Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Беларуская мова і нацыянальная ідэалогія

Працягваем публікацыю дакладаў, якія былі выданыя ў зборніку «Праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі» і прайшлі абмеркаванне на Міждысцыплінарнай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай разгляду праблем сучаснай беларускай ідэалогіі, якая адбылася 3 лістапада 2012 года ў Менску. Вашай увазе прапануем даклад гісторыка Алега Трусава.

Любая нацыянальная ідэя з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай ідэалогіі.

У часы глабалізацыі кожная нацыянальная ідэя, нават калі яе носьбіты маюць рознае этнічнае паходжанне, грунтуецца на адной канкрэтнай мове, найбольш прыдатнай для вызначэння яе аблічча і фармулёўкі асноўных мэтаў. Прыкладам можа быць нацыянальная амерыканская ідэя, славутая “амерыканская мара”, якая грунтуецца на англійскай мове, і таму кожны грамадзянін ЗША незалежна ад паходжання і веравызнання мусіць ёй валодаць.

Другім вельмі важным складнікам нацыянальнай ідэі ёсць веравызнанне. Але ж гэты чыннік не заўсёды мае месца, пра што яскрава сведчыць вышэйпамянёны амерыканскі прыклад.

Аднак на еўрапейскім кантыненце мова і рэлігія вельмі часта вызначалі ды вызначаюць зараз асноўныя нацыянальныя памкненні вялікіх і малых народаў Еўропы, у тым ліку і нашых суседзяў. Нацыянальныя ідэі палякаў і летувісаў нападзельна злучаны з каталіцкай царквою, украінцаў – з уніяцкай, рускіх – з праваслаўнай. Канцэпцыя латышскай нацыянальнай ідэі ў асноўным грунтуецца на маральна-этычных каштоўнасцях пратэстантызму. Таму невыпадкова адным з найбольш важных складнікаў амаль любой нацыянальнай ідэі ёсць нацыянальная царква, якая размаўляе з народам на яго роднай мове.

На жаль, праваслаўная, а затым і каталіцкая царква ва ўмовах Беларусі не здолелі здзейсніць гэтую функцыю, нават нягледзячы на спробы Кіева і Вільні выконваць у XIV — XV стст. ролю цэнтраў усходнеславянскага праваслаўя, а кіеўскага мітрапаліта лічыць галоўным усходнеславянскім царкоўным іерархам. Мовай праваслаўнай царквы была тады царкоўнаславянская мова, якая моцна адрознівалася ад беларускіх гаворак і была незразумелая простаму чалавеку.

Каталіцызм, які пасля Крэўскай вуніі 1385 г. меў распаўсюд у заходняй Беларусі, да канца XVI – пачатку XVII стст. дайшоў да Смаленшчыны. Але мова касцёлу спярша лацінская, а затым польская зноў-такі не даходзіла да шырокіх колаў тагачаснага беларускага грамадства і моцна спрыяла працэсу апалячвання спачатку беларускіх магнатаў, а потым і шматлікай беларускай шляхты.

У другой палове XVI ст. некаторыя беларускія магнаты, сярод якіх былі Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы, Глябовічы ды іншыя, каб замацаваць палітычную незалежнасць ад Рэчы Паспалітай і Маскоўскага княства, робяць стаўку на пратэстантызм. Менавіта пратэстанты першыя звярнуліся праз пропаведзь да беларусаў на іх роднай мове, а затым увялі беларускую мову ў лік школьных.

Узніклае пазней уніяцтва цягам XVII стагоддзя таксама не здолела стаць нацыянальнай царквой і яшчэ болей паспрыяла расколу тагачаснага беларускага грамадства, захаваўшы ў службах царкоўнаславянскую мову. Аднак у другой палове XVIII ст., калі асноўная частка сялянства і бальшыня гарадскога насельніцтва Беларусі сталі ўніятамі, роля беларускай мовы ў гэтай царкве ўзрастае, яна пачынае шырока ўжывацца ў казаннях мясцовых святароў. Гвалтоўнае знішчэнне ўніяцтва ў Беларусі расійскім царызмам у першай палове XIX ст. спыніла тэндэнцыю беларусізацыі уніяцкай царквы, і беларусы дагэтуль не маюць сваёй нацыянальнай царквы.

У сярэдзіне ХІХ ст., пасля задушэння чарговага паўстання за незалежнасць, беларусы апынуліся на мяжы поўнай асіміляцыі і знікнення з карты Еўропы. Паколькі канфесійна беларусы былі падзеленыя, яднанне іх пачалося вакол уласнай гісторыі, і ў першую чаргу вакол этнаграфіі і мовы. На пачатку ХХ ст. пасля таго, як у Вільні пачала выходзіць газета “Наша ніва” і ўзніклі беларускія выдавецтвы, мова становіцца галоўным аб’яднаўчым момантам адроджанай нацыі. І з гэтым вымушаныя былі лічыцца тыя палітычныя сілы, якія ў розныя перыяды ХХ ст. панавалі на Беларусі.

Даследчыкі лічаць, што ўласна беларускі рух пачаўся ў канцы XIX стагоддзя. Аб гэтым сведчыць выданне часопіса “Гоман” (1884 г.) і кніги Ф. Багушэвіча “Дудка беларуская” (1891 г.). Дзякуючы даследаванням Андрэя Казакевіча і Андрэя Асадчага ўстаноўлена, што цэнтрам беларускага культурнага руху канца ХІХ – пач. ХХ стст. стала цэнтральная частка Беларусі: Вілейскі, Менскі, Слуцкі і Віленскі паветы. Адсюль выйшла амаль палова дзеячоў беларускага культурнага руху. Менавіта тут паводле перапісу 1897 года большасць жыхароў названых паветаў (акрамя Віленскага) складалі беларусы. Аднак доля беларусаў сярод жыхароў Вільні і Менску была малая (у Вільні толькі 4,2 %, у Менску – 9 %). Доўгі час беларускі рух лічылі сялянскім і гэтым тлумачылі яго слабасць і няздольнасць стварыць моцную кааліцыю з больш адукаванымі грамадскімі пластамі.

Даследаванне Казакевіча і Асадчага, якія прааналізавалі сацыяльнае паходжанне 77 асобаў, найбольш абазнаных у беларускім руху, паказалі, што сялян сярод іх толькі крыху болей за траціну ад усёй колькасці (35,1 %), прадстаўнікоў шляхты амаль столькі ж (31,2 %). Астатнія – гэта службоўцы, працоўныя, святары і г.д. Значную частку беларускіх адраджэнцаў складала моладзь: 76 % дзеячоў беларускага руху пачалі друкавацца ва ўзросце меншым за 30 гадоў, прычым асобаў, маладзейшых за 21 год – 27 %.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што асноўными каналами распаўсюду ідэй беларускай культуры і нацыі были прафесійная дзейнасць, непасрэднае прафесійнае атачэнне і камунікацыя праз сістэму вышэйшай адукацыі*.

/* Казакевіч А., Асадчы А. Пачаць пісаць па-беларуску. Рэгіянальны і сацыяльны агляд беларускага адраджэння, канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя. // “Палітычная сфера”, 2011, № 16—17 (1—2).

Ад сябе дадамо, што беларускай адукацыі тады проста не існавала. Тым больш, што паводле перапісу 1897 года сярод беларусаў пісьменнымі былі толькі 13,5 %. Сярод жа беларускіх адраджэнцаў вышэйшую адукацыю мела болей за траціну. Дзякуючы ім, на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў 1915—1918 гг. была акупавана нямецкімі войскамі, упершыню ў ХХ ст. беларуская мова атрымала статус адной з афіцыйных моў, на ёй выходзілі кнігі і газеты, у 1915 г. адкрылася першая беларуская школа і нават вялося справаводства.

У 1918 годзе ўрад БНР абвесціў беларускую мову дзяржаўнай. У Канстытуцыі БССР 1927 года дзяржаўнымі мовамі, акрамя беларускай, былі руская, яўрэйская (ідзіш) і польская, але ў сферы школьнай адукацыі ўпершыню запанавала беларуская мова, і гэтая традыцыя, нягледзячы на рэпрэсіі 30-х гадоў, трымалася да 1941 года.

У часе другой сусветнай вайны чарговыя акупанты Беларусі таксама мусілі адрадзіць у цэнтральнай частцы краіны беларускамоўныя школы і сярэднія спецыяльныя ўстановы, дазволіць выхад беларускамоўных газет, існаванне беларускага тэатру і нават оперы.

Апошняя спроба выкарыстаць беларусізацыю ў сваіх палітычных мэтах была зроблена па даручэнні Лаўрэнція Берыі на пачатку 1950-х гадоў. Але гэтая акцыя не паспела разгарнуцца і загінула разам з яе пачынальнікам.

Але самымі жахлівымі для нашай нацыі сталіся 60—80 гады ХХ стагоддзя, бо менавіта на беларусах ставіўся чарговы бальшавіцкі эксперымент, калі кіраўнікі СССР вырашылі нас першымі сярод іншых вялікіх народаў неабсяжнай імперыі пазбавіць сваёй мовы, гісторыі ды культуры, ператварыўшы ў безаблічны так званы “савецкі народ”. Якраз з гэтай мэтай у Мінск прыязджае Мікіта Хрушчоў, які з ганку Беларускага дзяржаўнага універсітэта заклікае беларусаў цалкам перайсці на рускую мову і такім чынам першымі сягнуць у камунізм.

Гэтая разбуральная праца вялася мясцовымі савецка-камуністычнымі органамі да канца 80-х гадоў, пакуль не пачалася новая наменклатурная “адліга” і не паднялася чарговая хваля беларускага адраджэння, вынікам якой стала незалежнасць Беларусі, вяртанне гістарычнай памяці і старадаўняй сімволікі, аб’яўленне беларускай мовы адзінай дзяржаўнай мовай у краіне. З 1991 па 1995 гады яна была адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі і паступова ўваходзіла ў штодзённы ўжытак, а таксама ва ўсе сферы жыцця.

У гэты час беларускамоўных выданняў, асабліва падручнікаў, дапаможнікаў, слоўнікаў і энцыклапедый было надрукавана болей, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. Была сфармавана навуковая і тэхнічная беларуская тэрміналогія, а ў школах у 1994/95 гадах ужо навучаліся па-беларуску 75 % вучняў. Назіралася ачышчэнне мовы ад шкодных запазычанняў, была звернута ўвага на вяртанне класічнага беларускага правапісу і існаванне беларускага лацінскага алфавіту.

З 1988, а асабліва ў 1991—94 гадах пачалі фармавацца асноўныя пастулаты беларускай нацыянальнай ідэі на грунце гістарычнай спадчыны, гістарычных традыцый. Пачалася крапатлівая праца па вяртанні народу гістарычнай памяці, нацыянальных сімвалаў і нацыянальнай годнасці. І асноўная барацьба разгарнулася не вакол бел-чырвона-белага сцяга і “Пагоні”, а вакол мовы як асноўнага паказчыка адметнасці, самабытнасці і нацыянальнай існасці любога народа. Бо мова, акрамя іншых важных функцый, мае культурна-творчую функцыю і з’яўляецца сродкам пабудовы самабытнай культуры кожнага народа.

Складанасць барацьбы за мову заключалася не ў тым, дасканалая яна ці не, прыгожая ці не, мілагучная ці не. Складанасць заключалася ў тым, што мова патрабавала вялікай працы. Увядзенне ці адмена сцяга, герба, гімна тычылася невялікай колькасці людзей, і то ў парадку выканання службовых абавязкаў.

Іншая справа мова. Супраць мовы паўстаў дзяржаўны апарат, клас чыноўнікаў, вайскоўцы і значная частка інтэлігенцыі, асабліва тэхнічнай. Бо мова закранула ўсіх і прынесла ім дадатковую нагрузку, дадатковую працу за тыя ж грошы. І не антаганізм да мовы рухаў імі, а звычайная лянота, звычайнае гультайства. У Беларусі, як былой калоніі, разам з каланіяльнай адміністрацыяй засталася і каланіяльная тэрміналогія. Гэтая тэрміналогія з невялікімі перапынкамі насаджвалася 200 гадоў, амаль сем пакаленняў, і дасягнуць таго, каб яна за год ці два знікла, саступіла месца новай беларускай тэрміналогіі, было проста немагчыма. Гэтаму перш за ўсё заміналі адсутнасць у краіне нацыянальнай сістэмы дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнай сістэмы адукацыі. Таму і выкарыстала ўлада ўсе вышэйзгаданыя чыннікі, каб правесці моўны рэферэндум у 1995 годзе.

Пасля моўнага рэферэндуму дзяржава не зрабіла прыкметных захадаў па рэалізацыі выказаных праз яго пажаданняў, галоўным з якіх з’яўлялася забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моваў у афіцыйным жыцці. Сёння няма аніводнай сферы, у якой была б такая роўнасць. Службовае справаводства дзяржаўнага апарату практычна цалкам абслугоўваецца рускай мовай. Падобнае можна сказаць пра вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. Вельмі незайздроснае становішча беларускай мовы на беларускім радыё і тэлебачанні і зусім цяжкое – на кінематографе. Пры гэтым на тэлеэкран і ў радыёэфір няма доступу нашым прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, вядомым беларускім пісьменнікам, мастакам, кінарэжысёрам і навукоўцам. Колькасць вучняў у нашых школах, якія працягваюць вучыцца па-беларуску, скарацілася з 75 % у 1994/95 навучальным годзе да 18 %. Падпіска на беларускамоўныя выданні зменшылася ў дзесяткі разоў і зведзена практычна да нуля. Ствараецца ўражанне, што дзяржава па сваёй ці чужой волі свядома не дапускае роднае слова тытульнай нацыі краіны ў афіцыйнае жыццё.

Апошні раз сваю нязломную волю да выжывання беларуская мова яскрава засведчыла падчас перапісу насельніцтва Беларусі ў 1999 годзе. 86 % беларускага насельніцтва Рэспублікі Беларусь назвалі беларускую мову сваёй роднай, а 37 % жыхароў Беларусі афіцыйна засведчылі, што яны размаўляюць па-беларуску.

ххх

24 лютага 2012 года на другім беларускім канале ў праграме “Выбар” выйшла перадача, прысвечаная будучыні беларускай мовы. У тэлефонным галасаванні прыняло ўдзел каля 26 тысячаў гледачоў і 65 % выказаліся ў падтрымку яе развіцця. Гэта перадача яшчэ раз пацвердзіла жаданне грамадзян Беларусі шырока карыстацца беларускай мовай як дзяржаўнай.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі надання беларускай мове рэальнага статусу афіцыйнай дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, а таксама адкрыцця Беларускага Нацыянальнага універсітэта з выкладаннем усіх прадметаў навучання па-беларуску. Неабходна неадкладна аднавіць абавязковы характар вуснага экзамену па беларускай мове ў нашых школах.

Вядучае месца ў нашай дзейнасці павінна заняць культурна-асветніцкая праца ў шырокіх колах народу. Гэта стварэнне розных курсаў па вывучэнні беларускай мовы, збор сродкаў для выдання беларускамоўных кніг, паштовак, календароў, вырабу аўдыё- і відэапрадукцыі з беларускім гучаннем.

У бліжэйшы час неабходна прыняць новы “Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, які павінен адпавядаць тым дэмакратычным нормам, што ўжо даўно склаліся ў большасці еўрапейскіх краін. У першую чаргу, гэта сусветная дэкларацыя ЮНЕСКО аб культурнай разнастайнасці, што была прынятая 3 лістапада 2001 года на 31-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ў Парыжы.

У адпаведнасці з новым Законам, кожны дзяржаўны чыноўнік абавязаны аднолькава добра ведаць дзве дзяржаўныя мовы, вольна, без памылак пісаць і размаўляць на іх.

Вельмі важна ў асобных артыкулах Закона дакладна вызначыць механізм узаемадачыненняў паміж беларускай, рускай і англійскай мовамі, вызначыць межы і аб’ёмы выкарыстання і вывучэння моваў нашых суседзяў (польскую, украінскую, летувискую і латышскую мовы).

Новы Закон аб мовах несумненна стане важным крокам па вяртанні Беларусі ў дэмакратычную аб’яднаную Еўропу.

Калі мы хочам рэальна змяніць сітуацыю да лепшага, варта кожнаму з нас зразумець, што з XVII стагоддзя беларуская мова з лінгвістычнага чынніка стала аб’ектам палітыкі.

Сёння адукаваны чалавек на Беларусі, які не ведае беларускай мовы, не можа лічыцца інтэлігентам. Пакуль наша інтэлігенцыя не загаворыць па-беларуску на вуліцах, на працы, з дзецьмі і ўнукамі, пакуль не стане ўсе рускамоўныя бланкі на пошце, у банку, міліцыі, падаткавай інспекцыі прынцыпова запаўняць па-беларуску, яна будзе заставацца гаротнай і зняважанай пры любой уладзе. Бо любая ўлада лічыцца толькі з тымі, хто можа сябе годна абараніць. Нездарма ж кажуць, што беларус “заўжды размаўляе на мове начальства”.

Як толькі народ убачыць, што на змену малаадукаванай, “сярмяжнай” уладзе з яе “трасянкай” і рускім жаргонам ідуць высокакультурныя людзі, якія, акрамя беларускай, ведаюць і іншыя еўрапейскія мовы, але пераважна карыстаюцца сваёй, поспех новай “камандзе” забяспечаны.

Апошнія сацыялагічныя апытанні паказалі, што больш за палову беларусаў сталі з павагай ставіцца да тых, хто на гэтай мове размаўляе. Гэта значыць, кардынальна змянілася сітуацыя, не толькі да мовы, але увогуле да культуры. Улада пачала масава аднаўляць помнікі культуры: хто б мог падумаць, што зробяць Мірскі замак ці Нясвіжскі? Вось адбудавалі Мінскую і Магілёўскую ратушы. Чаму так сталася? Зразумела, з’явіліся інвестыцыі. Але акрамя гэтага улады больш не жадаюць хадзіць “ў лапцях”, хочуць быць еўрапейцамі. А тут і паўстае пытанне мовы. Таму сітуацыя з мовай неадназначная і складаная.

З аднаго боку, колькасць людзей, што назвалі беларускую мову роднай і тыя, хто гаворыць кожны дзень па-беларуску, значна паменшылася ў параўнанні з перапісам, што адбыўся 10 год таму. Але палепшылася стаўленне да мовы. З другога боку, сумнеўна, што 10 год назад на самой справе 37 % беларусаў штодня гаварылі на мове. Магчыма, пісалі так у знак пратэсту. Таму, магчыма, што ў апошнім перапісе лічбы больш дакладныя. Хаця, улады прыдумалі розныя хітрыя пытанні, накшталт “першая мова дзяцінства”, а зразумела, што першая мова ў асноўным у большасці расейская. Але па выніках мы атрымалі каля 1,5 мільёны чалавек, якія штодня размаўляюць па-беларуску, а гэта паўтары Эстоніі. Так што мова не памрэ. Захаванню мовы, безумоўна, паспрыялі 20 гадоў незалежнасці. Людзі ўсведамляюць, што яны не расейцы. Нават кіраўнік краіны заявіў, што калі мы і рускія, то са знакам якасці.

Увогуле, працэсы ў грамадстве зараз адбываюцца вельмі цікавыя. І, як не дзіўна, на першае месца выходзіць Мінск. Менавіта ён становіцца носьбітам мовы, а ў вёсцы, наадварот, мова вымірае, вяскоўцы размаўляюць на трасянцы. Павялічваецца колькасць беларускамоўных сем’яў. Сёння гэта ўжо дзесяткі тысяч, а раней былі адзінкі. Беларуская мова перастае быць сялянскай і становіцца мовай элітаў. І маладое чынавенства гэта разумее. Бо калі чыноўнік выязджае ў Еўропу і там не будзе размаўляць па-беларуску, могуць падумаць, што ён з Расіі.

Нават бізнесмены зараз актыўна пераходзяць на мову. Я сябрую з прадпрымальнікамі, і бачна, як змяняецца настрой. Раней ім было ўсё роўна. А зараз ходзяць на курсы па беларускай мове, каб не выглядаць дзікунамі ў Еўропе. Рэклама пачала з’яўляцца па-беларуску. Гэтаму і ТБМ паспрыяла: дасылалі лісты кіраўніцтву кампаній Самсунг, Галіна Бланка, Рэно і іншым з прапановай зрабіць беларускамоўную рэкламу. Яны нас паслухалі, правялі экперымент, і аказалася, што калі бігборд па-беларуску, то тавар пачынае на 10—11 % прадавацца лепей. Зразумела, выдзяляецца сярод расійскай мовы. За замежнымі кампаніямі пацягнуліся і нашы, беларускія.

Гэтыя факты пачалі заўважаць замежныя аналітыкі і гісторыкі. Так, Аркадзь Мошэс, дырэктар праграмы “Еўрапейскі выбар Расіі” АН Фінляндыі заявіў, што “Беларусь вельмі позна сталі ўспрымаць як новую еўрапейскую нацыю. Да гэтага яна бачылася заходнім дадаткам Расіі, у якім большасць насельніцтва гаворыць па-руску і не бачыць праблем у тым, каб знешнепалітычным прыярытэтам была Расія”*.

/* БелГазета, № 34 (859) 27 жніўня 2012, с. 10./

Шмат якія замежныя амбасадары загаварылі па-беларуску. Некаторыя, як амбасадар Швецыі, нават без акцэнта. Пачалі грунтоўна вывучаць беларускую мову і расійскія дыпламаты…

Такім чынам, у аснове нацыянальнай ідэалогіі павінна быць ідэя стабільнага дзяржаўнага становішча беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Іншыя даклады па канферэнцыі:

Религия – идеология – программа

Матрица, патернализм и семья-страна: Антропология белорусской идеологии

Беларусь: случай антимодернистской идеологии

В поисках идеологии, способной сплотить расколотое общество

Беларусь – не проект! Нечаянный успех и неоконченная история синтетического национализма.

К вопросу формирования государственной идеологии и национального государства

Беларусь должна быть и должна быть всегда!

Беларуское «большое пространство» как лекарство от комплекса жертвы

Беларуская нацыя на скрыжаванні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы

Да пытання аб ідэалогіі беларускай дзяржавы

Беларуская ідэя – наш выратавальны круг!

Рэха рамантычнай ідэалогіі ў сучасных грамадска-палітычных працэсах

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *