Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Беларуская ідэя – наш выратавальны круг!

 Працягваем публікацыю дакладаў, якія былі выданыя ў зборніку «Праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі» і прайшлі абмеркаванне на Міждысцыплінарнай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай разгляду праблем сучаснай беларускай ідэалогіі, якая адбылася 3 лістапада 2012 года ў Менску. Вашай увазе прапануем даклад філосафа Мікалая Крукоўскага.

Яшчэ Ленін некалі пісаў, што царская Расія была турмою народаў. Але як сам ён, так і ягоная бальшавіцка-камуністычная партыя ў нямалай ступені садзейнічалі таму, што і Савецкі Саюз працягваў быць такою турмою. Для тагачаснага НКУС-МГБ-КДБ не было страшнейшага ворага за так званы нацыяналізм. Самому гучанню гэтага слова быў нададзены сэнс, набліжаны да лаянкі, хоць Уладзімір Даль, напрыклад, акрэсліваў яго сэнс проста як любоў да свайго народа. Між тым, гэтае паняцце вельмі не падабалася партыйным ідэолагам, а нацыянальная ідэя і ўвогуле выклікала нянавісць.

У камуністычных цэрбераў быў востры нюх на небяспеку, таму, як вопытныя каты, яны разумелі: каб прыдушыць пачуццё самастойнасці народа і пазбавіць яго свабоды, гэты народ трэба пазбавіць ягонай душы, а дакладней – нацыянальнай самасвядомасці. А ў культуры, як вядома, гэтую самасвядомасць выяўляе менавіта філасофія. Таму высілкі іх і накіроўваліся на тое, каб не дапусціць узнікнення беларускай нацыянальнай філасофіі.

Усё духоўнае жыццё нашага народа, яго культура, і дзейнасць яго інтэлігенцыі былі падпарадкаваныя афіцыйна адштампаванай ідэалогіі марксізму-ленінізму і пралетарскага інтэрнацыяналізму, паводле якой кожнай нацыянальнай культуры пакідаецца толькі знешне адмысловая форма, а змест адначасова набіваецца аднатыпнымі сацыялістычнымі лозунгамі, што ў выніку прыводзіць да фарміравання ўжо не нацыянальных культур, а нейкіх вычварэнскіх пудзілаў гэтых культур.

Для стварэння прафесійнай нацыянальнай філасофіі ў беларускага народа на працягу доўгіх стагоддзяў не было адпаведных умоў. Беларусы былі вымушаны выказваць свой светапогляд і светаадчуванне пераважна праз фальклор і мастацкую культуру. Але і тут праўладныя цэрберы імкнуліся вытравіць нацыянальны дух і замяніць яго на гатовыя штампы эстэтыкі так званага сацыялістычнага рэалізму. Філасофская навука трымалася пад найстражэйшым кантролем з боку не толькі ЦК КПСС, але і самога КДБ, афіцэры якога не саромеліся час ад часу чытаць інструктажныя лекцыі для выкладчыкаў, дацэнтаў і прафесароў філасофіі, як тое не раз адбывалася, напрыклад, у БДУ. Не саромеліся і вербаваць прафесійных філосафаў у шэрагі так званых “сексотаў”, ствараючы небачаную і нечуваную яшчэ ў гісторыі ганебную постаць “філосафа-стукача” (паведамляльніка спецслужбаў). І такіх пачварных, як казаў некалі Георг Гегель, “амфібій”, было ў нас нямала сярод тых, хто насіў само па сабе ганаровае званне філосафа.

Ды й набор студэнтаў на філасофскі факультэт меў таксама вельмі спецыфічны характар. Прымалі туды пераважна па рэкамендацыях партыйных органаў; беларусаў сярод студэнтаў была толькі абмежаваная колькасць, бо іх старанна “разбаўлялі” абітурыентамі з іншых рэспублік (нешта падобнае адбывалася і ў дачыненні да студэнтаў юрыдычнага факультэта). Існавала закрытая пастанова ЦК КПСС, паводле якой было дазволена ажыццяўляць выданне падручнікаў па гуманітарных навуках толькі ў маскоўскіх выдавецтвах. У кіруючых колах доўгі час нават мусіравалася абсурдная думка пра тое, каб увогуле філасофскія факультэты пакінуць толькі ў Маскве і Ленінградзе, а выпускнікоў потым размяркоўваць па нацыянальных рэспубліках для адпаведнай уніфікацыі і інтэрнацыяналізацыі светапоглядаў іх жыхароў.

І сёння яшчэ, на жаль, працягваецца тая ж самая палітыка недапушчэння таго, каб беларуская нацыянальная філасофія была замацаваная ў якасці падмурку айчыннай духоўнай культуры і ідэйнага гаранту суверэнітэту беларускай незалежнай дзяржавы. Недапушчэння або свядомага, або проста па інэрцыі і прафесійнай, так бы мовіць, ляноце.

Характэрна, што вольна ці міжвольна прымаюцца часам на ўзбраенне сродкі зусім процілеглага характару. Калі стала, напрыклад, немагчымым ў сваім недаверы да беларускай ідэі як асновы нашай нацыянальнай філасофіі абапірацца на традыцыйны марксізм-ленінізм, некаторыя выхаванцы філасофскага факультэта пачалі актыўна запазычваць філасофію з Захаду. Яны робяць гэта зусім без уліку таго, што і там далёка не ўсё падыходзіць для нас, што і там існуюць свае праблемы, нават прыкметы выразнага крызісу духоўнасці, як, напрыклад, у занадта скептычнай і нігілістычнай філасофіі постмадэрнізму, што сёння вельмі настойліва прасоўваецца ў пэўных колах. Гэтая тэндэнцыя была заўважная не толькі ў філасофіі, але і ў мастацкай культуры.

І гэта ў той час, калі на тым жа Захадзе існуюць вельмі пазітыўныя плыні і кірункі – у прыватнасці, у канцэпцыі неатамізму, у сучаснай пратэстанцкай філасофіі, у ідэях Тэйяра дэ Шардэна. Іншымі словамі, у тых філасофскіх кірунках, якія шукаюць ідэйных кантактаў з рэлігіяй як адной з важнейшых духоўных асноў сацыяльна-здаровага грамадства. Але і тут нам нельга абмяжоўвацца толькі звычайным запазычваннем гэтай філасофіі, бо філасофія ёсць самасвядомасць народа, а народную самасвядомасць, як і свядомасць індывідуальнага “Я”, запазычыць немагчыма ў прынцыпе.

Таму нам варта шукаць выйсце з крызісу толькі з апорай на ўласныя, захаваныя ў фальклоры і народным мастацтве традыцыі і, відавочна, уласную, яшчэ пакуль досыць маладую, прафесійную філасофію. Варта рухацца толькі гэтым шляхам, непарыўна звязаным з адстойваннем незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, які падвяргаецца сёння небяспецы і ў перспектыве можа сутыкнуцца з наступствамі, проста катастрафічнымі для самога факту існавання беларускага народа.

Вялікі нямецкі філосаф Гегель адзначаў некалі, што, нягледзячы ні на што, крот гісторыі рые і рые заўсёды ў належным кірунку. Здаецца, зусім нядаўна ўлада ў тады яшчэ савецкай Беларусі сцвярджала, што беларускі суверэнітэт – гэта абсурд, што Беларусь павінна быць усяго толькі зборачным цэхам і ваенным шчытам Расіі, і што ўсе мы наогул зусім не беларусы, а… рускія, і што мова ў нас – не мова ўвогуле, а нейкі дыялект. А пра беларускую ідэю калі і ўзгадвалі, дык толькі ў кантэксце сепаратызму, нацыяналізму, ізаляцыянізму і іншыя нядобрых “ізмаў”. Сёння ж і ўлада, і яе лісліва-гнуткія ідэолагі, якія ўвогуле не разумеюць нават значэння паняцця “ідэал”, пачынаюць усё часцей хапацца за словы “суверэнітэт”, “незалежнасць”, а часам і за вельмі нялюбы некалі для іх выраз – “нацыянальная ідэя”.

Адносна апошняга майстры сучаснага ідэалагічнага фронту не саромеюцца нават здзяйсняць своеасаблівы плагіят. Напрыклад, некалькі гадоў таму назад, пасля афіцыйнай сустрэчы з цяперашнім кіраўніком дзяржавы у Акадэміі навук, прадстаўнік нейкай чарговай новаспечанай акадэміі, бессаромна гледзячы на афіцыйным беларускім тэлебачанні наўпрост у аб’ектыў, сказаў, што гэта менавіта яны вынайшлі азначаную ідэю і працуюць над ёй ужо на працягу пэўнага часу. І гэта з улікам таго, што дадзенае паняцце актыўна ўжывалася ў перадавых беларускіх колах задоўга да выступу гэтага “ідэолага” – у прыватнасці, аўтар гэтых радкоў яшчэ больш чым 20 год таму скончыў адзін са сваіх артыкулаў на акрэсленую тэму заклікам: “Жыве беларуская ідэя!” (“Мастацтва”, 1990, № 3), а ў іншым артыкуле ахарактарызаваў нашу нацыянальную ідэю словамі, што, здаецца, варта было б паўтарыць і сёння. Вось што пісалася тады ў артыкуле “БДУ павінен адпавядаць сваёй назве” (“Маладосць”, 1991, № 1) усцяж за заклікам шырэй разгарнуць штандар беларускай ідэі:

“Беларуская ідэя – гэта яснае ўсведамленне сябе як самастойнай сацыяльнай агульнасці, якой уласцівая нацыянальная самасвядомасць і так званае “мы-пачуццё”, як яго азначаюць псіхолагі. Беларуская ідэя – гэта філасофія беларуса, яго светаразуменне і светаадчуванне, яго маральны і эстэтычны ідэал. Беларуская ідэя – гэта гарачы і шчыры патрыятызм (няхай мне даруе чытач гэтае “заезджанае” і шматразова скампраметаванае, але ўсё ж такі вернае ў сваім першапачатковым значэнні слова) у адносінах да сваёй зямлі, да сваёй краіны як сувярэннай дзяржавы (узгадайма, што пісалася гэта яшчэ да абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці Рэспублікі Беларусь! – М.К.), роўнай з іншымі савецкімі рэспублікамі, цалкам самастойнымі як у гаспадарчым, так і ў культурным плане. У той жа час беларуская ідэя з’яўляецца істотным складнікам ідэі агульначалавечага брацтва, ідэі гуманізму, якая зараз усё больш асэнсоўваецца чалавецтвам як канчатковая мэта яго існавання”.
У той час гэтыя словы пісаліся як азначэнне рэальнага, жыццёва неабходнага кірунку дзейнасці па выхаванню маладой беларускай інтэлігенцыі. Сёння ж яны павінны гучаць заклікам да ўсяго свядомага беларускага народа, ужо і юрыдычна аформленага як незалежная, прызнаная ААН і ўсім светам сувярэнная Рэспубліка Беларусь, заклікам перш за ўсё сцерагчы сваю незалежнасць і свой суверэнітэт. Так, менавіта незалежнасць і суверэнітэт, бо ад гэтага зараз залежыць усё астатняе.

І незалежнае функцыянаванне эканомікі, здабыткі якой нашы мясцовыя “інтэграсты” цалкам і ў розніцу прадаюць сучаснай Расійскай імперыі, пакідаючы Беларусі самастойнасць на ўзроўні правінцыйнай губерніі кшталту Бураціі альбо Алтаю.

І незалежнае развіццё нашай роднай беларускай культуры, якая зноў-такі з блаславення ўлад бязлітасна выцясняецца зараз з ужытку рускамоўнай “трасяначнай” трэшавай псеўдакультурай, каб толькі задаволіць Маскву.

І асабістая свабода і незалежнасць саміх грамадзян Беларусі ад усё той жа некалі, паводле трапнага выразу пісьменніка Арцёма Вясёлага, “кровью умытой” Расіі, якая даўно ўжо пагражае ператварыцца ў гіганцкую Югаславію і захлынуцца ў крыві новай братазабойчай грамадзянскай вайны. Расіі, што пад крывава-чырвонымі сцягамі з чорнымі, як нядобра знаёмая беларусам свастыка, сярпом і молатам у белым крузе, пагражае стаць сёння яшчэ куды больш жахлівай імперыяй зла, чым яна некалі так па-прароцку ахарактарызавана была Зянонам Пазняком.

Агульны крызіс нашага грамадства – даўно ўжо неаспрэчная з’ява. І, як бы парадаксальна тое ні гучала, гэта не столькі матэрыяльны, сколькі духоўны крызіс, спавадаваны неадольнай драмай ідэй і трагедыяй страчаных ідэалаў, а не выключна эканамічнымі цяжкасцямі. Увогуле, наша бяда і наша віна адначасова ў тым, што мы занадта пераацэньваем матэрыю і недаацэньваем дух, а ў апошнім – тое, што завецца звычайна нацыянальнай самасвядомасцю. Як асобны індывід не з’яўляецца, згодна з сучаснай юрыспрудэнцыяй, правамоцнай асобай, калі ў яго адсутнічае здаровая індывідуальная  самасвядомасць, гэтак жа і народ, пазбаўлены нацыянальнай самасвядомасці, не ёсць самастойны, незалежны народ, дэмас, нават калі ён і юрыдычна аформлены ў незалежнай, сувярэннай дзяржаве.

Вядомы расійскі пісьменнік Канстанцін Аксакаў пісаў некалі, што “народное воззрение есть самостоятельное воззрение народа, при котором только и возможно постижение общей, всечеловеческой истины”*. Карціна нацыянальнага і агульначалавечага, як у жывапісе, павінна складацца з паасобных яркіх і выразных нацыянальных колераў, утвараючы цэласную гармонію. Чым ярчэй тыя паасобныя колеры, тым больш прыгожая і прыемная агульная гармонія.

/* Аксаков К.С. Литературная критика. М., 1982, с. 198.

Гэты нацыянальны колер у агульначалавечай гармоніі і павінен адлюстроўваць сабою тое, што сёння прынята называць беларускай ідэяй. Нічога, што гэта мае аналогію з вядомым выразам “русская ідея”, пушчаным некалі ў агульны ўжытак вядомым расійскім філосафам Уладзімірам Салаўёвым. Наадварот, гэтым падкрэсліваецца якраз, што і у нас, у беларусаў, маецца свая ўласная беларуская ідэя. І калі гэтая ідэя знаходзіць сабе фармальна-юрыдычную рэалізацыю ў якасці дзяржаўнага суверэнітэту, тады яна, амаль зусім паводле Маркса, становіцца не толькі духоўнай, але і матэрыяльнай сілай.

У пэўнай часткі нашага грамадства неяк неўпрыкмет склалася меркаванне, што сутнасць і спецыфіка нацыянальнай культуры як носьбіта самасвядомасці народа, абапіраецца толькі на выкарыстанне нацыянальнай мовы. Гэты нявінны на першы погляд канцэпт фактычна ўзыходзіць да нядобрай памяці былога сцвярджэння, што культура – нацыянальная толькі па форме, а па зместу мусіць быць сацыялістычнай.

Нацыянальнае, як вядома, зводзілася раней да знешняга, пазбаўленага змястоўнасці і сэнсу, абмежаванага толькі моваю і падобнае да нейкага пудзіла, набітага чужымі ідэйнымі апілкамі. Варта памятаць, што мова, будучы сваеасаблівай матэрыялізацый думкі, патрабуе ў сваю чаргу адпаведнага, блізкага ёй зместу, бо нездарма ж вядомы амерыканскі мовазнаўца Эдуард Сэпір выказаў неяк думку, што сумленным можна быць толькі на роднай мове (дарэчы, пра гэта вельмі не шкодзіла б ведаць нашай рускамоўнай беларускай інтэлігенцыі!). Мова з’яўляецца пераважна целам нацыянальнай духоўнай культуры, душой жа яе, бясспрэчна, можа быць толькі беларуская ідэя.

Увогуле, беларусам трэба як мага хутчэй пазбаўляцца халопскага комплексу культурнай няпоўнавартасці, які на працягу некалькіх стагоддзяў убіваўся нам у галаву і з якім мы амаль што звыкліся. Неабходна адрадзіць беларускую ідэю і зрабіць яе сцягам нашай нацыянальнай культуры і нашага агульнага адраджэння, сцягам, пад якім толькі і зможа рэальна існаваць сапраўдная беларуская незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь.

Іншыя даклады па канферэнцыі:

Религия – идеология – программа

В поисках идеологии, способной сплотить расколотое общество

Беларусь – не проект! Нечаянный успех и неоконченная история синтетического национализма.

К вопросу формирования государственной идеологии и национального государства

Беларусь должна быть и должна быть всегда!

Беларуское «большое пространство» как лекарство от комплекса жертвы

Беларуская нацыя на скрыжаванні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы

Рэха рамантычнай ідэалогіі ў сучасных грамадска-палітычных працэсах

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *