Інстытут беларускай гісторыі і культуры

Абвастрэнне праблемы культурна-моўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

Lych LieanidПрацягваем публікацыю  дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з  панэлі «Культуралогія» доктара гістарычных навук Леаніда Лыча:

За чвэртку стагоддзяў чалавецтва дасягнула вялікага поспеху ў сваім духоўным развіцці. Гэтаму спрыяла шмат прычын, не выключаючы і тых, што не маюць прамога дачынення да культурнай творчасці народаў. Несумненна, як і ва ўсе гістарычныя перыяды, істотна паўплывала на духоўнае развіццё павышэнне адукацыйнага ўзроўню людзей, бо мала ці зусім непісьменнаму чалавеку часта бываюць недаступнымі для зразумення нават элементарныя каштоўнасці сваёй культуры, не кажучы ужо пра здольнасць задавальняць свае патрэбы духоўнымі каштоўнасцямі іншанацыянальнага паходжання.

У ліку спрыяльных фактараў культурнага росту насельніцтва планеты Зямля, бяспрэчна, вялікае значэнне мае неабмежаваная магчымасць тэрытарыяльнага перамяшчэння духоўных навыкаў, прытым, як правіла, ў чымсьці самых каштоўных, адметных. У найбольшай ступені такой жаданай магчымасцю карыстаюцца жыхары буйных гарадоў. Не пакідаючы роднага дома, яны, дзякуючы гастролям замежных артыстаў, могуць далучыць сябе да культуры любога з кантынентаў зямлі. А яшчэ ў лепшым становішчы знаходзяцца аматары мастацтва з адцягнутымі грашыма кішэнямі, бо маюць рэальную магчымасць наведаць любую краіну і пазнаёміцца з яе культурай, што пакідае намнога большы след, чым штосьці браць пра апошнюю з экранаў тэлебачання ці слухаючы традыцыйнае радыё.

Характэрная апошняму часу пачуваная шматграннасць форм культурнага ўзаемаабмену абавязвае многія народы быць больш пільнымі да захавання самабытнасці, арыгінальнасці свайго духоўнага жыцця. Сказанае ў першую чаргу датычыць тых з іх, што па розных прычынах не вышлі ў лік перадавых у плане культурнага развіцця, маюць глыбокія сляды колішняга не заўжды прагрэсіўнага ўплыву на яго суседніх, а сёння ўжо і аддаленых краін. Негатыўнага ўздзеяння сусветнай глабалізацыі не адчуваюць, ці адчуваюць у бяспечнай ступені, толькі тыя нацыянальныя культуры, якія знаходзяцца пад надзейным пратэктаратам уласнай дзяржавы.

На жаль, у зусім непадобных для абсалютнай бальшыні краін свету ўмовах даводзіцца існаваць нацыянальнай культуры Беларусі. Усталяваная ў ёй улетку 1994 года прэзідэнцкая сістэма кіравання, у апоры на моцна і да таго ж франтальна зрусіфікаваную інтэлігенцыю, у тым ліку мастацкую, распачала і пасёння праводзіць антынацыянальную палітыку ў сферы культуры.

На тэрыторыі Беларусі, як вядома, жыве толькі адзін тытульны народ — беларусы (якія на працягу стагоддзяў мелі розныя саманазвы: русы (русіны), літоўцы, літвіны, беларусцы і нарэшце — беларусы). Паколькі Беларусь ёсць краіна аднанацыянальная — з вялікім наборам розных этнічных груп, паводле ўсіх законаў развіцця чалавецтва дзяржаўнай культурай і дзяржаўнай мовай у ёй павінны быць выключана беларуская культура і мова. Гэта трэба лічыць і шараговым людзям і элітарнай частцы грамадства за аксіёму.

Такім вывераным, праведным шляхам ідуць ўсе аднанацыянальныя краіны пры ўмове, што не знаходзяцца пад каланіяльным прыгнётам, як гэта было характэрна Беларусі пры царскім рэжыме. Ён, як хацеў, так і навязваў тут карэннаму насельніцтву чужую для апошняга рускую культуру і мову, маючы сваёй канчатковай мэтай поўнасцю зрусіфікаваць яго. На гэтым злачынным шляху ўладаў Расійскай імперыі было шмат “дасягненняў”, але да рэвалюцый 1917 года яны так і не здолелі зрабіць рэальнасцю пастаўленую мэту.

Далёка не ўсё з нацыянальнага паспелі адабраць у беларусаў за савецкім часам, калі бальшавіцкая партыя ў інтарэсах так званай “камуністычнай будучыні” не шкадавала сіл, каб усё шматнацыянальнае насельніцтва СССР звесці ў адну гістарычную безэтнічную супольнасць — “савецкі народ”. Але, калі ў беларусаў ад нацыянальнага засталіся бы толькі адны трыбухі, дык нашая краіна ў выніку поўнага краху Гарбачоўскай перабудовы не стала б на шлях суверэннага дзяржаўнага развіцця, а з худой кайстрай за спіной пацягнулася б да Расійскай Федэрацыі. Самая зрусіфікаваная частка беларусаў і гатовая была ісці, задраўшы галаву, на такі бесперспектыўны крок, смяротны для нацыянальнай ідэі.

Захаваны ад двухсотгадовай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі кавалачак беларускасці адыграў у канцы 1990 — першай палове 1994 года, г. зн. да часу з’яўлення прэзідэнцкай формы кіравання, выключна важную ролю ў нацыянальна-культурным развіцці краіны, хаця і адбывалася ўсё гэта не проста ва ўмовах дамінавання рускага пачатку. Па розных чынніках планамернае абмежаванне сферы яго ўплыву рабілася вельмі асцярожна, павольна, што не заўсёды было апраўданым.

Узяць, да прыкладу, праект пераўтварэння двух сталічных універсітэтаў (Беларускага Дзяржаўнага і педагагічнага) цалкам у беларускамоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Кадравая база і ў першай, і ў другой мелася неблагая. Гарэла па-сапраўдным шчырым жаданнем быць актыўным удзельнікам нацыянальна-культурнага Адраджэння студэнцтва гэтых дзвюх самых прэстыжных у краіне ВНУ. Патэнцыял нацыянальна арыентаваных педагогаў і студэнтаў не быў выкарыстаны ўладамі, хаця ў іх распараджэнні мелася нямала часу: пяць бурлівых гадоў.

Куды лепшыя зрухі адраджэнскага характару маглі адбыцца ў прафесійных пластах культуры, калі б кіраўніцтва гэтай сферы не марудзіла з вылучэннем на адказныя пасады адданых беларускай нацыянальнай ідэі асобаў, пастаралася ўзяць на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне шэраг тых аматарскіх калектываў і паасобных творцаў, што ледзь-ледзь зводзілі свае канцы з канцамі за кошт уласнага фінансавання, але працавалі ў беларускім рэчышчы. Людзі нават старэйшых пакаленняў не маглі прыгадаць з свайго досведу, каб так раскошна, на ўсім шырокім абсягу краіны, у гарадах і вёсках віравала нацыянальна культурнае жыццё беларусаў, прыносячы вялікую радасць не толькім ім, але і нацыянальным меншыням краіны. Несумненна, на ўзнёслы настрой людзей станоўча паўплываў факт стварэння даўно зачаканай беларускай незалежнай дзяржавы,. І шкада, што да сярэдзіны 1994 года яе патэнцыял з-за пасіўнасці, а часам і недасведчанасці адказных асобаў толькі ў нязначнай ступені быў выкарыстаны ў інтарэсах нацыянальнай беларускай культуры.

Больш за тое, на шляху яе адраджэння і развіцця нас не абмінулі сур’ёзныя хібы, памылкі. Мы справядліва вінавацім нацыянальную палітыку КПСС за каласальныя страты ў культуры, панесеныя з-за дэфармацыі яе прыроднага, самабытнага патэнцыялу. Разам з тым, у той палітыцы траплялася і штосьці пазітыўнае — напрыклад, беларускі нацыянальны перыядычны друк, асабліва раённы і абласны. Праўда, антыбеларускім сілам ўдалося і на яго старонкі зацягнуць рускае слова. Але яго месца было зусім не такім, якім яно пачало станавіцца пасля таго, як у некаторых палітычных хітруноў з’явілася крайне небяспечная задума дазволіць рэдакцыям беларускамоўнага перыядычнага друку змяшчаць рускамоўныя матэрыялы і наадварот. Роднамоўныя газеты адразу ж запаланілі артыкулы, напісаныя па-руску.

Такі прагрэсіўны для ўсіх народаў зрэз інтэлігенцыі, як журналісты, паказаў сябе ў нашай краіне у нацыянальным плане не на вышыні, бо і на ім моцна адбілася дзяржаўная русіфікатарская палітыка. Стан афіцыйнай раённай і абласной перыёдыкі справядліва хваляваў улады, яны рабілі пэўныя крокі па вяртанні яе ў нацыянальнае рэчышча, і такое, бяспрэчна, стала б рэальнасцю, чаму, аднак, перашкодзілі крутыя перамены ў палітычным кіраўніцтве краіны.

Гэтыя перамены паклалі канец беларускаму нацыянальна-культурнаму Адраджэнню, у якога, нягледзячы на цяжкасці з-за моцнай дэфармацыі прыродных асноў духоўнага жыцця краіны, усё ж была будучыня. Сцвярджаць такое дае падставы істотнае павышэнне сацыяльнай ролі беларускай мовы, прычым і ў такой сферы, як палітычнае кіраванне краінай, не кажучы ўжо пра адукацыю і культуру. Выпакутаваны стагоддзямі ўпартай барацьбы адраджэнскі працэс затармазіўся з лета 1994 г., а неўзабаве пачаў даваць нават задні ход, пра што як след “паклапаціліся” самі сыны і дочкі тытульнага народа краіны, няздольныя быць носьбітамі беларускага нацыянальнага ідэалу, якія дарваліся да стрыжня дзяржаўнай улады.

Выкарыстоўваючы сусветны вопыт дэнацыяналізацыі народаў, палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у першую чаргу вырашыла (і не памылілася) звесці да нуля сацыяльныя функцыі родай мовы свайго тытульнага народа, цалкам перадаўшы іх рускай. Дзеля дасягнутай яшчэ за савецкім часам франтальнай русіфікаціі БССР з гэтым не магло ўзнікнуць сур’ёзных праблем. Пераканаўчы доказ таму майскі 1995 года рэферэндум, які даў права ўладзе надзяліць статусам дзяржаўнай і рускую мову. Што гэта зробіць беларускую мову сацыяльна незапатрабаванай, бесперспектыўнай, ведалі ўсе, аднак ніхто па-сапраўднаму не заступіўся за яе.

Пад надзейнай пратэкцыяй дзяржаўнага чыноўніцкага апарату руская мова неўзабаве не толькі выйшла на свае савецкія рубяжы, але і рушыла значна наперад. Ёй у палон практычна без бою здалася ўся сістэма адукацыі, пачынаючы ад дзіцячых садкоў і канчаючы вышэйшай школай. Гэтая ва ўсіх цывілізаваных краінах свету найгалоўная этнаўтваральная сфера ў нас, як і за савецім часам, пераўтварылася ў душагубку беларускай нацыі. Абсалютная бальшыня моладзі пасля набыцця вышэйшай адукацыі амаль зусім не валодала беларускай мовай, была, як амаль усе службоўцы, зусім абыякавай да яе сіроцкага становішча ў афіцыйным жыцці, у практычнай дзейнасці не толькі прэстыжных, але і шараговых устаноў культуры. Па ступені зрусіфікаванасці яна мала ў чым адставала ад адукацыі.

Арганізацыя працы пераважнай колькасці занятых у сферы культуры людзей на рускай, а не беларускай мове замест карысці прыносіць вялікую шкоду нацыянальнаму інтарэсу краіны. З прычыны моцнай зрусіфікаванасці такой прэстыжнай катэгорыі грамадства, як творчая інтэлігенцыя, яна альбо не ўсведамляе цяжкіх наступстваў катастрофы, навіслай над нацыянальнай культурай, альбо зусім раўнадушная да яе і не лічыць патрэбным унясення нейкіх перамен моўнага парадку. Нехарактэрная для папярэдніх гадоў пасіўнасць абсалютнай бальшыні інтэлігенцыі да ратавання нацыянальнай культуры ад непазбежнай у нашых умовах поўнай дэградацыі, значна ўскладняе праблему захавання этнакультурнай самабытнасці беларускага народа.

Парадокс у тым, што гэта не толькі не турбуе, а, наадварот, цешыць палітычныя вярхі, ідэалагічны апарат Рэспублікі Беларусь, хаця ў арганізацыі і правядзенні сваёй дзейнасці ў культурнай сферы яны павінны ставіць на першае месца нацыянальны фактар, а не якія-небудзь інтэрнацыянальныя, касмапалітычныя катэгорыі.

Нацыянальная культура таго ці іншага народа з’яўляецца такой толькі тады, калі яна ствараецца і развіваецца на яго роднай, уласнай культурнамоўнай аснове. Яе не можа замяніць нішто чужое, якім бы багатым, дасканалым, прывабным яно не было. Нашыя ж не толькі палітыкі і зрослыя з імі ідэолагі, але і значная частка творчай інтэлігенцыі упэўнены, што ў моц асаблівасцяў гістарычнага развіцця беларускага народа сапраўдны росквіт яго нацыянальнай культуры можна забяспечыць толькі праз выкарыстанне рускай культурна-моўнай мадэлі. Гэта шкодная практыка мэтанакіравана праводзіцца ў нас на працягу больш за два стагоддзі, але такога шырокага размаху, як сёння, яшчэ не назіралася.

Прычын тут многа. З іх выдзяляю тры асноўныя:

– Зацікаўленасць дзяржавы ў ліквідацыі культурна-моўных асаблівасцяў беларусаў ад рускіх з мэтай у недалёкай будучыні поўнага растварэння першых у асяроддзі другіх, што павінна спрыяць цеснай палітычнай інтэграцыі дзвюх краін;

– Адсутнасць інтарэсаў у шырокіх колах інтэлігенцыі працаваць на карысць беларускай культуры з-за яе вузкага (ў параўнанні з рускай) дыяпазону, што адмоўна адбіваецца на папулярнасці, на памерах ганарару творцаў;

– Смяротная ступень зрусіфікаванасці беларускага народа, якога амаль зусім, ці вельмі мала, цікавіць нацыянальны аспект культуры, што развязвае рукі дзяржаўнага чыноўніцкага апарату і адарванай ад родных каранёў інтэлігенцыі, каб так маштабна культываваць на нашай зямлі чужыя для яе рускія духоўныя набыткі.

Руйнявальнае ўздзеянне названых трох фактараў на нацыянальную культуру вызначаецца такой велізарнай модай, што не толькі спыніць, але нават хоць трохі аслабіць яго непадуладна нешматлікім апошнім магіканам — носьбітам святога нацыянальнага “Я”.

Дзяржава разам з беззваротна здэнацыяналізаванай інтэлігенцыяй не могуць не нарадавацца, прычым публічна, амаль канчаткова сфармаванай адзінай з Расійскай Федэрацыяй культурна-моўнай прасторай, не жадаючы заўважаць, што яна і па змесце, і па форме ёсць з’ява практычна цалкам рускай. Чагосьці беларускага ў ёй дужа цяжка знайсці. Русіфікатары, прычым сваёй уласнай гадоўлі, здорава разышліся за гады існавання суверэннай Рэспублікі Беларусь! У яе, гаротніцы, няма нават жадання стварыць хоць адну нацыянальную вышэйшую навучальную ўстанову. Вышэйшая і сярэдняя спецыяльная школа, як той немажэрны крэматорый, выпальвае з маладых пакаленняў беларусаў усё дазвання нацыянальнае, альбо выпускае (школа) іх на свет абалваненымі этнічна. Нават у тых, у каго, дзякуючы сямейнаму выхаванню, да вучобы было штосьці з нацыянальнага, паспяшаюць канчаткова развітацца з ім.

Пад уздзеяннем розных фактараў хтосьці з такіх спецыялістаў з гадамі можа і стане інтэлігентам з цвёрдай арыентацыяй на нацыянальна-культурныя стандарты роднай Бацькаўшчыны. Аднак пераважная бальшыня выпуснікоў рускамоўных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў — гэта людзі, страчаныя для яе самабытнага духоўнага жыцця, бо яны сфармаваліся ў якасці носьбітаў чужых для нашай зямлі культурна-моўных пачаткаў.

Усё гэта выдатна разумеюць улады, у тым ліку кіраўнікі сферы адукацыі Беларусі, але нібыта па нейкім сатанінскім загадзе яны працягваюць калечыць навучэнцаў, вытрасаючы з іх нутра ўсё нацыянальна-беларускае, замяняючы яго рускім, за што давядзецца народу вялікім коштам разлічвацца. У самым першым выпадку гэтым коштам стане этнічная смерць беларускай нацыі.

У сусветнай практыцы вельмі багата прыкладаў, калі адарваны ад уласнай культурна-моўнай глебы народ мала альбо зусім няздатны да здзяйснення якіх-небудзь важных стваральных спраў. Ён можа пэўны час існаваць у чужой культуры, але па-сапраўднаму расквітнець у ёй яму ніколі не ўдасца. Чужое культурна-моўнае поле бязлітасна руйнуе менталітэт тых, хто яго (поле) арэ, засявае, збірае ўраджай. Рабскае паразітаванне людзей на чужой культуры робіць іх нацыянальнымі інвалідамі першай групы, непадобнымі саміх на сябе. Ім не дарагая, не мілая свая гісторыя, рэжуць слых не толькі словы, але і гукі роднай мовы. Іх вабіць чужая культура, бо яны сталі яе пасіўнымі ці актыўнымі носьбітамі. Запусціўшы рускую культуру на сваю зямлю, яны не дужа хочуць, каб нейкія дзяржаўныя межы адзялялі яе ад гістарычнай тэрыторыі засваенай імі чужой культуры.

У ваенныя канфлікты паміж Беларуссю і Расіяй я не веру — хопіць ужо раней пралітага імі мора крыві, але калі б не дай бог такое здарылася, сярод рускамоўных беларусаў вельмі мала знайшлося б сапраўдных абаронцаў Айчыны, бо як можна нацэльваць ружжо ў таго, з кім у цябе адна культура, адна мова. Без бою здавайся ў палон духоўна блізкім табе людзям. Зацікаўлена ў гэтым становішчы рэчаў палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі, ці не, мне цяжка сказаць, але пэўная небяспека ёсць і для яго з-за глабальнага размывання нацыянальнай культуры ў выніку магутнага, неўтаймаванага ўздзеяння рускага фактару.

Дзіву даюся, што руйнавальнай ролі такога фактару не бачаць (можа свядома?) прафесійна спрактыкаваныя палітыкі, высокай эрудыцыі інтэлектуалы. Выпадкова сказанае дзесьці ў грамадскім месцы беларускамоўнае слова ўспрымаецца імі як неабвержаны аргумент існавання, неуміручасці мовы карэнных жыхароў краіны. Гэтак жа імі ўспрымаюцца і ацэньваюцца надзвычай рэдкія беларускамоўныя шыльды, транспаранты, назвы ўстаноў і прадпрыемстваў. А усё ж гэта, і падобнае на яго ніколькі не гарантуе бяспекі для мовы, а тым больш для культуры ў цэлым.

Каб беларуская мова не памёрла, каб жыла, трэба каб з ёю не было аніякай іншай мовы: ні рускай, ні польскай, ні нямецкай, ні кітайскай, ці яшчэ якой-небудзь. Веласіпеда тут я не вынаходжу. Падобнага рода моўная практыка існуе ва ўсіх палітычна незалежных унітарных дзяржавах свету, акрамя Рэспублікі Беларусь. Хаця яна і моцна спазнілася з такой разумнай практыкай, недарэчна становішча трэба выпраўляць да таго не марудзячы. Хто з высокіх палітыкаў не здольны на такі нацыянальна апраўданы крок, павінен развітацца са сваім утульным кабінетам, уступіць крэсла таму, хто не жадае заўчаснай этнічнай смерці дзяржаўнага народа, здольны перад ёю ўзвесці надзейную заслону.

Беларусы па праву ганарацца сваім багатым фальклорам. Высока ставяць яго і іншыя народы. Каб ён быў не такім, не выключана, што беларусы ўжо б захлынуліся пад хвалямі паланізацыі, не кажучы пра царскую і савецкую русіфікацыю. А вось паспяхова супрастаяць той русіфікацыі, што сёння праводзіцца чыноўніцкім апаратам, і інтэлігенцыяй самой Рэспублікі Беларусь, фальклор, на вялікую бяду, бездапаможны.

Па-першае, занадта ўжо магутна напорыстыя гэтыя дэструкцыйныя сілы. Па-другое, абсалютная няздольнасць да супраціўлення ім страшэнна зрусіфікаванага народа. Па-трэццяе, істотнае абмежаванне прасторы колькасці людзей, падлеглых нацыяўтваральнаму фальклору.

Пры гэтым не будзем забывацца, што і апошні ў дашчэнту зрусіфікаванай краіне адчувае на сабе асіміляцыйныя працэсы, таму не можа быць бездакорна нацыянальным кампанентам народна-мастацкай творчасці. У тым, што мы сёння называем фальклорам, ужо шмат чаго ёсць арганічна чужога яму рускага, бо сучасныя носьбіты беларускай народна-мастацкай творчасці — гэта пераважна людзі не роднай, а рускай культуры і мовы. Вось штрышок да сказанага: у Смалявіцкім раёне існуе фальклорны ансамбль пад назвай “Калина красная”. Думаю, каментару тут аніякага не трэба. Яго цалкам замяняе само рускамоўнае найменне фальклорнага калектыву.

З прычыны зацяжнога знаходжання нашага народа па-за яго родным беларускім культурна-моўным полем і навязаным выхадам з яго на аналагічнае рускае поле, нам нават з дапамогай Бога не ўдасца захавацца ў сваёй іпастасі. Цвёрда ўпэўнены, што для пераважнай большыні беларусаў яна ўжо беззваротна страчана. Яны без усялякага супраціву выраджаюцца, спакойна развітваюцца са сваёй этнічнай адметнасцю, пераўтвараючыся ў культурна-моўным плане ў рускіх, зліваюцца з імі, чаму не ў апошнюю чаргу спрыяе адсутнасць выразных антрапалагічных адрозненняў паміж гэтымі народамі.

За ўсім гэтым без усялякай трывогі — а мо нават з радасцю — назіраюць улады, апекаваная імі інтэлігенцыя — “краса” беларускай нацыі. Іншым словам, як парадокс, не назавеш такую эйфарыю. Але, відаць, больш дарэчным тут было б ужыць слова “злачынства”. Свае невясёлыя разважанні закончу перафразаваннем добра вядомых многім евангельскіх слоў: “Ойча, не прабачай ім, бо ведаюць, што робяць”.

Наўрад ці хто-небудзь з адукаваных людзей дазволіў бы сабе адмаўляць выключнае багацце рускай культуры. Але калі ў асімілятарскіх мэтах апошнюю гвалтам ці хітрасцю навязваюць іншым народам, ад гэтай злыбеды трэба ратавацца як толькі можаш. Беларускаму народу такое не ўдавалася раней, не ўдаецца і сёння. Гэты працэс так глыбока раз’еў нацыянальны арганізм беларускага народа, што нават амаль зусім перастаў хваляваць людзей, у тым ліку палітыкаў, інтэлектуальную эліту.

Высокія палітыкі, да канца ім адданыя прыслужнікі — з боку ідэолагаў, інтэлігенцыі, каб хоць як-небудзь апраўдаць усе хібы сваёй дзяржаўнай нацыянальна-культурнай палітыкі, са спакойнай душой цвердзяць беларусам, што, маўляў, без старажытнай роднай мовы яны не перастаюць быць самімі сабой, працягваюць заставацца паўнавартасным самабытным народам. Прынцыпова інакш глядзяць на аналагічныя з’явы многія вядомыя інтэлектуалы іншых краін. Паслухаем аднаго з іх, галоўнага рэдактара папулярнага ў Расіі часопіса “Сибирские огни” Уладзіміра Бяразева: “Культура найперш звязана з мовай. Руская мова напоўнена вялікай колькасцю культурніцкіх сэнсаў, а значыць, калі мы яе не захаваем, то праз пару пакаленняў загінем усе”.

Ці мы, беларусы, такія разумнейшыя і дужэйшыя за рускіх, што страціўшы мову, застанемся жыць? Ні ў якім разе! Глядзіце, колькі ў нас сёння безбеларускамоўных мерцвякоў! Слова не могуць вымавіць на роднай мове. Ці ж гэта беларусы? Сурагат, аскабалак ад беларускай нацыі. Ён не жыве, спарахнелы для яе, няздольны працаваць на нацыянальны інтарэс. Таму мы не маем права бяздзейнічаць, з зайздросным спакоем чакаць таго суднага дня, калі ўсе станем гніллю, парэшткамі ад беларускай нацыі. Спадзявацца ні на сучасную дзяржаву, ні на існыя інстытуцыі адраджэнскага характару няма падставаў. Тут патрэбная нейкія новыя сілы, больш эфектыўныя, дзейсныя падыходы, інакш праблема захавання культурна-моўнай бяспекі будзе толькі ўскладняцца.

З так уласцівай ледзь не ўсім беларусам нацыянальнай пасіўнасцю трэба як мага хутчэй канчаць. Да дабра яна ніколі нас не прыводзіла і не прывядзе. Дый перад усім белым светам павінна быць сорамна за такую ляноту, нерашучасць. Не сумняваюся, што сваім самаадданым замаганнем (у што хочацца верыць) з падрыхтаванай нам нашымі ўладамі этнічнай гібеллю, мы здабудзем сабе вялікую павагу ў свеце, станем эталонам змагання для ўсіх моцна закранутых асіміляцыяй народаў планеты Зямля, бо каму ж хочацца быць ахвярай вялікіх ненажэрных культур, што паразітуюць, здабываюць сабе славу за кошт і абрабавання культур іншых народаў, даводзячы іх не толькі да сірочага стану, але і да самога скону.

Палітыку царызму па буйнамаштабным экспарце рускай ультуры ў наш край ніяк нельга апраўдаць. Тым не менш, гэтая шкодная задума шырока і сістэмна практыкавалася не толькі дарэвалюцыйнымі русіфікатарамі, але і савецкімі, галоўным чынам бальшавіцкімі ідэалагічнымі структурамі. Зацятых паслядоўных прыхільнікаў такой крымінальнай палітыкі хапае і ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь. Адсюль зразумела, чаму так востра стаяла і будзе стаяць праблема яе культурна-моўнай бяспекі. Яна была і ёсць таму, што ў дачыненні да Расіі Беларусь з’яўляецца яе культурна-моўным прыдаткам. І як жа недарэчна, прыкра, што палітычнае кіраўніцтва, вышэйшай маркі ідэолагі, бюджэтная частка інтэлігенцыі Беларусі ставіць сабе гэта ў вялікую заслугу. Думаю, час і іх навучыць, бо культурна-моўная залежнасць страшней за палітычную, за эканамічную і за ўсе іншыя.

Падсумоўваючы сказанае вышэй адзначу, што культурна-моўная бяспека Беларусі яшчэ ніколі не была такой слабай як у наш час. І не будзем забывацца, што віной усяму гэтаму не які-небудзь знадворны вораг, а мы самі, найперш улады і залежныя ад іх элітарныя пласты грамадства. Гэта яны віноўнікі таго, што ў культурна-моўным плане Беларусь амаль нічога не адрозніваецца ад Расіі. Нецяжка ўявіць, як рухнула б уся нашая культурна-моўная бяспека, калі б раптам ва ўсходняй суседкі знайшліся сілы і выставілі Беларусі законны рахунак за выкарыстанне ею рускай культуры альбо цалкам забаранілі займацца такой практыкай. Надышоў бы поўны калапс, бо у нас не толькі грамадскае, але і прыватнае жыццё будуецца паводле рускай культурна-моўнай мадэлі.

Каб надалей мець права на яе, Беларусь згадзілася б прыняць любыя прэтэнзіі Расіі аж да поўнай капітуляцыі. Бо гэта зусім не тое, што перакрыць кран газавай трубы, пазбавіцца паставак нафты. На самы крытычны момант у Беларусі ёсць пэўныя запасы і газу, і нафты, якія да таго ж праз некалькі дзён могуць пачаць паступаць з іншых краін. А вось сваёй сапраўднай нацыянальнай культуры і мовы ў Беларусі няма ў паўсядзённым афіцыйным і прыватным ужытках. Катастрофа! Выйсце з яе – добраахвотная здача ў расійскі палон.

Можа ўлады Расійскай Федэрацыі ніколі не забароняць нам “на халяву” карыстацца яе роднай культура і мовай, што якраз і складае стрыжань сучаснай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі, аднак жа кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь ой як варта рабіць усё так, каб яе народ не паразітаваў на чужых духоўных каштоўнасцях, а карыстаўся, развіваў, узбагачаў свае нацыянальныя. Тады нішто не будзе пагражаць культурна-моўнай бяспецы Бацькаўшчыны, толькі тады яе людзі будуць звацца народам, а не бесструктурнай этнічнай гушчай.

Каб Рэспубліцы Беларусь спакойна жыць і квітнець, трэба не збочваць з уласнага беларускага на чужы рускі культурна-моўны грунт. Ад таго, што крывячы душой, чужое назавем сваім, яно не стане такім, і краіна увесь час будзе ў небяспечнасці як аб’ект для палітычнай экспансіі. З гадамі спробы аднаўлення Расіі ў тэрытарыяльных межах савецкага часу толькі ўзрастаюць. І нікому гэта так рэальна не пагражае, як Рэспубліцы Беларусь з яе агульнай з Расіяй культурна-моўнай прасторай.

Іншыя даклады канферэнцыі:

1. Нацыянальная бяспека і канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі

2. Минное поле белорусской истории

3. Нацыянальны пантэон – падмурак гуманітарнай бяспекі

4. Манументальная прапаганда і тапанімічная “рэфармацыя” ў палітыцы і практыцы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва: гісторыя і сучаснаснасць

5. Праблемы сучаснай беларускай гістарыяграфіі на прыкладзе даследавання гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921—1939 гг.)

6. Культурнае праектаванне як элемент нацыянальнай гуманітарнай бяспекі

7. «Бітва за Гродна»

8. Историография национальная и антинациональная

9. Гуманитарная культура как фактор гуманитарной безопасности

10. Болевой порог Культуры

One thought on “Абвастрэнне праблемы культурна-моўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

  1. Obama

    Русины – это украинцы, а беларусы были только литвинами. И остаются ими по сей день.