Інстытут беларускай гісторыі і культуры

99-ыя ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі! Дзень Волі 2017!

Паважаныя сябры, адміністрацыя Інстытута беларускай гісторыі і культуры віншуе Вас з 99-ымі ўгодкамі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.  Ідэалы 25 Сакавіка — Свабодная дзяржава свабодных беларусаў, якія заклалі бацькі нашай дзяржаўнасьці,  і сёньня для нас з’яўляюцца актуальнымі. Таму няхай жыве вольная і незалежная Беларусь!  З Днём Волі 2017!

На здымку: сябры ўрада БНР у 1918 годзе: (злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс (консул БНР у Маскве), Янка Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

На здымку: сябры ўрада БНР у 1918 годзе: (злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс (консул БНР у Маскве), Янка Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

Гістарычныя зьвесткі:

25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы зрабіліся бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня, сталіцай  —  Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12.04.1918). Ад 11 кастрычніка 1918 дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі УНР, Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя, дэ-факта — Нямеччына, Баўгарыя і Турэччына.

Абвяшчэньне БНР было вялікім гістарычным крокам Беларусі да ідэйнага асэнсаваньня сябе як асобнай самастойнай краіны, праяваю волі беларусаў да ўтварэньня незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Сьвяткаваньне:

Упершыню ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні. Пазьней сьвяточныя імпрэзы праводзіліся ў шэрагу беларускіх местаў і мястэчак (Горадня, Ашмяны, Смаргонь і інш.), якія апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Галоўныя ўрачыстасьці звычайна адбываліся ў Вільні.

Па Другой сусьветнай вайне намаганьнямі беларускіх арганізацыяў сэнатары, губэрнатары і мэры шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ЗША неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў адпаведных штатах і гарадох. Праца Сэнату і Кангрэсу ЗША неаднойчы пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім сьвятаром.

З пачатку 1990-х гадоў у Менску і іншых гарадох Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, прысьвечаныя гэтай даце. Адпаведныя масавыя акцыі неаднаразова гвалтоўна перапыняліся міліцыяй, актывісты, што ўдзельнічалі ў іх, арыштоўваліся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *