Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Адбыўся арганізацыйны збор заснавальнікаў Менскага гарадскога Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага

У суботу 12 студзеня адбыўся арганізацыйны збор заснавальнікаў Менскага гарадскога Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага. Удзел у зборы прынялі 39 чалавек, з іх 35 – жыхары г. Менска, 4 – жыхары Менскай вобласці. Узрост заснавальнікаў ад 30 да 78 гадоў. Усе яны – прадстаўнікі інтэлігенцыі: прафесійныя гісторыкі, пісьменнікі, інжынеры, журналісты, мастакі, артысты, мастацтвазнаўцы, дызайнеры, а таксама прадпрымальнікі.

Вёў збор рэдактар альманаху “Дзяды” Анатоль Тарас. Ён сказаў, што думка аб такім Таварыстве паўстала яшчэ ўвесну мінулага года. А галоўная ідэя ў дзейнасці Таварыствы складаецца ў тым, каб аб’яднаць гісторыкаў-аматараў і краязнаўцаў нашай краіны. Іх шмат, але яны раз’яднаныя, нічога не ведаюць адзін аб другім, маюць вялікія цяжкасці з публікацыяй вынікаў сваіх даследаванняў. Спачатку трэба утварыць такое аб’яднанне ў Менску, а праз год або два пашырыць яго на ўсю Беларусь.

Былі прынятыя наступныя рашэнні:

1) Заснаваць Менскае гарадское Таварыства аматараў беларускай гісторыі і ў гонар выбітнага дзеяча беларускай культуры першай паловы ХХ стагоддзя назваць яго імем Вацлава Ластоўскага. Гэтае аб’яднанне – непалітычнае і некамерцыйнае. Рашэнне было прынята аднагалосна.

2) Ухваліць праект Статуту Таварыства (далей скарочана ТАБГ) з улікам зробленых паправак і дадаткаў.

3) Абраць кіраўніцтва ТАБГ у наступным складзе:

Старшыня Таварыства – доктар гістарычных навук, прафесар Георгій Штыхаў. Намеснік старшыні – доктар навук па інфармацыйных тэхналогіях, прафесар Анатоль Тарас. Старшыня рэвізійнай камісіі – кандыдат тэхнічных навук Алег Шагулін. Сакратар – кандыдат культуралогіі Ірына Шумская.

Потым пачалося абмеркаванне практычных мерапрыемстваў. Па гэтым пытанні выступілі Анатоль Тарас, Алесь Марачкін, Галіна Гайдук, Віктар Яўмененка, Сяргей Тарасаў, Анатоль Астапенка, Алег Шагулін, Тарас Кучынскі, Зміцер Абразцоў, Святлана Радкевіч, Мечыслаў Бурак, Алег Віцень, Мікола Ліннік, Кастусь Травень.

У выніку спіс запланаваных мерапрыемстваў выглядае так:

(1) Выдаваць кожны год два або тры выпускі “Запісаў таварыства” з мэтай публікацыі вынікаў даследаванняў сяброў ТАБГ. Першы выпуск (200 старонак) ужо выдадзены і ўсе ўдзельнікі збору атрымалі яго. Выданне другога выпуску пазначылі на красавік бягучага года, трэцяга – на восень.

(2) Выдаваць кожны год адзін або два зборнікі артыкулаў сяброў ТАБГ і прафесійных гісторыкаў, прысвечаныя пэўным тэмам. У прыватнасці, удзельнікі збору вырашылі выдаць зборнік, прысвечаны 150-годдзю паўстання 1863 года.

(3) Падрыхтаваць і выдаць каляндар на 2014 год, у якім будуць паказаныя юбілейныя даты гістарычных падзей, а таксама юбілеі выбітных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры.

(4) Практыкаваць кожны месяц сустрэчы кіраўнікоў і прадстаўнікоў ТАБГ з краязнаўцамі і гісторыкамі-аматарамі ў абласных гарадах і раённых цэнтрах краіны. Першыя сустрэчы запланавалі ў Баранавічах, Вілейцы, Кобрыне, Гомелі, Рагачове.

(5) Практыкаваць экскурсіі сяброў ТАБГ па месцах, звязаным з выбітнымі падзеямі і асобамі гісторыі Беларусі. У прыватнасці, вырашылі здзейсніць паездку да месцаў пахавання паўстанцаў 1863 года і ў Германавічы (на Шаркаўшчыне) у музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча.

(6) Праводзіць віктарыны для моладзі на лепшае веданне гісторыі Бацькаўшчыны; заснаваць каштоўныя ўзнагароды для пераможцаў і прызёраў віктарын.

(7) Усталяваць кантакты і супрацоўніцтва з гістарычнымі і краязнаўчымі музеямі ў раённых цэнтрах, у першую чаргу з прыватнымі музеямі і калекцыянерамі-аматарамі гісторыі.

(8) Пачаць стварэнне электроннай базы дадзеных згубленых дакументаў, помнікаў і артэфактаў, звязаных з беларускай гісторыяй.

Фотасправаздача:

Аўтар: аргкамітэт па стварэнню Менскага гарадскога Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.