Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Чаму мы перамаглі 500 гадоў таму? Погляд гісторыка

Войны з Масковіяй – гэта заўсёдная рэчаіснасць існавання нашых народаў: беларусаў, літвінаў, украінцаў. Сёлета мы адзначаем 500 гадоў перамогі пад Воршаю. Пра значэнне гэтай перамогі – размова з пісьменнікам і гісторыкам Анатолем Тарасам.

Маскоўскае войска перамаглі, але Смаленск усё роўна на 100 гадоў перайшоў у рукі Масквы. Ці беларусы не перабольшваюць значэнне перамогі пад Воршаю?

«Маскоўскае войска ішло ў наступ, у глыбіню нашай тэрыторыі. Калі адбылася перамога нашага войска пад Воршаю, наступ скончыўся. У наступныя гады Масква таксама ўжо не мела дастаткова вайскоўцаў для вялікіх бітваў», – гаворыць гісторык. Паводле гісторыка, гэтая перамога спыніла агрэсію і з боку іншых дзяржаваў.

Анатоль Тарас падкрэслівае, што Канстанцін Астрожскі, які кіраваў нашым войскам, зрабіў вялікі асабісты ўнёсак у хаду бітвы: тактычныя прыёмы, стратэгія і вайсковая хітрасць дапамагла перамагчы маскоўскае войска. «Ён зрабіў фальшывую пераправу ў адным месцы, але войска пераправіў з іншага боку. Масты на пантонах былі выкарыстаныя ўпершыню ў Еўропе. Быў манеўр войскамі: калі маскоўцы на левым баку мелі тактычны поспех, Астрожскі кінуў войскі з цэнтру. Таксама ў гэтай бітве ў адной з першых выкарысталі менавіта палявую артылерыю», – пералічвае гісторык.

МЛ, belsat.eu