Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Ажылыя міфы беларускай літаратуры

arlouФотамастацкі праект пад назвай “Беларускі фальклор”, скіраваны на папулярызацыю творчасці сучасных беларускіх літаратараў, ажыццяўляўся на працягу года пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Асноўнай ідэяй праекта было ўвасобіць беларускіх пісьменнікаў у вобразе міфалагічных істот. Да прыкладу, Рыгор Барадулін паўстаў у вобразе Дамавіка, Леанід Дранько-Майсюк грае ролю Лесавіка, а Сяржук Сыс ды Віктар Жыбуль пераўвасобіліся ў чарцей. Усяго ж у праекце ўзялі ўдзел 14 літаратараў. Усе яны — беларускамоўныя аўтары, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сярод мэтаў стварэння серыі фотаздымкаў варта назваць візуальнае адзначэнне 80-годдзя найстарэйшай літаратурнай арганізацыі Беларусі.

У склад творчай групы, занятай падрыхтоўкай і правядзеннем фотасесій, увайшлі: куратарка Ірына Хадарэнка, фотамастак Валерый Дубоўскі, стыліст Алена Раманава і шэраг энтузіястаў. Доўгатэрміновасць выканання праекта, як зазначаюць яго аўтары, была звязаная з сезоннасцю: “Ад думкі рабіць мантаж у праграме “Фоташоп” мы адмовіліся адразу, — кажа Ірына Хадарэнка, — таму відавочна, што багіню вясны Лёлю трэба было здымаць на фоне квецені садоў, а бога зімы Зюзю у заснежаным лесе”.

У шэрагу іншых беларускіх “літаратурна-каляндарных” праектаў “Беларускі фальклор” стаіць асобна. У адрозненне ад “Вечнага календара” з аголенымі літаратарамі ці “Канца словаў” са зноў жа эратычна-эпатычнымі выявамі пісьменнікаў “Беларускі фальклор” трымаецца класічнага фармату. “Сучасныя літаратурныя працэсы (і не толькі ў Беларусі) выносяць на паверхню празмерную колькасць трэшавых прадуктаў, — зазначае Ірына Хадарэнка. У той жа час шмат годных твораў застаюцца незаўважанымі. Пісьменніцкая супольнасць падзеленая на шэраг лакальных тусовак, кожная з якіх прасоўвае свае вузкія інтарэсы, забываючыся на тое, што ўсе мы, умоўна кажучы, плывем у адным чоўне. Таму ў дадзеным выпадку мы імкнуліся прадставіць грамадскасці беларускіх літаратараў розных пакаленняў, якія здабылі вядомасць не дзякуючы эпатажным паводзінам і правакацыйным тэкстам, а менавіта дзякуючы каштоўнасна-змястоўнай частцы сваёй дзейнасці”.

Варта зазначыць, што далёка не кожная міфалагічная істота, прадстаўленая ў праекце, знаёмая шараговаму беларусу. Калі з русалкамі, дамавікамі і чарцямі ўсё прасцей, то жонку Перуна Цёцю альбо апякунку сям’і ды шлюбу Бордзю ведаюць хіба што фалькларысты і этнографы.

“Усе пісьменнікі ад пачаткоўцаў да народных так ці іначай убіраюць у сябе міфалагізаваную энергетыку Беларушчыны, — дзеліцца ўражаннямі ад удзелу ў праекце паэтка Аксана Спрынчан. — Я сама заўжды адчувала ў сабе Бордзю, і застаецца толькі цешыцца, што я дарасла да ейнага веку акурат тады, калі пачаў ажыццяўляцца праект”.

Фотасесіі праводзіліся ў самых розных месцах: у музеі народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо, музейна-этнаграфічным комплексе “Млын” у Заслаўі, Цэнтральным батанічным садзе, Лошыцкім парку, на Лагойшчыне і інш.

Падчас здымкаў асабіста мне найбольш запомнілася страшэнная халадэча на старым заслаўскім млыне, успамінае паэт Сяржук Сыс. Гэтая акалічнасць, дарэчы, станоўча паўплывала на творчы працэс: мы з Віктарам Жыбулем былі не толькі хітраватыя, але і крыху раззлаваныя, што дадало нашым вобразам адпаведнага шарму”.

Прыцягнуць беларускіх літаратараў да выканання роляў казачных персанажаў часам было не проста, зазначаюць аўтары праекта. Але ў працэсе перамоваў і непасрэдна саміх фотасесій імпэт з’яўляўся ў кожнага з удзельнікаў. Як вынік — на фотаздымках прадстаўленыя такія літаратары, як Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў ды іншыя. Аўтарка ініцыятывы, паэтка Ірына Хадарэнка, не ўтрымаўшыся ад спакусы прымераць на сябе міфічны вобраз, выканала ролю Русалкі.

Паводле задумы аўтараў праекта, далейшае жыццё фотавобразы могуць атрымаць у фармаце насценнага календара і паштовак альбо паўнавартаснай мастацкай выставы.

Алесь Кот-Зайцаў для “Будзьма беларусамі!”

Інфармацыйная даведка:

Жыжаль — Уладзімер Арлоў

Жыжаль — Уладзімер Арлоў

Жыжаль бог агню і кавальскай справы, тое ж, што і Зніч у старажытных яцвягаў. Расхаджвае пад зямлёю і выпускае з сябе агонь, часам спіць наўпрост у печы, “каб старыя грэлі плечы”. Бывае страшны ў сваім гневе — запальвае лясныя і тарфяныя пажары, насылае засуху, можа спаліць нават цэлыя паселішчы. Але калі ўладар падземнага агню ў добрым настроі, то ён сагравае зямлю спакойным жыватворным цяплом. І тады буйным коласам наліваецца збажына, шпарка растуць дрэвы ў лясах і садах, добра гняздзяцца птушкі, здаровымі растуць дзеці… У такім выпадку, што здараецца нашмат часцей, Жыжаль — добры дзядзька, усіх адорыць: жанок — сярпамі, мужыкоў — лемяшамі, дзетак — цяплом.

Дамавік — Рыгор Барадулін

Дамавік — Рыгор Барадулін

Дамавік ва ўяўленнях беларуса надзяляецца ўсімі якасцямі дбайнага гаспадара. Мае выгляд дзядка з барадою, апрануты ў насоў альбо ў белую кашулю. Пад апякунствам Дамавіка ў доме ўсё ідзе спраўна. За сваю бескарыслівую дапамогу Дамавік патрабуе ад хатніх пашаны і таго, каб яны не забывалі дабрадзея ва ўрачыстыя для сям’і дні. Ён любіць дружную сям’ю і часам строга карае зачыншчыкаў сямейных спрэчак. Дамавік цярпець не можа шуму і сваркі, неахайнасці, бруду, абыякавасці і неакуратнасці. Не ў кожны дом увойдзе закліканы Дамавік, а толькі ў той, які прыйшоўся яму да нораву і густу.

Бай — Генадзь Бураўкін

Бай — Генадзь Бураўкін

Бай з аднаго боку, гэта князь, міфічны першанасельнік Беларусі, родапачынальнік беларускага этнасу. Ён з’явіўся на будучым беларускім этнічным абшары з вернымі сабакамі Стаўры і Гаўры. З другога боку, Бай — папулярны хатні персанаж, які “ходзіць па сцяне ў чырвоным жупане” і распавядае дзецям казкі-байкі і спявае калыханкі (“баю-бай”).

Лёля — Аксана Данільчык

Лёля — Аксана Данільчык

Лёля — багіня вясны і дзявочага хараства. Уяўлялася вечна маладой, прыгожай дзяўчынай, якая абуджае зямлю ад зімовага сну: дзе яна ступіць, там зелянее трава і распускаюцца кветкі. Пра самых прывабных дзяўчат звычайна казалі: “Прыгожая, як Лёля!” У старажытнасці на адмысловае свята ў красавіку (Ляльнік) дзяўчаты з усіх ваколіц збіраліся на прасторным лузе і выбіралі са свайго асяроддзя самую прывабную. Потым яе апраналі ў белую вопратку, а на галаву ўскладалі вянок з веснавых кветак.

Лесавік — Леанід Дранько-Майсюк

Лесавік — Леанід Дранько-Майсюк

Лесавік карані гэтага персанажа сягаюць старажытнай эпохі боскага апекуна ці захавальніка ўсёй жывёлы на зямлі — Вялеса. Жыве Лесавік у сярэдзіне пушчы, недаступнай для звычайнага чалавека. Яго можа пабачыць толькі мудры чалавек, які шмат зведаў у сваім жыцці. Абсяг дзейнасці Лесавіка — уся лясная прастора ад узлеску да ўзлеску, з узгоркамі, нізінамі, ярамі і палянамі. Сам жа ён дома не сядзіць — больш вандруе, адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэў, у дуплах, густых зарасніках, у лагчынах і прадоннях. Тых людзей, што непаважліва ставяцца да прыроды і лясных жыхароў (птушак, звяроў), Лесавік жорстка наказвае, прымушаючы блукаць у гушчары і пужаючы страшнымі гукамі.

Русалка — Ірына Хадарэнка

Русалка — Ірына Хадарэнка

Русалка таямнічая жыхарка воднай прасторы са светлымі вачыма. Па далікатным целе рассыпаюцца доўгія хвалістыя валасы белага, зялёнага ці блакітнага колеру, падобныя да пасмачак тонкай асакі. Расчэсваючы свае мокрыя валасы, напрыклад, на працягу гадзіны, яна можа вычасаць столькі вады, што яе дастаткова будзе для затаплення цэлай вёскі. Летам, падчас русальчынага тыдня, выбіраецца з рэкаў і азёраў на сушу, пачынае блукаць па лясах і палях, гойсаць на галінах дрэў. Асаблівую небяспеку русалкі ўяўляюць для легкадумных мужчын, якіх яны звабліваюць сваімі чарамі і могуць заказытаць да смерці.

Цёця — Антаніна Хатэнка

Цёця — Антаніна Хатэнка

Цёця жонка Перуна. Яе як багіню лета беларусы уяўлялі ў выглядзе прыгожай жанчыны са спелымі пладамі ў руках. Паводле разумення беларусаў, Цёця адрозніваецца ад Лёлі, багіні вясны, тым, што першая крыху старэйшая за другую.

Вадзянік — Максім Клімковіч

Вадзянік — Максім Клімковіч

Вадзянік у старадаўніх павер’ях гэта дух, што ўвасабляе стыхію вады, уладар пэўнага вадаёма і жывых істот у ім. Кожны вір мае свайго Вадзяніка; яны жывуць у бяздонных крыніцах, у глыбіні рэк і азёр, наогул у такіх месцах, якія зімою не замярзаюць, бо, як тлумачыць народ, лёд ад подыху Вадзяніка растае. Калі ён жартуе і забаўляецца, то бачна, як у тым ці іншым месцы нечакана заклубіцца вада, усплывуць на паверхню бурбалкі, пачнуць разыходзіцца кругі. Разам з тым часам Вадзянік час ад часу выходзіць на бераг у выглядзе звычайнага чалавека.

Лазнік — Міхась Скобла

Лазнік — Міхась Скобла

Лазнік жыхар і гаспадар лазні. Жыве ў запеччы ці пад палком, сочыць за чысцінёй і парам, бавіцца з венікамі. Любіць частавацца іржаным хлебам з соллю. Відавочна з вялікай ахвотай парыцца і мыецца, яму пакідаюць дзеля гэтага венік і ваду. Сваё мыццё ён ладзіць пасля апоўначы, а таму не любіць, каб хто-небудзь заставаўся да гэтага часу ў лазні. За дрэнныя ўчынкі карае людзей надзвычай гарачым парам і пужае рогатам, прымушаючы іх выскокваць з лазні голымі.

Бордзя — Аксана Спрынчан

Бордзя — Аксана Спрынчан

Бордзя — апякунка сям’і і шлюбу. Уяўляецца мілавіднай жанчынай з доўгімі валасамі і кветкамі ў руках. Бордзя старанна дапамагае маладой сям’і, ні на хвіліну не перастае лунаць над мужам і жонкай. У ноч пасля вясельнага застолля Бордзя нястомна скача, пяе і бегае ад радасці, што паспела злучыць закаханых у адну сям’ю. На другі дзень шлюбу яна нябачна прысутнічае за сталом і падлівае чароўныя кроплі ў напоі для ўмацавання добрых стасункаў.

Жыцень — Анатоль Вярцінскі

Жыцень — Анатоль Вярцінскі

Жыцень бог восені і ўраджайнасці. Беларусы ўяўляюць Жытня даволі грозным дзедам невысокага росту, які расхаджвае па палях і агародах, каб агледзець, ці ўсё добра прыбрана, так, як і павінна быць у гаспадарцы. Калі Жыцень знойдзе на іржышчы шмат каласоў, пакінутых жнеямі, ён збірае іх і, звязаўшы ў адзін сноп, пераносіць на іншае іржышча, дзе ўсё сабранае чыста, з ашчаднасцю. Тое ж бывае і з агародамі, якія наведвае Жыцень і ў якіх знаходзіць нядбайнасць, гаспадарскія непарадкі. Убачыўшы каго-небудзь з гаспадароў агарода, Жыцень падыходзіць да яго і ківае яму пальцам: гэта значыць, у тым агародзе варта чакаць неўраджаю.

Зюзя — Сяргей Законнікаў

Зюзя — Сяргей Законнікаў

Зюзя бог зімы і марозу. Уяўляецца старым з белымі, як снег, валасамі на галаве і доўгай барадой, у цёплай светлай вопратцы. Асноўную частку зімы Зюзя праводзіць у лесе. Ён здольны ўзнімаць завіруху, мяцеліцу, прыносіць халады. Часам ён заходзіць у вёску, каб папярэдзіць сялян пра жорсткую суровую зіму на будучы год, дапамагчы каму-небудзь вызваліць ад холаду бедную сям’ю ці проста каб наесціся куцці. Каб не змерзнуць падчас зімовай сцюжы, людзі часта спрабавалі “сагравацца знутры”, ужываючы моцныя напоі. Адсюль і папулярны выраз — назюзюкацца.

Чэрці — Віктар Жыбуль і Сяржук Сыс

Чэрці — Віктар Жыбуль і Сяржук Сыс

Чэрці як і большасць персанажаў беларускай міфалогіі, яны з’яўляюцца амбівалентнымі істотамі. Могуць прыносіць людзям шкоду, а могуць незласліва пасмейвацца з чалавечае дурасці. Выглядаюць чэрці вельмі па-рознаму: то як мурзатыя і калматыя істоты з рагамі і капытамі, то як модна апрануты паніч. Жыць яны могуць дзе заўгодна: і ў балоце, і ў хляве, і на млыне. Чорт здольны падслухоўваць думкі чалавека, ён вельмі камунікабельны і добра ведае чалавечаю псіхалогію. Ён не шкадуе грошай, але ў руках таго, хто імі спакусіцца, яны пераўтвараюцца ў чарапкі. У пэўнай ступені чорт ведае будучыню, хоць і не здольны на абсалютнае прадбачанне. Разам з тым, чорт мае і слабіну. Нават просты чалавек, калі ён дасціпны, можа яго падмануць і атрымаць тое, чаго пажадае. Калі людзі нязменна робяць добрыя ўчынкі, то нават самыя моцныя нячысцікі нічога кепскага не могуць з імі зрабіць.

Крыніца: “Будзьма беларусамі!”

Одна идея о “Ажылыя міфы беларускай літаратуры

  1. Алексей Веремовский

    Замечательно! замечательно! Все персонажи в точку! Особенно, черти))) Очень типичные. Правда, прабабушка моя рассказывала, что черти больше как на обезьян похожие, а те что с рогами и копытами, так то не черти, а лесные проказники. От прабабушки еще колыбельную запомнил: » Баю, баю бай…. Идет Бай по стене, несет лапти жене».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *