Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Да гадавіны смерці генерала Булак-Балаховіча

10 траўня спаўняецца 72 гады з дня сьмерці Булак-Балаховіча, – генэрала Беларускай Народнай Рэспублікі і Польскага войска. З гэтай трагічнай нагоды, прапануем вашай увазе артыкул, які ўпершыню быў змешчаны на нашым сайце год таму.

Асоба Станіслава Булак-Балаховіча належыць да найбольш яскравых і супярэчлівых постацей ў гісторыі нашай Айчыны і беларускага нацыянальнага руху першай паловы 20 стагодзя. Нарадзіўся будучы генерал у маёнтку Мейшты на Браслаўшчыне 10 лютага 1883 года ў адносна заможнай ці то сялянскай, ці то дробнашляхецкай (дакладна не высветлена) каталіцкай сям’і Нікадзіма і Юзэфы Балаховічаў.

“Булак” – хутчэй за усё, мянушка аднаго са шматлікіх адгалінаванняў роду Балаховічаў. Негледзячы на жаданне бацькоў аддаць сына ў духоўную семінарыю, у 16-ці гадовым узросце Станіслаў пайшоў вучыцца на агранома. З 1904 дзесяць гадоў ён працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісненскім павеце, які належыў графам Плятарам. У 1905 г. з лепшага боку праявіў сабе пры ўлагоджванні сялянскіх рэвалюцыйных хваляванняў, за што здабыў вялікую павагу сярод мясцовага насельніцтва і мянушку “Бацька”.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны добраахвотна уступіў у шэрагі расейскага войска. З лістапада 1914 г . прымаў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях. Улюбёнай справай Балаховіча была найбольш небяспечная і ювелірная праца – выведка і баявыя дзеянні за лініяй фронту. Менавіта за нечаканыя конныя рэйды ў тыл непрыяцеля немцы яго празвалі “Verfluchte Fater”(Пракляты Бацька). За два з паловай гады вайны, “Бацька” даслужыўся ад унтэр-афіцэра да ротмістра, камандзіра эскадрона. Быў узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі чацвёртай, трэцяй і другой ступеняў, ордэнам Станіслава ІІ ступені, стужкай Св.Ганны і французкім крыжам з пальмай. Апошнюю ўзнагароду Балаховіч атрымаў за тое, што атрымаўшы цяжкое раненне ў галаву і сківіцу, давёў атаку да канца. Усяго ж за усю вайну “Бацька” быў паранены ажно чатыры разы.

Выйшаўшы з пецярбургскага шпіталю ў красавіку 1918 г., С.Балаховіч апынуўся ў складаным становішчы: пасля кастрычніцкага перавароту царская армія была дэмабілізавана, на тэрыторыі Расійскай імперыі панаваў хаос, у значнай частцы грамадства існвалі яшчэ выразныя прабальшавіцкія настроі. У такой сітуацыі пры дапамозе французкай вайсковай місіі, які ўжо знаходзіўся у г. Лузе ён дамагаецца ад Троцкага дазволу на фармаванне коннага палка для барацьбы з немцамі, якія займалі тады частку Пскоўшчыны. Але разлік бальшавікоў быў іншы: яны вырашылі выкарыстаць гэтую частку для збору харчразверсткі з мясцовага насельніцтва і падаўлення сялянскіх выступленняў. Балаховіча гэта не задавальняла і ён, фармальна застаючыся ў падпарадкаванні савецкай уладзе, стаў ігнараваць загады цэнтру. Атрады “Бацькі” вельмі “своеасабова” душылі сялянскія паўстанні, вешаючы ў асноўным мясцовых бальшавіцкіх актывістаў. Калі звесткі аб гэтым дайшлі да Троцкага і ўзнікла пагроза аддачы Балаховіча пад рэвалюцыйны трыбунал, мяцежны кампалка перайшоў на бок белых, зманіўшы акрамя сваёй часткі два палка Чырвонай арміі. У складзе белай арміі “Бацька” вызначыўся паспяховымі прарывамі ў тыл чырвоных, і адбіццём штурма Пскова, за што атрымаў чын генерал-маёра. Часткі Балаховіча дзейнічалі ў вельмі цесным кантакце з эстонскімі фармаваннямі, за што здабылі вялікую прыхільнасць першага ўраду незалежнай Эстоніі. Але неўзабаве ў яго ўзніклі моцныя непаразуменні з вайсковым кіраўніцтвам белых, выкліканыя бояззю ўзроста аўтарытэта “Бацькі” і палітычнымі рознагалоссямі. Пасля спробы Юдзеніча адхіліць Балаховіча ад камандавання часткай войска, своенораўны генерал збег у Нарву, да эстонцаў. Пасля разгрому Юдзеніча і пачатку мірных перамоў між эстонскім ўрадам і бальшавікамі ў канцы 1918 г. “Бацька” выйшаў на кантакт з кіраўніком Вайскова-Дыпламатычнай місіі БНР ў Латвіі і Эстоніі К.Езавітавым, і урэшце 14 лістапада 1918 г. падаў на яго імя дэкларацыю беларускага грамадзянства і просьбу прыняць яго з сваім атрадам (дзе па некаторых звестках беларусы складалі палову афіцэраў і большасць жаўнераў) на службу БНР. Полк Балаховіча быў перйменаваны ў Асобны атрад БНР. Але пераправіць яго ў Беларусь не было ніякай магчымасці і таму Езавітаў звярнуўся да польскага галоўнага камандавання, каб яны выдзелілі балахоўцам участак польска-бальшавіцкага фронту ў раёне Дзвінска. Палякі задаволілі просьбу, але пасля прыбыцця частак “Бацькі” на месца перабросілі іх на дафармаванне ў Брэст. Іх не адпраўлялі ні на фронт, неледзячы на прашэнні Балаховіча, і своечасова не ўключылі ў беларускае войска ўраду Луцкевіча. “Бацьку” нічога не заставалася як даць згоду на ўступленне ягонай часткі пад польскае камандаванне. Толькі летам 1920 г. у цяжкія для палякаў часы Беларускую групу (так цяпер стаў называцца яго атрад Балаховіча) адправілі на ўкраінскую частку Палесся ваяваць з бальшавікамі, хоць і на непрацяглы тэрмін. Прыкладна ў гэты ж час ў Польшчы вядзецца і стварэнне расейскіх вайсковых фармаванняў Расійскім палітчыным камітэтам на чале з эсерам Б.Савінкавым. У жніўні 1920 г. з ініцыятывы Пілсудзкага адбылося пагадненне між Савінкавым і Балаховічам. Згодна з ім, “Бацька” прызнаваў вяршэнства РПК ў палітычных справах, але ўзамен на гэта атрымоўваў у свае падпарадкаванне савінкаўскія войскі і поўную ініцыятыву ў вайсковай справе. Гэта сведчыла пра намеры кіраўніка польскай дзяржавы працягваць барацьбу з бальшавікамі. Тым больш, што для гэтага заставаліся шанцы: восенню 1920 г. польскія войскі займалі палову Цэнтральнай Беларусі з Менскам. Але на Рыжскіх мірных перамовах, якія пачаліся з 12 кастрычніка польская дэлегацыя, у якой пераважалі інкарпарацыяністы (прыхільнікі поўнай інкарпарацыі ў Польшчу невялікай частцы беларускіх і літоўскіх земляў), вырашыла хутчэй замірыцца з Саветамі, і аддаць бальшавікам Менск. Мала таго, паводле тэксту папярэдняй мірнай дамовы, палякі мусілі выдаліць са сваёй тэрыторыі антысавецкія вайсковыя фармаванні. Такія умовы па зразумелых прычынах не задавальнялі ні Балаховіча, ні Пілсудзкага. Апошні, у адрозненне ад польскай соймавай большасці, з’яўляўся прыхільнікам федэралісцкай канцэпцыі і актыўна выступаў за стварэнне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай федэратыўнай дзяржавы пад верхавенствам Польшчы. І таму Ю.Пілсудзкі вырашыўся на стварэнне беларускай дзяржавы на ўсход ад мяжы, вызначанай Рыжскім перамір’ем.

6 лістапада 1920 года войска С.Балаховіча, у склад якой уваходзілі і савінкаўскія часткі імкліва рушыла з Турава на ўсход Палесся па Прыпяці. 7 лістапада быў вызвалены Петрыкаў, 10 лістапада – Мазыр, яшчэ праз два дні – Калінкавічы. “Бацьку” актыўна падтрымлівала мясцовае карэннае насельніцтва. Нават у аддаленых ад месцаў баявых дзеянняў Ігуменскім (тэрыторыя сучасных Чэрвеньскага, Асіповіцкага і часткова Пухавіцкага раёнаў) і, асабліва Бабруйскім паветах дзейнічалі партызанскія атрады “зялёнадубцаў”, якія падпарадкоўваліся Балаховічу. Да дзвух дывізій “Бацькі” далучалася вялікая колькасць добраахвотнікаў. 12 лістапада С.Булак-Балаховіч урачыста ўехаў у Мазыр, дзе з гэтае нагоды былі вывешаныя бел-чырвона-белыя сцягі. “Бацька” абвясціў незалежнасць Беларусі, а сам прыняў тытул галоўнакамандуючага. У гэты ж дзень быў прыняты далейшы план аперацыі, які прадугледжваў наступленне на поўнач і вызваленне Цэнтральнай Беларусі. Акрамя гэтага, С.Балаховіч небезпадстаўна разлічваў на масавае сялянскае паўстанне на гэтых тэрыторыях. Але далей сітуацыя пачала развівацца не на карысць “Бацькі”. 14 лістапада палякі, баючыся афіцыйнага разрыву Рыжскага пагаднення, прынялі рашэнне не адпраўляць балахоўцам ніякіх падмацаванняў. На поўдні Расіі быў спынены Урангель, што вызваліла значныя сілы бальшавікоў і спрычынілася да рознагалоссяў між савінкаўцамі і балахоўцамі (ваяваць за незалежнасць Беларусі першыя не жадалі). Пад націскам пераўзыходзячых сіл чырвоных была адбітая атака на Рэчыцу. Тым не меньш, С.Балаховіч пайшоў на больш рашучыя крокі. 16 лістапада Беларускі Палітычны Камітэт (палітычная структура, створаная восенню 1920 г. ”пад Балаховіча”), які прыбыў у Мазыр, перайменаваў сабе ва урад БНР, а “Бацьку” абавясціў Начальнікам Беларускай Дзяржавы. БПК друкаваў улёткі з заклікам да беларусаў уступаць у войска Балаховіча. Бальшавікі, тым часам, атрымаўшы з рэзерву фронта чатыры дывізіі, узялі войскі “Бацькі” у кацёл. Балахоўцам нічога не заставалася, як адыходзіць. Паспяхова прарваўшы акружэнне, войскі перайшлі дэмаркацыйную лінію да канца лістапада 1920 г. Вялікая іх частка падалася на Случчыну, дзе прыняла чынны удзел у арганізацыі Слуцкага збройнага чыну і значна папоўніла шэрагі паўстанцаў.

Пасля заключэння Рыжскага міру 1921 г. між Польшчай і Савецкай Расіяй, барацьба за незалежную Беларусь працягвалася. Ажно да 1926 г. на паўднёвым усходзе Цэнтральнай Беларусі трывала антыбальшавіцкая партызанская барацьба. Паводле данясенняў савецкай ЧК, партызанскія атаманы накіроўвалі свае рапарты за польскую мяжу, да Балаховіча. На тэрыторыі Заходняй Беларусі актыўна дзейнічалі камуністычная партызанка, якая складаліся не толькі з мясцовых камуністаў і антыпольскі настроеных беларускіх эсераў, але і дыверсійныя групы, засланыя з савецкага боку (кіраўнікамі некаторых з іх былі такія вядомыя асобы як С.Ваупшасаў, В.Корж, К.Арлоўскі). Чынную дапамогу ў яе ліквідацыі польскай дэфензіве аказалі С.Балаховіч і яго людзі. За сваю барацьбу супраць бальшавікоў “Бацька” вытрымаў некалькі замахаў на сваё жыццё і заплаціў высокі кошт – камуністамі быў забіты ягоны родны брат і верны паплечнік Язэп. Пад час пераварота 1926 г. Балаховіч актыўна падтрымаў Пілсудзкага, праз два гады як беларускі палітык беспаспяхова спрабаваў удзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Больш палітыкай генерал не займаўся. Акрамя сямейнага жыцця ягоным клопатам стала справа ўладкавання сваіх былых баявых паплечнікаў. Шмат хто з іх пасля падзей 1920-1921 гг. быў адарваны ад родных мясцін, жыў фактычна ў чужой краіне. “Бацька” не кідаў сваіх жаўнераў: ён дапамагаў ім з працай (так, вядома што усе працаўнікі лесанарыхтоўчай фірмы ў Белавежы, якая належыла Балаховічу, раней служылі ў яго частках), ладзіў сустрэчы ветэранаў. З 1928 г. С.Балаховіч ачоліў Саюз былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў. У 1937 г., калі у Гішпаніі ішла грамадзянская вайна, “Бацька” адправіўся да генерала Ф.Франка ў якасці ваеннага саветніка па партызнскай барацьбе, і вярнуўся адтуль перад самым выбухам Другой сусветнай ( цікава, што на варожым баку там ваявалі “даўнія знаёмыя” Балаховіча – С.Ваупшасаў і інш.). З нападам Нямеччыны на Польшчу С.Балаховіч пачаў арганізоўваць добраахвотніцкі дыверсійны атрад, а пасля разгрому польскіх войскаў – падпольную Народную добраахвотную армію. Загінуў “Бацька” пад час аблавы на яго 10 траўня 1940 г., перад смерцю паспеўшы нанесці ўдар цяжкой тросткай ў галаву аднаго з гестапаўцаў.

У адрас С.Булак-Балаховіча яшчэ з 1920-х гг. сыпаліся шматлікія закіды. “Бацьку” абвінавачвалі ў арганізацыі жыдоўскіх пагромаў і беспрынцыпнасці: супрацоўніцтве з рознымі палітычнымі і нацыянальнымі сіламі. Што тычыцца першага закіда – пагромаў яўрэйскага насельніцтва, то сапраўды яны часта мелі месца. Праўда, тыя, хто вінаваціў у гэтым балахоўцаў у гэтым, забываліся пра тое, што пад час грамадзянскай вайны паняцці “жыд” і “камуніст” былі вельмі сінанімічнымі. Яўрэі ў той час складалі пераважную частку кадраў органаў ЧК і кампартыі. Такім чынам, пагромы былі заканамерным адказам на злачынствы і зверствы савецкай улады і былі ўвогуле характэрнай з’явай для грамадзянскай вайны. У дадатак да гэтага захаваліся звесткі аб прыняцці мераў Балаховічам супраць жыдоўскіх пагромаў з мэтай утрымання дысцыпліны ў войсках. Што ж тычыцца абвінавачванняў “Бацькі” ў супрацоўніцтве з палякамі і савінкаўцамі, то яны зыходзілі, як правіла ад ягоных канкурэнтаў у беларускай палітыцы – прыхільнікаў Рады БНР (якія, дарэчы самі актыўна супрацоўнічалі і з палякамі, і з бальшавікамі, і з літоўцамі). Але ў іх адрозненне, С.Булак-Балаховіч быў не тэарэтыкам, а практыкам. Ён не прымаў дзесяткі безкампрамісных рэзалюцый, якія так і засталіся на паперы, а дзейнічаў куляй і шабляй. Тактыка Балаховіча-палітыка была максімальна гнуткай, а сродкі адпавядалі і былі падпарадкаваны пастаўленым мэтам – безкампраміснай барацьбе супраць бальшавізму і ўсталяванню беларускай дзяржаўнасці. Як паказала гісторыя, у вызначэнні камунізма як галоўнай небяспекі для Беларусі ў 20 ст. С.Булак-Балаховіч не памыліўся. Рэалізаваць жа беларускі нацыянальны праект у пачатку 1920 – х гг. у тых варунках, якія тады існавалі, на жаль, было немагчыма.

http://aljans.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.