у постэтнічную эпоху застануцца адной з надзённых праблемаў культуры й палітыкі. Усведамленне сваёй прыналежнасці да пэўнага народа, пошукі яго самасці важныя для адносінаў між людзьмі і паміж іх групамі, але перадусім – для самаацэнкі чалавека. Паўставанне найноўшай беларускай ідэнтычнасці адбывалася ва ўмовах імклівае урбанізацыі і разбурэння вясковага менталітэту. Новыя гарады і зменлівы урбаністычны краявід сталі тым асяродкам, у якім сфармавалася маладая беларуская нацыя.

Да вайны вёска, лясы і балоты – натуральны асяродак для этнічнай культуры

Напрыканцы ХІХ стагоддзя пачынальнік новае беларускае літаратуры, засцянковы шляхціц, ветэран паўстання 1863 года Францішак Багушэвіч, выгукнуў на развітанне: “Не люблю я места, па-расейску — горад!” Ягоны сказ стаў нібы эпіграфам да ўсёй анталогіі беларускае нацыянальнае традыцыі пачатку ХХ стагоддзя, калі беларушчына была сфармуляваная, выслаўленая і ўвасобленая ў дзяржаўнасці. Інтэлігенты са збяднелае каталіцкае шляхты, што насілі ў сабе генетычную памяць пра рэзістэнцыю ад часоў Касцюшкі, інспіравалі беларускі нацыянальны рух, абудзіўшы шматмільённы сялянскі народ. Для яго, беларускага народа, горад, дзе панавалі габрэйская буржуазія, расійскае чынавенства ды польская абшарніцкая алігархія, не быў і не мог быць сваім. Вясковы краявід, лясы і балоты былі тым натуральным ландшафтам, дзе жыла найбагацейшая архаічная этнічная культура Беларусі. Горад, дзе, як у калейдаскопе, мяняліся культуры і этнасы, быў не проста чужым, а варожым. І менавіта такое стаўленне зацвікавалася ў класічнай беларускай культурнай традыцыі. Супрацьстаянне горада і вёскі цягнулася да канца Другой сусветнай вайны. Спробы адміністратыўнае, штучнае беларусізацыі гарадоў за Саветамі ў 1920-я гады не прынеслі асаблівага плёну…

Пасля вайны – “сена на асфальце”

Адным з вынікаў вайны – пасля Халакосту, дэпартацыяў і эміграцыі розных груп насельніцтва – стала непадзельнае панаванне беларусаў у гарадах. Этнічны склад Горада непазнавальна змяніўся і на Захадзе краю, і на Усходзе. Доля этнічных беларусаў у гарадах расла няўхільна і па вайне складала ўжо абсалютную большасць гарадскога насельніцтва. З году ў год прыбой нямоўкнучы з палёў прыносіў у Горад усё больш беларускіх маладзёнаў, самых энергічных і мабільных, якія прагнулі асветы і культуры. Але па ранейшаму здабыткі гарадское цывілізацыі, памяткі мінуўшчыны заставаліся для ўчорашніх вяскоўцаў чужымі, а значыць і непатрэбнымі. Менавіта ў тыя, паваенныя гады, у 1950-60-я Беларускі Горад страціў незваротна сваё гістарычнае, спрадвечнае аблічча… Былі пераўтвораныя ў руіны амаль усе саборы, галоўныя храмы краю – ад найстарэйшае ў Беларусі царквы Звеставання ХІ ст. у Віцебску, узарванай у 1961 г., і колішняга сабора Святога Стафана ў Полацку, узарванага ў 1964 г, да езуіцкага барочнага сабора Святога Станіслава ў Пінску, знішчанага ў 1956 г., да велічнае гатычнае Фары Вітаўта ў Гродне, што ўзарвалі ў 1961 г… Знішчаліся цэлыя старажытныя кварталы й старасвецкія вуліцы, у гэтыя часы помнікаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі было знішчана больш, чым за ўсе папярэднія войны! І не было каму іх бараніць! Не было на той час у БССР ані адмыслоўцаў-рэстаўратараў, ані нават мастацтвазнаўцаў. А карэнных старажылаў у гарадах засталіся адзінкі… Мінск, сталіца Беларусі, цягам ХХ стагоддзя вырасла ад 105.203 жыхароў у 1907 г. да 2 мільёнаў на сённяшні дзень! Такімі тэмпамі не раслі гарады нідзе ў Еўропе! Нават калі прыпусціць, што ў Мінску засталася ўся гістарычная аўтэнтычная забудова, то яна складала б сёння толькі 2-3% і ўсё адно не вызначала б ягонага аблічча.

Беларусь стала урбанізаваным краем рэзка і знянацку – цягам аднаго дзесяцігоддзя: ад перапісу 1970 да перапісу 1979 года, калі доля гарадскога насельніцтва вырасла з 43,3% да 54,9%, а цягам наступнага дзесяцігоддзя ўжо абсалютная большасць беларусаў жыла ў гарадах – 65,4% (паводле перапісу 1989 года). Пры тым менавіта новыя, імкліва растучыя гарады, іх вобразы і лад жыцця сталіся тым асяроддзем, у якім паўставала мадэрная беларуская ідэнтычнасць. З ростам тэмпаў урбанізацыі ў гарадах сціраліся не толькі міжэтнічныя адрозненні, але і лакальныя, спецыфічныя для розных рэгіёнаў Беларусі, імкліва разбураліся традыцыйны лад і псіхалогія ўчорашніх вяскоўцаў. Пісьменнік Міхась Стральцоў яшчэ ў 1960-х нават увёў тэрмін «сена на асфальце» для абазначэння інтэлігентаў у першым пакаленні, якія настальгуюць па вясковым дзяцінстве. Гарады сталі асяродкам, дзе разбураліся ўсе традыцыі, перарываліся лакальныя повязі, але разам з тым паўставала новая супольнасць, што была замкнёная, нават у часы СССР, у асобны тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс, з уласным – у межах Беларусі – упраўленнем чыгункі, асобнай вайсковай акругаю і г.д. У 1970 г. адкрыўся архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, што замкнула ў межах рэспублікі ўсю сістэму архітэктурнай адукацыі і праектавання ў Беларусі. Тое ж адбылося і ў іншых галінах вышэйшае адукацыі, перадусім у мастацтве і культуры. Такім чынам, ад 1980-х гадоў усё планаванне, праектаванне і будаўніцтва урбаністычных паселішчаў у Беларусі адбывалася за кошт нацыянальных кадраў і рэсурсаў. Што, у сваю чаргу, дае падставы для аналізу таго, як урбаністычнае асяроддзе спрычынілася да канструявання найноўшае нацыянальнае беларускае ідэнтычнасці. Як аснова самаідэнтыфікацыі горадабудаўнічы асяродак у стабільным грамадстве абапіраецца на аднаўленне базавых каштоўнасцяў, устойлівых стэрэатыпаў, іншых элементаў, перадвызначаных традыцыяй культурнага развіцця. Вобразы новага для беларусаў, але створанага ўжо імі самімі гарадскога асяроддзя сталі дамінаваць у мастацтве і літаратуры, у гуманітарных навуковых даследаваннях.

У 1971 – 1985 гг. у Беларусі было пабудавана больш за 350 буйных прамысловых прадпрыемстваў, многія з якіх былі найбуйнейшымі ў СССР і Еўропе (напрыклад, Мінскі трактарны завод ці Наваполацкі нафтаперапрацоўчы камбінат і г.д.). Выраслі цалкам новыя гарады – Наваполацк, Салігорск, Светлагорск, Жодзіна, Новалукомль і г.д., спраектаваныя беларускімі архітэктарамі, пабудаваныя беларускімі будаўнікамі і заселеныя беларусамі ж. Пры гэтым, вынікам урбанізацыі стала масавая страта выразнай этнічнай ідэнтычнасці – да сярэдзіны 1980-х гг. у гарадах не засталося ніводнай беларускай школы. Уся сістэма адукацыі ў цэлым была арыентаваная на фармаванне не нацыянальнай, а агульнасавецкай ідэнтычнасці.

Культурная і асветніцкая інфраструктура

Тым часам кіраўніцтва БССР усяляк інспіравала развіццё культуры, ствараючы асяродкі культуры і разбудоўваючы сістэму адмысловай адукацыі – у гарадах дзеяла 36 сярэдніх агульнаадукацыйных школаў з музычнай спецыялізацыяй, 2 – з музычна-харэаграфічнай, 6 – з мастацкай, 6 – з мастацка-архітэктурнай, 21 мастацкая школа, а таксама разгалінаваная сетка мастацкіх студыяў і музычных гурткоў пры розных установах культуры ва ўсіх гарадах. Стаяла задача інтэнсіўна задаволіць культурныя і сацыяльныя патрэбы гараджанаў Беларусі. І задача гэтая вырашалася таксама за кошт масавага будаўніцтва Дамоў культуры, клубаў, кінатэатраў, што пачалі дамінаваць у гарадскім краявідзе малых населеных пунктаў, змяніўшы колішнія дамінанты ў выглядзе культавых будынкаў, а ў буйных гарадах, у абласных цэнтрах гэткімі сталі новыя будынкі тэатраў і Палацаў культуры… Такая вялікая ўвага да развіцця культуры ў рэспубліцы, стварэнне ўласных прафесійных кадраў у галіне архітэктуры і будаўніцтва, асветы і навукі, дало свой плён.

Імклівы рост этнічнае ідэнтычнасці беларусаў, які адбываўся ад 1980-х гг, напачатку нават выглядаў парадоксам, бо праходзіў паралельна з усё большай уніфікацыяй духоўнае й матэрыяльнае культуры ў СССР. Класіка беларускай культуры была ўбудаваная ў ідэалогію БССР, ёй надавалася агромністае значэнне. Выбухам нацыянальнага пачуцця сталася бурапеннае святкаванне стагоддзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа – яно адзначалася ў Беларусі надзвычай шырока, на самым высокім афіцыйным узроўні. Юбілейныя мерапрыемствы набылі пампезныя і акадэмічныя формы, а сам юбілей нацыянальных класікаў стаў нагодаю для стварэння цэлай галерэі вобразаў ва ўсіх відах і жанрах мастацтва.

Амаль паўсюдна ў Беларусі напрадвесні перастройкі вырасла цікавасць да “каранёў”, да помнікаў даўніны, да фальклору й нацыянальнае гісторыі. Шмат у чым таму спрыяла блізкасць Балтыі й Украіны, дзе падобныя працэсы былі яшчэ больш відавочнымі.

Вялікія поспехі беларускіх выступоўцаў на савецкай эстрадзе надавалі аптымізму ўсім беларусам, мацуючы тую, новую, нязнаную ідэнтычнасць. Выцягнутыя з фальклорных рэгіянальных крыніцаў песні станавіліся агульнанацыянальнымі шлягерамі ў застольнай рок-н-рольнай аранжыроўцы.

Колькасць культурнага і асветніцкага прадукту, нават эрзацнага й ідэалагічна цэнзураванага, няўхільна перарастала ў якасць – у мацаванне этнічнае ідэнтычнасці й усведамленне сваёй выключнасці.

Памнажаючы культурны прадукт у нацыянальных формах, камуністычныя ўлады не дастаткова ўвагі надавалі “сацыялістычнаму зместу”. Нават усесаюзнае чэмпіёнства мінскага “Дынама” ўспрымалася як нацыянальны трыумф.

Горад у літаратуры і мастацтве

Вобраз горада да 1980-х стаў важным для беларускай літаратуры і мастацтва. Цяжкасці ў мастацкім асваенні гарадское прасторы былі абумоўленыя перарванасцю нацыянальнай паэтычнай урбаністычнай традыцыі (М. Багдановіч – У. Жылка – А. Вярцінскі – М. Стральцоў). Але з 1980-х гг. у беларускай паэзіі, прозе, драматургіі пачынае дамінаваць урбаністычная тэматыка. Вясковая проза атрымала з’едлівае вызначэнне «Ганна завiхалася ля печы», новая ўстаноўка была на урбанізацыю, інтэлектуалізацыю беларускай літаратуры. Яшчэ больш відавочным, чым у літаратуры, сталася панаванне урбаністычных тэмаў у выяўленчым мастацтве. Перадусім гэта творы, прысвечаныя Мінску, што ад пачатку 1980-х гадоў паўстае на палотнах мастакоў як вялікая сталіца рэспублікі. Тое ж справядліва і для вялікай колькасці твораў мастацтва, прысвечаных Віцебску, Горадні, Магілёву ды іншым гарадам краіны. У тэмах адбыўся зрух, ад пафасу новабудоўляў да лірычных вобразаў паўсядзённасці. Урбаністычны краявід, гарадскі быт сталі галоўнымі тэмамі цэлае плеяды класікаў беларускага мастацтва, прадстаўнікоў старэйшага пакалення творцаў – Ібрагіма Гэмбіцкага, Мая Данцыга, Барыса Аракчэева, Леаніда Дударэнкі, Альгерда Малішэўскага, Ленаіда Шчамялёва, Васіля Сумарава. Для цэлага пакалення мастакоў 1980-х (З. Літвінавай, А.П. Ксяндзова, В.У. Альшэўскага, М.А. Апіёка, М.Я. Мішчанкі, У.В. Уродніча), якое ўжо нарадзілася і вырасла ў гарадах, атрымала адукацыю ў Беларусі, урбаністычны асяродак выступае як арганічны, служыць ім галоўнай крыніцаю сюжэтаў і тэмаў. Сёння ўжо абсалютная большасць творчае інтэлігенцыі – персоны, што нарадзіліся й сфармаваліся ў Горадзе. Такім чынам, да канца 1980-х, разам з імклівай урбанізацыяй, беларусы засвоілі урбаністычную прастору, стварылі ў ёй уласную сучасную культуру ва ўсіх формах. То бок, урбанізацыя стварыла й саму найноўшую беларускую нацыю.

Гарады змянілі аблічча

У выніку маштабных рэканструкцыяў гарадоў у часы Сталіна і катастрафічных разбурэнняў падчас Другой сусветнай вайны гарады Беларусі радыкальна змянілі сваё аблічча. Горадаўтваральную ролю замест гістарычных цэнтраў з помнікамі старасвецкае архітэктуры ўзялі на сябе архітэктурныя ансамблі ў стылі савецкага неакласіцызму. Маргіналізацыя старажытных частак горада, адлучэнне іх ад цэнтра было часткаю савецкае горадабудаўнічае практыкі ў БССР. У поўны заняпад прыходзіла інфраструктура, знешні выгляд будынка і гэтак далей. У выніку будынкі становяцца перашкодай для гарадскога насельніцтва, якое, дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, не бачыла і не бачыць у гістарычных помніках нічога свайго.

Але дзякуючы магутнаму нацыянальнаму руху (сярэдзіна 1980-х) у абарону помнікаў даўніны вялікую папулярнасць набыла разнастайная літаратура па гісторыі айчыннай архітэктуры і урбаністыцы. Шматлікія клубы і маладзёвыя аб’яднанні, што з’явіліся на хвалі імклівага павелічэння цікавасці да здабыткаў архітэктуры, гісторыі і культуры, сталі, урэшце, падмуркам усяго нацыянальна-вызвольнага руху напярэдадні распаду СССР.

Да 1980-х у Беларусі цалкам складваецца ўласная архітэктурная школа, што арыентавалася на савецкую даваенную традыцыю БССР у духу канструктывізму і функцыяналізму. І самым яскравым узорам тагачаснае архітэктуры стаў ансамбль Паркавай магістралі (потым праспект Машэрава, цяпер – Пераможцаў) з яго комплексамі грамадскіх і жылых будынкаў уздоўж водна-паркавага дыяметра горада ў даліне ракі Свіслач. Ягонае будаўніцтва стала своеасаблівым трыумфам урбанізацыі БССР, помнікам беларускай нацыянальнай школы ў горадабудаўніцве. Яго вобраз і стылістыка сталі ўзорам і для беларускіх абласных цэнтраў. Разам з будаўніцтвам новага праспекта ў Мінску парывалася ідэалагічная повязь і з эпохай Сталіна, і з уласнай гістарычнай спадчынай. Адна з галоўных сталічных вуліц, што расцягнулася ўздоўж і ўпоперак, пралягла ад гарадскога цэнтра да паўночнай ускраіны за вадасховішчам Дразды. Урэшце да архітэктурнага рытму ў 1982 г. дапасавалі чатыры арыгінальныя скульптурныя кампазіцыі ў духу нацыянальнага рамантызму – “Поры года” чатырох розных аўтараў: “Вясна” Аляксандра Шатэрніка, “Лета” Лявона Давідзенкі, “Восень” Юрыя Палякова і “Зіма” Валянціна Занковіча. Гэты скульптурны ансамбль стаў адным з самых значных у айчыннай скульптуры і адлюстраваў характэрныя рысы этнічнай беларускай культуры. Пазбаўлены наўпроставай ідэалогіі, ён стаў унікальным помнікам лірычнага кірунку ў рэалістычным мастацтве Беларусі.

Наяўнасць уласнае вышэйшае архітэктурнае школы ў Беларусі ўсё ж пацягнула за сабою і навуковае вывучэнне гісторыі архітэктуры. А напрыканцы 1970-х распачаліся і першыя рэстаўрацыйныя работы на помніках: была праведзеная маштабная рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку, кальвінскага збора XVI ст. у Заслаўі, касцёла ў Раўбічах, базыльянскага і брыгіцкага манастыроў у Гродне, Слуцкай брамы ў Нясвіжы і г.д. У Мінску ў пачатку 1980-х гадоў былі адрэстаўраваныя многія аб’екты – касцёл Св. Язэпа кляштара бернардынаў, сабор Пятра і Паўла на Нямізе, касцёл Св. Роха на Залатой Горцы, касцёл Сымона і Алены, адбылася рэнавацыя і рэстаўрацыя цэлага Траецкага прадмесця. Эфект быў відавочны: умацоўваўся лакальны патрыятызм, абуджалася цікавасць да нацыянальнай гісторыі, адноўленыя аб’екты знайшлі сваё адлюстраванне ў жывапісе, літаратуры і фотамастацтве, нанова ствараўся гістарычны урбаністычны асяродак, ужо свой, родны для большасці гараджанаў, што каталізаваў рост нацыянальнае самасвядомасці. Вялізарную папулярнасць набывае краязнаўчая літаратура, кнігі па гісторыі архітэктуры і урбаністыцы З. Пазьняка, У. Дзянісава, З. Шыбекі ды інш., што разыходзяцца шматтысячнымі накладамі па-беларуску. Нефармальныя маладзёвыя арганізацыі, такія як “Талака” ў Мінску і Гомелі, “Узгор’е” у Віцебску, “Ратуша” у Гродне, “Маладзік” у Воршы і г.д., што ўзніклі як клубы валанцёраў для дапамогі рэстаўратарам і археолагам, пераўтварыліся ў масавы нацыянальны рух.

Росквіт беларускай архітэктурнай школы ў 1980-я гады ўвасобіўся ў будаўніцтве такіх ансамбляў як праспект Пераможцаў у Мінску, Фарты-1 і Фарты-2 ў Гродне, бульвар Касманаўтаў у Брэсце і раён Валатава ў Гомелі, гмахі тэатраў у Гродне і Мінску, Маладзёжны цэнтр “Мінск” у Наваполацку, Палацы культуры ў Клецку, Барысаве, Салігорску і г.д. А завяршыўся гэты росквіт у сярэдзіне 1990-х, калі былі дабудаваныя такія грандыёзныя аб’екты як галоўны чыгуначны вакзал у Мінску, Палац рэспублікі і Нацыянальная бібліятэка – яны былі запраектаваныя яшчэ ў сярэдзіне 1980-х, а ўрачыста, з трыумфам адкрываць іх давялося ўжо Лукашэнку. Імклівы рост гарадоў, будаўніцтва пампезных, буйнамаштабных аб’ектаў культуры, транспарту, адукацыі і спорту, аб’ектаў творчых саюзаў, музеяў і паркаў садзейнічалі рэзкаму павышэнню самаацэнкі беларусаў, якія справядліва ганарыліся больш высокім (у параўнанні з іншымі рэгіёнамі СССР), узроўнем жыцця ў гарадах, лепшай якасцю праектавання урбаністычнага асяроддзя і самога будаўніцтва. Гэта быў годны фон паскоранай кансалідацыі нацыі ў гарадах, росту нацыянальнае самасвядомасці, у выніку адноснае лібералізацыі палітычнага жыцця ды інспіравнага кіраўніцтвам БССР развіцця культуры і асветы, гуманітарных навук і мастацтва.

Разам з тым у апошнія гады да святкавання “Дажынак” і “Дзён беларускага пісьменства”[i] паўсталі помнікі, напрыклад, вялікаму канцлеру ВКЛ Льву Сапегу ў Лепелі, Святой Сафіі Слуцкай у Слуцку, Якубу Коласу ў Ганцавічах, а ў Глыбокім адначасова ўсталявалі бюсты фундатару глыбоцкіх храмаў ваяводу Іосіфу Корсаку, прэм’еру Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаву Ластоўскаму, заснавальніку беларускага тэатра Ігнату Буйніцкаму, мастаку Язэпу Драздовічу, адраджэнцу іўрыту Эліязэру Бен-Ягуду…

У Воршы былі адрэстаўраваныя многія помнікі архітэктуры, адноўлены ансамбль езуіцкага кляштара ў самым цэнтры горада з гадзіннікавай вежаю, што была разбураная расійскімі ўладамі яшчэ ў 1848 г.! Практыка адбудовы гістарычных аб’ектаў у цэнтрах беларускіх гарадоў стала паўсюднаю: у Мінску аднавілі ратушу, знесеную паводле загаду расійскага цара Мікалая І яшчэ ў 1837 г., у Магілёве – ратушу XVII ст., знесеную па вайне камуністамі, у Лідзе – замак Гедыміна XIV cт., разбураны яшчэ шведамі, у Полацку, Мінску, Воршы, Віцебску ды ў іншых гарадах аднавілі манументальныя саборы, што былі зруйнаваныя ў розныя часы – за царом і за камуністамі.

Цалкам у духу “Дажынак” Саветам Міністраў Беларусі была зацверджаная дзяржаўная праграма (на 2012–2018 гг.) “Замкі Беларусі”. У спіс праграмы ўвайшло 38 аб’ектаў. Праграма прадугледжвае аднаўленне такіх легендарных збудаванняў як Стары замак у Гродне, замкі ў Лідзе і Любчы, Сапегаўскі палац у Ружанах, плануюць аднаўленне паўночнай, Княжай вежы Крэўскага замку, у якой падпісвалася Унія. Замкі ў Навагрудку, Крэве, Гальшанах, Быхаве, Геранёнах, Смалянах і Тэльмане чакае кансервацыя з «частковай рэстаўрацыяй». Самыя цэлыя іх фрагменты прыстасуюць пад музейныя экспазіцыі. Як, напрыклад, частку замка Сапегаў у Быхаве, дзе да сярэдзіны 1990-х была мэблевая фабрыка.

У выніку бурнай і часам супярэчлівай дзейнасці ўладаў гарады, перадусім ва ўсходніх рэгіёнах, мяняюцца непазнавальна. Яны ўзбагачаюцца такімі аб’ектамі, што садзейнічаюць росту нацыянальнае свядомасці і лакальнага патрыятызму. Гэта, бадай, і ёсць асноўнай задачаю цяперашніх уладаў – змяніць урбаністычны краявід цалкам, надаць яму рысы новае, яшчэ не сфармуляванае й не асэнсаванае нацыянальнае ідэнтычнасці ў ХХІ ст.

Полацк

Горад Полацк. Фота аўтара.

Горад Полацк. Фота аўтара.

Яскравым прыкладам тут стаў Полацк, які сёння можа ганарыцца ўніверсітэтам, тэатрам, ладным дзясяткам музеяў, сярод якіх выдатная мастацкая галерэя з найлепшай у Беларусі экспазіцыяй мастацтва мінулага стагоддзя, унікальныя музеі кнігадрукавання, дзіцячы і нават музей экалогіі. Хто б калі думаў пра такое ў часы СССР? Паўсталі помнікі Святой Еўфрасінні, Сімяону Полацкаму ды нават нашай літары “Ў”. Апроч таго, у Полацку з’явіліся свае тэатральныя і ўніверсітэцкія асяродкі. То бок, амбіцыі гэтага места пачалі адпавядаць ягонай ролі ў мінуўшчыне… Пры ўсіх спробах улады прысабечыць гэтыя дасягненні нельга не ўбачыць галоўнага: сучасны культурны рост Полацка быў запраграмаваны менавіта тутэйшымі нефармаламі яшчэ ў сярэдзіне 1980-х. Гэта дзякуючы клубу “Вытокі” будзілася грамадская думка на абарону старасвеччыны, ладзіліся талокі на старажытных могілках, ратаваліся ад поўнага знішчэння здабыткі дойлідства. Гэта дзякуючы галасам Сержука Цімохава, Уладзімера Арлова, Алега Мінкіна, Сержука Сокалава-Воюша, Вінцэся Мудрова ды іхным сябрам Полацк вярнуўся з легенды, яны яшчэ ў 1980-ыя здолелі ўдыхнуць жыццё ў вобразы здавёншчыны. А сёння ўжо гімн горада напісаў няўрымслівы Алесь Аркуш. І нічога – выконваюць афіцыйна. Можна назваць пайменна і іншых герояў, рупнасцю якіх у Полацку шмат што зрушылася да лепшага: гэта дойліды-рэстаўратары Валеры Слюнчанка і Вадзім Гліннік, мастак-рэстаўратар Уладзімер Ракіцкі, які раскрыў старажытныя фрэскі ў Спасаўскай царкве, археолаг і публіцыст Сяргей Тарасаў ды ягоны калега археолаг і выкладчык Дзяніс Дук. Дзякуючы іх высілкам нам сёння вядома ўдвая больш пра старажытныя полацкія помнікі, чым два дзясяткі гадоў таму. А пра самаадданае ўслаўленне роднага Полацка Уладзімерам Арловым, бадай, ведаюць у Беларусі ўсе.

Аднаўленне ўнікальнага комплексу Спасаўскага манастыра з брыды запусцення — яскравае сведчанне таго, што было зроблена ў першыя ж гады нашай незалежнасці. І ўжо ў 1992 годзе быў тут адбудаваны велізарны Крыжаўздзвіжанскі сабор, страшэнныя руіны якога можна было бачыць за савецкім часам. Апроч ракі Святой Еўфрасінні тут зберагаецца ад 1997 года і копія яе Крыжа. Вернікам жа быў вернуты й Багаяўленскі сабор, у якім таксама знайшлі роспісы, пабудаваная новая Свята-Пакроўская царква на вуліцы Скарыны. На беразе Дзвіны паўстала вельмі прыгожая, пад чырвонай дахоўкаю, Успенская царква старавераў, дзе, дарэчы, можна пабачыць унікальныя стараверскія абразы. Паўстаў першы ў Беларусі, аж ад часоў касавання царкоўнае Уніі, ад 1839 года, грэка-каталіцкі кляштар з царквою, тры рыма-катліцкія касцёлы, якіх не было ўжо, чынных, ад 1920-х гг. Гэта падавалася фантастыкай усяго чвэрць стагоддзя таму.

Беларусы абжылі гарады, яны іх стварылі й працягваюць мяняць і разбудоўваць. Менавіта гарады сёння сталіся апірышчам беларускай этнічнай ідэнтычнасці, дзе рэалізуецца беларуская нацыянальная ідэя. У асяроддзі менавіта гарадской моладзі паўсталі тыя нефармальныя патрыятычныя аб’яднанні і клубы, такія як фальклорная “Майстроўня”, літаратурныя “Тутэйшыя” і “Бабілён”, гісторыка-культурныя “Талокі” ды “Ратушы”, што сталі асноваю для нацыянальна-вызвольнага руху напрыканцы 1980-х, а затым і палітычных партыяў, культурніцкіх арганізацыяў, што дзеяць да сёння. Менавіта ў гарадах, дзе выспела ідэя суб’ектнасці беларускае нацыі, сёння засяроджваецца і нацыянальная культура. У сталіцы Беларусі, у Мінску, сёння ёсць 7 сярэдніх навучальных установаў з беларускай мовай навучання і выхавання ды 11 з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, і, паводле афіцыйнай інфармацыі з Міністэрства адукацыі, 12 дашкольных установаў з беларускай моваю навучання. Нагадаю, што ў 1990/1991 навучальным годзе ні ў адным горадзе Беларусі не было аніводнае школы з беларускай моваю навучання, ніводнай групы ў садках. Па-беларуску вядзецца дакументацыя і адбываюцца набажэнствы ва ўсіх грэка-каталіцкіх і ў большасці прыходаў рыма-каталіцкай царквы, у шматлікіх пратэстанцкіх абшчынах, у некаторых праваслаўных прыходах – менавіта ў гарадах Беларусі!

Інспіраваныя цяперашнімі ўладамі радыкальныя горадабудаўнічыя змены ў гарадскіх цэнтрах сталіся таксама важнымі чыннікамі паўставання новае ідэнтычнасці, супярэчлівае, з рудыментамі савецкае ідэалогіі, але і з пафасам духоўнага адраджэння, узнаўлення страчаных каштоўнасцяў, стваральнікамі якіх сёння сталі самі беларусы, жыхары гарадоў, у другім і ў трэцім ужо пакаленні.

Пра аўтара:

Chareuski-fotoСяргей Харэўскі (нар. 1967, Мінск) – гісторык архітэктуры, культуролаг, мастацтвазнаўца. Скончыў Інстытут імя І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1988 – 1992), аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, цяпер выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня). Аўтар кніг “ПраЧутае”, “Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу”, “Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915 – 1940 гг.”, “ПраМоўленае” ды інш. Тэксты С. Харэўскага перакладаліся на венгерскую, польскую, літоўскую, нямецкую, расейскую, украінскую, чэшскую ды інш. мовы. Супрацоўнічаў са СМІ Літвы, Люксембурга, Нямеччыны, Польшчы, Расіі, Чэхіі.


[i] Дзяржаўныя фэсты, што ладзяцца ўладамі ў цэнтрах раёнаў.

Свята-кірмаш для калгаснікаў – Дажынкi – адбываюцца з волі Лукашэнкі штогод ад 1996 года. Старажытная народная традыцыя стала ўвасабленнем дзяржаўнае постсавецкае ідэалогіі.

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ўладамі штогод у першую нядзелю верасня. Канцэпцыя гэтага афіцыйнага свята прадугледжвае адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі і праходзіць у гарадах, што былі гістарычнымі цэнтрамі культуры, асветы і літаратуры, а пры цяперашнім рэжыме – расквітнелі.

Крыніца: http://by.kulturaenter.pl

One thought on “Горад і Беларусь

  1. Часлаў Салодкі з Віцебску

    Вялікі Дзякуй, Шаноўны Спадар Сяргей, за Змястоўны Артыкул! Я заўсёды з вялікай цікавасцю стаўлюся да Вашых Каментараў у Самых Розных Праграмах аб Нашай Бацькаўшчыне – Беларусі!!!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.