Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Чаму ў Беларусі трэба забараніць святкаванне 23 лютага

23 liytagaСёння ў Беларусі будуць святкаваць 95-ю гадавіну стварэння камуністычнай Чырвонай арміі, якая, паводле савецкага гістарычнага міфа, упершыню пайшла ў бой 23 лютага 1918 года.

Ці вартая святкавання гэтая дата? Каб знайсці адказ, звернемся да нашае найноўшай гісторыі.

23.02.1918 тэрыторыя Беларусі ў тыя дні была пад нямецкай акупацыяй, а беларускія палітыкі думалі пра незалежнасць.

Помнік на магіле палеглых удзельнікаў польска-бальшавіцкай вайны ў мястэчу Лынтупы (Пастаўскі раён), усталяваны мясцовай грамадскасцю ў 2007 годзе. “Невядомым жаўнерам-суайчыннікам, палеглым у абароне Бацькаўшчыны ад бальшавіцкай навалы ў 1920 годзе. Удзячныя нашчадкі” – напісана на шыльдзе. Фота Кастуся Шыталя, 31.03.2012.

Помнік на магіле палеглых удзельнікаў польска-бальшавіцкай вайны ў мястэчу Лынтупы (Пастаўскі раён), усталяваны мясцовай грамадскасцю ў 2007 годзе. “Невядомым жаўнерам-суайчыннікам, палеглым у абароне Бацькаўшчыны ад бальшавіцкай навалы ў 1920 годзе. Удзячныя нашчадкі” – напісана на шыльдзе. Фота Кастуся Шыталя, 31.03.2012.

У лістападзе –снежні 1918 года Чырвоная армія, ігнаруючы абвяшчэнне незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі, якое адбылося 25 сакавіка 1918 года, уварвалася ў Беларусь. Кожная вайна і акупацыя суправаджаецца несправядлівасцю і гвалтам, але бальшавіцкія рабаўніцтвы і забойствы былі асабліва жорсткімі.

То ў адным, то ў іншым кутку Беларусі людзі паўставалі супраць бальшавіцкай улады. Найбольш маштабным было Слуцкае паўстанне ў лістападзе-снежні 1920 года, якое патапіла ў крыві тая самая Чырвоная армія. На Палессі ваяваў супраць бальшавікоў генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, наш зямляк, які нарадзіўся на Браслаўшчыне, а пачынаў свой працоўны шлях адміністратарам маёнтка Гарадзец (Шаркоўшчынскі раён).

Антыбальшавіцкае паўстанне ўзнялі ў чэрвені 1919 года жыхары Браслаўскага і Дзісненскага паветаў. Два тыдні яны баранілі Германавічы, Шаркоўшчыну, Пагост, Мёры, Іказнь ад Чырвонай арміі, але ўрэшце былі разгромленыя.

Каб абараніць родныя палеткі і гумны ад рабаўніцтва, многія юнакі з нашага рэгіёна ішлі добраахвотнікамі ў польскае войска – Юзаф Пілсудскі якраз далучаў Усходнія Крэсы да адноўленай Польшчы. Польская ўлада была для беларусаў меншым ліхам – пад Польшчай быў не рай, але на працягу дваццаці год нашыя прадзеды не ведалі калектывізацыі, закрыцця цэркваў і масавых расстрэлаў.

Уварванне Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, якое адбылося 17 верасня 1939 года пасля змовы Гітлера і Сталіна “аб падзеле сфераў уплыву”, адабрала спакой у нашых дзядоў. У Глыбокім супраць чырвонаармейцаў выйшлі падлеткі – адзін узяў вінтоўку і страляў па вайскоўцах з-за царкоўнай агароджы, ды двое мальцаў бутэлькай з бензінам падпалілі савецкі танк. Баючыся супраціву, бальшавікі пачалі тэрор – дзясяткі тысяч беларусаў былі вывезеныя ў Сібір, расстраляныя, пасаджаныя ў турмы.

Пачатак вайны з Гітлерам 22 чэрвеня 1941 года быў каму трагедыяй, а каму выратаваннем. На апошнія дні чэрвеня планаваліся масавыя арышты і дэпартацыі беларускіх сялянаў, якія былі сарваныя пачаткам вайны. Тым часам у турме ў Беразвеччы (Глыбокае) камуністы пачалі масавыя забойствы вязняў. Каго не паспелі закатаваць на месцы – пагналі на ўсход “дарогай смерці” і расстралялі каля вёскі Мікалаёва, што недалёка ад мястэчка Ула.

Шмат беларускай крыві пралілі савецкія партызаны. Старажылы Бягомля з жахам успамінаюць, як асобы аддзел брыгады “Жалязняк” 8 студзеня 1943 года, на другі дзень праваслаўнага Раства, расстраляў больш за паўсотні мірных жыхароў. Аднаго застрэлілі, бо родны брат перад вайной сядзеў паводле палітычнага артыкула, пастралялі дзяўчат, якіх немцы мабілізавалі працаваць на кухні. У 1942 годзе каля Бягомля партызаны забілі праваслаўнага святара. 17 жніўня 1943 года тыя ж жалязнякоўцы застрэлілі ў Докшыцах жанчыну, якая адмовілася аддаваць партызанам карову.

Калі зважаць на маштабы забойстваў, якія разгарнулі на тэрыторыі Беларусі нацысты, то камуністаў варта прызнаць меншым злом. Таму прыход Чырвонай арміі ў ліпені 1944 года жыхары раёнаў, найбольш пацярпелых ад нямецкага тэрору, успрынялі як вызваленне. Варта памятаць і ўшаноўваць беларусаў, якія ў шэрагах Чырвонай арміі і савецкіх партызанскіх атрадаў змагаліся, каб выгнаць з роднай зямлі нацысцкіх акупантаў.

Жыхары Заходняй Беларусі спадзяваліся, аднак, што бальшавікі доўга не затрымаюцца. Сярод людзей існавала перакананне, што пасля разгрому Германіі пачнецца вайна паміж СССР ды Велікабрытаніяй і Злучанымі Штатамі, у якой бальшавікі атрымаюць паразу. Дзясяткі тысячаў беларускіх юнакоў, хаваючыся ў лясах, пазбягалі прызыву ў Чырвоную армію і чакалі канца савецкай улады.

Антыбальшавіцкі партызанскі рух некалькі год не даваў спакою савецкай уладзе. Камуністычныя дзеячы на Пастаўшчыне баяліся начаваць два разы запар на адным месцы, і цэлы полк МГБ (Міністэрства дзяржаўнай бяспекі) не мог нічога зрабіць супраць “лясных братоў”. У Глыбоцкім і Дунілавіцкім раёнах да 1955 года ваяваў легендарны Яўген Жыхар – і дзесяцігоддзі пазней вяскоўцы, зазлаваўшыся на савецкіх чыноўнікаў, казалі: “Няма на іх Жыхара!”

Бальшавікі звярэлі ў адказ, і ў 1947 годзе пасадзілі на вялікія тэрміны навучэнцаў Глыбоцкай і Пастаўскай педагагічных вучэльняў, сяброў таемнага Саюза беларускіх патрыётаў. Правакатары з МГБ спрабавалі схіліць маладзёнаў да збройнай дзейнасці, ды не ўдалося. Адзінай іх віной перад савецкай уладай было жаданне вучыцца па-беларуску ды папулярызаваць родную мову і культуру. У Паставах дасёння жывуць Антон і Алеся Фурсы, калісьці асуджаныя па той справе.

Пасля пяці год змагання са збройным супрацівам, ды пасля таго, як найбольш працавітыя і актыўныя сяляне з’ехалі ў Польшчу па рэпатрыяцыі, савецкая ўлада распачала калектывізацыю. Прасцей кажучы, адабрала ў людзей зямлю, заробленую цяжкай працай, сельскагаспадарчыя прылады і амаль усю скаціну. Потым камуністы ўзяліся змагацца з Богам – на мяжы 1940-х і 1950-х былі арыштаваныя і пасаджаныя ў лагеры амаль усе каталіцкія святары ў нашым рэгіёне. У 1956 годзе да ўлады прыйшоў Мікіта Хрушчоў – і ўзяўся зачыняць праваслаўныя цэрквы.

Савецкая ўлада не дапускала двух меркаванняў. Насаджалася камуністычная ідэалогія, занепадала беларуская мова, дзецям у школе дзяўблі ў галаву, што няма Бога. Немагчыма было сказаць слова супраць улады. Пратэст выказвалі цішком, пераказвалі палітычныя анекдоты, слухалі Радыё Свабода і Голас Амерыкі. Глыбачанін Віктар Храпавіцкі ў 1962 годзе ў Мінску далучыўся да групоўкі студэнтаў, якія планавалі ўзарваць перадатчык, што заглушаў хвалі замежных радыёстанцый, але акцыю сарвалі органы дзяржаўнай бяспекі.

Савецкая ўлада была вялікай трагедыяй для Беларусі. Святкаванне гадавіны стварэння Чырвонай арміі, на штыках якой была прынесеная гэтая ўлада – гэта ганьбаванне памяці нашых дзядоў і прадзедаў.

Святкуючы 23 лютага, многія не задумваюцца пра гісторыю Чырвонай арміі. Для большасці – гэта свята ў гонар мужчын, якія, паводле дадзеным Богам здольнасцяў, павінны абараняць сваіх каханых, свае сем’і і сваю Радзіму. Існуюць, аднак, іншыя даты, калі можна павіншаваць беларускіх мужчынаў – 15 ліпеня ў дзень Грунвальдскай бітвы, 8 верасня ў дзень бітвы пад Оршай, 20 лістапада ў гадавіну Слуцкага паўстання. Пагартайце даведнікі па гісторыі – можна хоць штомесяц віншаваць – абы толькі моцна не напівацца, святкуючы.

А святкаванне 23 лютага ў Беларусі, спадзяюся, калі-небудзь будзе забаронена.

Аўтар: Кастусь Шыталь

Крыніца: http://westki.info

2 thoughts on “Чаму ў Беларусі трэба забараніць святкаванне 23 лютага

  1. Равс

    Найбольш падыходзячая дата для святкавання Дня Абаронцы Бацькаушчыны i Узброеных сіл Беларусі – 8 верасня — дзень Беларускай вайсковай славы, перамогі пад Оршай 1514 года.

  2. Licvin

    Найбольш падыходзячая дата для святкавання Дня Абаронцы Бацькаўшчыны i Узброеных сіл Беларусі — Перамога войск ВКЛ на Сіняй Вадзе і вызваленне брацкай Украіны ад татарскага гнёту, якая адбылася ў 1362 годзе і стала першай перамогай над ардынцамі ва Ўсходняй Еўропе!
    Як у фізіцы, так і ў палітыцы сілы патрэбна складываць, плюсаваць, тым самым здабываюцца палітычныя перамогі. Перамога на Сіняй Вадзе яднае нас з Украінай і тым самым ўмацоўвае нас палітычына.
    Перамога пад Воршай стварае канфрантацыю з Расіяй і робіць нас слабей, лішні раз падкрэслівае нашую эканамічную залежнасьць. (будуць святкаваць, отключым газ!)

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.