Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Беларуска-украінская антыбальшавіцкая апэрацыя на Палесьсі

Bulba 1Пачатак нямецка-савецкай вайны стаў сыгналам для ан­ты­са­вец­кіх выступаў на Палесьсі. Больш арганізавана гэта адбылося ў яго ўкраінскай частцы, дзе яшчэ з даваенных часоў існавала ба­я­вая арганізацыя “Украінскае Нацыянальнае Адраджэньне”, якая з пачаткам вайны стала звацца “Палескай Сеччу” (пазьней — Палеская Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі альбо проста ЎПА), а яе кіраўнік Баравец (“Байда”) стаў атаманам Тарасам Бу­ль­бай. На заходнебеларускім Палесьсі падобнай арганізацыі не было, але групы і суполкі былых паўстанцаў, антысаветчыкаў з розных раёнаў падтрымлівалі кантакты паміж сабой. На не­ле­га­ль­ным становішчы заставалася некалькі беларускіх аддзелаў, якія ў верасьні 1939 году ўдзельнічалі ў антыпольскім паў­с­та­нь­ні. З выбухам вайны ўсе яны выступілі са зброяй у руках і ўста­наў­лі­ва­лі сваю ўладу ў вёсках і мястэчках.

Адбывалася гэта пры ак­тыў­най падтрымцы насельніцтва, якое было расчараванае савец­кай уладай, найперш яе эканамічнымі мерапрыемствамі і рэп­рэ­сі­я­мі. Такім чынам на значнай частцы беларускага Па­ле­сь­ся ўжо ў канцы чэрвеня 1941 году ўтварыліся атрады самааховы, у задачу якіх уваходзіла абарона жыцьця і маёмасьці на­се­ль­ніц­т­ва на падкантрольнай тэрыторыі, зрыў мабілізацыі ў Чырвоную Ар­мію, вызваленьне вязьняў турмаў і канцлягераў НКВД.

Ужо на эміграцыі Бульба-Баравец успамінаў: “Хаця мы афі­цый­на і абвесьцілі Ўкраінскую Паўстанчую Армію, але на прак­ты­цы ні­я­ка­га паўстаньня на пачатку нямецка-савецкай вайны суп­раць ка­го-небудзь не ўздымалі. Не было супраць каго весьці паў­с­та­нь­не. Ка­му­ніс­тыч­ная дзяржаўная ўлада, як і армія, ма­лан­ка­ва і ў паніцы па­кі­да­ла нашу тэрыторыю, а супраць немцаў у чэр­ве­ні 1941 году ня быў яшчэ час паўставаць. Наша стратэгія дык­та­ва­ла нам зусім ін­шы ход падзеяў. Мы абмежаваліся малой пар­ты­зан­с­кай акцыяй”[1].

Аддзелы Бараўца-Бульбы не ўступалі ў баі зь вялікімі час­т­ка­мі Чырвонай арміі, а рабілі засады на энкавэдзістаў. Яны выз­ва­ля­лі вязьняў з бальшавіцкіх турмаў ды падчас іх канваіраваньня на ўсход, вызвалялі мабілізаваных у бальшавіцкае войска, за­хоп­лі­ва­лі зброю, боепрыпасы і амуніцыю (усё гэта хавалася ў схро­нах). Менш вядома пра такія акцыі на заходнебеларускім Па­ле­сь­сі, але што яны былі сьведчаць нават савецкія крыніцы.

Старшы інструктар выканкаму Берасьцейскага аблсавету А. Ба­роў­с­кі 25 чэрвеня 1941 г. у дакладной запісцы на імя Сталіна (ко­пія — П. Панамарэнку) пісаў: “Характерен факт не­ор­ган­и­зо­ван­но­го движения воинской группы работников НКГБ и НКВД из г. Пинска на г. Лунинец. При движении колонны в 80-100 ав­то­машин на подъезде к г. Лунинцу последняя была обстреляна мес­т­ной бандой. Судя по выстрелам, в банде насчитывалось не бо­лее 10 человек. Вместо уничтожения банды, бойцы и ко­ман­д­и­ры бежали в лес…”[2].

У адпаведнасьці з плянамі камандаваньня Вэрмахту, ня­мец­кія войскі абыходзілі Палесьсе з поўначы й поўдня, і рушылі на ўсход, да Смаленску й Кіева. У трохкутніку Пінск-Мазыр-Ко­ра­сь­цень апынуліся цэлыя разьбітыя савецкія вайсковыя злучэ­нь­ні, ад­дзе­лы НКВД, арганізаваныя імі дывэрсійна-партызанскія ат­ра­ды. Пасьля першапачатковай панікі, яны з часам пачалі ар­га­ні­зоў­вац­ца, плянуючы ўтварыць на гэтым абшары вялікую пар­ты­зан­с­кую базу. Немцаў гэтая сытуацыя не турбавала, бо яны бы­лі ўпэў­не­ныя ў посьпеху свайго “бліц-крыгу”.

Бульба-Ба­ра­вец

Бульба-Ба­ра­вец

З прыходам на Валынь нямецкіх вайсковых уладаў, Бульба-Ба­ра­вец пачынае афіцыйна называць УПА “міліцыяй”. У Сарнах ён ста­но­віц­ца “акружным камэндантам міліцыі”. Гэта дало маг­чы­масьць дзейнічаць легальна, не ўступаючы ў канфлікт з нямец­кімі аку­пан­та­мі. У Сарнах была ўтворана падафіцэрская шко­ла “мі­лі­цыі”, якая, на самой справе, рыхтавала камандзірскія вайс­ковыя кад­ры. У адрозьненьне ад іншых рэгіёнаў, дзе немцы вель­мі аб­ме­жа­ва­лі колькасьць міліцыі (1 міліцыянт на 100 чала­век на­се­ль­ніц­т­ва), на Сарненшчыне аддзелы Бульбы-Бараўца ўяўля­лі сабой вя­лі­кую сілу. Яго аддзелы былі параскіданы па вёс­ках і мяс­тэч­ках, уз­б­ро­е­ныя кулямётамі, мінамётамі й прыха­ва­ны­мі ад немцаў гар­ма­та­мі. Усяго пад камандаваньнем атамана Бульбы-Бараўца зна­ходзі­ла­ся каля 10 тысяч байцоў, якія афіцый­на падна­чаль­ва­лі­ся ак­руж­но­му камандаваньню міліцыі ў Сарнах, а неафіцыйна — Га­лоў­на­му Камандаваньню Палескай Сечы ЎПА.

Буль­ба-Ба­ра­вец пісаў пра сытуацыю лета 1941-га: “Немцы на­ма­га­юц­ца выкарыстаць нашы сілы для сваіх мэтаў, а мы нама­га­ем­ся вы­ка­рыс­таць сваё прывілегіяванае становішча для нашай род­­най спра­вы, гэта значыць — вышкаленьню кадраў, здабыць­цю зброі і ачыш­чэ­нь­ню цэлага Палесься ад расейска-камуніс­тыч­най ды­вэрсіі, каб зьберагчы ўсю Палескую катлавіну, як базу для сябе”[3].

Па сьведчаньні атамана Тараса Бульбы, выведка паведамляла, што акружаныя на Палесьсі бальшавіцкія сілы маглі пайсьці ў нас­туп, займаючы новыя тэрыторыі Ўкраіны й Беларусі. Таму ўкра­ін­цы пачалі рыхтаваць контрудар. Міліцэйскія аддзелы з ра­ё­наў, дзе была моцная нямецкая ўлада, адцягваліся ў раёны, дзе нем­цаў не было, і якія кантраляваліся Палескай Сечай УПА. Пры­чы­най гэтага было тое, што немцы, адчуваючы сябе ўпэў­не­на і ня маючы ў тых раёнах савецкай партызанкі, пачыналі рас­пус­каць міліцэйскія фармацыі. У гэтай справе ат. Бульба-Ба­ра­вец кантактаваў зь нямецкім вайсковым камандаваньнем у Сар­нах і Роўна, зь якім знаходзіў паразуменьне. Аднак прызнаць Па­лес­кую Сеч, як вайсковую арганізацыю, нямецкае вайсковае ка­ман­да­ва­нь­не адмовілася, бо ня мела на гэта паўнамоцтваў. Было то­ль­кі прызнана асаблівае становішча міліцыі на Палесьсі.

Праўдападобна, напрыканцы ліпеня 1941-га атаман Бульба-Ба­ра­вец высылае на Беларусь дэлегацыю пад кіраўніцтвам ха­рун­жа­га Пятра Даўмацюка-Налівайкі, “каб з гэтым нашым брат­нім суседам навязаць якнайцясьнейшы кантакт цяпер і на бу­ду­чае”. Па ягоных словах, “становішча ў Беларусі ў той час было ве­ль­мі падобнае да нашага”. Паўднёва-усходняя Беларусь зна­ходзі­ла­ся пад кантролем бальшавіцкіх фармацыяў. Беларускую мі­лі­цыю немцы таксама абмежавалі. Таму беларусы, як і ўкра­ін­цы, “рэшту сваіх міліцэйска-вайсковых сілаў адцягвалі далей ад нем­цаў у свае палескія раёны”[4].

Алесь Пушкін. Партрэт Усевалада Родзькі.

Алесь Пушкін. Партрэт Усевалада Родзькі.

Першая беларуска-украінская канфэрэнцыя адбылася ў Пін­с­ку. З дэлегацыяй атамана Даўмацюка-Налівайкі сустракаліся Ва­сіль Вір, атаман Новік-Харэўскі, Усевалад Родзька і Міхал Ві­туш­ка. В. Вір пасьля ўспамінаў: “Мы тады пачалі дзеяць ах­ві­цы­я­ль­на, як Бе­ла­рус­кая Самаахова, якая фактычна ў першыя тыд­ні пера­ня­ла ўла­ду па вёсках Палесься, бо немцаў наагул ні­дзе не бы­ло. Па аб­лі­ках нашае Самааховы, якая стыхійна паў­ста­ла па ўсім Палесьсі, [яна] налічвала ня менш 5 тысяч [чалавек]. Мы да­мо­ві­лі­ся з Бу­ль­баў­ца­мі, якія налічвалі на 10 тысяч, аб су­мес­ных дзеяньнях у пе­ра­ход­ных раёнах Ратна, Столін, Дуб­ро­ві­ца, Ма­ла­ры­та, Камень-Ка­шыр­с­кі супраць пазасталых цэлых ка­му­ніс­тыч­ных зьвязаў”[5].

Бульба-Баравец пасьля напіша, што “беларусы віталі нашу дэ­ле­га­цыю з асаблівай гасьціннасьцю, уласьціваю хіба толькі гэ­та­му рацарскаму народу. Яны цалкам ухвалілі супольны плян як най­хут­чэй­ша­га ачышчэньня ўсіх нашых палескіх земляў ад расейс­ка-бальшавіцкага тэрору. Дэлегацыі дамовіліся, што штаб бе­ла­ру­саў падрыхтуе таксама свой плян, а тады абодва пляны бу­дуць узгоднены і па аднаму сыгналу распачнецца генэральны нас­туп. Адносіны беларусаў да немцаў былі такімі самымі, як і ў нас. Беларусы таксама змагаліся за сваю суверэнную дзяржаву суп­раць СССР і былі гатовыя на чынную барацьбу супраць Ня­меч­чы­ны, у выпадку, калі нямецкая палітыка ня будзе шанаваць дзяр­жаў­ных інтарэсаў беларускага народу”[6].

атрад “Беларускай Самаабароны”

атрад “Беларускай Самаабароны”

У сваіх успамінах пра Родзьку Вір ужывае і назву “Бе­ла­рус­кая Самаабарона”, а не Самаахова. Магчыма, у той час ужы­ва­лі­ся абедзьве назвы. У іншых крыніцах, у тым ліку ўкраінскіх, пе­ра­ва­жае назва беларускіх аддзелаў “Беларуская Самаабарона”. Буль­ба-Баравец называе камандзірамі аддзелаў Беларускае Са­ма­а­ба­ро­ны “капітана Ўсевалада Родзьку ды ягонага заступніка па­руч­ні­ка Міхайлу Вітушку”. Зусім магчыма, што грамадоўцы Вір і ат. Харэўскі згадзіліся, каб беларускі плян апэрацыі рых­та­ва­лі якраз нацыяналісты ды яшчэ і вайскоўцы Родзька і Вітушка, ім магло быць даручана і агульнае кіраўніцтва аддзеламі Бе­ла­рус­кае Самаабароны.

Дарэчы, Беларуская Самаабарона (самаахова) пасьпела ства­рыць сваю вайсковую форму. Па словах Васіля Віра, “гэта былі ўшы­тыя з са­вец­кіх, пясковага колеру шынялёў, фрэнчы і шапкі-кэ­пі (на ўзор аў­с­т­ры­яц­кіх) з Ярылавым крыжом. Мелі савецкія шола­мы з гэткім-жа крыжом, намаляваным жоўтым або белым ко­ле­рам”[7].

Абавязкі начальніка штабу Палескай Сечы выконваў сотнік Іван Комар-Рагаты. Штаб знаходзіўся ў лесе каля вёскі Віры Кле­сіў­с­ка­га раёна. Як беларусы, так і ўкраінцы адчувалі брак афі­цэ­раў, асабліва штабных. У пачатку жніўня 1941 г. штаб Па­лес­кай Сечы ачоліў палкоўнік арміі ЎНР Пятро Дзячэнка, які пе­ра­нёс яго ў Клесіў. Бульба-Баравец успамінаў: “Да Сарнаў ужо пры­е­ха­ла шмат немцаў. Нам у гэтых ваколіцах з кожным днём ра­бі­ла­ся цясьней. Мы пастанавілі адбіць ад бальшавікоў места Алеўск, зь яго багатымі вайсковымі кашарамі, каб туды пе­ра­не­сь­ці свой штаб. Гэта вынікала таксама з нашага дагавору з бе­ла­ру­са­мі. Усе раёны на ўсход па лініі Слуцак-Лунінец, у нап­рам­ку Ма­зы­ра, павінны былі ачышчаць беларусы. Нашым задань­нем бы­ло выціснуць расейцаў з раёнаў Столін-Сарны-Алеўск-Звя­ль­ге-Оўруч і аб’яднацца з беларусамі ў Мазыры”[8].

Дзесьці пасьля 5 жніўня, падчас сваёй інспэкцыйнай паездкі, ата­ман Тарас Бульба-Баравец у Пінску ўжо асабіста сустрэўся зь бе­ла­рус­кай дэлегацыяй. Прозьвішчы беларусаў ён не запомніў, але мож­на меркаваць, што гэта маглі быць тыя ж Вір, атаман Ха­рэў­с­кі, Родзь­ка і Вітушка. На нарадзе быў канчаткова ўзгод­не­ны су­по­ль­ны плян апэрацыі. Беларусы паведамілі ат. Тарасу Буль­бе, што так­са­ма, як і ўкраінцы, выслалі некалькі баёвых груп на вы­вед­ку на тэ­ры­то­рыю, занятую бальшавікамі. Беларус­кая выведка ў сваіх ра­пар­тах па­ве­дам­ля­ла, што сярод бальша­ві­коў пануе вя­лі­кі хаос, зь якім зма­га­юц­ца партыйцы і чэкісты. “Усе ін­фар­ма­цыі беларусаў дак­лад­на су­па­да­юць з данясеньнямі нашай вы­вед­кі. – пісаў атаман Бу­ль­ба-Ба­ра­вец. – Мы ўста­на­ві­лі новыя па­ро­лі для далейшага кан­так­ту і да­мо­ві­лі­ся, што акцыя будзе рас­па­ча­та па нашым сыг­на­ле”[9].

Апрача вайсковых пытаньняў падчас нарады разглядалася і праб­ле­ма беларуска-ўкраінскага разьмежаваньня на Палесьсі. Абод­ва бакі сышліся на думцы, што вызначэньне мяжы — гэта спра­ва будучых урадаў Беларусі і Ўкраіны. Таксама была да­сяг­ну­тая дамова аб “вольнай культурнай і вайсковай працы ў сваіх на­цы­я­на­ль­ных групах на Палесьсі, адмове ад прымусу на­се­ль­ніц­т­ва пры сваім нацыянальным самавызначэньні”[10].

Па некаторых зьвестках, у Пінску стала знаходзіўся прадстаў­нік Палескай Сечы, а ў Клесіве (пазьней — у Алеўску) — прад­стаў­нік Беларускай самааховы. Вядома, што туды зь нейкай мі­сіяй езьдзіў Іван Гелда.

Тым часам, палкоўнік Дзячэнка вымушаны быў выехаць у По­ль­ш­чу. Плян апэрацыі давялося рыхтаваць атаману Бульбе-Ба­раў­цу, сотніку Васілю Раеўскаму, паручніку Дарашэнку й ін­шым. У адпаведнасьці з плянам, было прадбачана зьнішчаць бун­ке­ры “лініі Сталіна” звычайным дынамітам з каменаломняў, бо артылерыі амаль не было. Гарады і вёскі, лясы павінны былі най­перш захопліваць рухомыя аддзелы — “лятучыя брыгады”. Ужо за імі, пры спрыяльных умовах, ішлі ў наступ асноўныя сі­лы. Усе напады на апорныя пункты мусілі адбывацца ўначы, каб во­раг не арыентаваўся ў сілах нападаўшых. Было вырашана вы­ка­рыс­тоў­ваць імклівае манэўраваньне, перакідваючы аддзелы з ад­на­го месца ў другое, каб у бальшавікоў складвалася ўража­нь­не, што на іх пазыцыі наступаюць вялікія сілы.

Тым часам, пакуль рыхтавалася апэрацыя, некаторыя ба­яз­до­ль­ныя бальшавіцкія аддзелы пачалі рабіць напады на вёскі і мяс­тэч­кі, што знаходзіліся пад кантролем украінскай і беларус­кай мі­лі­цыі (паліцыі). Яны ўжо не ўцякалі панічна, а рыхтавалі кон­т­р­нас­туп ды распачалі прапаганду супраць беларускіх і ўкра­ін­с­кіх “здраднікаў радзімы”.

Напярэдадні пачатку апэрацыі адбываюцца апошнія кан­су­ль­та­цыі паміж штабамі БСА і ПС-УПА. Прызначаецца дзень па­чат­ку апэрацыі на ўсім Палесьсі — 20 жніўня 1941 года. Атаман Бу­ль­ба-Баравец звольніўся з пасады камэнданта акружной мі­лі­цыі ў Сарнах, перадаў свае абавязкі сотніку Дзіткевічу. З Сарнаў у Клесаў былі выведзены ўсе вайсковыя рэзервы акрамя міліцыі, а таксама падафіцэрская школа.

Да пачатку баявых дзеяньняў беларускі нацыянальны актыў здо­леў сабраць досыць вялікія сілы. Атрады, што дзейнічалі пад кі­раў­ніц­т­вам Ус. Родзькі і М. Вітушкі, налічвалі каля 5000 — 5500 жаў­не­раў (па некаторых ацэнках, 7000 чалавек). Па нека­то­рых зьвес­т­ках, Родзька дамогся ад немцаў дазволу на набор даб­ра­ах­вот­ні­каў-бе­ла­ру­саў у лягерах савецкіх ваеннаплонных. У Бе­ла­рус­кай са­ма­а­хо­ве было нямала беларусаў, якія служылі ў по­ль­с­кім войску, бы­лых вязьняў савецкіх турмаў. Галоўны штаб бе­ла­рус­кіх на­цы­я­на­ль­ных аддзелаў па-ранейшаму знаходзіўся ў Пін­с­ку. Пінск не­вы­пад­ко­ва быў абраны цэнтрам беларускіх вай­с­коў­цаў. Частка бе­ла­рус­ка­га актыву разглядала беларуска-ўкра­ін­с­кую апэрацыю, як працяг спра­вы верасьня 1939 году. Нават бы­лі прапановы аб абвяшчэньні вяр­та­нь­ня ўлады Беларус­кай На­род­най Рэспублікі[11].

Пачынаючы з 20 жніўня 1941 г. 10 тысяч “бульбаўцаў” і 5 ты­сяч жаўнераў БСА, разьбітыя на “лятучыя” брыгады, рап­тоў­ны­мі начнымі налётамі захопліваюць горад за горадам, вёску за вёс­кай. Немцы ў гэтай апэрацыі не ўдзельнічалі, а толькі на­зі­ра­лі за ходам падзей[12]. Вядома, што беларускія камандзіры падчас апэ­ра­цыі не складалі рапартоў нямецкаму вайсковаму ка­ман­да­ва­нь­ню, адбываліся толькі кантакты з бліжэйшымі нямецкімі час­т­ка­мі і абмен інфармацыяй.

Адмыслова быў сфармаваны адзін украінскі батальён пад ка­ман­да­ва­нь­нем сотніка Раеўскага “для баёвай акцыі ў супрацы з бе­ла­ру­са­мі на паўночны-ўсход ад Сарнаў”. Вядома, што і Ра­еў­с­кі, і харужы Даўмацюк мелі тайны загад ат. Бульбы хаваць (найперш, ад немцаў) у мураваных сховішчах здабытую й лішнюю зброю. Відаць, тое самае рабілі і беларусы.

Галоўныя бальшавіцкія сілы знаходзіліся ў раёне Турава-Ма­зы­ра й Алеўска-Зьвяльге (Ноўгарад-Валынск). Акрамя вялікіх злу­чэ­нь­няў у трохкутніку Бабруйск-Гомель-Корасьцень у лясах і на­се­ле­ных пунктах знаходзілася шмат меншых груп і аддзелаў. Са­вец­кі камандны пункт знаходзіўся ў Мазыры. Ён намагаўся пад­на­ча­ліць сабе ўсе савецкія вайсковыя аддзелы й групы на гэ­тай тэрыторыі, каб каардынаваць іх дзейнасьць.

“Гэта быў сапраўдны наступ невялікіх сіл і невялікага маш­та­бу, але вельмі вялікага і ўсебаковага значэньня, — пісаў ат. Бу­ль­ба-Баравец. — Гэта проба сілаў і мажлівасьцей двух дружных на­цый у іх барацьбе за сваю нацыянальную годнасьць і сва­бо­ду”[13].

21 жніўня 1941 году, пасьля доўгіх баёў і трохразовага пе­ра­хо­ду з рук у рукі, украінскія паўстанцы займаюць Алеўск. Сюды ад­ра­зу ж пераяжджае Галоўны Штаб “Палескай Сечы”, ідзе запіс доб­ра­ах­вот­ні­каў.

10 тысячам украінцаў і 5 тысячам беларусаў супрацьстаяла ка­ля 15 тысяч савецкіх жаўнераў і афіцэраў. Сілы былі прыб­ліз­на роў­ныя. Але бальшавікі мелі перавагу ў тым, што знахо­дзі­лі­ся ў аба­ро­не, а не ў наступы. У іх былі падрыхтаваныя пазыцыі, за­па­сы зброі і боепрыпасаў, прафэсійныя вайсковыя кадры. У бе­ла­ру­саў і ўкраінцаў ротамі і батальёнамі камандавалі маладыя па­да­фі­цэ­ры і малодшыя афіцэры… Былі і выключэньні. Па нека­то­рых зьвес­т­ках, у апэрацыі ў шэрагах Беларускай самааховы бралі ўдзел дасьведчаныя і заслужаныя беларускія афіцэры Ан­тон Со­кал-Кутылоўскі (камандзір брыгады Слуцкіх паўстанцаў у 1920 г.) і Іван Гелда (афіцэр арміі генэрала Ст. Булак-Балаховіча)[14].

“Мы пераважалі бальшавікоў тым, што мы ваявалі на сваёй зям­лі… Баёвы дух нашых наступаючых войскаў быў куды мац­ней­шым, чым у салдацкай масы, сфармаванай з рэштак разьбітай ар­міі, якая цяпер адступала ў невядомае пад напорам “вялікай пятлю­раў­с­кай арміі атамана Бульбы”, як абвяшчала наша пра­па­ган­да… Ініцыяты­ва манэўру была ў нашых руках”, – пісаў ата­ман Тарас Бульба[15].

Некаторыя савецкія аддзелы разьбягаліся падчас наступу бе­ла­рус­ка-ўкраінскіх сілаў. Многія чырвонаармейцы-беларусы і ўкра­ін­цы пераходзілі на бок сваіх землякоў. Акрамя дэзэртыраў, у беларуска-ўкраінскія аддзелы ўступаюць добраахвотнікі зь мяс­цо­ва­га насельніцтва. Зь іх фармуюцца новыя атрады, ва ўсіх выз­ва­ле­ных раёнах утвараюцца аддзелы міліцыі (паліцыі).

“На беларускай тэрыторыі была такая самая сытуацыя… Ба­са­но­гая гвардыя ўкраінскіх дрэўлянаў і беларускіх крывічоў з бяз­п­рык­лад­наю ў цэлым сьвеце храбрасьцю і заўзятасьцю ўпісвае за­ла­тыя бачыны ў гісторыю вызвольнай вайны свабодалюбівых на­ро­даў… Асноўная зброя гэтага дзіўнага войска — гэта не­пе­ра­мож­ная воля да нацыянальнай свабоды і дзяржаўнага су­ве­рэ­ні­тэ­ту… Украінска-беларускія паляшукі становяцца поўнымі гас­па­да­ра­мі сваёй роднай зямлі”, — успамінаў ат. Тарас Бульба[16].

Падчас апэрацыі актыўна выкарыстоўваліся выбуховыя рэ­чы­вы з Клесіўскіх гранітных каменаломняў, а таксама былыя са­вец­кія скла­ды зброі, захопленыя беларусамі і ўкраінцамі. Га­лоў­ным тран­с­пар­там былі коні і валы (у нязначнай колькасьці былі так­са­ма і аў­та­ма­шы­ны). Сувязь трымалася таксама з дапамогай ко­ней і пешым чы­нам, сувязнымі пераважна былі беларускія і ўкра­ін­с­кія дзяўчаты.

Атаман Бульба-Баравец пісаў: “У беларускіх раёнах “Па­лес­кая Сеч” была як у сябе дома, а аддзелы Беларускай Са­ма­а­ба­ро­ны на ўкраінскай тэрыторыі былі дарагімі гасьцямі, іх вітала на­се­ль­ніц­т­ва як найраднейшых братоў і сапраўдных выз­воль­ні­каў. Гэ­та была ня маючая аналягаў маніфэстацыя братніх па­чуць­цяў і са­лі­дар­на­сь­ці абодвух нацый да іх роднай збройнай сілы, як адзі­на­га рэальнага фактару іх вызвольнай барацьбы. Гэта быў за­ро­дак вялікага саюзу двух братніх народаў і сьціплыя пачаткі іх су­по­ль­на­га чыну ў бурлівай будучыні”[17].

Украінскія аддзелы прабіваліся да Мазыра з поўдня. Бе­ла­рус­кія войскі ўжо вялі там цяжкія баі і прасілі неадкладнай да­па­мо­гі, ды прапанавалі “разам здабыць Мазыр, заснаваць там су­по­ль­ны штаб абоіх братніх армій свабоды для далейшай барацьбы”. Ук­ра­ін­цы падыйшлі своечасова. Рэшткі бальшавіцкіх аддзелаў, пры­ціс­ну­тыя да Прыпяці, фарсіруюць яе. Уцякаюць яны і праз Днепр на поўнач ад Чарнігава ды кіруюцца ў Бранскія лясы.

Акрамя ўзяцьця пад кантроль вялізнай тэрыторыі, да по­сь­пе­хаў беларуска-ўкраінскай апэрацыі трэба аднесьці вызваленьне 1700 падрыхтаваных да “эвакуацыі на ўсход і падлягаючых спэ­ца­пэ­ра­цы­ям” вязьняў НКВД[18].

Атаман Тарас Бульба-Баравец пісаў на эміграцыі: “На вялікі жаль, нам яшчэ не дазваляе час на асьвятленьне гэтай эпапеі ўкра­ін­с­ка-беларускай зброі ў іх братнім саюзе супраць свайго ад­веч­на­га ворага. Трэба было б згадаць імёны, факты, падрабязна­сь­ці баёў і г. д. Гэтая падзея заслугоўвае на яе поўнае ад­люс­т­ра­ва­нь­не для будучых гісторыкаў і дасьледнікаў… але на гэта пат­рэб­на было б некалькі тамоў”[19].

Беларускія ўдзельнікі апэрацыі амаль не пакінулі сваіх ус­па­мі­наў пра тыя падзеі. Ёсьць надзея, што яны ўсё ж ёсьць, але ча­ка­юць свайго часу для публікацыі. Напрыклад, у кастрычніку 1941 году нямецкае вайсковае камандаваньне выклікала ў Менск Родзь­ку і Вітушку з мэтай падрабязнага апісаньня Палескай апэ­ра­цыі[20]. Ці захаваліся гэтыя дакумэнты, невядома.

У кожным вызваленым ад савецкіх акружэнцаў, партызанаў і ат­ра­даў НКВД раёне беларусы і ўкраінцы стваралі свае ворганы ўла­ды, выдавалі газэты, аднаўлялі прамысловасьць, культурнае і цар­коў­нае жыцьцё. Беларусы і ўкраінцы яшчэ каля двух месяцаў ад­чу­ва­лі сябе гаспадарамі на гэтай тэрыторыі.

У сярэдзіне верасьня 1941 г. атаман Бульба-Баравец ат­рым­лі­вае ад прадстаўніка Ўраду ЎНР на эміграцыі палкоўніка І. Літ­ві­нен­кі тайныя інструкцыі для далейшай дзейнасьці. Прад­ба­чы­ла­ся, што немцы неўзабаве прышлюць на вызваленыя тэрыторыі сваю адміністрацыю. Таму Палеская Сеч павінна была прат­ры­мац­ца тут як найдаўжэй, а пасьля, не ўступаючы ў канфлікт зь нем­ца­мі, сыйсьці ў падпольле. Так і сталася ў лістападзе 1941-га.

Аднак яшчэ ў кастрычніку 1941 году ў раёны Палесься пры­бы­лі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі, якія пачалі ўста­наў­лі­ваць свой “новы парадак”. Яны падначалілі сабе мясцовую мі­лі­цыю (паліцыю).

І калі лёс аддзелаў Палескай Сечы добра вядомы, дзякуючы ўспа­мі­нам атамана Т. Бульбы-Бараўца, дык пра Беларускую Са­ма­а­ба­ро­ну (самаахову) вядома мала. Праўдападобна, яна, як менш цэн­т­ра­лі­за­ва­ная структура, падзялілася: у многіх вёсках і мяс­тэч­ках аддзелы функцыянавалі далей, як паліцыя ці паў­ле­га­ль­ная вяс­ко­вая самаабарона, іншыя самараспусьціліся або адыш­лі ў ля­сы. Ёсьць згадкі і пра раззбраеньне немцамі нека­то­рых бе­ла­рус­кіх ад­дзе­лаў. Усевалад Родзька і Міхал Вітушка пра­цяг­валі пра­ца­ваць на легальных становішчах, адначасова арга­ні­зую­чы бе­ла­рус­кую на­цы­я­на­ль­ную кансьпірацыю. “Фармальна гру­пы са­ма­а­хоў­цаў ня ме­лі кіраўніцтва ў Менску, а падпа­рад­коў­валіся мяс­цо­вым ня­мец­кім уладам. Паўтаруся, менавіта фар­мальна. Час­т­ка актывістаў тры­ма­ла сувязь зь беларускім акты­вам у Менс­ку, а частка дзеяла са­мас­той­на. Менская паліцыя крыху да­па­ма­га­ла ім зброяй”[21].

Цікава, што нават вясковая беларуская міліцыя (паліцыя) не ха­ва­ла сваіх антынямецкіх настрояў. Гэта пацьвярджаюць ус­па­мі­ны В. Віра, які піша, што “калі немцы, усталяваўшыся, пачалі па­сы­лаць у маёнткі свае атрады… нашыя аддзелы іх выкурвалі. Ра­зам з на­мі дзеяла й вясковая дапамаговая паліцыя, складзеная з беларусаў (маёнтак Пескі і Марачанскія саўгасы). Толькі па­гадзя наш гэты зброй­ны абаронны рух аформіўся ў Беларускую На­род­ную Пар­ты­зан­ку…”.

Тыя аддзелы самааховы, якія пайшлі ў лясы, заснавалі бе­ла­рус­кі нацыянальны партызанскі рух на Палесьсі. Атаман Язэп Таў­пе­ка пісаў на эміграцыі, што “зімой 1941 году ў лесе была амаль выключна нашая партызанка, вядома цесна зьвязаная зь вёскай і больш перахоўваючыся ў вёсках, чым у лесе”.

Беларускі нацыянаьны партызанскі рух і надалей пад­т­рым­лі­ваў цесныя кантакты з “Палескай Сеччу” (зь вясны 1942 г. — УПА) атамана Бульбы-Бараўца. У 1942-43 гг. было праведзена не­ка­ль­кі сумесных невялікіх вайсковых акцый супраць савецкай і польскай партызанкі на Палесьсі.

 Літаратура:

[1] Бульба-Боровець Т. Армія без держави. Вінніпег, 1981 // http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[2] Платонов Р. Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. По докумен­там Национального архива Республики Беларусь. Менск, 2000, б. 36.

[3] http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[4] http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[5] Вір В. Маёр Беларускай Краёвай Абароны — Ўсевалад Родзька // Беларускі голас (Таронта), 1991, № 365, кастрычнік

[6] http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[7] Беларускі голас, 1991, № 365, кастрычнік.

[8] http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[9] Тамсама.

[10] Паведамленьне былога камандзіра беларускага партызанскага ат­ра­да “Белавежа” Х. Сьнежань 2005 г.

[11] Паведамленьне былога камандзіра беларускага партызанскага ат­ра­да “Белавежа” Х. Сьнежань 2005 г.

[12] Гуленка Ўл. Партызанскі рух: спроба неідэалагізаванага аналізу, альбо некалькі пытанняў сабе // Звязда, 1991, 7 жніўня.

[13] http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[14] Незалежная Беларусь, 1953, № 1(7), студзень.

[15] http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[16] Тамсама.

[17] Тамсама.

[18] Рапарт камандуючага палiцыяй бяспекi i СД у Менску д-р Эрлiнгера ў Берлін (лістапад-сьнежань 1941 г.)

[19] http://www.geocities.com/uno_montreal/bulba_table.htm

[20] Паведамленьне былога камандзіра партызанскага атрада “Белавежа” Х. Студзень 2006 г.

[21] Паведамленьне былога камандзіра партызанскага атрада “Белавежа” Х. Са­ка­вік 2006 г.

Аўтары: Сяргей Ёрш, прат. Сяргей Горбік

Крыніца: http://baocinfo.blogspot.ru

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.