Інстытут беларускай гісторыі і культуры

“Дата генератар”: 14 траўня 1920 года — пачатак наступу Заходняга фронту

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны на тэрыторыі былой Расійскай Імперыі ўзнік канфлікт паміж Польшчай, якая адрадзілася з нябыту, і “чырвонай” Расіяй за землі былой Рэчы Паспалітай. Канкрэтна — за землі Беларусі і Украіны.

Сутычкі паміж польскімі і расійскімі войскамі на тэрыторыі Беларусі пачаліся ў лютым 1919 года. Адна група навастворанага Войска Польскага прасоўвался на Ліду — Маладзечна — Вільню, другая група — на Баранавічы — Мінск і Кобрын — Пінск. 22 красавіка палякі ўвайшлі ў Вільню, а 8 жніўня — ў Мінск. Пасля гэтага польскія аддзелы спыніліся на Бярэзіне і Заходняй Дзвіне, а ва Украіне па лініі рака Славечна — Наваград-Валынскі — Магілёў-Падольскі.

25 красавіка наступнага, 1920 года польскія войскі разам з войскамі УНР ізноў пайшлі ў наступ і 6 траўня вызвалілі ад бальшавікоў Кіеў. 

Між тым кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, якому мроілася ідэя сусветнай рэвалюцыі, яшчэ ўлетку 1919 года паспрабавала ажыццявіць “вялікі паход на Захад” — праз Венгрыю (дзе некалькі месяцаў існавала Венгерская Савецкая Рэспубліка) і Аўстрыю — у нямецкую Баварыю (дзе агенты Камінтэрна ўзнялі паўстанне) і ў Паўночную Італію. Аднак гэта авантура правалілася. І немцы, і венгры здолелі задушыць паўстанні, а ў Чырвонай Арміі атаман Грыгор’еў падняў бунт супраць бальшавікоў. Ну і расійская “белая гвардыя” на чале з Юдзенічам (на паўночным захадзе), Дзянікіным (на поўдні) і Калчаком (у Сібіры) дала жару бальшавікам. 

"Бі бальшавіка". Польскі плакат
“Бі бальшавіка”. Польскі плакат

Аднак тыя не супакоіліся. Яны рыхтавалі новы вялізарны наступ на Захад у напрамку на Варшаву і далей на Берлін. План гэтага наступу Палітбюро ЦК ухваліла 28 красавіка 1920-га. Галоўны ўдар павінен быў нанесці Заходні фронт пад камандаваннем Тухачэўскага, а войскі Паўднёва-Заходняга фронту (пад камандаваннем Ягорава) пасля захопу Кіева павінны былі наступаць на Львоў і далей на Кракаў.

Наступ Заходняга фронту пачаўся 14 траўня — праз Бярэзіну на Мінск. Палякі адбіліся. Аднак 4 ліпеня ўдарная група Заходняга фронту разбіла палякаў каля Полацка і рушыла на Вільню і Маладзечна, а 16-я армія 11 ліпеня захапіла Мінск. Мазырская група наступала на Кобрын — Брэст. 14 ліпеня войскі Заходняга фронту захапілі Вільню, 19 ліпеня фарсіравалі Нёман і Шчару і выйшлі на тэрыторыю Польшчы. Ва Украіне “чырвоныя” яшчэ 12 чэрвеня захапілі Кіеў, потым разбілі палякаў пад Роўнам, 11 ліпеня занялі Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. 

Мэту наступу Тухачэўскі ясна акрэсліў у сваім загадзе ад 2 ліпеня. Цытую:

“Бойцы рабочей революции. Устремите свои взоры на запад. На западе решаются судьбы мировой революции. Через труп белой Польши лежит путь к мировому пожару. На штыках понесём счастье и мир трудящемуся человечеству. На Запад! К решительным битвам, к громозвучным победам! Стройтесь в боевые колонны! Пробил час наступления. На Вильну, Минск, Варшаву — марш!”

"Чем кончится панская затея. Чем кончится панская затея. Савецкі плакат
“Чем кончится панская затея. Чем кончится панская затея. Савецкі плакат

Як бачым, бальшавікі ў тыя часы называлі рэчы сваімі імёнамі: “праз труп белай Польшчы — на Захад”, “прынясём на штыхах уладу саветаў”… Толькі значна пазней яны пачалі выдумляць казкі пра паходы Антанты, каб неяк растлумачыць поўны крах свайго фантастычнага плана сусветнай рэвалюцыі. 

Пад канец ліпеня 1920-га “чырвоныя” падышлі да Варшавы і Львова. Аднак у першай палове жніўня таго самага года Чырвоная Армія пацярпела поўны разгром. З 17 жніўня польскія войскі перайшлі ў контрнаступ з мэтай абкружыць войскі Заходняга фронту. Каб пазбегнуць палону, 4-я армія, 3-і конны корпус і дзве дывізіі 15-й арміі ўцяклі ў Германію (на землі Усходняй Прусіі), дзе іх інтэрнавалі немцы. Потым адбыліся бітвы на Нёмане і Шчары, і “чырвоныя” пакаціліся далей, ажно да Бярэзіны.

Аднак Пілсудскі адмовіўся наступаць на Маскву, бо зусім не жадаў дапамагаць “белым”. Сёння добра відаць, што гэта была стратэгічная памылка. Трэба было задушыць камуністычнага д’ябла. Але было тое, што было.

Аўтар: Анатоль Тарас, Еўрарадыё

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.