Інстытут беларускай гісторыі і культуры

«Бітва за Гродна»

CzarniakieviczПрацягваем публікацыю  дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з  панэлі «Гісторыяграфія» кандыдата гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч:

Гродна – горад, з якога за поўгадзіны можна даехаць да мяжы з Польшчай. Пры гэткай геаграфіі менавіта тут захаваўся адзін з самых старажытных праваслаўных храмаў Беларусі – Каложа. З’явіўшыйся, каб “гарадзіць”, у сэнсе – агароджваць, абараняць, гэты горад на мяжы эпохаў амаль заўсёды пераўтвараўся ў кропку біфуркацыі, выбару. Магчыма, не самага крывававага, аднак напэўна, вызначальнага для лёсаў краю. Паход на Грюнвальд ды мяцеж Глінскага, інкарпарацыя Вялікім княствам Лівоніі ды выратавальныя ўцёкі цара Пятра І – усё гэта звязана з Гродна. Ну і, канешне, “маўклівы Сейм”, які стаў фінальным акордам цэлай эпохі!

Яшчэ адной своеасаблівай візітнай карткай Гродна была і застаёцца ягоная, гэтак званая, “польскасць”. Што праўда, польская прысутнасць у горадзе, ці, можа больш дакладна, прысутнасць Гродна ў польскай гісторыі, у розныя часы ўспрымалася па рознаму. Напрыклад, карэспандэнт польскай “Gazety Białostockaj” напярэдадні Першай Сусветнай быў катэгарычны ў сваіх высновах, калі пісаў, што гэты горад ляжыць “пад нейкаю цёмнаю зоркаю”:

“…Нічога добрага, нічога радаснага нельга знайсці ў яго мінулым, ніводзін ясьнейшы праменьчык не рассвеціць шэрасць яго сёняшнягя шэрага жыцця… Тут некалькі стагоддзяў таму памёр – атруты ці не атруты – наш вялікі Баторый… Тут адбыўся той самы трагічны Сейм – нямы… Тут у смутны лістападаўскі дзень склаў сваю карону з наколькі нешчаслівай, настолькі і віннай галавы апошні наш кароль… ”(1).

Аднак, тыя ж самыя падзеі, якія павінны былі стаць пацверджаннем пераемнасці гістарычных сувязяў, набываюць зусім іншыя рысы ўжо ў міжваеннай Польшчы. Зараз у якасці галоўных постацей гродзенскай гісторыі разглядаліся кароль Стэфан Баторый, Эліза Ажэшка і Міхал Валовіч – адзін з кіраўнікоў паўстання 1831 года, чым па сутнасці, акрэсліваўся “гістарычны” вектар польскага Гродна. Польскі гісторык Ян Ежы Мілеўскі піша:

“Хаця ў Гродне памёрлі каралевіч, пазнейшы святы, Казімір, ды кароль Казімір Ягелончык, тут скончыў сваё палітычнае жыццё… Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, вялікую колькасць заслугаў паклаў Антоній Тызенгаўз, аднак з ўсіх гэтых вялікіх гістарычных постацей, горад, перш за ўсе, атаясамляўся менавіта з каралём Стэфанам Баторым.

У традыцыі Гродна перад 1939 годам ён галоўным чынам супернічаў з пісменніцай Элізай Ажэшка, аднак тая, хаця і памерла яшчэ перад Першай Сусветнай вайной, лічылася амаль што асобой сучаснай – бо яшчэ жылі людзі, якія яе ведалі, якія з ёй сябравалі. Стэфан Баторый з’яўляўся больш сімвалам дзеля знешняга карыстання, адсюль пра Гродна часта казалі – “град Баторыя”. Больш за тое, ягоную постаць стараліся выкарыстаць і ў справах палітычных, падкрэсліваючы, што, напрыклад, маршал Юзэф Пілсудскі з’яўляецца сапраўдным нашчадкам духа караля…

У гэтым сэнсе, Эліза Ажэшка была хутчэй сімвалам самога мясцовага шматнацыянальнага грамадства – з сымпатыяй у сваіх творах яна прадстаўляла не толькі палякаў, але і яўрэяў, і беларускі народ(2)”.

Нават, калі падчас археалагічных раскопак на Замкавай гары Ю. Ядкоўскі выявіў княжацкі церам ды рэшткі мураванага храма ХІІ стагоддзя і тым самым пацвердзіў факт заснавання горада старажытнарускімі князямі, гэтае адкрыццё было пераасэнсавана ў рэчышчы польскай культуры, а за Гродна замацавалася слава “Наднёманскага Вавеля”(3).

Адначасова закладаліся новыя помнікі. У канцы 1919 года на паседжанні Магістрата абмяркоўваўся праект ушанавання памяці Э. Ажэшкі асобым помнікам у яе гонар, які павінен быў з’явіцца на пастаменце, што застаўся пасля помніка… гродзенскаму губернатару П. Сталыпіну(4)! А ўжо ў кастрычніку 1921 года ў горадзе быў адчынены помнік у гонар перамогі ў польска-савецкай вайне.

Нават у савецкія часы польская прысутнасць захавала тут ўласныя моцныя гістарычныя карані, традыцыю, і, што не менш істотна, пэўныя лагуны на ўскрайку горада, дзе яна да недаўняга часу сустракалася канцэнтравана, гарманічна ўпісваючыся ў гарадскі ландшафт. Яна не трапляла на старонкі афіцыйных выданняў, аднак у самім горадзе заўсёды прысутнічаў міф пра крэсовы “Grodnа”, сумбурны, сентыментальна-рамантычны, як старое фота з сямейнага альбома(6).

Не абыходзілася без кур’ёзаў. Аднойчы, напярэдадні юбілейнай 70-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі пад час рэканструкцыі плошчы Леніна, у самым цэнты горада, раптам з-пад зямлі быў адкапаны помнік – частка вялікага абеліску без аніякіх распазнавальных знакаў. Ягонае з’яўленне было нечаканым, незразумелым, непрадказальным, а таму выклікала сярод будаўнікаў ступар – велізарны кавалак бетону выцягнулі і бездапаможна кінулі побач на скрайку плошчы.

Адбывалася ўсё гэта ў тыя часы, калі адносіны ўладаў да гісторыі сталіся больш складанымі. Паўсталі пэўныя ідэалагічныя свабоды, якія дазвалялі пашырыць афіцыйныя межы мінулага з тым, каб падоўжыць ужо існуючы савецкі пантыён. Нават ужо тое, што незапланаваная знаходка затрымалася на скрайку траншэі, было чымсці новым. У кабінетах мясцовых партыйных кіраўнікоў паважна пачалі разважаць наконт таго, ці не помнік гэта вядомаму расейскамў гусару, які ў свой час меў вызваліць Гродна ад французскіх войскаў. Падобна, нават, ужо шлі калуарныя размовы, каб ізноў паставіць абеліск на ягонае старое месца, што ён адпавядае новаму бачынню гісторыі і г.д.

Але тут адчыніліся дзьверы і з’явіўся невядомы гісторык-аматар-краязнаўца са стосам старых паштовак. Можна толькі здагадвацца, што рухала гэтым чалавекам. Магчыма, ён быў не адзіны ў Гродна, хто ведаў, што за помнік ляжаў побач на плошчы, аднак ён быў адзіным, хто быў у стане пра гэта распавесці! Уяўляецца, што размова атрымалася не доўгай. Калі кіраўнікі горада даведаліся, які помнік перад імі – далейшая размова страціла сэнс. Аказалася, гэта быў той самы абеліск у гонар перамогі над бальшавікамі. Ужо ноччу бетонныя парэшткі знайшлі свой апошні прытулак на дне крэйдавага кар’ера дзесці ў наваколлі – канчаткова і безальтарнатыўна. Некалькі месяцаў пазней побач з месцам нечаканай знаходкі паставілі новы – чарговы помнік Леніну. Вось гэтак, здавалася б, амаль незаўважана, праз паўстагоддзя пасля верасня 1939 года скончыўся польскі Grodno.

Аднак тое, што было сімвалічным канцом аднаго гістарычнага перыяда, адначасова сталася пачаткам новай эпохі. Міжваенны Гродна, з часам, ператварыўся ў легенду і, нават, стаўся часткай нацыянальнага канону, што праўда, суседняй Польскай дзяржавы.

Пакаленню сучасных гарадзенцаў, якое вырасла на прыкладах абаронцаў Брестскай крэпасці, напэўна нечакана будзе даведацца аб тым, што амаль гэтак успрымаюць і Гродна, аднак толькі па той бок мяжы, у Польшчы. Тры дні баёў мясцовага грамадзянскага насельніцтва і парэшткаў вайсковых аддзелаў ды паліцыі з савецкімі часткамі восенню 1939 года далі пачатак новай традыцыі. Гродна з’яўляецца, фактычна, адзіным вялікім горадам, які гэтак доўга супрацьстаяў Чырвонай Арміі. Сімвалам гэтых падзей з’яўляецца постаць трынадцацігадовага польскага хлопчыка Тадзіка Ясінскага, якога савецкія танкісты, быццам бы, прывязалі (распялі) на бране танка(7).

Эпізод, аб якім ідзе гаворка, звычайны прыводзіцца па кнізе ўспамінаў Гражыны Ліпінскай. У артыкуле Анджэя Пачобута, напрыклад, ён апісаны наступным чынам:

“…Адзін з найбольш драматычных момантаў абароны Гродна звязаны з асобай 13-гадовага харцера Тадэвуша Ясінскага, які з бутэлькай з бензінам падкраўся да савецкага танка. Дзіця кінула бутэльку, але яе не запаліла. Відавочна гэта было недзе ў баку ад асноўных мейсцаў баёў, таму што Саветы яго злавілі і прывязалі на перадзе танка. Танк з прывязаным дзіцём ехаў па Гродне. Абаронцы стралялі па танку і хлопчык быў моцна паранены”(8).

Далей ён цытуе ўспаміны Г. Ліпінскай:

“Машына едзе ўперад, а я атупелая на ўсё што адбываецца вакол лячу проста на яе. Не чую крыку Данкі, якая бяжыць за мной… Страшны гук слімака… і танк затрымоўваецца перада мной. На лбе танка распятае дзіця, хлопчык. Кроў з ягоных ранаў ручайкамі плыве па жалезу. Мы з Данкай пачынаем адвязваць распятае і спутанае вяроўкамі рукі хлопчыка. (…) З танка выскаквае танкіст з браўнінгам у руце – пагражае нам, з суседняга дому з поднятым у гару кулаком выбягае малады габрэй, ахрыплым голасам крычыць – у нечым нас і хлопчыка абвінавачвае. Для мяне яны не існуюць. Я бачу толькі поўныя страха і мукаў вочы дзіцяці. І бачу як ягоныя рукі з бязмежным даверам выцягваюцца да мяне. Высокая Данка адным рухам здымае дзіця з танку і кладзе на насілкі (…) У шпіталі нас акружаюць сёстры, дактары, хворыя. – Хачу каб прыйшла мама – просіць дзіця. Называецца ён Тадэвуш Ясіньскі, яму трынадцаць год, адзінае дзіця Зофіі Ясінскай, не мае бацькі… Данка прыводзіць маці. Не дапамагае пераліванне крыві. Хлопец слабее, зачынаецца агонія…”(9).

Гэта не адзіная крыніца, дзе мы сустракаем узгадку пра чалавека на бране савецкага танка, аднак, фактычна, большасць польскіх гістарычных прац – усяго толькі апокрыфы Г. Ліпінскай(10). Праўда, успаміны іншых удзельнікаў абаронцаў ужо не такія дакладныя. Адзін з польскіх афіцэраў узгадвае, што памятае пра савецкі танк з чалавекам на брані, аднак падчас бою ён не паспеў разгледзець, хто ўласна гэта быў. Таму, магчыма, на пытанне, свайго падначаленага – “Што рабіць?”, даў кароткі адказ – “Агонь!” Яшчэ больш далекі ад першай версіі расповед мясцовай беларускі, згодна якой, маці хлопчыка крычала і праклінала ўласна не савецкіх жаўнераў, забіўшых яе сына, а тых дарослых, якія далі яму у рукі зброю і паслалі на смерць (12).

Цікава, што ўласна пра самаго хлопца па ранейшаму вядома ня шмат. У архівах удалося адшукаць толькі доказ, што ён рэальна існаваў і жыў разам з маці па вуліцы Баніфратэрскай № 9 (на пачатак 1930-х гадоў Тадзіка Ясінскага ўзяў на ўтрыманне мясцовы паліцэйскі) (13). Нават ягонае пахаванне на гарадскіх могілках усяго толькі кенатаф. Тым ня меньш, гэтая пакутная самаахвярная смерць замацавала той гераічны вобраз, якога раней нехапала польскаму Гродна. Ужо ў наш час Тадзік Ясінскі быў прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды – Камандорскага Крыжа Ордэра Адроджаннай Польшчы, ягонае імя носіць вуліцы адразу ў некалькі польскіх гарадах.

У адказ, сучасная рускамоўная гістарыяграфія ўспрымае гэтую постаць у якасці прыклада варожай, антырасейскай прапаганды. Большасць з аўтараў поўнасцью абвяргаюць магчымасць здарэння, аб якім піша Г. Ліпінская і, нават, існаванне самога Тадзіка Ясінскага (14)! Пры гэтым, расейскія аўтары, часцей за ўсё, атаясамляюць польскую крытыку ў бок савецкай улады з сучаснай расейскай дзяржаўнасцю. У выніку, спрацоўвае сваеасаблівы “катынскі” сіндром, які прымушае адмаўляць нават самае відавочнае, як тую ж абарону Гродна.

Беларуская гістарыяграфія апынулася яшчэ ў больш дзіўным стане. Па першае, вайсковы бок падзей айчыннымі гісторыкамі зусім нераспрацаваны, на што, у значнай ступені, паўплывала “недысертабельнасць” дадзенай тэмы. Кожны, хто знаемы з беларускай гістарычнай навукай, зразумее аб чым ідзе гаворка. Акрамя таго, мы не толькі працягваем савецкую традыцыю ў гісторыяпісанні, але і фактычна з’яўляемся нашчадкамі тых, хто змагаўся з польскімі абаронцамі Гродна. Ды і пытанне маральнай адказнасці за злачынства супраць мірнага польскага насельніцтва восенню 1939 года датычыць не толькі адной савецкай улады. Пры гэтым, аднак, сам вобраз абаронцаў – патрыётаў сваёй малой Радзімы, нам куды больш блізкі чым савецкі інтэрнацыяналізм.

Немагчымасць аб’ектыўнага, ці, прынамсі, больш глыбокага аналізу польскай спадчыны Гродна звязана з яшчэ адной ня меньш, а магчыма – больш істотнай праблемай. Амаль усё, што пішацца ці гаворыцца на гэтую тэму, аказваецца вырваным з кантэкста штодзённага жыцця самога горада. Па вялікаму рахунку, польскі “Grodnа” – гэта перш за ўсё канкрэтна-гістарычная з’ява, якая ахоплівала міжваеннае 20-годдзе, калі нацыянальны фактар пачаў адыграваць ролю асноўнага рухавіка ў галіне сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў. Галоўная праблема, аднак, у тым, што большасць з існуючых прац разумее гэтую самую “польскасць” у літэральным сэнсе (15).

Асабліва завостранна гэта адчуваецца менавіта пры апісанні падзеяў восені 1939 года. Даследчыкі дакладна падзялілі ўсіх тагачасных жыхароў горада на “палякаў” ды “непалякаў”, прычым не ў статыстычным, а нейкім, зноў жа, сімвалічным разуменні гэтага паняцця: адразу зарання прыймалася выснова пра нейкую адзіную мадэль паводзінаў, што адпавядала кожнай з гэтых частак грамадства. Гісторыя той жа абароны Гродна 1939 года, як і наогул гісторыя польскага Гродна, не толькі поўнасцю міфалагізавана, аднак і падаецца вырванай з гістарычнага кантэкста (16). За эмацыйна-патрыятычнай дуэлью губляецца галоўнае – жаданне зразумець сутнаць канфлікту і ягоныя сапраўдныя наступства.

Разам з тым, спробы стварыць гісторыю іншага – яўрэйскага, праваслаўнага, беларускага ці, нават, камуністычнага Гродна прыводзілі да таго ж самага: паўставаў у лепшым выпадку толькі кавалак краявіда, пэўная ягоная частка, якая ўвесь час знаходзілася ў проціўпастаўленні да ўласна польскага Grodnа (17). Пры гэтым, польская гістарыяграфія, прынамсі, прытрымліваецца адзінаму агульнаму вобразу мінулага, тады як айчынныя гісторыкі, існуючы ў межах сваіх уласных тэм, пазбаўленны агульнай нацыянальнай канцэпцыі. Напрыклад, большая частка публікацый прысвечаных беларускаму нацыянальнаму руху на Гродзеншчыне, не выходзяць за вузкія храналагічныя рамкі і канцэнтруецца на разглядзе канкрэтна-гістарычных падзеяў у межах толькі аднаго перыяда.

Тым часам, аналізуючы даследаванасць беларускага нацыянальнага руху на Гродзеншчыны можна прыйсці да высновы, што ўзгаданая тэма ў дадзенам канкрэтным рэгіянальным кантэксте прадстаўлена куды шырэй, чым нават агульны ўзровень яе даследаванасці. Некаторыя пытання, разгледжанныя даследчыкамі на прыкладзе Гродна і яго наваколля не знайшлі свайго працяга ў дачыненні да іншых беларускіх асяродкаў, пры тым, што сам Гродна з’яўляўся толькі адным з шэрагаў цэнтраў нацыянальнага руху. Не меньш важным падаецца і тое, што гісторыяграфія беларускага руху на Гродзеншчыне ахоплівае амаль усе яго асноўныя этапы развіцця, хаця яны і прадстаўлены не аднолькава шырока. Аднак, адсутнасць спробаў абагульняючага аналіза з шырынёй ракурсу ў некалькі дзесяцігоддзяў, паспрыяла замацаванню ўстойлівага стэрэатыпа аб тым, што “беларускім” Гродна ніколі і не быў (18).

У выніку, не выратоўвае нават Каложа. Мы бачым сітуацыю, калі у лакальнай перспектыве, айчынная гісторыяграфія амаль поўнасцю праігравае свайму суседу. Нават, адзіная абагульняючая акадэмічная праца – кніга “Памяці”, фактычна ўсяго толькі дадатак да спіса з імёнамі забітых савецкіх салдат! Акрамя геаграфічнай прывязкі, яна пазбаўлена іншага ідэялагічнага стрыжня, гэта значыць, агульнай традыцыі.

І гэта пры тым, што сама колькасць беларускіх публікацый прысвечаных мінуламу Гродна расце ад года ў год. Але, у выніку стасавання розных “сістэм каардынат” у дачыненні да апісання мінулага, мы сёння маем некалькі паралельных сусветаў, якія зводзяцца адзін да аднаго толькі геаграфічна. Гэта часамі выглядае так, напрыклад, быццам бы гарадзенец-паляк існаваў зусім у іншым Гродна, чым мясцовы яўрэй, рускі ці той жа беларус. Толькі польскі Гродна, пры гэтым, яшчэ і больш пазнавальны: Баторый, Ажэшка, Тадзік Ясінскі, тады як візуалізацыя беларускай гістарычнай прасторы мінімальная.

Здавалася б, ва ўмовах сувярэннай Беларусі “беларусізацыя” гістарычнай прасторы павінна мець першасная значэнне. Аднак аказалася, што сёння дзяржава больш за ўсё баіцца праяваў менавіта беларускай нацыянальнай ідэалогіі, бо як інакш, тады, напрыклад, магчыма патлумачыць адсутнасць да гэтага часу ў горадзе вуліцы імя Васіля Быкава ці Алеся Карпюка! Гэта тым больш дзіўна, што погляд саміх гэтых пісьменнікаў на мінулае дазваляе шмат якія падзеі, у тым – і бой за Гродна, разглядаць куды больш шырэй, з агульначалавечай перспектывы. Замест гэтага, пакуль польскія гісторыкі будуюць нацыянальны пантэон, расейскія прыдаюць яго анафеме, беларускія, у лепшым выпадку, здольныя на сціплую кампеляцыю (19).

Гэта, у сваю чаргу, стварае сваеасаблівыя гістарычныя “хімеры”, як, напрыклад, помнік ў цэнтры Гродна на плошчы Савецкай у выглядзе савецкага танка Т-34. Усталяваны ён яшчэ ў 1968 годзе. На франтальнай плоскасці пастамента знаходзіцца надпіс: “Доблесным воінам Другога і Трэцяга Беларускіх франтоў, вызваліўшых Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Справа, аднак, у тым, што ў 1944 годзе савецкія танкі Гродна не вызвалялі і гэты гістарычны факт абыйшоўся Чырвонай арміі ў некалькі сот загінутых (20).. Затое, савецкія танкі штурмавалі горад некалькі гадамі раней, што праўда, гэта былі не Т-34 (21). У выніку, сёння калі на той самы помнік глядзяць сучасные гродзенцы ды польскія турысты, яны бачаць зусім рознае аблічча мінулага. Пытанне толькі, чыё бачанне мінулага больш адпавядае гістарычнай праўдзе?

Дарэчы, вобраз танка займае выключнае значэнне ў разуменні складанасці сімволікі Гродна. Для польскага боку – гэта, перш за ўсё, персанафікацыя ворага, і, адначасова, месца пакуты і хрысціянскай ахвяры саміх абаронцаў:

“…Ранкам на мост выехаў гіганскі танк, ён зусім лёгка прарваўся праз нашы запоры; за ім з’явіўся другі, трэці, чацьвёрты… Трымцяць на ніх чырвоныя сцяжкі. На першым танке букет кветак, дзесці павіталі яго кветкамі, дзесці, але не ў Гродна…” (22).

Яшчэ адно аблічча савецага танка праглядаецца, калі мы сустракаем успаміны пра правадыроў з ліку мясцовых жыхароў, якія дапамагалі савецкім войскам рухацца ў лабірынце гарадскіх вулачак. Дарма гаварыць, што згодна польскай традыцыі, большасць з іх лічыцца камуністамі і яўрэямі. Спашлемся тут на польскага аўтара Я. Семанскага:

“У першых танках, што атакавалі ранкам горад, знаходзіліся яўрэі, якія збеглі ў Савецкі Саюз перад пачаткам Другой Сусветнай вайны. Сярод іншых бачылі: Александровіча, Ліпшыца, Маргуліса і іншых. Яны паказвалі камандам танкаў стратэгічныя пункты ў горадзе” (23).

Існуе, нават, варыянт апавядання, згодна якому ў танку, што згарэў на скрыжаванні з вуліцай Ажэшкі загінуў… той самы яўрэй, які забіў польскага марака ў 1936 годзе, выклікаўшы пагром, а пазней уцёк у Савецкую Расію. Такім чынам, у разуменні ахвяраў “савецкага вызвалення” удакладнялася агульная логіка падзей. Савецкая інтэпрэтацыя была, зноў жа, значна прасцей, аб чым сведчаць вуліцы і помнікі ў гонар савецкіх жаўнераў і мясцовых дзеячоў, што загінулі ў гэтых падзеях: Бертэля, Гарнавых, Квітко.

Аднак, ёсць яшчэ і іншае вымярэнне гродзенскіх падзей праз прызму савецкага танка: аўтару калісці давялося чуць аповесць ад старэйшай жанчыны, якая ў маладосці жыла ў недалёкай вёсцы Гнойніца – зараз гэта гарадскі абшар, пра тое, як у верасні 1939 года палякі спынілі побач з вёскай калону савецкіх танкаў, падбіўшы некалькі з машын. У выніку танкісты прыйшлі на начлег да яе бацькаў. З гэтай выпадковай сустрэчы пачалося каханне паміж тады маладой дзяўчынай і савецкім афіцерам, які пазней стаў яе мужам.

ххх

Напрыканцы хочацца распавесці гісторыю, якая з эмацыйнага бока, магчыма, больш нагадвае пэўную fotomarganu ці міраж, выкліканы на ўзроўні падсвядомасці. Разам з тым, зусім звычайны, на першы погляд, выпадак асабіста для аўтара артыкула набыў змястоўнасць вартую ня меньш за стос архіўных аркушаў. Ён канчаткова пераканаў, што мы маем дачыненне са з’яваю, якая значна выходзіць па-за межы толькі выключна гістарычнай памяці…

Аднойчы мне з маім сябрам патрапіў у рукі даволі рэдкі часопіс з матэр’яламі пра эксгумацыю парэшткаў польскіх жаўнераў, расстраляных савецкімі войскамі ў верасні 1939 года ў наваколлі маёнтка Друцк каля Гродна. Нам было вельмі важна пабачыць у якім зараз стане знаходзіцца тое месца, што даўно ўжо апынулася ў межах горада. Не спадзяючыся на шмат, мы, тым ня меньш, адправіліся шляхам польскіх абаронцаў Гродна ўздоўж Нёмана, паўтараючы іх апошні марш і пасля гадзіннага блукання выйшлі на пустошу каля рухлівай аўтастрады. Ніякіх крыжоў, мемарыяльных знакаў ці яшчэ нечага, што б нагадвала тыя падзеі там, зразумела, не аказалася. Здавалася б, вынікі падарожжа можна было прадказаць загадзя, калі раптам…

Уявіце сабе: пустыр, побач з нейкімі гаражамі, аўтасэрвіс, некалькі хат, зноў пустэча – марныя пошукі матэр’яльных сведчанняў колішняй трагедыі. Але вось, ўсяго за некалькі крокаў ад месца былога пахавання мы пабачылі гуляючых дзяцей. Спачатку хлопчыкі падаліся зусім звычайнымі, аднак ужо ў наступнае імгненне нас ахапіла пачуццё, якое цяжка перадаць на словах – нешта накшталт поўнага пагружэння ў іншую, паралельную рэчаіснасць. Справа ў тым, што падлеткі гулялі на пустыры ў паказальную вайсковую экзыкуцыю: некалькі хлопцаў стаяла ў рад, пакідаўшы побач школьныя ранцы, калі іх праціўнікі, па загаду свайго камандзіра паднялі ў гару ружжа з галінак дрэў і далі залп. Ахвяры паваліліся на траву, быццам і на сам рэч аказаліся забітымі. А яшчэ праз хвіліну дзеці падняліся ды пабеглі гуляць далей, а мы гэтак і засталіся моўчкі стаяць, быццам бы і сапраўды пабачылі на сваі вочы апошнія імгнення з гісторыі польскага Grodna

Можа з гэтай нагоды нехта з чытачоў закіне нам занадта эмацыйны погляд на апісваемыя з’явы, аднак менавіта эмацыйны, метафізычны характар зменаў, якія адбываліся з гарадзенскай прасторай з’яўляецца бясспрэчнай яе асаблівасцю. Для нас відавочна, што мы маем дачыненне не толькі з гістарычнымі фактамі, але так сама з іх паўсядзённай інтэрпрытацыяй і выкарыстаннем. Як тут яшчэ раз не вярнуцца да гісторыі пра помнік перамогі над бальшавікамі, які знайшлі напярэдадні чарговай гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі ўсяго толькі “за пару крокаў” ад крушэння савецкай дзяржавы: на той момант, шмат каму Савецкі Саюз здаваўся ўсё яшчэ непахісным…

Пры гэтым шукаючы ўласнае тлумачэнне вядомых нам падзей, мы не ў стане прасунуцца далей сёняшняга дня. Аднак, гэта натуральная мяжа рухаецца разам з намі. Гродзенскі паэт Юрка Гумянюк піша:

“Сёньня слова „Крэсы” ўжо не ўспрымаецца як геаграфічная назва канкрэтных тэрыторыяў. Гэта чыста мэтафізычнае паняцьце, разгорнутая мэтафара, сымбаль прамінулае эпохі. (…) Усе прыкрыя асацыяцыі, зьвязаныя з тэрмінамі „Kresy Wschodnie” ці «Западная Белоруссия», узьнікаюць у шчырых беларусаў па інэрцыі, бо надта ж цяжка нам далася гістарычная спадчына.

Для мяне асабіста Крэсы – гэта прывід мілай сэрцу беларускай правінцыі, нашай ускраіны, гэта згадка пра маленькі сусьвет і ягоную непаўторную атмасфэру, згадка пра далёкія часы, якія ўжо ніколі ня вернуцца, але якія адлюстраваліся на старых фотаздымках, паперах ці застыглі ў мурах даваенных будынкаў” (24).

Крыніцы

1 “Gazeta Białostocka”. 18.11.1912. № 1, s. 7—8.

2 J.J. Milewski. Stefan Batory w tradycji Grodno 1919—1939 // Беларусы і палякі: дыялог народаў і культур. Х—ХХ ст. Гродна, 1999, с. 462—468.

3 J.J. Milewski. Stefan Batory w tradycji Grodno 1919-1939…, s. 465.

4 W. Renikowa // Grodno w dwudziestoleciu międzywojennym…, s. 25.

6 Прывядзем толькі некалькі публікацый: L. Sawoniewski. Saga o Grodnie. Łodż – Białystok, 1999; J. Krzysztoń. Wielbłąd na stepie. Krzyż południa. Warszawa, 1987; A. Kulikowski. Lata chłopięce i huk dział. Warszawa, 1999; C. Omiljanowicz-Szoka. Moje grodzieńskie lata 1939—1945. Łodż, 1993; Z. Nałkowska. Dzienniki (1918—1929). T. III. Warszawa, 1980; Цыпельт З. Грандзіцкая вуліца і Дроўны рынак // Горад святога Губерта. Выпуск IV. Горадня – Вільня, 2008.

7 Польскія даследчыкі нават называюць імя злачынцаў, пішучы, што гэта зрабіла каманда танка капітана Чарняўскага // W. Cygan. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939 r. Warszawa, 2006, s. 179.

8 А. Пачобут. Гродна – 1939: бітва за гонар // “Arche-пачатак”, 2009, № 8, c. 268—285.

9 Gr. Lipińska. Jeżeli zapomne o nich. Warszawa, 1990, s. 21.

10 Напрыклад: G. Baziur. Grodzieńszczyzna jesieńią 1939 r. // “Białostocczyzna”, 1996, № 4, s. 75—89.

12 Д. Кісель У Горадні бальшавікоў з кветкамі не сустракалі // “Пагоня”, 20—26.09.1996, c. 3.

13 Дзяржаўны Архіў Гродзенскі вобласці. Ф. 17. Воп. 1. Спр. 268. 9 зв..

14 Для прыклада: О. Политковская, А. Подрабинек. Мифология современного польского фашизма.  // http://zhurnal.lib.ru/t/tonina_o_i/grodno-1939.shtml. Или форум: http://pisatelei.clan.su/forum/51-145-1.

15 Прывядзем толькі некаторыя з публікацый: I. Galicka. Dzieje I Państwowego Liceum i Gimnazjum Męskiego im. Adama Mickiewicza w Grodno // “Słowo ojczyste”, 2008, №№ 3—7; L. Jczyk. Praca spoleczna, dobroczynna i oswiatowa w Grodnie w lata wojny // Glosy z nad Niemna. Grodno, 1917, s. 114—119; J. Jodkowski/ Grodno. Wilno, 1923; Kapp M. Zarys dziejow panstwowego gimnazjum meskiego im. A. Mickiewicza w Grodnie // Panstwowe gimnazjum meskie im. Ad. Mickiewicza w Grodnie. Drugie sprawozdanie za rok szkolny 1928/29. Grodno, 1929, s. 5—21; S. Kolecki. Dzialalnosc samorzadu miejskiego w Grodnie za lata 1919, 1920 i 1921 // Kronika miasta Grodna. Grodno, 1928. Zeszyt 1, s. 12—18; J. Lisicki. Strzelcy grodzienscy. 81 pulk strzelcow grodzienskich im. krola S. Batorego. Bialustok, 1995; G. Lukomski, B. Polak. W obronie Wilna, Grodna i Minska 1918—1920. Koszalin – Warszawa, 1994; J.J. Milewski. Grodno – miasto i ludność w okresie międzywojennym // Grodno w XVIII wieku. Miasto i ludność. Białystok, 1997; W. Renik Dzieje oświaty Grodzieńskiej // “Magazyn Polski”, 1993, Nr. 2; W. Renikowa. Grodno w dwudziestoleciu międzywojennym // Grodno i Wołkowysk w II Rzeczypospolitej: informator wystawy lipiec-pażdziernik 2001. Pelplin – Gdańsk, 2001, s. 13; W. Renikowa. Z dziejów Grodno // Pamięć Grodna 1919—1939: informator wystawy luty-kwiecień 1999. Warszawa, 1999, s. 24.

16 Параўнайце: Я. Малецкі Пад знакам пагоні // «Спадчына», 1994, № 3, с. 129—130; В. Валейка. За кратамі гродзенскай турмы // У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ – актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Мн., 1958, c. 186—188; J. Siemiński. Grodno walczące. Wspomnienia harcerza. Białystok, 1992.

17 Православный Гродно / автор и составитель Н. Дорош/. Гродно, 2000; Очерки истории Гродненской областной партийной организации. Мн., 1990; В. Черепица. Движение, потерпевшее крах: Православные поляки на Гродненщине (1934—1939 годы) // Очерки истории православной церкви на Гродненщине с древнейших времён до наших дней. Часть II. Гродно, 2005, c. 43—47; Sobolewska O. Pogromy i ekscesy antyżydowskie w Grodnie w okresie międzywojennym // Świat NIEpozegnany: Zydzi na dawnych ziemiach wschodnich Rzeczypospolitej w XVIII-XX wieku: Praca zbiorowa. Warszawa – London, 2004, s. 590—595;

18 У. Курбскі-Кузняцоў. Успаміны аб беларускам руху ў Гродна // «Новая дарога». 27.9.1942. № 27; В. Пануцэвіч. Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918—1919 гадах // «Бацькаўшчына». 1964, № 5—6; O. Łatyszonek. Białoruski ośrodek narodowy w Grodnie wobec niepodległego państwa polskiego // «Białostocczyzna». 1994, № 1, s. 68-73; І. Коўкель. Дзейнасць прэзідыума Рады і ўрада БНР у Гродна (снежань 1918 – сакавік 1919 г.) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры (Зборнік). Гродна, 2007; А. Чарнякевіч. Гарадзенскія апосталы. Беларускі нацыянальны рух у Гродна ў 1918—1920 г.г. Гродна, 1999.

19 Глядзі: Н. Малишевский. Бой за Гродно в сентябре 1939 года глазами участников и очевидцев. Минск, 2012. – 140 с. Рэцензіі на яе: http://www.arche.by/by/page/print/14279; http://www.rubon-belarus.com/component/content/article/148–q-19-1939-q.

20 Глядзі: Д. Люцік Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Вроцлаў, 2012;

21 На тэмы помніка глядзі: http://harodnia.com/a173.php; http://harodnia.com/p06.php;

22 Gr. Lipińska. Jeśli zapomnię o nich…, 1988, s. 21;

23 J. Siemiński. Grodno walczące. Wspomnienia harcerza. Białystok, 1992, s. 51;

24 Ю. Гумянюк. Прывід даўніх крэсаў (урыўкі з аповесці) // Горад святога Губерта. Выпуск IV. Горадня – Вільня, 2008, c. 52.

 Іншыя даклады канферэнцыі:

1. Нацыянальная бяспека і канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі

2. Минное поле белорусской истории

3. Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

4. Манументальная прапаганда і тапанімічная “рэфармацыя” ў палітыцы і практыцы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва: гісторыя і сучаснаснасць

5. Праблемы сучаснай беларускай гістарыяграфіі на прыкладзе даследавання гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921—1939 гг.)

6. Культурнае праектаванне як элемент нацыянальнай гуманітарнай бяспекі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.