Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Генэралу Булак-Балаховічу — 130 гадоў (фільм, біяграфія)

bulakbalahovich 1Першы ў гісторыі дакумэнтальны фільм пра Станіслава Булак-Балаховіча — першага генэрала Беларускай Народнай Рэспублікі і генэрала польскага войска. За часам ягонага жыцьця, як і пасьля трагічнай сьмерці, адныя лічылі яго наймітам і авантурыстам, іншыя — пакутнікам і героем.

Аўтары стужкі «Генэрал няскончанай вайны», зьнятай на змову тэлеканалу Белсат, шукаюць адказ на пытаньні, кім насамрэч быў, за што змагаўся і як загінуў генэрал, трагічна зьвязаны з гісторыяй беларусаў і палякаў. Рэжысэр: Сяргей Ісакаў

Станіслаў Булак-Балаховіч. Жыцьцё і змаганьне

​​Станіслаў Булак-Балаховіч, адзін зь лідараў узброенага супраціву бальшавікам у Беларусі, нарадзіўся 130 гадоў таму — 10 лютага 1883 года.

Станіслаў Булак-Балаховіч служыў у расейскім войску, дзе атрымаў чын генэрала, пасьля ўдзельнічаў у барацьбе з бальшавікамі на баку «белых».

У лютым 1920 года ён зьвярнуўся да кіраўніка Польшчы Юзафа Пілсудзкага з просьбай прыняць яго на службу для вайны з савецкай Расеяй. Пасьля атрыманьня згоды Булак-Балаховіч са сваім атрадам прыбыў у Даўгаўпілс (Дзьвінск), дзе быў урачыста прыняты знакамітым польскім генэралам Эдвардам Рыдз-Сьміглы.

Адразу ж пасьля прыбыцьця ён пачаў фармаваць сваё войска з дабраахвотнікаў. У чэрвені 1920 года дывізія Булак-Балаховіча ўступіла ў баі з бальшавікамі. 30 чэрвеня яна нанесла цяжкую паразу чырвоным часткам у раёне Славечны. 3 ліпеня балахоўцы атакавалі Вяледнікі, захапіўшы штаб брыгады. Падчас баёў генэрал практыкаваў сваю любімую тактыку партызанскага бою.

Пасьля заключэньня ў 1920 годзе перамір’я паміж Масквой і Варшавай генэрал далей наносіў удары з тэрыторыі Польшчы па бальшавіцкіх войсках у Беларусі. Савецкі ўрад накіраваў пратэст, і польскі Сэйм запатрабаваў раззбраеньня ягонага войска.

Постэр да гадавіны Булак-Балаховіча, распаўсюджаны ў інтэрнэце

Постэр да гадавіны Булак-Балаховіча, распаўсюджаны ў інтэрнэце

Булак-Балаховіч адмовіўся выканаць патрабаваньне і перайшоў савецка-польскую мяжу. Плян генэрала быў просты — падняць сялянскае паўстаньне і скінуць савецкую ўладу. Цягам двух дзён ягоныя войскі занялі тэрыторыю беларускага Палесься ад мяжы з Польшчай да Петрыкава. 9 лістапада 1920 кавалерыйская дывізія палкоўніка Сяргея Паўлоўскага разьбіла чырвоных пад Раманаўкай. Палкоўнік Мацьвееў заняў Скрыгалаў. Пераможны паход балахоўцаў скончыўся узяцьцем Мазыра 12 лістапада 1920 г.

Атрад Булак-Балаховіча

Атрад Булак-Балаховіча

За некалькі дзён да гэтага на ўрачыстым парадзе сваіх войскаў у Тураве Булак-Балаховіч разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг і пакляўся не складаць зброі, пакуль не вызваліць родны край ад савецкіх войскаў. У Мазыры ён абвясьціў аб аднаўленьні ўлады БНР і роспуску ўраду БССР. 14 лістапада генэрала абвясьцілі галоўнакамандуючым узброеных сілаў.

Бальшавікі перакінулі вялікія сілы з цэнтральнай Расеі. Толькі дзякуючы велізарнай колькаснай перавазе яны здолелі дамагчыся пералому на фронце.

У ноч на 18 лістапада Булак-Балаховіч быў вымушаны пакінуць Мазыр. Зь вялікай цяжкасьцю ён здолеў прабіцца да польскай мяжы. У Польшчы ягоныя войскі былі інтэрнаваныя і раззброеныя. Асобныя атрады працягвалі ўзброены супраціў на тэрыторыі Беларусі.

Савецкі ўрад запатрабаваў ад Пілсудзкага выдачы генэрала Балаховіча, аднак ён адмовіўся зрабіць гэта. Пасьля акупацыі Польшчы ў 1939 годзе нямецкімі войскамі Булак-Балаховіч спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад дзеля барацьбы з акупантамі. Ён быў забіты ў Варшаве 10 траўня 1940 года нямецкім патрулём. Месца пахаваньня Балаховіча невядомае.

Відэа:

Крыніца: Радыё Свабода

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.