Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Беларуская ментальнасць у зменлівым свеце на пачатку трэцяга тысячагодззя

 Mirski zamakПадаем Вам даклад культуролага                      (Дзюсельдорф, Нямеччына) Язэпа Паўловіча,  прэзентаваны на канферэнцыі «Трансфармацыі  ментальнасці беларусаў  у XXI ст.», якая прайшла ў Мінску 24 лістапада 2013 года, і ўвайшоў у аднаіменны зборнік.

“…Логас і міт ў такой жа малой ступені ўзаемавыключаюць адзін аднаго, як навука і рэлігія. Міт акружае і тлумачыць Логас, бо па той бок нашай веды разлеглася бязмежная ноч нязнанага.

Дакладна ў гэтым стыку пачынаецца трансцэндэнтнасць, што пасярэднічае нам у доступу да міту. Той, хто недаацэньвае, альбо зусім ігнаруе гэта, толькі даказвае ўласнае невуцтва, такому чалавеку дастаткова задавальняць штодзёныя патрэбы. Ён забываецца, што любая дзейнасць, кожны (яго) рух адбываецца на тле дэкарацый Сусвету, напоўненага зорамі…”

“С(ус)вет ёсьць канструкцыяй, у пабудове каторай мы ўсе можам прымаць удзел”.

І.Р. Прыгожын

Большасць дасьледчыкаў справядліва лічаць менталітэт народу і нацыі самым кансэрватыўным складнікам матывацыйных чыннікаў сацыяльных паводзінаў. На гэтую тэму напісана і гаворана вельмі шмат. Калі ж вылучыць асноўную ролю гэтага складніка, фармалізаваць яго, то нацыянальная ментальнасць апынецца ракурсам бачання сябе і сусвету народам, альбо асобаю, да яго прыналежнаю. Самаацэнка народу і бачанне навакольнага свету выступаюць ў гэтым сэньсе грунтам ментальнасці, кропкамі адліку асноўных духоўных каардынатаў ў прасторы мажлівасцяў сацыяльных паводзінаў у межах пэўнай грамадскай супольнасці. Калі коратка, ментальнасць народа – заўсёды спроба рэалізацыі міту аб сабе ў межах дасяжнай рэчаіснасці.

Калі вылучыць асноўныя рысы беларускай ментальнасці, то гэта татальны дуалізм і амбівалентнасць, што вельмі падобна да ментальнасці народа украінскага, але пераўзыходзіць яе. Тое і не дзіва з гледзішча траекторый гістарычнага шляху іх абодвух і памежнай лакалізацыі на палітыка-геаграфічнай мапе Эўропы. Мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў моцнае, але поліморфнае падсвядомае.

Гэткі стан рэчаў ёсць грунтам для існавання вельмі шырокага спектру тыповых сітуацыйных рэфлексій чальцоў нашага сучаснага грамадства. З аднаго боку, сфармаваўшыся як сістэма прыстасаваўчых рэакцый выжывання ва ўмовах пастаяннай вонкавай агрэсіі, такая нацыянальная ментальнасць дазволіла захавацца літвінам-беларусам як нацыі. З іншага боку, плынь гістарычных падзей апошніх стагодззяў замацавала ў нашым народзе комплекс пераможанага. Сёння менавіта гэтай “гістарычна-псіхалагічнай” глыбіннай траўмаю можна вытлумачыць асноўныя існуючыя мадэлі сацыяльных паводзінаў беларусаў.

Найгоршай, самаразбуральнай рысай беларускай ментальнасьці можна лічыць заніжаную самаацэнку: г.зн. ацэнку сябе і ўласнай здольнасці скарыстацца мажлівасцямі моманту. Тое стала грунтам для фенамену татальнай “адмовы ад свайго”. І тут ўжо не важна, хада ідзе аб таварах ці прамысловых вырабах (насамрэч не заўсёды якасных), альбо праявах культуры, ці нават ўласна людзях. У свядомасці паспалітага грамадства часцей любы замежнік ёсць лепшы за беларуса толькі таму, што ён замежнік. Гэты ж комплекс, што спараджае стан няўпэўненасці, таксама фармуе спадзяванні на тое, што змены да лепшага прыйдуць аднекуль звонку, нехта іншы зможа вырашыць нашыя ўласныя ўнутраныя праблемы. Зрэшты, тое ёсць спадзяваннем на цуд, альбо шчаслівы збег абставін.

Адваротным бокам гэтага комплексу з’яўляецца пабытовае непрыняцце тых, хто адрозны ад “сярэдняй” асноўнай масы людзей і таму “вытыркаецца” сваім выглядам, паводзінамі ці ідэямі. Менавіта гэтыя рысы нацыянальнага характару беларусаў пашырыліся апошнім часам праз, зноў жа замежны, ўплыў “поля рускай ментальнасці”, абвастрыўшы латэнтную пабытовую ксэнафобію і антысемітызм. Адначасна, такая сістэма поглядаў цалкам ужываецца ў межах адной асобы са скрайнім індывідуалізмам і нават вульгарным эгаізмам.

Уласцівы нам ліцвінска-беларускі менталітэт складваўся і крышталізаваўся тысячагодзямі і ментальнасць нашага народа адпавядала яго пабытоваму стану, дазваляла выжываць у самыя цяжкія часы і складаных умовах. Але зараз плынь падзей значна паскорылася, а іх колькасць расце ў геамэтрычнай прагрэсіі. Натуральныя сістэмы адаптацыі чалавечай супольнасці не дазваляюць соцыюму своечасова і адэкватна рэагаваць на іх.

За апошнія пару дзесяткаў год адбылося некалькі тэхналагічных рэвалюцый, што цалкам змянілі жыццё чалавечага грамадства, прынамсі той яго часткі, што ўваходзіць у так званы “залаты мільярд”. Але таксама лавінападобна, разам з гэтым, нарастаюць і крызісныя з’явы ва ўсіх сферах дзейнасці Чалавецтва. Мы жывем у час, калі разгортваецца і набірае моц сістэмны крызіс чалавечай цывілізацыі. Таму беларуская ментальнасць і мажлівасць яе трансфармацыі, адаптацыі грамадства да новага тэмпарытму жыцця і мэтаў, ёсць ці не вырашальным фактарам для вызначэння будучыні краіны. Зразумела, што перспектывы нашай надыходзячай будучыні немагчыма вызначыць у адрыве ад прагнозу агульных тэндэнцый развіцця і паўстаючых праблемаў “Глабальнага Чалавецтва”.

Актуальная сітуацыя вызначаецца пагрозай сусветнай палітычнай нестабільнасці. “Палюсы сілы”, што доўгія дзесяцігодззі былі апораю існуючай сістэмы ўзаемаадносін, імкліва губляюць сваю моц і прыцягальнасць для іншых краін. Не заціхае афра-азіяцкая дуга ўзброеных канфліктаў, рэвалюцый і лакальных войнаў. І калі ваенныя закалоты і эканамічныя праблемы яшчэ часткова паддаюца нейкаму палітычнаму рэгуляванню, то экалагічныя крызісныя хвалі паступова накрываюць усё Чалавецтва.

Сутуацыю абцяжарвае агульны ідэйны і культурніцкі крызіс “глабальнай эўрапейскай цывілізацыі”, які можна коратка сфармуляваць як страту вобраза “Чалавека гуманнага”, спадчыннага ад Рэнесансу і хрысціянскай этыкі. Гэта вядзе да страты матывацыі пазітыўнай творчасці і да вынішчэння высокай культуры грымасамі “поп – пост – пост мадэрнізма”, альбо зусім ўжо мізантрапічнымі манефестацыямі, якія толькі фармальна, як вынік нейкай дзейнасці чалавека, можна аднесці да з’яваў “культурніцкіх”.

Таксама пэўную “змену вехаў” можна назіраць і ў фундаментальнай навуцы. Ўжо дзесяцігодзі не сціхае крытыка існуючых парадыгмаў “афіцыйнай навукі”. Шэраг адкрыццяў апошнага часу ставяць пад пытанне як кананізаваную зараз навуковую карціну Сусвету, так і мэтодыкі эксперыментаў. Найбольш рэвалюцыйныя светапоглядныя вынікі можна чакаць ад даследванняў “цёмнай матэрыі” і “цёмнай энэргіі”, якія складаюць, як аказалася, 95 % агульнай масы нашага Сусвету, але не назіраюцца звычайнымі прыборамі. Іх склад і ўласцівасці зусім пакуль не вядомыя нават гіпатэтычна. Ў дадатак з’явіліся дадзеныя, што пацвярджаюць існаванне не аднаго Сусвету, а пэўнай сістэмы многіх Сусветаў, не адзінага Унівэрсума, а – Мульцівэрсума.

Падагульняючы, Чалавецтва, – ў першую чаргу “эўрапіезаваны свет”, – стаіць на парозе радыкальных зменаў светапогляду і ладу жыцця, як асэнсаванай рэакцыі на надыходзячы новы стан рэчаіснасці.

Калі ж разглядаць “глабальнае сацыяльнае”, то асноўнымі трэндамі сучаснасці ёсць глабалізацыя (дакладней адначасова рэалізуюцца розныя яе варыянты), татальная урбанізацыя і абвастрэнне канкурэнтнай барацьбы як паміж існымі, так і новымі, толькі паўстаючымі, відамі чалавечых асацыяцый.

Усе гэтыя рэвалюцыйныя змены “ландшафту” рэчаіснасці і навакольнага асяродзя не могуць не спараджаць канфлікту з падставовымі пластамі чалавечай і, зразумела, “народнай традыцыйнай” свядомасці. Цяжка сказаць, у якіх формах і як такія рэфлексіі чалавечага соцыюма знойдуць з часам сваё ўвасабленне, але ментальнасць народа грае ў гэтае справе вялікую ролю.

ххх

Як ужо адзначалася вышэй, сама ментальнасць народа ёсць з’яваю квазістабільнай, але варыябельнымі ёсць яе праявы ў кожны дадзены момант і пры пэўных абставінах. Тыповыя паўторы такіх рэфлексій, у сваю чаргу, рэгіструюцца механізмамі калектыўнай сацыяльнай памяці і, праз зваротныя сувязі і назапашванне вопыта, адбіваюцца на “спосабе думання” народа, яго калектыўным несвядомым. Мажлівымі ёсць таксама раптоўныя “скачковыя” змены асобы пэўнага чалавека (як і груп людзей), што не толькі змяняе яго паводзіны, але і можа ўплываць на менталітэт – дэфармаваць яго.

Ментальнасць народа ўтвараецца ўсёй супольнасцю людзей, што ўвасабляе яго, але яна не ёсць простай інтэгральнаю іх сумаю. Каб ацаніць ступень падатлівасці ментальнасці народа знешнім уплывам і магчымыя накірункі яе трансфармацыі, неабходна зразумець да канца механізмы чалавечага мыслення, ў чым сутнасць чалавека? Як фармуецца асоба пасля нараджэння і існуе надалей у соцыюме? Больш-меньш поўных адказаў пагатоў мы не маем. Зрэшты, сам прадмет даследванняў ёсць вельмі складаным – “сістэмаю сістэм”, і непарыўная (да таго ж халістычная) сутнасць чалавечай істоты не дазваляе цалкам адасобіць і вылучыць для даследвання наступныя складнікі:

— ментальны,

— псіхічны,

— эмацыянальны

— рэфлекторна-маторны і псіха-эмацыянальны

— біяхімічны рэфлексійна-маторны

Таму, як істота, “чалавек думаючы” павінен разглядацца комплексна, ў адзінай сістэме разам з прыналежнымі патокамі інфармацыі, рэгулючымі сыгналамі і зваротнымі сувязямі.

У сваім генэзісе ментальнасць і менталітэт ёсць шчыльна звязанымі соцыя-культурніцкімі і інфармацыйнымі сувязямі з моваю і яе функцыямі, калі разглядаць чалавека і як асобу, і як калектыўную істоту. Таму вагу мовы ў працэсе этнагенэза, а значыцца і стварэнні народнай ментальнасці, цяжка пераацаніць. Зразумела, ментальнасць індывіда – носьбіта “ментальнасьці народнай”, залежыць ад ступені развіцця асобы і часта функцыянуе як комплекс рэалізацыі гатовых рэфлексій, выбарак-клішэ з “банку дадзеных” пластоў памяці, што вызначаюць лінію паводзін, іх матывацыю і тэмпы ў пэўнай сітуацыі. Часам, у экстрэмальнай сітуацыі, механічна-рэфлекторнае ўжыванне такіх стандартных ўзораў паводзінаў нават замяняюць сабой ўласна мысленне, альбо апераджаюць яго.

Дынаміку быцця большасці людзей можна ў значнай ступені змадэляваць як сталы дрэйф-пераход ад аднаго ментальнага “клішэ” да наступнага. Калі прааналізаваць фармалізаваную структуру чалавечага мыслення, як яна функцыянуе з пункту погляду кібэрнэтычнага мадэлявання (гл. ніжэй “Функцыянальную схему фармавання сацыяльных паводзінаў чалавечай істоты”), то можна вылучыць наступную гірархію функцый мовы і працэсаў, у якіх яна мае значную ролю:

— Пазначэнне і канстатацыя “Я” асобы праз унутраны маналог апісання ўласнага ўзаемадзеяння з Рэчаіснасцю;

— Дэтэрмінацыя логікі вербальнага мыслення праз уласна структуру мовы і яе складнікаў.

— Дэтэрмінацыя выбаркі правільнага варыянту з базы дадзеных спектру наяўных клішэ паводзінаў, “перабор варыянтаў”.

— Тэставанне, даследванне нестандартных сітуацый (у там ліку сацыяльных) з дапамогаю і праз ўласную структуру, логіку пабудовы і семантыку, пры патрэбе – мабілізацыя творчых функцый сістэмы.

— Сінтэз новых і карэкцыя ўжо створаных клішэ.

— Адаптацыя ўласных структураў пад змяненне сітуацыі (ў тым ліку сацыяльнай).

— Камунікатыўная функцыя, – трансляцыя ў соцыюм уласнай волі асобы.

Схэма

PaulovichВідавочна, мова функцыянальна ёсць неабходным складнікам і грунтоўнейшым чыннікам чалавечай асобы. Таму кожная дэфармацыя, альбо простая змена ў стане мовы камунікацыі грамадства непазбежна адбіваецца не толькі на “стылі” і хуткасці (эфектыўнасці) ўласна камунікацыі, але і на глыбінных, падставовых чынніках грамадства і кожнай асобы.

ххх

Мяркую, што можна вылучыць пэўную гірархію структураў у грамадстве з пункту гледжання фармавання псіха-сацыяльных рэфлексій, што часткова назапашваюцца і становяцца з часам элементамі афарбоўкі нацыянальнага характэру, а пазней і менталітэту. Грунтам такой структурызацыі грамадства, яе падставовай “базавай адзінкаю”, павінна быць невялікая супольнасць людзей, што стала маюць цесныя, штодзёныя сувязі і жывуць як “сацыяльна-кагерэнтная” група, якая мае тоесныя дачыненні кожнага свайго ўдзельніка з атачаючым соцыюмам. У сёняшнім грамадстве звычайна гэта – сям’я, альбо іншыя (ў некалькі чалавек) групы сумеснага пабытовага існавання і дасягнення агульных мэтаў (сацыяльны “прайд”). Менавіта на ўзроўні такой невялікай групы адбываецца найбольш інтэнсіўны і найменш “фільтраваны” абмен інфармацыяй і ідэямі ў найбольш традыцыйнай форме.

Наступны ж, больш шырокі тып самаарганізацыі сацыяльнай супрацы чалавечага грамадства, калі людзі аб’яднаныя толькі агульнымі мэтамі і нефармальнай гірархіяй, і гэтая супольнасць мае больш шырокую геаграфію дзейных інтарэсаў, якую ўмоўна можна назваць кланаваю, ўжо сам складаецца з такіх “базавых адзінак”. Трэба падкрэсліць тое, што гэтыя самаарганізуючыяся структуры чалавечага грамадства ёсць незалежныя ад дзяржаўных утварэнняў і толькі часткова дэтэрмінуюцца самою дзяржаваю і яе апаратам. Перасячэнне абодвух сістэмаў (комплексу супольнасьцяў “аўтаматычнай” сацыяльнай самаарганізацыі і дзяржаўных структураў) у любым выпадку адбываецца на прыватным, пэрсанальным ўзроўні.

У той жа час як раз ад паспяховасці бесканфліктнай самарэалізацыі асобы ў новых, вельмі зменлівых умовах, на тле пастаяннай прысутнасці “калектыўнага несвядомага” ў форме нацыянальнай ментальнасці у такіх групах (перш за ўсё сем’ях) залежыць таксама і паспяховасць адаптацыйных рэакцый ўсяго грамадства і калектыўнага пераадолення соцыюмам “стрэсу надыходзячай невядомай будучыні”.

Менавіта такія групы можна разглядаць як асноўную прастору і ўласна механізм трансфармацыі ментальнасці грамадства і галоўным “маторам” зменаў (альбо іх адсутнасці) ў соцыюме.

Агульная плынь зменаў ад пачатку трэцяга тысячагодзя накіраваная на змяншэнне ролі і значнасці “палітычнай нацыі” ў форме так званых “нацыянальных дзяржаваў” пад ціскам набіраючых моц ад сярэдзіны мінулага веку транснацыянальных вытворчых карпарацый і іншых супераб’яднаньняў. Становішча абвастраецца праз абмежаванасць крыніцаў карысных выкапняў, іншых рэсурсаў і доступу да іх. Але на мясцовым, лакальным узроўні гэтыя ж працэсы вядуць да падвышэння мейсца і ролі нацыянальна-этнічных супольнасцяў. Станаўленне постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства размывае межы кланава-класавай стратыфікацыі традыцыйных супольнасцяў. Усё часцей можна назіраць утварэнне кластэрных аб’яднанняў малых сацыяльных і бізнес-структур, законы роста якіх апісваюцца фрактальнымі функцыямі нелінейнай дынамікі. Дакладна такімі ж заканамернасцямі звычайна апісваюцца структура і дынаміка росту натуральных жывых аб’ектаў.

Новыя формы арганізацыі соцыюма і вытворчасці даказваюць сваю высокую эфектыўнасць, і ў спалучэнні з новымі тэхналогіямі могуць стацца надалей магістральным шляхам развіцця чалавечай цывілізацыі. Роль жа дзяржавы ў сучасным грамадстве павінна быць рэдуцыравана да ролі арбітра, што сочыць за ўтрыманнем законнасці на тэрыторыі краіны і забяспечвае аптымальныя ўмовы рэалізацыі пазітыўнай актыўнасці грамадзян. У першую чаргу хада ідзе аб выкананні роўнасці ўмоваў канкурэнцыі і правоў кожнай з асоб, складаючых грамадства. Менавіта такі стан ўзаемадачыненняў і вытворчых адносін адпавядаюць падставовым характэрыстыкам беларускай ментальнасці.

Задачы, што стаяць сёння перад намі, ёсць агульнымі як для нас, так і ўсяго астатняга Чалавецтва, але кожны народ мае свой спосаб думання і знаходзіць свой адказ на нарастаючыя выклікі Надыходзячага. Канешне, разабрацца з праблемамі можа толькі супольнымі высілкамі ўсяго Чалавецтва разам, але кожны народ мае свой Шлях.

Сутнасць глабальнай сітуацыі і яе дыялектычны дуалізм не сфармулюеш лепш за таго ж “бацьку сінэргетыкі”:

“Заданне ў тым, каб знайсці шлях у вузкай шчыліне паміж глабалізацыяй і захаваннем культурнага плюралізма, паміж насіллем і палітычнымі мэтадамі вырашэння праблем, паміж культураю вайны і культураю розума. Гэта кладзецца на нас як цяжкае бярэмя адказнасці.”

 – І.Р. Прыгожын “Костка яшчэ не кінутая. (Пасланне наступным пакаленням)”