Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Брачыслаў Ізяславіч, князь Полацкі, і яго роля ў станаўленні раннефеадальнай беларускай дзяржаўнасці.

Brachyslau PolackiЯк вядома, полацкі князь Брачыслаў Ізяславіч (1003-1044 гг.) лічыцца заснавальнікам г. Браслава, пачатковая назва якога “Браслаўль”, “Брачыслаўль”. Але заснаванне гэтага паўночнага горада Полацкай зямлі – толькі адна старонка рознабаковай дзейнасці полацкага князя. Яго роля як мудрага ўладара і гнуткага палітыка дагэтуль не атрымала належнай ацэнкі ў беларускай гістарычнай навуцы. Аналіз пісьмовых крыніц, як пэўных, так і ўскосных, у спалучэнні з найшоўшымі дадзенымі археалогіі дазваляе паглядзець на постаць гэтага князя, як на аднаго з ініцыятараў аднаўлення і ўсталявання раннефеадальнай дзяржаўнасці.

На слушную думку многіх даследчыкаў, Брачыслаў стаў полацкім князем у малалетнім узросце, пасля смерці свайго (магчыма, старэйшага) брата – Усяслава. Гэтым тлумачыцца тое, што на працягу амаль 18 год аб ім няма ніякіх звестак у вядомых нам летапісах. Але гэта не можа быць сведчаннем пасіўнасці маладога князя ва ўнутрыпалітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці Полацкай зямлі. Пасля адраджэння ў пач. XI ст. на Полаччыне ўласнага княжацкага радаводу – Рагвалодавічаў, можна не сумнявацца, ішоў пакутлівы працэс пазбаўлення гэтых земляў ад вынікаў шматгадовай рабаўнічай палітыкі з боку Кіева, якая была распачата захопам Полацка князем Уладзімірам у 970 г.

Супярэчлівасць працэсу былаў тым, што да 1015 г. быў жывы сам Уладзімір Хрысціцель, а значыцца і размовы аб поўнай колішняй самастойнасці Полацкай зямлі не магло быць. Разам з тым, у нетрах тагачаснага беларускага грамадства выспявалі новыя гаспадарчыя сілы. Аб гэтым сведчаць археалагічныя доследы Паўночнай Беларусі, і ў першую чаргу – Полацка. Доказам узмацнення гэтага горада можа быць тапаграфічнае пашырэнне яго межаў, узвядзенне дадатковых фартыфікацыйных умацаванняў. Пэўныя своеасаблівасці мае насычанасць культурнага слоя рэшткамі матэрыяльнай культуры, у першую чаргу рэчамі скандынаўскага паходжання, або стылізацыямі.

Адначасова з развіццём гаспадаркі і гандлю развівалася ўнутраная палітычная структура Полаччыны. Цікавыя ў гэтым плане звесткі, якія адносяцца да X ст., змяшчае “Сага аб Торвальдзе Вандроўніку” (запісана ў XIII ст.). Яны даюць падставы меркаваць аб першых кроках хрысціянізацыі Полацкай зямлі, аб пранікненні скандынаўскіх месіянераў на тэрыторыю княства. Супастаўляючы “Сагу” з летапіснымі артыкуламі 1000 – 1007 і 1158 гг., можна дапусціць, што праваслаўе было прынята Полацкам напрасткі ад Візантыі, і што ўжо напачатку XI ст. тут існаваў свой святы пантэон. Палітыка ўнутранага ўладкавання дзяржавы ішла ў накірунку спалучэння новай хрысціянскай і старой паганскай рэлігіі. У гэтым, безумоўна, найвялікшую ролю адыгрывала сама асоба полацкага князя Брачыслава.

Пасля смерці Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча Брачыслаў, як нашчадак старэйшага ў родзе сына – Ізяслава, мог прэтэндаваць на кіеўскі стол. На думку некаторых даследчыкаў, ён і правіў у Кіеве ў 1019 – 1021 гт. Разам з тым, барацьба за панаванне ішла паміж яго дзядзькамі – Яраславам Мудрым і Святаполкам Уладзіміравічам па мянушцы Акаянны. Яна скончылася перамогай Яраслава ў бітве на р. Альце (1019 г.). Далейшае імкненне Яраслава, на той час князя наўгародскага, стаць адзінаўладным гаспадаром усіх зямель так званай Кіеўскай Русі, выклікала нязгоду з боку полацкага князя.

Карыстаючыся адсутнасцю Яраслава, Брачыслаў полацкі робіць напад на Ноўгарад (1021 г.), вывозіць багата каштоўнасцей. У адказ Яраслаў Мудры на чале войска вышаў з Кіева супроць полацкага князя.

Далейшыя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне не толькі на старонках летапісаў, але і ў вельмі цікавай для нас “Эймундавай саге”, дзе Брачыслаў выступае пад імем Варцілаў, а Яраслаў – Ярыцлейв. Як большасць скандынаўскіх саг, “Эймундава сага” мае шмат фантастычнага і прыдуманага, але яе першапачатковая гістарычнасць не выклікае ў навукоўцаў пярэчанняў. 3 яе вынікае не толькі тое, што ў войсках тагачасных кіеўскіх і полацкіх князёў служылі нарманы, але што канфлікт паміж Яраславам і Брачыславам усчаўся з нагоды неабгрунтаваных прэтэнзін кіеускага князя на полацкія землі. Як сведчаць летапісы, бітва паміж князямі на рацэ Судаміры скончылася паражэннем Брачыслава (1021), але Яраслаў быў вымушаны “дабраахвотна” аддаць полацкаму князю Віцьбеск і Усьвяч. Гэтакія нелагічныя паводзіны князя пераможца, летапісную супярэчнасць можна растлумачыць з улікам сагі як тое, што ніякай перамогі над Брачыславам не было. Заключанае князямі мірна…

Друкуецца па кн.: Т а р а с а ў С. Браслаўскія чытанні. Матэрыялы 11-й навукова-краязнаўцай канферэнцыі… Браслаў, 1991, арк. 67 – 69.