Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Беларускасць і ментальнасць цывілізаваных краін

Piotra MurzionakПадаем Вам даклад доктара медыцынскіх навук (Канада) Пётры Мурзёнака, прэзентаваны на канферэнцыі «Трансфармацыі  ментальнасці беларусаў  у XXI ст.», якая прайшла ў Мінску 24 лістапада 2013 года, і ўвайшоў у аднаіменны зборнік.

У кантэксце тэматыкі канферэнцыі азначэнне “беларускасць”, на нашу думку, цалкам адпавядае паняццям беларускай ментальнасці ці ментальнасці народа і будзе ў роўнай ступені ўжывацца ў артыкуле.

Паколькі ментальнасць народа нельга выхаваць за адно ці два пакаленні, то можна меркаваць, што ментальнасць людзей, насяляўшых тэрыторыю сучаснай Беларусі, фармавалася ўжо тады, калі не было сфармулявана паняцце аб саміх беларусах і аб беларускім этнасе. Рэтраспектыўна можна казаць пра тое, што беларускасць мае свае генетычныя карані даўжынёй у тысячу гадоў.

Кожны народ ці этнас здольны скласці ўяўленне аб сваёй ментальнасці і ахарактарызаваць яе. Звычайна, калі запытацца, якая ментальнасць у беларусаў, у галаву прыходзяць пара слоў для яе характарыстыкі, і ў першую чаргу, памяркоўнасць, талерантнасць, пачуццё справядлівасці, падумаўшы яшчэ можна дадаць – міралюбівасць, згода. Далей узнікаюць пытанні, а што маецца на ўвазе пад гэтымі словамі: Памяркоўнасць ці абыякавасць? Талерантнасць якая – рэлігійная, расавая, і ў якой ступені? Згода з чым – са смяротным пакараннем? Ці дапаўняюць гэтыя характарыстыкі такія маральныя каштоўнасці як свабода, дэмакратыя, адсутнасць этнічных і расавых прымхаў, раўнапраўныя адносіны да жанчын? Іншымі словамі, ці адпавядае беларуская ментальнасць альбо беларускасць глабальным тэндэнцыям змены мышлення і паводзін чалавецтва ў нашы дні?

Відавочна, што ментальнасць людзей на Зямлі значна змянілася і не толькі таму, што з’явіліся новыя фактары, якія ўплываюць на яе фармаванне (праблемы экалогіі, адносіны да сексуальных меншасцяў, дзейнасць рэлігійных канфесій і іншых транснацыянальных палітычных, эканамічных, культурных і сацыяльных структур), але і таму, што ў многіх цывілізаваных краінах выраслі патрабаванні да выканання тых маральных прынцыпаў, пры рэалізацыі якіх у канчатковым выглядзе складаецца новая ментальнасць чалавецтва. Яшчэ паўсотні год таму назад у ЗША квітнела расавая сегрэгацыя, а сёння Барак Абама, афроамерыканец, прэзідэнт гэтай краіны; у дзеючы парламент Канады абраны 76 жанчын (25 %), тады як напрыканцы XIX стагоддзя яны не мелі нават права выбіраць. Амаль сто гадоў таму назад Аркадзь Смоліч (1891—1938) пісаў, што “беларус быў увесь час вельмі прыдатным да ролі грамадзяніна будучыні, калі справядлівасць запануе між народамі, але быў мала падрыхтаваны да змагання за побыт, за жыццё, якое йшло вакол яго і яго коштам, але на яго шкоду”. Хацелася б думаць, што беларускасць за апошняе стагоддзе зьмянілася ў лепшы бок таксама.

У якіх умовах развівалася беларускасць у даўнейшы і нядаўні час? Несумненна, яна істотна змянялася на працягу стагоддзяў пад уплывам розных фактараў: пад уплывам рэлігіі – праваслаў’я і каталіцызма, пратэстанцтва і уніяцтва; пад каласальным уплывам культур Польшчы і Расіі (як негатыўным, так і пазітыўным). І нарэшце, беларускасць развівалася ва ўмовах барацьбы Рыма і Візантыі ці іначай Захаду і Усходу, якая ў найбольшай меры прадвызначыла на сёння няўпэўненную, “памяркоўную” беларускасць. Бо знаходжанне на мяжы абяскровіла беларускую нацыю да такой ступені, што яе беларускасць за апошняе стагоддзе пачынала ці магла развівацца толькі ў надзвычайных умовах і абставінах:

– стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала магчымым ва ўмовах грамадзянскай вайны, у час калі Мінск быў акупаваны германскімі войскамі;

– беларусізацыя 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя  праходзіла ў час няўпэненасці савецкай улады і правядзення ёю новай эканамічнай палітыкі;

– элементы аднаўлення беларускасці былі заўважныя ў Мінску, Слоніме, Баранавічах, іншых гарадах падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гг.;

– стварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь было адным з вынікаў распаду Савецкага Саюза;

– хваля Беларускага Адраджэння 1991—1994 гг. мела вялікі поспех ва ўмовах разгубленасці ўнутраных і знешніх праціўнікаў нацыянальнага будаўніцтва.

Вызначэнне беларускай ментальнасці ў наш час мае адну істотную асаблівасць – ацэніваць гэтую ментальнасць даводзіцца ў рускамоўных беларусаў. Беларускі народ, як і многія другія народы, фармаваўся ў канцы XIX стагоддзя па моўным прызнаку. Паводле Перапісу 2009 г., 83,7 % насельніцтва краіны вызначала сябе беларусамі, і здавалася б, што такая вялікая этнічная гамагеннасць ёсць добрым грунтам як для ўдасканалення беларускасці, так і для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Аднак, нягледзячы на гэта, ідэнтыфікацыя беларусаў як нацыі мае пакуль толькі тэарэтычную перспектыву; у краіне будуецца цывільная рускамоўная дзяржава (часопіс “Сакавік”, № 1, с. 4, www.sakavik.net). У Беларусі – катастрофа з беларускай Мовай: адсутнічае сапраўднае, раўнапраўнае ўжыванне яе, што сталася вынікам амаральнай бяздзейнасці ўладаў, дзейнасці беларусафобаў, і безумоўна абыякавымі адносінамі насельніцтва Рэспублікі Беларусь да Мовы (нават у вёсках дзеці цяпер размаўляюць на «рускай трасянцы», што азначае згоду бацькоў на такую ненатуральную моўную трансфармацыю).

Паўстае парадаксальнае пытанне аб магчымасці развіцця беларускай ментальнасці/беларускасці ва ўмовах цяперашняга будаўніцтва цывільнай дзяржавы без Мовы, без важнейшага кампанента, які якраз і павінен быў бы ў значнай меры прадвызначаць ментальнасць беларускага народа. Неверагодна, але хочацца спадзявацца, што гэта будзе магчыма ў нейкай пакуль што незразумела якой форме, якую трэба яшчэ выпрацаваць, але не ў форме самападману, інакш прыйдзецца задаваць другое пытанне – менталітэт якога народа ці насельніцтва будзе выхоўвацца без роднай Мовы. У ідэале добра было б усведаміць таксама, каб мова, на якой будзе «менталіцца» і ўкараняцца гэта форма-стратэгія, мела корань «беларус».

Нас сёння цікавіць рэальны стан беларускасці бо ад правільнай яе ацэнкі залежыць выбар стратэгіі і шляхоў яе выхавання. Здавалася б, для для развіцця беларускасці ёсць дастатковыя умовы: краіна набыла самастойнасць і незалежнасць, існуе значная этнічная і гістарычная база для развіцця і станаўлення беларускасці, пасля ападання Бярлінскай сцяны адчыніліся дзверы і людзі атрымалі магчымасць ездзіць па свету, за апошнія гады краіна стала багацейшай і прыгажэйшай. Аднак, нягледзячы на адкрытасць мяжы, Беларусь застаецца закрытай для дыялогу з цывілізаванымі краінамі свету.

Развіццё беларускасці стрымліваецца састрэлымі стэрэатыпамі, якія складаюць аснову дзяржаўнай ідэалогіі – у першую чаргу гэта ідэі славянскага адзінства (праўда, чамусці не ўсе славянскія краіны-суседзі запрашаюцца да гэтага адзінства); выкарыстанне кароткатэрміновай гістарычнай памяці, звязанай пераважна з другой сусветнай вайной; працяг палітыкі інтэрнацыяналізма ў адносінах да некаторых краін (Венесуэла, Куба, Сірыя), якая праводзілася яшчэ ў савецкія часы. Пры вызначэнні напрамку развіцця дзяржавы выкарыстоўваюцца такія прыёмы і маральныя прынцыпы (будаўніцтва “ліній Сталіна”, антыамерыканская і антызаходняя прапаганда), якія ў значнай ступені аддаляюць магчымасць далучэння Беларусі да сям’і цывілізаваных народаў, дзе дзейнічаюць іншыя маральныя каштоўнасці.

Можна было б думаць, што беларускасць, выкаростоўваючы ідэалы хрысціянства і сапраўднага інтэрнацыяналізму, паступова ішла б да прыняцця агульнапрынятых маральных каштоўнасцяў. Аднак ёсць такое адчуванне, што Беларусь спынілася на стадыі савецкага інтэрнацыяналізму, які быў скіраваны толькі на «сваіх», на сяброў, якіх тады было паўсвету, а другая палова свету, адпаведна, была запоўнена ворагамі; пошукі ворагаў працягваюцца і зараз, калі пазнаёміцца, напрыклад, са зместам амаль кожнага нумара газеты «Советская Белоруссия».

Відавочна, што развіццё беларускасці стрымліваецца і знешнімі фактарамі, ў прыватнасці, выкліканымі паступовым уцягваннем краіны ў Еўразійскі Саюз, ідэялагічнай базай для якога з’яўляюцца ідэя многапалярнасці свету і еўразійская ідэалогія. Канчатковай мэтай еўразізма, паводле класічных ды й сучасных еўразістаў, з’яўляецца пакончыць «з культурнай гегемоніяй Захаду», дэманструючы перавагу Усходу. Такім чынам, на прасторах СНД, замест кааперацыі з цывілізаванымі краінамі, аднаўляецца як канфрантацыя часоў халоднай вайны, так і імперскае мысленне, пад якія падпадаюць і памяркоўныя беларусы.

У нядаўнім аглядзе мы абгрунтавалі гістарычную прыналежнасць беларусаў да ўсходнеславянскай, а не да еўразійскай цывілізацыі (часопіс “Сакавік”, № 3, с. 40). З праведзенага там аналіза вынікае, што ментальнасць людзей, якія належаць да гэтых цывілізацый, будзе таксама адрознівацца, што магчыма адыграе сваю ролю ў выбары напрамку развіцця краіны ў будучыні. На сёння доля грамадзян Беларусі, якія б бачылі сябе ў Еўразійскім ці ў Еўрапейскім Саюзах аднолькавая, каля 37 % (С. Нікалюк, Радыё “Свабода”, 4 кастрычніка 2013); маецца дастаткова навуковых доказаў, якія сьведчаць аб еўрапейскасці беларусаў і аб іх прыналежнасці да заходняй цывілізацыі (Bekus, 2011; Куплевіч, 2013).

Апроч таго, развіццё беларускасці павінна брацца за аснову пры будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы. Аднак будаўніцтва нацыі не з’яўляецца рэальнай дзяржаўнай палітыкай, хаця ў асноўных прынцыпах развіцця Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што «ў краіне ажыццяўляецца паслядоўны курс па фарміраванні ідэалогіі беларускай дзяржавы, крышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэі». Выглядае так, што нават некаторыя дэкларатыўныя заявы і дзеянні, якія сталі прыкметнымі ў апошнія гады (заявы аб умацаванні незалежнасці краіны, будаўніцтва Плошчы дзяржаўнага сцяга) робяцца вымушана ў залежнасці ад абставін і асабліва ад зменаў у адносінах з Расіяй. Сучасны ўрад Беларусі, большы час эксплуатуючы ўсходні вектар знешняй палітыкі, пакідае ў загане развіццё беларускасці і, як след, развіццё сваёй нацыі, у выніку чаго адбываецца ўсё большая асіміляцыя насельніцтва РБ у еўразійскую палітыку і культуру.

У апошні час беларуская дзяржава дэманструе элементы рэлігійнай дыскрымінацыі. Ніхто не аспрэчвае, што Беларусь – краіна пераважна праваслаўная. Аднак відавочна, што праваслаўная царква мае значныя прэферэнцыі: звярніце ўвагу на новыя вялізныя храмы, узведзеныя ў Мінску з дапамогай дзяржавы; штосьці не было чуваць, каб такую ж падтрымку мелі каталіцкія ці пратэстанцкія цэрквы. Паводле звестак Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў РБ, да той ці іншай рэлігіі адносілі сябе ў 2010 годзе 58,9 % грамадзян, з іх 82,.5 % былі праваслаўнымі (48 % ад агульнай колькасці насельніцтва), 12 % католікі (7 % ад агульнай колькасці), 4 % – іншыя рэлігіі (Государственный департамент США. Доклад о свободе религии за 2010 год, раздел 1, англ.).

Магчыма выконваючы заказ ці выкарыстоўваючы іншую методыку, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ на наступны год даў зусім іншыя лічбы, якія на 60 % перавышалі дадзеныя Камітэта па агульнай колькасці вернікаў у краіне, у асноўным за кошт праваслаўных (паводле дадзеных цэнтра ў 2011 годзе быццам 93,5 % грамадзян адносілі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх 81 % былі праваслаўнымі (76 % ад агульнай колькасці насельніцтва), 10,5% католікі (10 % ад агульнай колькасці), 2 % – іншыя рэлігіі (іудаізм 1 %, пратэстантызм і іслам па 0,5 %) (Сборник материалов социологических исследований за 2011 год. Минск, 2012, с.44).

У краіне з’явіўся клуб праваслаўных міліцыянераў (“Наша Ніва”, 8 кастрычніка 2013). Цікава, што паводле прыведзенай інфармацыі, гэтае аб’яднанне ці клуб створаны ў рамках праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам унутраных спраў і Беларускай праваслаўнай царквой, падпісанай яшчэ 10 гадоў таму назад. На многіх урачыстасццях (напрыклад, на прыняцці воінскай прысягі) можна бачыць прысутнасць святароў, выконваючых царкоўныя абрады. Але святары ці ўсіх канфесій раўнапраўна прадстаўлены на такіх цырымоніях?

А з другога боку, якім чынам улічваюцца рэлігійныя ці атэістычныя пачуцці грамадзян, якія не адносяць сябе ні да якой рэлігіі, а яны, па дадзеных Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў РБ, складаюць істотную долю (41,1 %). Відавочна, што канстытуцыйныя правы гэтых грамадзян парушаюцца (Кастытуцыя РБ:  “Артыкул 4. … Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян”).

Можна прыводзіць іншыя прыклады наўмыснага ўмяшання дзяржавы ў розныя сферы гуманітарнай дзейнасці грамадства, якія негатыўна ўплываюць на фармаванне ментальнасці беларусаў: добра вядомая гісторыя з прыцясненнямі Саюза палякаў сведчыць аб этнічнай дыскрымінацыі ў краіне; кіраўніком дзяржавы нярэдка дапускаюцца выказванні, якія трактуюцца як расісцкія (у адрас жыдоўскага насельніцтва; у адрас Прэзідэнта ЗША Барака Абамы).

У выніку, нягледзячы на шмат якія пазітыўныя змены, што адбыліся за гады незалежнасці ў беларускім грамадстве, яго маральнасць магла бы быць, у адпаведнасці з законамі эвалюцыі, значна лепшай, калі мець на ўвазе адносіны людзей адзін да аднаго, адносіны да падзей, што адбываюцца ў суседніх краінах і ў цэлым свеце, пачуццё справядлівасці і свабоды, рэлігійную талерантнасць, і г.д.

Але ж многія грамадзяне Беларусі, якія маюць заробкі, блізкія да сярэдніх па краіне, жыццём задаволены і не дбаюць ні пра мову, ні пра незалежнасць, ні пра беларускую ідэнтычнасць, не цікавяцца ўнутранай і знешняй палітыкай краіны. У нядаўнім апытанні, якое праводзіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, 91,5 % апытаных беларусаў выказалі абыякавасць да палітыкі, іх адказы размеркаваліся наступным чынам: маё жыццё залежыць ад палітыкі, але я ў ёй не ўдзельнічаю, таму што гэта дарэмна (23,7 %) ці небяспечна (11,1 %); маё жыццё слаба залежыць ад палітыкі (22,5 %); я не цікаўлюся палітыкай (34,2 %) (“Народная Воля”, 3 верасьня 2013).

Людзі, з якімі даводзілася размаўляць, у большасці пазбягаюць ці баяцца размоваў на гэтыя тэмы, бо на самай справе не хочуць ніякіх змен у сваім штодзённым жыцці. Магчымай прычынай такога становішча з’яўляецца і тое, што людзі ў краіне пакутуюць за свае палітычныя погляды. Можна канстатаваць, што пераважная большасць беларускага насельніцтва, бадай, за выключэннем моладзі, не цікавіцца будучыняй сваёй краіны і сваіх дзяцей.

Гэта “палітычная” абыякавасць адлюстроўваецца на культурных кампанентах ментальнасці. Паводле апытання праведзенага Лабараторыяй “Новак” і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў у 2010 годзе (Belarus Digest, 8.02.2013), беларусы не такія ўжо і талерантныя, як гэта звычайна ўяўляецца. Хоць у Беларусі і няма такой адкрытай ксенафобіі, якая назіраецца ў Расіі, у прыватнасці, у Маскве, але 46 % беларусаў лічыць, што трэба абмежаваць прыток замежных працаўнікоў у краіну. Толькі 20 % беларусаў пагадзіліся б ажаніць сваіх дзяцей з прадстаўнікамі іншай расы. Гэтыя лічбы – вынік толькі тэарэтычных меркаванняў беларусаў, бо яны зараз пражываюць у амаль абсалютным асяроддзі белага насельніцтва (беларусы – 83,7 %, расіяне – 8,3 %, палякі – 3,1 %, украінцы – 1,7 %; разам 96,8 %). Складана ўявіць, што вынікі апытання былі б лепшымі, калі дапусціць, што прадстаўнікі іншых рас складалі хаця б 15 % ад агульнай колькасці насельніцтва РБ і жылі побач.

Амаль тыя ж вынікі беларусы дэманструюць у сваёй нецярпімасці да нетрадыцыйных рэлігій, да тых жа гомасексуалаў. Хаця ў Беларусі няма бачных супярэчлівых адносін паміж асноўнымі канфесіямі, праваслаўнай і каталіцкай, аднак у той жа час 57 % беларусаў выступаюць за абмежаванне распаўсюду такіх рэлігій, як крышнаізм або будызм. У прынцыпе, непрыймальнасць беларусамі «незнаёмых» рэлігійных напрамкаў (не беручы пад увагу экстрэмальныя) не адпавядае Дэкларацыі правоў чалавека. Больш за 60 % беларусаў падтрымліваюць крымінальны пераслед гомасексуалаў і толькі 6 % згодны на тое, каб геі мелі тыя ж самыя правы, што і астатнія грамадзяне краіны.

І нарэшце сумна вядомыя вынікі рэферэндума 1996 г. пра адмену смяротнай кары – 80,44 % беларускага насельніцтва сказалі тады “не” яе адмене. Нерэпрэзэнтатыўнае апытанне на Радыё “Свабода” (кастрычнік 2013), якое мае больш падрыхтаваную групу слухачоў (маладую, адукаваную), суцяшае толькі крыху – непераканаўчыя 56 % за адмену смяротнага пакарання. Улічваючы прыведзеныя факты і тое, што ментальнасць нацыі складаецца з ментальнасці індывідумаў, можна адзначыць, што ментальнасць беларускага народа і кіраўніцтва дзяржавы ў значнай ступені супадаюць па многіх кампанентах.

ххх

А што ж мы маем у пазітыве пры вызначэнні беларускасці? Цярплівасць?! Так, гэта відаць адна з характэрных якасцяў. Напрыклад, у 2011 годзе беларусы цярпліва перанеслі дэвальвацыю ў амаль 300 %. Бадай, толькі аднойчы, у красавіку 1991 г., можна было назіраць масавыя дэманстрацыі і мітынгі рабочых, якія былі рэакцыяй на падвышэнне цэнаў на прадуктовыя і прамысловыя тавары. Каля 100 тысяч прастаўнікоў рабочага класа выйшлі тады на вуліцы Мінска з пратэстам супраць роста цэн і з патрабаваннем змены ўрада. Але ў апошнім выпадку цярпенне людзей лопнула з прычыны пагрозы іх фізічнаму выжыванню, што ніяк да характарыстыкі беларускай ментальнасці не належыць.

Часам думаецца, што не свабода, а менавіта элементарнае выжыванне з’яўляецца галоўным пытаннем для беларусаў. Пакідаючы па-за ўвагай біялагічны інстынкт фізічнага выжывання, можна казаць, што феномен беларускай ментальнасці выжывання выпеставаны і адшліфаваны на працягу стагоддзяў. Каб выжыць, трэба быць яшчэ працавітым, спакойным, пазбягаць экстрымаў і канфліктаў, быць спагадлівым, разважлівым – у цэлым, быць памяркоўным. Памяркоўнасць, магчыма, ад прыроды, але і дадаткова адаптаваўшаяся падчас бальшавіцкіх і польскіх пераследаў, падчас войн (дзве вайны з немцамі, безліч войн з Масковіяй, адна толькі вайна 1654—1657 гг. забрала амаль палову беларускага насельніцтва), відаць, прадвызначае спосаб жыцця беларусаў, іх прыстасаванне да тых умоў існавання, дзе памкненні да свабоды заўжды караліся ці караюцца.

Будучы памяркоўным, вольным не станеш. Таму беларускую ментальнасць выжывання ў гэтым кантэксце цяжка апраўдаць, але магчыма зразумець. Можна меркаваць, што дзякуючы менавіта ёй яшчэ зберагаецца мінімальны ўзровень беларускасці, аб чым сведчаць некалькі спроб беларускага адраджэння ў мінулым стагоддзі, і магчыма, што яе яшчэ ўдасца аднавіць і памножыць у гэтым стагоддзі. Выхаванне і развіццё беларускасці, сцвярджэнне годнасці і самабытнасці беларусаў спрычыняцца ў будучыні і да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, што патрабуе працяглага часу, кансалідацыі сіл нацыянальнай эліты і ўдзелу самой дзяржавы.

Па сваёй адукаванасці і нават па ўзроўні жыцця Краіна Беларусь магла б адпавядаць еўрапейскім стандартам, чаго нельга яшчэ сказаць пра ўзровень ментальнасці. Беларусы недастаткова талерантныя ў адносінах да прадстаўнікоў іншых этнасаў, рас, рэлігій, сексуальных меньшасцяў, не падрымліваюць у большасці сваёй адмену смяротнага пакарання. Усе гэтыя бакі беларускай ментальнасці альбо беларускасці патрабуюць далейшага выхавання, без чаго складана спадзявацца на разуменне народаў цывілізаваных краін у эпоху глабалізацыі.

Улічваючы, што па многіх аспектах дзяржава не праводзіць адпаведную гэтым каштоўнасцям палітыку, не выпадае разлічваць на хуткае выпраўленне сітуацыі. Тыя нязначныя парасткі беларускасці, якія яшчэ зберагаюць і распаўсюджваюць прадстаўнікі нацыянальнай эліты, падаўляюцца страхамі аб страце незалежнасці і суверэнітэту краіны, катастрафічным станам Мовы, уціскам расійскай культуры. Рэсурсы, якія ёсць у прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, невялікія, як па колькасці людзей, якія займаюцца гэтымі праблемамі, так і па сродках давядзення да насельніцтва прапанаваных ідэй па выхаванні беларускасці. Падтрымка з боку інстытутаў цывілізаваных краін неабходная, але не вырашальная.

Відавочна, што дадзеная канферэнцыя з’яўляецца яшчэ адным цікавым падыходам да абмеркавання існуючых праблем і генерацыі новых ідэй у галіне беларускасці. Хочацца верыць, што апроч традыцыйных публікацый больш кансалідавана для асветніцкай працы сярод беларускага насельніцтва будзе выкарыстоўвацца Інтэрнэт. Паводле інфармацыі Міжнароднага тэлекамунікацыйнага саюза ў Беларусі, Інтэрнэтам карыстаецца 47 % насельніцтва – гэта нямала (хоць з гэтым паказнікам краіна займае 79-е месца ў свеце са 192 краінаў). На сёння гэта амаль адзіны рэальны інструмент для шырокага данясення інфармацыі да беларусаў.

Аднак у беларускай Інтэрнэт-прасторы няма салідарнасці – вы з цяжкасцю можаце падаць неабходную інфармацыю на такія папулярныя сайты, як Радыё «Свабода» і «Хартыя 97», што нельга растлумачыць толькі карпаратыўнымі інтарэсамі гэтых арганізацый, недастаковы і абмен інфармацыяй паміж сайтамі. Прыярытэтныя напрамкі для ўдасканалення ментальнасці беларусаў – гэта веданне Мовы і Гісторыі.

Але гэта не значыць, што астатнія праблемы менш важныя, і што іх трэба адкласці на пазнейшы перыяд. Мэтазгоднай была б распрацоўка дакладнай стратэгіі развіцця Беларускасці, як гэта зроблена ў адносінах да Мовы («Стратэгія развіцця беларускай мовы ў XXI стагоддзі», http://www.tbm-mova.by/mova.html).

One thought on “Беларускасць і ментальнасць цывілізаваных краін

  1. вадим

    1.прежде всего нужна десоветизация Беларуси. 2. Автор негодует, что у нас дискриминация всяких там меньшинств (религиозных , педерастов) но демократия – это власть большинства, да, на мой взгляд уголовное преследование педерастов это даже вредно для них, т.к. это их озлобляет еще больше, эти люди духовно больны и несчастны, в Христианстве (как и в исламе, иудаизме) гомосексуальная практика считается греховной, а почему конкретно так, приглашаю на сайт к-истине.ру., там очень много информации на эту тему. Я думаю у Беларуси есть третий путь развития, золотая середина, т.е.вобрать в себя все самое лучшее, что есть на Западе и Востоке. И это не оголтелая либерализация, не легализация всего и вся…равно как и не гремучая российская смесь имперского шовинизма, совкового сталинизма, сектанства и псевдо-православия в которой так и проглядываются первобытно- родовые тоталитарные отровенно языческие элементы: явный пример того: РНЕ, Славянский Союз (СС), тем самым дискредитируя Православное Христианство в общем.