Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Анатоль Тарас: Беларусам няма часу бегаць са штандарам

potateНавуковец і гісторык, што выдае кнігі на расейскай мове, адзін з заснавальнікаў Інстытута беларускай гісторыі і культуры (Рыга) разважае пра беларускі выбар.

Анатоля Тараса, аўтара каля 100 кніг рознай тэматыкі, крытыкуюць як у адраджэнскіх колах, так і прафесійныя дзяржаўныя гісторыкі. Але кнігі выдаюцца, карыстаюцца стабільным попытам, у мінулым годзе Тарас стаў сузаснавальнікам Інстытута беларускай гісторыі і культуры (Рыга), які выдае навукова-папулярную літаратуру ды ладзіць канферэнцыі па праблемах ментальнасці ды ідэалогіі беларускага грамадства. Нагодай для размовы Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” з папулярызатарам беларускай гісторыі (вельмі адрознай ад афіцыйнай версіі, ды і недзяржаўнай таксама) Анатолем Тарасам сталася прэзентацыя ягонай новай кнігі “Кароткі курс гісторыі Беларусі IX-XXI стагоддзяў” (на расейскай мове).

Пра беларусаў і ўладу, якую яны маюць

– Мне здаецца, што шмат якіх людзей, я б сказаў, большасць, якім вельмі хочацца, каб было ўсё адразу і сёння. Так не бывае. Мы маем тую нашу ўладу, якая плоць ад плоці нашага народа. Які сярэдні беларус? Па-першае, хітры. Па-другое, жадны. Па-трэцяе, зайздросны. А па-чацвёртае, баязлівы. А што, урад у нас не такі? Як нагой топнеш на яго, адразу ж баяцца. Ды я б сказаў, што і не самы дрэнны ўрад, бо ёсць такія крыважэры, што проста страшна на іх глядзець. А гэтыя – ну такія хлопцы, ну любяць там пабіць каго паціху, ну зразумела, – як гэта заўсёды было на вёсцы беларускай. Злавілі і пабілі, ну дык што такога? І яны сапраўды не разумеюць – а што тут такога? Ну злавілі і пабілі сабе. Не забілі ж! Таму мне здаецца, што не ўсё так дрэнна, як некаторыя лічаць. Галоўнае, што наша дзяржава адрадзілася, адрадзілася, зазначу, праз 220 гадоў. Гэта ж велізарны тэрмін! І як пасля гэтага слухаць некаторых, што няма народу. Як няма народу? Хто мы – палякі ці татары якія? Вы – беларус, я – беларус, ён – беларус. А некаторыя хочуць, каб гэны народ кожныя суботу-нядзелю браў у рукі бел-чырвона-белы штандар і бег на плошчу. Ну выбачайце, калі ласка. Я ў нядзелю паеду бульбу капаць, мне няма часу бегаць са штандарам. Але ж я сябе лічу беларусам! Ну выбачайце, вось лічу – і ўсё.

Ёсць у нас і дзяржава, ёсць і народ. А ўсё астатняе – прыйдзе, бо нам толькі 22 гады. Гэта вельмі малы ўзрост. І вось гэтая цікавасць да мінулага нашага – яна мяне вельмі цешыць. Я бачу, што ёсць цікавасць, сапраўды. Так, не ва ўсіх. Але дзе яно – ва ўсіх? Паглядзіце на тую ж Англію. Я вось быў там – і што пабачыў? Нармалёвы сярэдні англічанін – гэта чалавек, каторы ніколі нічога не чытаў, не чытае і чытаць не будзе. Які моцна любіць піва, віскі і даць каму ў морду. Але ж ёсць 5 ці 10 адсоткаў англічан, якім цікавыя і гісторыя, і мастацтва, і літаратура. Так і ў нас. Ну можа 3-м адсоткам зараз. Але потым будзе 5, потым – 10, ну і нармальна.

Пра расейскую пагрозу

– Я не пагаджаюся з меркаваннем, што нас зноў паглыне Расея. Вось глядзіце, ёсць групоўка ўлады. Яны ўсё глядзелі на Маскву, бо 220 гадоў глядзелі туды – на Санкт-Пецярбург, на Маскву. Але не прайшло і 20 гадоў, як яны зразумелі – мы ж тут галоўныя! А гэта ж так хораша. Ну напрыклад, народ жыве дрэнна, але ж мы, улада, – добра! І таму калі яны зразумелі, што інтарэсы дзяржавы ёсць іх інтарэсы, вось тады я лёгка ўздыхнуў. Бо зразумеў: незалежнасць будзе, дзяржава будзе, гэтае пытанне знята, яно мяне больш не хвалюе.

Што хвалюе

– Хвалююць іншыя пытанні: адукацыя, выхаванне, экалогія. Ну дык гэта ў кожнай дзяржаве грамадзян хвалюе. Мне кажуць, што я нейкі аптыміст. Я не аптыміст. Я намагаюся ставіцца да рэчаіснасці адэкватна. Мне здаецца, што ўсё ідзе нармалёва. Але калі чую, што чалавек хоча тут і цяпер жыць вельмі-вельмі добра, то кажу: “А пакажы, дзе жывуць вельмі-вельмі добра? Акрамя першай тысячы”. У Амерыцы? Ну можа нейкі афраамерыканец і жыве добра – на наш розум, але на амерыканскі розум ён жыве дрэнна, ён – ніхто. І ў гэтым сэнсе, усё там, як і ў нас, і наадварот. Таму – усё нармалёва, галоўнае – каб існавала беларуская дзяржава, астатняе прыйдзе. Так, ёсць глабалізацыя, але насупраць яе ідуць працэсы правінцыяльныя. Я не першы раз кажу, што ўся надзея – на нашыя мястэчкі, маленькія гарады. Калі людзі стануць там на свае ногі, калі ў іх будзе свой бізнес, свая справа (а ў іх няма іншага выйсця, іншага накірунку) – тады ўсё прыйдзе. Людзі там ужо і зараз спадзяюцца толькі на сябе і не чакаюць аніякіх падарункаў. І гэта – моцна, гэта ідзе ад самой зямлі.

Пра еўраінтэграцыю Беларусі

– Я не палітык, не прэзідэнт, не дыктатар. Але, на маё меркаванне, пагроза Захаду для Беларусі не менш моцная, чым Усходу. І я не ведаю, што горш ці лепш. Бо Еўропа з яе гэтай паліткарэктнасцю, з гэтай фактычна перамогай прышлага насельніцтва, з ісламізацыяй, з паўсюдным гомасэксуалізмам – мне вельмі не падабаецца. Я стаю на пазіцыях хрысціянскага фундаменталізма, я б так сказаў. Шмат чаго зараз у Еўропе – супраць прыроды і супраць Бога. Так не павінна быць. Мне здаецца, што Еўропа гіне на нашых вачах. Але гіне Заходняя Еўропа, гэта не тычыцца Ўсходняй. Польшча – не гіне, Славаччына і Венгрыя – таксама, Балгарыя, Румынія, Украіна і Беларусь – не гіне. Вось так і будзе, думаю: Заходняя Еўропа – ісламская, і Усходняя – хрысціянская.

Чаму папулярызатар нацыянальнай ідэі выдае кнігі на расейскай мове

– Таму што 98 адсоткаў насельніцтва нашай краіны чытае і думае на расейскай мове. І калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет павінен ісці да гары. І тут такі прынцыповы погляд. Я шмат спрачаўся раней з нашымі дзеячамі Адраджэння на гэты конт. Я ім кажу, што якія ж яны палітыкі, калі хочуць дажыць да такой часіны, калі наш народ няведама чаму сам возьме і звернецца да роднай мовы. Гэта трэба будаваць. Выданні на беларускай мове 98 адсоткаў насельніцтва чытаць не хоча. Дык пішыце ім па пытаннях гісторыі, культуры на расейскай мове. А калі сфармуеце нацыянальную ідэнтычнасць і прыйдзеце да ўлады, то рабіце, што захочаце. Напрыклад, хоць можаце прыняць закон, што з 1 студзеня ўсе пераходзяць на беларускую мову, а хто не пяройдзе, той паедзе капаць торф ці на лесапавал за ганьбу дзяржаўнай мовы. А пакуль што – расейская, бо мы ведаем, што так званы сярэдні беларус пра беларускую гісторыю не ведае нічога. І пры апытаннях называе самымі славутымі беларусамі Францыска Скарыну, Пятра Першага, Кацярыну Другую ды Івана Жахлівага. А як жа чалавек будзе паважаць айчынную гісторыю і родную мову, калі ён нічога аб гэтым не ведае? Спачатку трэба ўсё гэта давесці да свядомасці нашых людзей. На расейскай мове, татарскай, габрэйскай, нямецкай – якой хочаце. Многія са мной не пагаджаюцца, кажуць: “Не, глядзіце, гэты Тарас – ён, па-першае, агент Масквы, па-другое, агент крывавай гэбні, па-трэцяе, злодзей і яго трэба судзіць!” З гэтым нічога не зробіш, але я трымаюся свайго пункту гледжання.

Аўтар: Пётр Кухта, “ЕўраБеларусь”

11 thoughts on “Анатоль Тарас: Беларусам няма часу бегаць са штандарам

    1. Андрей

      Анатоль Тарас не литвинист, что явно прослеживается в его лекциях и статьях, он скорее белорусец.
      Смотрите в сторону Деружинского, если считаете, что наш народ должен называться литвинами.

      1. Volk_liut

        Без тебя разберусь.
        Главное – это результат его работы, его книги и т.д.

          1. volk_liut

            Этот лозунг в книге тараса есть. О национальной беларуской идее.

          2. Равс

            Позволю себе вмешаться: по-моему хамло – это Андрей!

      2. Гандурас

        Шаноўны, Дзеружынскі звычайны ляхафіл. Ён на сваіх старонках захапляецца польскімі акупантамі. Для яго ідэалам зьяўляецца не БНР, а польскія акупанты БНР.

        1. volk_liut

          Так АЕ Тарас книги редактирует. Выходит он тоже в какой-то степени ляхофил ))) И если далее смотреть, то Тарас и ляхофил, и литвинист, и беларусист, и русист (издает книги русских историков, например Люблинская Уния, И.Лаппо) одновременно )))
          Как угодно можно написать!
          Но и Тарас и Деружинский книги они пишут отличные! С позиции беларусов, а не поляков, россиян или летувисов!

  1. Gerodot

    Здаецца, бульба распаўсюдзілася ў Беларусі параўнальна нядаўна — дзесьці ў другой палове Х!Х ст. Але як хутка ўкаранілася ў паўсядзённыя быт і культуру, стаўшы бадай што нацыянальным сімвалам беларускай гісторыі і беларускай ментальнасці! І відаць, паступова адваёўвае інтэлектуальную прастору у бел-чырвона-белага сцяга, як гэта паказана на маляўнічай застаўцы ў пачатку гэтага артыкула. Сапраўды, невядомы нам народ, невядомая нам краіна! Кажуць, суверэнная. І гэта уражанне некалькі узмацнілася пасля арышту і пасадкі ў пастарунак расійскага алігарха Баумгертнера. Але з вялікага грому бывае дробны дождж. Усё рухаецца па сваім зачараваным коле. Куды рухаецца — адказу пакуль няма.