Інстытут беларускай гісторыі і культуры

8 лістапада 1883 нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі

lastouski-vaclau8 лістапада 1883 нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзяяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня. Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928).

З 1906 года Вацлаў Ластоўскі жыве ў Вільні, дзе становіцца сябрам беларускае Сацыялістычнае Грамады. Пачынае супрацоўнічаць з газетай “Наша Ніва”, а ў 1909 годзе становіцца яе сакратаром. У 1910 выдае кнігу “Кароткая гісторыя Беларусі”, у якой упершыню спрабуе сістэматызаваць гістарычныя веды пра беларускі край.

У 1916-1917 гадох Вацлаў Ластоўскі рэдагаваў у Вільні грамадзка-палітычную і літаратурную газэту нацыянальна-дэмакратычнага кірунку “Гоман”. Ён чынна працаваў у Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе, змагаючыся за нацыянальную самастойнасьць Бацькаўшчыны. Стаў адным з аўтараў “Мэмарандуму прадстаўнікоў Беларусі”, які адстойваў права беларускага народу на нацыянальна-дзяржаўнае разьвіцьцё і які быў прадстаўлены ў 1916 годзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Лазане.

Ластоўскі быў адным з тых палітыкаў, што стаялі ля вытокаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў сьнежні 1919-га ўзначаліў яе Раду міністраў.