Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Аркадзь Смоліч: Найлепшы знаўца беларускай зямлі

Уступ

Бываюць пісьменнікі, кнігі якіх нагадваюць сумныя падручнікі, але бываюць і навукоўцы, чые падручнікі чытаюцца з не меншай цікавасцю, чым добры мастацкі твор. Менавіта так я чытаў перавыдадзеную на пачатку 1990-х гадоў «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча, што ўпершыню пабачыла свет у 1919-м годзе ў Вільні, адкрываючыся актуальным і сёння эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».

Мне ўяўляліся тысячы й тысячы іншых чытачоў ягонае «Геаграфіі», якіх гэтая кніга ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя не проста захапляла зьместам і зачароўвала моваю. Яна вяртала ім Радзіму. На ёй узгадоўваліся пакаленні нацыянальна свядомай моладзі. «Геаграфія» Смоліча й цяпер застаецца неперасягнутым узорам навукова-папулярнага апісання нашай зямлі. Варта разгарнуць гэты том наўздагад, і ўжо не хочацца адрывацца:

Перанясемся цяпер думкаю з нашага Чарнігаўскага лесастэпу на другі канец Беларусі, у Віцебшчыну… Едзеш па дарозе, дык усё або пад гару, або з гары. Каменьня тут усюдых як-бы насеяў хто: ляжыць яно і паасобку, і цэлымі грудамі-крушнямі. І лагодныя ўзгоркі, і зялёныя лясы робяць краявіды гэтае старонкі дужа прыгожымі. Але найлепш прыхарошваюць іх светлыя вазёры, што ляжаць між узгоркаў, і якіх тут ёсць бязь ліку.

Але Смоліч быў не толькі таленавітым навукоўцам. Ён застаўся ў гісторыі як адзін з «бацькоў» БНР, міністр асветы ў яе першым Урадзе.

Палітычная дзейнасць вучонага прадвызначыла ягоны лёс…

Пасля пяцігадовай высылкі па справе Саюза вызвалення Беларусі яго ў 1937-м зноў арыштавалі.

Перад расстрэлам у Омскай турме НКВД Смоліч, напэўна, бачыў з такой любасцю й веданнем апісаныя ім беларускія краявіды, да якіх, разлучыўшыся з целам, памкнулася ягоная душа.

Уладзімір Арлоў, 2007 г.

Біяграфічны нарыс

Дзяцінства і юнацтва

Аркадзь Смоліч нарадзіўся, паводле старога стылю, 17 верасня 1891 года (па новаму стылю гэта 29 верасня) у вёсцы Бацэвічы Бабруйскага павета Мінскай губерні. У метрычнай кнізе Бацэвіцкай царквы за 1891 год (пад № 55) ёсць запіс:

Тысяча васемсот дзевяноста першага года, верасня семнаццатага ра­дзіўся, а дваццаць шостага хрышчаны Аркадзь; ягоныя бацькі: дыякан Бацэвіцкай царквы Антон Аляксееў Смоліч і законная яго жонка Ганна Андрэева, абое праваслаўнага вызнання; хроснымі бацькамі былі: святар Чыркавіцкай царквы Міхаіл Андрэеў Самайловіч і дачка святара Бацэвіцкай царквы Вольга Аляксеева Смоліч, дзяўчына, хрысціў святар Аляксей Смоліч з дыяканам Антонам Смолічам.

Сяло Бацэвічы існуе і цяпер. Яно знаходзіцца на беразе ціхай маленькай рачулкі Ольса, левым прытоку Бярэзіны, у сучасным Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. А вось Бацэвіцкай царквы няма, бальшавіцкія ўлады зруйнавалі яе ў 1930-я гады.

І бацька, і дзед Аркадзя былі святарамі. Але ў шматлікіх аўтабіяграфіях, якія Аркадзь Антонавіч пісаў у 30-я гады пры ўладкаванні на працу і для следчых з органаў ДПУ — НКВД, ён адзначаў, што нарадзіўся ў сям’і псаломшчыка. Зразумела, што Смоліч рабіў гэта адмыслова, каб наблізіць сваё сацыяльнае паходжанне да класа-гегемона. Бо савецкія ўлады далучалі псаломшчыкаў, званароў і вартаўнікоў да катэгорыі царкоўных служкаў, якія не мелі духоўнай адукацыі, проста працавалі пры цэрквах. А вось дыяканы — гэта святаслужнікі, які дапамагаюць святарам весці набажэнства і кіраваць справамі царквы, таму іх залічылі да «класа эксплуататараў».

Праз пяць або шэсць гадоў пасля нараджэння Аркадзя ягоны бацька атрымаў новае службовае прызначэнне, і сям’я пераехала ў сяло Саламерычы Сёмкава-Гарадзецкай воласці пад Заслаўем.

У тыя часы сыны святаслужнікаў як правіла ішлі шляхам бацькоў — ва ўлонне царквы. Аркадзю Смолічу тым больш не выпадала выбіраць шлях атрымання адукацыі, бо сям’я жыла сціпла, а вучоба ў духоўных навучальных установах для дзяцей святароў і дыяканаў была бясплатная, ды і самі вучні знаходзіліся на поўным утрыманні. Ад 1900 да 1905 года Аркадзь вучыўся ў Мінскай духоўнай навучальні, а пасля сканчэння яе паступіў у Мінскую праваслаўную духоўную семінарыю.

Цікава адзначыць, што нават сюды, за муры духоўнай установы, пранікалі рэвалюцыйныя настроі. Да прыкладу, у лютым 1905 года семінарысты ўчынілі пагром класных памяшканняў і архіва семінарыі. Вось фота семінарыстаў, зробленая ўлетку 1905 года. Дзе тут пакорлівасць, дзе саромліва апушчаныя да зямлі вочы? Позіркі хлопцаў дзерзка накіраваны прама ў аб’ектыў фотакамеры. А Смоліч нават трымае часопіс з выявай голай жанчыны на вокладцы!

Таму няма нічога дзіўнага, што Аркадзь у 1909 годзе, скончыў­­шы агульнаадукацыйныя класы, пакі­нуў се­мі­нарыю і паступіў па конкурсе ў Кіеўскі політэхнічны інстытут. Але хутка перавёўся адтуль у Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесагадоўлі.

Як вядома, за ўдзел студэнтаў у паўстанні Каліноўскага царскія ўлады ў 1864 годзе зачынілі Горы-Горацкі земляробчы інстытут, што існаваў з 1848 года. Між тым сельская гаспадарка Паўночна-Заходняга краю хутка развівалася і перайначвалася на капіталістычны лад. У сувязі з гэтым востра адчуваўся дэфіцыт спецыялістаў-аграрнікаў з вышэйшай адукацыяй. Верагодна, 18-гадовы Аркадзь Смоліч добра падумаў, параіўся з бацькамі і вырашыў набыць прафесію, на якую меўся значны попыт.

Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесагадоўлі знаходзіўся ў горадзе Пулавы Люблінскай губерні Царства Польскага, якое ўваходзіла тады ў склад Расійскай імперыі. Інстытут разам з Пятроўскай акадэміяй быў адной з буйнейшых сельскагаспадарчых навуковых устаноў у Расіі. Ён месціўся ў маёнтку, што належаў раней вядомым магнатам Рэчы Паспалітай — князям Чартарыйскім. У 1892—1895 гадах пасаду рэктара Нова-Александрыйскага інстытута займаў выдатны расійскі навуковец Васіль Дакучаеў (1846—1903), заснавальнік навуковага глебазнаўства. Менавіта тут ён і адкрыў у 1895 годзе першую ў свеце кафедру глебазнаўства. Вось Аркадзь Смоліч і выбраў для сваёй спецыяльнасці гэтую новую навуку, ад развіцця якой залежаў дабрабыт велізарнай колькасці земляробчага насельніцтва роднай Беларусі.

Жыццё ў 1910—1917 гг.

Але Нова-Александрыя была вядома не толькі сваімі прафесарамі і грунтоўнай падрыхтоўкай студэнтаў. У царскай Расіі яна мела яшчэ і «нядобрую славу» рассадніка вальнадумства. Яшчэ пры Дакучаеве тут узніклі студэнцкія рэвалюцыйныя гурткі, у якіх удзельнічалі і ўраджэнцы Беларусі

Студэнт першага курса Аркадзь Смоліч увесну 1910 года ўступіў тут у Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Гэта зусім не выпадкова: ён быў актыўным чытачом «Нашай Нівай», падтрымліваў сувязь з рэдакцыяй газеты, дзе пад рознымі псеўданімамі друкаваў свае вершы. Між тым кола рэдактараў і віленскіх аўтараў «Нашай Нівы» фактычна з’яўлялася кіруючым цэнтрам і Грамады, і ўсяго беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

Адзначым, што Беларуская Сацыялістычная Грамада з’явілася першай нацыянальнай палітычнай партыяй беларусаў. Яна ўзнікла на пачатку 1903 года і складалася перадусім з беларускай студэнцкай і вучнёўскай моладзі Вільні, Мінска і Пецярбурга. Партыя мела леванародніцкі кірунак. Яе стваральнікамі і кіраўнікамі былі браты Луцкевічы — Іван і Антон, Элаіза Пашкевіч (Цётка), Алесь Бурбіс, Карусь Кастравіцкі (Каганец), Вацлаў Іваноўскі, Франц Умястоўскі. Усе яны паходзілі з дробнай беларускай шляхты.

У лютым 1910 года Аркадзь удзельнічаў у палітычным страйку студэнтаў, за што атрымаў вымову ад рэктара. А пасля беспарадкаў у кастрычніку таго ж 1910 года яго як чальца страйкавага камітэта звольнілі з ліку студэнтаў і паводле пастановы Варшаўскага генерал-губернатара выслалі за межы Прывісленскага краю.

Прыйшлося вяртацца да бацькоў у Саламерычы і шукаць працу. У лютым 1911 года Аркадзь уладкаваўся каморнікам у мясцовых паноў, затым працаваў тапографам у Лясным бюро Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Увосень 1912 года А. Смоліч паступіў на прыватныя Вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы ў Пецярбургу. Пасля сканчэння іх працаваў у хімічнай лабарато­рыі Лібава-Роменскай чыгункі. Неўзабаве па патрабаванні жандармаў яго звольнілі і адтуль — на падставе палітычнай нядобранадзейнасці. Але ў 1913 годзе ў гонар 300-годдзя дынастыі Раманавых улады Імперыі аб’явілі шырокую амністыю. Смолічу скасавалі высылку з Прывісленскага краю, ён атрымаў дазвол аднавіць навучанне ў Нова-Александрыйскім інстытуце.

Увосень 1913 года А. Смоліч вярнуўся ў Пулавы і пачаў грунтоўна займацца глебазнаўствам і сельскагаспадарчай геаграфіяй.

Улетку 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Фронт наблізіўся да Пулаваў, таму Нова-Александрыйскі інстытут пераехаў у Харкаў, у глыбокі тыл. З тых часоў інстытут так і застаўся ў Харкаве пад назовам Харкаўскага сельскагаспадарчага інстытута імя В. В. Дакучаева.

Зімой 1914/15 года інстытуцкі прафесар А. Чэлінцаў запрасіў студэнта Аркадзя Смоліча да ўдзелу ў навуковай экспедыцыі па даследаванні сялянскіх гаспадарак паўднёвых губерняў Украіны і Расіі. Прафесар А. Чэлінцаў (1874—1962) быў адным з буйнейшых расійскіх спецыялістаў па арганізацыі сельскай гаспадаркі, асабліва ж яго цікавілі праблемы сельскагаспадарчага раянавання.

На ягоную думку, для Расіі з яе велізарнымі прасторамі, рознымі кліматычнымі, глебавымі і эканамічнымі ўмовамі гэтая праблема была надзвычай важнай. Што ж тычыцца грамадска-палітычных поглядаў Чэлінцава, дык ён належаў да той часткі ліберальнай расійскай інтэ­лігенцыі, якая лічыла галоўным сродкам паляпшэння становішча сялянства шырокае каапераванне сялянскіх гаспадарак і ўвядзенне новых агранамічных метадаў.

Разам з прафесарам А. Смоліч аб’ехаў увесь поўдзень Украіны і Расіі, сабраў каштоўны навуковы матэрыял, асвоіў метады яго апрацоўкі і аналізу. Погляды А. М. Чэлінцава зрабілі вялікі ўплыў на Смоліча. Ад гэтага часу ён захапіўся праблемамі сельскагаспадарчага раянавання і навуковай арганізацыі сельскай гаспадаркі. Ад Чэлінцава Смоліч навучыўся шырока выкарыстоўваць статыстычныя і геаграфічныя метады даследаванняў. У 1924 годзе Смоліч адрэдагаваў і пераклаў на беларускую мову адну з кніг Чэлінцава.

Увесну 1916 года А. Смоліч завяршыў тэарэтычны курс інстытута. Але, каб атрымаць дыплом, належала прайсці практыку і напісаць дыпломную працу. На практыку ён паехаў у вёску Бацішчава, дзе працаваў над дыпломнай тэмай, прысвечанай даследаванню фізічна-хімічных уласцівасцяў падзолаў.

У той час вёска Бацішчава на Смаленшчыне была адным з галоўных цэнтраў практычнай сельскагаспадарчай навукі. Тут дзейнічала сельскагаспадарчая станцыя, якая лічылася эталоннай гаспадаркай усёй нечарназёмнай зоны. Яе заснаваў вядомы расійскі прафесар А. Энгельгард (1832—1893). У 1870 годзе царскія ўлады арыштавалі яго за крытыку памешчыцкага землеўладання і прапаганду ідэяў земскіх рэформаў, а ў 1871 годзе выслалі — пад нагляд паліцыі — у ягоны маёнтак Бацішчава. Тут ён стварыў узорную гаспадарку і школу для «інтэлігентных землеўласнікаў».

Энгельгард адным з першых у Расіі пачаў выкарыстоўваць мінеральныя ўгнаенні, сыравінай для якіх былі фасфарыты, адкрытыя ім у Рослаўскім павеце Смаленскай губерні. У ягонай гаспадарцы разводзілі галандскіх малочных кароў, ёркшырскіх свіней, оксфардскіх авечак і нарвежскіх коней. Гаспадарка вялася з размахам, на еўрапейскім узроўні, яна падобна магніту цягнула да сябе многіх з тых, хто прысвяціў сябе агранаміі. Тут было чаму павучыцца.

Увосень 1916 года А. Смоліч, які ўжо атрымаў грунтоўную навуковую падрыхтоўку, свабодна валодаў украінскай, нямецкай і польскай мовамі, паступіў на працу ў Мінскае губернскае земства — спачатку земскім статыстыкам, а потым намеснікам загадчыка статыстычнага бюро. На пачатку 1917 года ён кіраваў перапісам насельніцтва і гаспадаркі Мінскай губерні, што мела вялікае значэнне і асабіста для яго. Падчас перапісу даследнік атрымаў каштоўны навуковы матэрыял, з якім можна было вяртацца ў Харкаў і абараніць дыпломную працу. Аднак рэвалюцыя, грамадзянская вайна і палітычная дзейнасць, у якую ён уцягнуўся, адцягнулі атрыманне дыплома аж на 8 гадоў.

У Мінску Аркадзь не абмяжоўваўся толькі працай у земстве і навукай, ён зблізіўся з колам людзей, якія марылі аб адраджэнні беларускай культуры. Традыцыйным месцам іх сустрэч была «Беларуская хатка» — невялікая драўляная хата, што стаяла на Захараўскай вуліцы недалёка ад Чырвонага касцёла. Тут месцілася сталоўка для бежанцаў, якая ўвечары ператваралася ў літаратурны клуб. Суботнімі вечарамі сюды прыходзілі Ядвігін Ш. (Лявіцкі) і Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок і Усевалад Фальскі, іншыя паэты і празаікі. Яны чыталі свае творы беларускай моладзі, потым прысутныя выказвалі свае ўражанні, пачыналіся дыскусіі…

Тым часам адбы­ліся змены ў асабістым жыцці Аркадзя: ён ажа­ніўся з Аляксандрай Каткоўскай. Аляксандра была з сям’і чыгуначніка, які працаваў канторшчыкам на станцыі Бахмач у Чарнігаўскай губерні. У 1912 годзе яна скончыла чатырохкласнае гарадское вучылішча ў Мінску, у 1914 — двухгадовыя педагагічныя курсы, а ў 1916—1917 гадах вучылася на агульнаадукацыйным факультэце Маскоўскага народнага ўніверсітэта імя Альфонса Шаняўскага.

Пасля адной з першых сустрэч з будучым мужам Аляксандра запісала ў сваім дзённіку:

…у марах маіх было таксама, каб ён быў вышэйшы за мяне і па ро­зуме, і па адукацыі, і па шырыні светапогляду. Каб ён быў просты, сціплы, шчыры і працавіты. Толькі сэрцы, я хацела б, каб былі ў нас роўныя.

Адзначым, што Каткоўская-Смоліч таксама зрабіла ўнёсак у беларускую культуру: у 1919 годзе ў Вільні быў выдадзен яе буквар «Зорка» для беларускіх дзетак, які шмат разоў перавыдаваўся.

У 1918 годзе ў маладых бацькоў нарадзіўся першынец — сын Максім. Пазней сям’я павялічылася яшчэ на двух дачок.

Палітычная дзейнасць у 1917—1922 гг.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Смоліч зрабіўся адным з лідараў БСГ у Мінску і рэдактарам яе друкаванага воргана — газеты «Грамада». Яшчэ ў 1914 годзе ён пачаў друкаваць у часопісах «Раніца» і «Лучынка» свае артыкулы на грамадскія і навукова-папулярныя тэмы. Зараз гэты досвед спатрэбіўся, Аркадзь хутка стаў плённым публіцыстам.

У сакавіку 1917 года на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў Смоліча абралі чальцом Беларускага нацыянальнага камі­тэта (БНК). А на канфэрэнцыі БСГ у чэрвені 1917 года ён увайшоў у склад яе часовага Цэнтральнага Камітэта.

У ліпені 1917 года на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў і партыяў замест БНК была ўтворана Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў (ЦРБА) на чале з Выканаўчым камітэтам. Смоліч увайшоў у склад камітэта і фактычна кіраваў ім.

Пасля рэарганізацыі ЦРБА ў кастрычніку 1917 года ў Вялікую Беларускую Раду Смоліча абралі намеснікам старшыні яе Выканаўчага камітэта.

У снежні 1917 года Смоліч быў удзельнікам Усебеларускага з’езда, які абвясціў ідэю аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі.

А ў лютым-сакавіку 1918 года ён быў адным з тых дзеячаў, якія высунулі ідэю незалежнасці Беларусі. Як радны Беларускай Народнай Рэспублікі ён прымаў удзел у стварэнні акта 25 сакавіка, абвясціўшага незалежную і суверэнную Беларускую Народную Рэспубліку (БНР).

У першым урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду сакратара асветы. Каб дамагчыся прызнання БНР, ён выязджаў з дыпламатычнай місіяй у Кіеў, Варшаву і Берлін.

Пасля таго, як у красавіку 1918 года адбыўся распад БСГ на тры асобныя плыні, Аркадзь Смоліч разам з іншымі дзеячамі ўтварыў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — БСДП. Ён жа ў 1919 го­дзе склаў праект яе праграмы.

Акрамя палітычнай дзейнасці Смоліч пачаў рабіць захады па стварэнні ўмоў для росту грамадскай свядомасці. Ён арганізаваў курсы беларусазнаўства і сам выкладаў на гэтых курсах. Таксама ён узначаліў камісію, у якой сабраўся цвет беларускай навукі — акадэмік Яўхім Карскі (1860—1931), прафесары Уладзімір Завітневіч (1853—1927) і Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867—1934). Камісія рупілася наконт адкрыцця Нацыянальнага ўніверсітэта ў Мінску.

Адначасова, застаючыся службоўцам статыстычнага бюро Мінскага губернскага земства, Смоліч дабіраў матэрыялы з геаграфіі і эканомікі Беларусі, працаваў над падручнікам па геаграфіі.

Пад канец кастрычніка 1918 года па даручэнні ўрада БНР Смоліч прыехаў у Горадню з мэтай пашырэння тут базы вызвольнага руху. У прыватнасці, ён меў дачыненне да стварэння культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына». Але ў лістападзе Гарадзеншчыну занялі войскі толькі што паўсталай з палітычнага нябыту Польшчы. Акупанты пачалі нішчыць кволыя парасткі беларускай дзяржаўнасці, пераследаваць яе творцаў, і таму Смоліч у снежні ад’ехаў з Горадні ў Вільню.

Тут ён у 1919 годзе скончыў і выдаў «Геаграфію Беларусі» (у арыгінальным напісанні — «Географія Беларусі»), сваю першую і, без сумнення, галоўную кнігу. Яна адкрывалася эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».

З лета 1919 года Смоліч быў намеснікам старшыні ўрада Антона Луцкевіча і адначасова міністрам сельскай гаспадаркі БНР. Пасля таго як Чырвоная Армія летам 1920 года захапіла ўсю Беларусь, Смоліч зноў прыехаў у Горадню і на працягу ліпеня — жніўня працаваў на пасадзе агранома ў зямельным аддзеле губернскага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, які ўзначальваў Адам Славінскі.

Пасля другой акупацыі Беларусі Польшчай у верасні 1920 года Смоліч ізноў вярнуўся ў Вільню. У 1920—1922 гадах ён працаваў тэхнічным кіраўніком Беларускага Выдавецкага Таварыства (па выданні навучальных дапаможнікаў).

Акрамя таго, выкладаў геаграфію на настаўніцкіх курсах, што дзейнічалі ў Віленскай беларускай гімназіі. Акрамя таго, ён стаў адным з заснавальнікаў і першым старшынёй Таварыства беларускай школы, якое пазней адыграла немалую ролю ў барацьбе беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі за нацыянальную школу і культуру.

Смоліч не абмяжоўваўся справай асветы. Дзеячы вытворча-спажывецкай кааперацыі на Віленшчыне браты Арсень і Ігнат Канчэўскія, Мікола Арэхва, Эдвард Будзька ды іншыя на пачатку 1920-х гадоў паспяхова спалучалі абарону сацыяльных інтарэсаў насельніцтва з асветніцтвам дзеля ўздыму беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Смоліч далучыўся і да гэтай плыні грамадскай працы: яго абралі чальцом управы Віленскага хаўруса каапэратараў.

Аднак кіраўніцтва польскай каапэрацыі, якому самастойныя беларускія кааператывы былі што костка ў горле, вяло з імі актыўнае змаганне. Пасля двухразовай змены складу ўправы і арышту старшыні палякам нарэшце ўдалося падпарадкаваць Віленскі беларускі хаўрус свайму верхавенству.

Не давалі польскія адміністрацыйныя ўлады магчымасці шырэй разгарнуць і асветную працу, на кожным кроку чынілі ўсялякія перашкоды.

Вось і Смоліч быў вымушаны пакінуцць пасаду загадчыка інструктарскага аддзела Віленскага хаўрусу кааператараў.

Дзейнасць у БССР (1922—1930)

Аркадзь Смоліч як палітычны дзеяч і навуковец-эканаміст добра бачыў каланіяльную скіраванасць палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да беларускіх земляў. Таму перспектывы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў межах Польшчы здаваліся яму праблематычнымі.

А тым часам маленькая БССР (усяго шэсць паветаў былой Мінскай губерні), якая з’явілася чыста кан’юнктурным тварэннем маскоўскага кіраўніцтва («буфер» паміж «чырвонай» Расіяй і «белай» Польшчай), нечакана пачала сведчыць аб рэальных здабытках беларусаў. На працягу 1921 года сялянства там атрымала ў сваё распараджэнне памешчыцкія, царкоўныя і скарбовыя землі, рэспубліку пакрыла досыць густая сетка беларускіх школ, а ўвосень гэтага ж года адчыніўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ).

Пабачыўшы гэта, Смоліч у 1922 годзе правёў рысу пад сваёй палітычнай дзейнасцю і ў жніўні таго ж года, яшчэ да афіцыйнай амністыі савецкага ўрада дзеячам БНР (адбылася ў 1923 г.), пераехаў з Вільні ў Мінск з мэтай культурна-навуковай працы на карысць Бацькаўшчыны. Урад БССР прызначыў яго ў Наркамат земляробства БССР аграномам-эканамістам, а потым загадчыкам планава-эканамічнага аддзела. Паводле словаў наркама З. Прышчэпава, Смоліч паказаў сябе на гэтай працы як вельмі дасведчаны і аўтарытэтны спецыяліст у галіне аграноміі і сельскагаспадарчай эканомікі.

Адначасова з працай у Наркамземе Смоліч выкладаў на агульнаадукацыйных курсах Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, а ў лютым 1923 года падаў заяву на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У красавіку паседжанне праўлення БДУ пастанавіла:

Залічыць Аркадзя Антонавіча Смоліча з 1 красавіка 1923 г. навуковым супрацоўнікам педагагічнага факультэта БДУ з ускладненьнем на яго абавязкаў тэрмінова прыступіць да арганізацыі пры БДУ кабінета па краязнаўстве.

Пасля стварэння кабінета краязнаўства, у снежні 1923 года на паседжанні праўлення БДУ пад кіраўніцтвам рэктара, прафесара Уладзіміра Пічэты, была прынятая пастанова:

Лічыць навуковага супрацоўніка А. А. Смоліча вартым званьня выкладчыка па кафедры геаграфіі Беларусі і Расіі.

У 1924 годзе пад кіраўніцтвам Смоліча было створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У склад Цэнтральнага бюро, акрамя А. Смоліча, увайшлі рэктар універсітэта Уладзімір Пічэта, вучоны-аграрнік Сяргей Скандракоў, гісторык Васіль Дружчыц, географ Мікалай Азбукін, прадстаўнікі шэрага дзяржаўных аб’яднанняў. Пры Цэнтральным бюро быў заснаваны музей прыроды, выдаваўся штомесячны часопіс «Наш край», праводзіліся рэспубліканскія краязнаўчыя з’езды. Ужо ў сакавіку 1924 года прайшла нарада мінскіх краязнаўцаў, дзе абмяркоўваліся праблемы краязнаўчага руху і шляхі далучэння да яго шырокіх мас.

Патрэба ў стварэнні краязнаўчых арганізацый узнікла найперш з прычыны слабай вывучанасці тэрыторыі рэспублікі. Добра разумеючы становішча краязнаўства, А. Смоліч з уласцівым яму імпэтам сцвярджаў:

Краязнаўчая праца, аб’яднаючы вучонага дасьледніка і маладзенькага піянера-зьбіральніка калекцый, ёсьць адзінай пэўнай гарантыяй таго, што Беларусь перастане быць краем, невядомым для самых беларусаў, а ў выніку гэтага радыкальна зьменіцца аблічча ўсяе нашае гаспадаркі, усяе беларускае культуры.

Вялікую ролю ў развіцці краязнаўчага руху Смоліч адводзіў, па-першае, універсітэту:

…шмат залежыць ад універсітэту: калі б там разгарэлася вогнішча краяведнай працы, дык іскры ад яго, безумоўна, даляцелі б у глухія вясковыя школы, і геаграфія атрымала б там належнае ёй месца…

І, па-другое, — школе:

…школа павінна выгадаваць сьвядомага грамадзяніна-краязнаўцу. Грамадзянства, узгадаванае ў краязнаўчай школе, будзе мець расчыненыя вочы на ўсё вакольнае жыцьцё, у яго руках будзе зброя найпатрэбнейшае навукі — навукі аб блізкім і знаёмым.

У 1924 годзе з прычыны вялікай занятасці справамі Інбелкульта А. Смоліч пакінуў Цэнтральнае бюро краязнаўства. Але ён не аднойчы вяртаўся да праблем краязнаўства: удзельнічаў у першым Усебеларускім з’ездзе краязнаўцаў, напісаў шэраг артыкулаў у часопіс «Наш край». Паміж іншага, ён падкрэсліваў ролю краязнаўчых арганізацый у эканамічным раянаванні рэспублікі:

…краязнаўцы ў гэтай справе могуць зрабіць шмат карыснай працы, выяўляючы і сістэматызуючы тое практычнае знаёмства з мясцовасьцю і мясцовымі ўмовамі, а таксама клапоцячыся аб найпаўнейшым выкарыстаньні ўжо праведзеных навуковых досьледаў і наяўнай навуковай літаратуры аб раёне, яны дапамогуць зрабіць раянаваньне і ўсё наагул новае будаўніцтва найбольш дасканалым пры сучасным стане ведаў аб краі.

На 1 кастрычніка 1926 года ў БССР было больш за 130 краязнаўчых гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 7000 чальцоў, галоўным чынам настаўнікаў, студэнтаў і школьнікаў. Але краязнаўчы рух на Беларусі, як і наогул у Савецкім Саюзе, меў кароткае жыццё. У першай палове 30-х гадоў пачаўся працэс яго згортвання. Сталінскаму рэжыму былі небяспечныя людзі, якія добра ведалі свой край, праўду пра жыццё яго людзей і да ўсяго мелі справу. Таму шмат краязнаўцаў трапіла ў турмы, лагеры і ссылку.

Краязнаўцаў, у тым ліку вядомых навукоўцаў (гісторыкаў, географаў, мовазнаўцаў), а таксама вясковых настаўнікаў, захопленых імкненнем спазнаць родны край, сціплых супрацоўнікаў музеяў — лепшых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — пачалі заганяць за калючы дрот. Усё нацыянальнае і самабытнае знікала за сумна вядомай шырмай інтэрнацыяналізму.

У 1924 годзе А. Смоліч як сакратар камісіі Дзяржаўнага плана БССР займаўся раянаваннем тэрыторыі рэспублікі. Менавіта ён па­дзяліў яе на 10 адміністрацыйна-гаспадарчых акругаў. За гэтую працу Саўнаркам БССР спецыяльнай пастановай вынес яму «рэвалюцыйную падзяку за праяўленую ў працы па раянаваньні вялікую энэргію, ініцыятыву і любоў да справы».

Смоліч арганізаваў і правёў некалькі экспедыцыйных даследаванняў асобных прыватных гаспадарак і першых калгасаў, матэрыялы якіх ён выкарыстаў для працы «Арганізацыя сельскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі». Гэтую працу ён падаў у 1924 годзе ў Харкаўскі сельскагаспадарчы інстытут як дыпломную для завяршэння сваёй вышэйшай адукацыі. Экзаменацыйная камісія інстытута прызнала дыпломную працу выдатнай і рэкамендавала яе да друку (ў 1926 годзе была надрукаваная).

Такім чынам, ягоны шлях да дыплома заняў 15 гадоў — з 1909 да 1924.

У 1925 годзе на паседжанні рады педагагічнага факультэта БДУ Смоліч паспяхова абараніў працу «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» і быў абраны дацэнтам па кафедры геаграфіі.

І яшчэ ў 1925 годзе ён разам са сваім сябрам па ўніверсітэце Мікалаем Азбукіным (1894—1943) напісаў і выдаў тры школьныяпадручнікі: «Геаграфія Эўропы», «Геаграфія па-заэўрапейскіх краёў» і «Школьная карта Беларусі».

У снежні 1926 года на паседжанні дэканата педагагічнага факультэта ўніверсітэта рэктар Уладзімір Пічэта рэкамендаваў А. Смоліча на пасаду прафесара па кафедры геаграфіі. У сваёй рэкамендацыі ён адзначыў:

Дацэнт А. Смоліч працуе ва ўніверсітэце на працягу 4 год з вялікім посьпехам і, акрамя гэтага, мае цэлы шэраг прац геаграфічна-гістарычнага характару, якія высунулі дацэнта Смоліча як выдатнага дасьледніка па геаграфіі і эканоміцы Беларусі.

27 лютага 1927 года пастановай № 54 Народнага камісарыята асветы БССР Аркадзь Смоліч быў прызначаны на пасаду прафесара па кафедры геаграфіі з 1 студзеня 1927 года. Вось так ён стаў першым беларускім прафесарам геаграфіі.

Навуковая праца А. Смоліча ў Мінску была шчыльна звязаная з дзейнасцю Інстытута Беларускай Культуры.

Яшчэ ў 1921 годзе пры Акадэмічным цэнтры Наркамата асветы была створана Навукова-тэрміналагічная камісія пад старшынствам географа Міхайлы Грамыкі, якая займалася распрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі і выданнем падручнікаў для пачатковай і сярэдняй школы. Аркадзь Смоліч склаў для камісіі два тэрміналагічныя зборнікі — па сельскай гаспадарцы і батаніцы.

На пачатку 1922 года ўлады рэспублікі пераўтварылі Навукова-тэрміналагічную камісію ў Інстытут Беларускай Культуры (Інбелкульт) з мэтай «плянавага дасьледваньня Беларусі з боку яе мовы, літаратуры, этнаграфіі, гісторыі, прыроды, эканомікі, сацыяльна-грамадскага руху і інш., а таксама аб’яднаньня ў гэтых галінах усяе працы, якая вядзецца як навуковымі і мастацкімі ўстановамі, так і аддзельнымі асобамі». Інбелкульт меў два аддзелы: гуманітарных навук і прыроды ды гаспадаркі.

У Інбелкульт як правадзейныя сябры ўвайшлі вядомыя дзеячы навукі і літаратуры: Сцяпан Некрашэвіч (старшыня), Янка Купала, Якуб Колас, Зміцер Жылуновіч, Уладзімір Пічэта, Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік, Іван Замоцін, Антон Ясінскі ды іншыя. Акрамя правадзейных сяброў у Інбелкульт уваходзілі сябры-супрацоўнікі, сярод апошніх былі географы Міхайла Грамыка і Мікалай Азбукін.

У 1923 годзе ў Інбелкульт запрасілі і Смоліча, яму даручылі стварыць агранамічную секцыю аддзела прыроды і гаспадаркі. Пазней Смоліча абралі кіраўніком гэтага аддзела.

У 1925 годзе Смоліч быў абраны правадзейным чальцом Інстытута беларускай культуры і намеснікам яго старшыні. Арганізаваў яго навукова-даследчую і выдавецкую працу, клапаціўся аб пашырэнні прыродазнаўчых навук у сістэме інстытута. Прыкладаў намаганні для адкрыцця Навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Мінску.

Нарэшце збылася запаветная мара Смоліча — сапраўднага навукоўца і патрыёта Беларусі. У адпаведнасці з пастановай ЦВК і СНК БССР ад 13 кастрычніка 1928 года Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларускай ССР. Яе статут распрацавалі Аркадзь Смоліч, Сцяпан Некрашэвіч, Усевалад Ігнатоўскі і Вацлаў Ластоўскі. З 1 студзеня 1929 года АН БССР пачала сваю дзейнасць. Акадэмія, паводле думкі А. Смоліча, павінна была завяршыць «працэс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі і паставіць яе ў шэраг перадавых культурных краінаў сьвету».

У некаторых артыкулах А. Смоліча называюць акадэмікам, бо актыўныя супрацоўнікі Інбелкульта атрымалі гэтую годнасць, але ён на самой справе ім не быў. У Акадэміі навук Смоліч атрымаў пасаду загадчыка аддзела прыродазнаўства і гаспадаркі, кіраваў навукова-даследніцкай працай кафедры геаграфіі і падрыхтоўкай аспірантаў.

У даваеннай Беларусі сельская гаспадарка была прыярытэтнай галіной эканомікі. Смоліч добра бачыў, што яна мае асаблівасці, якія абумоўлены прыродна і гістарычна.

Да прыкладу, ён лічыў, што беларуская сялянская гаспадарка па культурнасці і інтэнсіўнасці ў значнай меры апярэдзіла гаспадаркі развітых рэгіёнаў Расіі. Таму, сцвярджаў ён, шматгадовы досвед беларускага селяніна трэба рацыянальна выкарыстаць у сучасным землебудаўніцтве. Гэтыя погляды навукоўца знаходзілі разуменне і падтрымку ў тагачаснага кіраўніцтва Наркамата земляробства БССР.

У 1920-я гады паспяхова ішло развіццё асобных сялянскіх гаспадарак праз утварэнне сістэмы хутароў. Маладыя беларускія аграрнікі працавалі пад дэвізам «Зробім Беларусь Даніяй».

У калектыўных зборніках і асобнымі выданнямі друкаваліся навуковыя працы Смоліча — «Эканамічнае становішча Беларусі перад вайной і рэвалюцыяй», «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і яе акругі», «Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі», «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі»,«Геаграфічны і тапаграфічны нарыс Заходняй Беларусі», «Насельніцтва Заходняй Беларусі, яго нацыянальны і прафэсіянальны склад» і іншыя. Гады працы А. Смоліча ў сталіцы БССР сталіся часам бліскучага творчага ўздыму маладога вучонага — ён атрымаў прызнанне за межамі рэспублікі, вёў перапіску і дыскусіі з вядучымі географамі краіны, напісаў каля 30 сур’ёзных навуковых прац.

У 1926 годзе на агульным сходзе Расійскага геаграфічнага таварыства пад старшынствам вядомага вучонага Ю. Шакальскага А. Смоліча абралі правадзейным сябрам. А праз чатыры гады, 9 траўня 1930 года, на агульным гадавым сходзе Таварыства было абвешчана аб прысуджэнні беларускаму вучонаму Малога залатога медаля па аддзяленні статыстыкі. Медаль быў прысуджаны за даследаванні «Размяшчэньне насельніцтва на тэрыторыі Беларускай ССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і мэтадалягічныя ўвагі» (абедзьве працы 1929 года). Патрыярх геаграфічнай навукі В. Сямёнаў-Цяншанскі (1870—1942) вітаў Смоліча як даследчыка-наватара, прарочыў перспектыўнасць яго навуковаму кірунку ў геаграфіі.

Аб значнасці гэтай узнагароды сведчыць той факт, што славуты «дзед» расійскай геаграфіі Пётр Сямёнаў-Цяншанскі некалі быў ганараваны такім самым медалём за даследаванне горнай сістэмы Сярэдняй Азіі.

24 чэрвеня 1930 года ў Белдзяржуніверсітэт прыйшоў ліст за подпісам Ю. Шакальскага:

Дзяржаўнае Расійскае Геаграфічнае таварыства вельмі рада, што змагло адзначыць працы А. Смоліча прысуджэннем яму названай ганаровай узнагароды.

Перад Смолічам адкрываліся бліскучыя навуковыя перспектывы, але над краінай ужо згушчаліся чорныя хмары. Атрымаць свой залаты медаль Смоліч так і не паспеў…

Пагібель

Пад канец 1920-х гадоў у СССР канчаткова ўсталявалася таталітарная сістэма. Першымі яе ахвярамі зрабіліся навуковая і мастацкая інтэлігенцыя ў горадзе, лепшыя гаспадары ў вёсцы.

26 чэрвеня 1930 года А. Смоліч быў арыштаваны ў ліку 108 беларускіх навукоўцаў, грамадска-палітычных дзеячаў і пісьменнікаў па сфабрыкаванай органамі ДПУ справе «Саюза вызвалення Беларусі». Праз дзевяць з паловай месяцаў зняволення і шматлікіх допытоў, 10 красавіка 1931 года, пастановай несудовага органа — калегіі АДПУ — яго саслалі на 5 гадоў у горад Аса (па-расійску Оса) тагачаснай Уральскай вобласці.

У Асе Смоліч спачатку працаваў у мясцовым леспрамгасе, потым уладкаваўся планавіком-эканамістам у Асінскі райспа­жыўсаюз. У характарыстыцы, атрыманай у гэтай установе, адзначаецца, што ён праявіў высокую працаздольнасць і за кароткі тэрмін добра паставіў занядбаную планавую справу.

Неўзабаве ў Асу прыехала сям’я Смоліча, але ў гэтым маленькім горадзе не было нават сярэдняй школы, а дзяцей трэба было вучыць, і Смоліча з яго просьбы перавялі ў горад Ішым Омскай вобласці.

На шляху да Ішыма Аркадзь і Аляксандра Смолічы бачылі натоўпы змардаваных голадам людзей, ды чырвоныя сцягі на дахах сельсаветаў. У Заходняй Сібіры ўжо пачаўся голад — першы вынік сталінскай калектывізацыі. І гэта ў краі, які апошнія дзвесці гадоў карміў сам сябе хлебам, маслам і яйкамі, малаком і мясам!

Смоліч марыў пра добраахвотны хаўрус вольных вытворцаў, а савецкая «кааперацыя» пайшла шляхам гвалтоўнага прымусу і экспрапрыяцыі лепшых сялянскіх гаспадарак, яна зрабілася новай формай прыгоннага стана, адлучыла вытворцу ад прыладаў і сродкаў ягонай працы. Ні аб якіх інтэлігентных землеўладальніках тут не магло быць і гутаркі, сялянства цяжка пакутавала ад голаду і галечы.

У Ішыме Аркадзь Смоліч спачатку працаваў ў шэрагу арганізацый планавіком-эканамістам. Нарэшце яму пашчасціла вярнуцца да педагагічнай дзейнасці. Па-першае, у Ішымскім жывёлагадоўчым тэхнікуме ён выкладаў арганізацыю буйнай сацыялістычнай сельскай гаспадаркі, тэхнічнае нармаванне, эканамічную геаграфію і батаніку. Па-другое, у мясцовым педагагічным тэхнікуме (цяпер — педагагічны інстытут) Смоліч вёў курс фізічнай геаграфіі і методыкі яе выкладання.

Апрача таго, ад 1934 года ён вёў курсы па падрыхтоўцы выкладчыкаў для няпоўных школ Омскай і Чалябінскай абласцей пры педагагічным тэхнікуме.

У чэрвені 1935 года тэрмін высылкі скончыўся. З гэтай нагоды А. Смоліч звярнуўся з лістом да ЦВК — Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў СССР. Ён прасіў зняць з яго ганебнае кляймо «ворага народа», што дало б яму магчымасць быць у шэрагах грамадзян, адданых справе будаўніцтва сацыялізму. Але адказу на свой ліст ён не дачакаўся, таму змушаны быў надалей заставацца ў Ішыме, дзе працягваў працу ў педагагічным і медычным тэхнікумах, а таксама на рабфаку Омскага ветэрынарнага інстытута.

2 жніўня 1935 года А. Смоліч атрымаў даведку аб вызваленні з ссылкі «без права проживания в Москве, Ленинграде, во всех столичных городах и погранполосе».

Свабода, хоць і абмежаваная, акрыліла вучонага, ён паспрабаваў звязацца з Харкаўскім сельскагаспадарчым інстытутам (чый дыплом атрымаў у 1924 годзе) і з Варонежскім універсітэтам, каб уладкавацца на працу. Акрамя таго, Смоліч паслаў ліст ва Усесаюзны камітэт па справах вышэйшай школы з просьбай вярнуць яму годнасць прафесара.

У жніўні 1936 года Смоліч наведаў Харкаў, але выявілася, што там ён непатрэбны. Увосень прыйшоў ліст з Варонежа — і гэты ўніверсітэт не меў патрэбы ў яго паслугах. На пачатку наступнага, 1937 года, ён атрымаў адказ з Масквы: «Переутверждению в профессорском звании не подлежите». Заставалася жыць і працаваць у Ішыме. Не той быў час, каб вяртаць згубленае, трэба было проста выжыць.

Але ў краіне пачалася новая магутная хваля сталінскіх рэпрэсій, вядомая сёння як «Вялікі тэрор». Уначы 18 чэрвеня 1937 года на кватэру выкладчыка педтэхнікума Аркадзя Смоліча прыйшлі тры нкусаўцы і зрабілі ператрус. Асаблівую цікавасць яны праявілі да кніг і рукапісаў ссыльнага прафесара. Прафесару загадалі збірацца з рэчамі…

Праз некалькі дзён пасля затрымання ў Ішыме Аркадзя Смоліча перавялі ў Омскую турму. Праз год зняволення і допытаў, 10 чэрвеня 1938 года, так званая «тройка» прыгаварыла яго да вышэйшай меры пакарання. Яшчэ праз тыдзень, 17 чэрвеня, Аркадзя Смоліча расстралялі ў Омскай турме. Сталінскія каты забілі выдатнага чалавека ва ўзросце 47 гадоў, у самым росквіце творчых здольнасцей.

Жонка аб гэтым тады не дазналася. Шмат гадоў яна адсылала лісты і заявы ў розныя інстанцыі — шукала свайго каханага мужа. Аляксандра Смоліч (Каткоўская) памерла ў 1974 годзе.

У 1957 годзе, 9 лютага, прэзідыум Цюменскага абласнога суда рэабілітаваў Аркадзя Смоліча па омскаму прысуду. А 10 чэрвеня 1988 года Вярхоўны суд БССР рэабілітваў яго і па першаму, мінскаму прысуду. Вось толькі жыццё яму ніхто вярнуць не мог, як і дзецям — бацьку, жонцы — мужа…

Галоўная справа жыцця

У Саламерычах на рубяжы 1910—1911 гадоў малады Аркадзь Смоліч вёў дзённік, на старонках якога разважаў пра сваю будучыню. Частка ягоных нататкаў захавалася. Азнаёміўшыся з імі, даследчыкі прыйшлі да высновы, што менавіта тады ён канчаткова вырашыў прысвяціць сябе геаграфіі.

Цікавасць да геаграфіі ў Аркадзя не была выпадковая. З дзяцінства ён любіў чытаць трэці том «Живописной России», прысвечаны Беларусі, і дзявяты том геаграфічнага апісання Расійскай імперыі «Верхнее Приднепровье и Белоруссия». Гэтыя навукова-папулярныя працы сталі настольнымі кнігамі юнака. Ён любіў свой край і марыў спазнаць яго ва ўсіх праявах. А паездкі па Мінскай, Віленскай і Гарадзенскай губернях узбагачалі яго ўражаннямі.

«Геаграфія Беларусі»

У нейкі момант у Аркадзя ўзнікла думка напісаць сваю ўласную кнігу, цалкам прысвечаную геаграфіі роднай Беларусі. І ён пачаў збіраць матэрыялы да яе. Мы дакладна не ведаем, калі ён пісаў тэкст, але хутчэй за ўсё, галоўная частка працы была зроблена ў 1918 годзе і на пачатку 1919. Бо «Географія Беларусі» o 1919 годзе выйшла ў Вільні, у выдавецтве «Промень».

Між тым падчас жыцця Смоліча ў Вільні o савецкай Беларусі пачыналася беларусізацыя. Яна пакуль што не стала дзяржаўнай палітыкай, праходзіла стыхійна і была выклікана патрэбамі жыцця, але ўжо адчыняліся беларускія школы, узнікла вострая неабходнасць у выданні падручнікаў і дапаможнікаў на беларускай мове. Яшчэ ў траўні 1921 года Навукова-літаратурная камісія Наркамата асветы БССР прыняла пастанову:

Прасіць тав. Барзова напісаць падручнік па геаграфіі Беларусі ў аб’ёме этнаграфіі Беларусі, паказанай у картах Карскага і Смоліча.

Але Аляксандр Барзоў (1874—1939), расійскі географ і педагог-метадыст, з невядомых прычын адмовіў у просьбе. Тады Наркамасветы на пачатку вясны 1922 года папрасіў Смоліча падрыхтаваць ягоную «Геаграфію Беларусі» да перавыдання. Аўтар перапрацаваў і дапоўніў сваю кнігу. Другое выданне выйшла ў віленскім выдавецтве Б. Клецкіна ў 1923 годзе. Амаль што ўвесь наклад другога выдання кнігі, выдадзенай Віленскім выдавецтвам Б. Клецкіна ў 1923 годзе, пайшоў праз мяжу, у Мінск.

У 1925 годзе ў Мінску пабачыў свет трэці варыянт — падручнік пад назовам «Кароткі курс геаграфіі Беларусі». У кожным выданні аўтар удасканальваў свой твор. Да прыкладу, «Кароткі курс…» зусім не кароткі. Гэта значна дапоўнены варыянт другога віленскага выдання, у ім больш за 350 старонак. «Кароткі курс…» патрапіў і ў беларускія школы Украіны, Сібіры, Далёкага Усходу.

У 1920-я гады «Геаграфія Беларусі» і «Кароткі курс геаграфіі Беларусі» атрымалі шырокае прызнанне на Беларусі, выконвалі ролю незаменных падручнікаў і, адачасова, з’яўляліся каштоўнымі крыніцамі ведаў для краязнаўцаў. Яны атрымалі шэраг станоўчых водгукаў і рэцэнзій. Часопіс «Асвета» адзначыў у 1926 годзе, што ў «Геаграфіі Беларусі» — «удалая сістэматызаванасьць і аб’яднаньне ўсіх матар’ялаў, якія былі да апошняга часу страшэнна расьцярушаныя па асобных працах розных дасьледчыкаў». Газета «Звязда» за 8 сакавіка 1926 года адзначыла кнігу як «лепшае кіраў­ніцтва, напісанае для вучняў нашай беларускай школы».

Дык што ж уяўляе сабою «Геаграфія» Аркадзя Смоліча?

Падручнік Смоліча не мае нават і знаку сучасных яму казённых падручнікаў і статыстычных зводак. Беларусь для Смоліча — гэта не толькі край балотаў і лясоў, ягоная геаграфія — жывое, пранікнёнае апавяданне пра родны край, яго культуру і жыхароў, прыроду і гаспадарку.

У «Геаграфіі» Смо­ліча Беларусь упершыню апісвалася як самастойная дзяржава. Акрамя аб’ектыўнай неаб­ходнасці стварэння падручніка геаграфіі для «нацыянальнага руху, шырокай ракой разьліўшагося па Беларусі», аўтар у прадмове да первага выдання наступным чынам выклаў сваю галоўную мэту:

Масы беларусаў, прайшоўшых расійскія ды іншыя школы, яшчэ і дагэтуль глядзяць на родны край вачамі казённых вучэбнікаў. Беларуская маладзёж даведавалася ў школе толькі аб тым, што яе Бацькаўшчына — гэта нейкае адно балота; самае важнае ў ёй — гэта хвароба «каўтун», а па-за гэтым больш няма нічога цікаўнага.

Вось-жа, калі-б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе, ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык-бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі-б у іх хоць крыху пабольшала замілаваньня да свае роднае шматпакутнае стараны, такой простай і разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай велічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыню і дзеля будучыні гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады-б аўтар быў папраўдзе шчасьлівы.

А. Смоліч быў прыхільнікам краязнаўчага прынцыпу вывучэння геаграфіі, гэта значыць лічыў, што перадусім неабходна адплюшчыць вочы школьніку на родны край, на прыроду, гаспадарку і побыт насельніцтва сваёй мясцовасці, а потым пераходзіць да вывучэння краін свету. Ён пісаў:

Чалавек, аднак, пазнае далёкае і незнаёмае, раўняючы яго да блізкага і знаёмага. Затым жа нават той, хто цікавіцца толькі геаграфіяй чужых краёў, павінен уперад добра ведаць геаграфію найбліжэйшай мясцовасьці, павінен ведаць, далей, геаграфію свае роднае краіны, дзе ён радзіўся, вырас, працуе, дзе ляжаць косьці яго дзядоў, дзе жыць і працаваць будуць дзеці і ўнукі яго самаго, дзе жыве той народ, з якога ён пахо­дзіць, адным словам — Геаграфію Бацькаўшчыны, ён ужо шмат лягчэй зразумее геаграфічныя зьявы якога хаця краю… Кожны ведае, што для нас, беларусаў, Бацькаўшчына ёсьць Беларусь, край, дзе мы самі жывём, дзе жыве той народ беларускі, да якога мы належым. Геаграфія Бацькаўшчыны для нас — гэта геаграфія Беларусі.

На жаль, сёння ў школе ўсё наадварот — геаграфія свайго краю вывучаецца «зверху»: нашы вучні ідуць да сваёй краіны ад усяго свету, а патрэбна, каб было наадварот.

Беларусь у падручніку разглядалася ў этнаграфічных межах пражывання беларусаў, да кнігі была прыкладзеная і этнаграфічная карта. Пазней гэты факт следчыя ДПУ зрабілі падставай для абвінавачвання яе аўтара ў нацыяналізме. Але ж падручнік быў напісаны паводле замовы Наркамасветы БССР і гэтая карта была спецыяльна абумоўлена. У 1920-я гады ўрад савецкай Беларусі праводзіў актыўную палітыку збірання беларускіх земляў вакол Мінска. Паказ рэспублікі ў этнаграфічных межах мусіў садзейнічаць усталяванню адпаведных дзяржаўных межаў маладой Беларускай рэспублікі.

У «Кароткім курсе…» (1925 г.) А. Смоліч пісаў:

З далейшым ростам і пашырэньнем самасьвядомасьці на Усходняй Беларусі, магчыма, паўстане пытаньне аб далучэньні новых яе частак, а можа, усяго краю да Беларускай С. С. Рэспублікі.

Далей ён адзначыў:

…пашырэньне Беларускай ССР, якое адбылося ў 1924 годзе, перад усім сьветам паказала, што пытаньне аб дзяржаўных межах, якое буржуазія разьвязвае вайною, сацыялістычныя рэспублікі разьвязваюць згодным паразуменьнем, праз выяўленьне волі самых шырокіх мас работнікаў і сялян.

Усе тэмы падручніка аўтар разглядаў у ракурсе створанай ім своеасаблівай канцэпцыі «нацыянальнага прастору», які чырвонай ніткай злучае выкладзены матэрыял і абапіраецца на беларускія этнічныя межы (Брэст — Беласток — Вільня — Полацак — Смаленск — Бранск — Чарнігаў). Такі падыход, выклад і абмежаванне беларускай тэрыторыі на падставе этнічных, а не палітычных межаў БССР 1920 года, якія ўключалі толькі пятую частку гэтай этнічнай тэрыторыі, аўтар абгрунтаўваў наступным чынам:

Такі палітычны паддзел Беларусі не апіраецца ні на якія географічныя асновы. Межы новых дзяржаваў праведзены па жывому целу Беларусі, дзелячы краіны, якія найцясьней зьвязаны між сабою і прыроднымі і экономічнымі і культурна-гістарычнымі варункамі, ня кажучы ўжо аб тым, што ўсе яны наймацней зьвязаны з боку этнографічнага, бо ўва ўсіх пяцёх кавалках, на якія парэзана Беларуская зямля, жывець адзін і той самы Беларускі Народ. Дзеля такое штучнасьці сучаснага палітычнага паддзелу Беларусі мы ня будзем браць яго пад увагу ў дальнейшым выкладзе.

Агульны выклад матэрыялу ў «Геаграфіі Беларусі» Смоліча засноўваецца на ўнутранай цэласнасці, супольнасці беларускай тэрыторыі і адначасова на яе проціпастаўленні суседнім тэрыторыям, найперш за ўсё — Маскоўшчыне. Гэтае проціпастаўленне прысутнічае ў кожным раздзеле. Але, калі ў геаграфічнай частцы апісання гаворка ідзе аб прыродных, кліматычных, эканамічных і іншых адрозненнях, то ў гістарычнай частцы падручніка аўтар разглядае адрозненні, змешчаныя ў культурна-гістарычнай і этнічнай плоскасцях.

***

Мы добра ведаем азначэнне характэрных рысаў нацыі ў савецкіх падручніках: гэта агульнасць тэрыторыі і эканамічнага жыцця, агульнасць мовы, нацыянальнага характару, культуры. У Смоліча галоўны крытэрый нацыі — яе мова. З ім можна спрачацца, але на той час, калі нацыянальная самасвядомасць шырокіх мас была нізкая, калі каталікі як звычай лічыліся палякамі, а праваслаўныя — расійцамі, нельга было знайсці больш важкага крытэрыю. Таму Смоліч падкрэсліваў:

Важнейшай і найбольш пэўнай адзнакаю народу ёсьць яго мова… Беларус гаворыць па-беларуску, але лічыць сябе рускім… Тых, хто ў сябе ў хаце гаворыць па-беларуску, мы павінны лічыць за беларусаў, хаця б яны і ня ведалі сваёй нацыянальнасьці — іхная хатняя мова ёсьць довадам таго, што яны паходзяць ад беларусаў, гадаваліся і жылі сярод беларусаў, што культура, якая перахавалася ў беларускім сялянстве, ёсьць для іх найбліжэйшая, свая… Беларуская мова ад Горадні і Беластоку і аж да Бранску — адна мова. Адны ў яе словы, бо яе стварыў адзін народ.

Тэма беларусаў як асобнай нацыі ў падручніку Смоліча таксама засноўваецца на прынцыпе ўнутранай гамагеннасці беларускага насельніцтва і проціпастаўленні яго суседнім землям. У раздзеле, прысвечаным гутарковай мове беларусаў, Смоліч даў вельмі эмацыянальную развагу:

Ня ўсе яшчэ беларусы зразумелі, хто яны, і дзеля гэтага шмат хто, можа, і не прызнаецца, што ён беларус. Неграматны, цёмны чалавек не прызнаецца таму, што ён ня ведае, ніхто яго не навучыў; але ёсць шмат і добра вучаных беларусаў, якія прызнаюць сябе палякамі або маскоўцамі. Гэта таму, што іхнія дзяды і прадзеды, а можа й яны самі, здра­дзілі свайму народу, выракліся роднае мовы і самога імя беларускага…. Ведама, гэта толькі з’ява пераходнага часу. Сьведамасьць беларуская гэтак расьце, што за некалькі гадоў вернуцца да народу беларускага ўсе яго збаламучаныя сыны.

Падобныя сцверджанні былі вельмі характэрныя для перыяду беларусізацыі. Але пасля 1929 года гэткія развагі хутка зніклі ў беларускім грамадстве, бо іх пачалі лічыць вельмі непажаданымі ў адносінах да камуністычнага інтэрнацыяналізму, які надаваў вядучую ролю рускай мове як сродку інтэрнацыянальных зносін. Між тым Смоліч выразна вызначыў сваю пазіцыю прыхільніка менавіта беларускай мовы.

Што ж тычыцца нацыянальнай ідэнтычнасці, дык Смоліч заяўляў, што няма неабходнасці падзяляць беларусаў па прыкмеце прыналежнасці да каталіцкай або праваслаўнай веры, таму што «якой-бы веры ні дзяржаўся беларус, ён усё роўна беларусам астаецца».

***

Важная частка геаграфічнага апісання асобных рэгіёнаў у «Геаграфіях» А. Смоліча — гісторыя рэгіёнаў. Да галоўных беларускіх культурна-гістарычных цэнтраў аўтар аднёс Полацк і Вільню.

У Полацку, які з’яўляецца, па меркаванні Смоліча, своеасаблівым сімвалічным цэнтрам усёй беларускай гісторыі, знаходзяцца вытокі працэсу «стварэньня незалежнае вялікае дзяржавы». Полацк ляжыць на старажытным рачным шляху з варагаў у грэкі, ён перажыў за сваю гісторыю нямала ліхіх часоў, але самымі цяжкімі былі маскоўскія напады. Аўтар згадвае масавыя пакаранні смерцю яўрэяў Іванам Жахлівым у 1563 годзе і забойствы манахаў-базыльянаў па загадзе цара Пятра I.

Культурнаму заняпаду горада ў XIX стагоддзі ў значнай ступені спрыяла закрыццё расійскімі ўладамі езуіцкай Полацкай Акадэміі ў 1820 годзе, усю маёмасць якой (бібліятэку, рэдкія рукапісы, тыпаграфію, фізічны кабінет і г. д.) вывезлі ў Маскву і Пецярбург. Смоліч канстатуе:

Пасьля разгрому Акадэміі Полацк зрабіўся самым звычайным ціхім і нязначным паветавым местам, якім і застаецца дагэтуль. Места гордае Рагнеды, якая не хацела разуць ногі кіеўскаму князю, места Усяслава Чарадзея, найслаўнейшага з князёў беларускіх, места вялікае багамоліцы і кніжніцы сьв. Еўфрасіньні ды слаўнага вучонага Францішка Скарыны — заснула на доўгія вякі…. Як заціх і памёр Полацк, так заціхла і памёрла жыцьцё на ўсей Беларусі. Калі-ж яно адродзіцца і Беларусь стане на свае ногі, пэўне, зусім іначай будзе выглядаць і Полацк.

Апісанне Віленшчыны і Вільні — «культурнага і эканамічнага цэнтра ўсяе Беларусі й Літвы, сталіцы вялікіх князёў літоўска-беларускіх, найбольшага места на ўсім прасторы Беларусі» — Смоліч у сваім падручніку пачаў з этнічнага пытання. Перавагу беларускага насельніцтва на Віленшчыне ён тлумачыў працэсам беларускай каланізацыі, якая ішла з усходніх беларускіх земляў у часы ВКЛ і асабліва ў XVI—XVII стагоддзях (тут аўтар спасылаецца на выданне «Staroźytna Polska» Баліньскага і Ліпіньскага). Потым на працягу працяглага перыяду часу этнічныя літоўцы пераймалі беларускую мову і культурныя традыцыі як даміноўныя:

У рэзультаце абодвых успомненых процэсаў беларускае насяленьне акружыла Вільню, зрабіла яе беларускім местам і пашырылася значна далей на захад.

Больш ранні перыяд гісторыі Вільні Смоліч таксама звязваў з беларускім элементам і адзначаў:

У 1128 г. жыхары Вільні прынялі за свайго князя аднаго з беларускіх полацкіх князёў Расціслава (унука Усяслава Чарадзея).

Гэта дазваляе нам лічыць, што Вільня ад самага пачатку была беларускім местам. Пасьля, калі вялікія князі літоўскія перанесьлі сюды сваю сталіцу і абкружылі сябе беларускім баярствам, Вільня перахавала свой беларускі характар. Ліцьвіны займалі толькі паўночную частку гораду, каля Замкавай гары, каторая і звалася Літоўская палавіца. Беларуская палавіца займала паўднёвую частку Вільні, пад Вострую Браму. (…) Усе культурныя і тэхнічныя сілы йшлі ў Вільню найбольш з Беларусі, і Вільня, дзеля таго, мела характар чыста-беларускага места.

Аб’ём гістарычнай часткі падручніка па геаграфіі не дазваляў падрабязна апісаць працэс гістарычнага развіцця, таму Смоліч спыняўся толькі на найважнейшых яго момантах пачынаючы з Сярэднявечча і заканчваючы цяперашнім часам. У сувязі з беларускім нацыянальным рухам Смоліч згадвае Віленскі ўніверсітэт, дзе «выгадаваліся шырокія кадры краёвае інтэлігенцыі, якая кінула першыя іскры беларускага адраджэньня». Аднак універсітэцкая традыцыя была ў 1832 годзе перапынена рускімі ўладамі. А потым і Каталіцкая духоўная акадэмія — былы тэалагічны факультэт універсітэта — перанесена ў 1849 годзе ў Пецярбург. Падчас кіравання цара Мікалая I большасць школ на Беларусі зачынілі, а самыя лепшыя з іх разам з маёмасцю таксама перанеслі ў Масковію.

У будынках універсітэту і іншых школ паадчыняліся расійскія сярэднія школы. У палацах вяльможаў, у каталіцкіх манастырох расійскі урад зрабіў вастрогі, казармы. З эўропэйскага культурнага цэнтру, якому дзіваваліся чужаземцы, маскоўцы стараліся зрабіць звычайны «губэрнскі горад», поўны казармаў і чыноўнікаў.

Акрамя таго, пачынаючы з XVII стагоддзя насельніцтва Вільні значна паланізавалася:

Патомкі беларусаў і ліцьвіноў часта ўжо не разумеюць роднае мовы і шчыра лічуць сябе палякамі. Гэткім парадкам з беларускае Вільні сталася Вільня польска-маскоўскаю.

Аднак з уздымам хвалі нацыянальнага адраджэння літоўцы і беларусы паступова адваёўвалі свае пазіцыі ў палякаў, маскоўцы ж былі толькі «наносным элемэнтам і з выхадам расійскіх войскаў з Вільні счэзлі». Вільня зрабілася цэнтрам нацыянальна-вызваленчага беларускага руху. Тут друкаваліся першыя беларускія кнігі і газеты, тут быў адчынены першы беларускі тэатр, тут узніклі навуковыя таварыствы і беларускія школы. У сувязі з Вільняй аўтар згадвае і самы знакаміты абраз Божай маці Вастрабрамскай, пакланіцца якому ішлі паломнікі з усёй Беларусі. Адначасова Смоліч падкрэсліў значэнне Вільні як цэнтра культуры і адукацыі яўрэяў, што складалі амаль палову яго насельніцтва.

Трэцім важным беларускім цэнтрам А. Смоліч лічыў Мінск — як сталіцу БССР і як вялікі культурны і гандлёва-эканамічны цэнтр рэспублікі. Нягледзячы на спусташальную вайну са шведамі, Менск XVII—XVIII стагоддзяў мог пахваліцца актыўнай культурнай дзейнасцю каталіцкіх кляштараў, школ і друкарняў, адначасова была развіта «культурная і нацыянальная дзейнасць праваслаўных брацтваў».

Самы вялікі заняпад, перажываны горадам, які меў калісьці Магдэбургскае права (гэта значыць — самакіраванне), Смоліч звязвае з далучэннем Мінска ў выніку першага паддзелу Рэчы Паспалітай 1772—1773 г. да Расіі, пасля чаго «менскі гандаль стаў чэзнуць». Адначасова прыйшло ў заняпад і культурнае жыццё горада, замест якога запанавала «казённая прасьвета і самадурства губэрнатараў»:

У гэтым часе было зьнішчана шмат памятак старой архітэктуры; расійская ўлада намагалася зраўнаваць з зямлёю ўсе, што прыпамінала аб мінуўшчыне Менска, аб яго самабытнасьці, не шкадуючы нават і праваслаўных цэркваў.

Разам з сімбалічнымі цэнтрамі беларускай гісторыі, як Полацк, Вільня і некаторыя іншыя гарады, вялікую ўвагу ў сваёй «Геаграфіі Беларусі» Смоліч надае і ключавым асобам беларускай гісторыі. Гэта згаданы вышэй Усяслаў Чарадзей, св. Еўфрасіння, Францыск Скарына, беларускія роды Радзівілаў, Алелькавічаў і іншыя.

***

У «Геаграфіі Беларусі» Смоліч таксама пераймае канцэпцыю беларусаў як прадстаўнікаў самага чыстага славянскага тыпу. Усходнія суседзі-маскоўцы, або народ велікарускі «вырас на фінскім грунце, паўстаў ад зьмяшаньня з манголамі-фінамі». Гісторыя ж беларусаў не ведала шырокіх уварванняў неславянскіх плямёнаў, паколькі непраходныя гушчары лясоў ды балоты служылі перашкодай на шляху качэўнікаў.

Таму беларус ня мае ў сабе тюркскае (гэтаксама мангольскае) крыві, якая налажыла гэткі моцны знак на тып украінца.

На захадзе беларускіх земляў, на думку Смоліча, адбывалася змешванне беларускіх плямёнаў з балтамі, аднак балтыйскія плямёны блізкія славянам. Фізіягнамічны і фізічны тып беларуса ў гэтай сувязі Смоліч супрацьпастаўляе тыпу рускаму (маскоўскаму). Адрозненне выяўляецца як у фізічным абліччы беларуса (больш далікатным), так асабліва ў рысах яго твару, «тонкіх і мяккіх, як у праўдзівага эўропэйца і славяніна».

Смоліч, як і яго сябра Азбукін, меркаваў, што беларускія народныя звычаі і традыцыі захаваліся ў найбольшай чысціні. Беларуская міфалогія надзвычай багатая, а «беларуская народная лірыка не мае роўных сабе сярод славянскіх лірык».

А вось разгляд беларускага нацыянальнага касцюма Смоліч завяршыў з горыччу:

Беларуская нацыянальная вопратка мае ў сабе шмат прыгожага; няма каму, аднак, у нас на вёсцы яе належна цаніць. Места і салдатчына прышчапляюць вёсцы грубы смак да меставых модаў; да гэтага яшчэ далучаецца дзешавізна фабрычных тканін, раўнуючы іх да самаддзелкавых і дзякуючы ўсім гэтым прычынам нацыянальная вопратка шмат дзе пачала гінуць…

Інтэлігенцыя вясковая ў нас, на жаль, саўсім нядбае аб нацыянальнай вопратцы і навет, наадварот, паглядае часта на яе звысока, сама стараючыся пераймаць панскія моды і панскія звычаі. Ўсё-ж шмат дзе вопратка гэтая дажыла да нашага часу ў поўнай чыстаце і цяпер, калі настроі беларускага грамадзянства значна зьмяніліся ў нацыянальным кірунку, пэўна, не загіне.

У сваёй «Геаграфіі…» Смоліч апісвае і нацыянальны характар беларусаў (гасціннасць, трываласць у працы, талерантнасць, міралюбнасць…), які часта быў, па меркаванні аўтара, чыннікам залежнага становішча беларусаў у гісторыі. Характар беларуса ізноў жа найлепш выяўляецца на фоне яго супастаўлення з прыведзенымі ў тэксце характарамі суседніх народаў:

Беларус ня мае ў характары тае рызыкі, адкрытае і грубае прастаты, характэрнае для маскоўца; ня мае, йзноў-жа, лёгкадумнасьці, сьвецкасьці і самахвальства, якімі гэтак часта вызначаюцца палякі. І ад украінца, з якім беларус мае наагул шмат супольнага, адзначаецца ўсё-ж ён сваім шчырэйшым сэрцам, ды можа, крыху большаю рухавасьцяю.

У цэлым для этнаграфічнага раздзела кнігі характэрна класічная пазіцыя большасці цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх нацыянальных рухаў, паводле якой самыя выразныя і чыстыя нацыянальныя рысы захаваліся найперш у вясковым асяроддзі. Менавіта таму «характарызуючы беларускую нацыянальнасьць, мы будзем гаварыць перадусім аб сялянстве», — заключае Смоліч. На чале беларускай (г. зн. найперш сельскай) сям’і стаіць гаспадар, аднак яго ўлада абмежаваная і рашэнні прымаюцца калектыўна. У беларускай сям’і «саўсім няма тога дэспотызму, які пануе ў маскоўскай сялянскай сям’і ды наогуле на ўсходзе». Жанчыны з’яўляюцца раўнапраўнымі чальцамі сям’і, нават маюць уласныя фінансавыя сродкі, атрыманыя ад продажу сваіх прадуктаў.

На прыкладзе сельскай сям’і Смоліч дэманструе і прававыя асаблівасці беларускай традыцыйнай формы землеўладання. Яна аднолькавая амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, акрамя самых усходніх яе абласцей, і заключаецца ў падворнай форме. Зямля належыць адной сям’і, якая яе апрацоўвае, што прынцыпова адрозніваецца ад рускай абшчыны або калектыўнай формы землеўладання.

Абшчына, якая існавала ў самых усходніх абласцях беларускіх земляў, «навязаная /расійскім/ законам, не з’яўляецца выраженнем выпрацаванага вякамі погляду мясцовых сялян на іх зямельна-прававыя адносіны» і таму нават на працягу 40 гадоў яна не змагла ўкараніцца ў свядомасці жыхароў гэтых абласцей. Абшчына разыхо­дзіцца «з паняццямі мясцовых сялян аб правільным землекарыстанні» (якім з’яўляецца падворная форма), ім чужая думка пра гвалтоўнае адыманне зямлі ад аднаго селяніна для перадачы яе іншаму, пра гвалтоўнае раўнаванне зямельных уладанняў, калектыўную ўласнасць і кругавую паруку.

Агульны стан сельскай гаспадаркі на Беларусі значна лепшы і больш прагрэсіўны, чым у Расіі. Гэта тычыцца як апрацоўкі зямлі (там яшчэ можна сустрэць «лядавы спосаб ральніцтва», у той час як на Беларусі шырока распаўсюджаныя «трохпалёўка, сістэма плодазьмену» і г. д.), так і канкрэтных прыкладаў:

Часта на Беларусі сеюць лубін, які можна лічыць найлепшым «зялёным гноем», і наагул угнойваюць зямлю лепш, як на Маскоўшчыне.

Тое ж тычыцца і сельскагаспадарчага інвентару.

У «Геаграфіі Беларусі» ёсць раздзелы, прысвечаныя этнічным меншасцям (галоўным чынам яўрэям) і эміграцыі насельніцтва. Апісваючы эміграцыю ў Амерыку, Смоліч разважаў пра тое, што вяртанне беларускіх сялян з Амерыкі з заробленымі там грашыма прынесла б для Беларусі яшчэ больш карысці, калі б яны прывозілі з сабой і «амерыканскае культурнае і грамадскае ўзгадаваньне, ды каб іхняя туга па Бацькаўшчыне перарабілася ў нацыянальную сьведамасьць; здаецца, гэтага ўжо чакаць ня доўга засталося».

«Геаграфія Беларусі» — кніга нагэтулькі беларуская, што яе ў рэшце рэшт забаранілі ў трох краінах — Польшчы, Латвіі і СССР.

Вывучэнне ландшафтаў

Невялікая праца А. Смоліча «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» (1925 г.) займае выдатнае месца ў беларускай геаграфіі, бо з’явілася першай ландшафтазнаўчай працай у Беларусі.

Смоліч даў сваё азначэнне ландшафту: «…гэта, уласьціва кажучы, геаграфічная характарыстыка раёна». За аснову ж вылучэння ландшафта ён узяў генетычны прынцып:

Ландшафты Беларусі залежаць, галоўным чынам, ад геалагічнага мінулага.

Пры вызначэнні тыпаў ландшафтаў Смоліч карыстаўся перадусім метадам галоўнага ландшафтаўтваральнага фактару. Гэтакімі фактарамі на тэрыторыі Беларусі, паводле меркавання навукоўца, была спачатку дзейнасць ледавіка, а потым эразійныя працэсы. Такі падыход дазволіў яму вылучыць наступныя тыпы беларускіх ландшафтаў: 1) ландшафт канцавой марэны (з дзвюма формамі — азёрнай і градавай); 2) ландшафт доннай марэны; 3) палескі ландшафт; 4) ярава-лагчынны (лёсавы) ландшафт лесастэпаў.

Да ўтварэння кожнага з вылучаных ландшафтаў спрычыніліся розныя фактары: двух першых тыпаў (канцавой і доннай марэны) — дзейнасць ледавікоў, трэцяга (палескага) — сукупнасць ледавіковай дзейнасці і эразійных працэсаў, чацвёртага (ярава-лагчыннага) — выключна эразійныя працэсы.

Такім чынам, край лясоў і балотаў з аднастайнай прыродай (як бачылі Беларусь расійскія даследнікі), ператварыўся ў Смоліча ў складаную мазаіку ландшафтаў. У залежнасці ад тыпаў ландшафтаў, паводле Смоліча, адбывалася і рассяленне чалавека:

Сёлы, у асноўным, у далінах рэк з-за нізкага роўню грунтовых водаў…

…вёскі на водаразьдзелах, уздоўж рачных далін, на высокіх месцах, дзе зямля больш дрэніраваная і сухая.

Адметнасць згаданай працы — імкненне аўтара паказаць велізарную ролю чалавека ў пераўтварэнні ландшафту. Ён разглядаў уздзеянне чалавека не толькі на асобныя элементы, але і на ўвесь ландшафтны комплекс:

Аблічча Палесься зьмяняецца пад узьдзеяньнем чалавека.

Разам з тым Смоліч паказаў адваротны ўплыў змененай прыроды на грамадства:

У сувязі са зьнікненьнем лесу зьнікае і асноўная праца палешука, востра адчуваецца перанаселенасьць сёл і ў выніку — эміграцыя ў Сібір…

Побач з лясамі Беларусі знаходзіліся «паляны» — часткі стэпу, і на іх вельмі рана зьявілася земляробчае насельніцтва (60 чал/кв. км), і з-за гэтай цеснаты яно вымушана займацца не толькі земляробствам, але і прамысловасьцю і нават эміграваць.

Акрамя таго, навуковец адзначыў розную ступень уздзеяння чалавека на ландшафт у залежнасці ад прыродных умоў. Так, у градавым канцова-марэнным ландшафце «глебы больш прадуктыўныя, земляробства больш старажытнае, чым у азёрным, і шчыльнасьць насельніцтва таксама большая (50 чал/кв.км), і тут большы ўплыў чалавека».

Гэткай глыбіні характарыстык можа пазайздросціць і сучасны географ-ландшафтазнавец. Смоліч па праву ўваходзіць у кола заснавальнікаў не толькі ландшафтазнаўства ўвогуле, але і найбольш актуальнай цяпер яго галіны — антрапагеннага ландшафтазнаўства. Трэба дадаць, што цікаўнасць да праблем антрапагенных ландшафтаў сучасных географаў узнікла толькі на пачатку 1960-х гадоў. Калі б гэта здарылася раней, мы не адчувалі б сёння цяжкага экалагічнага крызісу, не ператварылі б тое ж Палессе ў пустыню з пясчанымі дзюнамі і высахлымі калодзежамі. Зусім інакш уяўляў сабе А. Смоліч будучыню Палесся, пра якое ён пісаў:

Палесьсе з яго рэдкім насельніцтвам і найменш выкарыстоўваемымі ў Беларусі прыроднымі багацьцямі з эканамічнага боку — край будучыні, засяленьне якога будзе ісьці за кошт іміграцыі.

Разумеючы недакладнасць, абмежаванасць нашых ведаў пра ландшафты, ён вельмі дакладна адзначыў:

Толькі ўзгодненая праца географаў з аднаго боку, і беларусазнаўцаў іншых навук — з другога, і асабліва масавых краязнаўчых таварыстваў па ўсёй Беларусі, дае магчымасьць выявіць больш ці менш канкрэтны выгляд беларускай зямлі, скласьці ўяўленьне аб ёй ня толькі на сваіх уражаньнях аб асобных ландшафтах, але і на аснове сінтэзу шырокіх дасьледваньняў усёй Беларусі. Такое ўспрыняцьце будзе, безумоўна, надзвычай карысным для геаграфічнай навукі і для іншых галін беларусазнаўства.

Дазіметрычная картаграфія

Малы залаты медаль быў прысуджаны А. Смолічу ў 1930 годзе за працу па сельскагаспадарчым раянаванні і дазіметрычную карту Беларусі. У водгуку на ягоныя працы «Разьмяшчэньне насельніцтва БССР» (1929 г.) і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг. Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (1930 г.) старшыня аддзела статыстыкі Расійскага геаграфічнага таварыства Веніямін Сямёнаў-Цяншанскі пісаў:

Абедзве кнігі праф. Смоліча павінны парадаваць кожнага сапраўднага географа, бо ў абедзвюх працах асновай эканамічнага даследавання Беларускага краю ёсць геаграфічныя прыкметы. З шматлікіх элементаў, уласцівых геаграфічнаму ландшафту Беларусі, Смоліч выбраў глебы, ва ўтварэнні якіх бяруць удзел усе іншыя кампаненты ландшафту. Узяўшы за аснову глебы і паклаўшы на іх шматлікія эканамічныя прыкметы, перадусім шчыльнасць насельніцтва, беларускі прафесар атрымаў вельмі пераканаўчае геаграфічна-эканамічнае раянаванне Беларусі. А. Смоліч, такім чынам, прапанаваў іншым навукоўцам шлях, які ўводзіць эканамічную геаграфію ў кола геаграфічных навук.

Водгук В. Сямёнава-Цяншанскага вельмі важны для разумення сэнсу даследаванняў А. Смоліча і ўсведамлення значэння ягонай працы ў далейшым развіцці геаграфічнай тэорыі аж да сучаснасці. Бо да 1970-х гадоў у геаграфіі назіраўся разрыў паміж дзвюма яе буйнымі галінамі — фізічнай і эканамічнай геаграфіяй. Географы баяліся змешваць прыродныя і грамадскія заканамернасці. Грамадства і прырода супрацьпастаўляліся адно аднаму, чалавек разглядаўся толькі як пераможца варожай яму дзікай прыроды, а апошняя — толькі як невычэрпная крыніца спажываных грамадствам рэсурсаў.

Аркадзь Смоліч глядзеў на гэтае пытанне далей за ўсіх. Антрапагенны ландшафт Беларусі для яго — вынік узаематворчасці чалавека і прыроды. Але і да гэтага часу яшчэ сустракаюцца географы, якія адмаўляюць адзінства геаграфіі. Яны не разумеюць, што свет адзіны, і што чалавек дадзены свету, каб падтрымліваць гармонію прыроды, што чалавек і прырода непаддзельныя. I гэты велізарны свет павінна пазнаваць адзіная навука — геаграфія.

Смоліч напісаў артыкул у картаграфічны часопіс пад назовам «Да метадалогіі абласных карт насельніцтва». На жаль, ён так і застаўся ў рукапісе. У артыкуле Смоліч вярнуўся да метадалогіі стварэння дазіметрычных картаў шчыльнасці насельніцтва. Першая гэткая дазіметрычная карт была выдадзеная ў якасці дадатка да ягонай працы «Разьмяшчэньне насельніцтва БССР» (1929).

Сёння толькі прафесійныя картографы ведаюць, што ўяўляе сабой дазіметрычная карта. Каб зразумець сутнасць дазіметрычнага метаду, трэба нагадаць, як складаюцца сучасныя карты шчыльнасці насельніцтва. Яны адлюстроўваюць сярэднія паказнікі шчыльнасці для якога-небудзь раёна або краіны. Колькасць насельніцтва адміністрацыйнага раёна або іншай адзінкі дзеляць на яго плошчу. Атрыманыя паказнікі наносяцца на карту, якая загладжвае адрозненні ўнутры раёна. А яны часта бываюць досыць вялікія, бо ў адным месцы буйныя паселішчы і вялікія масівы сельскагаспадарчых угоддзяў, а ў другім — лясы і балоты, гэта значыць — практычна незаселеныя тэрыторыі. Карты шчыльнасці насельніцтва, зробленыя такім метадам, — гэта, па сутнасці, картаграмы шчыльнасці насельніцтва. Яны абсалютна не геаграфічныя. Смоліч лічыў, што дамагчыся геаграфічнасці карт насельніцтва можна толькі ў тым разе, калі перайсці ад адміністрацыйных межаў да межаў прыродных.

Дазіметрычны метад першапачаткова распрацаваў у 1918 годзе Веніямін Сямёнаў-Цяншанскі, калі ствараў карты размяшчэння насельніцтва паўднёвых частак Абанежжа і Прыладажжа. Сямёнаў-Цяншанскі складаў свае карты наступным чынам: спачатку аконтурваў паселішча на вызначанай адлегласці ад яго межаў, затым колькасць насельніцтва ў гэтым паселішчы дзяліў на плошчу атрыманага контура, дадзеныя нанасіў на карту, у выніку вызначаў плямы згусткаў насельніцтва, а таксама тэрыторыі практычна без насельніцтва.

Але Смоліч пайшоў далей, ён лічыў, што не вакол кожнага паселішча і нават не з усіх яго бакоў дапушчальна браць папярэдне вызначаную адлегласць дзеля акрэслівання контура дазіметрычнага арэала. За аснову пабудовы гэтага контура Смоліч узяў такія паказнікі, як размяшчэнне розных тыпаў глебы, расліннасці, а таксама шляхоў зносін. На яго погляд:

…размяшчэнне глебаў  …найбольш моцна адбіваецца на распаўсю­джаньні вясковага насельніцтва. Гэта адбываецца таму, што глеба, будучы вытворчай часткай усяго комплексу элементаў фізічна-геаграфічнага ландшафту, зьяўляецца адным з найбольш характэрных яго паказьнікаў, асабліва ў краінах раўнінных: з другога боку, яна складае непасрэдную базу земляробства і таму можа больш або менш спрыяць згушчэньню земляробчага насельніцтва.

Смоліч даказаў, што найбольш інтэнсіўныя плямы гушчыні насельніцтва знаходзяцца на лёсавых і лёсападобных суглінках — самых ўрадлівых глебах Беларусі, а найменей шчыльна населеныя раёны Палесся, дзе глебы пераўвільготненыя і балотныя.

Смоліч адзначаў, што развіты і ўдакладнены ім дазіметрычны метад не павінны замыкацца толькі на картаграфаванні насельніцтва, а можа ўжывацца дзеля стварэння карт урадлівасці, карт транспарту і абмену. Галоўнае значэнне метаду, названага Смолічам метадам ізадазаў, або ізаліній, — у прыцягненні вялізнага статыстычнага матэрыялу, не запатрабаванага даследнікамі.

Гэтая праца Аркадзя Смоліча, напісаная ў турэмнай камеры, — яшчэ адна вяршыня ягонай творчасці. Гэтай вяршыні і да цяперашняга часу не дасягнула не толькі беларуская геаграфія, але і ўся геаграфія былога СССР. Метад дазіметрыі даўно забыты географамі і картографамі. Зрэшты, на тое былі і аб’ектыўныя прычыны: метад складаны, ён патрабуе велізарнай колькасці дакладнай статыстычнай інфармацыі і не можа грунтавацца на той хлуслівай статыстыцы, з якой мы ўсе знаёмыя па газетных публікацыях і розных «даведках».

***

У дваццатыя гады жыццё Смоліча было настолькі запоўнена рознымі справамі і падзеямі, што ўзнікае заканамернае пытанне: калі ён паспяваў усё рабіць? Дзе знаходзіў час на ўсе свае заняткі? Вось што піша аб гэтым ягоная жонка Аляксандра ў рукапісных мемуарах «Кропелькі жыцця»:

За дваццаць гадоў супольнага жыцця я не памятаю такога выпадку, каб Аркадзь Антонавіч дарэмна марнаваў час. Ён не курыў, не піў, ніколі не займаўся ніякай пустой гутаркай, не цярпеў гультаёў, усялякіх пуста­звонаў. Быў ён вельмі сціплы, уважлівы да людзей і надзвычай працавіты чалавек. Яго асабісты працоўны дзень звычайна зацягваўся да першай ці другой гадзіны ночы.

Замест заключэння

Прайшло ўжо 100 гадоў з таго часу, як пабачыла свет першае выданне кнігі Аркадзя Смоліча «Геаграфія Беларусі», але і дагэтуль у нас няма лепшай кнігі на гэтую тэму. Галоўнай асаблівасцю твора Смоліча, якая розніць яе ад сучасных падручнікаў, ёсць выразнасць выкладу, сакавітасць мовы, велізарная ўвага да культуры і побыту беларусаў. З кожнай старонкі «Геаграфіі» паўстае аўтар, улюбёны ў свой народ, у прыроду Бацькаўшчыны, чалавек, які верыць у светлую будучыню роднага краю:

Мерны, здаровы клімат, багацьце і буйнасьць жывое прыроды, разна-роднасьць краявідаў і выключна шырокае разьвіцьцё шляхоў ствараюць у Беларусі вельмі спрыяльныя варункі для разьвіцьця народу.

Доктар геолага-мінералагічных навук Эрнст Ляўкоў (1935—1996) вельмі добра сказаў пра падручнік Аркадзя Смоліча:

З гэтага часу нямала таленавітых даследнікаў працавала ў гэтай галіне, былі дасягненні ў вывучэнні азёр і рэк, клімату, рэльефу, тапанімікі і эканомікі, але да таго ўзроўню і метадалогіі геаграфія пасля забароны кніг Смоліча не паднялася, ніхто не адважыўся адзін напісаць настолькі цікавы для чытачоў рознага ўзроўню падручнік.

Сучасныя географы гавораць пра новыя галіны сваёй навукі — сацыяльную геаграфію, этнагеаграфію, геаграфію культуры, але ўсё гэта мы знаходзім у Смоліча. Сучаснаму навукоўцу ёсць чаму павучыцца ў яго.

Кніга А. Смоліча «Геаграфія Беларусі» — адзін са скарбаў нашай культуры. Яна павінна захавацца назаўсёды, як і творы класікаў мастацкага слова. Няхай кола чытачоў Аркадзя Смоліча будзе меншае, чым Уладзіміра Караткевіча ці Васіля Быкава, але і сёння ягоная «Геаграфія» застаецца магутным сродкам уздыму разумовай культуры народа. Кніга дапаможа чытачу ўбачыць прыродныя і культурныя краявіды Беларусі 20-х гадоў ХХ стагоддзя такімі, як іх бачыў сам аўтар.

Свет не стаіць на месцы. За тое стагоддзе, што прайшло пасля выдання падручніка А. Смоліча, прырода нашага краю вельмі змянілася: балоты Палесся асушаныя і перасушаныя, па пакінутых вёсках Магілёўшчыны і Гомельшчыны вецер разносіць радыеактыўны пыл, на месцы былых старобінскіх лясоў — кар’еры і шламасховішчы салігорскіх калійных камбінатаў. Таму падручнік А. Смоліча — гістарычны дакумент вялікай важнасці, дакумент пра тое, што было і чаго ўжо няма.

Творы А. Смоліча

Географія Беларусі. Вільня, 1919 (перавыданне ў 1922 г.)

Сельская гаспадарка ў БССР у 1921—1922 гг. Мн., 1923.

Эканамічнае становішча Беларусі перад вайною і рэвалюцыяй // Беларусь: нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924, с. 22—77.

География Эўропы. М.-Л., 1924 (у сааўтарстве з М. Азбукіным).

Географія па-заэўрапейскіх краёў. Мн., 1925 (у сааўтарстве з М. Азбукіным).

Школьная карта Беларусі. Мн., 1925 (у сааўтарстве з М. Азбукіным).

Тыпы геаграфічных краявідаў // Навуковы зборнік Інстытута Беларускай Культуры. 1925 г. Мн., 1925, с. 155—165.

Кароткі курс геаграфіі Беларусі. Мн., 1925 (перавыданне ў 1995 г.)

Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі: паводле данных бюджэтна-агранамічных дасьледванняў 1923 году. Мн.: Інбелкульт, 1926. — 149 с.

Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі Беларускай ССР // Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі. Том 2. Мн.: Інстытут беларускай культуры. Аддз. прыроды і народнай гаспадаркі. 1928, с. 1—34.

Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг. Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі. Мн., 1929. — 137 с.Геаграфія Беларусі /па выданні 1923 г./ Мн.: «Беларусь». 1993. — 374 с. /наклад 10 тыс. асобнікаў/

Аўтар: Міхаіл Пінчук, серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.