Інстытут беларускай гісторыі і культуры

“Дата генератар”: 3 траўня 1791 года — прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай

У той далёкі ад нас дзень Сойм Рэчы Паспалітай прыняў “Уставу аб кіраванні” (Ustawu rządowu). Мелася на ўвазе ўстава аб дзяржаўным ладзе. Больш яна вядомая як Канстытуцыя, першая ў Еўропе і другая ў свеце — пасля Канстытуцыі ЗША (1781).

Яе прыняў незвычайны Чатырохгадовы сойм (1788–1792) у Варшаве, на якім усе пастановы прымаліся не аднагалосна, а бальшынёй галасоў. Кворуму на ім таксама не патрабавалася. Спачатку Канстытуцыю падпісалі ўсяго 83 чалавекі з больш чым 300 паслоў Сойма. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі спецыяльны Канстытуцыйны сойм.

Абмежаваны фармат выступаў на Еўрарадыё не дазваляе займацца падрабязным аналізам зместу Канстытуцыі. Пазнаёмімся з яе галоўнымі асаблівасцямі.

Канстытуцыю склалі прыхільнікі рэформаў (“Патрыятычная партыя”) на чале з каралём Станіславам Аўгустам. Галоўнымі аўтарамі былі: сам кароль (ён склаў першы варыянт), тры графы — Ігнацы Патоцкі, Станіслаў Малахоўскі, Адам Казімір Чартарыйскі, сябра Адукацыйнай камісіі Гуга Калантай.   

Канстытуцыя складаецца з прэамбулы (дзе гаворыцца пра перавагу гэтага юрыдычнага акта над усімі іншымі) і 11 артыкулаў.  

Першы артыкул “Пануючая рэлігія”. Гэта “каталіцтва абодвух абрадаў” (рымска-каталіцкага і грэка-каталіцкага). Усім іншым канфесіям і рэлігіям гарантуецца свабода і талерантнае стаўленне. Аднак адрачэнне ад каталіцтва было забаронена пад страхам смяротнага пакарання, бо рэлігія — непарушная і найважнейшая частка дзяржавы.

Аднак крыніца ўлады ўжо не Бог: “Усялякая ўлада ў чалавечым грамадстве бярэ свой пачатак у волі народа”.

Канстытуцыйная манархія

Канстытуцыя змяніла дзяржаўны лад: з абмежаванай манархіі на канстытуцыйную. Яна напісана ад імя караля і вялікага князя. Па Канстытуцыі ён меў вялікае сімвалічнае значэнне для дзяржавы (“Асоба караля — святая і недатыкальная”. “Ён павінен быць не самаўладцам, а бацькам і кіраўніком народа, і такім яго прызнае і абвяшчае цяперашняя Канстытуцыя”), таксама як і спадчыннікі трона.

Аднак была адменена выбарнасць манарха шляхтай. Канстытуцыя падкрэсліла, што пераход да спадчыннасці трона закрые дарогу грамадзянскім войнам у перыяд міжкаралеўя і элекцыі, чым раней карысталіся замежныя дзяржавы.

Кароль (33% тэксту Канстытуцыі) узначальваў выканаўчую ўладу, але яна заставалася абмежаванай іншымі галінамі ўлады. Пасля смерці Станіслава Аўгуста трон павінен быў заняць саксонскі курфюрст Фрыдэрык Аўгуст III, пасля яго — сыны ці муж дачкі.

Заканадаўчая ўлада 

Заканадаўчай і судовай уладам прысвечаны яшчэ 33% тэксту. Першая належала двухпалатнаму Сойму (ніжняя палата — Пасольская ізба, верхняя — Сенатарская ізба). Аднак пазіцыя караля ў Сойме была зведзена да ролі старшыні Сената, дзе ён меў адзін голас (два галасы — у выпадку роўнасці галасоў пры галасаванні ў Сенаце па якім-небудзь пытанні). Кароль меў таксама права заканадаўчай ініцыятывы і меў права, як і маршалак, склікаць Сойм у кожны момант на сесію.

Пасольская ізба зацвярджала законы, вырашала пытанне аб падатках, аб вайне і міры, аб прыцягненні крэдытаў, вырабе манеты, кантролі выканаўчай улады. Ізба складалася з 204 паслоў — па 68 ад трох правінцый (з іх 24 прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на павятовых сойміках. Паслы прадстаўлялі ўвесь “народ шляхецкі”, а не толькі свой рэгіён.

Канстытуцыя ліквідавала права ліберум вета, усе пастановы Сойма павінны былі прымацца большасцю галасоў. Выбарчы голас атрымалі ўсе шляхцічы з 19 гадоў жыцця, якія мелі гадавы прыбытак больш за 100 злотых і былі запісаныя ў земскія кнігі.

Сенатарская ізба складалася з 132 чалавек (ваявод, кашталянаў, маршалкаў, каталіцкіх біскупаў, уніяцкага мітрапаліта, міністраў) і караля і не мела права заканадаўчай ініцыятывы.  

Выканаўчая ўлада

Выканаўчая ўлада — гэта кароль і Стража правоў з 6 міністраў. “Стража” (кабінет міністраў) складалася з 5 міністраў, прызначаных каралём, і прымаса (кіраўніка каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай). Апошні ўзначальваў Адукацыйную камісію (Міністэрства адукацыі).

Міністры кіравалі: справай паліцыі, унутранымі справамі, знешнімі справамі, войскам, дзяржаўным скарбам — праз адпаведныя “Вялікія камісіі” (адукацыі, войска, скарбу, паліцыі, замежных спраў), сяброў якіх прызначаў Сойм. Усе рашэнні караля павінны былі мець подпіс міністра са “Стражы”, бо кароль не адказваў перад Соймам і судом за свае рашэнні. А міністры былі адказныя за прынятыя рашэнні і за парушэнні закона. Такім чынам, упершыню ў свеце быў сфармуляваны як закон прынцып палітычнай адказнасці міністра, нават калі сам ён ніякіх законаў не парушаў.

Пажыццёвасць дзяржаўных пасад змянілася іх выбарнасцю і дзяржаўным утрыманнем. Кароль прызначаў біскупаў, сенатараў, міністраў, чыноўнікаў і афіцэраў, акрамя тых, якіх прызначалі Сойм і соймікі. У ваяводствах і паветах выканаўчая ўлада належала парадкавым камісіям, выбраным соймікамі.

Судовая ўлада

Суды былі цалкам незалежныя ад выканаўчай і заканадаўчай улад. Але для кожнага грамадскага стану былі свае суды (у тым ліку для вольных сялян). Захаваліся асобныя трыбуналы ў ВКЛ, Велікапольшчы і Малапольшчы.  

Станы

Канстытуцыя захоўвала падзел грамадства на тры галоўныя станы: шляхта — мяшчане — сяляне. Абвясціла нязменнасць кардынальных правоў шляхты, захавала адзінаўладдзе шляхты і непарушнасць шляхецкіх правоў. Грамадзянскія свабоды распаўсюджваліся на шляхту, духавенства і службоўцаў. Але былі значна пашыраны правы жыхароў гарадоў дзяржаўнай юрысдыкцыі.

Мяшчане атрымалі магчымасць надання шляхецтва праз выплату ў дзяржаўны скарб падаткаў не ніжэй устаноўленага цэнзу і куплю маёнтка. Акрамя таго, кожны чарговы сойм павінен быў даваць шляхецтва 30 мяшчанам,  якія валодалі нерухомасцю ў гарадах.

Шляхта, якая не мела ўласнай зямлі, страчвала палітычныя правы.

Такім чынам, галоўная ідэя пераўтварэння сацыяльнага ладу Рэчы Паспалітай абапіралася на прынцып, што падставай палітычных правоў з’яўляюцца не прывілеі па праве нараджэння, а ўласнасць (перш за ўсё — зямля). Па Канстытуцыі ўсёй паўнатой правоў валодалі толькі тыя асобы, якія мелі адпаведную маёмасць.   

Канстытуцыя не ліквідавала дзяржаўную унію паміж Каронай і ВКЛ. ВКЛ захавала сваё судаводства, скарб, сімволіку, сістэму пасад, тытулаў і званняў.

Але ніякія якасці Канстытуцыі 3 траўня ўжо не маглі выратаваць Рэч Паспалітую ад знешніх пагроз. Яна была прынята занадта позна, пасля першага падзелу дзяржавы (1772). Грамадства было расколата папалам, і таму прыняцце Канстытуцыі стала прычынай стварэння Таргавіцкай канфедэрацыі (1792) і падставай для ваеннага ўмяшання Расіі і Прусіі з мэтай перашкоды рэфармам і захопу краіны. Менавіта акт канфедэрацыі, падпісаны пяццю магнатамі Рэчы Паспалітай у Пецярбургу 27 красавіка 1792 года, але прывязаны да мястэчка Таргавіца, назваў ухвалу Соймам 3 траўня 1791 года Канстытуцыі “дзяржаўным пераваротам”, навязанай “трацінай паслоў” Сойму і “ўсяму шляхецкаму народу”.

Аўтар: Анатоль Тарас

Крыніца: Эўрарадыё

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.