Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Анталагічныя асновы беларускай мастацкай літаратуры

ShamiakinaПадаем Вам даклад доктара філалагічных навук (Мінск) Таццяны Шамякінай, прэзентаваны на канферэнцыі «Трансфармацыі  ментальнасці беларусаў  у XXI ст.», якая прайшла ў Мінску 24 лістапада 2013 года, і ўвайшоў у аднаіменны зборнік.

Усе поспехі цывілізацыі на Зямлі маюць сваім вытокам сельскую гаспадарку. Як яна ўзнікла, адкуль і чаму фактычна імгненна з’явіліся шматлікія культурныя расліны і пэўнае кола свойскіх жывёл – свая, надзвычай цікавая, хоць і выключна складаная, навуковая праблема. Тое, што сёння гаворыць на гэты конт афіцыйная навука, задаволіць дапытлівых людзей ужо, безумоўна, не можа. Але важны вынік: поспехі сельскай гаспадаркі далі магутны штуршок цывілізацыйнаму развіццю, нават адчуванню ўласна часу.

Паляўнічы і збіральнік жыў адным днём, аселы ж лад жыцця патрабаваў адчування гадавога цыклу з яго чаргаваннем сезонаў. Так узнік каляндар – цэнтральны стрыжань чалавечай культуры. Вядзенне сельскай гаспадаркі заканамерна спрыяла ўзнікненню гандлю і спецыялізацыі прафесій, некаторыя з якіх (пэўныя рамёствы ці мастацтвы) пачынаюць канцэнтравацца ўжо не толькі ў вёсках, але і ў гарадах. Адсюль недалёка да ўзнікнення пісьмовасці, законаў і дзяржавы.

Вобразнае слова таксама ўзнікла ў асяродку вясковай грамады, на ўлонні прыроды, як своеасаблівы перыфраз сялянскай творчай працы – таму і лучылі іх, працу паэтычную і працу на полі, нашы паэты: “Беларускай песні роднае пад тон // Заарэм мы і засеем свой загон”, – пісаў Сяргей Новік-Пяюн. У незабыўнага Максіма Танка:

“У кожным слове шумелі

мільёны калосся

І звінела сталь вострая кос”.

Або ў Яўгеніі Янішчыц:

“І покуль дыхае планета,

Не вынішчаецца датла

Душа народа і паэта

У шуме жытняга святла”.

Як ні ў адной з іншых нацыянальных літаратур, беларускія паэты асабліва часта пісалі пра ніву, жыта, хлеб:

“Ад зерня і да бохана ў руках

Мы хлеба прасачылі шлях,

Ён красаваў у полі і ў радках…”

(Раман Тармола) 

А ў Рыгора Барадуліна: “… як жыта, // Спрадвечная // Беларуская мова!”

Новая беларуская літаратура, якая ў ХІХ ст. развівалася ў неспрыяльных умовах, а з пачатку ХХ ст. магутна заявіла пра сябе, лічыцца адной з самых сялянскіх у свеце: сялянскіх у сэнсе адрасата – для каго стваралася; у сэнсе аб’екта адлюстравання; а ў ХХ ст. – і аўтарства, бо пераважная большасць савецкіх пісьменнікаў паходжаннем з сялян.

З сярэдзіны ХХ ст., калі беларуская нацыя ў значнай ступені зрабілася гарадской, хоць і захавала моцныя сялянскія карані, калі вырасла пакаленне “дзяцей асфальту”, у якога не было вясковага дзяцінства, і асабліва калі адбыліся з 80-х гг. рэвалюцыйныя працэсы ў грамадстве, частка беларускай інтэлігенцыі пачала адхрышчвацца ад сваёй сялянскай асновы.

Сапраўды, у пэўны момант сацыяльнага развіцця важна было нагадаць народу, што беларуская літаратура ад яе вытокаў стваралі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў: і духоўныя асобы княжацкага паходжання (Еўфрасіння Полацкая, Кірыл Тураўскі), і баяры (Мікола Гусоўскі), і выхадцы з купцоў (Францыск Скарына), і прадстаўнікі шляхты (Ян Баршчэўскі, Адам Міцкевіч, Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Цётка, Янка Купала), гарадской інтэлігенцыі (Янка Лучына). Увядзенне ў культурны ўжытак, у тым ліку ў школьнае і універсітэцкае навучанне новых імёнаў – Міколы Гусоўскага, Барбары Радзівіл, Яна Баршчэўскага, часам цэлых пластоў літаратуры (напрыклад, рэлігійнай палемічнай), – у значнай ступені пашырала культурную прастору, надавала айчыннай літаратуры стэрэаскапічнасць і гістарычную перспектыву, далучала да найбольш развітых літаратур свету.

Увогуле, канец 80-х – пачатак 90-х ХХ ст. – гэта час новага гістарычнага ўсведамлення беларусамі ўласнай ідэнтычнасці (адбылося адно з нацыянальных адраджэнняў – трэцяе ці чацвёртае за нашу гісторыю). Узнік нават своеасаблівы феадальна-рыцарскі культ, які выразна выявіўся ва ўзбагачэнні жанра гістарычнага рамана новымі значнымі творамі, у з’яўленні адпаведных навуковых прац, у стварэнні моладдзю рыцарскіх клубаў. Нацыя як бы вярталася да сваіх вытокаў – перш за ўсё дзяржаўных.

Але любы імклівы працэс, які б ён не быў станоўчы, не абыходзіцца без выдаткаў. Стала добрым тонам сярод пісьменнікаў і даследчыкаў-філолагаў катэгарычна адмаўляць выключна сялянскую аснову беларускай літаратуры. Грэблівая ў адносінах да айчыннай спадчыны фраза “Ганна завіхалася каля печы…” пайшла гуляць па розных выданнях і ва універсітэцкіх аўдыторыях.

Можна зразумець заклапочанасць беларускай інтэлігенцыі падняццем прэстыжу ўласнага прыгожага пісьменства, імкненнем надаць яму больш высокі статус. Але тут, нам здаецца, назіраецца неразуменне і анталагічных асноў культуры, і каштоўнаснай скарбонкі айчыннай літаратуры у іх агульным гістарычным маштабе.

ххх

Для таго, каб у поўнай меры ўсвядоміць анталагічныя асновы беларускай культуры, неабходна прыгадаць яе міфалагічна-фальклорную спадчыну.

Першым сталым земляробам быў, як вядома, прабацька Ной, ад якога вядзецца сучаснае чалавецтва. З аповеда пра Ноя пачынаюцца ўсе старадаўнія хронікі – пачатак нашай літаратуры, у тым ліку летапісны звод “Аповесць мінулых гадоў”, а таксама беларуска-літоўскія летапісы.

З глыбокай архаікі народы падзяляліся на аселыя, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, і на качавыя, якія толькі разводзілі жывёлу або ўвогуле жылі не гаспадаркай, а нападамі на аселыя народы, пірацтвам, гандлем рабамі. Прычым першыя культурныя расліны і першыя прыручаныя жывёлы з’явіліся ў продкаў, насуперак сцвярджэнням афіцыёзнай навукі, задоўга да неалітычнай рэвалюцыі (Х–VІІІ тыс. да н. э.) – археолагі гэта добра ведаюць. Да прыкладу, расійскі гісторык Ю. Петухоў, што называе жыхароў Еўразіі русамі-індаеўрапейцамі, піша:

“Сельскагаспадарчая рэвалюцыя – гэта спосаб выжыць, захаваць свой род. Менавіта з гэтага часу земляробства робіцца традыцыйным і паважаным заняткам русаў на многія тысячагоддзі. Менавіта ў тым часе – вытокі бязмежнай павагі русаў-індаеўрапейцаў да хлеба, да працы земляроба. Менавіта адтуль выразы “хлеб усяму галава” і г.д. Цяжкая і пастаянная праца на зямлі выратавала суперэтнас русаў ад немінучага вымірання (прыкладаў вымірання цэлых плямёнаў ад голаду па прычыне нежадання паклапаціцца пра будучае і ўкласцісваю працу ў зямлю мы ведаем мноства і сёння). Гэтая падзвіжніцкая несупынная праца давала не толькі матэрыяльны плён і жыццё. Яна фарміравала ў сотнях пакаленняў русаў асаблівы светапогляд, значна больш высокі і адухоўлены, чым, скажам, у прадстаўнікоў плямёнаў качэўнікаў, збіральнікаў, паляўнічых…” [6, 96].

Чаму светапогляд земляробаў можна лічыць больш высокім і адухоўленым; чаму менавіта на аснове паселішчаў земляробаў узнікаюць гарады, урэшце ўсе вялікія цывілізацыі?

Справа, відаць, у тым, што сельскагаспадарчая праца дазваляе людзям уступаць з прыродай у найбольш гарманічныя стасункі. Чалавек жыве ў двух светах – свеце прыроды і свеце культуры. На гэты дваісты характар нашага акаляючага асяроддзя можна паглядзець і з іншага боку. Чалавек не існуе па-за светам рэчаў і светам знакаў. Рэчы, створаныя як прыродай, так і самім чалавекам, – матэрыяльны субстрат нашага свету. Свет знакаў, намнога больш разнастайны, аказваецца звязаным з рэчамі, але пры дапамозе складаных, цякучых і часта няўлоўных адносін. Вядомы расійскі філосаф і сацыёлаг С. Кара-Мурза піша пра адрозненні сялянскага жыцця ад гарадскога, лічачы, што галоўным такім адрозненнем з’яўляецца рэлігійнасць вясковага ладу існавання. Ён адзначае:

“Гаворка ідзе не столькі пра царкву, колькі пра касмічнае пачуццё, здольнасць бачыць вышэйшы сэнс ва ўсіх з’явах прыроды і выяўленні чалавечых адносін. Ворыва, сеў, уборка ўраджаю, будаўніцтва дома і прыняцце ежы, нараджэнне і смерць – усё мае ў селяніна літургічнае значэнне (“Араць – значыць маліцца”). Яго жыццё напоўнена гэтым сэнсам. Яго патрэбы вялікія, але яны задавальняюцца знешне малымі сродкамі” [3, 212].

Ад сябе дададзім, што жыццё на зямлі вядзе да самапазнання, да ўсведамлення свайго жыццёвага прызначэння.

Такім чынам, акрамя прыродных, біялагічных патрэб, для задавальнення якіх існуюць рэчы, чалавеку патрабуюцца яшчэ і знакі, вобразы, сімвалы. Гэтыя патрэбы не менш фундаментальныя. І сяляне задавальнялі іх, ствараючы міфалогію, фальклор, сваю самабытную культуру.

Фальклор – прадукт выключна сялянскі. На гэта сцвярджэнне можна запярэчыць, што ёсць і гарадскі фальклор, і нават у наш час зусім не бедны. Гэта так, але ж гарадскі фальклор ствараецца паводле матрыц, што ўзніклі ў нетрах вясковай цывілізацыі, па яе ўзорах.

Інакш кажучы, гарадская цывілізацыя застаецца другаснай у шмат якіх складніках. У тым ліку, у сэнсе якасці чалавечага матэрыялу. Адзін з лепшых расійскіх сацыёлагаў А.С. Панарын піша:

“У горад адыходзілі больш кемлівыя, больш прыстасаваныя, больш чуйныя да выкліку сучаснасці. Але больш сталая сучаснай рэфлексія адкрывае нам таямніцы, недасягальныя для традыцыйнай сацыялогіі. Паводле нейкага вышэйшага крытэрыю, тых, што засталіся на зямлі, неабходна прызнаць лепшымі – сапраўднымі захавальнікамі патухаючага касмічнага агню, адказнага за працяг жыцця” [5, 105].

Сапраўды, з пазіцый дагматычнай навукі, вёска давала гораду перш за ўсё фізічную масу новай рабочай сілы. Аднак з пазіцый метафізікі касмізму вёска падаравала гораду –

“той тып чалавека, які сённяшні горад сфармаваць ужо не ў стане: чалавека, што нясе ў свет дар спантаннай, бескарыслівай актыўнасці, няўтольнай уражлівасці і дапытлівасці, суперажывання і саўдзелу – інакш кажучы, той адкрытасці быццю, без якой грамадская вытворчасць немагчымая” [5, 106].

Адкрыты быццю чалавек акумуляваў касмічныя энергіі і выяўляў іх праз першабытны татэмізм, анімізм, магію, а ў гістарычныя часы – праз розныя жанры фальклору, які паказваў малюнкі разумнага быцця. Адны фальклорныя тэксты ўяўлялі сабою архаічныя сакральныя веды (казкі, быліны, замовы, загадкі), іншыя ўтрымлівалі ў выглядзе лаканічнай вобразнай формулы маральныя прынцыпы, этычныя нормы, ацэначныя крытэрыі і эстэтычныя меркаванні (прыказкі і прымаўкі). Неўміручае значэнне міфалагічна-фальклорных вобразаў у тым, што яны сімвалізуюць космас, прыроду ў цэлым.

Чалавек, жывучы ва ўмовах горада і прывязаны да яго рэалій, мысліць эмпірычна, а не сімвалічна: ён не можа бачыць у рэчах знакі “іншай рэальнасці”, іншых даляглядаў. Вось чаму сучасная літаратура пры ўсіх яе фармальных знаходках – халодная і бяздушная, не грэе чалавека, не задавальняе яго голад на сімвалы.

Адзін з такіх глабальных сімвалаў – Маці-Зямля. Ён – важнейшы ў паэтычнай ідэалогіі беларускіх пісьменнікаў-класікаў. Паняцце зямлі з’яўляецца ў айчынным прыгожым пісьменстве сэнсаўтваральным, стылеўтваральным, жанраўтваральным (творчасць Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа і іншых). Максім Танк паэтычна сведчыў:

“Я пісаў зямлі многа лістоў,

Але пакуль што

Адказ атрымаў я

толькі на ліст мой,

напісаны плугам”.

Вобраз Маці-Зямлі – глыбока архетыповы, бо, як можна меркаваць, ядро аўтахтоннага насельніцтва (барэалы) заставалася тут, нягледзячы на ўсе перамяшчэнні плямёнаў, назаўсёды, засяліўшы тэрыторыю адразу пасля сыходжання ледавіка (клімат тады быў іншы, і зямля высыхала хутка). А выгоды геаграфічнага становішча цяперашняй Беларусі былі ацэнены, безумоўна, здаўна. Маецца на ўвазе цэнтральнае становішча ў Еўропе, у тым ліку паміж морамі – Балтыйскім і Чорным, на беразе ўласнага Мора Герадота, акрамя таго, з рэчкамі-дарогамі, якія цяклі (заўважым гэта) ў розныя бакі свету.

Улічваючы такога кшталту рачную сетку, можна сказаць, што космас беларуса заўсёды быў арыентаваны на інфармацыю, бо да нас сцякаліся звесткі з усіх краін. І літаратура беларуская таксама скіравана на дыялог і нават на палілог: яна ўбірала ў сябе лепшае з суседніх літаратур і па гэтай прычыне хутка, дынамічна развівалася.

У гісторыкаў свой падыход да праблемы, у міфолагаў – свой. Мова і міф – больш праўдзівыя сведкі, чым матэрыяльныя артэфакты, якія ў глебе, безумоўна, не захаваліся, бо наша высокаразвітая цывілізацыя была драўляная.

Тут пафас нашага артыкула палемічна скіраваны супраць паважаных пісьменнікаў і даследчыкаў літаратуры, якія гавораць аб беларусах як аб “людзях на балоце”, што спрадвечна сядзелі ў балоце і мелі адпаведны менталітэт. Наадварот, у раўніннай Беларусі існаваў культ курганоў-валатовак, што ствараліся штучна, з’яўляючыся і сродкам архітэктурнай арганізацыі ландшафту, і сакральным судакраненнем зямлі і неба, і месцам пахавання героя-волата. А герояў было столькі, што нават у пачатку ХХ ст., як сцвярджае БСЭ, у нас заставалася 6000 курганоў [9, 179]. Што ж тычыцца жылля, то беларус сяліўся на высокіх берагах рэчак, на ўзгорках, пад купалам неба. Так, сапраўды, у балотах хаваліся: пад ударамі пастаянных хваляў качэўнікаў з усходу – готаў, гунаў, венграў, печанегаў, татар – славянскія плямёны з поўдня, з Дуная, беглі ў нашы лясы і балоты і бараніліся тут. Мы павінны быць ўдзячныя балотам, якія захавалі славянскі этнас.

Вада і лес – асноўныя фактары, паводле акадэміка Б. Рыбакова, жыцця славяніна [7, 112]. Ёсць версія акадэміка І. Дзяканава, што і земляробства, як не дзіўна, узнікла не ў стэпу, дзе, здавалася б, багатыя чарназёмы, а ў лясной зоне.

Увогуле стасункі продка-селяніна з прыродай уяўлялі сабою надзвычай складаную сістэму ўзаемасувязі сацыяльна-прыроднага, псіха-эмацыянальнага і рацыянальнага кампанентаў. Яны знаходзілі сваё выяўленне ў гаспадарцы, у вераваннях, у фальклоры.

“Сваім жыццёвым укладам сялянскі свет поўнасцю ўключаны ў рытмічны кругазварот Космасу. Усё быццё селяніна на зямлі з дня яго нараджэння ўцягвае яго, як пылінку, у віхуру жыццёвых цыклаў, што адкрываюць яму жыццё Космасу ва ўсёй непасрэднасці асабістага ўдзелу” [1, 21].

Вопыт развіцця земляробчай цывілізацыі даваў чалавеку ўпэўненасць у адэкватнасці сваіх дзеянняў Боскай задуме.

ххх

У нашых папярэдніх работах мы паказалі залежнасць беларускага менталітэту ад геаграфічна-прыродных фактараў. Цяпер спынімся на ролі гаспадарчага фактару, які таксама адыгрываў пэўную ролю ў фарміраванні асноўных рыс нацыі. Беларусы не жылі ў зоне пастаяннага форс-мажора, як, напрыклад, рускія. Мы маем на ўвазе тое, што рускі этнас сфарміраваўся ў эпоху шматлікіх нападаў стэпавых качэўнікаў і быў адціснены далёка на поўнач, у вобласці, малапрыдатныя для земляробства. Клімат рэзка абмяжоўваў магчымасці сельскай гаспадаркі. Беларуская зямля не з такім цяжкім кліматам, як Расія, але з неўрадлівымі глебамі – лес ды балота. У той жа час лес даваў значны дадатковы прыбытак: у нас не было і не магло быць такога татальнага голаду, які назіраўся ў Расіі і ва Украіне ў канцы ХІХ ст. і ў 1922, 1933 гг.

І ўсё ж нельга не ўлічваць, што станоўчая ізатэрма студзеня праходзіць па тэрыторыі Польшчы, а на ўсход ад яе сельскагаспадарчы сезон цягнецца ўсяго паўгода, у той час як у іншых краінах з развітым земляробствам – не менш васьмі, а тое і дзесяці месяцаў. У беларусаў большая патрэба ў цёплым адзенні, цёплым жыллі, бялковай ежы, чым у жыхароў Заходняй Еўропы. Акрамя таго, мы не мелі таго, што кампенсавала няякасную глебу і дрэнны клімат у Расіі, – вялікіх, неабсяжных абшараў зямлі. У Беларусі, як і ў Еўропе, зямлі заўсёды не хапала, ды яшчэ яна была неўрадлівая.

Вось чаму беларускі працоўны біярытм – усё ж біярытм звышнапружання, што яскрава зафіксавала класічная літаратура. У такіх умовах, ды яшчэ пры жорсткай панскай і дзяржаўнай эксплуатацыі, – не да раскошы. Якасці беларуса – выключная непатрабавальнасць, нават аскетызм ва ўмовах жыцця. Дададзім да гэтага пастаянныя небяспекі з боку агрэсіўных суседзяў. Звышнапружанне ў працы і ў абароне краіны доўга не дазволялі беларусам стварыць уласную дзяржаву – не хапала жыццёвай энергіі. У той жа час беларусы – спакойныя, унутранаскіраваныя, надзейныя гармонікі, народ выключна міралюбівы і працалюбівы. Працалюбства ўласціва беларусам зусім не менш, чым немцам ці скандынавам, – я б назвала гэтую рысу “эфектам дзядзькі Антося”.

У яшчэ большай ступені тое ж можна сказаць пра беларускую жанчыну. Беларуская жанчына ў сямейнай эканоміцы (а сёння і ў дзяржаўнай) заўсёды адыгрывала выключна важную ролю, і часта ёй прыходзілася “паднімаць” дзяцей пасля пагібелі мужа на вайне ці смерці яго ад цяжкай працы (гіне герой паэмы “Адвечная песня” Янкі Купалы, Міхал з “Новай зямлі” Якуба Коласа, Леапольд Гушка з “Бацькаўшчыны” К. Чорнага і інш.).

Земляробства звязана з культам смерці – нараджэння. Гэта ідэя стала шмат у чым нацыянальная. Што толькі не здаралася з беларускім народам, а ўсё роўна ён адраджаўся неаднаразова, адраджаў сваю культуру. Слушна адзначаў У. Калеснік:

“Смерць і ўваскрашэнне Беларусі – вось цэнтральны скразны матыў нацыянальнай міфалогіі, ён пранізвае нашу літаратуру і зводзіць яе ў адзіны ланцуг народнага лёсу” [2, 285].

Яшчэ адна важная асаблівасць сельскагаспадарчай працы – узаемапранікненне светаў вертыкальнага (у часе) і гарызантальнага (у прасторы). Маецца на ўвазе залежнасць ад пораў года, дакладнае падпарадкаванне рытмаў уласнага жыцця і працы да рытмаў прыроды, а таксама асваенне зямлі – апрацоўка пашы. Зладжанасць усяго з усім, адчуванне цэласнасці свету нарадзілі асаблівую гарманічнасць нашай літаратуры.

Гарманічнасць у найбольшай ступені выявілася ў апісаннях прыроды, у пейзажнай лірыцы, ды стала і вызначальнай рысай шмат якіх індывідуальных стыляў (Якуба Коласа, Івана Мележа).

Беларусам заўсёды не хапала сонечнай энергіі: так склалася ружа вятроў, што тут, у цэнтры кантынента, самая меншая колькасць сонечных дзён на працягу года ва ўсёй Усходняй Еўропе. Таму продкі асабліва цанілі менавіта тое, што сонечную энергію назапашвала, – колас, ніву. І ў гэтым плане псеўданім Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча – Якуб Колас – сапраўды знакавы, можна нават сказаць, лёсавызначальны і для самога класіка, і для яго Радзімы. Хіба выпадкова, што ў “Слове пра паход Ігаравы” бой параўноўваецца з цыклам сельскагаспадарчых работ? Або як піша паэт ужо ХХ ст. – Юрка Лявонны:

“Вяжуць сонца ў снапы

На жытнёвым полі”.

Самую Беларусь паэты бачаць убранай у каласы:

“Цяпер убрана ты квяціста,

Пад колер слуцкіх паясоў,

У строі нівы залацістай,

У шаты грэчак і аўсоў”

(Пятро Глебка).

Радзіма заўсёды паўставала як ніва ў лясным вянку:

“Краіна мая, радасць мая,

Песня мая маладая!

Па нівах тваіх, па тваіх гаях

Сынава сэрца рыдае”

(Пімен Панчанка).

У гісторыю (гісторыю, зафіксаваную пісьмовымі помнікамі) беларусы ўступілі тады, калі асноўныя рысы этнасу ўжо поўнасцю склаліся, і не гісторыя вызначала іх фарміраванне, а, наадварот, падзеі гісторыі ў многім дэтэрмінаваны гэтымі якасцямі. Беларус – не пакорлівы раб, а фаталіст у гісторыі. Ён пакораны лёсу, а не ўладарам, і гэта ў поўным сэнсе слова містычная рыса беларусаў.

Назва трылогіі Я. Коласа “На ростанях”, як і псеўданім аўтара, – знакавая: беларус з пачатку гісторыі – на раздарожжы, вымушаны выбіраць шлях. Часта ён аддае сябе на волю лёсу, каб не абцяжарваць свой розум, або таму, што не давярае розуму. Дарэчы, мы звязваем слова “лёс” з “лесам”. Лес для беларуса – увасабленне прыродных сіл; беларус ім і аддаецца.

Гэта супярэчыць заходняму светаадчуванню. Геніяльны нямецкі кампазітар Людвіг ван Бетховен гаварыў: “Я схаплю лёс за глотку і перамагу яго”. Праўда, іншы геній нямецкага народа Ёган Гётэ прызнаваў непазбежнасць таго, што вышэй за чалавечыя магчымасці, і быў гэтым бліжэй да беларускай псіхалогіі. Беларуская парадыгма лёсу разыходзіцца і з рускай, калі мы будзем зыходзіць з унутранага значэння рускага слова “судьба”. Мы яго тлумачым так: “суд ба”, дзе “ба” – праіндаеўрапейская назва душы: значыць, гэта суд уласнай душы (разуменне, блізкае да паняцця “кармы” індуістаў).

Такім чынам, спакойная нявызначанасць у палажэнні на ростанях – вось менталітэт беларуса. Ён стаіць на раздарожжы перад выбарам (містычна-трагічная тэма Васіля Быкава), але ён спакойны, бо ад яго выбару, выбару яго розуму мала што залежыць. Беларус добра бачыў, што свет – і прыродны, і сацыяльны – нестабільны, але ставіўся да гэтага свету з павагай, выхаваны сваімі шматлікімі язычніцкімі багамі. А ўся гісторыя як Беларусі, так і яе суседзяў, нібы пацвярджала ідэю, якую беларус інтуітыўна адчуваў заўсёды: увядзенне зямных, гэта значыць так званых “дэмакратычных”, прававых, еўрапейскіх парадкаў вядзе толькі да грамадскай дэградацыі і чалавечых трагедый. Жаданая для бюракрата матэматычная ўпарадкаванасць – абсалютна чужая для беларускай душы, што і дэманструе ўся класічная беларуская літаратура.

Велізарнае значэнне ў фарміраванні анталагічнай асновы прыгожага пісьменства мелі вераванні. Пасля Хрышчэння князя Уладзіміра (988 г.) эліта ўсім сэрцам успрыняла хрысціянскую рэлігію, бо “сама душа чалавечая па сутнасці сваёй – хрысціянка” (Тэртуліян). Сапраўды, сонечная, светлая вера беларуса натуральна злучылася з хрысціянскай верай, якая дадала да маральных запаветаў Сварога і розных першабытна-родавых табу самую важную чалавечую якасць – сумленне.

Родная мова, якую захоўвае мастацкая літаратура, і родная вера, падмацаваная прывязанасцю да роднай зямлі, “роднага кута”, нацыянальныя традыцыі, звычаі, тып паводзін стваралі нацыянальную культуру.

ххх

Такім чынам, гаворачы пра сялянскасць беларускай літаратуры, мы маем на ўвазе не толькі тэматычную яе характарыстыку (літаратура пра вёску), не адраснасць і не паходжанне творцаў, а раскрыццё мастацкага вобраза, які ўвасабляе народны характар, асаблівасці нацыянальнай Душы.

“Мужыцкасць” беларускай літаратуры ХХ ст. – гэта працяг князёўска-баярскай і шляхецкай традыцыі (эпохі Адраджэння і ХІХ ст.). Сутнасць з’явы – у рэалізацыі мастацка-эстэтычных законаў звяртання да пэўнага пласту жыцця на парозе яго знікнення.

Адлюстраванне жыцця беларускага народа, перш за ўсё жыцця селяніна, бо сялян у Беларусі была пераважная большасць, – характэрная рыса нашай літаратуры. Не варта прыніжаць яе, называючы “мужыцкай”. Наадварот, мы павінны гэтым ганарыцца, як ганарацца інтэлектуалізмам, бо гаворка ідзе менавіта пра філасофію існавання. Сёння навукоўцы шмат пішуць пра “сялянскую цывілізацыю”, у значнай ступені знішчаную ў ХХ ст. Як мы ставімся да загінуўшых цывілізацый – Егіпта, Вавілона, Антычнасці? З велізарнай зацікаўленасцю, імкненнем набрацца вопыту і смуткам аб былой прыгажосці. Так і тут. Літаратура занатавала тое, што ўжо загінула, можна лічыць, канчаткова (У Алеся Пісьмянкова: “Мы апошнія з нашага роду, // Каму сняцца вясковыя сны”). Гэта адбылося не толькі ў нас – фактычна па ўсім свеце.

Але, скажам, на Захадзе працэс значна расцягнуўся ў часе, у нас жа ўсё парушылася за два дзесяткі гадоў – 20–30-я. Усе катаклізмы ў вёсцы (калектывізацыя, раскулачванне, хрушчоўскія рэформы) – вынік сутыкнення несумяшчальных паміж сабою цывілізацый. Прычым кардынальна разыходзіцца ў сялян і гараджан перш за ўсё светапогляд: у першых – касмацэнтрычны (чалавек уключаны ў прыродны кругазварот), у другіх – тэхнацэнтрычны.

Беларуская літаратура цікавая, значная, глыбокая якраз не толькі адлюстраваннем рэалій жыцця (так бы мовіць, стылем “кантры”), але менавіта праяўленнем у іх унікальнага светапогляду, які ўжо не існуе, хоць самі сяляне і засталіся (у гэтым уся справа!). Душу ўласнага прыгожага пісьменства добра разумелі беларускія пісьменнікі. Міхась Арочка яшчэ ў 1978 годзе у вершы “Спрэчка наконт духоўнасці” адказваў тым, хто прыніжаў нашых продкаў:

“Дзе ж падгледзеў, дружа, тую тупасць,

Тую беднасць духу пад страхой?

Там жылі – гасціннасць, мужнасць, мудрасць,

Ды такія, каб – і нам з табой!”

А Пімен Панчанка на схіле жыцця кляў сябе за былое захапленне індустрыяльнай цывілізацыяй:

“Я рос бяздумным дурнем, як і ўсе,

І славіў росквіт,

Светлы век машынны.

Глядзеў з пагардай на каня ў аўсе,

На воз бацькоўскі свежай

канюшыны”.

На пачатку анталагічнай традыцыі нашай літаратуры – геніяльная “Новая зямля” Якуба Коласа, значэнне якой бачыцца ў пачатку ХХІ ст. усё лепш.

“Якуб Колас пісаў твор, дзе ўсё бачана, ацэнена вачамі, розумам, светаадчуваннем селяніна, паэт не спускаўся да свайго героя з іншага сацыяльнага асяроддзя, а стаяў упоравень з ім, гаварыў ад яго імя, сцвярджаў яго этычны, эстэтычны і духоўны свет” [4, 70].

Пра вялікасць Якуба Коласа і ўспрыняцце яго творчасці ў наш час піша вядомы беларускі даследчык М. Тычына:

“Адчуванне прыроды, унікальныя пейзажы (ні ў кога ў сусветнай літаратуры няма такой колькасці натхнёна намаляваных пейзажаў), паэтызацыя «няўзрачнага” побыту вёскі, палемічная цікаўнасць да ўсяго зямнога, паказ абуджэння пад уплывам сусветнай гісторыі нацыянальна акрэсленай асобы робяць Якуба Коласа мастаком найноўшага часу, прадаўжальнікам класічнай лініі ў сусветнай літаратуры…” [8, 17]

Мы павінны ганарыцца тым, што наша літаратура – сялянская (у анталагічным сэнсе), нягледзячы на ўсю знешнюю разнастайнасць сённяшняй тэматыкі. Праца селяніна – самая творчая праца! Колькі фактараў селянін пастаянна павінен улічваць! Акадэмік І. Шафарэвіч, сусветна вядомы матэматык, на гэты конт піша:

“Сялянская праца прадугледжвае асабістае рашэнне: што і як засяваць, як збіраць ураджай, калі і г.д. У гэтым сэнсе яна такая ж творчая праца, як праца паэта ці вучонага. Знешне селянін настолькі непадобны да паэта, што цяжка паверыць ў падабенства іх справы. Але ж галоўнае, самае сутнаснае – супадае. З той розніцай, што пакуль грамадства не набыло выключна гарадскі характар, земляробства астаецца адзінай формай творчай працы, адкрытай для большай часткі насельніцтва” [10, 3].

Пра тое ж верш “Веды” Рыгора Барадуліна, дзе паэт дзівіцца рознабаковасці ведаў сваёй маці:

“Ведала, што да чаго

На небе,

У лузе,

У хаце”.

Сельская гаспадарка – асаблівы тып эканомікі, які не ўпісваецца ў капіталістычную сістэму гаспадарання. Вось чаму з пераходам да рынку пачалося прыніжэнне ўсяго сялянскага (Акрамя таго, марксісты з пагардай ставіліся да селяніна, і негатыўная традыцыя такіх адносін засталася).

Буржуазна-мяшчанскі дух не церпіць сапраўдную творчасць, парыў і прарыў ў больш высокую анталагічную рэальнасць, якая характэрна для вясковага тыпу культуры.

Гісторыя чалавецтва – гэта барацьба двух сістэм стаўлення да быцця: прагі багацця любой цаной, з аднаго боку, і імкненнем ачалавечыць эканоміку, стварыць больш высакародныя гаспадарчыя адносіны – з другога. Апошняе якраз характарызуе вясковае існаванне. Вышэйшая мэта быцця – не грамадства спажывання, а больш годнае, духоўна багатае жыццё людзей. І пазнанне іншабыцця – менавіта для таго, каб зрабіць жыццё лепшым. У кожнага народа – сваё іншабыццё, свая Таемная Рэальнасць, нешта нябачна-метафізічнае, што выяўлена ў калектыўнай душы і, безумоўна, у культуры. Яно, прыхавана-містычнае, сакральнае, абумоўлена нашай леса-поле-рачной прасторай, нашай у аднолькавай ступені любоўю і да Неба і да Зямлі. Такая любоў якраз і ўласціва найперш селяніну. Яе выявіла беларускае прыгожае пісьменства.

ххх

Характэрна, што для сучаснай буржуазнай глабалісцкай цывілізацыі ўласцівы нейкі аднабаковы падыход да важнейшых, найбольш вострых праблем сучаснасці (экалагічных, дэмаграфічных і пад.) – падыход выключна эканамічны, сацыяльны, геапалітычны, але ніколі не анталагічны.

Праўда, у свеце гэта адчулі, і вось ужо ў Англіі прапаноўваюць увесці ў лік абавязковых школьных прадметаў вывучэнне вясковага жыцця. Гэты прадмет дазволіць сённяшнім школьнікам, у асноўным гарадскім, лепш зразумець і палюбіць прыроду, усвядоміць свае карані, навучыцца паважаць вясковую працу і зберагчы традыцыйны вясковы лад, які знаходзіцца ў гармоніі з акаляючым светам. Такім чынам, на ўпадніцкім Захадзе зразумелі, што менавіта сутнаснае вымярэнне, што характэрна для кансерватыўнай як быццам сістэмы гаспадарання – сялянскай, толькі і можа забяспечыць пераход праз кропку біфуркацыі і выхад у іншую цывілізацыйную парадыгму.

Але і наша нацыянальнае адраджэнне можа быць толькі сельскагаспадарчым (у шырокім, менавіта філасофскім, сэнсе слова). “Шляхамі вёскі” – гэта не назад, як звычайна лічаць, а наперад! “Будзем сеяць, беларусы!”

Літаратура:

1. Домников С.Д. Мать-Земля и Царь-Город. Россия как традиционное общество. М., 2002.

2. Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987.

3. Кара-Мурза С. Советская цивилизация. От Великой Победы до наших дней. М., 2004.

4. Навуменка І.Я. Якуб Колас. Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1982. – 208 с.

5. Панарин А.С. Православная цивилизация в глобальном мире. М., 2002.

6. Петухов Ю.Д. История русов. Т. 1. 40–5 тыс. до н.э. М., 2000.

7. Рыбаков Б.А. Язычество древних славян. М., 1981.

8. Тычына М.А. Якуб Колас і сусветная эпічная традыцыя. // Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур: матэрыялы міжнар. навук.-тэарэт канф. (3—4 кастр. 2002.). Мн., 2002, с. 14–18.

9. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 тт. Т. 3. Мн., 1985.

10. Шафаревич И. Будущее России // «Завтра», 2005, № 9.