Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Беларускі культурна-асветніцкі рух на Смаленшчыне (1920-30-я гг.)

У 1920-30-я гг. на тэрыторыі Смаленскай губерні, а потым і Заходняй вобласці РСФСР значная колькасць насельніцтва належала да беларускамоўнай меншасці. У беларуска-вялікарускай этнакантактнай зоне праходзілі нацыянальныя працэсы, якія адлюстроўваліся ў этнічнай самаідэнтыфікацыі мясцовага беларускага насельніцтва. Змена элементаў традыцыйна-бытавой культуры, а таксама моўная асіміляцыя, якая заключалася ў непрэстыжнасці беларускіх гаворак і паступовай страце сялянамі беларускіх моўных кампанентаў, закранулі шырокія колы вясковай грамады [1, с.186].

Аднак, нягледзячы на агульную тэндэнцыю, назіралася і выключэнні. Да прыкладу, калі ў 1924 годзе адбылося першае ўзбуйненне БССР, вяскоўцы, што былі прыпісаны да РСФСР, але лічылі сябе беларусамі, адсылалі прашэнні ў беларускі ЦВК аб далучэнні сваіх вёсак да Беларусі. Жыхары вёсак Вялікі Рай, Малы Рай і Свірыдаўка Бахоцкай воласці пісалі: “…Собравшись сего числа (1924 г., марта 30 дня) на общий сход и обсудив вопрос о присоединении нас к Великороссии, решили: ввиду того, что мы искони принадлежали к нации белорусов, каковыми были наши прадеды, отцы и деды…Узнав, что наши деревни отходят к Смоленскому уезду, следовательно к Великороссии, в нас пробудились национальные чувства – жажда присоединения к родному краю, в котором мы родились и желаем умереть, защищая наше национальное право” [2, арк. 398].

Успенскі сабор і Смаленская абарончая сцяна

Успенскі сабор і Смаленская абарончая сцяна

Наяўнасць на Смаленшчыне вялізных масіваў беларускамоўнай меншасці, хоць і ў масе сваёй з неакрэсленай самасвядомасцю, вымушала мясцовыя савецкія органы, якія адказвалі за асвету і культурную працу, неяк рэагаваць. Рабілася гэта, улічваючы ўсеагульную разруху і традыцыйны погляд на беларусаў як адгалінаванне “русского племени”, вельмі неахвотна.

Так, у 1921 – 1922 г. нацыянальная праца на Смаленшчыне праводзілася слаба, “бо на ўсёй тэрыторыі дадзенага рэгіёна не былі арганізваны беларускія аддзелы”. Па інфармацыі беларускага Наркамата асветы, ў рэгіёне функцыянавалі толькі хоры, гурткі і тэатральныя трупы аматараў [3, с.19].

Гледзячы на гэта, у 1921 годзе па ініцыятыве ўрада БССР пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай адукацыі была заснавана Беларуская секцыя ў складзе трох членаў і двух кандыдатаў. Яна  працавала ў губерні з перапынкамі ў 1922– 23 і 1925–27 гг., непасрэдна падначальвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры народным камісарыяце асветы РСФСР і Саўнаркаму пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай адукацыі, займаючыся арганізацыяй на тэрыторыі Смаленскай губерні нацыянальных школ, клубаў, іншых культурна-асветных устаноў для беларускага насельніцтва.

Так, у 1923 г. часопіс “Крывіч”, рэдактарам якога быў В. Ластоўскі, сведчыў: у канцы жніўня і ў пачатку верасня ў Смаленскай губернскай цэнтральнай бібліятэцы адбылася выстава беларускага руху – тых кніг і часопісаў, якія, з вялікімі цяжкасцямі былі сабраны Беларускай губернскай секцыяй. Выстава дала смалянам шмат цікавага, бо большая частка іх нават не ведала, што ў беларусаў ёсць свае кніжкі. “Пасля выстаўкі аб’явілася шмат жадаючых пачытаць што-небудзь беларускае, асабліва гэта прыметна сярод моладзі” [4, c.51].

Але ключавым пытаннем для беларускай меншасці становіцца ў першую чаргу пытанне школьнай адукацыі на роднай мове. У ліпені 1923 г. у Смаленску была сабраная міжведамасная нарада, на якой абмяркоўвалася праблема беларусізацыі губерні ў цэлым і беларускага школьніцтва ў прыватнасці. Удзельнікамі мерапрыемства было выказана пажаданне аб стварэнні у губерні беларускага школьніцтва, але з улікам згоды на тое самога насельніцтва.

Беларусізацыя школы пачалася фактычна ў 1926-1927 вучэбным годзе, а ўжо праз год беларускіх школ першай ступені ў губерні было 36, павышаных – 4.  У 1929 г. было адкрыта беларускае аддзяленне пры Собалева-Вараб’ёўскім педтэхнікуме, а таксама было вырашана пытанне аб арганізацыі педухіла ў Руднянскай беларускай дзевяцігодцы. У 1932 г. у апошняй на школьным, дашкольным і падрыхтоўчым аддзяленнях навучалася 143 асобы. Беларускае аддзяленне працавала і пры Клінцоўскай Саўпартшколе, а таксама Смаленскім педрабфаку[5, c.70;84].

Рэальнае становішча беларускамоўнай адукцыі не было лёгкім. Вельмі часта настаўнікі беларускіх школ не мелі педагагічнай адукацыі і, больш за тое, не валодалі літаратурнай беларускай мовай. Слабая матэрыяльна-тэхнічная база, адсутнасць сродкаў і частыя пратэсты сялян супраць беларускай школы адмоўна ўплывалі на нацыянальнае асветніцтва ў краі.

Таму ў 1934 г. пачынаецца наступ на беларускую школу і перад самым пачаткам заняткаў “…ввиду того, что ряд белорусских школ…фактически работает на русском языке, вследствие отсутствия базы для их коренизации, и, учитывая требования населения”, на рускую мову пераводзяцца некаторыя школы Невельскага, Руднянскага і Гардзееўскага раёнаў [5, с.85].

Апошнія  беларускія школы на Смаленшчыне былі ліквідаваны ў 1938 годзе, азначаючы тым самым канец беларускага школьніцтва гэтай тэрытарыяльнай адзінкі Расіі.

Краязнаўчы рух – яшчэ адна форма беларускай культурна-асветнай працы на Смаленшчыны.  19 сакавіка 1926 г. па ініцыятыве невялікай групы зацікаўленых асобаў у Смаленску быў зацверджаны Статут Смаленскага таварыства краязнаўства.

Маладое таварыства, якое спачатку не мела ані сродкаў, ані ўласнага памяшкання, распачала актыўную працу сярод студэнцтва, вучнёўскай моладзі, настаўніцтва і энтузіястаў. У 1927 г. аддзяленні таварыства дзейнічалі ў Вязьме, Сычоўцы і Дарагабужы, былі ўтвораны ініцыятыўныя групы па стварэнні філіяў арганізацыі ў Ельні і Рослаўле [6, с.110]. Таварыства вяло перапіску з Цэнтральным бюро краязнаўства РСФСР, рэгулярна дасылала свае допісы ў газету “Наш край”, актыўна супрацоўнічала з Інстытутатам Беларускай Культуры і Цэнтральным бюро краязнаўства пры ім, метадычным бюро Губана і іншымі інстытуцыямі.

Навукова-даследчая дзейнасць арганізацыі выяўлялася ў наступных галінах: прыродазнаўчай, эканамічнай, гістарычнай, археалагічнай і этнаграфічнай. Так, вядомы беларускі археолаг А.Н.Ляўданскі разам з В.Тарасенкам і Г.Парфёнавым абследавалі  гарадзішчы і курганы; у галіне этнаграфіі і фалькларыстыкі плённа працавалі В.Дзьмітраў і А.Палашэнкаў. У прыродазнаўчай галіне А.В. Цьвятковым, В. Даўгашовым, В.В. Дабравольскім і іншымі вялося збіранне матэрыялаў па флоры і фаўне.

Смаленскі каталіцкі касцёл

Смаленскі каталіцкі касцёл

Члены Таварыства падтрымлівалі і так званае Беларускае студэнцкае зямляцтва, якое дзейнічала на Смаленшчыне прыкладна да 1929 г.

Наяўнасць шматлікага беларускага студэнцтва ў Смаленску прывяла да таго, што ўжо ў 1922 годзе тут былі заснаваны першыя нацыянальныя гурткі. Падставай гуртавання смаленскай моладзі служыла цікавасць да гісторыі і культуры Беларусі.

Палітыка “карэнізацыі”, а таксама актыўная пазіцыя Беларускай секцыі мясцовага Губана спрыялі рэгістрацыі Беларускага зямляцтва ў 1924 годзе [7, c. 11]. Маладзёжная арганізацыя адразу занялася навучальнай і навуковай дзейнасцю. Каб змякчыць навучальную адарванасць ад БССР, выбарнае праўленне зямляцтва разам з Беларускай секцыяй пачало забяспечваць студэнтаў беларускімі падручнікамі і дапаможнікамі.

Першапачаткова зямляцтва ставіла перад сабой наступныя мэты: падтрымліваць сувязі членаў арганізацыі з Беларуссю, абслугоўваць беларускае студэнцтва ў культурным плане, аказваць дапамогу беларусізацыі на тэрыторыі Смаленшчыны.

Культурная праца з’яўлялася галоўным відам дзейнасці арганізацыі, раскрываючы яе нацыянальны характар. Яна заключалася ў працы гурткоў беларусазнаўства, струнным, драматычным і харавым, якія аб’ядноўвалі як студэнтаў СДУ, так і навучэнцаў смаленскіх тэхнікумаў. Смаленскія студэнты займаліся распаўсюджваннем беларускага перыядычнага друку, аказвалі шэфскую дапамогу беларускім школам губерні, спрыялі паляпшэнню студэнцкага быта беларусаў, што ўказвае на  нацыянальную арыентаванасць арганізацыі.

Аб’яднанне смаленскага студэнцтва адбывалася як на падставе месца нараджэння, так і па нацыянальным прызнаку, што статутам зямляцтва не было прадугледжана. Так, у 1926–27 навучальным годзе студэнты СДУ – члены Беларускага студэнцкага зямляцтва – былі ураджэнцамі наступных частак Беларусі: Барысаўская акруга – 3, Віцебская акруга – 12, Гомельская акруга – 6, Гродзенская губерня – 5, Калінінская акруга – 15, Магілёўская акруга – 4, Аршанская акруга – 13, Смаленская губерня – 6 чалавек. Віленская губерня, Слуцк, Дуброўна, Горкі, Мінск і Кубана-Чарнігаўская вобласць мелі па 1 прадстаўніку [8, арк. 26].

У смаленскае зямляцтва акрамя беларусаў прымаліся яўрэі, а таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, у выпадку, калі яны былі ўраджэнцамі Беларусі. Галоўным чынам членамі зямляцтва былі студэнты, прыехаўшыя з Усходняй Беларусі ў Смаленск на вучобу. Адносна распаўсюджаная сярод жыхароў Смаленшчыны беларуская самасвядомасць паўплывала на тое, што сярод членаў зямляцтва значную групу складалі ўраджэнцы Смаленскай губерні, якія таксама прымаліся ў арганізацыю. Асобную групу членаў зямляцтва складалі студэнты з Заходняй Беларусі, якія былі пераважна палітычнымі і сацыяльнымі эмігрантамі.

Спыненне дзейнасці зямляцтва адбылося не раней вясны 1929 года і насіла, хутчэй за ўсё, характар прымусовай ліквідацыі. Ліквідацыя ўяўляла сабой рэакцыю мясцовых органаў улады на змены ўнутрыпалітычнага курсу СССР у дачыненні да грамадскіх арганізацый і нацыянальнага пытання, і адбылася ў выніку “чысткі” Смаленскага дзяржаўнага універсітэта вясной 1929 года.

Тады ж прыкладна знікае і Смаленскае таварыства краязнаўства, члены якога будуць неўзабаве рэпрасаваныя.

Наўрад ці выпадае спадзявацца на тое, што беларускі культурна-асветны рух працягваў існаваць на Смаленшчыне хоць і ў пасіўным стане пасля 1931 года, бо ўзмацніўшыся ўціск і новая хваля арыштаў практычна не давала такіх шанцаў. У 1931 г. на старонках віленскай “Беларускай крыніцы” быў апублікаваны “пратэст Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні  ў справе пераследу камуністычнай уладай беларускага народу ў Усходняй Беларусі”. Прадстаўнікі БНК сцвярджалі, што “… гэтакі пераслед працаўнікоў на ніве беларускай культуры мае месца не толькі ў Мінску, … але і ў…Смаленску”.

Беларускі рух на тэрыторыі Смаленшчыны, распачаты ў пачатку 1920-х гг. і ўвасабляўшыся ў дзейнасці Беларускай секцыі, Смаленскага таварыства краязнаўства, Беларускага зямляцтва студэнтаў і сістэмы школьнай асветы, быў згорнуты напрацягу 1930-х гг. у выніку новай унутранай палітыкі Савецкай краіны.

Літаратура

  1. Расторгуев, П. А. Говоры на территории Смоленщины / П. А. Расторгуев. –  М.: Изд-во АН СССР, 1960. – 207 с.
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). –  Ф. 6. Матэрыялы па ўзбуйненні і раяніраванні БССР. – Воп 1 – Спр. 346.
  3. Беларуская культурная праца на Усходзе // Вестник Народного Комиссариата просвещения ССРБ. – Мн.: Государственное издательство Белоруссии, 1921 – 1922, № 1 (3) – 3/4 (5/6).
  4. Беларускі культурны рух на Смаленшчыне // Крывіч = Kryvic: месячнік літаратуры, культуры і грамадскага жыцця / Рэд. В. Ластоўскі. №4, 1923.
  5. Корсак, А.В. Национальные меньшинства Смоленской губ. и Западной области в первое двадцатилетие советской власти: дис. на соиск. учен. степ. канд. ист. наук: 07.00.02; 07.00.03;22.09.2000;29.11.2000/ Ин-т истории нац. акад. наук Беларуси. – Мн., 2000.
  6. Год працы Смаленскага таварыства краязнаўства // Наш край. № 6-7 (21-22), 1921.
  7. Васілеўскі, Ю. Агнявая моладзь над Дняпром шырокім…  // Чырвоная змена . – 1994. – 1 ліст.
  8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). – Ф. 268. Цэнтральнае Бюро прафесійных саюзаў. – Воп. 1 – Спр. 61.

Аўтар: Ф.Беррашэд

Крыніца: http://www.smalensk.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *