Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Анатоль Сыс. Псальмяр эпохі перагною

УСТУП 

Пра тое, што яго пакаленню беларускіх адра­джэнцаў належыць стаць перагноем для наступных, Анатоль сказаў пры набліжэнні да зеніту сваёй славы – у кастрычніку 1988-га ў інтэрв’ю камсамольскай рускамоўнай газэце «Знамя юности». Падобную ж фразу пра сваё пакаленне савецкіх святароў выказаў у 70-я ў ЗША падчас прыватнай размовы з багасловам Аляксандрам Шмеманам адзін з найразумнейшых святароў адышоўшага стагоддзя беларус Віталь Баравы (1916—2008) з Вілейшчыны.

У свеце зямных дачыненняў Сыс быў надта да­лёка ад гэных людзей. Але ці быў ён далёка ад іх у свеце духу? 

Супадаючая фармулёўка двух такіх розных бела­русаў, дзе хутчэй сустрэнеш тры партыі, чым сумоўе, і хутчэй крыўду, чым самакрытыку, спадзяюся даз­во­ліць лепей зразумець і тое, што пісаў вялікі бела­рускі паэт Анатоль Сыс, і эпоху, у якой ён жыў, і народ, голасам якога ён стаў. 

*** 

Аматары творчасці нашчадка выхадцаў з Бела­русі, нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага могуць узгадаць і ў яго пра перагной: 

Слежимся в обнимку с грязью, считая дни, 

В перегной, в осадок, в культурный пласт. 

Бродскага Сыс чытаў. Але перагной Бродскага іншы – пры ўсім паэтычна-часавым братэрстве гэтых творцаў. Перагной Бродскага – сымбаль няўдзелу ў цэлым, «свабода ад», перагной Сыса і Баравога – сымбаль самааддачы, абмежавання ўласнай свабоды дзеля будучыні свайго народа. 

Чый выбар больш слушны – нашто судзіць? У кожнага з нас – свой, эксклюзіўна-адказны ўласны выбар. 

*** 

Пра Анатоля Сыса напісана шмат, падрабязна і многімі. Аўтар карыстаўся, апроч уласных, успа­мінамі многіх (у тым ліку надрукаванымі ў часопісах «Крыніца», «Дзеяслоў» і «Калоссе»). Вялі­кая па­дзяка ўсім гэтым людзям. Ад сябе ж дадаю не столькі ўспаміны, колькі рэфлексіі на частку тога, што стварыў паэт. А ён, мяркую, несвядома стварыў беларускі паэтычны каментар на кнігу «Псалтыр». Што досыць адпавядае беларускай традыцыі. 

Анатоль Сыс мог яднаць людзей. Можа і ў нас тут атрымаецца штось пра яго асэнсаваць супольна? 

Частка І. СЫС СПАСЦІГАЕ СВЕТ 

Афіцыйная дата народзін Анатоля Сыса – 26 кас­трыч­ніка 1959-га. Ён нарадзіўся ля апоў­начы, а таму і дзень народзін пачынаў святкаваць ужо з вечара 25- га. Афіцыйная дата скону – 4 траўня 2005. Ды няма катэгарычнай упэўненасці, што не 5-га. 

Паміж датамі – зямное жыццё таго, хто называў сябе сынам Янкі Купалы і братам Максіма Багда­новіча і быў прызнаны ў літаратурным асяродку жывым класікам беларускай паэзіі. 

«Неапалімая купіна»

Анатоль – другі сын і пяты дзіцёнак у сям’і Ціхана Цярэнцвевіча Сыса і Марыі Іванаўны (у дзя­воцтве Гапоненка). Як лічылі аднавяскоўкі, ён ві­нен быў нарадзіцца мёртвым, а калі і жывым, то сла­бень­кім і кароткага веку. Бо народжаная за два гады да Анатоля яго сястра Людміла пражыла тры месяцы і памерла на руках у маці і на вачах у старэйшай з дзяцей – Тамары. За некалькі тыд­няў да мяркуемых народзін малодшага сына яго маці апынулася ў эпіцэнтры пажару, які пыхнуў, верагодна, ад памылкі з палівам: у каністры, дзе як чакалася, знаходзіцца газа, аказаўся якасны бензін, які пры запальванні «керасінкі» моцна апаліў гас­падыню хаты, маці шасцёх дзяцей і тая неўзабаве памерла. Цяжарная Марыя Іванаўна была ў той хаце госцяй і атрымала моцныя апёкі твару, грудзей і рукі; ад большага выратавала куфайка. 

«Як святарны абраз людзі вынеслі маці з па­жару…» — напісаў Анатоль праз дзесяцігод­дзі ў вер­шы «Неапалімая купіна». Прынамсі, яму хаце­лася ў тое верыць, і хацелася, каб у тое паверылі іншыя… 

Той верш (першы і ў зборніку «Пан Лес» і ў збор­ніку «Сыс») – пачынаецца з празаічных радкоў: 

Калі я быў малы, дык часта думаў, чаму ў мя­не маці такая старая і непрыгожая, а аднойчы адва­жыўся запытацца пра яе шнары на твары, якія глыбока ў душы любіў, якія тысячы разоў цалаваў. 

– Ох, сынок мой! Гэта ж здарыўся пажар, і яшчэ з адной жанчынай абгарэлі крэпка. Жанчына тая памерла. І ў мяне былі абпаленыя і рукі, і грудзі, і твар… І была я цяжарная табою, сынок мой, і ўсе казалі, гэта я даведалася потым, што ці я памру, ці дзіця народзіцца мёртвым. 

Тут не толькі пра сямейную гісторыю. Як і знач­ная частка таго, што напісаў паэт, ягоныя радкі – пра наш народ. Для беларускага свету закон – сваволь­ства стыхіяў, адна з якіх – полымя. І як дазваляюць сабе свавольнічаць стыхіі, так свавольна людзі раз­важаюць пра наступствы і вынікі іх свавольства – бездоказна і безадказна. 

Пісьменнік і публіцыст Сяргей Дубавец неяк з іроніяй адзначыў, што беларусы – нацыя паэтаў. Ад сябе дадам, што пры паэтычным бачанні рэчаіснасці, няшмат у каго з суайчыннікаў хапае імпэту перавес-
­ці яго ў фіксавана-дапрацаваны вынік, бо не знахо­дзіц­ца дастатковай матывацыі. У Анатоля Сыса знай­шлі­ся і імпэт, і матывацыя, і харызма, а ў выніку ска­за­нае ім паэтычнае слова стала адлюстраван­нем паэтычнага бачання і светапогляду безлічы землякоў. 

Як святарны абраз, 

                               людзі вынеслі маці з пажару, 

бы вужаку, маланку аддзёрлі 

                              ад белых грудзей, 

каб суцішыць пакуты, 

                              паклалі пад цёмную хмару 

і, каб смагу спатоліць, 

                              размову вялі аб вадзе, 

а яшчэ гаварылі: Пярун выбірае шчаслівых. 

Маці верыла людзям, на шчасце, цяжарная 

                              мной, 

і шаптала замову: калюжыны – гадам 

                              вашывым, 

полю жытняму – дожджык, 

                              а рэчка – крывінцы маёй… 

Бы вужака, маланка смактала ў полымя грудзі 

і плявала адрыжкі на самых прыгожых 

                             жанчын, 

Неапаленай Купіне – маці – маліліся людзі, 

і пачуў я ва ўлонні: з пакуты народзіцца 

                            Сын… 

Неапаленай Купіне – маці – малюся адзінай, 

я ўсмактаў з малаком і любоў, і праклёны яе: 

хто плюе на жанчыну – 

                            той нелюдзь плюе на 

        Радзіму, 

хто гандлюе святыняй – той маці сваю прадае. 

Этычна – вельмі сымпатычна. Недарэмна з такім стаўленнем да маці беларусы маюць ці не самую доўгую працягласць жыцця ў Еўропе сярод жанчын. 

«Рай»

Насуперак прагнозам вясковых «прарочыцаў», Анатоль нарадзіўся і рос здаровым. Людміла стала адзіным сярод Цішак (так «ахрысцілі» па-бацьку Ціхану землякі ўвесь пайшоўшы ад яго клан) нябожам на тры дзесяцігоддзі. Тры дзесяцігоддзі лёс абараняў сям’ю ад трагедый, аж да смерці патрыярха-заснавальніка. 

Радзіма Цішак – «горад-герой Гарошкаў» – насе­лены пункт з падняпроўскага паса паселішчаў, што цягнуцца ўздоўж правага берага вялікай ракі дзясяткі кіламетраў ад вёскі Унорыца з поўначы Рэчыцы да вёскі Холмеч на Лоеўшчыне. Тут здаўна сяліліся людзі чуждыя прыгонніцтву, якія любілі свабоду і самастойнасць. Паэтка Ларыса Раманава, шматгадовая ды апошняя па часе з Анатолевых ся­бровак, лічыць, што і цяпер мясцовыя адрозныя ад жыхароў суседніх рэгіёнаў нават знешне… 

Праз Гарошкаў здаўна праходзіць магіст­раль
з Гомеля на захад. У Гарошкаве ля магі­ст­ралі –
маляўнічыя могілкі, дзе цяпер пахаваны і сам Ана­толь – Рай. 

Самыя вясёлыя і галасістыя салаўі – на вясковых могілках. Напэўна, таму, што і днююць і начуюць не ў гнёздах а ў душах маіх спрахлых дзядоў. Яны ж, як сведчыць тутэйшы народ, былі самымі жыццярадаснымі і жартаўлівымі людзьмі на Палессі. 

I бярозы тут самыя белыя… 

Такія белыя, што ўначы здаюцца 

прывідамі. Дзяды і нават божышчы 

маіх дзядоў, як тварамі, так і думамі, 

былі такімі ж светлымі. 

I толькі жвір на вясковых могілках 

калючы і цяжкі, калі прыходзіцца кідаць 

свае тры жмені наўслед нябожчыку, як 

самыя важныя словы, якія не паспеў 

сказаць яму яшчэ ўчора. 

Жыве старэнькая бабулька каля самых 

могілак. Яна іх называе не інакш як 

Раем і ўсё часцей і часцей думае 

пра яго. «Чаму?» — неяк запытаўся ў 

яе. «Таму што ў Пекле ўжо нажылася». 

У адрозненне ад большасці эўрапейцаў, свет па­мер­лых не страшыць беларусаў. Наадварот, ска­наўшыя продкі бліжэй да раю і часова, і стылёва. Могілкі – месца яднання сем’яў, многія з якіх збіраюцца разам хіба што ў памінальныя дні. 

Вясковыя беларускія могілкі ў Беларусі шчэ не­падуладныя ўніфікацыі ды стэрылізацыі ад дрэваў і агароджаў. Тут прыемна замест клопату надзённага дня аддавацца светлым успамінам. Тут на магілах пакідаюць пачастункі, якіх хапае і жывым. Ну чым не рай для птушак?! Чым не радасць для беларусаў-паэтаў?! 

Старэйшы за Анатоля, але жывы беларускі паэт Леанід Галубовіч (1950 года нараджэння) узгадваў, што і сам малым, як дзятва вакол, любіў гуляцца на сваіх вясковых могілках. На могілках беларус рэальна, хай сабе часам і без словаў, судачыняецца з душамі продкаў. Беларус можа звярнуцца па дапамогу да продкаў калі за­ўгодна – нават у начы, бо верыць у веліч і чысціню памерлых. 

На жаль, стаўленне да жывых у беларускай рэ­чаіснасці не такое пяшчотнае. У апраўданне мож­на сказаць, што не толькі ў беларускай рэчаіснасці… 

«Бацька так і не ссівеў…» 

Бацька паэта – Ціхан Сыс – моцна піў. Залеж­насць перадалася Анатолю і паспрыяла заўчаснаму ско­ну паэта. Ды, у адрозненне ад малодшага сына, Ціхан Сыс не дэманстраваў ні патрэбы, ні жадання прабівацца ў творчую эліту. Яму хапала надзейна занятага месца ў «эліце» Гарошкава і ваколіц: фізічна моцнага, са стрыжнем, воляй і здольнасцю разумець, чаго хочуць людзі, з яго заліхвацкай манерай вадзіць матацыкл і з густам апранацца, шафёра Ціхана тутэйшыя цанілі і паважалі. Напэўна, хтось і любіў.  

­

Бацька так і не ссівеў, 

хоць гадоў было парадкам, 

у смузе, як у сяйве, 

на клады пралегла кладка. 

Кладка, хісткая яна, 

толькі целу ўжо не мулка, 

калдыбалася труна 

на плячох сыноў і ўнукаў. 

Быццам пчолаў яго мёд, 

быццам жвір яго магілы — 

рушыў русы радавод — 

за труной ішоў пахіла. 

Бацька так і не ссівеў, 

бацька так і не нажыўся, 

у смузе, як у сяйве, 

сын яму ўлюбёны сніўся. 

Цішка Першы перажыў за семдзесят гадоў і сканаў напрыканцы 1987, незадоўга да мінскага трыумфу малодшага сына. Ці паспеў ён перад смерцю пакаяцца? Ці паспявае пакаяцца да смерці беларус? Збольшага гэта застаецца таямніцаю нават для ягоных сваякоў. 

У сучасных беларускіх сем’ях, нібы па вялікай вайне, бацька – рэдкі. Як вынік – нязначныя час­цяком мужнасць і грамадская адказнасць. Там, дзе бацька ёсць і бацька з маці дзейнічаюць разам – там паўстаюць вялізныя радаводы, пчолы даюць смачны мёд, вырастаюць буйныя творцы. 

З сям’і да Анатоля прыйшла чуласць да гарот­ні­каў. Цішкам для радасці і шчасця дастаткова бы­ло мінімальнага камфорту, яны не мелі падставаў стаць разбэшчанымі ў пабытовым сэнсе. У жыцці і творчасці паэта гэтая акалічнасць адбілася амаль напоўніцу станоўча, дапамагла паразумецца і пася­браваць з безліччу людзей, ды не ахвяраваць адказ­насцю перад паэзіяй дзеля ўласнага дабрабыту. 

«Блудны сын»

Напачатку Анатоль вучыўся ў Гарошкаўскай шко­ле з беларускай мовай навучання. У 9 гадоў на­пісаў першы верш на роднай мове. 

У 1971-м школу ў Гарошкаве зачынілі. Вучоба працягнулася ў вёсцы Броннае. Тамтэйшая школа была рускамоўнай. Цяпер школа мае свой музей, дзе ёсць экспанаты, прысвечаныя Анатолю Сысу. 

Па сканчэнні дзесяцігодкі Анатоль спрабаваў паступіць на акторскае аддзяленне Мінскага тэат­ральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мас­тацтваў), каб у далейшым быць на сцэне ста­лічнага Купалаўскага тэатра. Адпаведна здоль­насцям і скла­ду душы. Але погляд прыёмнай камісіі быў іншы. 

Стань ён мінскім студэнтам-тэатралам – вера­год­на яго лёс склаўся б інакш. Бо тэатральная суполь­насць досыць замкнёны карпаратыў. Рэалізацыя на сцэне ў прафесіі часцяком робіцца прафілакты­кай ад іншых публічных праяваў… 

Маці крыжыкам вышывае, 

павуцінку павук пляце, 

маці песню мышам спявае 

пра дарослых сваіх людзей… 

…Блудны сын, блудны сын — 

разам з сэрцам маім 

лямантуюць на рэйках колы. 

Блудны сын, блудны сын, блудны сын — 

словы быццам куслівыя пчолы. 

Мама, мама, што мне парабіці з сабой, 

калі позна дадому прыеду, 

калі ў хату зайду — анямелы сабор — 

без вяснянак, без ляскання бёрдаў? 

Ты спявай, ты спявай, 

ты свяці, ты свяці, 

рассцялі ручнікі як сцяжыны, 

можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцці, 

тагды выйду па іх да Айчыны. 

Любоў да Гарошкава паэт захаваў на ўсё жыццё. Насуперак завядзёнцы многіх вяскоўцаў казаць пра ўласнае нараджэнне ў якім недалёкім горадзе, Сыс, як цяпер кажуць, «піярыў» свой малапрыкметны на мапах «горад-герой». І радзіма адказвала яму ўзаемнасцю – паэтычна і энергетычна. 

«Гэта памятае толькі маці…» 

У 1977-м Анатоль паступіў на беларуска-рускае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Го­-
мельскага ўніверсітэта (цяпер імя Ф. Скарыны). Да скону ён зваў той універ універмагам, а пра навучанне ў ім казаў, як пра штось істотнае для факта ў біяграфіі, але нявартае змястоўна. 

Гэта памятае толькі маці, 

як вясной я любіў крыгаход, 

калі зайцы, нібы паяцы, 

каля рэчкі збіралі народ. 

Было смеху і слёз дзіцячых, 

калі заяц ішоў пад лёд 

ці па крыгах скакаў, як мячык, 

не зважаючы на народ.

…………………………………… 

Гэта ведае толькі маці, 

як засцігнуў мяне крыгаход, 

як і зайцам зрабіў, і паяцам 

і для здзеку сабраў народ. 

Гісторыі, калі Анатоль на ільдзіне быў паяцам і аб’ектам здзеку, я не ведаю. А калі пра асацыяцыі, дык многія вяскоўцы, апынуўшыся ў горадзе кштал­ту Мінска ці Гомеля, рабіліся мішэнямі кпі­наў для гараджанаў. Хтось з таго лез у бойкі, хтось замыкаўся ў сабе і чакаў зручнага моманту адпомсціць… Сыс абраў блюзнерства. 

Жыў ён тады ў інтэрнаце на гомельскай вуліцы Кірава. Пэўны час наведваў асобныя лекцыі ў «ку­фай­цы». Бывала, па некалькі дзён хадзіў і штось бубнеў сабе пад нос, пакуль не даходзіў да выніку, які яго задавальняў. Выў па-ваўчынаму, што асабліва гучала на лесвічных пралётах з іх акустыкай. Любіў граць цэнтральную і заўважную ролю «свата» на студэнцкіх «вяселлях», якія дазвалялі адносна бес­саромна кахацца… 

Беларускі патрыятызм Сыса часоў універа вы­глядаў блюзнерскім. Анатоль мог спыніць на дыс­катэцы, напрыклад, папулярны тады «Чынгіс-Хан» і пачаць спяваць «Мы, беларусы…» ды махаць пры гэтым БССРаўскім чырвона-зялёным сцягам… і былі ў яго тады некалькі хлопцаў-падпявалаў… Аднойчы перад чарговымі танцамі ў інтэрнаце перагарадзіў уваход са сцягам БССР: маўляў, хто хоча прайсці на дыскатэку – цалуйце сцяг… І цалавалі. 

*** 

На паседжаннях жа літаб’яднання «Крыніца» (ці «Крынічка», удзельнікі ўзгадваюць абодва варыянты), якое вёў выкладчык кафедры беларускай літаратуры паэт Віктар Ярац, сябра паэта Алеся Разанава (абодва студэнтамі былі выключаны ў 1969 годзе з БДУ як «нацыяналісты», фактычна, за ініцыятыву дасылання ліста ў ЦК кампартыі Беларусі з патрабаваннем вяртання заняткаў на беларускай мове), Анатоль быў сур’ёзны, чулы, глыбокі. На літаб’яднанні не адно чытаў свае вершы, ён уважліва ставіўся да вершаў іншых – незалежна ад узроўню і мовы, на якой яны пісаліся. У паэзіі Сыс дбайна прагнуў стаць прафесіяналам. 

Па ўспамінах Бяляцкага, з запрашэння на «Крынічку» пачалося іх з Едрусем Акуліным зна­ёмства з Анатолем у 1979-м: 

…на пачатку першага курса. На перапынку да нас зайшоў нейкі светлы хлапец у сінім летніку і, гледзячы трохі вырачынымі вачыма, здаецца некуды па-за нас, павольна гэтак, акцэнтуючы кожнае слова, аб’явіў аб тым, што… некалі там… адбудзецца «Крынічка», і што ўсе паэты запрашаюцца на яе… такі заклік мяне трохі пакрыўдзіў… Сядзелі мы побач з Едрусем, хлопец той нам падаўся смешным, але на «Крынічку» мы вырашылі пайсці…. 

На першым курсе, а Анатоль быў тады на трэцім, у нас былі толькі асобныя сустрэчы… звычайна на «Крынічцы». Памятаю, ці не на першым пасяджэнні абмяркоўвалі яго вершы… дзе некаторыя эстэтычныя крытэрыі былі ссунутыя… гэта добра, але недасканала, хаця лепш, чым у каго. 

…уражвала агромністая праца, зробленая ім. Ён першы даваў нам прыклад адказных адносінаў да літаратуры, паказваючы, што пісанне, гэта ў першую чаргу праца. 

Кафедрай беллітаратуры падчас першых трох курсаў навучання Анатоля ў Гомельскім уні­ве­ры кіраваў прафесар Мікола Грынчык (1923—1999) – заходнік (з-пад Івацэвічаў), інвалід вайны, дбайны прапагандыст беларушчыны. Яго і дасюль памінаюць у гомельскай «Скарыне» добрым сло­вам. Грынчык працаўладкаваў «нацыяналіста» Яра­ца, яму студэнт Анатоль Сыс (тады прыхільнік «тра­сян­кі») прапаноўваў узбагачаць беларускую мову па­лескімі ды віцебскімі гаворкамі… 

Курсавую 1980-га Анатоль пісаў па творчасці Някляева, Пашкова і Разанава – лічыў іх тады са­мымі перспектыўнымі. Някляеў у 80-м наведаў Гомель – ёсць здымак, дзе ён там з «тройцай»: Сыс – Бяляцкі – Акулін. 

Тым жа летам «тройца» апынулася ў будаўнічым атрадзе «Пунсовыя ветразі» ў вёсцы Бабчын Хой­ніц­кага раёна (цяпер там адселеная па Чарнобылі зона). Пра Сыса там – па Бяляцкаму: 

…ужо тады яго Асоба мела прыцягальную сілу. Людзей проста цягнула да гэтага чалавека. Абсалютна спакойны, добразычлівы, аматар хохмаў і кпі­наў, ён любіў тых, што любілі яго… 

Там, у будатрадзе, мы і пазнаёміліся па-са­праўднаму, сышліся, хаця гады, розніца ў іх, была адчувальнай. Ён… зведаў багата такога, да чаго мы яшчэ не падышлі… 

Малодшыя сябры тады пэўны час звалі Анатоля «бацькам», ён іх – «сынамі»… 

«Як па зорках, па расе…» 

У час студэнцтва Сыс абараніў роднае Гарош­каўскае гарадзішча ад вынішчэння – калі стуль пачалі браць пясок на будоўлю, звярнуўся ў музей, да ўлад. Яго паслухалі: паставілі ахоўны знак. Іх і цяпер можна ў Гарошкаве пабачыць: і знак, і гарадзішча, хаця і крыху «сплошчанае». 

Як па зорках, па расе 

твой апошні шлях праляжа, 

памірай, а жыта сей. 

Рунь пра сейбіта раскажа. 

Караценькі, але мудры верш. Ён перагукаецца з цэльным бачаннем свету чалавекам Усходу ці чалавекам Сярэднявечча: што наверсе – тое і ўнізе, і клапаціцца варта, перадусім, пра сваю карму, а не пра дабрабыт. Проста? Настолькі проста, што кар­ціць ісці іншым шляхам!.. Анатолю таксама карцела, і ён часам збочваў. Ды ўсё адно раз за разам вяртаўся на шлях, абвешчаны ў сваім вершы пра зоркі і расу. 

*** 

У 1981-м Сыс даслаў у беларускі Саюз пісь­меннікаў на рэцэнзію свой машынапісны паэтычны зборнік «Берагі майго юнацтва». Рэцэнзія ад Фёдара Яфімава аказалася адмоўнаю. 

Яфімаў (1933 г.н.) быў пісьменнікам-дысі­дэн­там, якога ў 1968-м выключылі з КПСС за выступ су­праць савецкага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін і супраць цэнзуры. Пазней пратэста­ваў супраць ганенняў на Салжаніцына, падтрымаў пісь­менніцу Лідзію Вакулоўскую (1926—1991), якую аб­вінавачвалі ў антысаветызме… 

Пра сустрэчы з Яфімавым цёпла казаў Някляеў. Маўляў, моцны і духам і характарам быў чалавек, праўда, няслаба пітушчы. 

І Яфімаў выйшаў з вёскі. З Варонежскай воблас­ці. Хоць засвоіў беларускую мову – пісаў пераважна па-руску. Таму добра зразумець беларускую паэзію Сыса яму было цяжка. 

Сябрам Анатоль казаў пасля, што юнацкія вер­шы спаліў. Але ў 2011-м сястра Тамара перадала Бяляцкаму, Сяргею Сысу і Акуліну неразабраны архіў брата. Так знайшлося больш за сотню юнацкіх вершаў Анатоля, у тым ліку машынапісны зборнік, які дасылаўся на рэцэнзію, разам з адказам ад Яфі­мава. 

У 2016-м кніжка вершаў з тога архіва «Берагі майго юнацтва» выйшла ў выдавецтве «Галіяфы» з прадмовай Алеся Бяляцкага. Чытаць варта. Тая рунь шмат чаго кажа пра яе сейбіта. 

*** 

На чацвёртым курсе Анатоль ухваліў першае апавяданне Бяляцкага, параіўшы больш чытаць па-беларуску. Жорсткай крытыкай і дбайным разборам прымусіў Акуліна працаваць над вершамі так, што Едрусь імкліва стаў расці ў паэзіі. 

Бяляцкі ў 1981-м пазнаёміўся з мастаком Міко­лам Купавам і мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам. Пад іх уплывам цалкам перайшоў на класічную беларус­кую мову (да таго ў гомельскай «тройцы» дамінавала «трасянка»). І Едрусь перайшоў. Сябры далучыліся да падпольнай мінскай студэнцкай групы Вячоркі-Сокалава-Сушы, якія закладалі ладны кавалак пад­мурка будучага беларускага адраджэння канца 80-х – пачатку 90-х гадоў. 

Анатоль нядоўга кпіў з «нетутэйшай» мовы Бя­ляц­кага і Акуліна, але перспектыўнасць іх моў­нага выбару пацвердзіла яму ўласная паездка ў Кара­лішчавічы пад Мінск. 

*** 

Апошні курс Анатолевага «ўнівермага». Бяляцкі піша: 

«На 5-м курсе ён хадзіў у тоўстым паліто на ваціне са штучным, пад сабаку, каўняром. Ён быў ня шмотачнік, хаця любіў прыгожае адзенне, а калі не было чаго, то апранаў і смешнае паліто». 

Кіраўнік літаб’яднання «Крыніца» Ярац дапа­магаў маладым самавыразіцца, надрукавацца ў «Го­мель­скім універсітэце», але прасоўваць куды далей намаганняў не прыкладаў. Сыс жа праз стар­шыню Гомельскага аддзялення Саюза пісь­меннікаў Івана Сяркова даведаўся, што напрыканцы года ў Каралішчавічах – тыднёвы семінар маладых беларускіх літаратараў, на які можна паехаць. 

Паэтычным арыенцірам для Анатоля быў тады і ў немалой ступені застаўся на ўсё жыццё Алесь Разанаў. Ды гомельскія знаёмцы раілі Сысу: каб надрукавацца, трэба пісаць так, як піша Віктар Шніп. У Каралішчавічах Анатоль асабіста пазнаёміўся і са Шніпам і з многімі іншымі беларускімі паэтамі. 

Семінар трапіў на час «ззяння» на беларус­кім паэтычным небасхіле Уладзіміра Арлова, Алега Мін­кіна, Сяргея Верацілы. А найбольш папуляр­ным быў тады Леанід Галубовіч. 

Шніп успамінаў: 

«На той час сярод усіх гэтых імёнаў Анатоль Сыс амаль нічым не вылучаўся – яго ў Мінску не ведалі. Пара вершаў у «Чырвонай змене» і, здаецца, больш нічога надрукаванага. На семінары ў Сыса, акрамя вершаў, з сабой быў нейкі дзясятак пародый, якія вялікага ўражання ні на кога не зрабілі… І Анатоль часцей за ўсё сядзеў у сваім пакойчыку, у які неяк зазірнуў і я. Пазнаёміліся. Сыс чытаў вершы… У той жа вечар мы абмяняліся адрасамі. У Анатоля быў фотаапарат…» 

Па вяртанні з Каралішчавічаў у Гомель, Сыс падзяліўся з Бяляцкім: 

– Мне сказалі, вельмі смела пішаш. Цяжка будзе што-небудзь надрукаваць. 

*** 

У 1982-м Анатоль абараніў дыплом на «чацвёрку» і скончыў Гомельскі ўнівер. Навуковым кіраўніком дыпломнай працы быў Віктар Ярац. 

Цяперашні загадчык кафедры беллітаратуры Го­мельскага ўнівера Скарыны, прафесар Іван Штэй­нер дасюль узгадвае, як Сыс прынёс яму да­хаты пасля 23.00 свой дыпломны тэкст на рэцэн­зію напярэдадні абароны. «Вы тут пачытайце, а я пакуль у вас футбол пагляджу!» (ішоў чэмпіянат свету-82)… 

Штэйнер нямала публікацый і цэлую манагра­фію («Свае руны мне не вышыць…») прысвяціў Сысу. На яго думку: 

«жыццё і творчасць А. Сыса – гэта своеасаблівы эксперымент, праведзены нейкай сілай з адпаведнай мэтай – вызначыць змест, сутнасць, перспектывы развіцця беларускага прыгожага пісьменства мінулага стагоддзя, а ягоная творчасць – гэта «кароткі паўтарыцельны курс» (М. Багдановіч) усёй беларускай паэзіі, развага аб яе значнасці і незапатрабаванасці, ідэалах і арыенцірах… ягоная паэзія з’яўляецца іерогліфам, сімвалам пошукаў айчыннай паэзіі ХХ стагоддзя і яе своеасаблівым вынікам, бо ўжо ў традыцыйным выглядзе існаваць не будзе ці будзе зусім нядоўга… Перш за ўсё, ён вярнуў у беларускую культурную традыцыю міф…» 

*** 

Па сканчэнні ўнівера, увосень 1982-га Сыс быў прызваны ў войска. Як асоба з вышэйшай адукацыяй на паўтары гады. На провады запрасіў усіх, каго памятаў па студэнцкаму інтэрнату на гомельскай вуліцы Кірава, заказаў дзеля тога аўтобус. 

Служыць патрапіў у сапёрныя войскі ў Польшчу. Сыс атрымаў месца ў батальённай бібліятэцы. Пэў­ны час служба праходзіла, збольшага, за друкаркай. 

«Сваёй машынкай я абслугоўваю зампаліта ба­таль­ёна, парторга, камсорга, а яны нясуць, нясуць і нясуць паперы, як у маўзалей. Цяпер у бібліятэцы зноў займаюся рэвізіяй… З-за гэтага быў скандал, вярней, сварба. Мяне былі ледзь ня выгналі за тое, што я праўду начальніку сказаў у вочы…» – пісаў ён Шніпу. 

Нягледзячы на «камфорт» першых двух трацін службы, пазней Анатоль узгадваў войска як вельмі жорсткі асяродак і казаў: «Пра армію я ніколі не буду пісаць»

У войску ён пачаў паліць («на месяц выдавалі па васямнаццаць пачкаў цыгарэтаў. Усе запаляць, а я – не, сумна. Так і ўцягнуўся») і парваць з гэтай звычкай не здолеў да скону. 

У 83-м Сыс меў нейкі час на вершы: 

«Бывае і такое, ня сплю, а загад хоць кроў з носу, трэба выканаць. Ну гэта бывае раз у месяц, а так займаюся толькі сабой: чытаю-пішу, падыхаю, потым зноў чытаю-пішу… Я кідаю ўсю службу і пішу дзень, два, тры, магу тыдзень – у выніку гатова – радкоў дзесяць. Яны мне здаюцца залатымі, але не маімі. Прыгледжуся – аказваецца перад гэтым я начытаўся… (шмат каго там можна было начытацца. – А.М.) Спыніцца не магу, і паехаў… Па сутнасці я магу паўтарыць любога амаль паэта. Сябе паўтараю рэдка… Забываюся, што я меў на ўвазе, калі пісаў…» Паведамляў сябрам, што можа рэгулярна дасылаць ім свае новыя вершы («але вы іх усур’ёз не ўспрымайце»), прасіў дасылаць і іх вершы яму («крытык з мяне няважны, але я магу дакладна сказаць дзе дрэнна – дзе добра»). 

Як у многіх творцаў, у Анатоля ў войску з’явіўся свой рытуал: 

«Вершы пішу выключна на канвертах. Прычым, чым даражэй адправіцель – тым лепшы настрой і мой, і верша. Больш за ўсё напісаў на канвертах Шніпа». 

Тады ён ствараў будучы зборнік «Агмень». Працягнуў і завяршыў распачаты ва ўніверы найдаў­жэйшы свой твор – паэму «Алаіза», прысвечаную Элаізе Пашкевіч – беларускай паэтцы, вядомай як Цётка. У Польшчы шчэ жылі сваякі Цёт­кі, а ў іх захоўваліся асабістыя рэчы паэткі. Сыс загарэўся ідэяй, што можа атрымаецца сустрэцца ды што з яе рэчаў перадаць у Беларусь, прычым пры яго ўдзеле. 

Тут жа ў Польшчы жыла тады сястра Сыса Валянціна, разам з мужам-вайскоўцам, на другім годзе службы Анатолю атрымалася ў іх тыдзень пагасцяваць на Каляды (і там, у сястры, як свед­чыць адзін з лістоў паэта, ён пачаў выпіваць – верагодна менавіта той час, а не пазней шматразова ўзгаданыя Анатолем 26 гадоў – рэальны пачатак яго алкагольнага шляху, пакуль шчэ вельмі дазаванага). 

Праз удалага на ніве прызнання і знаёмстваў Шніпа Сыс спадзяваўся схіліць старшыню бела­рускага Саюза пісьменнікаў Ніла Гілевіча парупіцца аб набыцці ў польскіх сваякоў Цёткі яе рэчаў, у прыватнасці, габеленаў. З ліставання са Шніпам вынікае, што Гілевіча ні сваякі, ні габелены Цёткі не зацікавілі нават пасля некалькіх візітаў да яго Лідзіі Арабей, якая пісала пра Цётку і апекавалася яе спадчынай. Каму, апроч пісьменнікаў, прапанаваць Цётчыну спадчыну, Анатоль не ведаў. І адмовіўся ад далейшых крокаў у тым кірунку. 

У «Алаізе», у расповедзе пра паэтку з фактамі яе жыцця Сыс кажа, перадусім, пра свае пачуцці і сваё стаўленне да рэчаіснасці… 

*** 

Шніп прапаноўваў Анатолю дасылаць вершы ў «Полымя» і «Маладосць», але Сыс да сваіх вайс­ковых твораў ставіўся няўпэўнена, прасіў Бяляц­кага і Акуліна папярэдне адрэцэнзаваць іх («асабліва паказвайце пальцам, дзе ў мяне памылкі»), а слаць Шніпу саромеўся. Тым не менш, па словах Шніпа: 

«Сыс дасылаў мне свае вершы і пародыі, а я іх разносіў па рэдакцыях. Тое-сёе было надрукавана, але большасць, як кажа Сыс, «праляцела». Даслаў быў з Польшчы Анатоль і сваю паэму «Алаіза» з просьбай паказаць Алесю Разанаву. Аднёс. Але безвынікова – нідзе не ўладкавалі». 

Адсутнасць публікацый пасля ўнівера, су­мнен­ні ў вартасці паэмы, нецікаўнасць да паэзіі вайсковага асяродка, у якім апынуўся, маўчанне ў адказ на лісты да многіх літаратурных знаёмцаў – усё разам сеяла ў Анатолі сумневы ў перспектыве прызнання яго як паэта па-за колам сяброў. Ды і ў трываласці сяброўства Сыс сумняваўся: «Вы ж… ганарлівыя, бы шляхцюкі, можаце і сапраўды мяне адцурацца». 

Паэт пісаў у войска свайму сябру, земляку і ад­нафамільцу Сяргею Сысу ў лютым 1983: 

«Мяне ніколі не прызнаюць: я нават сам ня ведаю, што сабой уяўляю, маю да паэзіі вялікія прэтэнзіі, а ці заслугоўвае гэтага мой «светлы лоб»? А яна (паэзія) сапраўды светлая і чыстая, і такіх змрочных тыпаў, як я і мае страданні, аформленыя па яе законах і незаконах, прымае ў сто год усяго адзін раз. Баюся – я лезу не ў сваё карыта… А ЯНА мне ўжо амаль шэсць год перашкаджае жыць, як усе людзі. Напэўна, таму я і стаў нелюдзем, філантроп і мізантроп ува мне… Хто я – першы ці другі? А можа трэці?..» 

У ліставанні з Акуліным Анатоль разважаў: 

«Я зразумеў – каб друкавацца, трэба, каб верылі, што ты не матылёк-аднадзёнка… каб ты пры­мялькаўся ў газетах, часопісах, нават размовах. Тут цэлая палітыка». 

Падчас Анатолевай службы адбылася першая яго, пацверджаная на сёння, публікацыя ў рэс­пуб­ліканскім друку (пакуль не знойдзеныя «пару вершаў у «Чырвонай змене», пра якія кажа Шніп): часопіс «Маладосць» у № 1 за 1983 год на­дру­каваў некалькі яго пародый. Ды прайшлі яны, фактычна, незаўважанымі і не былі вядомыя да­следчыкам твор­часці Анатоля ажно пакуль у 2010-м не натрапіў на той нумар «Маладосці» Сяргей Сыс. 

*** 

Глыбокай восенню 83-га камфорт пры батальён­най бібліятэцы з друкаркай, тэлевізарам і саўнай, для паэта з нейкай прычыны скончыўся. Ён патрапіў у іншы полк (дзе «ніхто ня ведае, што я пішу вершы, дарэчы, я іх ужо не пішу тры месяцы») у пантонную каманду з салдатамі-азіятамі і працай на рэчцы ды ў лесе, з частымі трывогамі. Тут нават хлопец з Падмаскоўя падаваўся яму блізкім земляком: 

«Тут нехаця прыходзіцца размаўляць па-руску… і калі земляка сустрэну, і кніжкі дастаю, даю, нават прымушаю іх чытаць беларусаў, вось тут мяне лічаць дзіваком… Вы ня ведаеце, што такое плакаць на роднай мове, а я плакаў горкімі слязьмі…» 

На новым месцы Сыс нейкі час быў качагарам, пасля стаў мастаком-афарміцелем – у лісце з войска пісаў, што афармляе ленінскі пакой: «Я тут стаў зверам. Кожны дзень праходжуся па мордах». 

У планах на пасля службы паэт не меў ста­біль­насці: то яму карцела ў Мінск, дзе «мая мара, там усё жыццё: футбол, людзі, вечары літаратурныя ці мала яшчэ куды можна пайсці…», то ён задумваўся пра Гомель: «Я б у Гомелі застаўся, каб там добрую работу знайсці». 

У лісце да Бяляцкага ад 10 студзеня 1984 Сыс пісаў: «Алесь, я нават ня ведаю ці змагу я ўліцца ў «Беларусы». Я – эгаіст… хачу прыгожа жыць. Ці не затрымаўся я ў дзяцінстве». 

А Бяляцкі, які ў 84-м сканчаў Гомельскі ўнівер, у запісах для ўласнага карыстання звязваў з Сысам вялікі спадзеў на будучыню: 

«…расце Вялікі паэт, па магчымасцях сваіх, па таленце… ён больш, чым рэаліст… калі адным сло­вам – сюррэалізм. І ў яго ён ужо ярка індывідуальны». 

Месца свайго яркаіндывідуальнага сябра-сюр­рэаліста мэтанакіраваны Алесь бачыў менавіта ў су­польнасці свядомых беларусаў, пашырэнне і ўзмац­ненне якой меў сваёй мэтай. 

*** 

У аповесці Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам» ёсць эпізод, дзе апісваецца вяртанне Анатоля Сыса з войска: 

«Памятаю, калі ён вярнуўся з вайсковай служ­­-
бы, якую называў катаргай, мы сустрэ­ліся ў агуль­нага сябра (Вінцука Вячоркі. – А.М.), і Паэт, цвя­розы як слязінка немаўляці, ноч навылёт чытаў нам вершы – улюбёныя і ўласныя. Ягоныя часта гучалі мацней: ім яшчэ неставала дасканаласці, ды тое кампенсавалася магутнай энергетыкай і выразным пульсам паэтычнай стыхіі. Узрадава­ны такім адкрыццём, пад раніцу я заснуў, але Паэт бесцырымонна раскатурхаў мяне і працягваў дэкламацыю». 

Знявераны доўгай адсутнасцю ўдзячных слу­хачоў, Сыс адчуваў вялікую сымпатыю да гэтага, хай сабе пакуль і невялічкага асяродка Беларусаў. Тут яго цанілі. 

Натхнёны, ён завітаў да старшыні Саюза пісь­меннікаў БССР Ніла Гілевіча (размаўлялі, узга­дваў Сыс, «пра Гомель, пра ўсё» і пра Бяляцкага з яго будучым паступленнем у аспірантуру), пазна­ёміўся з буйным літаратуразнаўцам Міхасём Тычынам. Мінскія сустрэчы Анатоля радавалі, але работу шукаць давялося ў Гомелі. Пакуль шукаў, начаваў у сяброў у інтэрнаце Гомельскага ўні­вера. 

Увосень 1984-га Сыса прынялі на працу ў веткаў­скую раёнку «Перамога Кастрычніка». У сель­ска­гас­па­дарчы аддзел. Было адносна недалёка ездіць да баць­коў і адносна лёгка друкавацца ў раёнках кшталту «Камуніста Палесся». Была магчымасць змяшчаць свае вершы і дапамагаць друкавацца ў «Перамозе Кастрычніка» Акуліну, які з Веткаў­скага раёна і паходзіў…

У тую ж восень у Гомелі Бяляцкі пазнаёміў Сыса з Сяргеем Дубаўцом – сябрам Вячоркі, тэарэтыкам, ідэолагам і ў значнай ступені рэжысёрам таго мала­дзёвага беларускага адраджэння, буйныя прак­тычныя ролі ў якім было наканавана адыграць і Бя­ляцкаму, і Сысу. 

У снежні 1984-га ў Смольні ля Мікалаеўшчыны – малой радзімы апостала беларускай надзеі Якуба Коласа – Сыс узяў удзел у стратэгічнай нарадзе прадстаўнікоў моладзевых беларускіх арганізацый. Гэта быў яго дэбют на ўсебеларускіх падпольных сходках, і тут ён адчуваў сябе нават лепей, чым у літаратурных Каралішчавічах. Там людзі імкнуліся давесці сваё першынство, тут – усе свае, ці прынамсі пакуль так выглядала. Палітыка зрабілася каханнем Анатоля на некалькі, магчыма, лепшых яго гадоў. 

***

Напачатку студзеня 1985-га Сыс едзе ў Мінск па работу і жытло … На дапамогу прыходзіць клапатлі­вы Шніп. Знаходзіць Анатоля сярод наведвальні­каў Палаца мастацтваў, тэлефануе на тэлебачанне… 

Так Анатоль атрымаў працу на тэлебачанні. Не творчую – пасаду тэхніка. Затое далі пакойчык у інтэрнаце велазавода на вуліцы Авангарднай, 61. 

Праца на ТВ дала магчымасць раз’язджаць па Мінску, знаёміцца з новымі людзьмі, мацаваць ра­нейшыя знаёмствы… У тэхнічным аддзеле БТ, апроч Анатоля – два адстаўнікі. Напачатку месяца, пры размеркаванні планаў яны звычайна бяруць сабе для здымак дзяржаўна-партыйныя мерапрыемствы, а Сысу даста­юцца мастацка-спартыўныя. І спорт і мастацтва паэт любіць… 

Шніп пазнаёміў Анатоля з паэтам Знічом (Але­гам Бембелем, пазней Сыс назаве яго сваім нас­таўнікам). Шніп і Сыс наведалі майстэрню Адама Глёбуса, каб паказаць яму рукапіс будучага зборніка «Агмень». Шніп успамінаў: 

«З усяго рукапісу… Глобус пахваліў нейкую пару вершаў. Сыс заплакаў… Пазней мне Глобус казаў, што рукапіс вельмі сыры і слабы, а да ўсяго – з Сыса нічога асаблівага не будзе (выдасць пару кніжак, і ўсё) і закончыць ён вельмі дрэнна…» 

«Ахвярую Алегу Бембелю» 

На памежжы чужыны з Айчынай 

па начох ходзіць сумны паэт, 

ён запаленымі вачыма 

як агнём, апякае свет. 

А камусьці са спрат здаецца: 

Блудзіць зорка па-над мяжой, 

быццам ёй не хапае мейсца 

і нябёс на зямлі сваёй. 

Хто пакрыўдзіў цябе, паэце? 

Хто прымусіў цябе блудзіць – 

Бог ці дэман у гэтым свеце? 

Што ты хочаш душы здабыць? 

І за што ты марнуеш цела? 

Можа, досыць з цябе ахвяр? 

Сядзь, даверся паперы белай, 

і надзея асветліць твар. 

Сядзь, пакайся за раны целу, 

яно ж братам тваёй душы. 

Ці жадала яно, ці ж хацела, 

каб ты з гэтай пакутай жыў? – 

На памежжы чужыны з Айчынай… 

…крок яшчэ – і няма мяжы… 

Шлях Зніча ў пэўнай ступені супрацьстаў шляху Анатоля. На дадзены верш змястоўна паглядзець і як на сяброўскую палеміку і як на прароцтва, і можа толькі ў трэцюю чаргу як на паэзію. 

Анатоля, у старэйшым на дзесяцігоддзі Знічы відавочна чапляла гарачае праваслаўе неафіта з пра­маскоўскім духам. У гэтым палемічнасць верша. Беларускае праваслаўе тога часу куды менш гарачае і куды больш набліжанае да паўсядзённасці. Ці апраўдвае яго такі падыход, які ў знаячнай меры працягваецца і дасюль? Характэрна, што заклікаючы Бембеля да іншых дзеянняў, Сыс усё ж не сцвярджае, што шлях апанента не боскі, для Анатоля ён – загадка. 

Прароцкасць верша ў тым, што Зніч у далейшым сапраўды «сеў і даверыўся белай паперы» – у 1996-м сышоў у Жыровіцкі манастыр і адтуль стаў мэтанакіравана і шырока здзяйсняцца ў друку. Але памежнасць яго для многіх сапраўды стала выглядаць тым крокам, дзе мяжы з чужынай няма. І тут тэма для асобнай кніжкі пра самога Зніча… 

З уласна мастацкага пункту гледжання верш «Паэт» выглядае просценька. Хаця асабіста для мяне вобраз той зоркі, якая блудзіць па-над мяжой – перспектыўны і шматсэнсоўны. Ну чым яна не Батлеемская зорка, якая сапраўды прыбірае ўсе межы, штучна нанесеныя чалавекам? 

*** 

У сярэдзіне 85-га зборнік «Агмень» (пад умоўнай назвай «Краіна верасоў») паставілі ў план выдання бібліятэчкі часопіса «Маладосць» на 1988 год. Глёбус раіў Сысу сядзець ды пісаць далей, маўляў, больш карысці будзе. Але ірвалася душа паэта да публічнасці! Хоць і пісаў ён тады Бяляцкаму ў войска: «У апошні час акрамя футболу не хачу ведаць нічога» такія «апошнія часы» ў Сыса насамрэч былі непрацяглымі… 

Напачатку кастрычніка 85-га на прэзідыуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Сыс быў афіцыйна ўзгаданы сярод маладых, побач з Глёбусам. У тагачасным СССР кожныя афіцыйныя ўзгадкі рабіліся ў адпаведнасці з іерархіяй і перспектывамі, таксама як і далейшыя магчымыя няўзгадкі. Для Сыса пачынаўся час рэгулярных афіцыйных узгадак – тое, пра што ён марыў у войску з меркаванняў «палітыкі». 

*** 

У 1986-м Анатоль афіцыйна дэбютаваў падборкай вершаў у № 4 часопіса «Маладосць». 

У той час Сыс робіцца адным з самых заўваж­ных у мінскім маладзёвым клубе імя Караткевіча (у да­лейшым – культурніцкая суполка «Талака»), бярэ ўдзел, бадай, ва ўсіх тамтэйшых імпрэзах і ва ўсіх намагаецца верхаводзіць, што яму збольшага ўдаецца. Піша шэраг артыкулаў, удзельнічае ў ад­крыцці музея Паўлюка Багрыма ў Крошыне (Бара­навіцкі раён); выступае ў друку па праблемах багрымазнаўства… 

*** 

У канцы 1986-га вярнуўся з войска Бяляцкі, па­ступіў у аспірантуру і атрымаў пакойчык у ін­тэр­наце ля Акадэміі навук, дзе неўзабаве ўтва­рылася напаў­падпольнае-напаўлегальнае аб’яд­нан­не«Тутэй­­шыя». 

Старшынёй «Тутэйшых» стаў Бяляцкі. Сысу да­верылі паэтычную частку і ролю, як цяпер ка­жуць, спікера. У адрозненне ад «Талакі», якая «спе­цыялізавалася» ў значнай ступені на фальк­ло­ры і традыцыях, некалькі аддзяліўшыя сябе ад яе «Тутэйшыя» меркавалі прысвяціць сябе шчэ і на­дзённым пытанням беларушчыны і літаратуры. 

Тады ў Анатоля сталі заўважаць рарытэтны ра­сійска-крыўскі слоўнік Вацлава Ластоўскага (у 1990-м у Беларусі яго перавыдадуць), які да кан­ца зямнога жыцця стаў галоўнай кнігай у бібліятэ­цы паэта, у чымсьці падмяніўшы «Біблію». Мена­ві­та з яго Анатоль абагачаў сваю лексіку, адтуль узяў назоў для зборніка «Агмень». 

Напаўпадпольнасць «Тутэйшых» была ў тым, што запрашалі адно «правераных» людзей, на якіх ус­кладалі нейкія нацыянальныя спадзевы. А на­паў­легальнасць… Пра супольнасць хутка даве­даў­ся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніл Гілевіч, моцна раскрытыкаваў назву і вельмі параіў удзельнікам прачытаць аднайменную п’есу Янкі Купалы. 12 лютага 1987 года «Тутэйшыя» і прысвя­цілі чытанню забароненай тады цэнзурай п’есы Янкі Купалы 20-х гадоў выдання. 

А 21-га лютага яны ўпершыню сабраліся пад дахам Дома Літаратара. Паэт і пісьменнік Алесь Аркуш успамінаў: 

«З гэтага паседжання й пачалося… Глёбус сварыўся з Сысам, кожны бок ведаў, як і што пі­саць, і даводзіў сваю рацыю… Гэта было камэдыйнае супрацьстаянне. І зараз цяжка патлумачыць, за што паміж сабой змагаліся гэтыя два лідары – адносіны між імі часам межавалі з мардабоем. Рэч ў тым, што ніхто з іх не прэтэндаваў на кіраўніцтва «Тутэй­шымі», безальтэрнатыўным кіраўніком быў Бяляц­кі. Кожны з супернікаў меў уласныя перакананні й свае каманды падтрымкі, у нейкім сэнсе, гэта было «ідэалягічнае» супрацьстаянне. Сыс узначальваў «пат­рыётаў», Глёбус – «касмапалітаў»… Сыс часта пафасна казаў пра любоў да Радзімы, пра змаганне за Беларусь. Глёбус – пра прагматычныя рэчы (трэба пісаць дэтэктывы, маляваць коміксы, ствараць маскультуру)… Сыс патрабаваў больш радыкальнага зместу…» 

1 лістапада 1987 на адноўлены дзень памяці «Дзя­ды» ля мінскага помніка Янкі Купалы адбы­лася найбольш значная грамадская прамова Сыса, прысвечаная памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Паэт упершыню за часы савецкай улады голасна агучыў прысутным прозвішчы сотні рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў, пісьменнікаў, палітыкаў… 

Ад 16 траўня 1988 года «Тутэйшыя» – шчэ і Таварыства маладых літаратараў пры Саюзе пісь­меннікаў БССР. 

*** 

Нягледзячы на ўжо афіцыйны статус, прэзідэнт Акадэміі навук БССР, пісьменнік Іван Навуменка не даваў аб’яднанню выступіць у актавай зале акадэміі. Сыс драматычна апісаў той эпізод карэспандэнту рускамоўнай камсамольскай беларускай газеты «Знамя юности» Алесю Ліпаю, які ў далейшым будзе яго сябрам. Тое вялізнае інтэрв’ю кастрычніка 88-га – з нагоды выхаду паэтычнага зборніка Сыса «Агмень», амаль увесь наклад якога, па словах газеты, быў раскуплены за некалькі тыдняў. Газета перабольшвала, ды на слова Сыса, і не толькі паэтычнае, у беларускай сталіцы сапраўды быў не­малы попыт… 

У інтэрв’ю Сыс заявіў: «Плачу… над страчанымі ці самаўхіліўшыміся пакаленнямі, над сваімі ста­рэйшымі таварышамі па пяры: Крапівою, Танкам, Панчанкам, Барадуліным, Стральцовым, Някляевым, над земляком Шамякіным…», разважаў пра «касмапалітызм… інтэр­нацыяналізм, кар’ерызм, культ жывата ды задніцы…», распавядаў пра збор­нік «Агмень» і зададзеныя ў ім пытанні, на якія, калі не адкажуць тыя «каму па штату гэта трэба рабіць – адкажа сам народ. І так адкажа…».

Пасля 30 кастрычніка 1988 Анатоль стаў паэтыч­ным кумірам Беларусі. 

Частка ІІ.
СЫС – КУМІР 

Пан Лес 

Лес — гэта храм. 

У ім акрыяе Хам. 

Лес — гэта святарнае мейсца, 

для душаў аблудных меса. 

Меў золата, срэбра Крэз, 

але калі б ён убачыў 

хоць раз 

             наш 

                 бурштынавы Лес 

вышэй ад варагавых мачтаў, — 

паблякнула б срэбра яго 

і золата б паржавела, 

пад ногі б каменнем лягло 

і сэнсу б суздром не мела, 

бо Лес — гэта больш чым лес. 

Вам ранілі гострым сэрца, 

крывавіць, баліць парэз, 

і хочацца толькі смерці, 

стрывайце, знайдзіце моц 

дайсці, дапаўзці да Лесу, 

ён з боскай крыві прарос 

пакутнікам правіць месу, 

ён спыніць жывіцай кроў — 

такога не змогуць людзі, 

і, быццам прадвесні гром, 

у Вас немаўля прабудзіць. 

Жыццё і тым болей смерць 

загубяць свой сэнс цялесны — 

Пан Лес не дазволіць мець 

пачуццяў, што шкодзяць Лесу, 

бо нельга паганіць храм, 

бо нельга святое нішчыць, 

куды ж тагды прыйдзе Хам 

ад хамства душу ачысціць? 

30 кастрычніка 1988 года храмам адраджэння Беларусі стаў лясны масіў Курапаты на поўнач ад Мінска. Заяўку на правядзенне там мітынга падалі ўладам Сыс і Бяляцкі. Анатоль, амаль адразу пасля чэрвеньскага «адкрыцця» Курапатаў артыкулам Зя­нона Пазняка ў газеце «Літаратура і мастацтва» 3 чэрвеня 1988 года патэлефанаваў Анатолю Вярцінскаму – паэту, тагачаснаму галоўрэду «ЛіМа»,
каб падрабязней даведацца пра лес смерці. І калі мітынг на звыклым месцы ля помніка Янкі Купалы не дазволілі, тады ягоным месцам заяўнікі абралі Курапаты. 

Мітынг ператварыўся ў шэсце. Многія яго ўдзель­нікі былі брутальна збітыя і затрыманыя міліцыяй… Тыя, хто кіравалі тады сілавікамі ля Курапатаў павялі сябе неразважліва і неразумна. Падзеі атрымалі розгалас па ўсім СССР, была створана маскоўская камісія па расследаванні. Апаганьванне беларускімі ўладамі народнага храма абярнулася для іх імклівым падзеннем аўтарытэту і моцы. 

Што тычыць самога верша, дык ён аказаўся клю­чавым у здадзеным у 1988-м да друку накладам 5000 асобнікаў у выдавецтва «Мастацкая літа­ра­ту­ра» другім зборніку Анатоля Сыса з такой жа наз­вай – «Пан Лес». Рэдагаваў зборнік Рыгор Барадулін. 

Верш – не адзіны гэтай тэматыкі ў зборніку. І далёка не першы ў беларускай паэзіі. Да таго ж, у 1988-м на Беларусі выйшла кніжка вершаў буйнога беларускага паэта з Польшчы Алеся Барскага, у якой лесу прысвечана нямала моцных вершаў, а настрой і вобразы вельмі перагукаюцца з Анатолевымі. Сыс тую кніжку Барскага чытаў, уплыў тэкстаў калегі з Польшчы на яго вельмі верагодны. Тым не менш… 

Магута верша Сыса – у суладдзі вобразаў, рытмікі і зместу – разам яны ствараюць штось кшталту святарскага казання… Я доўгі час гэтае казанне не ўспрымаў блізка да сэрца. Але, апынаючыся ў лесе пасля сваіх 45 гадоў раз за разам неяк пачаў цытаваць гэты твор Сыса самому сабе. Ён дапамагае мне жыць… і каяцца, тады калі ў тлумных храмах больш цягне да тлуму, чым да пакаяння. 

Кніжка «Пан Лес» пабачыла свет у 1989-м. І адразу стала ў Беларусі буйной культурнай з’явай. 

Бадай, з часоў Максіма Багдановіча ні адзін з беларускіх паэтычных зборнікаў не выклікаў такой удзячнай зваротнай сувязі: некалькі дзясяткаў вер­шаў з «Пана Лесу» сталі песнямі, прычым пэў­ныя з іх – песнямі з рознымі мелодыямі, ад роз­ных аўтараў. Апроч заслуг у тым Анатоля не будзем адмаўляць унёску ў поспех кнігі яе рэдактара. 

І для мяне «Пан Лес» стаў адкрыццём паэзіі Сыса. Прабяжаўшы вачыма па некалькіх вершах, я зразумеў: тут і тут могуць быць песні. Прынамсі, тыя вершы хацелася спяваць. Неўзабаве я заспяваў тры вершы Анатоля са сцэны: «Маналог Апанаса Філіповіча» (У гэтай краіне ня маю я дому…), «Вільня, 1864» (Перад смерцю зязюля кувае…) і «Сабака» (верш, прысвечаны Алесю Гаруну). 

«Дух»

15 траўня 1989 па завяршэнні рэспубліканскай нарады «Тутэйшых», на якой Анатоль трымаўся надзіва малазаўважна, Сыс паехаў наведаць у лякар­ні аўтарытэтнага паэта Пімена Панчанку (1917—
1995). На змену спрэчкам з «касмапалітамі» прый­шло асабістае (ужо не ад «Тутэйшых») апаніраванне жывым беларускім велічыням. Часцяком таленаві­тае і дарэчнае… 

…ды слова не прагняві, 

Бо слова належыць Духу, 

Кіньце слова гайні – 

І паляціць пацяруха. 

Змоўчыць абражаны Дух, 

Новае слова народзіць, 

Спыніць натоўпу рух, 

Каб гаварыць аб народзе. 

Зноў прыляціць гайня, 

Выйдзе з яе плюгавы. 

«Дух – гэта, людзі, Я!» – 

Скажа, а сам з рагамі. 

Людзі разявяць рот – 

Як жа ж, такія словы: 

«З намі – увесь народ! 

Шлях – да адзінай мовы!» 

Людзі закрыюць рот, 

Кожны сябе спытае: 

«Гэта ж і я – народ – 

Лёс такі прычакаю?» 

Людзі закрыюць рот, 

Людзі апусцяць вочы… 

Вось табе і народ, 

Думаць прывыкнуў моўчкі. 

З думай такой і вы: 

Выжыве Дух-заступнік, 

Знойдзе для нас правы, 

Знішчыць пасад наш кутні… 

Выжыве – гэна так! 

Знойдзе… І вам на тацы 

Медны падасць пятак: 

«Вось вам на хлеб, засранцы!» 

Гэты верш са зборніка «Пан Лес» аказаўся, бадай, самым плённым і разнастайным па сваіх творчых наступствах. «Залаты голас адраджэння» спявачка Вальжына Цярэшчанка з невялічкім рэдагаваннем тэксту зрабіла з яго песню, якая вось ужо больш за чвэрць стагоддзя гучыць у яе абавязковай праграме і нязменна выклікае жывую рэакцыю слухачоў. 

Эдуард Акулін ініцыяваў штогадовае паэтычнае свята на падворку хаты Цішак у Гарошкаве пад шматсэнсоўнай назвай «Дух – гэта, людзі, я!» і яно рэгулярна больш ці менш паспяхова праходзіць вось ужо гадоў –наццаць. 

Мастак Алесь Квяткоўскі, натхнёны вершам, прыклаў яго да напісанай шматлюднай вялікіх памераў карціны з узнясеннем над усім людам, хатамі і жывёламі вялізнага Анатоля Сыса… 

Грамадскі ўплыў твора – зайздросны. А калі ацаніць верш з пункту гледжання зместу ды паэзіі? 

Так – слова належыць Духу і да слова варта ставіцца адказна. І калі слова дастаецца недаспелым да яго – ляціць пацяруха. Тут – пасыл доўгачасовы, праз пакаленні і народы. 

«З намі – увесь народ! Шлях – да адзінай мовы!»а вось тут не пра вечнае. Мітынговая цытата, якую тая ж Вальжына даўно не спявае. У «перабудовачны час» яна гучала мо і да месца, бо асацыявалася з ан­ты­беларускімі элементамі. Цяпер гучыць спрэч­на ў сваёй негатыўнай канатацыі. Адзіная мова бывае, дарэчы. 

Канцоўка эфектна гучыць у асяродку, падобным да інтэлігентнага. Што яшчэ? А яшчэ тое, што ізноў, як і ў выпадку з вершам «Пан Лес», атры­малася казанне-прытча. З яскравымі даходлі­вымі вобразамі. 

«Памяць пра яцвягаў» 

Рыгор Барадулін ці то жартам ці то ўсур’ёз, першым з пісьменнікаў старэйшага пакалення пачаў зваць Сыса Анатоль Ціханавіч. 

У колах антысаветчыкаў словазлучэнне Ана­толь Ціханавіч звязвалася з простым хлопцам ук­ра­інскага паходжання па прозвішчы Марчанка, які, патрапіўшы маладым у лагер для палітзэкаў, здолеў напісаць пра тое магутнай моцы ўспаміны, а затым стаў гарачым і самаахвярным, больш за тое, нязломным змагаром за вызваленне палітычных вязняў СССР, паважаным і цанімым у дысідэнцкім асяроддзі. У выніку некалькіх адсідак, пасля чар­говай галадоўкі Марчанка сканаў у лагеры ў снежні 1986 года ва ўзросце 46 гадоў, але яго галадоўка прывяла да афіцыйнага вызвалення мно­ства са­вецкіх паліт­зняволеных; у тым ліку быў вернуты са ссылкі акадэмік Андрэй Сахараў. 

У Сыса, з улікам паправак на час і месца, парале­лі з Марчанкам можна знайсці і ў лёсе. Пры тым, што ў 89-м у ім бачылі надзею беларускай літаратуры. 

…ані табе мовы, 

ані табе сцяга… 

памяць пра яцвягаў — 

помста за яцвягаў… 

Выстудзілі хату… 

Памяць адубела… 

бы яцвяг кудлаты — 

шэрая кудзеля. 

Кашляе крывёю 

выстылая хата… 

страшна… за спіною 

здань — яцвяг кудлаты. 

Азірнуся тройчы: вочы… 

літасць просяць. 

Белы ветах ноччу 

зоркі ў небе косіць. 

I галосяць знічкі 

над пустою хатай… 

Ветах — серп крывіцкі… 

…кроў… яцвяг кудлаты. 

Азірнуся: вочы! 

Гэта ж вочы брата! 

…Мала зорак ноччу 

над маёю хатай. 

……………………………….… 

I галосяць знічкі, 

па жывых галосяць, 

гэта люд крывіцкі 

чорны ветах косіць. 

Беларускі Саюз пісьменнікаў паслаў Сыса
ў Маск­ву на ўсесаюзны пісьменніцкі семінар. Ён паехаў ра­зам з землякамі-палешукамі Аляксандрам Лукашу­ком, Алесем Наварычам, Андрэем Феда­рэнкам. Перад імі ўсімі адкрывалася добрая пер­спектыва друкавацца ў рускіх перакладах. Але Анатоль прынцыповы: яго публікацыя ў 1988-м у «Литературной газете» вінна застацца апошняй, ён забараняе перакладаць свае вершы на рускую мову, пакуль беларуская мова не стане сапраўды роўнай сярод моў СССР. 

Да верша. Напрыканцы 80-х на Беларусі пады­мала галаву з’ява, якую пазней грэбліва абазвалі палескім альбо яцвяжскім сепаратызмам, а яе асноўны ру­хавік – Міколу Шэляговіча – агентам Масквы і выціснулі з Беларусі… Менш заўважныя прыхільнікі палеска-яцвяжскай ідэі, кшталту Але­ся Наварыча і Наталкі Бабінай праз гады засна­валі часопіс, дзе друкуюць творы на палескіх гаворках і сведчаць пра тое, што ідэя тамтэйшага самавызначэння жывая і не ад Масквы сыходзіць. 

Тэма яцвягаў у беларускіх колах непапулярная. Адпаведна і просценькі (відавочна песенны) вер­шык пра іх з «Пана Леса» прайшоў малазаўважна. У вер­шы, апроч фальклорных вобразаў – вельмі канкрэтны пасыл: памяць пра яцвягаў адубела – мала зорак над хатай – люд крывіцкі чорны ветах косіць. Як і ў «Абаранках» – помні, чаму вучылі бацькі, падтрымай гаротніка, як і ў «Духу» – слова не прагняві – тут пастка. Вочы яцвяга – вочы брата, і беларусу важна не толькі адчуваць сябе змагаром за сваё вызваленне ад нацыянальнага прыгнёту, але і самому не рабіцца нацыянальным прыгняталь­нікам, зразумець, што ёсць нацыянальныя меншасці, якія належаць толькі Беларусі і за якіх Беларусь мусіць узяць адказнасць. 

У мяне «Памяць пра яцвягаў» адгукаецца ме­на­віта так. Не настойваю, у вас можа адгукацца па-ін­шаму. Ці ўвогуле не адгукацца. 

«На скрыжаванні сцяжын»

Неўзабаве пасля травеньскай (1989 года) рэс­публіканскай нарады «Тутэйшых» Сыс абвясціў, што стаміўся ад іх і бярэ на год адпачынак. «Тутэй­шыя» ж у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 89-м выпусцілі свой зборнік, які склаў Сяргей Дубавец.
Ад Сыса ў зборніку адзін верш – «Нашчадку Ула­дзіміра Караткевіча». 

Незалежна ад «Тутэйшых» у «Мастацкай літа­ратуры» выйшаў калектыўны зборнік сатыры і гума­ру «Асцюкі за каўняром», дзе далі месца даўнім Анатолевым пародыям. Там яны былі змешчаныя пад псеўданімам Толік Ганарар. 

Значная частка накладу зборніка «Агмень» пе­раляжала на складах да распродажу «Пана Лесу» і толькі тады патрапіла ў кнігарні. Чытачы, уража­ныя «Панам Лесам», набывалі «Агмень», часцяком без прагляду… 

За два зборнікі Анатоль атрымаў ганарар, дас­тат­ковы для таго, каб набыць кватэру ў цэнтры Мінска. Ды ахвяраваць сцэнічнымі эфектамі дзеля банальнай бытавухі падалося тады Сысу ганебным. 

26 кастрычніка 1989 года на трыццацігоддзе Ана­толя ў менскім Доме літаратара прайшла ве­чарына паэта, на якой прысутнічала і мама – Марыя Іванаўна. Велічэзную залю народ перапоўніў. Было цесна стаяць, не тое што сядзець… 

На скрыжаванні сцяжын 

воўчых і чалавечых 

крывёй набрыняў бурштын 

і лютасцю Сярэднявечча, 

і смокчуць бурштын смаўжы, 

каўтаюць смаўжоў гадзюкі, 

аб косткі каля сцяжын 

гайвораны гойстраць дзюбкі. 

Адсечаная галава — 

пакоціцца долу поўня, 

ваўкоў прывядзе сава, 

ахрышчаная Ваўкоўняй. 

Насустрач з глухіх сцяжын 

людзей прывядзе паходня: 

драпежных на кроў жанчын, 

на славу мужчын галодных. 

Патушыць паходню жах, 

завыюць ваўкі і людзі, 

і ў іхніх шкляных вачах 

людскога цяпла не будзе — 

на скрыжаванні сцяжын 

воўчых і чалавечых 

крывёй набрыняў бурштын 

і лютасцю Сярэднявечча, 

і смокчуць бурштын смаўжы, 

каб выжыць — гадуюць рогі, 

і косткі, нібы нажы, 

вандроўнікам раняць ногі. 

Ганарар Анатоль траціў па славянскай завя­дзён­цы – у кабаках. Спасцігаў «Мінск злачны» пад апекаю знаўцаў тэмы Уладзіміра Някляева і Аляксея Дударава – тых, якія рэкамендавалі Сыса ў Саюз пісьменнікаў. 

Тых, хто здаўна знаў Сыса непітушчага, такая перамена ў паэце сур’ёзна занепакоіла. Паэт Сяржук Сокалаў-Воюш абвясціў: «Хто з Толікам вып’е, таму ён не падасць рукі. Але многія лічылі выпіўку з Сысам больш важным за Воюша. 

У адрозненне ад Някляева з Дударавым, якія дысцыплінавана аддзялялі работу ад выпіўкі, Ана­толь цяпер стаў піць і на рабоце. З дзясяткамі старых і новых знаёмцаў, з выпадковымі сустрэчнымі…  

Што тычыць верша «На скрыжаванні…», на маю думку, апроч язычніцка-фальклорнай сутнасці, ён яскрава сведчыць пра час, у якім апынулася Бе­ларусь напрыканцы СССР. Былі там падставы для аптымізму, і было прадчуванне чагось сярэд­ня­вечнага, крывава-звярынага («з глухіх сцяжын лю­дзей прывядзе паходня: драпежных на кроў жан­чын, на славу мужчын галодных»). 

Напярэдадні 7 лістапада 1991-га на начной рэпе­тыцыі вайсковага парада па Ленінскім прас­пекце, Сыс, з сябрамі-сабутыльнікамі Алесем Асташонкам ды Міколам Сцепаненкам перагарадзілі сабой прас­пект перад танкавай калонай – пэўная алюзія на падзеі жнівеньскага путчу ў Маскве. 

Камедыя? Пародыя? Перформанс? Прароцтва пра надыход іншых часоў?.. 

Што б ні было там, але вайсковы парад на 7 лістапада ў Мінску ў 1991-м прайшоў апошні раз. 

«Пацір» 

У канцы 1991-га Анатоль апошні раз выйшаў на сваю працу тэхніка БТ. 

Знайшлі пацір, слязамі поўны, 

ніхто не ведае – чыймі. 

Сярэбранае ў срэбным – 

поўню 

пакутнік нейкі расчыніў. 

Ад зла, спакус, грахоў замову 

гугнявіў голас за сцяной… 

Знайшлі на дне паціра слова, 

з малітвы выпала яно. 

КАХАЮ – 

вочы прачыталі, 

КАХАЮ – 

вусны прашапталі, 

КАХАЮ – 

душы прастагналі, 

КАХАЮ – 

людзі закрычалі. 

Каго? 

Паэт сказаў: Айчыну! 

Жаўнер: дзяўчыну! 

Хтось: сябе! 

І сталі дружна, 

шчыра, шчыльна, 

як на касьбе ці на сяўбе. 

А ён канчаўся ў знямозе – 

ніхто яго не пакахаў, 

з паціра выплюхнулі слёзы, 

і налілі праз край віна, 

і сталі дружна, шчыра, шчыльна, 

як на касьбе ці на сяўбе, 

паэт сказаў: п’ем за Айчыну! 

І кожны выпіў – за сябе… 

Чаго ў гэтым вершы, напісаным Анатолем у ся­рэдзіне 80-х болей – надзеі ці безнадзейнасці? Напэўна, залежыць ад таго, з якой інтанацыяй чы­таць… 

Гэты твор часцяком узгадваюць, часцяком цыту­юць, у сувязі з Сысам ці не. Радкі ў ім – нераў­нацэнныя, таму аматары высокай паэзіі звычай­на цытуюць іх з купюрамі. 

Вобразы тут – традыцыйна фальклорныя і тра­дыцыйна сысаўскія. Слёзы, Айчына, вочы, вусны… Пацір – той кубак, з якога вернікі пры­чашчаюцца Крыві Хрыстовай. У Сыса замест кры­ві – слёзы. Прыгожа? Ці падмена? Ці падмена ў самім паціры, дзе кожны застаецца сам па сабе?.. А можа ключавое ў канстатацыі адсутнасці кахання да іншых?.. Што б ні было на самой справе, абмінуць гэты верш, ка­жучы пра творчасць Сыса не атрым­ваецца аніяк… 

Адвечным шляхам 

Улетку 1992-га Анатоля адзінага з неспяваючых беларускіх паэтаў запрасілі выступіць на «Басо­вішчы» – фестывалі беларускай музыкі на Бела­сточчыне. Яго прымалі як жывую легенду, ён сябе так і паводзіў. 

Увосень, на 33-годдзе паэта, экс-кіраўнік «Тутэй­шых», малады дырэктар музея Максіма Багдановіча на Траецкім прадмесці Бяляцкі арга­нізаваў буй­ную паэтычную вечарыну Сыса ў сва­ім музеі. Домлітаратараўскі трыумф-89 амаль паўта­рыўся.  

Афіцыйна Анатоль больш анідзе не працуе. 

Цягам 90-х гадоў з Сысам неаднаразова звяз­валіся прадстаўнікі прыватных выдавецтваў (якіх у тагачаснай Беларусі хапала) з прапано­вамі вы­даць чарговы паэтычны зборнік. Вершы на яго былі, і аўтарская назва зборніка «Яга­мосць» – сакрэт Полішынэля, але Сыс прынцыпова адмаў­ляўся – ён жадаў, каб яго выдала заслужанае дзяржаўнае выдавецтва. 

***

Ахвярую А.Р. 

вырасце трава 

і траву адшукае раса 

вырасцем мы 

і нас адшукаюць слёзы 

цярновыя і палыновыя 

самотныя і радасныя 

цёплыя і сцюдзёныя 

і праз слёзы мы ўбачым свет 

белы і чорны 

зямны і нябесны 

шчаслівы і пякельны 

але вырасце зноўку трава 

і траву адшукае раса 

і вырастуць нашы дзеці 

Вас не інтрыгуе, хто хаваецца за ініцыяламі А.Р.? Алесь Разанаў? А мо Аляксандр Рыгоравіч? 

Апошняе – занадта проста. А тое, што перад ім – ну зусім прароцтва! Усё ж адбылося, разумееце?! І А.Р. вырас, і дзеці ягоныя… А калі б быў Алесь Разанаў – дык нашто яго пазначаць проста ініцыяламі? Пагадзіцеся, ёсць у тым прысвячэнні таямніца. Хоць верш Сыса тут і выглядае падобным на разанаўскі. 

І раса ці раса? Значна пазней беларускі паэт Славамір Адамовіч створыць паэтычны зборнік з той жа дылемай – «Плавільшчыкі расы». У Адамовіча ў адным слове месцяцца абодва паняткі. Колькі паняткаў для расы ў вершы Сыса? Мне здаецца, што ён пагадзіўся бы з абодвума, нават калі пачаткова меў на ўвазе адзін, хай сабе і сялянскі. 

«З чаго пачаць?» 

Мастак Алесь Марачкін падарыў Анатолю вяліз­ную карціну-ікону Божай Маці Чарнобыльскую. 

Чарнобыльская ікона – бадай, самый вядомы і грамадска-значны твор Марачкіна. Штогод на «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка яе нясуць па Мінску разам з Чарнобыльскім звонам і бел-чырвона-белымі сцягамі. Яе спісы занялі трывалае месца ў праваслаўных храмах Беларусі – прычым спісы даволі дакладныя, дзе пры жаданні і ўважлівым аглядзе можна пазнаць за Марыяй з немаўляткам адметнае аблічча Зянона Пазняка… Марачкін, як і многія мастакі, не абмежаваўся адным уласнаручным асобнікам іконы, а стварыў з яго і свой спіс – у крыху іншай колеравай гамме і без Зянона. 

Анатоль, як і належыць, прыняў дар класіка беларускага мастацтва з піетэтам, але маці і сёстрам сказаў, што аднясе ікону ў заспінскую царкву, да якой пара кіламетраў ад роднай гарошкаўскай хаты. 

Імідж заспінскага «бацюшкі» тады быў у многім адмоўным. Пазбаўлены месца служэння ў Гомелі за неадпаведныя паводзіны, ён і ў вёсцы аўтарытэт меў нязначны: казалі, што з царквы за час яго святарства зышло нямала каштоўнага. Карацей, да Анатолевай ідэі з іконай сваякі паставіліся негатыўна: маўляў, можа з заспінскай царквы знікнуць, як і іншыя. 

Зададзім пытанне самім сабе: вось Марачкін нам прэзентуе які са сваіх векапомных твораў метр на два – няўжо ж не патрымаем іх у сваёй хаце ну хаця б некалькі гадоў – перад сябрамі ды сваякамі пахваліцца троху, ды і самі атрымаем эстэтычнае задавальненне, а там мо і ў спадчыну пакінем на свой будучы музей… Хіба не? Але Сыс, як паказалі прайшоўшыя з таго часу дзесяцігоддзі, з іконай паступіў правільна. Маці Чарнобыльскую пэндзэля Марачкіна і дасюль можна пабачыць у Заспе ў царкве на ганаровым месцы. 

— З чаго пачаць?.. 

Пачну з Радзімы. 

Так абавязаны пачаць. 

— Але ў яе ты не адзіны, 

навошта пра любоў крычаць? 

— Няхай, няхай я паўтаруся 

ў любові тысячу разоў, 

затое шчыра ў ёй клянуся, 

без фальшу, без падробных слоў. 

— Што ж, пачынай. Сам выбраў долю… 

й нядоля знойдзецца сама. 

Перад табою поле бою — 

тут не адзін паэт сканаў. 

У патэтыцы верша ёсць простая філасофія: любоў заўсёды самаахвярная. Любоў да радзімы патрабуе больш самаахвярнасці за чалавека настолькі, наколькі радзіма большая за чалавека. І калі мы ведаем, что жыццё, магчыма, давядзецца аддаць за іншага, за сваіх, дык наколькі больш верагоднасць таго, што аддаць жыццё давядзецца за радзіму, у якой такіх сваіх шмат і шмат. 

Крык пра сваю любоў – ад адчування слабасці і недасканаласці, крык тут дапамагае таму, хто крычыць засведчыць свае словы перад іншымі, каб за­тым сорам перад тымі іншымі не дазволіў адсту­піцца… 

«Перад Богам» 

У інтэлігенцкім асяроддзі беларускай літаратуры 90-х гадоў Анатоль Сыс бадай наўмысна імкнуўся падкрэсліць сваю «простасць», што часам выглядала юродствам, а часцей беспардоннасцю і хамствам. Ды падобна Грыгорыю Распуціну ў расейскай «эліце», у эліце беларускіх пісьменнікаў з такімі паводзінамі калегі звыкліся, і калі не ўспрымалі іх прымальнымі, то, прынамсі, такімі, ад якіх падобнага чалавека не адвучыш. 

Я думаў, 

вершы мае відушчыя, 

аж пакуль не аслепнуў сам 

ад маланкі, самім жа пушчанай, 

я гарэў, як бязбожны храм… 

Ідэя-фікс заўжды быць бачным, чутным і дася­гаючым жаданага, у 90-я рэалізоўвалася Сысам бязмерна. Нярэдка даходзіла да боек з нар­маль­нымі хлопцамі, і нярэдка нармальныя хлопцы і Анатоль хадзілі пасля з фінгаламі ды некалькі пашкоджанымі сківіцамі. На шчасце, бойкі не былі занадта жорсткімі – Сыса цанілі, ды і ён быў хутчэй міласцівым, чым бязлітасным. Але аднойчы, ужо ў часы «развітога прэзідэнцтва», Анатоля, пасля таго як ён дзесь за штось уступіўся, моцна збіла міліцыя… 

сам сабе я ў ім здаўся богам, 

адпускаў сам сабе грахі – 

грызла ганак, вяла дарога 

зноў на д’яблавыя кругі… 

Увесну 1995-га перад рэферэндумам па шэрагу антыбеларускіх пытанняў, БТ некалькі разоў пака­зала дакументальны фільм таленавітага прыслугача новага рэжыму Азаронка «Дети лжи». З фільма доб­ра запамінаўся негатыўны вобраз п’я­на-бруталь­нага Сыса: маўляў, вось такую Бела­русь нам жадаюць навязаць бел-чырвона-белыя нацыяналісты. На кан­чатковыя вынікі рэферэндума фільм паўплываў нязначна, але колькасна тое былі, верагодна, дзя­сяткі тысяч людзей, якія адвярнуліся ад нацыяналь­най Беларусі, пабачыўшы агіднага Сыса. Пра тое, што агідна выглядаць – далёка не самае страшнае – ім давядзецца задумацца, бадай, ужо ў наступным тысячагоддзі… 

ад яго я вяртаўся ў поўсці, 

і калі цалаваў свой крыж, 

ён адбіткам жахлівым помсціў, 

бы люстэрка ці д’яблаў віж… 

У тым жа 95-м Сыс надоўга трапіў у гастра­эн­тэралагічнае аддзяленне мінскага шпіталя № 2. Ягоны страўнік, праблемны шчэ ў войску, цяпер цягнуў на інваліднасць. Праз дзесяцігоддзе са страў­нікавым крывацёкам Анатоль і сканае… 

і тагды я складаў малітву, 

можа, у соты свой самасуд, 

той малітвай, нібыта брытвай, 

сашкрабаў у адчаі бруд, 

і ў адчаі я рэзаў вочы, 

і жахаўся крыві сваёй, 

і жагнаўся – набожна, тройчы, – 

і агідны жывёльны лой 

з гострай брытвы маёй малітвы, 

быццам гной, патыхаў маной. 

У сярэдзіне 90-х Сыс, казалі, актыўна карыстаў­ся календаром пісьменніцкіх дат народзінаў, каб завітваць да імяніннікаў на пачастунак. Хтось сустракаў добразычліва, хтось – з жахам, але класіка трэба было трываць… 

Я пакінуў свой храм смярдзючы, 

азірнуўся на купалы, 

а святыя ў маіх анучах 

неслі кроў маю на сталы… 

За сталом уласнай кватэры на вуліцы Крапоткіна, якую атрымаў ад Саюза пісьменнікаў, Сыс узяў завядзёнкай пафасна настаўляць малодшых па ўзросце беларускіх творцаў. У запрашэнні маладога творцы дахаты звычайна прысутнічала пэўная праверка запрошанага «на вашывасць»: яму раптам даводзілася траціцца на незапланаваныя бутэльку і прадукты… Пры тым Анатоль напаўпрыхавана-іранічна прыглядаўся да таго, ЯК запрошаны тра­ціцца: сквапна, злосна, прымусова ці лёгка-беза­лаберна, хай сабе і на апошнія грошы… 

а я голы, як здань, бяскроўны, 

у чыесьці ступаў сляды, 

перад Богам жывёле роўны, 

нёс грахі свае на клады… 

На асобных гасцей «чары» Сыса не ўздзейнічалі. Так маладзенькая Аксана Бязлепкіна, завітаўшы, проста выказала багемнай кампаніі разам з яе «босам» і рытуаламі сваё «фі» і думкі сваёй адносна падобных дзействаў у далейшым не змяніла. Будзь такіх паболей – магчыма, пасядзелкі змяніліся б да лепшага… 

і глыбела за мной сцяжына, 

і ступала ў мае сляды 

маці грэшных усіх – Жанчына – 

з поўнай чарай жывой вады. 

У Мінску тымі жанчынамі, якія апякалі Сыса доўгі час былі Валянціна Якімовіч (да ад’езду ў ЗША) а затым, у пэўнай ступені, Ада Канапелька. У Гарошкаве, куды паэт прагнуў выязджаць хоць на які час – маці і сёстры… 

Асабіста для мяне верш «Перад Богам» – мацнейшы пакаянны пасыл Анатоля Сыса. Ён зусім не толь­кі асабісты – ён пра ўнутраны стан кожнай творчай асобы, якая разумее, што яе «заносіць» і прыходзіць у жах ад усведамлення наяўнасці і колькасці зведзеных сабой на нявартую дарогу іншых. 

Тут у змаганні са сваімі заганамі няма аніякай сістэмы, тут ёсць раптоўныя ўсведамленні і спробы самому сысці ад сабой жа створаных пачварных пабудоваў. І Жанчынай з чарай жывой вады ў той безпрасветнасці можа аказацца не толькі зямная, але і нябесная апякунка, гэта ўжо каму як… 

*** 

Неяк, вяртаючыся ў Мінск з Гародні, Сыс набыў агульны квіток на цягнік да Мінска, але на платформе сустрэў Вячорку. У Вінцука квіток быў на той жа цягнік, у купэ. Сябры 80-х размаўлялі ўсю дарогу ў агульным вагоне, а неўзабаве пасля ў Анатоля атрымалася некалькімесячная штотыднёвая падпрацоўка ў газеце «Звязда», дзе ён дбайна і адказна пісаў тэксты для рубрыкі «Анталогія беларускай паэзіі»: пра Багрыма, Караткевіча, Янішчыц, Дубоўку, Стральцова… Усяго выйшла дванаццаць выпускаў. 

Пасля Сыс сарваўся на некалькі тыдняў, не зра­біў своечасова чарговы тэкст. Падпрацоўка за­кры­лася, Анатоль ізноў абрынуўся ў вір уласнага бязладдзя… 

А як тады шчэ магла падтрымаць яго простая сяброўская ўвага! 

Курапаты

Адпусціце мяне, Курапаты 

нават з куляю ў галаве, 

да дзяцей, да жаны, да хаты. 

Як там бацькаўшчына жыве?  

Як там сад мой? Абрыдлі сосны, 

нават камень не ўлежыць ніц. 

Я вярнуся, такі ўжо лёс мой – 

плакаць жвірам з пустых вачніц. 

Адпусціце мяне дахаты. 

Як жа так – прапусціць сяўбу? 

Я ж да смертухны быў аратым, 

я ж прашуся не на гульбу. 

А ў залог вам пакіну кулю, 

і – дадому, у Журавы! 

Зайду ў двор, абдыму матулю, 

пацалую, нібы жывы. 

Гэты верш, напісаны Анатолем у 1998-м, не ўвайшоў ні ў адну з яго прыжыццёвых кніжак. Пра што ён? Апроч першаснага сэнсу – расповеду расстралянага ў Курапатах? 

Мяркую, тут сведчанне пра беларускі лёс. Кура­паты расстралялі не толькі даваенных ахвяр. Мес­ца вынішчэння народа, дзе не адбылося на­род­нага пакаяння ў злачынствах, кіруе сталіцай, якая нябачна працягвае нішчыць народ. Забіты сталіцай чалавек разумее, што бацькаўшчына жыве неяк па-іншаму, што ён знаходзіцца ў коле смерці. Ён прагне вырвацца, але павязаны ўжо безліччу нябачных дратоў… 

*** 

У другой палове красавіка 1999-га падчас чар­говага «перасячэння», Анатоль прапанаваў заві­таць да яго ў госці з бутэлькай ды дыктафонам. Тое, што мы меркавалі рабіць паралельна з выпіўкай, Сыс назваў «сяброўскай такой размовай». 

Дыктафон з мікракасетай я папрасіў у Слава­міра Адамовіча, які тады падпрацоўваў на «Нашай Ніве», бутэльку набыў у бліжэйшай да Сысавага жытла краме, разам з закуссю. 

Размова атрымалася сапраўды сяброўскай. Анатоль, хоць і рэгулярна казаў «Давай, вып’ем!», але піў пакрыху, зарыентаваны больш на размову. Дыктафон я ўключыў далёка не адразу, а калі ўключыў, то там нас як бы тут жа стала ўтрох: Сыс зрабіў свае інтанацыі выразна-сцэнічнымі, а рухі – амаль тэатральнымі, бы апроч аўдыё, запісвалася і відэа. 

Я задаў колькі пытанняў, якія мяне цікавілі,
Анатоль распавёў тое, што хацеў распавесці па пытаннях і без. 

У мяне быў запланаваны цягнік на Гомель. А шчэ трэба было аддаць у «Нашу Ніву», рэдакцыя якой тады месцілася побач з вакзалам, дыктафон. Анатоль запрашаў заставацца на ноч, але тое мне было ні для чаго – я верыў, што ў Гомелі мяне чакаюць. Сыс узяўся мяне праводзіць. 

Калі Анатоля ўжо не будзе ў жывых, я, слухаючы той запіс 99-га выразна пачую ў запрашэнні мяне заставацца ноткі адчаю: Сыс баяўся самоты. І таму, верагодна, быў навязлівым у пэўны перыяд жыцця. 

Сыс настойліва пра­паноўваў на колькі хвілін заскочыць у рэдакцыю часопіса «Полымя» ля плошчы Перамогі, маўляў, шчэ нармальна паспеем, калі пасля на метро. 

Заскочылі. Сябра Андрэя Федарэнкі на месцыне аказалася. Галоўрэд Сяргей Законнікаў, да якога Сыс упэўнена рушыў у кабінет, раздражнёна амаль выштурхаў Анатоля – маўляў, у мяне там замежны госць. 

З такімі бескантактнымі вынікамі даехалі з Сы­сам да прывакзалля і рушылі ў «Нашу Ніву». Там,
апроч заўсёднага складу, аказаўся і Дубавец. Па­ставіўся да нас падобна як да зубнога болю – выхавана, але без імпэту (што нядзіўна, калі ведаць пра іх ранейшыя з Анатолем сутычкі). Астатнія прысут­ныя праявілі салідарнасць з Дубаўцом, прынамсі, знешне. Пакінуўшы дыктафон для Адамовіча, мы панес­ліся да платформаў. І пабачылі хвост адыхо­дзячага патрэбнага мне цягніка… 

І тут Сыс, самаахвярна, у цесна набітым тады шчэ старым будынку касаў з доўгімі чэргамі да кож­най, неспасцігальнай для мяне моцай пераканання вакольных, дабраўся да аднаго з акенцаў з маім квітком і хуценька давёў касірцы, што квіток трэба замяніць на бліжэйшы цягнік да Гомеля. Блі­жэйшы ішоў неўзабаве, і хоць давялося некалькі даплаціць, але касірка мой ранейшы квіток паспяхова перааформіла… 

Харызма Анатоля шчэ магла змяняць прастору! Той, хто не вырваўся з Курапатаў сам, дапамагаў вырвацца стуль бліжняму… 

*** 

Нумар 6 за 2001 год часопіса «Крыніца», які рэдагавала тады суседка Сыса па дому Ала Канапелька стаў, фактычна, апошнім прыжыццёвым бенефісам паэта. Там былі і вершы Анатоля, і крытыка, і дыфірамбы, і развагі пра яго, і інтэрв’ю ад лютага 2000-га, якое паказвала, што Сыс хутчэй жывы і адэкватны, чым наадварот. 

Ды фактычна літаратурная Беларусь ужо раз­віт­валася са сваім былым кумірам, праважала яго на пенсію ранейшай увагі. 

«Тое, што прарок прыйдзе паэтам, – гэта прыгожая беларуская казка» – падвадзіў вынік разважанням пра Сыса ў тым часопісе Усевалад Гарачка. 

Частка ІІІ. СЫСАЎ ПСАЛТЫР 

Кожная нацыя жыве чаканнем Паэта. Бо ў ім і праз яго яна бачыць самую сябе. Але як толькі ён з’яў­ля­ецца – нацыя жахаецца, бо тое, што яна бачыць у ім і чуе ад яго, страшыць. Яна не хоча даць веры ўласнаму адлюстраванню… 

Леанід Галубовіч 

Самота 

Напрыканцы 37-га года свайго жыцця, пасля мін­скага шпіталя № 2, Анатоль Сыс стаў заўважна і няўхільна здаваць фізічна. Прага ператвараць любое месца прысутнасці ў сцэну для выступаў ужо не давала жаданага эфекту ў Мінску: сталічны нацыянальны бамонд стаміўся ад Сыса і ўсё больш дэманстратыўна цураўся яго. 

Тыя ж, хто перасякаўся з паэтам упершыню, асабліва ў рэгіёнах, амаль нязменна траплялі пад уплыў Анатолевай абаяльнасці і энергетыкі. Паэт цяпер кожны цёплы сезон ірваўся ў Гарошкаў, пераконваючы знаёмых, што даглядае там за маці. Мо ён так і думаў. Сёстры ж ацэньвалі тыя прыезды па-іншаму: апроч маці ім даводзілася клапаціцца і пра Анатоля. 

Суб’ектыўна, паменшала натхнення. Паэт стаў баяцца заставацца адзін – сам-насам з уласным адчаем… 

Маё шчасце недзе заблукала… 

Цяжка ўспомніць – ноч была ці дзень, – 

як мяне самота адшукала, 

падышла, у чало пацалавала. 

Бы жанчыну, 

я абняў свой цень. 

У 2002-м выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла паэтычны зборнік «Сыс». На выданне ахвяравала грошы пераехаўшая да сына ў ЗША вы­кладчыца Акадэміі мастацтваў Валянціна Якімо­віч – самаадданая апякунка Анатоля і ягонай творчасці. Яна зарабіла грошы даглядам за старымі і нямоглымі амерыканкамі ды амерыканцамі. 

Цяжка ўспомніць – ноч была ці дзень, – 

я адчуў самоты асалоду, 

хоць за рэчкай – шчасце, 

я – ля броду… 

Не пайшоў. Спалохаўся за цень. 

Зборнік змяшчаў у сабе вершы з выдадзеных ра­ней кніг Анатоля «Агмень» і «Пан Лес» ды яго ж вершы з сабранай, але так і не выдадзенай асобна кнігі «Ягамосць». 

Рэдактары кнігі «Сыс» чамусь некалькі змянілі паслядоўнасць зборнікаў пад сваёй вокладкай. У вы­ніку першым стаў «Пан Лес». «Агмень» – другім, прычым з яго прыбралі паэму «Агонь-птушка». 

Усё разам пры паралельным чытанні з «Псал­тыром» нечакана стала выглядаць каментарам да яго, беларускім сведчаннем пра нашыя светапогляд, свя­тыні, здані і пачвары. Ад першага верша «Неапаленая купіна», паралельнага з першай псальмай, да апошняга «Пра сына», паралельнага са сто пяцьдзясят першай, якая таксама пра сына. 

«Псалтыр» – гэтай думкі прытрымваецца большасць даследчыкаў – першая беларуская друкава­ная кніга. Выданне Скарыны ад 6 жніўня 1517 года. Па «Псалтыры» дзяцей раней вучылі чытаць. Кавалкі «Псалтыра» прысутнічаюць на ўсіх службах, асобныя псальмы прамаўлюцца ў экстрэмальныя ды адчайныя моманты жыцця. «Псалтыр» чытаюць ля труны памерлага хрысціяніна, калі ён не свяшчэннаслужка. У «Псалтыры» яшчэ няма Хрыста, але ёсць чаканне Богачалавека, прароцтвы пра Яго. 

А самота ў вочы цалавала, 

быццам парушынкі з воч вымала, 

ды глядзець за рэчку не давала. 

Так спазнаў яшчэ адну жанчыну. 

Цяжка ўспомніць – дзень быў 

                                                альбо ноч, 

цяжка, 

бо пазбавіўся я воч. 

Анатоль Сыс свой прароцкі дар збольшага па­траціў на рэчы не самыя важныя. Але засведчыў пра Беларусь – з яе моцнымі бакамі, хібамі, праб­лемамі і забабонамі. 

А сябры, прыгожыя каханкі, 

позіркі – пякучыя маланкі, 

хто з віном, хто з вершамі, 

ішлі, 

ды мяне ранейшым не знайшлі… 

Я хаваў ад іх сляпыя вочы, 

налівалі, і я піў віно, 

сам жа, як злачынца, 

ўсё адно 

я чакаў сваёй самотнай ночы. 

Я змярцвеў, 

хоць чуў вакол прамовы 

пра каханне, адраджэнне, мову, 

тосты за Радзіму… 

Усё адно 

за самоту піў сваё віно. 

Так спазнаў яшчэ адну Радзіму. 

У адрозненне ад трапнай, ды пераважна «чарнуш­най» прозы калегі Анатоля па «Тутэй­шых» Адама Глёбуса, сведчанне Сыса выглядае патэтычна-ра­мантычным. Магчыма іх варта чытаць паралельна. Дарослым і адказным. 

Цяжка ўспомніць — ноч была ці дзень, — 

бо здушыла горла, як камень, 

мне віно, 

і верш мой занямеў. 

Глыбокай восенню 2002-га Анатоль апошні раз завітаў да нас у гомельскую кватэру. У пінжаку і нясвежых трэніках з лампасамі. Выглядаў пад­выпіўшым. Мацярыўся, нягледзячы на малых і шмат­лікія заўвагі. Ды было тое без агрэсіі, як у невыхаванага падлетка… 

Урэшце, я правадзіў яго на чыгуначны вакзал. Гучны Сыс і тут умудрыўся патрапіць у перабрэх з міліцыянтам і яго пацягнулі на тутэйшы апорны пункт. Я стаў даводзіць ментам, што перад імі – вялікі паэт. Мы знайшлі Анатолеву «корачку» Саюза пісьменнікаў. Але ў адрозненне ад савецкіх і апошніх гадоў мінулага тысячагоддзя, гэтая «ксіва» цяпер не спрацавала – міліцыянеры глядзелі на яе абыякава і непрыязна на мяне – непатрэбнага сведку… 

А Анатолю карцела сцэны. Ён стаў голасна і з прывычнымі выразнымі целарухамі чытаць свой верш. Мастацкае беларускае слова ад аўтара не спрацавала. Спрацаваў квіток на цягнік, на які на­дышоў час пасадкі, і я неяк пераканаў супрацоўнікаў у тым, што на цягнік нас варта адпусціць, бо там, у Мінску – чарговы з’езд пісьменнікаў. 

На пероне Анатоль даводзіў, што выйдзе на з’ездзе і скажа: «Галоўнае – што маці жывая!». Я пе­ра­конваў, што не варта блытаць маці са сцэнай, не трэба спакушаць лёс.  

У Анатолевым купэ была дзяўчына студэнцкага ўзросту. Перажываючы, што з такім неспакойным суседам будзе складана, я папрасіў у яе нумар хат­няга тэлефона (мабілкі тады былі рэдкімі і дарагімі), даў свой і папрасіў патэлефанаваць мне па прыездзе ў Мінск. Сказаў, што гэта вялікі паэт. 

Дзяўчыны не былі ўжо для Сыса «яго» публікай. Ён сцішыўся на паліцы купэ, і як мне падалося, іранічна паглядаў на мае клопаты.  

Прыгажуні падстаўлялі вусны, 

я ж у лоб нябожчыц цалаваў, 

мне яны шапталі: «Парню грустно?..» 

«Хлопцу сумна…» — я перакладаў. 

Па тэлефоне спадарожніца Сыса распавяла, што ён праспаў усю дарогу.  

Маці Анатоля памерла амаль адразу пасля з’езда пісьменнікаў. 

Больш мы з ім жывым не бачыліся. Агульны сябра-бізнесовец у сваім офісе абараняў Сыса ад крытыкі і наездаў, карміў, паіў ды слухаў вершы. Але ягоны бізнес імкліва накрываўся. 

А сябры, нібыта на пахмелле, 

пакідалі вершыкі свае, 

і, напэўна, кожны думаў: 

зелле 

ад мае самоты мне дае. 

I тагды 

я ўзняў сляпыя вочы, 

каб яны жахнуліся бяльма, 

беглі ад яго 

                у свет, 

                      упрочкі, 

бо ў вярыгах ісціны няма. 

I тагды 

адбіткі сваіх бельмаў 

я убачыў і на іх вачох. 

«Парням грустно?..» 

«Хлопцам сумна вельмі…» — 

я хацеў сказаць, але не змог, 

бо чакала за спіной самота 

і гарлянку раздзіраў камень 

бы жанчыну, 

я абняў свой цень, 

і прыпаў да зваблівага роту, 

і здушыў сваёй крывёй самоту… 

Знікла ноч. 

Ізноў вярнуўся дзень! 

У 2003-м Сыс шчэ выбухнуў вершам «Пча­ліная матка» 

Начаваў я ў вуллі
пад крылом у пчалінае маткі, 

пчолы казкі гулі,
трутні ноч казыталі мне пяткі, 

а пад раніцу твар
спаласнуўшы пчаліным гавенцам, 

дзе мядовы алтар,
перад маткаю стаў на каленцы, 

каб дазволіла мне
пад крылом да вясны зімаваці. 

Маці ўмёрла ў мяне,
хоць на зімку пабудзь маёй маці.

Верш стаў крыніцай натхнення для мастака Але­ся Квяткоўскага: у яго пачалася і цягнецца дагэтуль «мядовая серыя» карцін… 

*** 

З паэтам Сысам калегі і ў апошнія гады жыцця вазіліся шмат: многія лічылі сябе яго сябрамі, апекунамі, цаніцелямі, вучнямі і паслядоўнікамі. Па факту, многія аказаліся магільшчыкамі: дапамагалі співацца, дэградаваць у паводзінах, губляць ста­сункі. 

Анатоль паміраў у самоце доўга і пакутліва, ад страўнікавага крывацёку пры запаленым у кватэры святле, уключаным тэлевізары і адсутнасці тэле­фона. Паверхам ніжэй жыла сяброўка Ганна Кана­пелька, але да яе трэба было хаця б дапаўзці. Ён здолеў дапаўзці толькі да сваёй вітальні, адчыніць дзверы – ужо не… 

Што тычыцца верша «Самотны». Ён блюзавы і па рытміцы і па настроі. Такі ж блюзавы, да прыкладу, верш «Слёзы» з пачатку «Пана Лес». Анатоль Сыс – сам па сабе блюзавы паэт. Пры яскравай блюзавасці «Самотнага», блюз па тэксце традыцыйна кароткі. Сыс у «Самотным» парушае канон, ператварае плач у працяглую гісторыю з элементамі прытчы. 

Самота – самадхі – стан глыбокай унутранай медытацыі ў духоўных практыках Індыі і Ты­бета. Беларуская самота тэж часам набліжаецца да ўнут­ранай медытацыі, але збольшага сутыкае чалавека не з гармоніяй, а з дысгармоніяй свету. Беларуская самадхі-самота замест унутранага спакою нясе адчуванне нерашучасці перад дзеяннем, пазбаўляе вачэй, пазбаўляе бачання і разумення хаця б розніцы між днём і ноччу. 

Беларуская самота набліжае да смерці, якая праз апеку самоты выглядае прываблівай. «Зачараваныя смерцю» – памятаеце тоўстую кніжку Святланы Алексіевіч? Там пра самагубцаў, ільвіная доля якіх – нашыя землякі. Самагубства прыцягвае беларуса сваёй таямнічасцю, бо беларус, які не адчу­вае і не прагне апекі Бога, непазбежна трапляе пад апе­ку нізкіх духаў. 

Рашэнне праблемы самоты па Сысу – яе ад­маўленне. Пры ўсім індывідуалізме беларуса, самоту варта здушыць, праз боль і пакуты, але пайсці да людзей і тады вернецца дзень! Ды паэт не заклікае так рабіць усіх, ён распавядае пра сваё выйсце, якое ў яго не ад мудрасці – ад адчаю. Сыс як бы канстатуе што ў яго не атрымалася нічога лепшага… 

«Беларусь мая, мая магіла…» 

Самая старэйшая з яго сясцёр – Тамара, лічыць, што Анатоль сканаў 5 траўня 2005, бо неяк тады яскрава і своеасабліва завітаў да яе ў сне, а яна, прач­нуўшыся, зафіксавала час. І праз больш чым дзесяцігоддзе са скону Анатоль час ад часу пра­цягвае завітваць да Тамары ў снах, а яна жыве ў ста­­рым бацькоўскім доме і даглядае за ім – за тым, што паступова ператвараецца ў грамадскі музей Анатоля Сыса з экспанатамі, традыцыйнымі датамі наведвання, прыхільнікамі і легендамі… 

І калі вясёлкай над труной 

вып’е кроў да кроплі з маіх жылаў, 

Беларусь, накрый мяне зямлёй. 

Кватэру адчынілі праз некалькі сутак. Святло гарэла, тэлевізар працаваў… Патолагаанатамы выз­начылі прыблізны час смерці: ноч з 4 на 5 траўня. Афіцыйна прычынай скону запісалі сардэчны пры­с­туп, а датай – 4-га, дзень, калі яго апошні раз бачылі жывым. Праз некалькі гадоў старэйшая за Анатоля на шэсць гадоў сястра Валянціна прадала яго мінскую кватэру на Крапоткіна чужым. 

У мінскім Доме літаратара з Анатолем развіта­ліся 9 траўня 2005 года, калі з медыяў традыцыйна лілося «этат дзень мы прыбліжалі как маглі»… 

З развітальных надрукаваных слоў асабіста мне найбольш адгукнулася някляеўскае. У «вольным перакладзе» ўласнай памяці яго сэнс такі: «нам падавалася, што мы апякаем і ратуем Сыса, насам­рэч жа мы грузілі яго нашымі праблемамі ды комп­лексамі…» 

Наступным ранкам з Мінска ў Гарошкаў на паха­ванне паэта паехалі Акулін, Наварыч, Феда­рэнка. Было шмат землякоў – ад Светлагорска да Веткі з Гомелем уключна. Вясновае надвор’е спрыяла… 

Не, счакай, яшчэ аддам я вочы 

сваёй здані, 

каб мая душа 

не зблудзіла на чужыну ўночы, 

каб між намі не лягла мяжа. 

Ёсць дзіўны феномен: бывае так, што памерлы збірае людзей – спачатку на сваё пахаванне, а пасля на памінкі і даты памяці, і прастора вакол яго робіцца святлейшай, людзі чысцейшымі, а стасункі між імі выпраўляюцца, развязваюцца даўнія непаразуменні.  

Штось падобнае адбылося і з Сысам. Паступова адпала многае другаснае, спраміліся ды выпрасталіся недарэчныя крывуліны-загагуліны. Некалькі разоў на год Анатолеву хату і могілкі наведваюць тыя, каму ён быў дарагі, і хто цэніць яго творчасць. Выдаюцца нанова яго ранейшыя і зноў адкрытыя вершы, успаміны пра яго, паўстаў на магіле густоўны помнік, частка якога таямнічым для прысутных чынам застаеца сухой нават у вільготнае надвор’е. Аўтар помніка – Генэк Лойка, грошы на выраб і ўзвядзенне збіралі талакою і мінскія сябры, і людзі з іншай Беларусі. 

Беларусь мая, мая магіла, 

з бел-чырвона-белага радна 

ці кашулю мне на смерць пашыла? 

Беларусь мая, мая магіла, 

ты ж адна ў мяне, як ёсць адна. 

Галоўнай кнігай Анатоля, мяркую, застаецца «Сыс» – беларускі псалтыр, над некаторымі вершамі з якога мы паразважалі ў гэтай кніжцы. А там шчэ больш за паўтары сотні вершаў, па якіх можна спасцігаць Беларусь і яе месца ды прызначэнне ў свеце. Прарок Анатоль Сыс зрабіў хай і значна менш, чым яму было дадзена звыш, але і за тое будзьма яму ўдзячнымі і, наколькі здольныя, паста­раемся скарыстацца найлепшым чынам тым, што ён пакінуў. 

Песні на вершы Анатоля Сыса працягваюць спя­вацца і стварацца. Хто жадае пазнаёміц­ца з пе­­сен­най спадчынай Сыса – тым раю яго творы з мелё­дыямі і ў выкананні Касі Камоцкай (мусіць, пер­шай, хто песенна данёс вершы Сыса да публі­кі разам з рок-камандай «Новае Неба»), Вальжыны Цярэшчанкі, аўтара гэтай кнігі, Кастуся Герашчанкі, Яна Маўзера… Выканаўцаў і аўтараў мелёдый на Сыса, насамрэч, дзясяткі, я тут рэкамендую тых, хто бліжэй да мяне… 

Што тычыць верша, які аздабляе апошнюю главу нашай кніжкі. Ён патэтычны і просты рыфмамі. І ка­лі чытаю яго, выразна бачу, як – голасна, з паўзамі – яго б чытаў аўтар. І калі вы скажаце, што верш не пра паэзію – я пагаджуся. Ён – пра вернасць. 

Бібліяграфія

Выданні твораў А. Сыса  

Агмень: вершы, паэмы. Мн: выдавецтва ЦК КПБ, 1988. – 48 с. 

Пан Лес: вершы. Мн.: «Мастацкая літаратура», 1989. – 112 с. 

Сыс: вершы. Мн: «Мастацкая літаратура», 2002. – 160 с. 

Лён: выбраныя творы. Мн: «Кнігазбор», 2006. – 436 с. 

Я хацеў вам сказаць…: вершы, паэмы / уклад. В. Шніпа / Мн: «Маст. літаратура», 2008. – 296 с. 

Alaiza: выбранае. Мн., 2009. – 212 с. 

Берагі майго юнацтва: вершы, пародыі. Мн: «Галіяфы», 2016. – 250 с.  

Кнігі пра А. Сыса  

Бязлепкіна А. Разам і паасобку: Таварыства «Тутэйшыя»: Гісторыя, асобы, жанры. Мн: «Беларускі кнігазбор», 2003. – 164 с. 

Штэйнер І. «Свае руны мне не вышыць…»: спадчына Анатоля Сыса. Мн: «Кнігазбор», 2008. — 40 с. 

Ягамосць: вершы-прысьвячэньні Анатолю Сысу / уклад. С. Сыс / Мн.: «Медысонт», 2009. – 80 с. 

Кандрацюк-Свярубская Г. Дзядоўскае турнэ з Анатолем /па мясцінах жыцця і дзейнасці беларускага паэта Анатоля Сыса / Беласток: «Ніва», 2010. – 116 с. 

Галубовіч Л. Як шаравая маланка (Нарыс жыцця і творчасці паэта Анатоля Сыса). Мн.: «Літаратура і мастацтва», 2010. – 176 с.  

Аўтар: Мельнікаў Андрэй,  серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.