Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Да пытання аб ідэалогіі беларускай дзяржавы

Працягваем публікацыю дакладаў, якія былі выданыя ў зборніку «Праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі» і прайшлі абмеркаванне на Міждысцыплінарнай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай разгляду праблем сучаснай беларускай ідэалогіі, якая адбылася 3 лістапада 2012 года ў Менску. Вашай увазе прапануем даклад палітолага Анатоля Астапенкі.

Прадмет пад назвай «Идеология белорусского государства» выкладаецца як базавы прадмет ува ўсіх вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь. Якая ж мэта такога курса, які прыраўноваецца да курса «Вышэйшая матэматыка» для тэхнічных універсітэтаў, альбо «Мікраэканоміка» для эканамічных ВНУ?

На гэтае пытаньне мы знаходзім адказ у шматлікіх курсах «Ідэалогіі» напрыклад такога зместу:

/Курс/ «Идеология белорусского государства» должен «способствовать утверждению гражданственности, осознанного отношения граждан к происходящим в обществе и государстве процессам, выработке активной жизненной позиции, что особенно важно для специалистов высшей квалификации, которые составляют основу руководства в сфере производства или оказания услуг» (1);

«выработка у студентов компетенций, значимых для современного белорусского общества и государства, развитие активной гражданской позиции и умения выражать ее; выработка заинтересованного отношения молодежи к происходящим в обществе и государств процессам» (2).

/1. Парфенова Г.Г. Основы идеологии белорусского государства. Минск, 2010.

2. Мандрик С.В., Подпорин И.Г., Смоляк С.Г. Основы идеологии белорусского государства, Минск, 2009./

Варта прывесці і само азначэнне:

«Идеология белорусского государства – это система идей, ценностей и принципов, необходимых для самопознания, саморазвития, созидания и коммуникации людей в белорусском государстве, а также в отношениях с другими государствами».

У сувязі з прыведзенымі выказваннямі беларускіх палітолагаў трэба адзначыць вельмі непрыемны для іх, але разам з тым реалістычны факт: няма больш апалітычнага і несьвядомага элементу ў нашым грамадсте, чым беларускае студэнцтва. Ёсьць падазрэнне: ці не з’яўляецца адной з прычын гэтага менавіта курс «Основы идеологии белорусского государства», над якім адкрыта сьмяюцца навучэнцы? І сапраўды: акрамя неабходнай адзнакі ў залікоўцы, ніякай рэальнай карысці гэты курс не нясе, бо з’яўляецца звычайнай эклектычнай падборкай прапагандысцкіх тэкстаў, добра вядомых яшчэ з савецкіх часоў. У параўнанні з савецкім цыклам грамадскіх навук, вяршыняй якога з’яўляўся «Маральны кодэкс будаўніка камунізму» сучасны курс «ідэалогіі» церпіць паразу па ўсіх накірунках.

І гэта зразумела. Пасьля краху камуністычнай ідэі, развалу савецкай сістэмы і наступу капіталізму новай аб’яднаўчай ідэі для беларускага грамадства, для нашай нацыі і дзяржавы прапанавана не было. Для кожнай новай і маладой дзяржавы заканамерным з’яўляецца працэс фармавання сваёй нацыянальнай ідэі. У нашай найноўшай гісторыі таксама быў час (1990 –– 1996 гг.), калі наратыва беларускай нацыянальнай ідэі імкліва набірала моц. Аднак пасля рэферэндуму 1995 года настаў час зварачвання нацыянальна-адраджэнцкіх праграм і вынішчэння беларускай мовы. На Беларусі сталі немагчымымі любыя варыянты «ідэалогіі» акрамя той, якая абгрунтоўвае існаванне аўтарытарнага рэжыму, які зацята ігнаруе правы чалавека і грамадзяніна, упершыню абвешчаныя яшчэ ў 1789 годзе, прызнаныя ва ўсім свеце.

Дэталёва прааналізаваў сутнасць шэрагу падручнікаў па дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі Пётра Рудкоўскі (3). Ён паказвае, што ў кнізе У.А. Мельнікава «Государственная идеология Республики Беларусь» прысутнічае, па-сутнасці, антыбеларуская рыторыка, таму яе можна лічыць падручнікам па «аўтарытарнаму русацэнтрызму» (4). Больш станоўча Рудкоўскі ацэньвае падручнікі Я. Яскевіч і Н. Канашэвіч (5, 6), сутнасць якіх характэрызуецца як “асьцярожны лібералізм”, але ставіцца пад сумнеў іх вартасьць як “ідэалягічных” (двухкоссі Рудкоўскага) падручнікаў.

/3. Рудкоўскі П.. Паўстаньне Беларусі. Вільня. 2007.

4. Мельников В.А. Государственная идеология Республики Беларусь. Мінск, 2004.

5. Яскевич Я. Основы идеологии белорусского государства: Мировоззренческие ценности и стратегические приоритеты. Минск, 2003.

6. Канашевич Н. Политика. Идеология. Менталитет (Курс лекций). Могилев, 2003./

Такім чынам, ў прааналізаваных падручніках і іншых працах афіцыйнай паліталагічнай навукі цяжка знайсці цэльную канцэпцыю ідэалогіі беларускай дзяржавы. І яе ня можа быць пры існуючай сістэме улады.

Але, што дзеіцца ў гэтай сферы па-за межамі Беларусі?

Пасля развалу СССР усе былыя саюзныя рэспублікі сталі на шлях фармавання сваёй дзяржаўнасці і як само-сабой зразумелае, перад кожнай з іх паўстала пытанне аб арыенцірах, новых ідэалагічных устаноўках і каштоўнасьцях. Ясным было што камуністычная ідэалогія павінна быць забароненая і, ў недалёкай будучыні – асуджана. Як першы крок гэтай праграмы ў постсавецкіх краінах быў узяты курс на дэідэалагізацыю. У Канстытуцыі Расіі была ўзаконеная забарона на дзяржаўную ідэалогію. Такое рашэнне вынікала з прадстаўлення аб тым, што «ідэалогія ёсьць ілжывае мысленне».

Дзеючая рэдакцыя Расійскай канстытуцыі прадугледжвае наступнае:

«Статья 13:

1. В Российской Федерации признается идеологическое многообразие.

2. Никакая идеология не может устанавливаться в качестве государственной или обязательной.

3. В Российской Федерации признаются политическое многообразие, многопартийность.

4. Общественные объединения равны перед законом…».

У іншых былых саюзных рэспубліках асноўныя прыярэтэты нутранага і знешняга палітычнага і грамадскага жыцця таксама былі адлюстраваны ў адпаведных Канстытуцыях. У краінах Прыбалтыкі акрамя жорсткага курсу на знішчэнне камуністычнай ідэалогіі вялікая ўвага была накіравана на праблему савецкай акупацыі ў 1940-м годзе і на нейтралізацыю бесперапыннай расейскай эспансіі на гэтых землях. Гэтыя працэсы працякалі на грунце моцнай нацыянальнай ідэі і нацыяналізму як дзяржаўнай палітыкі. Аднак яны ні ў якім разе не арыенцір для фармаванння нейкай дзяржаўнай ідэалогіі. Арыенцірамі для грамадзянскай супольнасці Прыбалтыкі, як і ўсёй Эўропы, сталі хрысціянскія каштоўнасці, нацыянальныя традыцыі, мова і іншыя атрыбуты сучаснай еўрапейскай нацыі-дзяржавы.

Адзінай краінай ў Еўропе, дзе ўсур’ёз гаворыцца пра асаблівую «дзяржаўную ідэалогію» з’яўляецца Беларусь. Толькі тут не ліквідавалі атавізмы камунізму па ўсяму перыметру жыцця краіны. Ва ўсіх гарадах і мястэчках да гэтага часу існуе поўны набор савецкіх назваў вуліц, дзе ўсё новыя і новыя пакаленні людзей падсвядома “замбіруюцца» шматлікімі імёнамі міжнародных злачынцаў – Леніна, Карла Маркса, Свярдлова, Урыцкага, Валадарскага…

Захаваўся галоўны сімвал савецкай сістэмы – чырвоны дзяржаўны сцяг, крыху разбаўлены зяленым мусульманскім колерам. Сцяг – гэты асноўны сімвал нацыі. Калі бачыш беларускі флаг, разумееш, што беларусам прапанавана заставацца своеасаблівым «савецкім народам». Працягваецца русіфікацыя, падаўляецца нацынальная свядомасць. Гэта, фактычна, і ёсць сапраўдная ідэалогія беларускай дзяржавы.

Шматлікія памочнікі прэзідэнцкай вертыкалі ў выглядзе функцыянераў БРСМ з маладога ўзросту выхоўваюць новую нацыю – цынікаў, амаральных, карыслівых патрабіцяляў… Адзінае, што яшчэ не падпала пад сякеру «дзяржаўнай ідэалогіі» – Царква. Але і гэта зразумела – улада яе не баіцца, нават заігрывае. Справа ў тым, што хрысціянства ва ўсім свеце перажывае ў наш час глыбокі крызіс. У Еўропе хрысціянства даўно згубіла сваю вызначальную ролю ў жыцці дзяржаў. Таму, нягледзячы на вялікі ўздым хрысціянскіх ідэалаў у постсавацкіх краінах, бурны рост хрысціяскіх суполак, прыходаў, абшчын, будаўніцтва храмаў і капліц – уздзеянне ўсіх разам узятых хрысціянскіх канфесій на жыцце беларускага грамадства застаецца мізэрна малым.

Тым не менш, менавіта хрысціянства з’яўляецца самай магутнай ідэяй і ўтрымлівае самыя высокія ідэалы цягам ўсёй гісторыі чалавецтва ад часоў Ісуса Хрыста. Магчыма, што новыя працэсы хрысціянскага адраджэння, што ідуць з Усходу – краін Прыбалтыкі, Расіі, Беларусі, Украіны, хрысціянскіх краін Каўказа, Балканскіх дзяржаў дадуць новы імпульс і хрысціянству Еўропы. Гэта становіцца зразумелым і нават неабходным, калі ўзгадаць новыя рэаліі нашага веку: рэальную пагрозу фундаментальнага ісламу, паўзучай мусульманізацыі ўсяго цывілізаванага хрысціянскага свету.

ххх

Шлях да посткамуністычнай ідэалогіі трэба шукаць праз глубокае ўсведамленне ўсёй заганнасці камуністычнага мінулага, шляхам глыбокага пакаянне і новага «Нюрнберга-2» (Суда над камунізмам) да цывілізаванага хрысціянскага грамадства, арыенцірамі якога ёсць нацыянальная ідэя і хрысціянскія каштоўнасці.

На мой погляд з усіх прафесійных гульцоў на расійскім полі творцаў новай расейскай ідэалогіі найбольш прываблівым выглядае падыход прафесара Ігара Панарына. У аснову проекта «Дзяржаўнай Ідэялогіі Расіі» ён прапануе формулу «тры Д: Духоўнасць, Дзяржаўнасць, Годнасьць («Достоінство» – расейскае) (7). У першай рэдакцыі праекту замест «годнасць было «дэмакратыя», але апошняе слова настолькі запэцкалі несумленные будаўнікі гэтай самай дэмакратыі, што аўтар вырашыў за лепшае замяніць яго іншым, больш прываблівым.

Лёгка ўбачыць, што Панарын, па-сутнасці, прапануе адрадзіць у трохі змененым выглядзе знакамітую формулу філосафа яшчэ імперскай Расіі Аляксея Хамякова (1804—1860): «Праваслаўе, Самадзяржаўе, Народнасць». У разгорнутым выглядзе прапанаваная трыяда выліваецца ў цалкам прыстойную канцэпцыю:

«Государственная идеология реализуется на основе:

1) Социальная справедливость.

2) Социальное партнерство.

3) Патриотизм (любовь к Родине).

4) Защита духовно-нравственных ценностей и национальных святынь.

5) Диалог культур и цивилизаций.

/7. www.panarin.com. /

Галоўнымі нацыянальнымі сымболямі Расіі, згодна Панарыну з’яўляюцца: князь Аляксандр Неўскі, святы Сергій Радонежскі, генералісімус Аляксандр Сувораў, святы Серафім Сароўскі, паэт Аляксандр Пушкін, вучоны Дзімітры Мендзялеяў, першы касманаўт планеты Земля Юры Гагарын.

ххх

Сітуацыя з магчымай беларуская ідэяй, альбо ідэалогіяй у шмат чым падобная на Расійскую, але маю істотнае адрознененне: Руская нацыянальная ідэя для Расіі не міф, а реальнасьць. І больш таго, гэтая нацыянальная ідэя ўсё больш і больш набывае прыкметы месіанскай, а шавінізм усе больш і больш мацнее, набываючы знаёмыя формы Імперскай Расіі ХІХ стагоддзя.

Таму галоўным атрыбутам нашай беларускай ідэалогіі павінна быць беларуская нацыянальная ідэя, пастаўленая на трывалы грунт хрысціянства.

Ніжэй мы прапануем шлях да стварэння ідэалогія беларускай дзяржавы, які ляжыць найперш у фармуляванні беларускай нацыянальнай ідэі і беларускага нацыяналізму. На гэтым шляху магчыма наступная схема.

Перш за ўсё нам трэба вызначыць прыярытэты, забіць трывалыя сваі ў гэтае няўстойлівае, зменлівае грамадства, даць такую ідэю, якая б задаволіла ўсіх. Прынята называць такую кіруючую ідэю ў грамадстве – нацыянальнай (8). Ніжэй прапанаваны шляхі разьвіцця нацыянальнай ідэі у некалькіх магчымых формах. Найперш мы падзелім наша грамадства на дзве ўмоўныя групы.

/8. Гл. падрабязна: Астапенка А.У. Ігде зроділіся іускормлены суть побозе. Дослед беларускага нацыяналізму. СПБ,. 2010, с. 368—381, 658—671./

а) Свядомыя, дасведчаныя грамадзяне, эліта нацыі;

б) Большасць насельніцтва, «электарат».

Фармулёўка Беларускай Нацыянальнай Ідэі для групы А

Найперш мы павінны цвёрда ўсвядоміць, што беларуская нацыянальная ідэя (БНІ) – гэта праект рэалізацыі нацыі і нацыянальнай дзяржавы. Вылучым цяпер яе галоўныя атрыбуты.

1. БНІ ўяўляе імкненне грамадзяніна Беларусі ўсвядоміць сябе ў сваёй нацыі і сваёй нацыянальнай дзяржаве.

2. БНІ ёсць выразнік акрэсленага тыпу культуры, уласцівага беларускаму этнасу і ўключае эканоміку, вытворчасць, адукацыю, рэлігію, мастацтва, літаратуру і іншыя складаючыя часткі ўсёй свядомай і мэтанакіраванай дзейнасці грамадзян.

Канкрэтызуем гэтую пазіцыю па асноўных галінах культуры.

а) Нацыянальная эканоміка. Некаторыя эканамісты лічаць, што не існуе нацыянальнай эканомікі (напрыклад Л. Злотнікаў). Гэта не зусім правільнае меркаванне. Менавіта ўпор на нацынальныя каштоўнасці дазволіў пасляваеннай Германіі хутка выйсці з крызісу. Людзвіг Эрхард, творца пасляваеннай нямецкай эканомікі, назваў новую эканамічную праграму “нямецкім цудам”. Сапраўды, за вельмі невялікі тэрмін (1947 – 1953) дзякуючы прадуманай і прыстасаванай да ўмоў Нямеччыны эканамічнай праграме, ФРГ выйшла са стану поўнага разбурэння і стала перадавой еўрапейскай краінай.

Кожная перадавая дзяржава дасягнула сваіх поспехаў дзякуючы менавіта сваім нацыянальным асаблівасцям у эканамічнай галіне. Напрыклад, тая ж Японія мае шмат фірм, вядомых ўсяму свету. У галіне сваёй прадукцыі гэтыя фірмы амаль не маюць сабе роўных.

Акрамя тэхналагічных нацыянальных асаблівасцей, пры стварэнні эканамічных праектаў вялікую ролю іграюць тэрытарыяльныя і геапалітычныя асаблівасці размяшчэння краіны. Сюды ўваходзяць як прыродныя багацці, нетры, лясы і азёры, таксама і месцазнаходжанне краіны. Напрыклад, шэраг еўрапейскіх краін маюць значны даход ад транзіту таварапатокаў праз тэрыторыю (Швейцарыя, Чэхія, Аўстрыя і іншыя). Беларусь мае ўсе гэтыя атрыбуты.

б) Нацыянальная адукацыя. Навучанне павінна праводзіцца на мове тытульнай дзяржавы. Але гэта будзе ў ідэале, пераход на беларускую мову павінен быць паступовым, гібкім, нават неадчувальным. Дзеля таго, каб пазбегнуць дыскрымінацыі нацыянальных меншасцей, на тэрыторыі пражывання гэтых меншасцей побач са звычайнымі навучальнымі ўстановамі адкрываюцца школы на роднай мове.

в) Рэлігія. У развітых нацыях-дзяржавах Царква непазбежна нясе на сабе нацыянальны адбітак. Як у каталіцкіх Касцёлах, так і ў праваслаўнай Царкве набажэнствы па магчымасці праводзяцца на нацыянальных мовах, альбо ў комплексе з прафетычнымі мовамі накшталт царкоўнаславянскай.

3. Няма дзяржавы, што не мела б сваёй нацыянальнай сімволікі: нацыянальнага сцяга, герба і гімна. .Беларусы таксама маюць сваю прадвечную нацыянальную сімволіку. Гэта бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоня, і некалькі нацыянальных гімнаў, сярод якіх найбольш любімым з’яўляецца «Магутны Божа», напісаны знакамітым кампазітарам Міколам Равенскім на словы выдатнай паэткі Наталлі Арсеньевай. Зараз менавіта ён – неафіцыйны гімн усіх беларусаў свету. БНІ дасегне сваёй сапраўднай моцы толькі тады, калі нацыянальная сімволіка дойдзе да кожнага грамадзяніна, стане афіцыйнай. 

4. БНІ павінна кансалідаваць грамадства. Толькі нацыянальная ідэя здольная аб’яднаць розныя, часам непрымірымыя групы насельніцтва, якія жывуць сумесна у адной дзяржаве.

5. Беларуская нацыянальная ідэя павінна знаходзіць свае карані ў мінулым. Гэта ўся нашая вялікая гістарычная спадчына, якая пачынаецца з помнікаў матэрыяльнай культуры, гэта летапісы і хронікі, гэта народныя традыцыі, паданні, фальклор… На гістарычным матэрыяле БНІ мацуецца, набірае сілу.

Не дзіва, што многія народы і нацыі дзеля паўнаты самасцвярджэння апелююць да гіпербалізаваных падзей, часта узвялічаных і нават выдуманых постацяў мінулага. Прычым героі мінулага ідэалізуюцца, іх адмоўныя рысы забываюцца з тым, каб зрабіць станоўчы прыклад для сучасніка і будучых пакаленняў. Яскравы прыклад – гістарыяграфія сучаснай Летувы, дзе ўсе набыткі мінулага ВКЛ разглядаюцца як спадчына сучасных летувісаў (былых жамойтаў), хаця добра вядома, што 80 – 90 % жыхароў княства складалі русіны – продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў.

6. Мэтай БНІ з’яўляецца ўтварэнне незалежнай беларускай нацыі-дзяржавы. Паўната беларускай нацыі будзя дасягнута ў той момант, калі ўсе грамадзяне краіны, уключаючы тых, хто не ўваходзіць у склад тытульнай нацыі, здольныя аб’яднацца, каб сумесна жыць у адзінай суверэннай дзяржаве. БНІ іграе пры гэтым ролю “пуцяводнай зоркі”.

7. БНІ ляжыць у аснове знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі як суверэннай краіны. Нацыянальныя інтарэсы краіны – першасныя пры заключэнні міжнародных дагавароў, пры ўтварэнні міждзяржаўных эканамічных і палітычных саюзаў і г.д. Ігнараванне сваёй нацянальнай ідэі можа прывесці да паглынання больш моцнай дзяржавай меншага “саюзніка”. Так, напрыклад, склаўся шлях ВКЛ пасля заключэння Люблінскай дзяржаўнай уніі (1569 г.) з Каралеўствам Польскім і царкоўнай Брэсцкай уніі (1596 г.). Тады рашаючымі сталі прыватныя інтарэсы заможнай шляхты ды крывадушнасць і фанатызм часткі праваслаўнага духавенства. Так можа і цяпер склацца лёс Беларусі пасля магчымага паглынання яе Расіяй у выніку неабдуманай знешняй палітыкі.

8. БНІ набывае пэўную закончанасць, калі яна фармулюецца як ідэалагічная платформа нацыі. Гэтая тэарэтычная канцэпцыя носіць назву “нацыяналізм”. Нацыянальная ідэя непазбежна вядзе да нацыяналізму – праграмы дзеянняў у падтрымку гэтай ідэі і дасягнення яе мэтаў. Салідарнасць, пра якую мараць нацыяналісты, засноўваецца на валоданні ўсім этнічным багаццем у часе і прасторы, набыткамі мінулых пакаленняў, якія нясуць у сябе росквіт нацыянальнага генія. Фактычна, нацыналізм ёсць рэалізацыя нацыянальнай ідэі ў тэарэтычнай плоскасці, а нацыя – рэалізацыя нацыянальнай ідэі ў практычнай плоскасці.

 Вымярэнне групы Б (фармулёўка БНІ для электарату)

Перш чым сфармуляваць БНІ ў практычным яе сэнсе, г.зн. у той форме, у якой яна будзе блізкай і зразумелай кожнаму грамадзяніну Беларусі, трэба падзяліць наша грамадства на некалькі ўмоўных груп.

1) На інтэлігенцыю (служачых) і рабочых.

2) На гарадскіх жыхароў і вяскоўцаў.

3) На прыхільнікаў дэмакратыі, незалежнасці Беларусі і праціўнікаў гэтых каштоўнасцей, тых хто марыць аб вяртанні знікшага Савецкага Саюзу ці хутчэйшага саюзу з Расіяй, аб вяртанні былых парадкаў.

4) Вялікая група “абыякавых” (“балота”), шэрай масы, тых, хто на першы погляд нічога не хоча і нікуды не імкнецца. З гэтай групай трэба найбольш працаваць, бо яна і дасць неабходны працэнт перавагі дэмакратам.

5) Ёсць мноства іншых груп: аб’яднанні па інтарэсах, працоўныя калектывы, нацыяналісты і шавіністы, прыхільнікі і праціўнікі беларушчыны і г.д. Усе гэтыя групы неяк перакрыжоўваюцца з папярэднімі і могуць уваходзіць у іх, як і кожная з груп 1 – 4 можа падзяляцца па азначаным прыкметам.

Неабходна дабіцца таго, каб платформа рэалізацы БНІ, сфармуляваная вышый у дачыненні да групы А, стала блізкай і зразумелай групе Б – усім жыхарам Беларусі.

1. Самая першая і важнейшая задача для ўсіх груп насельніцта – гэта ўсведамленне неабходнасці існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы. Калі для большасці сяброў апазіцыйных партый і неўрадавых арганізацый, свядомай інтэлігенцыі, гэтая ісціна не патрабуе доказу, то для простага народу, рабочых і сялян, наогул тых, хто жыве мінулым, – незалежнасць не відавочная каштоўнасць. І тут ёсць шэраг моцных аргументаў, сярод якіх можна вылучыць наступныя:

а) Ідэя свайго дома. Беларусам уласціва дамавітасць, гаспадарлівасць, прывязанасць да свайго кута. Трэба, зрабіўшы ўпор на гэтыя якасці, праводзць паслядоўна лозунг: “Беларусь – наш дом” у жыццё. Яшчэ адзін лозунг такога кшталту: “Беларус – стань гаспадаром сваёй зямлі!”. Слова гаспадар тут трэба ўсведамляць не толькі ў сэнсе гападар варыўнай зямлі на сяле, а ў шырокім сэнсе – гаспадар усёй беларускай зямлі: палёў, лясоў, рэк, азёраў і г.д.

б) Беларус не любіць ваяваць. Тым больш на іншай тэрыторыі і за іншыя інтарэсы. Трэба пастаянна даводзіць, што шчыльны палітычны саюз з Расіяй, а тым больш зліццё з ёй – гэта вельмі небяспечны крок. Гэта і вайна на Каўказе, і служба ў іншых “гарачых кропках”, і непазбежныя грабы нашых сыноў.

в) Трэцяе важнейшае пытанне – аб саюзе з Расіяй. Трэба паслядоўна праводзіць палітыку дружалюбнасці да Расіі, але падкрэсліваць нашую дружалюбнасць і да ўсіх іншых народаў: палякаў, летувісаў і іншых. А на першы план неабходна ставіць любоў да свайго народа, да сваёй краіны, да свайго дома – Беларусі. Мы не супраць Расіі і за сяброўства з ёй, але ставімся да яе толькі як да добрага суседа. Не павінна быць аджыўшых адносін да рускага народа як да “старэйшага брата”, толькі раўнапраўныя стасункі.

2. Другая задача для грамадзян Беларусі – выхаванне пачуцця сваёй годнасці, самакаштоўнасці свайго “Я”. У нас працавіты народ, у нас вельмі высокі працэнт адукаваных людзей. Нашыя вучоныя, інжынеры, пісьменнікі, мастакі вядомыя ўсяму свету. У беларусаў славутае мінулае, старажытная гісторыя, мы складалі ядро адной з мацнейшых дзяржаў Еўропы – Вялікага Княства Літоўскага. Мы павінны выкарчаваць ярлык непаўнацэннай нацыі, не маючай мінулага. Трэба развіваць той тып нацыяналізму, што носіць у палітаталогіі назву “прэстыжны”, магчыма недзе патрэбна і міфалазаваць сваё мінулае.

3. Трэцяя задача – “вырашчыванне” народнага правадыра. Трэба даць народу новага ці заставіць старага кіраўніка дзяржавы на новым падмурку. Гістарычна склалася так, што беларускі народ прызвычаіўся жыць за спіной “бацькі”. Некалі быў цар, былі пошукі “добрага цара”. Потым быў “Бацька ўсіх народаў” – Сталін. Яго баяліся, але і цанілі “цвёрдую руку”. Потым Хрушчоў, Брэжнеў, Андропаў… Шэраг гэтых імёнаў для ўсіх савецкіх грамадзян адзіны, але для беларусаў ён яшчэ дапаўняецца П.М. Машэравым. Не зусім правільнае меркаванне аб тым, што гарант сувярэннасці Беларусі не прэзідэнт, а моцная грамадзянская і палітычная супольнасць. Як раз гэтую “моцную супольнасць” і зробіць моцнай прэзідэнт, правадыр, якому паверыць народ. Не так проста нашаму народу змяніць векавую традыцыю – падпарадкоўвацца “галоўнаму начальніку” – цару, генсеку ці прэзідэнту. Гэтая традыцыя стала адной з рыс нашай ментальнасці.

Таму да абрання новага прэзідэнта трэба аднесціся вельмі адказна. Як і сучасны прэзідэнт, ён павінен быць сваім для народа, ён павінен гаварыць тое, што народ хоча чуць. Напрыклад, ён за сяброўства з Расіяй, але і за добрыя стасункі з Еўропаў і ЗША. Ён павінен быць сваім і для нацыянальнага руху. Не ў апазіцыі павінен быць гэты рух да абіраемага прэзідэнта – а ў шчыльнай сувязі. Але дзеля таго каб не паўтарылася цяперашняя сітуацыя з неабмежаванымі правамі прэзідэнта, трэба ў новым заканадаўстве абавязкова замацаваць шэраг законаў, неабходных для абмежаванняў ягоных магчымасцяў.

4. Стварэнне (канструяванне) беларускага нацыяналізму.

Аналіз сучаснага становішча беларускага этнасу ў Свеце прыводзіць да наступных асноў канструявання беларускай нацыі. Мы падзелім гэтыя асновы на дзве групы:

1) назавем яе “група НЕ”. Гэта ідэі на якія нельга ставіць першаснымі, засяроджваць на іх максімум увагі, хаця яны і маюць дачыненне да фармавання беларускай нацыі і нацыяналізму. На другім этапе яны магчыма будуць вядучымі. Але толькі пасля здзяйснення першага этапу, ці ў спалучэнні з ім.

2) другая група аб’ядноўвае ідэі, якія павінны быць першаснымі, узяць на сябе весь цяжар стваральнай працы. Назавем гэтую групу – “група ТАК”.

Група “НЕ”

У адрозненне ад многіх іншых народаў, напрыклад прыбалтыйскіх, у беларусаў не склалася дастаткова выражанага нацыянальнага аблічча, якое часта прынята звязваць са сваёй роднай мовай. Тут няма неабходнасці ўнікаць у прычыны гэтай з’явы. Будем зыходзіць з таго, што ёсць, грунтавацца на рэальным становішчы рэчаў.

1) Перш за ўсё відавочным стаў факт – беларуская мова не можа быць асновай для беларускай нацыянальнай ідэі. Нацыю прыдзецца ствараць на іншых каштоўнасцях. Мова прыдзе пазней і яна непазбежна прыдзе, але ўжо пасля таго як у грамадстве складзецца свядомы беларус. Гэты свядомы беларус САМ захоча размаўляць на роднай мове. Дарэчы, большасць свядомых беларускамоўных грамадзян загаварылі па-беларуску ў сталым ці дастаткова дарослым узросце, дзякуючы менавіта ўсведамленню сябе як беларусаў, як асобнага этнасу, як адзінак адметнай грамадзянскай супольнасці.

Якія ж фактары трэба вылучыць, каб канструяванне беларускай нацыі і, адапаведна, беларускага нацыяналізму стала рэальнасцю? І які механізм можна ўзяць за аснову?

Гісторыя ведае розныя варыянты станаўлення нацыяналізму. Напрыклад, германскі нацыяналізм аснаваны як раз на моўным аб’яднанні людзей. У свой час менавіта нямецкая мова аб’яднала мноства рознародных нямецкіх земляў, якія мелі адзін агульны аб’ект – адзіную мову. Аднак для беларусаў, па прычынам паказаным вышэй – гэты варыянт мала верагодны.

2. Не падыйдзе для беларусаў і рэлігійная мадэль яднання нацыі. Вядома, што паляк асыцыіруецца з каталіцызмам, рускі – з праваслаўем. Англіканская царква стала царквой англічан – і толькі іх рэлігіяй. Менавіта гэтая акалічнасць стала рашаючым фактарам у пераўтварэнні англійскага этнасу ў англійскую нацыю, што адбылося яшчэ ў XV – XVI стагоддзі.

У Беларусі назіраецца вельмі стракатая палітра рэлігійных канфесій, таму на шляху пошукаў адзінай нацыянальнай веры для “сярэдняга” беларуса нас чакае крах. Гэтую вобласць трэба аднесці да самых інтымных бакоў ментальнасці беларуса, ці жыхара Беларусі.

3. Гістарычныя міфы. Яны вельмі важныя для беларусаў. Але “дойдуць” да народа толькі на другім этапе. Справа ў тым, што за гады атэістычнага, сатанінскага бальшавізму ў беларусаў склаўся менталітэт занядбанага народу, накшталт крылатага: “Мы не людзі – мы паляшукі”. Сваё славутае гістарычнае мінулае яны не ведаюць, а калі нехта і даводзіць да іх сапраўдныя гістарычныя факты, то яны іх проста не ўспрымаюць: “можа яно і так, але ж… “.

Самым дзейсным і значным міфам, на нашу думку, павінна быць шырокая прапаганда нашай дзяржаўнасці ў мінулым і найперш разгляд ВКЛ як выключна беларускай дзяржавы, якая на працягу некалькіх стагоддзяў задавала тон жыцця ўсёй Еўропы.

Група «ТАК»

1. Больш прымальная для беларусаў французская мадэль нацыяналізму – канструяванне нацыі вакол ідэі дзяржаўнасці. Сапраўды – суіснаванне жыхароў Беларусі, усяго беларускага грамадства на кампактнай тэрыторыі з даволі спрыяльнымі прыроднымі ўмовамі, з выдатным геапалітычным станам, з высокім інтэлектуальнам і навукова-тэхнічным патэнцыялам – гэта амаль ідэальная мадэль для развітай сучаснай дзяржавы еўрапейскага кшталту. Гэта даўно ўжо зразумелі беларускія прадпрымальнікі, якія адны з першых будуць адстойваць наш суверэнітэт.

Мадэль Беларусі як нейтральнай незалежнай дзяржавы, што ляжыць паміж зонай дзяржаў НАТА і Расійскай імперыяй – цяпер вельмі рэальны варыянт. Нашая знешняя палітыка павінна будавацца на ўсталяванні блізкіх кантактаў, эканамічных і інвестыцыйных стасункаў з краінамі Захадняй Еўропы і, зразумела, ЗША – з аднаго боку, і сяброўскіх адносін з Расіяй на аснове раўнапраўных партнёрскіх сувязей – з другога боку.

2. Некалькі задач трэба рашыць у першую чаргу. Трэба выпрацаваць некалькі неадкладных правілаў, якімі мы будзем карыстацца ў працы. 

Найперш гэта тычыцца ўнармавання граматыкі беларускай мовы. У дадзены момант існуе некалькі варыянтаў выкарыстання граматыкі, сярод якіх вылучаюцца тры галоўныя: тарашкевіца, наркомаўка і нейкі сярэдні варыянт. Такі стан рэчаў вядзе да блытаніны, непаразуменням, урэшце, да бязграматнасці. 

Яшчэ напачатку 90-х гадоў вялася дыскусія аб правядзенні навуковай канферэнцыі аб беларускім правапісу, каб выпрацаваць адзіныя нормы для беларускай граматыкі і правапісу. Але гэта не было зроблена. І ня трэба чакаць ад сучаснай Акадэміі Навук станоўчых крокаў у гэтым напрамку. Такую канферэнцыю можна правесці праз Інтэрнэт. 

Інтэрнэт і тэлекамунікацыі даюць неабмежаваныя магчымасці шырокага развёртвання працы па станаўленню беларускай нацыі і нацыяналізму. Калі пачнецца паспяховае напаўненне зместам азначанай намі “групы ТАК”, яна непазбежна пацягне і групу “НЕ”, якая, безумоўна, стане кампанентай групы ТАК беларускай нацыі.

3. Адна з галоўных памылак БНФ яшчэ на пачатку ягонага існаванньня – гэта непрадуманая рэлігійная палітыка. Ня трэба было рабіць стаўку на католікаў як “лепшых беларусаў”. Трэба ўлічваць, што большасць беларусаў усё ж праваслаўныя. Але беларусы праваслаўныя – гэта не рускія праваслаўныя. 

Аднак і не праваслаўная супольнасць павінна дамінаваць ўва унутранай палітыцы Беларусі. Набіраюць усё большы размах працэсы разьвіцця пратэстанцкіх ідэй і стварэння новых пратэстанцкіх Цэркваў. Гэтыя рэаліі даюць нам унікальны шанц да стварэння сапраўды экуменічнга падыхода да хрысціянства на Беларусі. Мы павінны стаць цэнтрам сумоўя Захаду і Ўсходу.

Месца Беларусі ў канцэпцыі сучасных сусветных цывілізацый – гэта не заходняя і не праваслаўная цывілізацыя, гэта хрысціянская цывілізацыя, пабудаваная на каштоўнасцях, аднолькавых для любых хрысціянскіх канфесій, гэта фундаментальныя хрысціянскія ісціны, яўленыя нам Іісусам Хрыстом у Нагорнай пропаведзі. У канцавым выніку непазбежны аналагічны шлях і для Расіі. І каталіцкі, і праваслаўны, і пратэстанцкі свет Еўропы ужо ўсвядомілі неабходнасць міжканфесійнага дыялогу, аб чым сведчаць шматлікія сустрэчы і форумы, прысвечаныя розным праблемам сучаснасці – барацьбе са спідам, абортамі, алкагалізмам і іншым заганнымі з’явамі. 

4. Але ідэя дзяржаўнасці яшчэ не самадастатковая для канструявання беларускай нацыі. Яна толькі ўмова станаўлення і прагрэсу нацыі. Саму нацыю трэба перш за ўсё стварыць. Такі варыянт нацыяналізму вядомы як фінскі. Фінскую нацыю стварылі нацыянальныя ідэолагі ў канцы ХІХ стагоддзя шляхам стварэння фінскага міфа, які шляхам адукацыі і асветы быў прынесены ў народ, і які паклаў пачатак утварэнню нацыі.

На нашу думку беларускую нацыю можна ствараць таксама з нуля. Але не рамантызаваць нацыю праз нейкага нацыянальныга генія, а ствараць яе праз распаўсюджанне легенды аб практычнасці нацыянальнага існавання, выгодах быць беларусам, наогул прыярытэтнасці беларускай ідэнтычнасці на Беларусі ў адносінах да іншых этнасаў, у прыватнасці, рускага.

ххх

Пачатак ХХІ стагоддзя застаў беларусаў магчыма ў самы спрыяльны момант дзеля стварэння сваёй ідэнтычнасці, сваёй нацыі і нацыяналіму.

Канец ХVIII – ХІХ стагоддзя былі звязаны з пачаткам індустрыяльнай рэвалюцыі, якая прывяла да пераўтварэння многіх этнасаў у нацыі-дзяржавы. Гэты працэс працягваецца і цяпер. Але у дадзены гістарычны момант сусветная гісторыя ўвайшла ў новую паласу, новую адметную эпоху, якая спачатку і не была заўважаная.

Гэтая эпоха носіць назву інфармацыйнай і пачалася зусім нядаўна – у 90-е гады ХХ стагоддя. Тады, калі у нас пачыналася нацыянальнае адраджэнне і станаўленне кволай беларускай дзяржаўнасці, у свеце ішла інфармацыйная рэвалюцыя, якая рэзка мяняе стасункі паміж людзьмі, мяняе менталітэт людзей і шмат чаго іншага. Дзякуючы сусветнай кампутарнай сетцы ўвесь зямны шар пераўтварыўся ў адзіную сістэму, законы якой адрозніваюцца ад ранейшых і вынікаюць з агульнай тэорыі сістэм. Цяперашнюю эпоху ўвасабляюць з працэсамі глабалізацыі, сусветная супольнасць дзяржаў нават атрымала назву “сеткавые грамадствы”, што пераводзіць нашае існаванне ў свеце на якасна новы ўзровень”.

Але разам з развіццём філасофіі глабалізацыі не меньшы размах атрымаў і іншы працэс – адваротны. Сутнасць яго ў тым, што як ніколі ў людзей з’явілася імкненне да пошукаў тоеснасці. “Самасць”, сваё “Я” набывае зараз першаступеннае значэнне. І сусветная кампутарная сетка (інтэрнэт) – найлепшы сродак да здзяйснення беларускай ідэнтычнасці на справе. Тое, што некалі фіны, пачынаючы сваю нацыю “з нуля”, рабілі ўручную – хадзілі ў народ, вялі праз маладзенькіх настаўніц адукацыю вёскі, і праз многія іншыя акцыі, цяпер можна ажыццявіць зусім іншым шляхам, практычна не выходзячы з дому. Больш таго, да адраджэння беларускай нацыі можа спрычыніцца амаль кожны. Кампутарызацыя, тэлекамунікацыі пранікаюць зараз у кожны дом, у кожны горад, а хутка прыдуць і ў кожную вёску.

Усё гэта дае нам выдатны шанц стварэння сваёй нацыі і адпаведна сваёй дзяржаўнай ідэалогіі. Але каб гэты працэс не пайшоў “самацёкам”, яго трэба цэнтралізаваць, распрацаваць шэраг задач і праектаў, што будуць працаваць на стварэнне беларускай нацыі праз глабальную інтэрнэтаўску сетку і іншыя кампаненты інфармацыйнай эпохі.

Нашыя прапановы – гэта толькі шлях да фармулявання пэўных дзяржаўных канцэптаў. У любым выпадку гэта арыенціры, але яны ўтвараюць адкрытую сістэму, здольную да творчага пераасэнсавання і далейшых станоўчых зменаў.

Іншыя даклады па канферэнцыі:

Религия – идеология – программа

Матрица, патернализм и семья-страна: Антропология белорусской идеологии

Беларусь: случай антимодернистской идеологии

В поисках идеологии, способной сплотить расколотое общество

Беларусь – не проект! Нечаянный успех и неоконченная история синтетического национализма.

К вопросу формирования государственной идеологии и национального государства

Беларусь должна быть и должна быть всегда!

Беларуское «большое пространство» как лекарство от комплекса жертвы

Беларуская нацыя на скрыжаванні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы

Рэха рамантычнай ідэалогіі ў сучасных грамадска-палітычных працэсах

Да пытання аб ідэалогіі беларускай дзяржавы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *