Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Фотаэтнаграфічная калекцыя Ісака Сербава 1911-12 гадоў.

Іса́к Се́рбаў
Іса́к Се́рбаў

У аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэту  ў фондзе VUB F 46 захоўваецца калекцыя з 437 этнаграфічных фатаграфій  з Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Мазырскага, Пінскага, Рэчыцкага, Слуцкага паветаў Менскай губерні, якая была створана  ў 1911 – 1912 гг. беларускім этнографам Ісакам Сербавым (1871 – 1943).

Значэнне гэтых фатаграфічных дакументаў для вывучэння этнаграфіі, традыцыйнай культуры, народнага касцюма і архітэктуры Беларусі цяжка пераацаніць. Калекцыя з’яўляецца неацэннай  крыніцай  візуальнай інфармацыі аб тым, якой была Беларусь і  беларусы 100 гадоў таму назад.

З’яўленне калекцыі стала магчымым, дзякуючы навуковым экспедыцыям – “этнаграфічна-фатаграфічнымі экскурсіямі”, “фатаграфічным экспедыцыямі” І. Сербаў. Настаўнік Менскай  гарадской вучэльні, потым Віленскай  мужчынскай вучэльні, ён  захапляўся этнаграфіяй і ў летнія месяцы падарожнічаў з фотаапаратам “Кодак” па Палессі. З удасканаленнем фатаграфічнай тэхнікі і матэрыялаў у пачатку ХХ фатаграфаванне становіцца часткай палявой працы этнографаў.  Справаздачы аб паездках, якія былі апублікаваныя, і рукапісныя дакументы, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта ў фондзе Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (VUB F 34),  праліваюць святло на падрабязнасці яго экспедыцый і асаблівасці палявога этнаграфічнага фатаграфавання.

На фотаздымках І. Сербава бачым вясковыя вуліцы і іх жыхароў у святочныя дні,  двары сялян з сельскагаспадарчымі  прыладамі  працы, гумны, хлявы, прылады для сушкі сена і па-мастацку аформленыя стагі, вятракі, драўляныя цэрквы ў вёсках і мястэчках Палесся, могілкі з высокімі палескімі крыжамі. Этнограф зафіксаваў разнастайныя моманты сялянскай штодзённасці: жанчыны жнуць жыта, рвуць каноплі,  дзяруць лён, прадуць на калаўроце, абіраюць бульбу; мужчыны аруць на валах, косяць сена; дзеці-пастушкі пасуць статак авечак. На здымках увасоблена таксама дробная палеская шляхта, мяшчане палескіх мястэчак.  У яго фотааб’ектыў трапляла прырода Палесся і вынікі пераўтварэння яе чалавекам: балоты, азёры, грэблі – насыпныя дарогі на балотах, меліярацыя, Агінскі канал.

Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца  этнаграфічныя фотапартрэты, у якіх І. Сербаў  здолеў перадаць характар,  антропанімічныя асаблівасці,  традыцыйнае адзенне, галаўныя ўборы сялян. На фатаграфіях жыхары палескіх вёсак і мястэчак захаваныя прыгожымі, з уласцівым ім пачуццём уласнай вартасці. Белая палатняная адзежа з арнаментам, складаныя формы галаўных убораў жанчын сведчаць аб высокай мастацкай і бытавой сялянскай  культуры. Большасць фатаграфій этнографа зафіксавалі дастатак, заможнасць беларускіх сялян і мяшчан у пачатку ХХ ст.

Геаграфіі здымкаў ахапляе значную тэрыторыю сучаснай  Мінскай, а таксама Брэсцкую, Гомельскую і Магілёўскую вобласці Беларусі. І. Сербаў фатаграфаваў у 73 населеных пунктах, восем з якіх зараз уваходзяць у склад Украіны. Гэтыя матэрыялы маюць важнае значэнні для вывучэння традыцыйнай этнічнай культуры на сучасным беларуска-украінскім памежжы, культуры Палескага рэгіёна ў цэлым.

Сёння, разглядаючы  гэтыя фатаграфічныя выявы, выкананыя ў пачатку ХХ ст., мы па праве можам назваць І. Сербава першым беларускім візуальным антраполагам. У гісторыі этнаграфічнай фатаграфіі Беларусі яго імя займае адно з першых месцаў. Высокая якасць і мастацкія вартасці фотаздымкаў І. Сербава дазваляюць аднесці іх  да найболей значных яе дасягненняў. Этнографу наканавана было стаць першым фотадакументалістам архаічнага Палесся.

Гэтая калекцыя фатаграфій чакае сваёй публікацыі. Выданне юбілейнага альбома фатаграфій І. Сербава  з паездак па Палессі 1911 –  1912 гг. магчыма рэалізаваць  агульнымі намаганнямі Беларусі і Літвы, якая захавала  каштоўную фатаграфічную спадчыну  беларускага этнографа.

Вольга Лабачэўская, 11.05.2011 г.,  http://www.photoscope.by

Даведка:

Іса́к Се́рбаў (Іsak Serbau / Исаак Сербов / Isak Serbów) — беларускі этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадзейны чалец Інстытута Беларускай культуры (1922), кандыдат гістарычных навук (1934).

Нарадзіўся 27 траўня 1871, ў вёсцы Кульшычы, (Слаўгарадзкі раён Магілёўскай вобл.)— 21 студзеня 1943.

У 1892 скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, у 1901 Маскоўскі археалагічны інстытут. Працаваў настаўнікам у Менску і іншых беларускіх местах. У 1910—1912 як чалец Паўночна-Заходняга аддзелу Расейскага геаграфічнага таварыства наладжваў экспедыцыі на Беларусь. У 1919—1921 працаваў у аддзелах народнай асветы Магілёўскай і Гомельскай губерняў, удзельнічаў у працы па зборы і ахове помнікаў мастацтва і гісторыі. 3 1923 працаваў выкладнікам, загаднікам катэдры этнаграфіі БДУ, з 1925 сакратаром секцыі этнаграфіі Інбелкульту. У 2-й палове 1920-х даследаваў курганы дрыгавічоў каля Менску і Мазыра. 3 1929 навуковы сакратар кафедры этнаграфіі і фальклёру Інстытуту гісторыі АН Беларусі.

Вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэтычную і музычную творчасць беларускага народу. Сабраў багатыя калекцыі народнага адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з беларускіх этнографаў стварыў вялікую фотатэку, у якой зафіксаваныя тыпы адзеньня жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гаспадарчых пабудоваў, вырабы рамёстваў. Сабраныя этнаграфічныя матэрыялы і назіранні абагульніў у працах «Сяло Вялікае; Малюнкі з жьцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палесьсі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915).

http://be.wikipedia.org/

Вёска Дражын Бабруйскага павета.Жанчыны з дзецьмі (Германчукі)
Вёска Дражын Бабруйскага павета.Жанчыны з дзецьмі (Германчукі)
Ганна і Лоўгін Кобзары з сяла Барыскавічы Мазырскага павета
Ганна і Лоўгін Кобзары з сяла Барыскавічы Мазырскага павета
Дзяўчынкі Таццяна і Алена з вёскі Васілевічы Рэчыцкага павета.
Дзяўчынкі Таццяна і Алена з вёскі Васілевічы Рэчыцкага павета.
Дзяўчыны з вёскі Прудакі Мозырскага павета
Дзяўчыны з вёскі Прудакі Мозырскага павета
Жанчыны вёскі Шчыткавічы Бабруйскага павета (подпіс Жанчыны зьбіраюць грыбэ)
Жанчыны вёскі Шчыткавічы Бабруйскага павета (подпіс Жанчыны зьбіраюць грыбэ)
Мястэчка Петрыкаў Мазырскага павета. Кірмаш. Гандаль цыбуляй і часныком.
Мястэчка Петрыкаў Мазырскага павета. Кірмаш. Гандаль цыбуляй і часныком.
Мястэчка Петрыкаў. Кірмаш. Цыгане
Мястэчка Петрыкаў. Кірмаш. Цыгане
Мястэчка Тураў Мазырскага павета. Месца старажытнага манастыра
Мястэчка Тураў Мазырскага павета. Месца старажытнага манастыра
Стог ў сяле Вуйвічы Пінскага павета.
Стог ў сяле Вуйвічы Пінскага павета.
Сяло Аўцюкі Рэчыцкага павета
Сяло Аўцюкі Рэчыцкага павета
Сяло Васілевічы. На парозе скрабуць картоплю
Сяло Васілевічы. На парозе скрабуць картоплю
Сяло Лучынкі Слуцкага павета
Сяло Лучынкі Слуцкага павета
У дарозе. Бабруйск.
У дарозе. Бабруйск.
Агата і Ганна Мітраховічы з вёскі Рудня Бабруйскага павета
Агата і Ганна Мітраховічы з вёскі Рудня Бабруйскага павета

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.