Інстытут беларускай гісторыі і культуры

АГІНСКІЯ (100 славутых прозвішчаў Беларусі)

Герб «Агінскі»

Герб «Агінскі»

Агінскія — старажытны магнацкі род герба “Агінец”, прадстаўнікі якога, па сведчанні вучоных-гісторыкаў (А. Мяснікоў) сустракаюцца ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны яшчэ ў 8 стагоддзі. На працягу 16 — 19 стагоддзяў Агінскія адыгрывалі вядучую ролю ў дзяржаўным, эканамічным, палітычным і культурным жыцці некалькіх краін: Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Сярод прадстаўнікоў роду былі: гетман ВКЛ (Міхал Казімір Агінскі), палкоўнік войска ВКЛ (Багдан Мацвеевіч Агінскі), ваявода менскі (Аляксандр Агінскі), ваявода мсціслаўскі (Шыман Кароль Агінскі), гетман польны ВКЛ (Ян Агінскі), канцлер ВКЛ (Марцыян Аляксандр Агінскі), падскарбій надворны ВКЛ (Мікалай Францішак Агінскі), вялікі харужы ВКЛ (Рыгор

Міхал Клеафас Агінскі

Міхал Клеафас Агінскі

Антоній Агінскі), ваявода троцкі і віленскі (Казімір Дамінік Агінскі), пасол у Пецярбургу (Ігнацій Агінскі), стараста Ашмянскі (Андрэй Агінскі).

Самы знакаміты прадстаўнік роду — Міхал Клеафас Агінскі. Дыпламат, палітык, музыкант. Чалавек незвычайнага лёсу і ўнікальнай біяграфіі. З’яўляўся дэпутатам сеймаў, выконваў дыпламатычную місію ў Галандыі і Англіі, праводзіў рэфарматарскую палітыку ў Рэчы Паспалітай, прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (сфарміраваў і фінансаваў батальён стралкоў і камандаваў ім у бітвах). Быў асабіста знаёмы з Напалеонам, з кампазітарамі Гайднам і Моцартам. Неаднаразова сустракаўся з рускім царом Аляксандрам, ад якога атрымаў тытул сенатара. У складаны перыяд жыцця давялося зведаць нялёгкую долю эмігранта, выгнанніка Радзімы. Аўтар шматлікіх музычных твораў. Сярод іх сусветна вядомы паланэз “Развітанне з Радзімай”, які заслужана называюць своеасаблівым неафіцыйным гімнам беларусаў, сапраўдным увасабленнем нацыянальнага духу і менталітэту.

Паходжанне роду і прозвішча. Існуюць дзве версіі паходжання роду Агінскіх.

Міхал Казімер Агінскі

Міхал Казімер Агінскі

Паводле адной версіі (выводзілі самі Агінскія), іх род бярэ свой пачатак ад яшчэ славутых Рурыкавічаў. Апекунамі роду былі святыя Барыс і Глеб.

Паводле другой версіі, род Агінскіх узнік на Смаленшчыне. На той час гэта быў род Глушонкаў, родапачынальнікам з’яўляецца смаленскі князь Іван Васільевіч Глушонак, які ў 1480 годзе перайшоў да вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. Сыны Івана Васільевіча, Дзмітрый і Іван, засталіся ў ВКЛ і заснавалі два роды — Агінскіх і Пузынаў. Дзмітрый атрымаў ад вялікага князя ВКЛ Аляксандра маёнтак Агінты каля невялікага літоўскага гарадка Кайшадорыс паблізу Коўна. Сын Дзмітрыя, Багдан Дзмітрыевіч Глушонак, па сведчанні гісторыкаў, у 1510 годзе атрымаў пацвярджэнне правоў на Агінты. Верагодна, што ён першы і пачаў ужываць прозвішча Агінскі ад назвы маёнтка. У сваю чаргу, паходжанне назвы маёнтка да сённяшняга дня канчаткова не ўстаноўлена. Існуе меркаванне, што найменне маёнтка мае балцкае паходжанне.

Агінскія былі ўладальнікамі шматлікіх маёнткаў ў розных месцах нашай краіны — гэта Маладзечна, Залессе, Бобр, Бялынічы і іншыя. Разам з тым, прозвішча Агінскі на тэрыторыі сучаснай Беларусі сустракаецца рэдка: Пінскі раён (Брэсцкая вобласць), Светлагорскі раён (Гомельская вобласць), Маладзечанскі, Салігорскі, Старадарожскі і Уздзенскі раёны (Мінская вобласць).

Ігар КАПЫЛОЎ,
кандыдат філалагічных навук, вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.

http://www.zviazda.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.