Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Беларуская нацыя на скрыжаванні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы

Працягваем публікацыю дакладаў, якія былі выданыя ў зборніку «Праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі» і прайшлі абмеркаванне на Міждысцыплінарнай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай разгляду праблем сучаснай беларускай ідэалогіі, якая адбылася 3 лістапада 2012 года ў Менску. Вашай увазе прапануем даклад філосафа Вольгі Давыдзік.

1. Афіцыйны ўладны дыскурс і яго вітальныя сэнсы

Асэнсаванне праблем, звязаных з “беларускасцю” для айчынных інтэлектуалаў часцей за ўсё ўпіраецца ў асэнсванне палітычнай рэальнасці Беларусі і тых палітычных сіл, якія тут ствараюць ландшафт. Тады мы атрымоўваем дзве, як мінімум, нацыянальныя ідэі, два вобраза культуры, дзве гістарычныя мінуўшчыны і дзве палітычныя будучыні для адной краіны. Маюцца на ўвазе афіцыйны ўладны дыскурс і апазіцыйныя яму грамадскія аб’яднанні і партыі, якія таксама маюць свае сцэнары развіцця падзей. Можна казаць пра пэўнае супрацьстаянне, сыходзячы з дыскурсаў ўладарання ды аўтаноміі /1/.

/1. Вагнер П. Говорить о политике: о задачах пост-тоталитарной политической философии // Інтэрнет-ресурс/.

Пад афіцыйным дыскурсам, згодна пададзенай класіфікацыі Г. Йофэ /2/, атаясамліваецца з уладным апаратам, цалкам падпарадкаваным асобе Прэзідэнта, разам з ідэалагічнымі ворганамі ды ўтворанымі партыямі і арганізацыямі (БРСМ, РГА “Белая Русь”, ЛДПб), якія ёсць прадстаўнікамі таго нацыянальнага праекту, згодна з якім “вядучай сацыяльнай устаноўкай беларускай дзяржаўнасці і яе ідэалагічнай платформы, гуманістычнай па сваёй накіраванасці (курсіў – аўтарскі), з’яўляецца аптымальнае спалучэнне цэнтралізаваных гарантый і індывідуальнага працоўнага ўнёску ў росквіт дзяржавы. Толькі эфектыўная праца можа быць крыніцай эканамічнага і сацыяльнага поспеху асобы і дзяржавы” /3/.

/2. Йофэ Г. “Культурныя войны, пошукі душы і беларуская ідэнтычнасць”. /Інтэрнет-ресурс./

/3. Галоўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь // Інтэрнет-ресурс./

Папярэдне трэба акцэнтаваць увагу на тым, што будаванне сацыяльна справядлівай дзяржавы ўкладаецца ў нарматыўны панятак нацыянальнага праекту на прынцыпах гуманістычнасці ды салідарызаванасці членаў грамадства пад цэнтралізаваным забеспячэннем гарантый. Гэтая мадэль ёсць чымсьці набліжаным да таго светапогляду, які наследуюць ад СССР адукацыйныя ды эканамічныя інстытуты /4/ – найгалоўнейшыя элементы, што забяспечваюць функцыянаванне сістэмы ды з’яўляюцца асноўнымі кропкамі ціску ідэалагічнай машыны.

З гэтай цытаты выводзіцца той самы выпадак, калі гуманістычнае памкненне ва ўладным апараце ёсць прычынай да фармавання рэпрэсійнага кіравання. Бо, вядома, як толькі ўладная воля, што імкнецца да выхаду ў шырокі публічны кантэкст і падпарадкаваць яго задачы сваім, знаходзіць маральнае апраўданне абсалютнасці свайго характару, тады, звычайна, гэтым маральным падмуркам становіцца гуманістычная ідэя забеспячэння грамадства згодна гатовым прынцыпам добрага жыцця /6/.

/6. Пасля 2006 году можна казаць пра пэўныя зрухі ва ўладным афіцыйным дыскурсе. Цяпер адчуваецца пашырэнне межаў гістарычнае мінуўшчыны аж да ВКЛ і паглыбленне культурных слаёў да тых артэфактаў (музыка, мастацтва, літаратура, культурныя героі), якія раней лічыліся належнымі да неафіцыйнай (апазіцыйная) культуры./

Такая небяспечная для грамадства тэндэнцыя – прадукаваць вобраз добрага жыцця, прынцыпы якога эксплікуюцца ў афіцыйных дзяржаўных дакументах – прыводзіць да занядбання працэдурнасці палітычнага працэсу ды ўтварэння цэнтралізаванай сістэмы размеркавання дабротаў, абуджае памкненне да салідарызацыі грамадскай супольнасці з уладнымі праграмамі /6/.

Прывядзем яшчэ адну цытату з “Галоўных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі”:

“У Беларусі склалася эфектыўна дзеючая сістэма справядлівага размеркавання ўзнагароджання за працу, сацыяльнай абароненасці маламаёмных грамадзян і павышэння сацыяльнай абароны насельніцтва ў цэлым. Задача цяпер ставіцца так: законы Рэспублікі Беларусь аб чалавеку, яго патрэбах павінны быць эталонамі сацыяльнай справядлівасці” /7/.

/7. Галоўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь./

Панятак справядлівасці, які кожны раз узнікае на авансцэне, прыцягвае да сябе ўвагу і спрабуе розным чынам спраўдзіць пазітыўнасць свайго зместу. Да прыкладу, паводле лібертарыянца Роберта Нозіка /8/, размеркавальная справядлівасць, якая найчасцей фігуруе ў стасунку дзяржавы да грамадства, прывязаная да пэўных параметраў (“пабежнае размеркаванне”), правакуе стварэнне цэнтралізаванай сістэмы размеркавання. Тады справядлівасць пазбаўляецца сваёй гістарычнасці. Тыя факты, якія прывялі да тых ці іншых выннікаў размеркавання больш ня будуць улічвацца, у іх адпадае патрэба, бо па рэзультатах размеркавання, якой бы колькасцю дабротаў не валодаў кожны індывід, галоўным прынцыпам застаецца сам механізм размеркавання, яго эфектыўная праца.

/8. Нозік Р. Раздзел 7. Размеркавальная справядлівасць // Анталогія сучаснай палітычнай філасофіі / Пер. з англ./. Мінск, 1999, с. 188./

Такім чынам, сістэма размеркавальнай справядлівасці можа быць толькі на палову празрыстай для індывідаў, якія ёсць кропкамі высілкаў гэтай сістэмы. Да таго ж, індывіды могуць цалкам быць незацікаўленыя ў тым, каб перад імі разгортваліся ўсе ступені працэсу размеркавання сацыяльных дабротаў, бо для іх наступае момант, калі ўладны апарат, які па сутнасці ўтрымлівае манаполію на ўсе рэсурсы, даброты ды інструменты эканомікі, пераконвае іх у эфектыўнасці падобнага размеркавання /9/.

/9. Запэўненні ў эфектыўнасці эканамічнай палітыкі прынцыпова характэрны для любога ўладнага апарату, але ў таталітарных сістэмах такія запэўненні становяцца літаральна назойлівымі амаль да абсурду. Так, на пытанне журналіста “Еўраньюс”: “Господин президент, финансово-экономический кризис затронул и Белоруссию. Сильно он ударил по стране?” Прэзідэнт Беларусі заявіў наступнае: “Что касается финансового кризиса, то он бы нас вообще не коснулся. Мы не бросили свою экономику на “Уолл-Стрит” или же на какую-то другую биржу. Но из России, вы это знаете, когда россияне все встали в очередь в банки и начали менять рубли на валюту, на доллары, переводить в евро, он немного коснулся и нас. Поэтому мы часть золотовалютных резервов направили на поддержание нашей валюты. И вынуждены были, чтобы получить, в том числе кредиты от Международного валютного фонда и прочее, где-то девальвировать процентов на 20 нашу валюту”. Интервью А.Г. Лукашенко телеканалу “Euronews”./

У беларускім уладным апараце, а прыватна, у межах ідэалагічнага воргану, робіцца стаўка на тое, каб пераканаць сацыяльных індывідаў у справядлівасці размеркаваўчай сістэмы, што абапіраецца на сістэму “сацыяльных заахвочванняў”. Гэта значыць, што кожны працоўны ўклад мае сваю адпаведную структуру ўзнагародаў, якая непразрыстая для індывіда, але спрацоўвае на прынцып задавальнення.

Апроч гэтага, сістэма сацыяльнага заахвочвання функцыянуе і падтрымліваецца дзякуючы ўкладзеным туды вітальным сэнсам ня толькі панятку “справядлівасць”, але й дапасаваных паняткаў “патрыятызму” ды “нацыі”, якія дазваляюць найбольш шчыльную кансалідацыю вялікай супольнасці, атрыманне палітычных дывідэнтаў ад гэтай супольнасці ды індульгенцыі на размеркаванне рэсурсаў.

Згодна з развагамі Ч. Тэйлара, патрыятызм ёсць менавіта той масай сэнсаў, якія забяспечваюць карэляцыю паміж свядомасцю сепараванага індывіда ды супольнасцю, надае вагу ды анталагічны сэнс “мы-ідэнтычнасцям”. У гэтых стасунках панятак патрыятызму грае выключную ролю, бо менавіта яго афектыўнае тыражаванне прыводзіць да еднасці і да магчымасці сумеснага пражывання /10/: заклапочанасць лёсам усіх невядомых прыватнаму “Я” ананімных асобаў пераўтвараецца ў тэматызаванае поле сэнсаў, дзе паўстаюць вобразы нацыянальных герояў.

/10. Тэйлар Ч. Непаразуменні ў ліберальна-камунітарысцкай дыскусіі // Анталогія сучаснай палітычнай філасофіі / Пер. з англ./. Мінск, 1999, с. 446./

Тэйлар уважае, што патрыятызм ёсць адзінай апорай свабоды ды фармуе стаўленне грамадскай супольнасці да сябе як да цэлага і да ўладнага апарату, з якім ёсць патрэба карэляваць стасункі. Аднак гэтая тэза, безумоўна, спрацоўвае ў краінах з развітою самасвядомасцю грамадскай супольнасці ды з дэмакратычным палітычным ладам. Тады як для Рэспублікі Беларусь патрыятызм разам са справядлівасцю застаецца паняткам апальным ды маніпуляцыйным. У гэтым механізме асноўнымі карэлятамі патрытызму паўстаюць, безумоўна, вобразы Ворагу, Правадыра ды вытворная адсюль апазіцыя “сваё/чужое”. Гэтыя прадукты раскладання патрыятызаванай ідэалогіі ва ўмовах дэспатызму ёсць тымі межамі, якія накладаюцца на грамадскую супольнасць і перафармоўваюць яе ў крыніцу палітычных дывідэнтаў. Такім чынам, грамадская супольнасць пераўтвараецца ў носьбіта зацвярдзелых уяўленняў пра “добрае жыццё”, што ўзмацняе пачуццё патрыятызму ды фармуе патрэбу ў справядлівай дзяржаве ды ў абароне гэтай справядлівасці.

Калі панятак “добрага жыцця” з’яўляецца вітальнай кропкай падтрымлівання ідэалогіі, то для дэмакратычнага грамадства такі панятак ў строгім сэнсе адсутнічае. Ёсць пэўныя працэдуры, якія вызначаюць прыдатнасць той ці іншай рэформы для грамадскай супольнасці, ці выяўляюць выпадкі злоўжывання ўладай. Для працэдурнага лібералізму, дадае Ч. Тэйлар, неабходным момантам застаецца фактар альтруістычнага аб’яднання людзей у супольнасць (факт патрыятызму), які і забяспечыць платформу для быцця-разам, і тады панятак патрыятызму абіраецца ў якасці анталагічнага прынцыпу ўтварэння віртуалізаванай цэласнасці: не з прычынаў атрымання палітычных прывілеяў, але з прычыны карэляцыі самасвядомасці з калектыўнай свядомасцю, з прычынаў узмацнення грамадскага саюзу для таго, каб супольная гісторыя не перарывалася.

Неабходнасць жа самарэпрэзентаванасці ёсць звязанаю з мадэрным уяўленнем пра нацыю і жахам перад тварам знікнення, што ўвесь час пераследуе дэспатычныя рэжымы, бо постаць лідэра нацыі звычайна звязваецца з гарантыяй існавання гэтай нацыі, яе ўкарэненасці у глабальны спектар палітычных дзеянняў.

Такім чынам, асноўнымі кропкамі палітычнага ўплыву рэжыму, у прыватнасці беларускага, ёсць патрыятычнае пачуццё ды размеркавальная справядлівасць, якая базуецца на пэўных параметрах таго, якім чынам атрымоўваецца размеркаванне рэсурсаў паміж удзельнікамі працоўнага працэсу, аднак не ўлічвае гісторыі атрымання гэтых рэсурсаў, што вынікае непасрэдна з “Галоўных прынцыпаў…”. Згаданыя акалічнасці эксплекуюць памкненне ўсталяваць дамінаванне Парадку, як стрыжню, выйсце з якога раўняецца выйсцю ў хаотычную адсутнасць бюракратычнай структуры.

2. Канцэпт “Парадку” як базавая стратэгія нацыянальнай ідэі

Звернемся больш дэталёва да канцэпцыі парадку. З. Баўман аналізуе практыкі ўсталявання парадку ў якасці пэўнай інтэлектуальнай практыкі, культурнай стратэгіі класіфікацыі, аб’яднання ў групы, развядзення па розных прыкметах, усталявання межаў, класаў, відаў, родаў. Такім чынам, выбудоўваецца культура рознасцяў, якая ёсць прадуктам гэтага раздзялення, але не яго матывацыяй /11/.

/11. Бауман З. Локальный порядок на фоне глобального хаоса // Индивидуализированное общество /Пер. с англ./. М., 2005./

Сам канцэпт парадку таксама аналізуецца ў маштабе працэсу глабалізацыі і вызначаецца як палемічная катэгорыя, бо мае розныя канатацыі для тых, каму належыць улада і для тых, над кім яна здзяйсняецца.

Цэнтральнае месца пры аналізе Парадку належыць тэорыі Кроз’е – “зачыненыя сістэмы” бюракратычнай інстытуцыі, што здзяйсняюць уладны механізм, абапіраючыся на парадак і “рутинность” сваіх дзеянняў ў вачох грамадства ды выкарыстоўваюць “парадак” у якасці прынцыпу дэскрыдытацыі супрацьлеглага боку, што павінен вызначацца як хаос і адсутнасць стабільных повязяў.

Глабалізацыя ў гэтым сэнсе становіцца тым, што выходзіць з-пад кантролю тых, хто мусіў кантраляваць і планаваць распаўсюд повязяў: яны апынаюцца спантанымі, выходзяць з-пад кантролю і не ўкладаюцца ў межы планавання. З гэтага, сусветны парадак змяняецца на новы сусветны беспарадак, ва ўмовах якога свет становіцца непадпарадкавальным ніякім разлікам, планаванням, але ў ім пануюць стыхійнасць, безкантрольнасць і непадпарадкаванасць “людзям за пультам”.

Парадак становіцца сінонімам таталітарнасці і падпарадкаванасці, гэта тое, што замінае свабоднаму, вольнаму развіццю, пакідае ў свеце без мабільнасці і здольнасцяў да моцы. Энтрапійны ўзровень павялічваецца, і менавіта такое развіццё свету становіцца знакам улады, бо няма больш патрэбы ў нарматыўным рэгуляванні і заканадаўчых машынах. Уладныя эліты атрымліваюць новыя сродкі кіравання і метады уладнага кантролю праз ненадзейнасць паноўнага грамадскага і сусветнага ладу, праз зменлівасць і хаотычнасць повязяў.

Усё большая глабалізацыя свету, усталяванне стыхійнага прынцыпу наладжвання сувязяў прыводзіць да віртуалізацыі прасторы. Гэта яшчэ адзін з чыннікаў павелічэння хаосу, бо адбываецца дэвальвацыя месца, г.зн., што прастора больш не мае свайго значэння, яна больш не з’яўляецца пэўным месцам для лакалізаванай, аўтаномнай суполкі – усе стасункі і повязі здзяйсняюцца ў кіберпрасторы, якая ўжо не мае дачынення да рэчаіснасці.

Гэты момант выхаду ў глабальны кантэкст ёсць вельмі небяспечным для дэспытычных палітычных ладаў. Тыя працэдуры, якія выпрацоўвае ўладны ворган дзеля забеспячэння лакалізацыі большай часткі насельніцтва ў зачыненых анклавах, у тым ліку носяць і матэрыяльны характар, а не толькі заканадаўчы ці нарматыўны. З памкнення абмежаваць глабальную мабільнасць таксама фармуецца ўяўленне пра наяўнасць ды неабходнасць існавання пэўнага Парадку нацыяіснавання ды нацыятварэння.

Наднацыянальныя дзяржавы, замежны капітал ды іншыя ўтварэнні усталёўваюць форму сацыяльнага кантролю пасярод хаотычнага свету глабалізацыі і віртуалізацыі, яны патрабуюць празрыстых правілаў гульні і сістэм кантролю за выкарыстаннем сродкаў. З гэтага, для чалавека ў новым неўладкаваным свеце становіцца ўласцівым абрынанне культуры прывязанасці да рэчаў, месцаў, а праблема дабрабыту звязана з магчымасцю ўтрымацца ў хаосе.

Прынцыпы хаосу, а дакладней сказаць, непазбежнасці і паўстаючай разам з гэтай непазбежнай неабходнасці лавіравання; прынцып глабалізаванай мабільнасці людзей, якая больш не абмяжоўваецца нават часам ды прасторай – гэта менавіта тыя прынцыпы, якія абмяжоўваюцца беларускім ўладным апаратам. Для яго найбольш эфектыўнай выглядае магчымасць увесь час тармазіць развіццё грамадскае супольнасці, а разам з тым кантраляваць сацыяльныя запросы, размеркаванне рэсурсаў ды сацыяльную мабільнасць:

“Планамернасць і паступовасць дзяржаўнай палітыкі заключаецца ў тым, каб звесці да мінімуму негатыўныя наступствы пашырэння Еўрасаюза, аднавіць паўнавартасны палітычны дыялог, забяспечыць далейшае нарошчванне намаганняў па развіццю ўсяго комплексу адносін. Адным з прыярытэтных прынцыпаў знешняй палітыкі беларускай дзяржавы з’яўляецца планамернае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі” /12/.

/12. Галоўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь./

У пабытовым выглядзе, такія пастулаты дзяржаўнай ідэалогіі прэзентуюцца ў выглядзе паэтапнага сталення, пераходу да еўрапейскіх каштоўнасцяў, іншымі словамі такія каштоўнасці ці стандарты не павінны быць слепа прыняты, але павінны самі выкрышталізавацца ў грамадстве па меры яго гатоўнасці да іх /13/.. Праблема палягае ў тым, што глабальны кантэкст, у які можа быць упісаная Беларусь, ніколі не мусіць пашырыцца да гэтай сваёй глабальнасці. Сусветная супольнасць мусіць застацца за празрыстай сценкай, так як пагражае размываннем нацыяльнах ды ўладных межаў з прычыны адсутнасці новых тэхналогіяў ды рэсурсаў, каб кантраляваць грамадства на больш прасунутым узроўні. Іншымі словамі, такая “гатоўнасць” можа ніколі не наступіць /14/. .

/13. Так, даючы інтэрвью нямецкай газеце “Die Welt” Прэзідэнт зноў паўтарыў гэтую стратэгію: “Абсолютно правильно. У них свои ценности на Западе, у нас свои ценности. Но это не значит, что наши ценности на 100 процентов противоречат западноевропейским. Ни в коем случае! Духовные, моральные ценности не появляются просто так, они выкристаллизовываются по ходу развития государства. Мы ведь неотъемлемая часть Европы, сердце Европы. Как мы можем не исповедовать европейские ценности, если мы жили все время вместе?” // Почему русские хотят Лукашенко. Интервью Президента Республики Беларусь Александра Лукашенко газете «Вельт» (с сокращением), 31 января 2007 г. // Інтернет-ресурс./

/14. У інтэрвью газеце “Русская Америка” Прэзідэнт зрабіў даволі сімптаматычную выснову. На пытанне: “Каким вы видите будущее своей страны?” ён адказаў менавіта наступнае:

“Сильной, процветающей. Это наш главный лозунг. Знаете, я ее вижу такой, как сейчас. (Падкрэсленне маё. – В.Д.) Динамично развивающейся по всем направлениям, которые мы определили. Экспорт: хорошие добротные товары, которые будут конкурировать на международных рынках и приносить стране валюту. Социальная сфера. Думаю, здесь мы мало кому уступаем. Конечно, мы пока беднее многих стран, но нельзя смотреть только на денежную составляющую, нужно замечать и то натуральное, что мы даем народу: природу, образ жизни, что нельзя выразить деньгами. Это тоже немало стоит. Да, наши люди имеют меньше денег, чем, например, американцы, но они и тратят меньше, ведь у нас совершенно другой уклад жизни. // Фрагменты интервью Александра Лукашенко газете «Русская Америка». // Інтернет-ресурс./

Застаецца вырашэнне пытанняў, звязаных з ідэнтычнасцю ва ўмовах постмадэрніці, чужыннасцю ў культуры, месцам улады і шляхамі яе асэнсавання. Тэза Ханы Арэндт пра пустую палітычную прастору адсылае да такога разумення сітуацыі, што няма, па-першае, таго цэнтру, ці структуры, праз якую адбываецца вырашэнне ўсіх канфліктных стасункаў (то бок знікае структура, адказная за нарматыўнае рэгуляванне) і няма структуры дзяржаўнага апарату, які б мог забяспечыць цэласны эфект свайго ўздзеяння, існуюць толькі сегментаваныя эфекты; па-другое, знікае “плацдарм”, з якога магчыма вырашэнне канфліктных сітуацыяў на карысць агульным інтарэсам і на прыцісканне прыватных агрэсіўных інтэнцыяў. Менавіты з прычыны ўзнікнення такога вакууму паўстае новы прынцып арганізацыі палітычнае прасторы, якая поўніца неа-трайбалісцкімі супольнасцямі*, што й ствараюць паліфанію сучаснасці.

/* Трайбалізм – культурна-пабытовая ці грамадзка-палітычная абасобленасць якіх-небудзь этнічных (нацянальных, племянных) груповак. – Рэд./

Аднак, што можна зрабіць ва ўмовах, калі гэтае месца ўсё яшчэ застаецца занятым, але:

— з аднаго боку, калектыўная свядомасць сама сябе пачынае кантраляваць, цэнзураваць ды абмяжоўваць;

— з другога – палітычнае месца кожны раз нагадвае пра сваё адкрытае вока новымі нарматыўнымі рэгуляцыямі ды заявамі пра знешнюю ды ўнутранную канфліктнасць існавання, стабілізацыю якой можа забяспечыць толькі існуючы ўладны ворган;

— з трэццяга – паўстае праблема фармавання вольных трайбаў, маленькіх выспаў ды закрытых супольнасцяў, якія ўвесь час прэтэндуюць на рэпрэзентаванасць у публічнай ды палітычнай сферы?

Тады паўстае праблема разарванасці гештальту дэспатыі: можна дакладна сказаць, што кансалідацыя грамадства адбываецца ва ўяўленні пра ўяўленне гэтай кансалідацыі, прычым у межах гэтай грамадскасці, бо, насамрэч, яна ёсць разарванай паміж згаданымі трыма тэндэнцыямі*.

/* Гештальт (нем.) – аблічча, форма, пабудова. – Рэд./

Дэспатыя – гэта паслядоўнае будаванне закрытай нацыі, але палітыка ў Беларусі не ёсць паслядоўнай, бо яна ўвесь час гойдаецца паміж рознымі магчымасцямі свайго праекту. Калі сам уладны ворган не мае дакладнай стратэгіі развіцця, тады грамадства мае яшчэ больш цмянае ўяўлене пра сваю рэчаіснасць, так як тая ўвесь час знаходзіцца ў варунках досыць зменлівай гісторыі.

Тая ідэнтычнасць, бачанне якой прапануе ідэалагічны ворган, імкнецца да сваёй завершанасці, адназначнасці, усталявання ды надання вельмі канкрэтных рысаў індывіду. Пры гэтым, звычайна ёсць некалькі вобразаў Чужынцаў, Іншых, Ворагаў, перад тварам якіх можна замацаваць уяўленні пра добрае жыццё і справядлівы палітычны лад. Гэткая ідэнтычнасць, якая мае інтэнцыю застыць і закрышталізавацца, ёсць адным з аскепкаў палітычнай мазаікі, якую ўкладае ўсё той жа працэс стварэння ды падтрымання Парадку.

Любая спроба да размывання межаў вобразу ідэнтычнасці прыводзіць да ўзмоцненага кантролю, прывентыўных мераў, гвалту. Такія прывентыўныя меры могуць ажыццяўляцца як на глабальным узроўні, так і на лакальным: пачынаючючы ад вялікіх сустрэч з кансіліумамі замежных журналістаў і сканчаючы прывентыўным затрыманнем актывістаў напярэдадні акцыяў пратэсту. Антаганізм вобразаў мусіць быць падтрыманым увесь час, каб не адбылося небяспечнай кансалідацыі ў грамадстве ды размывання рамак калектыўнага вобразу сябе, што старана прапагандуецца. Цэнтрам такой кансалідацыі сталася перамога ў Вялікай Айчыннай вайне:

“У аснове дзяржаўнага курсу закладзена адданасць гістарычнай памяці народа – перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Адданасць памяці знайшла адлюстраванне ў рашэнні кіраўніцтва краіны ўвесці ў навучальных установах курс “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа” /15/.

/15. Тамсама./

Пры гэтым савецкі народ паступова выкрышталізоўваецца ў сучасна беларускі:

“Глубоко символично, что именно 3 июля мы отмечаем День Независимости Республики Беларусь, тем самым связывая воедино святые для каждого из нас понятия – Свобода и Независимость. Определив эту дату главным государственным праздником, белорусский народ в очередной раз доказал свою мудрость. Ведь источником нашего суверенитета являются не бумажные декларации, не заявления так называемых национальных лидеров, а воля народа, его уважение к своей героической истории, к тому тяжкому, многотрудному и незабываемому подвигу миллионов солдат и офицеров, партизан и подпольщиков, мирных граждан, которые победили коричневую чуму” /16/.

/16. Выступление Президента на параде в ознаменование Дня Независимости и 65-й годовщины освобождения Республики Беларусь от немецко-фашистских захватчиков./

Працэс фармавання ідэнтычнасці ў глабальным свеце, З. Баўман звязвае з прыгадвання тэзы Гегеля, а затым і Гайдэгера пра знікненне першаснай дадзенасці рэчаў, немагчымасць разгледзіць іх сутнасць пры бліскучым святле дня: толькі ў прыхаванасці, у цямрэчы магчымае прыгадванне рэчаў, вяртанне да рэчаў. Разам са знікненнем раз і назаўжды дадзенасці формы, для ідэнтычнасці ўзнікаюць новыя магчымасці і новыя пытанні. Такім чынам, перад нашымі вачыма расчыняецца свет, дзе няма месца запланаванасці, цвёрдым формам, вызначанасці, але ёсць мяккасць і пластычнасць, хаотычнасць і нявызначанасць. Вырашэнне лёсу, у першую чаргу свайго, залежыць ад таго, якімі сродкамі валодае чалавек, які ператварае ідэнтычнасць з рэчы-у-сабе ў рэч-для-нас.

З гэтага вынікае незавершанасць ідэнтычнасці і адказнасць за яе, але гэта яшчэ не ёсць канчатковым сцверджаннем “прыватнасці” справы і незалежнасці нашае ідэнтчынасці ад грамадства. Аснова гэтага пытання палягае ў шляхах асэнсавання і вырашэння праблемы індывідуалізацыі, яе разумення ў розныя часы.

Індывідуалізацыя прэзентуе сабой пазіцыю задачы, самавырашэння і адказнасці за сваё рашэнне, гэта пазіцыя вызвалення чалавека з-пад гнёту татальнасці, прадвызначанасці, ананімнасці сацыяльнае ролі і г.д. Узнікае неабходнасць не толькі ў следванні прынцыпам таго месца нараджэння, але й самавызначэння сябе, як належнага гэтаму месцу, згодна з рэфлексіяй і асэнсаваннем сябе як індывідуальнасці, лакалізаванай у пэўным асяродку /17/. “Модернити заменяет предопределенность социального положения принудительным и обязательным самоопределением” /18/.

/17. Бауман З. Локальный порядок на фоне глобального хаоса.

/18. Тамсама, ст. 18./

3. Панятак “балота” як дыялектычны прынцып ідэі Беларусі (В. Акудовіч)

Падобнай адсутнасцю вызначанай формы, патэнцыі да самавызначэння, прынцыповай непадпарадкаванасцю вызначаецца канцэпт “балота”, як метафара прынцыпа бытнага. Валянцін Акудовіч, аналізуючы стан постмадэрна ў межах беларускай інтэлектуальнай прасторы, перш за ўсё артыкулюе ў сваім разглядзе гэты вобраз, ілюзію людзей на балоце, бо дэ-цэнтраванасць прасторы балота ёсць прыкладам механізмаў і ўмоваў функцыянавання беларускага грамадства.

Постмадэрн, як найбольш спрыяльны канструкт для аналізу беларускай сітуацыі, адзначыўся у архетыпе балота як адпаведніку адсутнасці цэнтру і пануючай ідэі, якая б структуравала рэчаіснасць. На думку аўтара, гэта звязана з тым фактам, што для “тутэйшага” чалавека неўласціва схільнасць да эйдэтычнага мыслення й апрабацыі яго на глебе бытнага. Такая “неўпісанасць” у агульны эўрапейскі кантэкст вымагае прагу да набліжэння гэтага прыкладу стасункаў з рэчаіснасцю.

Канструяванне рэальнасці згодна з ідэальным прынцыпам ёсць зрэшты асаблівасцю, але й агульным метадам эўрапейскай культуры, тады як для беларуса ўласціва пражыванне быцця ў ягонай непасрэднасці: быццё як такое ёсць неапасрэдаваным асяродкам артыкуляцыі ўсіх жыццёвых чалавечых прынцыпаў. Аднак, як заўважае Акудовіч, застаецца пэўная незадаволенасць такой непасрэднасцю і незаангажаванасцю ідэальнымі канструктамі. Схільнасць да “штукавання” з рэчаісным ёсць пэўнай агульна чалавечай рысаю, таму беларуская прастора таксама непазбегла такога чалавечага “ўмоўнага” структуравання. Зрэшты такое будаванне ідэальнага кантэксту пераўтвараецца ў фатальнае і правальнае, бо “перацягванне” ідэальных канструкцыяў адбывалася штучным чынам, яно не мела “тутэйшага” паходжання. У выніку атрымлівалаўся “чарговы землятрус”, які “абрушваў нашу канструкцыю i мы зноў апыналiся на руiнах некалi запазычаных абстракцыяў, паныла адзначаючы, што парэшткi высокiх iдэяў у каторы раз пакрысе зарастаюць дробным чарналессем бытнага…” /19/.

/19. Акудовіч В. Разбурыць Парыж: два неспраўджаных эсэя. // “Фрагмэнты”, 2000, № 9, ст. 3./

Такім чынам, адмаўляючыся дыскурсійнай практыкі балота мясцовы чалавек абрынае на сваё бытнае чужынныя яму ідэі, канструкты, татальныя праграмы падпарадкавання сабе рэчаіснасці замест таго, каб прызнаць неабходнасць постмадэрновага праекту Беларусі як прасторы суіснавання розных і роўных паміж сабою дыскурсаў. Такая ж самая праблема паўстае з праектам Адраджэння, у якім пануе “Нацыянальная Ідэя” у якасці абстракцыі, што замінае развіццю іншых практыкаў беларускасці. З гэтага, любая ўніверсалісцкая канструкцыя падаецца і паўстае ненатуральнай для прасторы беларускага бытнага. Афармляецца два ўяўленні пра Беларусь: дыскурс Беларусі і ідэя Беларусі – варожыя адзін адному ўяўленні.

“Iдэя Беларусi — гэта звычайны платонаўскi сiмулякр, якiм не пазначаецца нiшто рэальна яўнае i якi мае сэнс адно ў а-рэальнасцi, да таго ж толькi ў яе логацэнтрычным закутку… Дыскурс Беларусi — гэта пэўны вымер вечна рухомага бытнага, якi ахоплiвае ўсе соцыакультурныя феномены, што могуць быць паасобку цi ў вязьме актуалiзаваныя (вымкнутыя з сваёй латэнтнай утоенасцi) хоць якой апрычонай сiтуацыяй” /20/.

/20. Тамсама, ст. 5./

Такім чынам, “логацэнтрычны закуток” паўстае вызначальным у чалавечай свядомасці, якая прагне ідэалагічнага гвалту і кіравання, прагне ўпарадкаванасці пераменых, іхнае гіерахічнае выбудаванасці. Канцэпт Парадку, які яскрава апісвае фантомную сітуацыю, з’яўляецца зразумелым і пажаданым для грамадскай супольнасці. Магчыма менавіта таму і перамагае логацэнтрычная постаць з савецкімі поглядамі на тое, як дакладна павінна быць уладкавана рэчаіснасць: згодна з пратаколам эйдасу*.

/* Эйдас – тутака ў сэнсе схемы ці прынцыпу арганізацыі аб’екта. – Рэд./

Такім чынам, логацэнтрычныя ідэі забяспечваюць падтрыманне спецыфічнага парадку, які з’яўляецца асноўным аргументам ў падтрымку іхнага вяртання і будавання на беларускай глебе. Аднак гэты аргумент таксама ёсць і фатальнай памылкай, бо той парадак, які яны праводзяць у жыццё ёсць штучным і гвалтоўным для быцця, якое патрабуе тут іншага кшталту асэнсавання і пражывання. З гэтага, дыскурс становіцца асноўнай стратэгіяй, да якой апэлюе Акудовіч як да натуральнай і выратавальнай не толькі для бытнага, але ў першую чаргу для самога чалавека, ягонае свядомасці, практыкаў мыслення і арганізацыі грамадскай супольнасці.

Таму канструяванне беларускай ідэнтычнасці можа быць асэнсавана ў тэрмінах постмадэрну і балота, як “сіноніма дыскурсу”, то бок, праз разбурэнне логацэнтрычнага стаўлення да рэчаіснасці: Беларусь і чалавек у ёй мусяць быць упісаны ў агульнасусветны кантэкст, з аднаго боку, а з іншага, даць магчымасць развіццю розных сцэнароў беларускасці, розных дыскурсаў беларускасці, якія стануцца практыкамі фармавання новай беларускай ідэнтычнасці. Гэткім чынам расчыняцца магчымасці для самотнай занядбанасці бытнага, што было прымусова ўпісанае неаднойчы ў межы татальнай ідэі, пануючага цэнтру, які дыктуе правы і абавязкі рэчаіснасці. Вельмі істотны момант тое, што Акудовіч уважае “Нацыянальную ідэю” за такі ж самы штучны канструкт.

Метафара балота сапраўды ёсць дыалектычным паняткам: з аднаго боку, яна дазваляе ў сабе рэалізацыю розных, антаганістычных і кампрамісных формаў мыслення, практыкаў, дзеянняў. З іншага, усё патынае ў бяздонных нетрах балота, на ягонай паверхні не захоўваецца ніводная канструкцыя, яно не паддаецца тэматызацыі, яго немагчыма ахапіць панарамным зрокам так, каб вызначыць хоць якія канстанты.

Разам з тым, панарама абсалютызуе (са знакам мінус) прастору беларускасці, гамагенізуе яе, робіць немагчымым яе крэатыўны патэнцыял. “Балота” у палітычным і сацыяльным вымярэнні ёсць такой гамагенізацыяй, пазбаўленнем патэнцыі да рэструктурацыі. Бо, вядома, сацыяльнасць і палітычнасць неабходна маюць структуру, якой “балота” пазбаўлена, а, з гэтага, пазбаўлена магчымасці перабудовы і рэфармавання. Аднак, гэтая метафара дазваляе “погляд знутры” свайго існавання, так бы мовіць унутранную перспектыву, якая расчыняе пляскатую паверхню “балота”, прэзентуе магчычмасць бачыць прыхаваныя альтэрнатывы і аўтаномныя праекты, рухі, сеткавыя фармацыі, якія дазваляюць такой форме быць, абнаўляцца, рэпрадукавацца за кошт унутранных высілкаў.

Канцэпцыя Акудовіча мае ў сабе пэўны эмансіпаторны патэнцыял, бо прапануе вызваленне партыкулярных дыскурсаў з-пад гнёту штучных глабальных канструктаў, якія імкнуцца ахапіць і акрэсліць усе сферы чалавечага існавання. Аднак ягоная схема збольшага выкрывае трагічнасць беларускага існавання ў сучаснасці, чым дазваляе пазітыўнае прагназаванне ці вышукванне пазітыўнасці праектаў у бягучым моманце.

Такім чынам. асноўнае, чаго трэба тэрмінова пазбавіцца беларускаму досведу існавання – гэта апеляцыі да неабходнасці нацыянальнай ідэі, нацыянальнага праекту, бо тады гэта вымагае канцэнтравання ўсіх сацыяльных рэсурсаў у адным уладным цэнтры. Нармальнае ж існаванне грамадскай супольнасці прадугледжвае размеркаванасць усіх рэсурсаў у розных крыніцах ды такі абмен, пры якім у ўдзельнікаў звычайна ёсць альтэрнатывы, як распараджацца рэсурсамі абмену /21/.

/21. Нозік Р. Раздзел 7. Размеркавальная справядлівасць // Анталогія…, с. 190./

Высновы

Чалавек, на момант свайго існавання ў грамадстве, увесь час пазіцыянуе сябе, як прыналежнага да пэўнай супольнасці (абмежаванай ці пашыранай), бо іначай ён ёсць апрычоным на безумоўны эскейпізм, або на выцісканне сябе на маргінальныя слаі ментальных хваробаў*. Пад працэсам падзялення пэўных функцыяў, роляў, каштоўнасцяў чалавек знаходзіцца як пад абаронаю ад пераўтварэння ў нішто і, да таго ж, атачае сябе магічным колам прыналежнасці да празаветных каранёў, да пэўнага старажытнага кола, якое пазіцыянуе сябе ў эпохах як крыніцу роду, ісціны існавання і праўды пра сваю ўласную персону.

/* Эскейпізм (англ.) – спроба схавацца ад рэчаіснасці ў нейкім выдуманым свеце, у нейкіх асабістых занятках, даючых магчымасць ня думаць аб наваколлі. – Рэд./

Матывацыя да асэнсавання сябе як да асобы “з роду і племені” ёсць анталагічным спосабам убудаванасці ў касмічныя працэсы і універсальныя законы існавання: усё і кожны сыходзяць з пэўных вытокаў, маюць сваё месца (ці знаходзяць сваю форму) і функцыянуюць згодна правілаў абранага ці прызначанага месца. “Главное здесь – взаимодействие между фатальностью, технологией и капитализмом” /22/.

/22. Андерсон В. Истоки национальго самосознания // Воображаемое сообщество./

Гэтая фраза сведчыць нам, па-першае, пра спалучэнне пэўных прынцыпаў, якія апынаюцца ўдалымі інструментамі ў рукох актараў, што імкнуцца атрымаць палітычныя дэвідэнты пад час выклікання індывідаў да ўдзелу ў іхным сцэнары існавання, а, па-лругое, – гэта інструменты, што свядома выкарыстоўваюцца для стварэння супольнасцяў паміж людзьмі, аб’яднанымі адной гісторыяй.

Так ці інакш, але стварэнне розных супольнасцяў на сучасны момант ёсць прыкметаю развіцця грамадстваў ды іх здольнасці да быцця-у-дзеі і да быцця-разам: такім чынам рэалізуюцца схаваныя патэнцыі да прагрэсу. Пошукі ідэнтычнасцяў – неад’емная частка самой асобы, такая ж дамінанта, як і сама знойдзеная ідэнтычнасць /23/). Чалавек увесь час ставіць перад сабою пытанне, ці далучыцца яму да абаронцаў чалавечых правоў, або да “зялёных”, да “левых” ці “правых”, ці ў прынцыпе пазбегнуць палітычнай сферы.

/23. “В современных социальных науках понятие интереса заменяется понятием идентичности” // Вагнер П. Говорить о политике: о задачах пост-тоталитарной политической философии. // Інтернет-ресурс./

У кожным выпадку, мы болей не захоўваем нейтралітэту, і карэктна будзе паставіць пытанне, ці захоўвалі людзі яго калі-небудзь у прынцыпе. Сучаснасць пашырыла нашыя магчымасці абіраць свядома, выходзіць за тыя межы, якія перад намі паставілі мова, тэрыторыя, уласная маці, нашая целеснасць. Але разам з гэтым, сучаснасць прапануе і новыя праблемы, бо стварае бясконцыя палі выбару, на якіх усё ж чалавек вымушаны абіраць.

Такім чынам, можна зрабіць наступныя высновы. Беларускі ўладны апарат імкнецца да падтрымання ўсталяванага парадку рэчаў, дзе існуюць зафіксаваныя пазіцыі, адназначнасць у сферах разумення паняткаў справядлівасці, свабоды, патрыятызму ды вобразу сябе, як дзеючых асобаў сацыяльнае прасторы. Пераемнасць гэтага памкнення вядзе сваю традыцыю ад настальгіі па савецкім ладзе ды стварае неасавецкае ўяўленне пра рэчаіснасць. Прычым Парадак перарастае ў нешта больш значнае за сваю логіку ды матывы сваёй арганізацыі, бо працэс ягонага структуравання залежыць ад сусветнай палітычнай кан’юнктуры ды эканамічных фактараў.

Беручы пад увагу сказанае, беларускі рэжым мае інтэнцыю да штохвіліннай прысутнасці ў лакалізаванай прасторы свайго ўплыву, усведамляючы, што грамадства ўвесь час слізгае ў сваю раздробленасць ды унутраную варожасць, так як агрэсіўныя інтэнцыі скіроўваюцца не на спарадычныя праявы сацыяльнай незадаволенасці, а на цэлыя рухі ды арганізацыі: таму беларускаму ладу ўвесь час ёсць прысутнай думка пра арганізаванага ворага.

Што да этычнага боку кансалідацыі нацыі ды ўтварэння трывалай структуры насельніцтва, дык тут выкарыстоўваюцца традыцыйныя сродкі маніпуляцыі функцыямі забеспячэння грамадства неабходнымі для жыцця рэсурсамі ды прывілеямі. Тады адказнасць за тыя асноўныя параметры, якія грамадства павінна кантраляваць самастойна, перакладаецца на ўладны ворган, які мае праграму справядлівага забеспячэння ды размеркавання, а таксама фармуе ў грамадстве вобраз добрага жыцця, які, як мы вызначылі, перашкаджае працэдурнасці вырашэння тых ці іншых сацыяльных праблемаў ды з’яўляецца адным з чыннікаў добраахвотнага падпарадкавання.

Такі ўсталяваны парадак рэчаў перашкаджае свабоднаму ды адказнаму фармаванню ўласнай ідэнтычнасці, бо існуюць больш-менш выпрацаваныя эталоны будавання-сябе і ўбудуванасці-сябе-у-грамадства. Ідэнтычнасць тады ёсць не толькі штучным прадуктам ананімных структураў, але і роляй, якая ананімізуе функцыянаванне чалавека ў грамадстве, пераўтварае ды перафармоўвае яго ў аднаго з тых, кім маніпулююць і каго прыціскаюць сваёй няўдалай маніпуляцыяй на пазіцыі скалечанага актара з прычыны адсутнасці дасканалага вобразу дзяржаўнасці.

Такім чынам, працэс нацыябудавання ў афіцыйным дыскурсе ёсць вельмі супярэчлівым ды заганным па сваёй сутнасці, бо ў яго структуры немагчыма вылучыць ніводнага знаку, якому б строга адпавядаў наяўны стан рэчаў у рэчаіснасці, якую ён спрабуе сфармаваць.

Адзінае, пра што можна сцвярджаць дакладна, дык гэта пра наяўнасць тэндэнцый да ўпарадкавання і стабілізацыі сістэм, якія застаюцца патэнцыйна не спраўджанамі ды ўвесь час пераносяцца на будучыню. З гэтага вынікае, што беларускае грамадства і беларуская дзяржава існуюць адно толькі ў праектаванні з пазіцыі афіцыйнага дыскурсу.

————

Упершыню гэты тэкст быў надрукаваны ў часопісе Топос, нумар №1 за 2010 год.

Іншыя даклады па канферэнцыі:

Религия – идеология – программа

В поисках идеологии, способной сплотить расколотое общество

Беларусь – не проект! Нечаянный успех и неоконченная история синтетического национализма.

К вопросу формирования государственной идеологии и национального государства

Беларусь должна быть и должна быть всегда!

Беларуское «большое пространство» как лекарство от комплекса жертвы

Рэха рамантычнай ідэалогіі ў сучасных грамадска-палітычных працэсах

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *