Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Чалавек-эпоха. Успаміны пра Мікалая Крукоўскага.

Krukouski_ShumskayaНапрыканцы 90-х наша краіна перажывала складаны і адначасова вельмі цікавы перыяд. Трансфармацыя палітычнага ладу, вірлівыя падзеі ў сацыякультурнай сферы, істотныя змены ў каштоўнасных арыентацыях грамадства стваралі ўражанне знаходжання ў даліне гейзераў.

Маючы схільнасць да навукова-даследчай дзейнасці, пасля сканчэння Эканамічнага ўніверсітэта я выказала намер працягнуць сваё навучанне ў аспірантуры. Эканамічная навука падавалася мне занадта практычнай для тэарэтызавання, у значна большай ступені мяне вабіла ўпадабаная яшчэ са школьных гадоў філасофія і, разам з тым, назіраліся здольнасці да мастацкай творчасці. У выніку давялося спыніць свой выбар на спецыяльнасці “тэорыя і гісторыя культуры” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Гэтае рашэнне шмат у чым грунтавалася на тым факце, што менавіта там працаваў прафесар Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі, патрапіць пад патранаж якога азначала адразу ўзяць “высокі старт” у навуцы.

Варта адзначыць, што Мікалай Ігнатавіч ніколі не быў “зручным” чалавекам для любой сістэмы. Апроч, мабыць, гегелеўскай. Спакойны і разважлівы, але разам з тым прынцыповы і настойлівы, ён некалі быў звольнены з БДУ за выкладанне на беларускай мове і супрацоўніцтва з БНФ, чальцом якога з’яўляўся. Ягоная “міграцыя” ва Ўніверсітэт культуры была невыпадковай – на той час гэта быў сапраўдны асяродак Беларушчыны, якім кіравала шляхетная Ядзвіга Дамінікаўна Грыгаровіч.

Крукоўскі вёў заняткі па філасофіі, і яго ціхі голас і акадэмічную постаць так ці іначай запаміналі нават тыя студэнты, для якіх “каралева гуманітарных навук” уяўлялася чымсьці іншапланетным. Аднойчы адзін са студэнтаў-завочнікаў, якому трэба было здаць залік (а на занятках ён адсутнічаў), запытаўся ў аднакурснікаў, якім чынам ён зможа вылучыць Крукоўскага з ліку іншых выкладчыкаў. Адказ быў наступны: “Уяві сабе вобраз класічнага прафесара з кінафільмаў – у сталым веку і з барадой. Вось менавіта так ён і выглядае”.

Маё знаёмства з Крукоўскім, натуральна, адбылося ва Ўніверсітэце культуры. На першую сустрэчу я прынесла некаторыя нататкі для будучай дысертацыі, а таксама зборнік уласных вершаў, якія прафесар потым неаднойчы ўхваляў, адзначаючы, што яны шчырыя і смелыя.

Галоўнай адметнасцю Крукоўскага як навуковага кіраўніка было тое, што ён не рабіў абсалютна ніякага ўціску на аспірантаў, прадастаўляў поўную свабоду дзеянняў, ніколі не патрабаваў (як гэта нярэдка практыкуецца ў навуковых колах) дадаваць сваё прозвішча ў аспіранцкія публікацыі і спіс літаратуры. Але перыядычна цікавіўся, ці давялося яго падапечным прачытаць тое-сёе з ягоных кніг, і якое меркаванне ў іх склалася адносна напісанага ім. Гэта была дыхтоўная soft-version супрацоўніцтва, якую хутчэй можна было лічыць партнёрствам.

Досыць часта, аднак, Мікалай Ігнатавіч прыгадваў у гутарках сітуацыю з ранейшага ўласнага досведу, калі каб нашкодзіць навуковаму кіраўніку, экспертная супольнасць “ламала хрыбет” яго аспіранту, пад рознымі нагодамі не дапускаючы апошняга да абароны або спараджаючы дзеянні так званых “чорных рэцэнзентаў”. На шчасце, ва Ўніверсітэце культуры стаўленне да Крукоўскага было вельмі паважлівым, таму інтрыгі падобнага кшталту мяне абмінулі.

Часам мне здавалася, што лепей было б чуць значна больш грунтоўнай крытыкі з боку свайго шаноўнага навуковага апякуна, але гэтая місія нейкім чынам размеркавалася сярод іншых чальцоў кафедры культуралогіі. Іх прынцыповыя заўвагі разам з карыснымі парадамі прафесара ў канчатковым варыянце прывялі да шліфоўкі дысертацыі і таго, што адзін з апанентаў назваў “бліскучай абаронай”, на момант якой мне было 25 гадоў.

Зразумела, што камунікацыя з прафесарам паспяхова працягвалася і на працягу шматлікіх гадоў пасля маёй абароны. Хоць зараз нярэдка можна сутыкнуцца з сітуацыяй, калі твой былы студэнт (магістрант, аспірант) нават не лічыць патрэбным павітацца пры сустрэчы.

Трэба сказаць, што культуралогія ў сучасных рэаліях разглядаецца пераважна як міждысціплінарны навуковы кірунак, а ў якасці практычнай сферы дзейнасці і ўвогуле дапускае вялікую вольнасць трактовак. Адметнасць, якую я заўважаю ўсё часцей і часцей, – азначэнне “культуролаг” надта любяць прысабечваць людзі, якія адначасова займаюцца ўсім патроху і нічым дакладным у прыватнасці. Піша чалавек нейкія замалёўкі пра падзеі культурнага жыцця, спрабуе па-аматарску ацэньваць творы сучаснага мастацтва або выконвае місію таго, хто паводле савецкай тэрміналогіі быў “массовик-затейник”, – вось нібыта ўжо і новаспечаны культуролаг. Але ў дачыненні да культуролагаў-даследчыкаў сітуацыя цалкам супрацьлеглая – гэта адзінкавыя феномены, бо важкія распрацоўкі ў дадзенай галіне робяцца надзвычай рэдка, дактароў культуралогіі ў рэспубліцы можна палічыць пры дапамозе пальцаў адной рукі, а аўтараў уласных культуралагічных канцэпцый і ўвогуле днём з агнём не вышукаеш.

Мікалай Ігнатавіч быў менавіта Культуролагам з вялікай літары, нягледзячы на наяўнасць ступені доктара філасофскіх навук (зрэшты, дактароў культуралогіі тады яшчэ не рыхтавалі). На карысць гэтага можа сведчыць мноства глыбокіх аналітычных артыкулаў па фундаментальнай культуралогіі і цвёрдае адстойванне канцэпцыі цыклічнага развіцця сацыякультурных працэсаў, якую Крукоўскі самастойна пачаў распрацоўваць яшчэ ў 60-я гады. Цяпер гэтую канцэпцыю выкарыстоўваюць усе, каму не лянота, і часам не надта паглыбляючыся ў яе змест, а вось у савецкія часы для расповеду пра сінусоіды эвалюцыі і трыадзінства сістэмы культуры была патрэбная пэўная мужнасць. Такія ідэі відавочна не ўпісваліся ў пануючы ідэалагічны трэнд, а іх стваральнікі былі прыроўненымі да навуковых фрыкаў.

Сёння ж на гэтую канцэпцыю прама ці ўскосна абапіраецца мноства асоб. Нават эстрадны кампазітар Эдуард Ханок пазіцыянуе сябе як аўтара “тэорыі творчых хваляў”, ігнаруючы напрацоўкі Шпенглера-Тойнбі-Сарокіна і, безумоўна, Крукоўскага. Што ўжо казаць пра шэраг навукоўцаў (у тым ліку,  айчынных), якія пры істотным запазычванні самой ідэі цыклічнасці культуры “забываюць” зрабіць адпаведныя спасылкі на першапраходцаў у дадзенай галіне. Калі я падзяліся сваімі развагамі наконт гэтай сітуацыі з Мікалаем Ігнатавічам, ён зрэагаваў, як і належыць сапраўднаму вучонаму: “Значыць, канцэпцыя слушная і я быў на правільным шляху…”.

Гутаркі з прафесарам звычайна адбываліся ў яго дома. Запоўнены кнігамі пакой на дзявятым паверсе звычайнай панэлькі быў своеасаблівай келляй навукоўца, дзе ён нястомна працаваў і прыймаў гасцей. Там кідаўся ў вочы вялікі тэлескоп, які быў не простай дэкарацыяй. Напярэдадні свайго 88-годдзя Мікалай Ігнатавіч заўважыў: “З улікам таго, што перакуленая васьмёрка – знак бясконцасці, а мне ўжо ў хуткім часе трэба будзе збірацца туды (пры гэтым указальны палец правай рукі Крукоўскага ўпэўнена ўзняўся ўверх), – я перыядычна люблю паназіраць за зорным небам”.

У такіх славесных пасажах прафесара была свая прыхаваная логіка. Логіка прыгажосці, даследаванню якой ён прысвяціў асобную манаграфію. Апроч таго, вучоны сур’ёзна замаўся філалогіяй і добра маляваў (нават уваходзіў у Беларускі Саюз мастакоў).

Мікалай Ігнатавіч быў у добрым сэнсе гэтага слова кансерватарам. Лічыў, што чалавек, у існасці якога спалучаецца і высокае, і нізкае, мусіць імкнуцца да гармоніі, да Абсалюту, а наша грамадства – да пераадольвання ніжняй фазы сінусоіды (упадку і крызісу) і адпаведнага пераходу на ўзровень узыходзячай фазы Адраджэння. Менавіта Адраджэнне – не толькі чалавечай асобы як элемента сусветнага парадку, але і беларускай нацыі, заўсёды жыва хвалявала вучонага. Цяперашні стан грамадскай ментальнасці ён узгадваў са скрухой. Моцна непакоіла прафесара і праблема дзяржаўнага суверэнітэта. Напрыклад, у адным з артыкулаў ён пісаў: “У савецкія часы беларуская дзяржаўнасць і суверэнітэт насілі выключна фармальны характар. Сучасная палітычная лінія кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь свядома вядзе зусім ужо да крайняга абвастрэння крызіснага становішча, імкнучыся поўнасцю знішчыць беларускую нацыянальную культуру як аснову незалежнай дзяржаўнасці. Сцвярджаецца, быццам бы ў той жа час адстойваецца суверэнітэт Беларусі, але апошні насамрэч у гэткай сітуацыі ператвараецца ў цалкам пустую юрыдычную фармальнасць”. Прасочваўся ў гэтым, як мне падаецца, не толькі аб’ектыўны позірк даследчыка, але і душэўны боль былога партызана, змагара за вызваленне роднага краю ад чужынцаў.

Падчас вайны Крукоўскаму нейкім цудам давялося вызваліцца з фашысцкага палону. Ён прыгадваў такую дэталь: калі цягнік з ваеннапалоннымі рушыў у невядомасць, на шляху праз кожныя 16 секунд трапляліся вострыя слупы, і каб скочыць на зямлю ў мэтах ратавання, трэба было вылічыць адпаведны прамежак паміж тымі небяспечнымі слупамі…

Досыць часта даводзілася чуць ад прафесара крытычныя выказванні ў дачыненні да дзейнасці філосафа Валянціна Акудовіча і творчай суполкі “Бум-Бам-Літ”, рэдакцыі часопіса “Arche” і кіраўніцтва Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта. Усіх іх Крукоўскі ў той ці іншай ступені атаясамліваў з праявамі постмадэрнісцкай плыні, нязменна падрэсліваючы шкоднасць распаўсюду гэтай тэндэнцыі на ўзроўні грамадскай свядомасці. Сказаць, што ён недалюбліваў постмадэрністаў, было б недастаткова. Ён іх проста не зносіў, угледжваючы тут дэструктыўны ўплыў на традыцыйныя падмуркі культуры і наўпрост сцвярджаючы, што “так  званы  постмадэрнізм раз’ядае, быццам ракавая пухліна, духоўную культуру народа”. А неяк у адной з гутарак заўважыў, што міжволі крыху сапсаваў стасункі з амерыканскімі калегамі, калі дазволіў сабе крытычна выказацца пра творчасць Марка Шагала.

Артыкулы Крукоўскага айчынныя навуковыя і калянавуковыя выданні прымалі да друку без асаблівай ахвоты, або ўвогуле ігнаравалі. Сам ён зазначаў, што “проста нейкі Халакост назіраецца адносна маіх пісанняў, пачынаючы з колішніх даўнішніх кніжак”.  Для зафармалізаванай і заідэалагізаванай (прычым, не толькі ў кірунку праўладнай арыентацыі) навуковай прасторы, ягоныя сачыненні былі “нефарматам”. Разам з тым, асваенне Інтэрнэт-тэхналогій дапамагло Мікалаю Ігнатавічу плённа камунікаваць з калегамі з Расіі, Польшчы, Германіі, ЗША і нават Японіі. Даведаўшыся пра маю стажыроўку ў Варшаве, прафесар з замілаваннем успамінаў час, праведзены ў бібліятэках польскай сталіцы, кажучы: “Я тады ў гэты горад проста закахаўся”.

Дарэчы, род Крукоўскіх можа ганарыцца не толькі ўласным гербам, але і шматвекавой гісторыяй. Мікалай Ігнатавіч аднойчы адзначыў, што першапачатковае родавае прозвішча ў рускай версіі пісалася менавіта праз “у”, але потым, каб наблізіць яго гучанне да фанэтычнай спецыфікі мовы “старэйшага брата”, у дакументах была зафіксавана версія праз “ю” – Крюковский. Падобная рэч некалі адбылася і са знакамітым пісьменнікам Васілём Быкавым, які насамрэч меў прозвішча Бык.

Нягледзячы на суровыя водгукі наконт імперскай палітыкі ўсходняга суседа і нярэдкае выкарыстанне азначэння “турма народаў” у дачыненні да Расіі, выказванне трывогі з-за ўзмацнення русіфікацыі і абурэння паводзінамі расійскіх алігархаў, Мікалай Ігнатавіч шчыра ўзарадаваўся намеру аднаго маскоўскага выдавецтва ўзяцца за выпуск ягонага збору сачыненняў. Беларускія выдавецтвы чамусьці да такой ініцыятывы не даспелі, бо, як звычайна, у сваёй Айчыне для прарокаў месца не знаходзіцца.

Апошняя сустрэча з вучоным, да якога можна смела дапасоўваць эпітэт “адзін на мільён”, адбылася ў жніўні 2012 года, калі я наведала Мікалая Ігнатавіча разам з прадстаўнікамі незалежнага Інстытута беларускай гісторыі і культуры. Было запісанае інтэрв’ю, відэа да якога, на жаль, не атрымалася, але захаваўся аўдыёзапіс размовы. Праз некалькі дзён пасля гэтага, даслаўшы прафесару па электроннай пошце шэраг фатаздымкаў, атрымала такі адказ: “Дарагая Ірына Міхайлаўна! Атрымаў Вашы здымкі і вельмі Вам удзячны. Яны паднялі мне настрой і вельмі павесялілі. Асабліва там, дзе мы з Вамі побач, і Вы такая мілая, а я такі смешны. Яшчэ раз дзякуй! У цэлым жа я не вельмі задаволены, бо толкам нічога і не сказаў. Нават пра свае ваенныя паходжанні нічога не распавёў, а яны ў мяне былі вельмі багатыя і на страх, і на весялосць. Станаўлюся, на жаль, ужо цалкам віртуальным і мяне зараз можна хіба што чытаць. Толькі так я яшчэ таго-сяго, здаецца, варты. Паглядзіце, калі ў Вас будзе вольны час, тэкст майго “Бляску і трагедыі ідэалу” (другое, так бы мовіць, “выданне”) і падзяліцеся пры выпадку ўражаннем. Бо тэкст, як і яго аўтар, жыве толькі тады, калі яго чытаюць. Перадайце маё прывітанне і Вашым калегам, яны сімпатычныя хлопцы. Яшчэ раз удач Вам і добрага настрою. Ваш Крукоўскі.”

16 лістапада 2013 года Мікалаю Ігнатавічу Крукоўскаму споўнілася б 90 гадоў. Да свайго ўрачыстага юбілею выбітны навукоўца не дажыў зусім крыху, але гэтае сумленнае жыццё змяшчала ў сабе цэлую эпоху памкненняў і надзей, змаганняў за будучыню Беларусі і сціплага змірэння перад водбліскам Вечнасці. Спадчыну Крукоўскага яшчэ належыць як след пераасэнсаваць нам, ягоным нашчадкам.  Імаверна, што гэта адбудзецца не адразу, бо нездарма ж хтосьці з класікаў пісаў: “Вялікае бачыцца на адлегласці”.

Аўтар: Ірына Шумская