Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Барыс Сачанка. Ён шчыра служыў Бацькаўшчыне

УСТУП

У канцы 80-х гадоў – пачатку і сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя Беларусь, як і іншыя рэспублікі СССР, уступіла ў перыяд фарміравання сваёй дзяржаўнасці, які суправаджаўся працэсамі нацыянальнага адраджэння, развіцця беларускай культуры, мовы, гістарыяграфіі.  

Трэба адзначыць важную акалічнасць, якая суправаджала тыя бурныя, пасіянарныя працэсы нацыя- і дзяржаваўтварэння. Яшчэ з савецкіх часоў на Беларусі склаліся негатыўныя адносіны (нават стэрэатып) да ўсіх праяваў нацыянальнай свядомасці, карыстання роднай мовай і да беларускай гісторыі, якая павінна была ўкладвацца ў канон падручніка, складзенага Лаўрэнам Абэцэдарскім і яго паплечнікамі.  

Яшчэ з 30-х гадоў ХХ ст. за людзьмі, якія спрычыніліся да ўсяго, што звязана з беларускай праблематыкай, якія рупіліся за свой народ, тварылі, пісалі, змагаліся іншымі спосабамі – з падачы камуністычных ідэолагаў і спецслужбаў замацавалася назва «нацыянал-дэмакраты», альбо «нацдэмы». 

Пры Сталіне іх саджалі ў турмы, кідалі ў лагеры, расстрэльвалі. У пазнейшыя часы страх, што замацаваўся ў гады сталінскага тэрору, настолькі ўвайшоў у жыццё беларусаў, што пытанні нацыянальнага жыцця апынуліся пад забаронай. Афіцыйныя колы беларускага грамадства віталі толькі тое, што не кранала «непрыемных пытанняў». Яшчэ Хрушчоў распачаў кампанію па «зліццю моў» у адзіную рускую мову. У рамках гэтай кампаніі ў нас закрывалі беларускамоўныя школы, змяншалі наклады выданняў на роднай мове, вынішчалі помнікі нацыянальнай гісторыі.  

Тыя людзі, якія ўсё ж адважваліся падняць руку за беларускае адраджэнне, не мелі ніякіх перспектыў у савецкай дзяржаве, іх цураліся, іх звалі дысідэнтамі, маглі пасадзіць у турму. І ўсё ж у другой палове ХХ стагоддзя з’явіліся гісторыкі, якія самастойна, не ў рамках афіцыйнай навукі, пісалі творы, дзе адлюстроўвалася сапраўдная гісторыя Беларусі. Гэта найперш Мікола Ермаловіч і ягоны знакаміты твор «Па слядах аднаго міфа». Былі  літаратары, якія напісалі бессмяротныя творы, прасякнутыя любоўю да Беларусі – у першую чаргу Уладзімір Караткевіч з яго пранікнёнай «Зямлей пад белымі крыламі»… 

Але гэтых людзей беларускае грамадства быццам не бачыла, яны не займалі дзяржаўных пасад, іх не запрашалі на тэлебачанне, на сустрэчы з чытачамі, наадварот іх душылі і пераследвалі. 

Таму, калі насталі часы дэмакратызацыі грамадства і беларускага нацыянальнага адраджэння менавіта гэтыя людзі сталі ўзорамі і важакамі ў новай рэчаіснасці. А сярод тых нямногіх афіцыйных асоб, што спалучалі свой грамадзянскі абавязак з творчай працай, вылучаецца найперш фігура пісьменніка, галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» Барыса Сачанкі. 

Дастаткова пазнаёміцца з яго жыццём і творчасцю у гэтым нарысе, і вы адкрыеце для сябе выдатнага барацьбіта за беларускае адраджэнне, патрыёта, цудоўнага празаіка і публіцыста. 

Барыс Іванавіч Сачанка (другі справа).

ЧАСТКА 1. ЖЫЦЦЁВЫ ШЛЯХ  

У кожнага чалавека свая жыццёвая дарога. 

Важна, каб усе мы ў меру сіл і здольнасьцей служылі Бацькаўшчыне (Б. Сачанка) 

Барыс Сачанка нарадзіўся 15 траўня 1936 года ў вёсцы Вялікі Бор, што ў Хойніцкім раёне на Гомельшчыне. Ён быў трэцім дзіцём у вялікай сям’і (усяго сямёра дзяцей) Сачанкаў. Бацька – Іван Мікалаевіч працаваў у лясной гаспадарцы, а маці – Вера Міхайлаўна – займалася сям’ёй. 

Вялікі Бор – вялікая палеская вёска, ў 1999 годзе яна налічвала 1239 жыхароў. Магчыма праз сваю аддалёнасць ад вялікіх шасэ і чыгункі (6 км да бліжэйшай станцыі Аўрамаўскае на ветцы Хойнікі – Васілевічы), у вёсцы захаваліся старажытныя традыцыі, абрады ды народны фальклёр. 

Толькі тут яшчэ можна пабачыць цікавы беларускі абрад «Провады русалкі» альбо «Русалле». Паводле старажытных павер’яў у нядзелю ў канцы Траецкага тыдня (які на Палессе называюць русальным) русалкі вяртаюцца ў азёры і рэкі. А да гэтага часу вадзяны вызваляе душы памерлых, перш за ўсё дзяўчат, якія памерлі, не выпрабаваўшы зямной любові і мацярынства, ды малых дзетак. 

Барыс з пялёнак убіраў у сябе палескі сакральны дух мінуўшчыны, які пазней праявіўся ў ягонай творчасці. Назаўсёды засталася ў яго любоў да сваіх мясцін, да Малой Радзімы, якую ён успамінаў і апісваў у сваіх творах ад першых юнацкіх апавяданняў да апошняга твору «У сузор’і сярпа і месяца», што выйшаў ужо пасля смерці. А традыцыі «Русалля»і  іншых беларускіх народных святаў знайшлі адлюстраванне ў яго містычных і фантастычных сюжэтах «Трэцяе вока», «Чорт з Суматры» ды іншых. 

Колькі пяшчоты і любові ўкладваў Б. Сачанка ў сваі успаміны аб родным краю:  

Крынічная сажалка з заўсёды халоднаю, празрыстаю – аж жвір на дне відаць – вадою… Неглыбокі – па забарсні – Шапавалаў перамел… Багністы, увесь у іле, Асіны брод… Задрымучаны крушыннікам і арэшнікам Грыцаў расцяроб… Аслоненая з усіх бакоў магутнымі камлістымі дубамі паляна-гарадок, дзе быццам ратаваліся ад розных напасцяў – войнаў, халеры – продкі… Стойла ля Старцовай ямы… Вёска! Мая вёска!.. Колькі чаго перабачыла, перажыла яна на сваім вяку! Радаснага і горкага, вясёлага і сумнага, добрага і злога… («Пад знакам сярпа і молата»). 

Цікавай постаццю ў сям’і Сачанкаў з’яўляўся дзед Мікалай. Гэта быў заможны чалавек:

Меў ён некалькі кароў і коней, больш за паўсотню авечак, поўны хлеў свіней. Ды і гусі, качкі, куры ў яго былі…

Цяпер такога чалавека назвалі б фермерам, добрым гаспадаром… У гады ж калектывізацыі карысталіся іншым словам – «кулак». Цудам ён выратаваўся ад высылкі ў Сібір. Але ў калгасе, куды быў вымушаны ўступіць, дзед Мікалай не змог працаваць як раней з поўнай аддачай. І прыняць новы стыль адносін да працы – «рабі не рабі, усё адно ж нічога на працадзень не даюць» – ён таксама прыняць не мог.  

Здаецца, што ўнук Барыс менавіта ад дзеда пераняў сумленныя адносіны да працы і гэтая генетыка дала яму патрэбны патэнцыл на ўсё жыццё. 

Цікава, што амаль усе сваякі (браты Васіль і Алёша, сёстры Анюта і Наталля) Івана Мікалаевіча, бацькі Барыса Сачанкі – запісаліся ў калгас, акрамя яго его самога. Нават «раскулачаны» дзед, хоць і не прыняў «паншчыну» калектыўнай гаспадаркі. А Іван Сачанка не пайшоў. «Гуртавое – чартавое», мне там няма чаго рабіць» казаў ён. І пайшоў працаваць асобна, спачатку рабочым на чыгуначную станцыю Аўрамаўская, потым у леспрамгас – прыёмшчыкам.  

Маці, Вера Міхайлаўна ў калгас таксама не пайшла – трэба было гадаваць дзяцей, бо на пачатак вайны ў 1941 годзе дзяцей у сям’і Сачанкаў было ўжо пяцёра. Вайна іх заспела так жа нечакана як і тысячы іншых беларускіх сем’яў. Вось як проста і матэматычна дакладна малюе гэты момант пісьменнік: 

Што? – запытальна паглядзела яна (маці – А.А.) бацьку ў вочы.  

Вайна – ціха адказаў бацька. 

Такі пачалася, – хутчэй машынальна, чым усвядомлена прашаптала маці і заплакала, загаласіла. Ды так, як не плакала, не галасіла ні разу… 

Лёс бацькі, якога адразу забралі на вайну, нагадвае лёс многіх простых беларусаў, прынамсі, «хаджэнні па пакутах» у вайну бацькі аўтара гэтага нарыса вельмі блізкае да бацькі Барыса Сачанкі.  

Спачатку Іван Мікалаевіч ваяваў з немцамі ў савецкім войску, потым трапіў у палон. Але ён вельмі хутка ўцёк з лагера, хаваючыся ў лясах прабіраўся дадому. І ўрэшце трапіў да сваіх.  

Вось яшчэ важны момант, які раскрывае сутнасць бацькі, і гэтая рыса, мяркую, перадалася і Барысу. Ён не пайшоў у партызаны, куды яго цягнуў знаёмы сяльчанін Карп Шлёг. Але не пайшоў і ў паліцыю, куды настойліва запрашаў іншы сусед, Іван Рачанка. «Мне дзяцей, сям’ю карміць трэба» – казаў ён. Гэта не простае рашэнне – ісці  сваім шляхам, ставіць інтарэсы сям’і першаснымі, нягледзячы на пагрозы з бакоў і партызанаў і немцаў. Трэба мець вялікую мужнасць каб не скарыцца, каб вытрымаць. 

– Я ніколі не шукаў, дзе лепш, а дзе горш – гаворыць ён, – жыву, як умею. 

Вось дзе сапраўдны гераізм – цвёрдасць, непахіснасць, вернасць тым вечным каштоўнасцям, што стаяць у падмурку нацыі, любові да бліжніх, праўдзе.  

У чэрвені 1943 года (было якраз свята – Ушэсце) немцы спалілі Вялікі Бор. Усім жыхарам вёскі далі гадзіну на зборы і нічога не патлумачаўшы пагналі пешшу за 40 кіламетраў у Васілевічы. Адтуль 7-гадовага Барыса разам з бацькамі вывезлі ў Нямеччыну. 

Працавала сям’я Сачанкаў на ферме баўэра, якая знаходзілася ў некалькіх кіламетрах ад горада Гронінген. Працавалі ад восьмі да васьмі з адным выхадным; і хоць сялянская праца была добра знаёмая, жыццё на чужбіне было цяжкім. Не хапала ежы, а галоўнае – кожны дзень марылі пра тое, як вярнуцца дадому… 

Амаль два гады пражылі Сачанкі ў Герма­ніі – толькі ў траўні 1945 года да іх прыйшло вызва­лен­не. На ферму прыйшлі амерыканцы. Зажылі панскія парабкі, як піша Сачанка ў нарысе «Засталіся толькі ўспаміны», вельмі добра. З’явіліся мяса і кансервы… Потым быў лагер перамешчаных асоб, прапанова з’ехаць у ЗША. Але Сачанкі жадалі як мага хутчэй вярнуцца дадому, на Палессе. 

Восенню 1945 года Барыс Сачанка пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Пасля заканчэння чатырох класаў у сям’і паўстала пытанне: вучыцца далей ці ісці працаваць? Апошні варыянт не быў выпадковым – цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і вымагала максімальна карыстацца кожнай магчымасцю, каб неяк выжыць. Дырэктар школы І. Санцэвіч, як піша ва ўспамінах пісьменнік, сказаў: 

Толькі не ўздумай прыпыняць вучобу! У цябе здольнасці да гэтага ёсць. Вучыся.  

І Барыс працягваў вучыцца. Скончыў сямігодку з пахвальным лістом.  Устала дылема – скончыць дзесяцігодку альбо пайсці ў які-небудзь тэхнікум. Сам Барыс схіляўся да думкі пайсці ў «мараходку», якая была ў Клайпедзе, і вывучыцца на кока – «Хоць галадаць не буду, знойдзецца, што паесці». Вось так – хто імкнецца ў касманаўты, альбо ў капітаны дальняга плавання, а падлетак Барыс – у карабельнага повара, кока. Вось што значыць цяжкія пасляваенныя гады. Не па гадах цвярозы, рацыянальны розум, які, дарэчы, і будзе вызначаць ягоную пазіцыю на многія гады. 

Але ягоны бацька прыняў іншае рашэнне: прапанаваў Барысу вучыцца далей і скончыць дзесяцігодку ў райцэнтры, у Хойніках. Але ж да Хойнікаў 18 кіламетраў, няма дзе жыць…

Нанялі б у Хойніках кватэру. І жыў бы там. 

За што? – спытаў я ў бацькі. 

Дык ты ж зарабляеш, працуеш усё лета… (з братам Іванам Барыс дапамагаў бацьку загатаўляць бяросту ў лесе)… Ды і я… Пятро… Іван… Няўжо цябе аднаго не пракормім?  

І Барыс пасяліўся ў Хойніках на кватэры. 

Хойніцкую сярэднюю школу Барыс скончыў з срэбным медалём у 1955 годзе. Гэтай школе выпала асобая роля: адкрыць шлях у літаратуру двум вялікім беларускім  пісьменнікам – Барысу Сачанку і  Івану Мележу. 

Падчас вучобы Барыс пачаў пісаць артыкулы ў раённую і абласныя газеты, а такама ў «Чырвоную змену». Гэта дапамагло яму паступіць у той юбілейны год (10 год перамогі над Германіяй) на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Паступаць ва ўніверсітэт Барыс паехаў разам са сваім земляком, у будучым вядомым кінарэжысёрам Віктарам Дашуком. 

Усё ж шчаслівая зорка яго лёсу прывяла Барыса ў беларускую «альма матар», ды яшчэ на такі факультэт як журналістыка. 

*** 

Вучоба давалася Барысу лёгка, яму падабалася вучыцца. Але, калі прыйшоў час афармляцца  на «ваенку» – ваенную кафедру, яго не прынялі. Больш таго, калі сталі разбірацца, то высветлілася, што, як піша Б. Сачанка ва ўспамінах: 

Я не маю права займацца на аддзяленні журналістыцкі. Што ж рабіць? – запытаўся я. – Цябе зусім не трэба было прымаць ва ўніверсітэт, – сказалі мне.  …Вучыцца тут мы вам не дазволім, выключым, – даводзіў асабіст.  

Але якраз ў той час праходзіў ХХ з’езд КПСС, дзе быў заслуханы знакаміты даклад Мікіты Хрушчова «Аб кульце асобы Сталіна». І адносіны да Сачанкі як да студэнта з «біяграфіяй» змяніліся, далей вучоба працягвалася без перашкод.  

Яшчэ да атрымання ўніверсітэцкага дыплома, з 1958 года, Сачанка пачаў працаваць у гумарыстычным часопісе «Вожык» – спачатку карэктарам, потым фельетаністам. 

Такое імкненне да працы тлумачылася зусім не жаданнем жыць бязбедна, а па жорсткай неабходнасці. Родныя не мелі магчымасці дапамагаць сыну, а стыпендыі не хапала на жыццё. І прыродны талент пісьменніка пачаў працаваць на яго ўжо з тых студэнцміх гадоў. Пачуццё адказнасці не толькі за сябе, але і за ўсю сваю сям’ю, што засталася на вёсцы, застаўляе яго паводзіць зусім не так, як многія яго сакурснікі, дбаючыя толькі за свой лёс. І таму мы з павагай і зайздрасцю чытаем вось такія ягоныя прызнанні: 

За першы ж ганарар я набраў некалькі мэтраў прыгожай шарсцяной тканіны і паслаў маці, каб яна з яго пашыла сабе сукню…  

У суаўтарстве з Рыгорам Барадуліным і Янкам Сіпаковым пад псеўданімам I. Сібарсач ён пісаў крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі, якія з задавальненнем друкаваў папулярны ў народзе часопіс. 

У 1969 годзе Сачанку прынялі ў Сaюз пicьмeннiкaў БССР. 

Каля шаснаццаці гадоў (1960–1976) Б. Сачанка пpaцаваў загадчыкам aддзeла пpoзы ў чacoпicе «Пoлымя». Дарэчы, тут яму давялося чытаць і рэдагаваць «Палескую хроніку» палешука Iвана Мележа. 

У нacтyпным дзecяцiгoддзі (1976–1986) ён зaй­мaў пacaдy caкpaтapa пpaўлeння Сaюзa пicьмeн­нiкaў. Працы было шмат, бо менавіта на сакратара ўскладалася руцінная праца па арганізацыі з тысячнай арміяй пісьменнікаў. Зaтым ён зaгaдвaў pэдaкцыяй пepaклaднoй замежнай лiтapaтypы ў выдaвeцтве «Мacтaцкaя лiтapaтypa». 

За 39 гадоў свайго творчага жыцця ён зрабіў вельмі шмат: стаў вядомым пісьменнікам, напісаў каля 40 кніг прозы, публіцыстыкі, крытыкі, займаўся  грамадскай і дзяржаўнай дзейнасцю. 

На маю думку  – і жыццё Барыса Сачанкі, і яго творчая спадчына, і яго грамадская дзейнасць сведчаць пра тое, што ў ва ўсім у яго была свая пазіцыя. Ён ніколі не йшоў на паваду нейкіх там кланаў, школ, альбо палітычных  плыняў. У яго было павышанае пачуццё адказасці і імкненне да праўды, усюды, дзе ён адчуваў ісціну – ці то эмігранцкая літаратура, альбо выступленне забароненага беларускага «нацыяналіста» –  ён абараняў іх, калі бачыў там сапраўднасць. 

Усё сваё жыццё Б. Сачанка трымаўся прынцыпу Льва Талстога: галоўны герой усіх яго твораў, «якога я люблю ўсімі сіламі душы, якога імкнуўся перадаць ва ўсёй прыгажосці і які заўсёды быў, ёсць і будзе цудоўны – праўда». 

З 1993 года і да смерці ў ліпені 1995 года Сачанка быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». 

Акрамя здольнасцей да пісьменніцтва ў Сачанкі выявіліся выдатныя арганізатарскія здольнасці, уменне кіраваць людзьмі. Як бачна з сухіх радкоў біяграфічных дадзеных, Сачанка дасягнуўшы 40  гадоў (з 1976 г.) абіраўся на кіраўнічыя пасады і займаў іх да канца жыцця. 

Быць творчым чалавекам і займацца грамадскай дзейнасцю – гэта не кожнаму дадзена. Звычайна творцы – пісьменнікі, мастакі, навукоўцы – усяляк адкрэшчваюцца ад якіх-небудзь грамадскіх нагрузак, не імкнуцца заняць адказныя пасты ў іерархіі дзяржаўнай лесвіцы. А калі мы бачым на высокай пасадзе ў тым жа пісьменніцкім альбо навуковым асяроддзі якога-небудзь чалавека, то як звычай гэта вельмі сярэдняга рангу, абмежаванага таленту чалавек ці проста кар’ерыст – і вельмі рэдка гэта сапраўды значны пісьменнік ці вучоны. Сачанка ўяўляў сабой рэдкае шчаслівае выключэнне. 

Адачасова з кар’ерным ростам ішло прасоўванне Сачанкі па партыйнай лініі. Яго абралі чальцом ЦК КПБ. Апошняе саслужыла пісьменніку добрую службу. Яго запрашалі да ўдзелу ў мерапрыемствах самага высокага ўзроўню. У 1980 годзе ён прымаў удзел у рабоце XXXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН ў складзе дэлегацыі БССР.  

Стаўшы галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» Сачанка пры­свя­чаў працы ўвесь свой час. Напоўніцу спалу­чы­ліся яго любоў да кніг (ён сабраў вяліз­ную бібліятэку), грунтоўныя энцыклапедычныя веды і арганізацыйны талент. Янка Сіпакоў пісаў у сваіх успамінах: 

Апошнія тры гады не быў у адпачынку. Калі я казаў яму, што трэба вырвацца хоць на тыдзень, з’ездзіць куды-небудзь у вёску, развеяцца, злаваўся ўжо ён: як гэта, маўляў, я паеду, а як жа энцыклапедыя.   

У 1982 годзе за кнігу «Ваўчыца з Чортавай Ямы» Б. Сачанку была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа, а ў 1991 годзе ён стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа за кнігу «Сняцца сны аб Беларусі…». 

ЧАСТКА 2. ТВОРЧАСЦЬ Б. САЧАНКІ

Я вырас пад гарматнымі стваламі, 

Я мераў час секундай, а не днём… 

Сцяпан Гаўрусёў 

Я не выпадкова ўзяў эпіграфам да гэтага раздзела знакамітыя радкі паэта Сцяпана Гаўрусёва, сучасніка Барыса Сачанкі. 

І Гаўрусёў, і Сачанка былі прадстаўнікамі пакалення, якое правяло дзяцінства «пад гарматнымі стваламі», якое не гуляла ў пясочніцах, не плёхалася бестурботна ў цёплых вадаёмах і не ганяла мячык па ціхіх вулачках родных вёсак. Гэтае пакаленне паспытала страшныя гады вайны і галоднае, беднае пасляваеннае жыццё. 

Тое, што яны пабачылі, назаўсёды засталося з імі. Больш за тое, я мяркую, што вайна моцна паўплывала на фарміраванне іх светапогляду і характараў, пакінула след у іх асобах значна большы, чым у дарослых сучаснікаў. 

Да гэтага пакалення належаць літаратары, якія нарадзіліся да Другой сусветнай вайны, і ў 60-я гады ХХ стагоддзя годна ўвайшлі ў беларускую літаратуру. Сярод іх Алесь Адамовіч (1926–1994) і Сцяпан Гаўрусёў (1931–1988), Іван Пташнікаў (1932–2016) і Іван Чыгрынаў (1934–1996), Рыгор Барадулін (1935–2014) і Генадзь Бураўкін (1936–2014), Міхась Стральцоў (1937–1987) і Віктар Казько (1940 г.н.)… 

Пepшae aпaвядaннe Сaчaнкi («Плынь») з’явiлacя ў 1956 годзе ў часопісе «Мaлaдocць», a пpaз чaтыpы гaды быў ужо выдадзены пepшы збopнiк яго апавяданняў «Дapoгa iшлa пpaз лec». 

Сачанка працаваў плённа і з зайздроснай працаздольнасцю, таму нacтyпныя кнігі прозы выходзілі праз кожныя два-тры гады: «Бapвы paнняй вoceнi» (1962), «Зямля мaix пpoдкaў» (1964), «Пaкyль нe paзвiднeлa» (1966), «Апoшнiя i пepшыя» (1968), «Дapoгi» (1971), «Акcaнa» (1971), «Пaмяць» (1973), «Тpы aпoвecцi» (1976), «Вaўчыцa з Чopтaвaй Ямы» (1978), трылогія «Вялiкi Лec» (1980, 1982, 1984), «Гopкaя paдacць вяpтaння» (1987), «Вeчны кpyгaзвapoт» (1989), «Рoдны кyт» (1989). 

Акрамя гэтых аповесцей ды зборнікаў апа­вяданняў у Сачанкі ёсць некалькі зборнікаў публіцыстычных і крытычных нарысаў, у тым ліку «Жывое жыццё» (1985), «Сняцца сны аб Беларусі…» (1990), «Трэцяе вока» (1992), «Пад знакам сярпа і молата» (1993).  

Зразумела, што вялізная колькасць выдатна напісаных твораў вымагала вялізнай працы, любові да сваёй прафесіі пісьменніка і жорсткай самадысцыпліны. Ягоная дачка Святлана Явар у сваіх успамінах піша:  

…(бацька) даражыў кожнай хвiлiнай свайго жыцця. Уставаў у 6 гадзiн, не шкадаваў сябе цэлы дзень – пiсаў, друкаваў, рэдагаваў, арганiзоўваў i наладжваў, кантактаваў – i вельмi позна клаўся адпачываць. …Прыгадваецца напружаная праца бацькi за пiсьмовым сталом. Лiст за лiстом ён спiсваў, ствараючы апавяданнi, аповесцi, раманы… У яго быў неразборлiвы почырк, i мама потым перапiсвала, а то i друкавала, рукапiсы.  

У асобе Б. Сачанкі шчасліва супалі талент пісьменніка з аднаго боку, і вялі­кая самадыс­цып­ліна, беларуская сялян­ская працавітасць – з другога. Да гэтага яшчэ трэба дадаць грамадзянскую пазіцыю і вялікую любоў да Радзімы.  

Тэма вайны 

Ад першага зборніка апавяданняў «Дарога ішла праз лес» (1960) і да вялізарнага рамана-эпапеі «Вялікі Лес» вайна ў творчасці Сачанкі прысутнічала нязменна. Пачаўшы з паказу асобных падзей драматычнага ці трагічнага зместу, пісьменнік мэтанакіравана ішоў да шырокага асэнсавання жыцця беларускай (палескай) вёскі ў часы вайны. 

Прыкметныя вехі на гэтым шляху – аповесці «Пакуль не развіднела» (1960), «Апошнія і першыя» (1968), раман у навелах «Чужое неба» (1969–1973), раман у трох кнігах «Вялікі Лес» (1976–1982). 

Вайна і Палессе… Гэты час і гэтая жыццёвая прастора ў самых разнастайных іх праяўленнях і мастацкіх увасабленнях склалі аснову найбольш значнай часткі творчасці Сачанкі.  

Сярод усіх пералічаных вышэй можна абраць для разгляду некалькі найбольш тыповых альбо адметных.  

«Пакуль не развіднела» (1966) 

Як вядома, маскоўскае кіраўніцтва патрабавала, каб партызаны няспынна забівалі службоўцаў акупацыйнай адміністрацыі і іх мясцовых памагатых. Кіраўнікі штабоў партызанскага руху, што знаходзіліся ў Маскве, добра ведалі: у адказ на забойствы сваіх вайскоўцаў ды службоўцаў нямецкія ўлады будуць паліць беларускія вёскі, часцяком – разам з жыхарамі. Дарэчы, менавіта гэтак было ў Хатыні.  

Тады сялянам, якія апынуцца паміж молатам і кавадлам, не застанецца нічога іншага, як бегчы ў лясы і на балоты, далучацца да партызанаў. І вось Сачанка распавядае што бальшыня беларусаў далучалася да партызанскага руху не з пачуцця «савецкага патрыятызму», а пад уплывам інстынкту самазахавання. 

Маладую дзяўчыну Юлю пасылаюць у вялікую суседнюю вёску, каб яна папярэдзіла жыхароў пра блізкую небяспеку, што ім пагражае. 

Па дарозе туды дзяўчына разважае (гэтыя разважанні займаюць амаль што палову кнігі) не толькі пра тэрор акупантаў, але і пра ранейшы, звязаны з НКУС, які ў 1936–38 гады ўзначальваў Мікалай Яжоў. Адсюль сумна вядомае выказванне – «яжовыя рукавіцы». 

Аналогія паміж тэрорам сталінскіх і гітле­раўскіх катаў у аповесці Сачанкі досыць празрыстая і пераканаўчая. 

Ніякага праслаўлення партызанаў у Сачанкі няма. Ён, фактычна, ламаў традыцыю так званага «сацыялістычнага рэалізму» – паказваць не тое, што і як было на самой справе, а тое, што павінна было быць з пункту гледжання камуністычнай ідэалогіі. Следам за Васілём Быкавым ён паказваў праўду вайны. 

«Апошнія і першыя» (1968)

Гэта страшная аповесць, багатая на шматлікія філасофскія разважанні пра мэту жыцця і незагойныя душэўныя раны, нанесеныя вайной. 

Калі Сачанка пачаў пісаць аповесць пра спаленую разам з жыхарамі вёску Рудню, то ў яго памяці ажывалі пачуцці страшных падзей часоў вайны. Але не трэба шукаць у жыцці фактычнага пацверджання ўсяго таго, што ёсць у творы. Як вядома, родная вёска пісьменніка Вялікі Бор сапраўды была ў 1943 годзе спалена ўшчэнт, але большасць яе жыхароў вывезена ў Нямеччыну, меншасць – прымусова пераселена у Васілевічы. Прызначэнне мастацкай літаратуры не ў тым, каб дакладна падаваць рэальныя падзеі. Галоўнае ў літаратуры – праўда чалавечых пачуццяў і думак, праўда агульнай эмацыянальнай атмасферы ў розных абставінах.  

Сваёй аповесцю Сачанка фактычна адкрыў у нашай літаратуры трагічную тэму вёсак, знішчаных разам з людзьмі, тэму Хатыні. У шырока вядомай кнізе Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» (1975) ёсць успаміны людзей, якія перажылі жахі карных экспедыцый акупантаў і іх памагатых. У гэтых успамінах неаднаразова ўзгадваецца своеасаблівы псіхічны стан людзей, якія толькі што глядзелі ў вочы смерці, бачылі, як гінулі тыя, з кім яны дагэтуль жылі. Пасля перажытых жахаў амаль у кожнага з іх было адчуванне, што ён адзін застаўся на свеце, што больш няма нідзе нікога жывога.  

Герой аповесці хлопчык Яська, прыйшоўшы на папялішча роднай вёскі, знішчанай разам з людзьмі, таксама думае, што няма ўжо нікога з тых, хто раней тут жыў:  

Ёсць толькі хіба вось гэтае папялішча ды шырокае, неабдымнае неба над галавою… Ды яшчэ цішыня… Дзень і ноч цішыня. Так ціха, што, здаецца, нідзе, на ўсім белым свеце, ніхто ўжо не жыве – усіх  пастралялі, папалілі немцы. Ні смеху, ні кроку, ні лаянкі – усё супакоіла, прыглушыла смерць.  

Ці яшчэ: 

Я і сам не ведаў чаму я ўсе гэтыя дні нават не падумаў ісці шукаць людзей. Я зусім забыўся, што яшчэ дзе, акрамя нашай вёскі і Замошак /суседняй спаленай вёскі/ могуць быць жывыя людзі.  

Калі Сачанка напісаў сваю аповесць, яшчэ не было кнігі «Я з вогненнай вёскі…», не было іншых сведчанняў людзей, якія засталіся жывыя пасля карных экспедыцый. Адкуль жа у яго гэткая дасканалая праўдзівасць апісання псіхічнага стану чалавека ў жахлівых умовах сутыкнення з масавым забойствам?  

Верагодна, справа ў асаблівасцях учэпістай дзіцячай памяці. Яна захавала сапраўднае аблічча вайны, у тым ліку своеасаблівасць паводзін людзей, адметнасць іх адчуванняў. Дзіцячым розумам і сэрцам хлопчык Барыс Сачанка ўспрыняў усё гэта з фатаграфічнай дакладнасцю. У дарослым узросце талент дазволіў яму праўдзіва, мастакоўскімі сродкамі, перадаць гэта. 

Пра падзеі, удзельнікам і сведкам якіх ён быў, Ясь распавядае праз дваццаць гадоў. Але і на такой часовай адлегласці яго голас гучыць усхвалявана, ён наскрозь прасякнуты нязбытным болем. Асабліва ў першай палове аповесці, дзе ўзнаўляюцца падзеі першых дзён і тыдняў пасля знішчэння вёскі. 

Тут Ясь успамінае жахлівыя дні і ночы, праведзеныя ім у спаленай вёсцы, блуканні па папялішчах, што засталіся на месцы хат, узгадвае тое, што ён тады пабачыў. Усё гэта напісана з вялікай драматычнай сілай, на такой высокай эмацыянальнай ноце, што, здаецца, голас апавядальніка вось-вось сарвецца і загучаць істэрычна. Аднак, не. Чыстая нота вытрымана да канца.  

У другой палове твора гучыць голас дарослага чалавека, які праз уласны досвед пазнаў, што такое вайна. Сам пісьменнік вызначыў жанр аповесці як рэквіем. Гэта твор жалобнага характару. Туга па загінуўшых, якая гучыць як праклён вайне наогул.     

Аповесць пачынаецца стрымана: «Я хацеў бы, каб гэта быў сон. Але гэта не сон. Не, не сон…» Але пад канец гэтых радкоў ужо адчуваецца трывога, унутраны ціск пачуццяў. Далей ідзе сам успамін пра трагедыю Рудні. Расказвае дарослы чалавек пра тое, што ён пабачыў і перажыў у дзяцінстве. Успамінае сваю спаленую вёску, забітых аднавяскоўцаў, маці… Расказвае і пра паступовае адраджэнне жыцця, пра «апошніх і першых» жыхароў ажываючай Рудні. 

Сачанка праўдзіва перадае думкі і пачуцці хлопчыка ў розных сітуацыях: і тады, калі маці, нібы прадчуваючы бяду, адпраўляе яго ў суседнюю вёску Замошкі аднесці малако цётцы Лісавеце; і тады, калі ён бачыць як карнікі паляць яго родную і суседнюю вёскі, знішчаюць іх жыхароў; і тады, калі шмат дзён блукае па пажарышчах, бачыць чарапы і косці спаленых людзей; і тады, калі сядзіць на папялішчы роднай хаты і, каб неяк уратаваць сваю свядомасць ад жаху ўсяго, што здарылася, успамінае нядаўняе бесклапотнае мінулае; і тады, калі ў голасе апавядальніка, ужо дарослага чалавека, пачынаюць гучаць ноты біблейскіх сказанняў:

I зноў быў дзень, і зноў ноч была. I прайшлі гэтыя дзень і ноч, і прыйшлі новыя. Цемра змянілася святлом, і святло змянілася зноў цемраю. Усходзіла сонца, і заходзіла сонца. Выплываў на небе месяц, і знікаў з неба месяц. Загараліся зоры і патухалі… А я ўсё туляўся і туляўся, блукаў і блукаў па полі, па лесе, не могучы знайсці сабе нідзе ніякага прыстанку. Стамляўся, падаў дзе-небудзь на ўзмежку ў траву і на нейкі час забываўся на ўсё на свеце – правальваўся нібы ў прорву, у цяжкі, трывожны сон.  

Гэтыя радкі побач з успамінамі пра перажытае, набываюць абагульняльны і злавесны сэнс. Нездарма ў аповесці ёсць звароты да Смерці, Зямлі, Ночы, Сонца, Месяца, Ветру, Неба, Хмараў, вялікія маналогі, звернутыя да маці і бацькі, нават прытчы, якія ўзгадвае Ясь. Але філасофская насычанасць твора арганічна вынікае з усяго яе зместа. Больш за тое, незвычайнасць, жахлівасць, неадпаведнасць чалавечаму (тым больш дзіцячаму) ўяўленню ўсяго гэтага дыктуе перарывісты рытм апавядання, усхваляваны, з частымі перападамі, усплёскамі лірычнага ці то публіцыстычнага напаўнення яго тону.  

Паступова Ясь вяртаецца да жыцця. Ён сустракае некалькі аднавяскоўцаў, што цудам ацалелі і вярнуліся ў родную вёску, на папялішчы сваіх хат – каб жыць далей. Трагічны напал змяншаецца. Пачынаюць гучаць галасы апошніх жыхароў старой Рудні, якія цяпер першыя жыхары Рудні новай. Праз гэта гісторыя хлопчыка і яго сям’і, роднай вёскі набывае шырокія маштабы, становіцца гісторыяй народа. 

І вось праз шмат гадоў Ясь, ужо дарослы чалавёк, думае пра бясконцасць сусвету і хуткаплыннасць зямнога жыцця. «Я хацеў бы, каб гэта быў сон. Але гэта не сон. Не, не сон. Гэта – праўда». Словы тыя ж самыя, што на пачатку. Дабаўлены апошні сказ: «Гэта – праўда». 

«Чужое неба» (1969–1973) 

Для Б. Сачанкі, яго «вывучэння» жыцця, духоўнага росту і сталення вельмі істотнае значэнне мелі два гады жыцця ў Нямеччыне. Гэта цэлая гісторыя – выгнанне, жыццё і праца ў няволі на чужыне, вяртанне, водгалас усяго гэтага ў пазнейшыя гады.  

Тэма «чужога неба» прысутнічае, па сутнасці, ва ўсёй творчасці Сачанкі, насычае яе драматызмам, сумам і роздумам. Але ў рамане «Чужое неба» гэты матыў – вядучы.  

Як Антэй, дакрануўшыся маці-Зямлі, набіраўся новых сіл, так і я, наведаўшы родныя мясціны, гаюся, на доўгі час пазбываюся сноў… 

Сноў свайго трывожнага, абпаленага нягодамі маленства…  

Словамі гэтымі канчаецца раман. Яны перадаюць сэнс таго, што ўсё жыццё і, магчыма, асабліва тады, калі пісаўся гэты твор, хвалявала душу пісьменніка і пра што ён хацеў абавязкова распавесці. Распавесці дзеля таго, каб скінуць цяжар з душы, вызваліць памяць ад пакутлівых успамінаў. «Чужое неба» – кніга пра падзеі, звязаныя з вайной, пра падзеі, удзельнікам якіх быў сам пісьменнік у дзяцінстве, ва ўзросце 7–9 гадоў. 

А пачынаецца ён лірычнай навелай «Вёска майго маленства». Гэта ўсхваляванае апісанне роднага кута зямлі, бясконца дарагога як герою, гэтак і аўтару. Менавіта адсюль узнікае матыў роднага неба, які праходзіць праз усю кнігу. І менавіта гэты матыў надае твору аптымістычнае гучанне. 

Галоўны герой рамана Сымон Гарапашка разважае: 

У кожнага пакалення сваё жыццё, свая памяць. …Трэба кожнаму помніць сваё. Калі кожны будзе помніць сваё, усе разам будуць помніць усё.   

Так лічыў Сачанка. Калі чытаеш гэты твор, бачыш, як многа са свайго жыцця, са сваёй духоўнай біяграфіі аддаў ён герою рамана. Аддаў шчодра, але па-мастацку прадумана, мэтаскіравана. Адсюль у творы спалучэнне жыццёвай непасрэднасці, шчырасці і ідэйна-мастацкай цэласнасці.  

«Вузлы памяці» – такое жанравае вызначэнне даў Сачанка свайму рамну. Яно досыць дакладна перадае характар адбору і мастацкага асэнсавання жыццёвага матэрыялу. Сапраўды, «Чужое неба» – у пэўным сэнсе як бы шэраг самастойных твораў (навел), у аснове якіх пераважна ўспаміны Сымона Гарапашкі, яго родных і блізкіх, тыя вузлы, якія ў іх памяці навечна завязала вайна. 

Яднае ўсе ўспаміны, уводзіць іх у сістэму вобраз Сымона. Яму адрасаваны ўспаміны іншых герояў. Сымон знітоўвае гэтыя ўспаміны і перадае чытачу, надаючы ім адпаведнае эмацыянальнае асвятленне. А яшчэ, акрамя вобраза Сымона, яднае аобныя вузлы-ўспаміны ў адзінае цэлае галоўная тэма, ці хутчэй матыў – «чужое неба». Калі чытаеш  твор, яго назва набывае канкрэтнае напаўненне і адначасова сімвалічны сэнс. 

Дарослы Сымон Гарапашка, ужо выкладчык універсітэта, успамінае: 

Мне не было і васьмі гадоў, калі немцы спапялілі нашу Бароўку, а нас, яе насельнікаў, пагналі ў Нямеччыну.  

(Барысу Сачанку было крыху больш за 7 гадоў, калі яго вывезлі разам з бацькамі). 

Чужое неба было небам дзяцінства Гарапашкі. Далёка адышоў час вайны, шмат што змянілася ў жыцці Сымона, яго родных і знаёмых, у жыцці ўсёй краіны. Але след, які пакінула вайна, не знік. Вайну зноў і зноў успамінаюць усе, хто яе перажыў. Праўда, праз дзесяцігоддзі ўспаміны не такія вострыя, не такія балючыя, як раней, яны больш асэнсаваныя. Вось і Сымон Гарапашка разважае: 

Задумаюся – і мімаволі ўзнікае, паўстае тое даўняе, што адышло быццам у нябыт, і лепш было б, каб яно не толькі не паўтаралася, але нават і не ўспаміналася. Ды нічога не зробіш: чалавечая памяць –– нібы туга зматаны клубок нітак, пацягні за кончык – размотваецца ўвесь клубок.   

Сымон прыгадвае асобныя сцэны і эпізоды са свайго мінулага, тое, што ён сам перажыў ці пабачыў уласнымі вачыма, перадае ўспаміны іншых, імкнучыся захаваць іх непасрэднасць і шчырасць, – і перад чытачом узнікае выразная карціна тагачаснага штодзённага жыцця. Мы бачым як вайна калечыла душы не толькі тых, хто змагаўся са зброяй у руках, быў паранены ці застаўся інвалідам. Вайна калечыць чалавека і чалавечнасць наогул.  

Для герояў «Чужога неба» вайна не скончылася 9 траўня 1945 года. Яна назаўсёды парушыла іх лёсы. Вось дзядзька Мігай, былы сапёр. З-пад Гродна ён адступаў да Волгі, прайшоў усю вайну, наводзіў масты і пераправы. Ад Волгі з баямі дайшоў да Берліна. Шэсць разоў быў паранены. Вярнуўся, зрабіў на сваім селішчы буданчык і чакаў тут дзяцей і жонку. Але выпадкова даведаўся, што сям’я загінула, і тады назаўсёды пакінуў родную вёску.  

А бацьку Сымона Гарапашкі пасля вяртання з Нямеччыны некалькі разоў выклікалі на допыты ў раённы адзел МДБ: нехта сказаў, што быў ён шпіёнам. Вяртаўся «бацька заўсёды злосны, знерваваны і, бывала, цэлымі суткамі ні з кім ні пра што не гаварыў, нават з маткаю. Замыкаўся ў сабе і рабіўся сумны-сумны». Гісторыя хаджэнняў бацькі ў Ельнікі, так называўся раённы цэнтр у рамане (вельмі падобна на Хойнікі), напісана моцна. Дзеянне востра напружанае, тады як апісанне сціслае і дакладнае.  

Праўда ўсё ж перамагла. Але колькі нерваў гэта каштавала сям’і Гарапашкаў! 

«Чужое неба», пад якім прайшлі два гады дзяцінства, Сымон адчувае праз ўсё жыццё. Яго цяжар з гадамі памяншаецца, але не знікае. 

Ёсць тут і кантраст – сваё, роднае неба дзяцінства, неба Бацькаўшчыны. Яно чыстае, бла­кітнае і празрыстае. Паветрам гэтага не­ба на­поў­нены твор Сачанкі.  Маці Сымона, напа­кута­ваўшыся на чужыне, сэрцам і думкамі імк­нецца дадому: 

Хай галодныя, хай голыя – абы дома, на зямельцы сваёй, ля свайго поплава, пад сваім небам.  

Трылогія «Вялікі Лес» (1980, 1982, 1984) 

Сачанка прыблізна да сярэдзіны 80-х гадоў ХХ стагоддзя ўпарта асвойваў складаны жыццёвы матэрыял вайны. Здаецца, што Сачанка на працягу доўгага часу адчуваў незадавальненне ад нявычарпальнасці агромністага рэальнага матэрыялу, ад творчай неўвасобленасці найбольш поўнага і глыбокага асэнсавання трагічнага народнага досведу.  

Пры гэтым ён засяроджваў асаблівую ўвагу на тых падзеях, якія сталі часцінай яго ўласнага жыцця. Менавіта так можна патлумачыць з’яўленне найбольш буйнога твора пісьменніка – рамана «Вялікі Лес», над якім Сачанка працаваў у 70–80- я гады. Раман шмат у чым пераклікаецца з ваеннай трылогіяй Івана Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967) і «Сорак трэці» (1973). І як Навуменка схаваў свае родныя Васілевічы (ад якіх усяго некалькі дзясяткаў кіламетраў да радзімы Сачанкі) пад назвай Бацькавічы, так і аўтар трылогіі назву роднай вёскі «Вялікі Бор» перайначыў на «Вялікі лес». Родныя мясціны Сачанкі лёгка ўгадваюцца на працягу ўсяго твора, у апісанні хойніцкіх лясоў і балот, у постацях дзеючых асоб. 

Гэты вельмі ёмісты (больш за 1000 старонак!) мастацкі твор па задуме аўтара прэтэндаваў на сучасны эпас. Бо падзеі, выкладзенныя ў ім, ахопліваюць вялікі перыяд жыцця жыхароў палескай вёскі. Перш за ўсе – часы калектывізацыі, потым жорсткія гады «вялікага тэрору» сталінскага кіраўніцтва супраць уласнага народа, потым вайна з Германіяй.  

Раман «населены» разнастайнымі людзьмі. Пісьменнік даследуе маральны патэнцыял «вялі­калесаўцаў», іх жыццё, побыт і ўчынкі ў роз­ных сітуацыях. Перад чытачом праходзіць гале­рэя і станоўчых персанажаў – Мікалай і Іван Дарошкі, Васіль Кулага, Піліп, Параска, Косцік, і адмоўных – Яўхім Бабай, Змітро Шламак, Сцяпан Кухта… Паводзяць яны сябе ў адпаведнасці са сваімі характарамі. Сярод іх на першым плане – сям’я Дарошкаў.  

Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, быццам Сачанка імкнуўся ў сваім рамане паказаць вайну як усеагульны свядомы супраціў беларусаў акупантам. Але значна бліжэй да праўды тая адзнака, якую даў раману ў 1999 годзе англійскі даследчык Арнольд Макімілін ў сваёй манаграфіі, прысвечанай пасляваеннай беларускай літаратуры. Ён лічыць, што на першым плане ў Сачанкі – фаталізм вяскоўцаў. Макмілін піша:   

Адтуль можна прывесці некалькі прыкладаў для ілюстрацыі ягонага разумення фаталізму, уласцівага простым людзям перад тварам жудасных падзей 1941 года. Вось як гаворыць пра гэта адзін з персанажаў рамана – «аднавокі, худы, бы смерць, лысы Пецька», цыган: 

– Людзі! – крыкнуў апантана, нібы ў нейкім адчаі, ён. – Страшнае ўсіх нас чакае, таму і маўчаў я, хацеў упэўніцца, ці не памыляюся. Не, не памыляюся. Пасеялі хлеб, а есці яго не ўсе будуць, чорныя груганы наляцяць, і будуць хадзіць па дарогах і без дарог людаеды. Гарэць будуць хаты і гінуць дарослыя і дзеці. Але канец таму, як і ўсяму на свеце, прыйдзе: Груганоў-людаедаў пазбавімся. Набірайцеся ж цярплівасці. Цярплівасці і вытрым­кі!..  

А праз некалькі старонак Мікалай Дарошка, перажыўшы папярэднія трагедыі, разважае перад пачаткам вайны: 

Куля – сляпая, і ў вінаватага, і ў невінаватага цаляе. Дый разбярыся тады, хто вінаваты, хто невінаваты. Сёння здаецца, што праўда на баку етага, а заутра… Заўтра і сам не ведаеш, дзе праўда, дзе няпраўда. Дый не пытае ніхто ў цябе вельмі волі твае, камандуюць толькі. Рабі, што загадваюць. Не паслухаешся – значыць, вораг. У каго вінтоўка, у таго і сіла, права. I каб хоць можна было ўбаку стаяць, рабіце што хочаце, толькі мяне не чапайце, дайце жыць, як я хачу. Не-е! За чубы схапіліся, і ты хапайся, памагай… I кожны хоча, каб памагаў яму. А ты… Ты не ведаеш, каму памагаць. Дый не хочаш у бойку ўстраваць, табе б пастаяць, паглядзець, як б’юцца, насы адзін аднаму квасяць, юшку пускаюць. О-хо-хо!

Калі б Сачанка зрабіў народную ідэю фаталізму стрыжнёвай у сваім рамане, магчыма, што у яго атрымаўся б сапраўдны беларускі «раман стагоддзя». Але яму моцна перашкаджала галоўнае патрабаванне сацыялістычнага рэалізму – паказваць не тое, што было ў рэальнасці, а тое, што павінна было быць з пункту гледжання ідэалогіі. Таму ён абмежаваўся дэманстрацыяй сялянскай учэпістасці людзей розных індывідуальнасцей і розных лёсаў, у тым ліку трагічных, па якіх цяжкім катком прайшоўся нялітасцівы час.  

І менавіта таму Сачанка нярэдка «зрываецца» на схематызм, нават капіраванне. Так, у вобразе Мікалая Дарошкі дасведчаны чытач лёгка пазнае рысы Васіля Дзяцела з «Палескай хронікі» Iвана Мележа. А Іван Дарошка падобны да Міканора з той жа мележаўскай «Хронікі». Яўхім Бабай – традыцыйны паліцай, якім яго заўсёды паказвала беларуская савецкая літаратура і вобраз якога з гэтай прычыны заўсёды быў далёкі ад рэальнасці.  

На жаль, трылогію нельга залічыць у катэгорыю творчай удачы пісьменніка. Твор атрымаўся досыць схематычны. У ім шмат апісанняў ды разважанняў, але мала псіхалагізму. Адна з мэт, якую імкнуўся дасягнуць аўтар, заключалася ў тым, каб дабіцца ў рамане вялікага псіхалагічнага напружання. Дзеля гэтага ён ставіў сваіх герояў у вельмі цяжкія абставіны, каб да канца раскрыць меру чалавечага ў чалавеку. Не атрымалася.  

Між жадання аўтара атрымалася іншае: добра паказана (хутчэй за ўсе, несвядома), што звычайны чалавек усяго толькі цацка ў руках тупой таталітарнай сілы (не мае значэння, ці то савецкай, ці то нацыстаўскай), якая бязлітасна гуляе з яго лёсам.  

*** 

Хаця сябра Сачанкі, літаратурны «начальнік» і праўладны крытык Серафім Андраюк (1933 г.н.) пеў дыфірамбы ў адрас трылогіі, гэта не дапамагло. Раман «Вялікі лес» не стаў з’явай у нацыянальнай літаратуры. Вось што пісаў у 1998 годзе літаратуразнаўца Генадзь Шупенька (1936–2010): 

Ці трэба нават па самай вялікай дружбе і, мажліва, па нейкай незразумелай шчырай перакананасці, але без самых элементарных доказаў, без ніякага мастацкага аналізу сцвярджаць, што раман «Вялікі Лес» заняў сваё належнае месца ў літаратуры, знайшоў свайго шматлікага чытача, стаў прыкметнай вяхой на творчым шляху самога празаіка» (як сцвярджаў С. Андраюк). 

I вось, раз ужо асмеліўся выказацца шчыра па балючаму для многіх у нашай літаратуры, а не толькі для прозы Івана Чыгрынава і Барыса Сачанкі, пытанню, то куды ж падзецца?.. 

Бяру раман «Вялікі Лес» у нашай бібліятэцы, дзе столькі выдавецтваў, дзе, здавалася б, столькі зацікаўленых нашай літаратурай людзей. Кніга выйшла ў свет у 1993 годзе. Пачынаю гартаць. А яна не гартаецца – трэба разразаць многія старонкі…  

Ну што ж… Разразаю, чытаю… Хоць адразу выяўляецца, што гэта не новыя «Людзі на балоце», але спрабую ўчытацца. 

Але чым далей чытаю, то ўсё менш і менш чую жывыя, непаўторныя галасы – усюды, у самых «інтымных» маналогах абстрактны голас аўтара, нейкі пераказ накшталт такога: 

«Думаў – усё, не зможа жыць з жонкаю, у той жа дзень выганіць з хаты. Аж нейкая сіла стрымала яго, не дала гневу да канца выліцца. Мо думка тая, што апомніцца Клаўдзя, не будзе з Грышкам ды іншымі мужчынами блытацца. Але дзе там! Нездарма ж кажуць: лёгка ўсё пачынаецца, ды нялёгка канчаецца. Яшчэ нахапляў Піліп сваю жонку з мужчынамі: і ў полі, і ў капе саломы, і ў лесе, і ў ягадніку, і нават неяк у хляве сваім, на сене… Дзівіла Піліпа адно, і не толькі яго, Піліпа, Клаўдзі мала, але і Грышы, хоць той… 

Хадзіў Піліп да Грышкавай жонкі Анюты, расказваў ёй, што муж вытварае, чым займаецца. Але Анюце тое не навіна была – ведала, даўно, даўно ўсё ведала. Урэзоніць жа мужа, спыніць заляцанні да чужых жонак не магла».  

Далей чытаць расхацелася. Позна ўжо «урезониваться» ў такім узросце такой «пераканаўчай» прозаю… Тысячы слоў у мастацкай прозе ніколі не заменяць адзіна неабходнага ў пэўным кантэксце дакладнага слова, якое б змагло ўзнавіць натуральны чалавечы «жэст» у прапанаваных аўтарам абставінах, паказаць хай сабе самую маленькую рысачку ў абліччы і характары менавіта «гэтага» чалавека, намаляваць выпукла, з дастатковай сілай эмацыянальнага ўнушэння якую-небудзь дэталь, якая імгненнна ажывіла б усё тое, пра што нам так доўга, ці бясстрасна-спакойна, ці нібыта ўзрушана пераказваюць. 

Усе, нават «чыста аўтарскія» апісанні не могуць у мастацкай прозе ісці па-за вобразам, па-за чалавекам, чыімі вачыма мы на ўсё глядзім… Патрэбен, паўтараю, кожны раз дакладны, праўдзівы і ў вобразна-пластычным і ў эмацыянальна-псіхалагічным плане моўны «жэст». 

Нават той жа Серафім Андраюк у 2016 годзе вымушаны быў адзначыць:  

«Гэтае агульнае цэласнае тагачаснае бачанне, успрыманне мінулага пісьменніку трэба было па-мастацку ўвасобіць – зняць з душы, забраць з памяці. Але на ўзроўні ведаў гадоў напісання твора, тагачаснага ўсведамлення мінулага (выдзяленне рэдактара). Захацелася карціну мінулага ўзбагаціць, пашырыць, падзеі разгарнуць. Праўда, дзесьці атрымалася так, што моманты пашырэння і разгортвання не насычаліся надзейна эмацыянальна, арганічна слаба ўваходзілі ў свет Вялікага Лесу». 

Ад рэдактара

Між волі параўноўваеш гэту прэтэнзію на эпас з раманам Кнута Гамсуна «Сокі зямлі» (1917) – сапраўдным сучасным эпасам, за які нарвежскі пісьменнік атрымаў у 1920 годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры. 

Раман распавядае пра жыццё нарвежскіх сялян, якія захавалі ва ўмовах ХХ стагоддзя адвечную прыхільнасць да зямлі і народныя традыцыі. Гэта кніга – праўдзівы гімн людзям, якія працуюць на зямлі. Гамсун не ідэалізуе сваіх герояў, ён любуецца іх добрымі якасцямі і недахопамі, іх сілай і слабасцямі. І такая пазіцыя толькі ўзмацняе ўражанне ад гэтага маштабнага твора. 

Гамсун перакананы, што сокі зямлі сілкуюць толькі тых, хто захоўвае вернасць ёй. Без усякай публіцыстыкі, чыста мастацкімі сродкамі, ён праводзіць сваю думку: людзі, якія захоўваюць вернасць зямлі, цвёрда пераносяць усе жыццёвыя нягоды і выпрабаванні. А тыя, хто адрываецца ад роднай глебы, становяцца няшчаснымі людзьмі. 

Прыкладна тое ж самае, хай на матэрыяле іншай краіны і эпохі, мог бы зрабіць Сачанка. Але не зрабіў. Як пазначана вышэй, галоўнай перашкодай для яго сталі ідэі камуністычнай ідэалогіі. А ісці па шляху дысідэнтаў Сачанка катэгарычна не жадаў.     

Творы маральна-этычнага зместу

«Не на той вуліцы» (1970) 

Гэта адна з найлепшых Сачанкавых аповесцяў. Тут ён адным з першых у беларускай савецкай літаратуры зрабіў сваімі героямі пісьменнікаў, то бок – калегаў па цэху. У ёй два галоўныя персанажы – памёрлы Язэп Тарасюк ды малады літаратар Адам Калінка.  

Тарасюк – былы «начальнік абшчапіту» і графаман, якога, тым не менш, рэгулярна друкавалі салідныя часопісы і выдавецтвы. Перш за ўсё дзякуючы ягонаму «танкаваму наступу» на рэдактараў і рэдакцыі. У той момант, калі адбываецца дзеянне аповесці, Тарасюк ужо нябожчык. Але ён пакінуў  велізарную спадчыну ў выглядзе надрукаваных твораў і цэлай гары рукапісаў. Ягоная ўдава сур’ёзна спадзяецца, што гэты хлам патрабуе аналізу і вывучэння. Бо яна добра памятае словы свайго мужа: 

Што, калі сур’ёзна падысці, напісаў Гогаль? П’еска, аповесць, раман… А эпапэя ёсць у яго? Ага, то-та ж… Эпапэя ёсць у Л. Талстога, М. Шолахава і ў… мяне!» 

І вось воляю лёсу, а таксама свайго ўласнага імкнення ва ўсім разабрацца Адам Калінка пачынае вывучаць прадукцыю Тарасюка. Раней Калін­ка выпраляў ягоныя раманы каб хоць крыху паз­бавіць іх ад літаратурных штампаў ды газетнай мовы. А цяпер ён ходзіць у набітую кнігамі кватэру Тарасюка побач з мінскім ГУМам і спрабуе зразумець: як гэты малаадукаваны графаман, не меўшы таленту, зрабіўся прызнаным пісьменнікам? 

Перш за ўсё ён высвятляе, што да ўласнай бібліятэкі Тарасюк ніколі не дакранаўся. Увесь час займала праца ды войны з крытыкамі. 

Потым ён разумее, што і псіхалагічна ўва­саб­ляцца ў сваіх герояў Тарасюк не мог. У аповесці Сачанка піша, што пісьменнік – гэта чалавек, які здольны да кахання, забойства, крадзяжу. Не ў тым сэнсе, што ён на самой справе калі-небудзь гэта зробіць. Сапраўдны пісьменнік можа адчуваць тое, што адчувае закаханы, забойца ці злодзей. Тарасюк такога адчування ніколі не меў і намагаўся кампенсаваць яго адсутнасць неверагоднай працавітасцю. І вось гэтая працавітасць затыкала рот самым заўзятым крытыкам. 

Зразумеўшы гэта, Калінка робіць алегарычную выснову: Тарасюк жыў «не на той вуліцы». А вось калі б жыў «на сваёй», ён бы заслужыў павагу, прынёс бы карысць і тым, хто знаходзіўся побач з ім, і грамадству. 

Адзначым цікавую выснову, якую зрабіў з гэтай аповесці вядомы пісьменнік Альгерд Бахарэвіч: 

Цяперашнія прыкарытныя пісьменнікі ня надта пераймаюцца з такіх нагодаў, як абраныя імі «вуліцы». Вось жа, у сучаснай Беларусі цэлы саюз пісьменнікаў, кіраваны Тарасюкамі, заняў не сваю – і выпісвацца не збіраецца.  

«Мара» (1971) 

Герой апавядання – навуковец Раман Пятровіч. Ён жыве запаветнай марай – «дачакацца, дажыць да тых дзён, калі… можна будзе махнуць на ўсё рукою і паехаць у вёску, паехаць не на дзень, не на два, а навечна, назусім».  

Навошта? Там можна будзе глядзець на неба, «на тыя воблакі, што ўсё некуды плывуць і плывуць», слухаць, «як пакалыхваюцца, шумяць дрэвы ці булькоча, бяжыць вада ў рачулцы, як заліваецца недзе ў кустах салавей ці крумкаюць у балацявіне жабы». Там не будзе штодзённай мітусні, не трэба будзе хлусіць ні сабе, ні іншым, не будзе непатрэбных пасяджэнняў і абмеркаванняў, узгадненняў і ўдакладненняў: 

I сходаў не будзе, не будзе той барацьбы, змагання за пасады, аўтарытэт, іншую злыбяду ды халеру. 

Раман Пятровіч моцна адчувае, што жыве не так як трэба, робіць не тое, што мог бы зрабіць. Ён хоча чагосьці сапраўднага, што давала б паўнату адчування жыцця, душэўнае задавальненне, унутраную раўнавагу. І яшчэ ён ведае закон прыроды: калі тое, што ты зрабіў, дае табе сапраўднае задавальненне і радасць, такое ж задавальненне і радасць атрымаюць іншыя людзі.  

Але мара Рамана Пятровіча не здзейснілася. Ён памірае ад вострага сардэчнага прыступу. Памірае, не зрабіўшы таго, што было яму наканавана лёсам, не атрымаўшы задавальнення сам і не даўшы радасці іншым людзям. 

Таму і жыццё Рамана Пятровіча пададзена ў агульных неакрэсленых рысах. Ён сам не можа прыгадаць сабе, што значнага зрабіў у жыцці. Бо ўсё рабіў як нешта другараднае, усё чакаў калі з’явіцца магчымасць жыць напоўніцу і так, як трэба. Але гэта другараднае, несапраўднае, забірала ўвесь час, усю творчую энергію. І заставалася толькі мара. 

«Соль» (1971)  

Зўсім іншае жыццё ў селяніна Трахіма ў гэтым апавяданні. Жыў ён быццам не думаючы, бо так званая «рэфлексія» – для добра адукаваных інтэлектуалаў. 

Але пражыў ён шмат і зрабіў нямала. Вёў яго па жыцці інстынкт сумленнага, працавітага чалавека, які робіць дабро іншым не думаючы, таму што бо гэта яго ўнутраная патрэба. А само жыццё сугукчна рытму ўсяго наваколля – і прыроды, і людзей. 

У апавяданні Трахім жыве апошнія дні і сам адчувае гэта як нейкую няўцямную тугу:  

Здавалася іншы раз, што не ўсё яшчэ зроблена, не ўсяму дадзены надзейны лад, не ўсё спазнана, перажыта, і наперадзе чакае яго нешта незвычайнае, дзеля чаго ён і нараджаўся, дзеля чаго і жыў, кіўляў гэтулькі год. 

Смерць сустракае яго за справай знешне нязначнай, але патрэбнай для іншых. Трахім вязе соль калгаснікам, якія паехалі касіць, і па дарозе памірае. Памірае на працы, робячы як заўсёды добрае для іншых. У апошнія хвіліны жыцця, у паўзабыцці, Трахім думае, што недарэмна пражыў сваё жыццё. У вёсцы стаіць зрубленая яго рукамі хата, расце пасаджаны ім сад… У горадзе жыве яго сын Раман і ўнук Артурык… 

Паднімаецца ўгору, імкнецца да сонца пасаджаны таксама яго, Трахімавымі, рукамі хвойнік. А колькі пахадзіў ён за плугам? Колькі змалаціў збажыны, нарыхтаваў сена, памалоў зерня, колькі пасвіў кароў?! I няма тут нічога незвычайнага. Звычайнае жыццё звычайнага чалавека, селяніна-працаўніка. Затое якая жыццёвая моц, натуральнасць, пэўнасць! 

Як бачым, апавяданні «Мара» і «Соль» падобныя жыццёвай сітуацыяй, але адрозныя яе вырашэннем. Можна нават правесці паралель з ідэяй таго ж Гамсуна пра сокі зямлі. Трахім застаўся на роднай зямлі і таму ён не расчараваны. Як біблейскі Іоў, ён памірае «насычаны днямі». А Раман Пятровіч не зрабіў таго сапраўднага, пра што марыў і да чаго быў здольны.

«Запіскі Занядбайлы» (1974)  

З’ява, якой прысвечаны і супраць якой скіраваны гэты твор, была, ёсць і заўсёды будзе ў жыцці грамадства. Імя ёй – спажывецкія адносіны асобы да наваколля і да сябе самога.  

Чалавек, пазбаўлены духоўных памкненняў, не толькі згублены для грамадства, але і асабіста абкрадзены. Менавіта такі чалавек Сцяпан Замошка, які дажывае апошнія дні жыцця ў пры­морскім санаторыі, а ў сваіх запісках хаваецца пад псеўданімам Занядбайла. У яго няма моцнага ўнутранага стрыжня, жыццёвай пэўнасці і ўстойлівасці. Праз усё жыццё ён быў падуладны непасрэдным абставінам, больш за тое, усяляк намагаўся выкарыстаць гэтыя абставіны дзеля сваіх асабістых дробных інтарэсаў. 

Гэта прыстасаванец на ўсе часы. Асноўны сродак яго ўзаемаадносін з грамадствам і з іншымі людзьмі – дэмагогія, спекуляцыя высокімі словамі, гульня ў шчырасць і даверлівасць.  

Убачыўшы наперадзе твар непазбежнай смер­ці, ён канчаткова страціў упэўненасць, цалкам разгубіўся і пачаў натаваць у сваім сшытку ўпадніцкія вершы ў прозе. Напрыклад, такія: 

У калыску кладуць нас, калі нараджаемся на свет гэты… 

У калыску-труну кладуць нас і тады, калі паміраем, адыходзіім на свет той…     

І куды, куды плывем у гэтых калысках – нашых адвечных караблях?.. 

Адказ на рытарычнае пытанне відавочны: па замкнёнаму колу. Бо для такіх як Замошка-Занядбайла ніякага вышэйшага сэнса ў жыцці няма. Яны жывуць выключна для сябе, а чалавек павінен жыць яшчэ і для іншых, бо такі закон і Божы, і чалавечы.   

*** 

Сачанка надаваў асаблівае значэнне апавяданням «Не на той вуліцы», «Соль» і «Запіскі Занядбайлы». Бо тут ён адкрыта выклаў сваю грамадзянскую пазіцыю. Ён нібы спадзяваўся на непасрэдную жыццёвую рэакцыю чытача, на прамы станоўчы вынік. Але памыляўся. Бо аб’ектыўныя законы мастацтва не супадаюць з суб’ектыўнымі жаданнямі творцаў. 

Дарэмна звяртаць увагу людзей, ахопленых настроямі прыстасавання ды спажывецкімі імкненнямі на апаснасць для іх душы такіх адносінаў да жыцця. Бо акрамя ўсмешкі, ніякай іншай рэакцыі на падобныя заклікі не будзе. І што такое душа? Ненавуковае паняцце!     

«Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1975)

Праблему глабальных і разам з тым вельмі канкрэтных (на штодзённым, побытавым узроўні) узаемаадносін чалавека з навакольным светам прыроды Сачанка добра паказаў у адным з лепшых сваіх апавяданняў. 

У гэтым творы аўтар тактоўна, неназойліва, усім эмацыянальным ладам і мастацкай логікай сцвярджаў думку, што ўсялякая жорсткасць чалавека ў адносінах да жывога і нежывога навакольнага свету выклікае жорсткасць у адказ, парушае ўсталяваную ў свеце раўнавагу. Бо за тысячагоддзі людзі выпрацавалі пэўныя законы натуральнай раўнавагі ва ўзаемаадносінах з прыродай. Усялякае парушэнне гэтае раўнавагі адразу ж негатыўна адбіваецца на чалавеку. Думка сама па сабе не такая ўжо і новая. Але ў мастацтве мае сэнс і кошт яе канкрэтнае мастацкае ўвасабленне.  

Засвоеныя з дзяцінства народныя адносіны да жыцця, да ўсяго навакольнага свету прыроды былі ўласцівы пісьменніку.  

Таму ён успрымаў як трагедыю вялікую супярэчнасць паміж традыцыйным (чытай, сялянскім) ладам чалавечага жыцця і тэхнічным прагрэсам, які нішчыць прыроду.   

Добра напісаў пра гэту аповесць Генадзь Шупенька:  

Калі б ён выдаў адну толькі кнігу «Ваўчыца з Чортавай Ямы», то і тады б застаўся ў гісторыі нашай літаратуры назаўсёды. 

Сучасныя нашы «творцы-мадэрністы» ўхмыль­нуцца: «Знайшоў прозу!..» Але ж хіба гэта не проза, хоць і напісана так «па-даўнейшаму»?.. 

…Іван раптам разгубіўся, хвілін колькі не ведаў, што рабіць, не верыў вачам сваім – ля камля нешта варушылася жывое.  

«Няўжо вожык?» 

Падышоў бліжэй – не, не вожык. Хутчэй сабачаня. А, можа, лісяня? 

Нагнуўся, узяў цёпленькае, пухнаценькае, з чорнаю палосачкаю на спіне, бледна-жоўтае, з нашашэранай поўсцю на галаве, тупамордае звераня на руку, намагаючыся адгадаць, хто гэта усё ж – сабачаня ці лісяня. А мо ваўчаня. Малых ні лісянят, ні ваўчанят Іван ніколі не бачыў. Неяк, хоць і жыў у лесе, не давялося бачыць. Таму цяпер, трымаючы ў сваіх руках цёпленькі жывы клубочак і разглядаючы яго, Іван нічога пэўнага не мог сказаць – лісяня гэта ці ваўчаня, тым болей, што звераня было зусім маленькае, нават вочкі ў яго яшчэ не прарэзаліся. Яно, звераня, тыцкалася халодным носікам у далонь, шукала чагось бяззубым ротам – ці не цыцкі. Злавіўшы палец, начало прагна ссаць… 

…Дома, у хаце, маці не было, і Іван, развязаўшы пасцілку, нейкі час любаваўся ваўчаняткамі – глядзеў, як яны нясмела, абнюхваючы кожную маснічыну, поўзалі па падлозе, а асвойтаўшыся, пачалі дурэць куляліся, вурчалі, спрабавалі адно аднаго кусаць. Калі ваўчаняты пастамляліся і, як здалося Івану, захацелі есці, ён пайшоў у камору, узяў гладыш малака, наліў у сподачак. Тыцнуў адно, другое ваўчаня пыскаю ў малако. Ваўчаняты зафыркалі, потым язычкамі пачалі аблізваць пыскі… 

Дай Бог кожнаму з тых нашых, што не гавораць на роднай мове, а «мовяць», так пісаць!.. 

 На жаль, усе значныя пераўтварэнні ніколі не абыходзяцца для чалавека без болю і страт. Як вядома, Чарнобыльская катастрофа адбылася ў красавіку 1986 года. Аповесць «Ваўчыца з Чортавай Ямы» была напісана на 11 гадоў раней. Але пасля Чарнобыля яна ўспрымаецца па асабліваму. У ёй адчуваецца подых таго страшнага, што адбылося і можа зноў адбыцца ў іншых мясцінах.  

«Родны кут» (1989)   

Адзін з апошніх твораў пісьменніка. Праблема суіснавання горада і вёскі, а таксама лёс вясковага чалавека, адарванага ад роднага кута, ад «малой радзімы» – гэта адвечная тэма многіх беларускіх пісьменнікаў. 

Галоўны герой твора Сачанкі – Андрэй, звычайны партыйны функцыянер, які зрабіў добрую кар’еру дзякуючы ўдаламу шлюбу з дачкой высокапастаўленага чыноўніка. Здаецца, усё ў яго ёсць – і салідная пасада, і кар’ерны рост, і любячая жонка. Але нечага яму не хапае, нешта – магчыма тое што называецца сумленне – не дае яму спакою. Неяк не так ён жыве як трэба. Нешта не тое зрабіў ён у сваім жыцці… Герой аповесці спрабуе супакоіць сябе: 

А ён жа, Андрэй, калі жаніўся, не думаў ні пра якія выгоды – проста падабалася яму Аліна, тады Алачка, Ала, і ўсё.  

Але выхада не знаходзіць і толькі тады супакойваецца, калі прымае рашэнне ўсё кінуць – кар’еру, горад,  жонку і …з’ехаць у родную вёску, якая трапіла ў зону радыеактыўнага забруджання. 

І думкі вярнуліся зноў да таго, чым жыў, пра што думаў усе апошнія дні, – да Палесся, да таго, як памагчы людзям, выратаваць іх ад нябачнай смерці.  

Паеду туды, буду рабіць, што ў маіх сілах. Справай буду займацца. Як Іван, як іншыя. Карыснай, патрэбнай справай…   

Тэма гісторыі Беларусі і беларускай культуры

У твopчacцi і грамадскай дзейнасці Сaчaнкi вывучэнне гicтopыі айчыны aдыгpала вeльмi знaчнyю poлю. Ён быў упэўнены, што для добрага разумення сучаснасці, вызначэння перспектыўных шляхоў у будучыню патрэбна мець грунтоўныя веды аб мінулым – і старажытным, і сярэднявечным, і XIX–ХХ стагоддзяў.    

А ў нашай гістарыяграфіі савецкіх часоў было вельмі шмат схванага, заблытанага, памылковага, палітычна тэндэнцыйнага. Усё гэта не дазваляла беларусам правільна арыентавацца ў сваім гістарычным мінулым, вызначыць сваё ўстойлівае месца ў геапалітычнай прасторы. 

Выступаючы на Х з’ездзе Саюза пісьменнікаў БССР у красавіку 1990 года, Сачанка сказаў: 

Мы, беларусы, шчаслівыя і разам з тым няшчасныя людзі. Шчаслівыя, бо ў нас, як у большасці народаў, ёсць свая зямля, свая мова, свая культура, сваё мінулае і сваё будучае. Няшчасныя, бо, маючы, здаецца, усё, што трэба, мы тым не менш не мелі цягам стагоддзяў сваёй дзяржаўнасці. І не мелі не таму, што не дараслі да яе ці не хацелі, а таму, што як пісаў Якуб Колас: 

Тут схадзіліся плямёны 

Спрэчкі сілаю канчаць, 

Каб багата адароны 

Мілы край наш зваяваць. 

А нас цяжка ў сэрца раніць, 

Пад прыгон узяць навек, 

Нашы скарбы апаганіць, 

Душу вынесці на здзек. 

Аб у віры той ашукіт 

Знішчыць нашы ўсе сляды, 

Каб не ведалі і ўнукі, 

Хто такія іх дзяды. 

І кожны, хто прыходзіў з агнём і мячом на нашлу зямлю, прыносіў сюды і свае парадкі, імкнуўся, калі не фізічна знішчыць нас, дык духоўна. 

Таму пачатак новага нацыянальнага адраджэння патрабаваў не толькі збірання і яднання ўсіх нацыянальна свядомых грамадзян, але і пошуку нашых гістарычных асноў.  

Тагачаснае выкладанне гісторыі ў сярэдняй і вышэйшай школе было аднабаковым. Тыя факты, на падставе якіх рабіліся ў падручніках пэўныя гістарычныя вывады, былі падабраны тэндэнцыйна. Каб паверыць у новыя высновы, патрэбны былі факты. Факты, раней нам невядомыя ці адмыслова ўтойваныя. Гэта быў адзін з самых істотных, самых актуальных аспектаў грамадскай дзейнасці ў 80 і 90-я гады. Сачанка добра гэта ўсведамляў і самааддана працаваў у належным кірунку. 

Якраз у перыяд так званай «перабудовы» і пачатку нацыянальнага адраджэння на Беларусі ён пісаў пра невядомыя ці то мала вядомыя старонкі жыцця і творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, пра жыццё і творчасць Францішка Скарыны і Януша Радзівіла, Мітрафана Доўнар-Запольскага і Вацлава Ластоўскага, Алеся Гаруна і Казіміра Сваяка, Уладзіміра Жылкі і Язэпа Лёсіка, Ларысы Геніюш і Уладзіміра Клішэвіча, пра Міхаіла Мураўёва («вешальніка») і літаратурнага ката Лукаша Бэндэ… 

Усе гэтыя творы адкрыта публіцыстычныя і эмацыянальныя. Аднак іх публіцыстычнасць грунтуецца на багатым фактычным матэрыяле, іх эмацыянальны лад вывераны і ўзмоцнены рэальнымі гістарычнымі фактамі.  

«Зямля маіх продкаў» (1964) 

Сачанка імкнуўся перадаць іншым сваё разуменне драматычнай гісторыі Беларусі, і перш за ўсё роднага Палесся, яе народа, яго пастаянных высілкаў выжыць. Таму ў зборніку мы бачым вялікі нарыс «Зямля маіх продкаў», палескую быль «Агліцкая сталь», аповеды «Дыярыуш Мацея Белановіча» і «Дзік-бадзяга».   

У аснове іх падзеі (рэальныя ці выдуманыя), якія адбываліся на Палессі. Прырода ў іх – палеская, насычаная водарам балот і лясоў, людзі – з адметнай паляшуцкай псіхалогіяй, з глыбокім арыгінальным розумам; сваімі адметнымі традцыцыямі ды звычаямі.  

Зборнік пачынаецца нарысам амаль пад такой самай назвай, які апявае сучаснае і мінулае Палесся. Аўтар стварыў узнёслы і прачулы гімн прыгажосці палескай прыроды, а яшчэ заклікаў памятаць вялікіх людзей мінулага, напрыклад, вядомага прапаведніка і тэолага Кірылу з Турава (жыў у XII стагоддзі):  

Пaдapoжны, cкiнь шaпкy i нiзкa пaклaнicя зямлi, якaя ўзгaдaвaлa тaкoгa cынa нe тoлькi дзeля cлaвы cвaйгo гopaдa… Пa гэтaй зямлi ён xaдзiў, тyт ён дyмaў, тyт cклaдaў cвae cлaвyтыя пpoпaвeдзi, дзякyючы якiм ягo iнaкш пpы жыццi i нe звaлi як «Злaтoycт, пaчe вcex вoccиявший нaм нa Рycи». Тyт ён, яшчэ юнaкoм, пacтpыгcя ў мaнaxi i тaк зaxaпiўcя acкeтычным жыццём, штo пaпpaciў зaмypaвaць cябe ў мaнacтыpcкaй вeжы i тaм yaдзiнoцe aддaўcя пocтy i лiтapaтypнaй дзeйнacцi… Гyчaць i cёння cлoвы нaйвялiкшaгa мyдpaцa Пaлeccя… Гyчaць i бyдyць гyчaць, пaкyль жывe Бeлapycь!  

«Па слядах Скарыны» (1989) 

Гэта своеасаблівы падарожны дзённік, прысвечаны жыццю і творчай дзейнасці першадрукара за межамі Бацькаўшчыны. Досыць падрабязна расказваецца перш за ўсё пра лёс Скарыны, звязаны з гэтым славутым горадам. Аднак наведванне Скарынавых мясцін дало магчымасць аўтару гаварыць не толькі пра Скарыну, але і пра тых, хто ўжо значна пазней быў вымушаны і меў магчымасць там жыць і працаваць. 

Асабліва вялікая калонія беларусаў жыла ў Празе на пачатку дваццатых гадоў нашага стагоддзя. Чэшскі ўрад спачуваў беларусам, дапамагаў, нават выдзеліў некалькі стыпендый. Можа, таму, што чэхі ведалі, як цяжка ідзе адраджэнне народа – прайшлі ж самі праз гэта.   

Наведванне бібліятэк і могілак зноў жа вы­клі­кае ў Сачанкі згадкі пра тых сыноў і дачок зямлі беларускай (палітычных дзеячаў, людзей літаратуры і мастацтва), хто знайшоў там гасцінны прытулак у першай палове XX стагоддзя.   

«Здраднік» (1989), «Доўнар-Запольскі» (1990) 

Нарысы ўяўляюць сабою своеасаблівыя жыц­цяпісы: першы пра Януша Радзівіла (1612–1655), гетмана Вялікага Княства Літоўскага, другі пра гісторыка Мітрафана Доўнара-Запольскага (1867–1934), «шырока вядомага ў свой час і на Укра­іне, і ў Расіі, і ў Беларусі вучонага і педагога». 

Фігуры гэтыя цікавяць пісьменніка не толькі самі па сабе, але перш за ўсё ў сувязі з тымі рэальнымі гістарычнымі працэсамі, што выразна суадносіліся з дзяржаўным і нацыянальным самавызначэннем нашага народа. Увесь змест гэтых твораў праецыраваны на сучаснасць. 

Увогуле трэба зазначыць, што ўся публі­цыс­тычная творчасць Сачанкі ішла ад сучаснасці, была народжана ёю, і натхнялася ёю. Бо адносна спакойна, неўсхвалявана, з халодным розумам і з халодным сэрцам пісаць пра такія рэчы ў той час было нельга. Таму ў гэтых аналітычных нарысах, маючых цытаты з дакументаў, эмацыянальны лад вызначае публіцыстычнасць. 

«Бэндэ: 30-я гады ў абліччах і дакументах» (1988) 

Лукаш Бендэ (1903–1961) з’яўляецца фігурай, якая ўвасабляе сталінскую эпоху на Беларусі, яе палітычную і духоўную сутнасць. Ён прадукт таго часу, і яго актыўны творца, увасабленне его зместу і сутнасці. Часу злоснага палітыканства, ананімных даносаў, ілжівых паклёпаў, беспад­стаўных абвінавачанняў, масавых арыштаў і за­бойстваў.  

Бендэ быў не адзін, досыць узгадаць яго су­часнікаў і паплечнікаў Алеся (Айзіка) Кучара, Сямёна Вальфсона, Арэста Канакоціна, Рувіма Выдру, Іларыёна Барашку… Але Бендэ найбольш поўна і ярка ўвасабляў той крывава-змрочны час. І вельмі актыўна дзейнічаў. 

Сачанка багата выкарыстаў дакументы і факты. Ён паказаў вынікі дзейнасці Бендэ і кампаніі. Яны жахлівыя. У канцы нарыса аўтар даў спіс беларускіх пісьменнікаў, якія «ў гады Сталіна арыштоўваліся, высылаліся, сядзелі ў турмах і лагерах, былі растраляны». Іх 66. Толькі некалькі з іх вярнуліся да дому пасля рэабілітацыі праз шмат гадоў. Яшчэ Сачанка адзначыў, што пасля 1937 года «ў складзе пісьменніцкай арганізацыі рэспублікі засталося менш за 40 чалвек». І назваў прозвішчы 38 літаратараў.  

Выснова гэтага поўнага болем твора адназначныя: пра мінулае трэба ведаць усю праўду, якой бы горкай яна ні была – каб будаваць годную будучыню, каб нармальна адчуваць сябе ў сучаснасці. Гэта неабходна і для ўсяго народа, і для кожнага асобнага чалавека. 

Міхаіл Мураўёў (1989)   

Дадатак «вешальнік» да прозвішча Мураўёва (1796–1866) быў прывязаны ў сувязі з падзеямі паўстання 1863 года. 

Але гэта толькі адзін момант яго біяграфіі, хаця і галоўны. Сачанка, спасылаючыся на шматлікія дакументы XIX ст., паслядоўна прасочвае як гэты «рабалепны нахабнік, выкрыты казнакрад – выкрывальнік злоўжыванняў, кат, інквізітар» (словы Аляксандра Герцэна, выдаўцы і рэдактара славутай газеты «Колокол»), з 1826 года паслядоўна і мэтанакіравана русіфікаваў наш край, вынішчаў усе праявы нацыянальнага жыцця. 

Менавіта па яго хадайніцтве імператар Мі­калай I выдаў 1 студзеня 1839 года загад аб адмене Статута ВКЛ і забароне карыстацца беларускай мовай у судах і афіцыйных установах. У тым жа годзе Мураўёў прапанаваў зачыніць Віленскі ўніверсітэт, у якім з 48 выкладчыкаў 36 былі беларусамі. Зноў жа па яго прапанове ў 1839 годзе была скасавана Унія, забаронены казанні на беларускай мове ў цэрквах. У 1840 годзе было забаронена афіцыйнае ўжыванне назваў Літва і Беларусь.   

Асабліва праявіў сябе Мураўёў у час паўстання 1863 года. Назначаны генерал-губерната­рам Ві­лен­скай губерні, ён жорстка распраўляўся з паўстанцамі і тымі, хто дапамагаў ім. З беларускіх фальваркаў, хутараў, вёсак і мястэчак было выслана больш за 5 тысяч чалавек, галоўным чынам шляхецкага стану, а 128 чалавек ён адправіў на шыбеніцу. Мураўёў наняў цэлую армію даносчыкаў. 

Мэтай яго дзейнасці было «обрусение» краю, каб навечна прыяднаць яго да Расіі. Сачанка, цытуючы афіцыйныя дакументы і сведчанні сучаснікаў, паказаў як усё гэта рабілася – нахабна, жорстка і цынічна.  

***

У сваёй публіцыстыцы Сачанка не адзін раз прыводзіў спісы вядомых людзей, што ў свой час прычынілся да культурнага жыцця нашага краю, да вывучэння яго гісторыі і традыцый. З іх асобамі шчыльна звязана гісторыя нашай літаратуры і мовы, краязнаўства і гістарыяграфіі. Гэтак, у «Думках уроссып» пералічаны Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Іван Насовіч, Еўдакім Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі, Адам Кіркор, Паўла Шпілеўскі, Пятро Бяссонаў, Аляксей Са­пуноў, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Мацей Лю­баўскі, Пятро Уладзіміраў, Яўхім Карскі, Аляксандр Сержпутоўскі, Міхаіл Федароўскі, Чэслаў Пяткевіч… 

Звяртаючыся да герояў беларускай гісторыі Сачанка не паўтараў за іншымі дыфірамбы, а выказваў свой погляд, адметны практычным зместам,  вельмі характэрным для яго. Вось прыклад: 

Нізка схіляю галаву перад мужнасцю Кастуся Каліноўскага, які аддаў жыццё дзеля беларускай справы, пайшоў на смерць, каб сваім подзвігам натхніць, павесці за сабою многіх. 

Але радуюся, што тым самым шляхам не пайшоў удзельнік паўстання 1863 года Францішак Багушэвіч. Паранены, ён перахаваўся, каб потым напісаць творы, якія панеслі далей у народ словы і мары Кастуся Каліноўскага.  

Не магу не прыгадаць адну з яго «Думак уроссып» (1989):  

Адламала галіну, на якой поўна зялёных яблыкаў. Я, як гэтая галіна. Поўна ва мне задум, якія прападуць са мною» (I. Мележ. «Дзённікі. Запісныя кніжкі»).  

Колькі іх, гэтых без пары адламаных галін… Ні ў адной, здаецца, літаратуры няма так многа, як у нашай беларускай… С. Палуян… Цётка… М. Багдановіч… А. Гарун… П. Трус… У. Жылка… Л. Калюга… Р. Семашкевіч, У. Караткевіч… В. Бечык… Колькі няздзейсненых задум, надзей, колькі недапісаных ці зусім ненапісаных твораў! 

Крыўдна і горка. I галоўнае ніхто нічым памагчы не можа, каб спыніць гэта. Быццам наканаванне, пракляў нас хто…    

Пасля сваіх пералікаў Сачанка ставіў рытарычнае пытанне, якое і цяпер гучыць не менш актуальна, чым тады:  

Што ведаем сёння мы пра гэтых людзей, што зрабілі і робім дзеля вывучэння і прапаганды іх вялікай і такой каштоўнай спадчыны?   

Беларускасць 

Іншая значная тэма клопатаў Сачанкі – памнажэнне нацыянальнага духоўнага багацця, пашырэнне і паглыбленне беларускасці. 

Першае апавяданне Б. Сачанкі было надрукавана ў часопісе «Маладосць» яшчэ ў 1956 годзе – калі аўтару было толькі 20 год. 

Але загаварылі пра маладога Сачанку зусім з іншай нагоды. Пасля таго, як газета «Літаратура і мастацтва» надрукавала 14 снежня 1957 года яго публіцыстычны артыкул «Шанаваць родную мову». Гэты артыкул стаў першым публічным выступам супраць русіфікацыі ў БССР. З вялікім болем тагачасны студэнт БДУ пісаў: 

…На аддзяленні журналістыкі беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вывучэнню беларускай мовы не надаецца належнай увагі. Курс беларускай стылістыкі – гэта адна толькі назва. Выкладаецца ён на рускай мове… 

…Калі не надаеца сур’ёзная ўвага вывучэнню беларускай мовы на аддзяленні журналістыкі, дык можа, гэта робіцца хоць на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры, якое рыхтуе выкладчыкаў для сярэдніх школ? Не. Там таксама выкладанне на роднай мове не вядзецца.  

Артыкул перадрукавала мюнхенская газета «Бацькаўшчына» і пра 20-гадовага студэнта Барыса Сачанку пачалі шмат пісаць у эміграцыйных газетах. Як адзначыў пісьменнік ва ўспамінах, «зрабілі з мяне ледзь не нацыянальнага героя». Гэтыя публікацыі саслужылі дрэнную службу аўтару знакамітага ліста, Сачанкам зацікавіліся супрацоўнікі ворганаў дзяржаўнай бяспекі, у яго пачаліся непрыемнасці. Аднак універсітэт ён усе ж скончыў. 

У «Хроніцы дэмакратычнай апазыцыі Беларусі: 1956–1988» адзначана, што артыкул Б. Сачанкі «Шанаваць родную мову» – першы публічны выступ супраць русіфікацыі ў пасляваеннай Беларусі.  

Праз адзінаццаць год новыя студэнты БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў (цяпер вядомы паэт), Віктар Ярац і Леў Барташ, ужо ў новых палітычных абставінах выступілі з патрабаваннем зрабіць выкладанне ў БДУ на беларускай мове. Студэнты філалагічнага факультэта падалі калектыўны пісьмовы зварот (больш за 200 подпісаў) у ЦК кампартыі Беларусі на імя Пятра Машэрава. Але ўмовы 1968 года былі зусім іншыя, арганізатары падпісання ліста атрымалі ярлыкі «буржуазных нацыяналістаў». А пасля таго як А. Разанаў, В. Ярац і Валянціна Тоўкун наведалі ў Зэльве Ларысу Геніюш, двух першых узімку 1969 года выключылі з БДУ (ім «арганізавалі» няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы, хаця яны былі выдатнікамі вучобы).  

Наступным моцным выступам з’явлася кніга Алега Бембеля (1939 г.н.) «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс», выдадзеная ў 1985 годзе ў Лондане. 

Яна была прысвечана моўнай сітуацыі ў БССР і рэальнаму стану беларускай мовы. Падчас напісання кнігі Бембель праводзіў шырокае анкетаванне па гэтай тэме, што тады было забароненай тэмай для савецкіх сацыёлагаў; дадзеныя анкетавання ён выкарыстаў у кнізе. 

У тэарэтычнай частцы сваёй працы Бембель сцвярджаў, грунтуючыся на прынцыпах экалогіі культуры, што ва ўмовах узмацнення маральнай і эстэтычнай паўперызацыі (абнішчання) чалавека яго родная мова, як найбольш універсальнае і цэльнае выражэнне этасу народу, павінна стацца магутным сродкам адраджэння і захавання духоўнасці чалавека. У практычнай частцы ён востра крытыкаваў савецкую моўную палітыку і адмоўна ацэньваў дзейнасць службоўцаў і гра­мадскіх дзеячаў БССР, якія павінны былі ахоўваць  беларускую мову. 

Трэба адзначыць у гэтай сувязі, што зварот студэнтаў у 1968 годзе і кніга А. Бембеля ўвайшлі ў гісторыю нацыянальнага адраджэння на Бе­ларусі. Але амаль нідзе не ўзгадваецца выступ Барыса Сачанкі ў цэнтральнай газеце БССР, які адбыўся на шмат гадоў раней.  

У 1991 годзе ён з гонарам і верай пісаў: 

Пра нашы казкі, песні, прымаўкі, наогул фальклор сказана і напісана нямала самых хвалебных слоў. І справядліва сказана і напісана! Бо ў нашым фальклоры ёсць усё – шматвяковы вопыт, мудрасць, вера ў лепшую будучыню, мары і спадзяванні. І, вядома ж, тое, што гадамі будзе набываць яшчэ больш вагі і вартасці – слова наша, мова – золата, якое ніхто ў нас не адніме ні пры якіх акалічнасцях, якое будзе з намі, пакуль жывём, сагравае нас, даказвае ўсім, што мы не бязроднае племя, а народ!  

Пабываўшы ў Францыі, ён быў прыемна ўражаны ведамі французскіх дзяцей пра сваю краіну. Ва ўспамінах Сачанка з горыччу пісаў:  

Успомніў я сваю беларускую школку… Выпуск­нікі ж не толькі не ведаюць геаграфіі, гісторыі Беларусі, але нават мовы… Не дзіва, што і адносіны да сваёй Бацькаўшчыны, мовы такія ў нас іншы раз зняважлівыя, а то і грэблівыя…  

Вось дзе ключ да фарміравання беларускасці! Выхоўваць дзяцей ў патрэбным кірунку трэба з дзіцячага садка, працягваць у школе, потым у вучэльнях, каледжах, інстытутах. Каб нашы дзеці ведалі сваю гісторыю не горш за французскіх дзяцей, каб з пялёнак чулі беларускую мову і думалі на ёй, каб ганарыліся сваёй беларускасцю.  

***  

У 90-я гады ХХ стагоддзя вельмі модным стаў зварот адраджэнцаў да класічнага права­пісу беларускай мовы, альбо тарашкевіцы. Яны пачалі лічыць за правіла «добрага тону» выкарыстоўванне тарашкевіцы ў розных дакументах, адозвах, публіцыстычных артыкулах, мас­тацкіх творах. Масавы пераход да даўно забытага правапісу ствараў немалыя цяжкасці. Яго не прынялі прафесійныя літаратары, якія ўсё жыццё карысталіся тым літаратурным стандартам бела­рускай мовы, які празвалі ў народзе «наркамаўкай». 

Паўстала пытанне: «А ці так ужо трэба – ды й ці наогул, ці правільным будзе агульны пераход да класічнага правапісу?» 

Сачанка і на гэтае пытанне меў свой абгрунтаваны адказ, ён цвёрда адстойваў правапіс, якім карысталіся нашы класікі Якуб Колас і Янка Купала, на якім вырасла цудоўная беларуская літаратура. Вось што ён адзначыў: 

Чаму трэба вяртацца да Тарашкевіча, а не да мовы Актаў і Статута Вялікага Княства Літоўскага? Ці напрыклад, да мовы і правапісу часоў Ф. Скарыны? (…) Не будуць, як таго каму і хочацца, – я ў гэтым упэўнены! – гаварыць і «глёбус», і «кляс», «філязоф« і г.д. (…) Што мінула, таго не вернеш. Двойчы ўвайсьці ў тую самую ваду нікому яшчэ не ўдавалася. (…) Не навязваць трэба народу, як яму гаварыць, а вучыцца мове ў народа.  

Вучыцца мове ў народа – гэта адвечная ісціна. І хоць часцяком за трасянкай не відаць народнай асновы, яна існуе і будзе заставацца крыніцай для развіцця літаратурнай мовы. 

У 1990 годзе Сачанка прыняў удзел у напісанні калектыўнага ліста ад беларускіх пісьменнікаў пад загалоўкам «Каму, якому народу служым?», надрукаванага ў газеце «Звязда» і прысвечанага занядбанаму стану беларускай мовы. Паказальны пачатак ліста, дзе яшчэ напоўніцу выкарыстоўваеццца савецкая рыторыка і стыль: 

Мы, пісьменнікі – члены КПСС, мусім звярнуцца ўсё па тым жа балючым пытанні, якое сёння на вуснах у многіх і якому быў прысвечаны, нагадаем, трыццаць чатыры гады назад ліст-запавет Якуба Коласа. Сімвалічна, што гэты ліст, прадыктаваны глыбокай трывогай за лёс беларускай мовы, народны пясняр перадаў у ЦК КПб у апошні дзень свайго жыцця….» 

…Наша культура проста задыхаецца і гіне. Даўно ўжо ў рэспубліцы не ставяцца помнікі выдатным дзеячам , не будуюцца новыя тэатры, музеі і бібліятэкі… Вядома. Заўсёды можна саслацца на цяжкасці: маўляў. Не да мовы  і культуры. Асабліва сёння, калі страшным цяжарам навалілася чарнобыльская бяда… Але ж духоўны Чарнобыль не менш небяспечны, ён, трэба сказаць, і з’явіўся адной з прычын, якія парадзілі тую разбалансіраванасць, тую крызісную сітуацыю,што склалася ў краіне…  

Упершыню тут з’явіўся тэрмін «духоўны Чарнобыль», які цяпер ужо амаль забыты. Гэты ліст быў напісаны ўжо пасля прыняцця Закона ад мовах 1990 года, ў якім беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь. Супраць гэтага Закона распачалася актыўная дзейнасць ворагаў беларускай мовы. Таму ліст быў своечасовым. 

Аднак скора зніклі і КПСС, і саюзная рэс­публіка БССР, насталі часы пабудовы «дзікага капіталізму». І паднятыя ў тым лісце праблемы з новай сілай усплылі зноў. Сітуацыя пачала яшчэ больш пагаршацца яшчэ. Той калектыўны зварот 1990 года цяпер для нас прыклад яднання інтэлектуалаў вакол агульнай бяды – заняпаду беларускай нацыі, культуры і мовы. 

Трэба адзначыць, што Сачанка быў патрыётам беларушчыны ўва ўсім. Напрыклад, ён шчыра выступаў за ўказанне нацыянальнасці ў пашпарце. Ён не сумняваўся ў тым, што нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» павінны быць дзяржаўнымі сімваламі. 

На пачатку 90-х гадоў з боку камуністаў і іх прыхільнікаў, якія, нягледзячы на бурны рост антыкамунізму, мелі яшчэ ў тыя часы высокі патэнцыял і аўтарытэт, распаўсюджвалася рыторыка, накіраваная на дыскрымінацыю нацыянальных беларускіх сімвалаў. Так, адным з цэнтральных аргументаў супраць бел-чырвона-белага сцяга была згадка на тое, што пад гэтым сцягам хадзілі ў часы Другой сусветнай вайны беларускія калабаранты. У адказ Сачанка пісаў: 

Так, «Пагоня« і бел-чырвона-белы сцяг выка­рыс­тоўваліся ў час вайны калабарантамі. Але тое ж здарылася з нацыянальнымі сымбалямі і ў Францыі, Венгрыі, Балгарыі… І ўсё ж народы ня выракліся іх.  

Той факт, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў урэшце нацыянальныя сімвалы (бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоню») як дзяржаўныя, многія ўспрынялі як нейкую здраду, як парушэнне традыцыі шанавання Вялікай Айчыннай вайны. Сачанка ж выступаў не на баку партыйнай наменклатуры:  

Не трэба абвінавачваць наш Вярхоўны Савет у нейкім святатацтве (пра прыняцце ВС сімволікі – герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга). Я лічу яго рашэнне і гістарычна і маральна справядлівым. 

Аднак гэтыя сімвалы сталі дзяржаўнымі ненадоўга. Сачанка, нібы прадчуваючы нетрываласць нацыянальнай свядомасці беларусаў, пісаў: 

Мы беларусы не шануем сваё мінулае, свае карані, нават не лічылі сябе народам. І з гэтага пакарысталіся многія. Асабліва літоўцы. ….. яны прысвоілі і ўсё, што звязана з ВКЛ і Вільняй. Нават герб наваградскага князя – Пагоню. 

А далей яшчэ больш бескампрамісна, нават жорстка: 

…А што беларусы?… Даводзіцца, як гэта не прыкра, прызнацца, што мы як не мелі, так і не маем на многія падзеі і факты свайго пункту гледжання, па ранейшаму глядзім на сваю гісторыю чужымі вачыма – літоўцаў, рускіх, палякаў.  

Як у ваду глядзеў мой зямляк Барыс Сачанка, дэкларуючы сумную праўду – «глядзім чужымі вачыма…». Ён прадбачыў будучыню: менавіта ў год ягонай смерці, у 1995-м, адбыўся сумна вядомы рэферэндум, у выніку якога наш герб «Пагоня» быў аддадзены суседзям-літоўцам.  

У 1991 годзе ён напісаў нарыс «Наша беларускае…», а як эпіграф да яго прывёў вялікі ўрывак з твора рускага рэлігійнага філосафа Івана Ільіна (1882–1954). Зварот да Ільіна – аднаго з творцаў канцэпцыі сутнасці нацынальнай ідэі і нацыяналізму (незалежна ад таго на рускай глебе, беларускай, ці якой іншай яны існуюць) – сведчыць аб глубокім аналізе праблемы. Развіваючы думкі Ільіна, Сачанка пісаў: 

Як маці, бацьку нельга сабе выбраць, так і Радзіму, народ. Якія даў іх Бог, такі яны і ёсць. І не абурацца, не папракаць іх трэба. А рабіць усё магчымае, каб народ стаў лепшы, дабрэйшы, больш адукаваны, свядомы, а Радзіма – багацейшая і слаўнейшая. («Пад сузор’ем сярпа і молата», с. 366). 

…У кожнага чалавека свая жыццёвая дарога. Важна, каб усе мы ў меру сіл і здольнасцей служылі Бацькаўшчыне.   

Сачанка дакладна сфармуляваў магчымую схему заняпаду любой нацыі, ў тым ліку і беларускай:  

Самабытнасць народа – у яго мове, гісторыі, культуры, помніках мінулага. Гэта добра ведалі ўсе заваёўнікі і заняволенне і іншых народаў заўсёды пачыналі з разбурэння і знішчэння чужой ім духоўнай спадчыны, навязвання і насадждэння ўсяго свайго, у першую чаргу – мовы, культуры. Бадай не адзін народ не спазнаў гэта на сабе ў такой жудаснай меры, як наш, беларускі.  

Але ўва ўсіх яго роздумах пераможным гімнам заўсёды гучыць вера ў свой народ, вера у ягоную будучыню: 

…І ўсё ж ён (народ) выжыў. Нізка ж паклонімся яму мы, тыя, хто стаў сведкам і ўдзельнікам яшчэ аднаго новага нашага адраджэння, надзеі на лепшую, шчаслівейшую будучыню.  

*** 

Менавіта беларускасць Сачанкі абумовіла ягоны зварот да шырокага гістарычнага разгляду і асэнсавання такой з’явы, як беларуская эміграцыя. 

У 1988 годзе часопіс «Маладосць» (№№ 10, 11) надрукаваў яго грунтоўную працу «Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні». Як засведчыў сам аўтар, гэта быў «плён… шматлікіх назіранняў, роздумаў і пошукаў». 

Твор выклікаў значную цікавасць. Сачанка атрымаў лісты ад некаторых з тых, пра каго пісаў. У наступным годзе ён напісаў дадатак – «У працяг размовы». 

«Беларуская эміграцыя» выйшла і асоб­ны­мі вы­даннямі. Па сёння гэта адно з най­больш грунтоўных і шырокіх па ахо­пе фак­таў дасле­да­ванняў мала вядомай нам сферы беларус­кага жыцця – няпростага, драматычнага, нават трагічнага, але глыбока пра­ніза­нага нацыянальнымі тра­дыцыямі ды пачуццямі.

У паслясавецкія гады Сачанку вельмі цікавілі драматычныя лёсы беларускіх інтэлігентаў-эмігрантаў і іх творы. Ён адкрываў нашаму народу забытыя імёны ды невядомыя творы беларускіх пісьменнікаў, якія працавалі за мяжой. 

Нарысы, артыкулы, інтэрв’ю пра грамадска-літаратурны рух 1920–30-х гадоў, рэпрэсаваных пісьменнікаў, беларускую эміграцыю склалі кнігу «Сняцца сны аб Беларусі» (1990). 

Сачанка на працягу ўсяго жыцця заставаўся актыўным барацьбітом за рэабілітацыю рэпрэсаваных, якая распачалася пасля ХХ з’езду КПСС. Ён стварыў шэраг кароткіх мемуарных мініяцюр, прысвечаных рэабілітаваным героям, пісаў нарысы аб іх. Выкарыстаў для працы сваё асабістае знаёмства са сваякамі рэпрасаваных, і шмат працаваў у архівах. 

Рэпрэсаваныя пісьменнікі – гэта быў ягоны боль і пажыццёвы клопат аб вяртанні іх твораў у наша жыццё. Таму цалкам заканамерна тое, што Сачанка ўсяляк вылучаў у найлепшым выглядзе выдатную паэтку Наталлю Арсенневу (1902–1997). Менавіта ён першым звярнуў увагу на іншую выдатную паэтку Лapыcу Гeнiюш (1910–1983), рэпрасаваную сталінскім рэжымам у 1948 годзе, нягледзячы на тое, што яна была грамадзянкай Чэхаславакіі і ніколі не жыла ў СССР. Ён пaдpыxтaвaў i выдaў кнiгy яе вepшaў «Бeлы coн»  (1990), што было вельмі не проста ў тыя яшчэ савецкія часы. Дарэчы, стаўленне афіцыйных беларускіх колаў да Арсенневай і Геніюш пасёння адмоўнае. Афіцыйна яны не рэабілітаваныя. 

Заканчэнне

«І скажуць: быў яшчэ ж ён малады. 

Паўстану я ў кагосьці прад вачыма» 

С. Блатун  

Гэтыя радкі заўчасна памёршага таленавітага паэта  Сымона Блатуна (1937–2011) з ягонага другога і апошняга зборніка вершаў «Радаслоўнае дрэва» Б. Сачанка цытаваў ў сваім пранізлівым артыкуле «Штрыхі» пра ягоную творчасць («Літаратура і мастацтва», 2 чэрвеня 1989 г.). 

Мне здаецца, з поўным правам гэтыя радкі можна аднесці і да Барыса Сачанкі, пакінуўшага свет у самым росквіце творчых сіл. 

Калегі па пяру вельмі шанавалі палескага самародка. 

Максім Лужанін (1909–2001): 

Думаецца, няпроста знайсці ў Беларусі чалавека, хто б не ведаў і не паважаў імя Барыса Сачанкі. За ўмельства, хутчэй – за прыроджаную здольнасць носьбіта яго рабіць людзям дабро. I рабіў ён гэта дабро ўсяк: адданасцю роднай мове і літаратуры, сваімі кнігамі, прагай абараніць і падняць незаслужана забытае і забароненае, сваёй практычнай дзейнасцю, працай у многіх рэдакцыях, у Саюзе пісьменнікаў, у выдавецтвах… 

Іван Шамякін (1921–2004): 

Я шчыра любіў гэтага чалавека і пісьменніка. Ен радаваў сваёй творчасцю. Празаік шырокага дыяпазону, дальняга бою і аптычнай трапнасці. Усё, што ён пісаў, прыцягвала ўвагу калег, яго чытачоў, крытыкаў: апавяданні і аповесці, трылогія раманаў, нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, даследаванні. Барыс Іванавіч быў самы актыўны шукальнік забытых пісьменнікаў, тых, каго лёс занёс на край свету, і згубленых твораў, а іх нямала нават у класікаў нашай літаратуры.   

Сяргей Дубавец (1959 г.н.): 

Многія з таго літаратурнага пакалення разумелі сваю фантастычную місію – адраджэння ўласнай культуры на руінах таталітарызму і вайны. Што да Сачанкі, дык менавіта гэтая адраджэнская місія вяла яго праз усё жыццё, падпарадкоўваючы сабе ўсе астатнія, у тым ліку і місію пісьменніка. / «Дзеяслоў», 2006, № 3, с. 287/  

Бібліяграфія

Творы Б. Сачанкі  

Выбраныя творы. Мн.: «Мастацкая літаратура», 1993–1995. 

Том 1. Вялікі Лес. Кнігі 1, 2. (1993) – 590 с. 

Том 2. Вялікі Лес. Кніга 3. (1994) – 542 с. 

Том 3. Аповесці. (1995) – 512 с. 

Родны кут; Незваротнае. Выбраныя творы.Мн.: «Маст. літаратура», 1981. 

Том 1. Апавяданні. Аповесці. – 638 с. Том 2: Чужое неба: раман у навелах. Палескія былі. – 574 с. 

Апошнія і першыя: аповесці, раман у навелах, апавяданні. Мн.: «Маст. літаратура», 2004. – 447 с. 

Трэцяе вока: аповесці, апавяданні, эсэ. Мн.: «Маст. літаратура», 1992. – 479 с. 

Горкая радасць вяртання: аповесці, апавяданні. Мн.: «Маст. літаратура», 1987. – 352 с. 

Ваўчыца з Чортавай Ямы: аповесці, апавяданні. Мн.: «Маст. Літаратура», 1978. – 239 с. 

Нарысы, літаратурна-крытычныя артыкулы 

Беларуская эміграцыя. /Выд. 2-е, дап. і папраўл./ Мн.: «Голас Радзімы», 1991.  – 112 с. 

Пад сузор’ем сярпа і молата // «Маладосць», 1993, № 12, с. 11–95, 97–100. 

Сняцца сны аб Беларусі…: Літаратурна-крытычныя артыкулы, інтэрв’ю. Мн.: «Маст. літаратура», 1990.  – 332 с. 

Жывое жыццё : артыкулы, эсэ, успаміны, нататкі. Мн.: «Маст. літаратура», 1985. – 334 с. 

Аб жыцці і творчасці пісьменніка 

Савік Л. Пад мірным небам Бацькаўшчыны: нарыс творчасці Б. Сачанкі. Мн.: «Навука і тэхніка», 1986. – 120 с. 

Навуменка П. Пошукі ўласнай сцяжыны: штрыхі да творчасці Барыса Сачанкі // «Роднае слова», 1996, № 5, с. 3–15. 

Гніламёдаў У. Пра жыццё, пра чалавека: творчы партрэт пісьменніка Барыса Сачанкі. // «Гуманітарна-эканамічны веснік», 1997, № 4, с. 76–83. 

Барыс Сачанка // «Крыніца», 1998, № 10, с. 2–37. 

Гніламёдаў У. Барыс Сачанка // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. Том 4, кн. 1. Мн., 2002, , с. 693–709. 

Локун В. Кругі жыцця – кругі літаратуры. Мн.: БелАКК, 2002. 

Явар С.  Я – дачка Барыса Сачанкі // «Маладосць», 2003, № 6, с. 136–139. 

Андраюк С. Яго лёс – літаратура //  «Полымя», 2016, № 5, с. 114–129.

Аўтар: Анатоль Астапенка,  серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.