Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Дзень Волі! Сьвята ўсіх беларусаў!

Дзень Волі.
Дзень Волі.

Адміністрацыя Інстытута беларускай гісторыі і культуры віншуе ўсіх беларусаў з  вялікім нацыянальным святам – Днём Волі.

Незалежнасць для любой нацыі з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю. Таму няхай ідэалы, якія нашыя продкі аб’явілі 25 сакавіка 1918 года, будуць непарушнымі і жывуць у нашых сэрцах.

Беларуская Народная Рэспубліка, БНР — палітычнае ўтварэнне пач. 20 ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якое прэтэндавала на дзяржаўнасць. Галоўным кіраўнічым органам з’яўлялася Рада. Незалежнасць БНР абвешчана Радай ноччу на 25 сакавіка 1918.

Дзяржаўная і абавязковая мова: беларуская (з 28.4.1918).

Атрыбуты дзяржаўнасці: Часовая канстытуцыя (11.10.1918), пячатка БНР (з 28.4.1918), сцяг і герб (з чэрвеня 1918). Былі выпушчаны пашпарты грамадзян БНР (лета 1918).

Выканаўчым органам быў Народны сакратарыят, з 11 кастрычніка 1918 перайменаваны ў Раду народных міністраў БНР. Месца паседжанняў ураду: Мінск, Гродна (са снежня 1918).

У выніку недастатковага ўзроўню арганізаванасці, недахопу ўзброеных фармаванняў і інш. дзяржаўныя органы знішчаныя альбо эмігравалі за мяжу. Рада БНР працягвае сваю дзейнасць на эміграцыі ў наш час.

Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкуецца часткай беларусаў як Дзень Волі.

Міжнароднае прызнанне і межы БНР

Фактычна або юрыдычна БНР у 1918-20 прызналі Украінская Народная Рэспубліка[1], Літва[2], Латвія[3], Эстонія, Чэхаславакія, Германія, Балгарыя, Фінляндыя, Турцыя і інш.[4].

БНР была абвешчана “на землях, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ”.[5] У склад БНР уключаліся: Магілёўшчына, беларуская частка Міншчыны, Гродзеншчына (з гарадамі Гродна і Беласток), Віленшчына, Смаленшчына[6], Чарнігаўшчына і сумежныя часткі суседніх губерняў, заселеных беларусамі (меліся на ўвазе Сувалкаўская і Ковенская губ.[7]).

Карта БНР

Карта БНР

Перадумовы абвяшчэння БНР

Лозунг БНР упершыню прагучаў у 1917, у прыватнасці на Усебеларускім з’ездзе (кангрэсе) у Мінску. Незалежніцкія настроі ў беларускім руху ў значнай ступені былі выкліканы палітыкай Часовага ураду Расіі, які не хацеў лічыцца з патрабаваннямі беларускіх арганізацый аб наданні Беларусі статуса аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а таксама палітыкай Савета Народных Камісараў Расіі, які вёў перагаворы з Германіяй аб лёсе Беларусі без удзелу ў іх прадстаўнікоў беларускага народу. Незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся пасля разгону Усебеларускага з’езду і пасля таго, як З-і Усерасійскі з’езд Саветаў (студзень 1918) ухваліў гэты разгон.

Ва ўмовах, калі бальшавікі паводле Брэсцкага міру перадавалі беларускія землі Германіі, часткай дзеячаў беларускага нацыянальнага руху было прапанавана абвясціць поўную незалежнасць Беларусі.

Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі, шыльда

Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі, шыльда

Стварэнне БНР

Калі ў ходзе І сусветнай вайны, пасля падпісання Брэсцкага міру, Чырвоная Армія пакінула Мінск, а германскія войскі яшчэ не ўступілі, група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху зрабіла спробу ўзяць на сябе ўладу. Выканкам Рады Усебеларускага кангрэса 21 лютага 1918 звярнуўся да народа Беларусі з 1-ай Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладай у Беларусі. Часовым выканаўча-распарадчым органам стаў створаны ім Народны сакратарыят на чале з Я. Варонкам. У яго склад увайшлі: П. Крачэўскі, А. Смоліч, П. Бадунова, А. Карач, Т. Грыб, К. Езавітаў, І. Серада і інш. Разлік быў на тое, што германскаму камандаванню прыйдзецца прыняць як дадзенае беларускае нацыянальнае ўтварэнне.

9 сакавіка 1918 адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса. У яго склад былі запрошаны прадстаўнікі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меншавікоў, ЕС і СС, Паалей-Цыёна і інш. Агульная колькасць членаў Выканкама была даведзена да 71 чалавека. Пасяджэнне прыняло Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб’яўлена народнай рэспублікай. Выканаўчы камітэт быў перайменаваны ў Раду БНР, абраны Прэзідыум Рады на чале з I. Серадой. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў ўсіх нацыянальнасцяў Беларусі. Права прыватнай уласнасці на зямлю не адмянялася. Зямля павінна была перадавацца бясплатна тым, хто яе апрацоўваў. Лясы, воды і нетры аб’яўляліся ўласнасцю БНР. Паўсюдна ўстанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень.

Сацыяльна склад Рады БНР быў неаднародны. Галоўную ролю ў ёй ажыццяўлялі сярэднія слаі нацыянальнай інтэлігенцыі, у партыйных адносінах Рада складалася з прадстаўнікоў розных нацыянальных сацыялістычных партый (БСГ, ЕС і СС, Паалей-Цыён, Бунд), а таксама рускіх эсэраў і меншавікоў. Усе гэтыя партыі адхілялі Кастрычніцкую рэвалюцыю, але не ўсе падтрымлівалі аддзяленне Беларусі ад Расіі і ўтварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Рускія эсэры, меншавікі і яўрэйскія сацыялістычныя партыі выказаліся за знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. Яўрэйскія партыі асцерагаліся, што ў беларускай нацыянальнай дзяржаве на першы план выйдзе беларуская буржуазія. Рускія эсэры стаялі на пазіцыі «адзінай і непадзельнай» Расіі. Толькі БСГ паслядоўна патрабавала самавызначэння Беларусі.

Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 пасля дзесяцігадзінных спрэчак нязначнай большасцю галасоў прыняла пастанову Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвясціла незалежнасці Беларусі. У пратаколе адзначалася, што атмасфера ў час пасяджэння была «наэлектрызавана». Супраць аддзялення Беларусі ад Савецкай Расіі галасавалі дэпутаты гарадской, земскай і бундаўскай фракцый. Ад галасавання ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі, Паалей-Цыёна і сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Рады БНР і адазвала сваіх прадстаўнікоў з Народнага сакратарыята. Трэцяй Устаўнай граматай ад 25 сакавіка 1918 БНР абвяшчалася «незалежнай і вольнай дзяржавай».

У пачатку свайго ўтварэння БНР не знайшла падтрымкі шырокіх народных мас. Прычын таму многа. Яна была створана ў вельмі неспрыяльных умовах і існавала пад акупацыяй. Акупацыйны рэжым быў супраць нацыянальных імкненняў, нацыянальных органаў улады абвешчанай дзяржавы. І народам ён успрымаўся як варожы. Але Рада вымушана была калі не супрацоўнічаць з ім, то быць для яго лаяльнай. У працэсе стварэння БНР шырокія народныя масы ўдзелу не прымалі. Вядома, што I Усебеларускі з’езд даверыў абранаму ім Савету з’езда падрыхтаваць і склікаць Беларускі Устаноўчы сход, а затым II Усебеларускі з’езд, на якім абвясціць будучую беларускую дзяржаву. Фактычна выйшла, што БНР абвясціў нават не Савет з’езда, а створаны ім орган — Выканаўчы камітэт Рады Кангрэса, які потым кааптаваў у свой склад 28 прадстаўнікоў нацыянальных груп.

БНР дабіваецца міжнароднага прызнання

Народны сакратарыят дамагаўся міжнароднага прызнання БНР. З гэтай мэтай у чэрвені 1918 дэлегацыя на чале з Р. Скірмунтам наведала Кіеў. Урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаў БНР. 18 красавіка 1918 з Кіева дэлегацыя БНР адправіла радыётэлеграмы ўрадам усіх краін і Савецкай Расіі з пераказам сутнасці падзей, якія адбыліся ў Беларусі, і паведамленні аб тым, што з моманту абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці беларускі народ не прызнае тых пунктаў Брэсцкага дагавора ад 3 сакавіка 1918, якія датычылі яго тэрытарыяльных інтарэсаў.

Летам 1918 дэлегацыя БНР выязджала ў Маскву, але не была прынята народным камісарам РСФСР. Дыпламатычныя місіі былі таксама накіраваны ў Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген. Консульства БНР было адчынена ў Літве.

Мэтай ураду БНР было таксама прызнанне беларускай дзяржавы Германіяй і стварэнне з яе дазволу ўласных узброеных сіл і паліцыі. Але дэмарш урада БНР да Германіі быў без вынікаў. Улада Варонкі, паводле яго прызнання, пачала змяншацца і была абмежавана толькі нацыянальным прадстаўніцтвам пры нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і некаторымі другараднымі функцыямі. На пасланыя ў Берлін тры граматы БНР рэйхсканцлер паведаміў Народнаму сакратарыяту, што Берлін разглядае Беларусь як частку Савецкай Расіі, што, згодна Брэсцкаму дагавору, Германія не магла без урада Леніна прызнаць зноў беларускую дзяржаву.

Нягледзячы на адмову кайзераўскага ўрада прызнаць БНР, кансерватыўныя сілы Рады БНР працягвалі дамагацца арыентацыі на Германію. Іх падтрымлівалі буйныя землеўладальнікі. У лісце ўраду Германіі яны пісалі: калі б нямецкія войскі не акупавалі наш край, мы рассталіся б з маёнткамі і жыццём. «Жывём надзеяй, што міжнародны трактат адарве нас ад Расіі і злучыць з Літвой пад абаронай Германіі». У процівагу Радзе БНР, якую германскае камандаванне лічыла сацыялістычнай, у Мінску ўтварылася Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Р. Скірмунтам, П. Алексюком, В. Гадлеўскім, Т. Вернікоўскім і інш. Узаемаразумення з БНП шукала правае крыло БСГ, зацікаўленае ў паляпшэнні адносін з германскім камандаваннем. Неўзабаве Рада БНР прыняла ў свой склад БНП.

Значных поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслацкай семінарыі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага універсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі А. Смоліч, М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 была створана першая беларуская навуковая ўстанова – Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты.

Германскія акупацыйныя ўлады, з аднаго боку, не перашкаджалі культурна-асветніцкай дзейнасці БНР, а з другога – ухіляліся ад афіцыйнага прызнання яе. Шэраг членаў Рады і Народнага сакратарыяту БНР, якія спрабавалі дамагчыся падтрымкі ўрада Германіі, звярнуліся да германскага імператара з тэлеграмай, у якой дзякавалі за вызваленне Беларусі, прасілі дапамагчы ў стварэнні яе дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй.

 Палітычны крызіс БНР

Выданне 3-яй Устаўнай граматы і пасылка тэлеграмы імператару Германіі выклікалі ў БНР палітычны крызіс. Са складу Рады выйшлі гарадская група, прадстаўнікі Бунда, Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная партыя. БСГ раскалолася. Утварыліся новыя партыі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР).

Лідэрамі БСДП былі А. Смоліч, Б. Тарашкевіч, Я. Лёсік, А. Прушынскі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч. Яе праграма прадугледжвала рэфармісцкае пераўтварэнне капіталістычнага ладу грамадства ў сацыялістычны. Задача нацыяналізацыі прамысловасці не ставілася. Зямлю меркавалася перадаць сялянам для арганізацыі на ёй дробных працоўных гаспадарак. Памешчыкам мелася на ўвазе захаваць разумную норму карыстання зямлёй. Высоўвалася патрабаванне аб’яднання ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў у незалежнай БНР.

Кіруючае ядро БПСФ склалі Я. Варонка, А. Цвікевіч, К. Езавітаў, В. Захарка, А. Аўсянік, П. Крачэўскі, І. Серада. З заявы партыі выцякала, што ў аснову яе светапогляду і тактыкі былі пакладзены інтарэсы і імкненні працоўнага люду. Партыя патрабавала канфіскацыі буйных землеўладанняў і стварэння на гэтай падставе «беларускага нацыянальнага зямельнага фонду», росту прамысловай вытворчасці і паступовай перадачы яе ў рукі народа. Працягваючы лінію БСГ, яна ставіла сваёй задачай вызваленне беларускага народа ад нацыянальнага прыгнёту шляхам стварэння сусветнай федэрацыі, у якой беларуская дэмакратычная рэспубліка павінна стаць састаўной адзінкай.

БСДП і БПСФ на першае месца ставілі нацыянальнае пытанне і толькі пасля яго рашэння разлічвалі прыступіць да сацыяльных пераўтварэнняў. Абедзве партыі былі нешматлікімі, іх сацыяльнай базай была беларуская інтэлігенцыя.

Арганізатарамі БПСР былі Т. Грыб, П. Бадунова, Я. Трафімаў, Я. Мамонька, А. Маркевіч, В. Русак, М. Шыла, Н. Козіч і інш. Яе сацыяльнай базай з’яўлялася беларуская інтэлігенцыя і сялянства. БПСР прэтэндавала на авангардную ролю ў беларускім руху. Патрабаванні яе зводзіліся да ўстанаўлення «дыктатуры працоўных», сацыялізацыі зямлі, кааперыравання сялянства, незалежнай беларускай рэспублікі ў этнаграфічных межах. Пры станоўчых адносінах да акта 25 сакавіка 1918 аб абвяшчэнні незалежнасці БНР яна настойвала на яе «юрыдычным прызнанні» Усебеларускім Устаноўчым з’ездам. Члены БПСР Т. Грыб, П. Бадунова, А. Карач выйшлі са складу Народнага Сакратарыята, але разам з членамі Рады БНР М. Пашковічам, Н. Козічам, М. Шыла, Я. Мамонькам і інш. заставаліся ў Радзе, як непрымірымая апазіцыя. Пасля адстаўкі І. Серады і А. Смоліча члены Народнага Сакратарыята, якія засталіся, склалі свае паўнамоцтвы.

У Радзе БНР месцы гарадской групы занялі прадстаўнікі культурных, прафесіянальных і навуковых беларускіх арганізацый, ад Бунда, СС і ЕС — Мінскай яўрэйскай абшчыны. У выніку Рада стала кааліцыйным органам з перавагай кансерватыўных сіл. Фарміраванне новага складу Народнага сакратарыята было даручана Р. Скірмунту. У сваёй заяве на пасяджэнні Рады 9 ліпеня 1918 апошні паведаміў, што будзе працаваць «у цесным кантакце з акупантамі. Ярмо акупацыі хоць і цяжкае, але з ім неабходна мірыцца, як з непазбежным злом». Яго перагаворы з прадстаўнікамі партый, якія працягваліся амаль 2 месяцы, не прывялі да станоўчага выніку. Палітычны крызіс паглыбляўся. Не знайшоў з яго выйсця і І. Серада, які пасля правалу місіі Скірмунта спрабаваў сфарміраваць урад. Левае крыло Рады, якое раней выступала супраць Варонкі, змяніла сваю пазіцыю і аб’ядналася з цэнтрам, які называлі «фракцыяй былых міністраў». Новай фракцыі належала большасць месцаў у Радзе. Яна ўзняла пытанне аб накіраванні дэлегацый у Маскву і Берлін.

Пасля падпісання Савецкай Расіяй і Германіяй 27 жніўня 1918 дадатковага дагавора, згодна якому германская армія вызваляла тэрыторыю Беларусі да р. Бярэзіны, надзеі БНР на ўмацаванне сваёй улады з дапамогай Германіі пачалі згасаць. Радзе БНР трэба было думаць, як абараніцца ад савецкай улады.

Рада БНР накіравала шэраг дэлегацый у Германію, Швейцарыю, ЗША, на Міжсаюзніцкую нараду ў Ясах. Аднак яна не знайшла падтрымкі. Англія, Францыя і ЗША палічылі за лепшае не прызнаваць БНР, каб мець вароты для ўварвання ў Савецкую Расію.

11 кастрычніка Рада БНР зацвердзіла Часовую канстытуцыю БНР.

У мэтах умацавання свайго становішча Рада БНР 9 кастрычніка 1918 прыняла пастанову аб павелічэнні свайго складу да больш як 100 дэлегатаў за кошт прыцягнення прадстаўнікоў праваслаўнага і каталіцкага духавенства, а некалькі пазней Народны сакратарыят быў пераўтвораны ў Раду народных міністраў.

Рэвалюцыя ў Германіі змяніла адносіны немцаў да БНР. Іх погляды былі накіраваны да падзей унутры Германіі. У Еўропе з-за германскай рэвалюцыі складалася новая палітычная сітуацыя.

Паштовая марка БНР, 10 гр.

Паштовая марка БНР, 10 гр.

Тым часам У. Ленін шукаў магчымасці скарыстаць дадзеныя абставіны ў інтарэсах Савецкай Расіі. Ён меркаваў, што сярод сацыял-дэмакратаў можна будзе знайсці саюзнікаў. А. Луцкевіч, які ўзначальваў Раду народных міністраў БНР, быў запрошаны ў Маскву для перагавораў аб удзеле сацыял-дэмакратаў ў Беларускім савецкім урадзе, які меркавалася стварыць пасля вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі.

Ведаючы аб нежаданні Германіі вырашаць беларускае пытанне без удзелу Савецкага ўрада і ўлічваючы нетрываласць пазіцыі БНР, А. Луцкевіч прыйшоў да высновы аб неабходнасці паездкі ў Маскву. У лістападзе 1918 ён прыбыў для перагавораў. У гэты ж час у Маскву прыязджаў і Т. Грыб каб наладзіць кантакт з камуністычным цэнтрам. Для наладжвання сувязей з Белнацкомам у Маскву ў розны час прыязджалі А. Карач, Я. Мамонька і інш.

Маскоўскія перагаворы А. Луцкевіча з урадам РСФСР не былі завершаны. Было ўмоўлена, што яго бліжэйшыя саратнікі па партыі — члены Прэзідыума Рады БНР і міністры — пасля адыходу нямецкіх акупантаў з Мінска застануцца ў горадзе, каб завяршыць пачатыя ў Маскве перагаворы. Аднак калі 10 снежня 1918 Чырвоная Армія ўступіла ў Мінск, у горадзе ўжо не было членаў Рады БНР, за выключэннем прадстаўнікоў сацыял-дэмакратаў: старшыні Рады Я. Лёсіка, членаў Рады А. Уласава, А. Смоліча, В. Іваноўскага, А. Прушынскага і інш. У Мінску не застаўся і А. Луцкевіч, які ў апошні час выехаў у Вільню.

У абставінах адыходу германскіх войск Рада народных міністраў БНР у 4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 заклікала беларускі народ да захавання парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Была зроблена спроба стварэння палітычнага цэнтра без Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партый, прафесійных арганізацый і фарміравання на гэтай падставе органаў краявой улады. Але кіраўнікі гэтых арганізацый не змаглі вырашыць пытанне аб уладзе. Прадстаўнікі левых арганізацый тым часам схіліліся да сумеснай работы з савецкай уладай.

Выпраўляючыся ў Вільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступлення супраць савецкай улады, да абароны БНР, да «усеагульнага грамадзянскага шчасця» і стварэння на месцах «беларускіх Саветаў», якія павінны падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоў для гэтага не было.

У далейшым большасць беларускіх дзеячаў вярнуліся ў БССР. Аднак надзеі іх не апраўдаліся. Яны сталі аднымі з першых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Некаторыя: А. Луцкевіч, С. Рак-Міхайлоускі і інш., знаходзячыся ў Заходняй Беларусі, актыўна змагаліся за яе ўз’яднанне з БССР. А такія, як Я. Варонка, П. Крачэўскі, Я. Мамонька, Т. Грыб і інш., засталіся на ранейшых пазіцыях і працягвалі дзейнасць на эміграцыі.

Структуры БНР у выгнанні

У студзені 1919 Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым (у выніку наступлення Чырвонай Арміі і дзейнасці польскіх ваенізаваных фарміраванняў) у Гродна. Гэты горад лічыўся сталіцаю БНР да верасня 1919. Пад эгідаю ўрада БНР знаходзіліся некаторыя мясцовыя арганізацыі, быў наладжаны выпуск 5 беларускіх газет. Урад БНР у гэты час вёў барацьбу супраць прэтэнзій Польскай дзяржавы на беларускія тэрыторыі, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, паспяхова прайлі перагаворы з урадам УНР аб пазыцы для ўрада А.Луцкевіча.

У сувязі з дзеяннямі польскіх легіянераў у канцы сакавіка 1919 ўрад БНР выехаў у Берлін. Тут была дэзавуіравана рэзалюцыя “Усебеларукага з’езда”, які нібыты адбыўся ў Навагрудку, аб далучэнні Беларусі да Польшчы. У маі 1919 ад старшыні мірнай канферэнцыі быў атрыманы дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж.

На пачатку чэрвеня 1919 ўрадавая дэлегацыя БНР прыбыла ў Парыж. Дэлегацыя разам з прадстаўнікамі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і інш. дабівалася прызнання іх дзяржаў поўнапраўнымі суб’ектамі міжнародных адносін.