Інстытут беларускай гісторыі і культуры

50 фактаў за каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга

Uzbrojenuja silyАрганізатары кампаніі па папулярызацыі нацыянальнай сімволікі Беларусі сабралі 50 фактаў у храналагічнай паслядоўнасці, пачынаючы з XV стагоддзя і да сённяшніх дзён, якія бясспрэчна даказваюць гісторыка-культурную і нацыянальную вартасць бел-чырвона-белага сцяга для Рэспублікі Беларусь.

Гэтыя факты сталі асноваю і зместам абгрунтавання, якое было падрыхтавана актывістамі кампаніі разам з гісторыкамі і навукоўцамі для Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і накіравана туды разам са зваротам дадаць бел-чырвона-белы сцяг у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

1. 1410 год. Беларускія даследчыкі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў звесткі пра татарскую конніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасці бел-чырвона-белага палотнішча да выбітнага вялікага князя дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сцяг беларусаў [1*].

2. 1444 год. Чырвоны крыж на белым палотнішчы — баявы сцяг войска ВКЛ у XV стагоддзі. Паводле гравюры «Бітва пад Варнай» з хронікі Марціна Бельскага [2*] [3*].

Bitva pad varnai 1444

Гравюра «Бітва пад Варнай», 1444 год

3. Каля 1520 года [4*]. Створана вялікае палатно «Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.» [5*]. Яго аўтар, мяркуюць гісторыкі, быў удзельнікам бітвы, а захоўваецца яно ў варшаўскім Нацыянальным музеі. На карціне з фатаграфічнай дасканаласцю ўзноўленыя дэталі перамогі над утрая большым маскоўскім войскам.

Orsha 1514

Карціна «Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.», 1520 год

Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сцягам Святога Юрыя — чырвоны крыж на белым палотнішчы, які, хутчэй за ўсё, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сцяга [6*].

Sciah sviatoha Juryja

Сцяг Святога Юрыя

4. XVI стагоддзе. У Вялікім Княстве Літоўскім вялікае пашырэнне атрымаў шляхецкі герб «Котвіч»: «у срэбным полі чырвоны пас» [7*] — выява бел-чырвона-белага сцяга [8*].

Szliahiecki herb  Kotvich

5. 1605 год. Пасля Люблінскай уніі 1569 года рабіліся спробы стварыць аб’яднаны сцяг для Рэчы Паспалітай — аб’яднаных Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III Ваза пачаў выкарыстоўваць трохпалосны чырвона-бела-чырвоны сцяг, а крыху пазней з’явіўся бел-чырвона-бела-чырвоны сцяг [9*].

6. 1630 год. Ёсць згадкі пра бел-чырвона-белыя сцягі [8*] на карціне Пітэра Снаерса прысвечанай бітве 1605 года пад Кірхгольмам [10*].

Kirholm_1605

Карціна Пітэра Снаерса прысвечаная бітве 1605-га года пад Кірхгольмам, 1630 год

7. XVI—XVIII стагоддзі. Беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай харугвай бел-чырвона-белага колеру з выявай па цэнтры паўмесяца і зоркі [9*].

8. 1776—1783 гады. Ротны сцяг беларускай гусарскай харугвы [11*].

Litouski_Belarusian_military_divisions

9. 1781 год. Герб Віцебску [12*] [13*].

Viciebsk-Pahonia_1781

10. 1812 год. У Дзяржаўным музеі Літвы ў Вільні захоўваецца значок 19-га палка ўланаў: Ашмянскі, Троцкі, Ковенскі, Гарадзенскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Ваўкавыскі паветы [14*].

Litouski_Bielaruski_ulanski_polk

11. 1824—1825 гады. Галаўны ўбор палкоўніка Беларускага гусарскага палка [11*].

Uniform_of_Belarusian

12. 1824—1825 гады. Ківер ніжніх чыноў Гарадзенскага лейб-гвардыі гусарскага палка [11*].

Uniform_of_Belarusian2

13. 1840 год. Герб Віцебскай губерні (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расійскай імперыі) [15*].

Viciebsk-Pahonia_1840

14. 1850 год. Малюнак герба Лепеля (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расійскай імперыі) [15*].

Lepiel-Pahonia_1850

15. 1863 год. У час паўстання 1863—1864 гадоў, калі Кастусь Каліноўскі вярнуўся да герба «Пагоня», ёсць падставы меркаваць, што ён адрадзіў да жыцця і бел-чырвона-белы сцяг [9*]: у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музеі захоўваецца трыкутны сцяжок тых часоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праведзена чырвоная паласа [11*].

16. 1872 год. Бел-чырвона-белыя сцягі на карціне Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам» [16*].

Jan_Matejko-Batory_pod_Pskowem

Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам»

17. 1909—1912 гады. Бел-чырвона-белымі лентамі карыстаюцца сябры гурткоў дэмакратычнага беларускага студэнцтва ў Санкт-Пецярбургу (з успамінаў Я. Ф. Сушынскага[1*].

18. 1916 год. Сцяг з бел-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі [1*].

19. Люты 1917 год. Паводле шматлікіх сведчанняў, праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга распрацаваў беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі не пазней за 1917 год [17*] [18*].

Спробу гістарычнай рэканструкцыі працэсу стварэння сцяга Дуж-Душэўскім зрабіў блогер Skepsus [19*]:

Лютаўскім вечарам 1917-га Клаўдзій, перабіраючы старыя кнігі, намагаўся ў бясконцых спробах вынайсці нацыянальны сцяг, які павінен быў стаць сімвалам адроджанай Беларусі. З колерамі ўсё было зразумела (белы і чырвоны), але праблемаю заставаўся малюнак.

Пошукам вырашэння задачы перашкаджала дыскусія, якую ў суседнім пакоі вялі сябры па руху абуджэння.

Раптам адзін з іх з крыкам «Дзе два беларусы, там тры партыі» выскачыў з памяшкання як ашпараны. Гэта стала тым штуршком, які прывёў Клаўдзія да адкрыцця: дзве белыя паласы на трохпалосным сцягу.

Ранкам бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як прыгожы, лаканічны і адпавядаючы законам геральдыкі. Аб сапраўднай тэарытычнай падаплёцы Дуж-Душэўскі разважліва змаўчаў.

Klaudzij_Duzh_Dusheuski_sniezhan_1919

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева), снежань 1919 года

20. 10-13 сакавіка 1917 года. Бел-чырвона-белы сцяг стаў галоўным элементам падчас свята «Дзень беларускага значка» [1*], калі бел-чырвона-белыя значкі, кукарды і сцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Мінску. Сцягі, пашытыя паводле эскіза Клаўдзія Дуж-Душэўскага былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі [18*].

21. 5 жніўня 1917 года. На 1-й сесіі Беларускай цэнтральнай рады было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення [20*].

22. Снежань 1917 года. У Мінску пад бел-чырвона-белымі сцягамі распачаў сваю працу Першы Усебеларускі кангрэс [1*].

Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава:

«Адкрыццё Першага Усебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзвярах будынка стаяла варта Першага Мінскага беларускага палка, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сцягамі і гербам Пагоня» [21*].

Цэлы пакет старых папераў, датаваных пачаткам ХХ стагоддзя, удалося ўратаваць падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў 2013-м годзе. Сярод унікальных знаходак — выява бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасавання дэлегаты Першага Усебеларускага кангрэсу ў снежні 1917-га [22*].

Volnaja Bielarus

Выява бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне. 1917 год

23. 25-27 студзеня 1918 года. Бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся падчас Беларускай нацыянальнай канферэнцыі [23*].

24. 19 лютага 1918 года. Упершыню беларускі сцяг узняўся над будынкам губернатарскага палаца ў Мінску пасля выгнання бальшавікоў [24*].

Sciah_BNR_u_Miensku

25. 5 жніўня 1918 года. З’яўляецца дакумент, якім Сакратарыят БНР зацвярджае бел-чырвона-белы сцяг [1*].

Shylda_vaiskova_dyplamatycznaja_misii_BNR_u_Latvii_i_Estonii

Шыльда вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі

26. 11 жніўня 1918 года. У газеце «Вольная Беларусь» з’яўляецца першае апісанне сцяга. У артыкуле Вацлава Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму Беларусу» ў раздзеле VII «Сімвалы Беларусі» ён піша:

«Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-чырвоны. 3 гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак — белай, чырвонай і зноў белай» [1*].

27. 1918 год. Друкуюцца паштоўкі з дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі [25*].

Postcard_of_BNR

Паштоўка часоў БНР, 1918 год

28. 1919-1925 гады. У снежні 1918 года ў Мінск ізноў вярнулася савецкая ўлада, а ўрад БНР перабраўся ў 1919 годзе ў Вільню, дзе і працягваў функцыянаваць да 1925 года [1*]. Сцяг Рады БНР 1920-1925 гадоў уяўляў сабой бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг, дапоўнены дзвюма вузкімі, верагодна чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры [30].

Zhalobny biel-chyrvona-biely sciah

Жалобны бел-чырвона-белы сцяг

У архіве А. Басава захаваўся чорна-белы фотаздымак тых гадоў [23*]. Эміграцыя, нават калі ў дадзеным выпадку і адносная (няма дзяржавы, але ў раёне Вільні пражывала вельмі шмат беларусаў),— гэта заўсёды трагедыя для тых, хто любіць сваю Радзіму, і знак жалобы з’яўляецца такім натуральным у гэтай сітуацыі [1*].

Bielaruskaja_kanfierencyja_1918

Беларуская эміграцыя ў Вільні

 

29. 1920 год. Бел-чырвона-белым сцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і вайсковыя фарміраванні Булак-Балаховіча [1*].

30. 1920 год. Сцяг Беларускага адмысловага батальёна ў складзе войска Літвы (1920). Пасля далучэння Літвы да СССР сцяг канфіскаваў Народны камісарыят унутраных спраў [26*].

Sciah_Bielaruskaha_admyslovaha_bataliona

31. 1920-1922 гады. Факт існавання беларускага бел-чырвона-белага сцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны сцяг на ролю дзяржаўнага сцяга незалежнай Латвіі [1*].

32. 1926 год. У перыяд з 1924 па 1927 год БССР фактычна не мела свайго дзяржаўнага сцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канферэнцыі па рэформе беларускай мовы 1926 года, памяшканне будынка ў Мінску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца з пяццю бел-чырвона-белымі прамянямі [1*].

33. 1927 год. Бел-чырвона-белы сцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі. На здымку з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Вільні [27*].

Zjezd BHD_u_Vilni_1927

З’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Вільні, 1927 год

34. 1927-1930 гады. Выкарыстоўваўся сцяг і непалітычнымі арганізацыямі, такімі як, напрыклад, Таварыства беларускай школы [27*]. На фотаздымках гурткі ТБШ у Гродне і Міры.

Siabry_Garadzienskaha_gurtka_TBSH_1927

Сябры Гарадзенскага гуртка ТБШ, 1927 год

Gurtok_TBSH_u_Miry_1930

Гурток Таварыства беларускай школы ў Міры, 1930 год

35. 1927 год. Абмяркоўваецца праект герба БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бел-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцый, аднак Прэзідыўм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай [28*].

36. 1932 год. Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходства, які з’явіўся, імаверна, у 1932 годзе, уяўляў сабою трыкутнае палотнішча з чырвоным ромбам, астатнія часткі палотнішча былі белымі. У наступныя гады назва параходства змянілася на Верхне-Дняпроўскае, а затым на Беларускае рачное [29*].

Sciah sviatoha Juryja

Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходства, 1932 год

37. 31 жніўня 1934 года. Пра ўласнае аўтарства беларускага нацыянальнага сцяга ва ўспамінах піша Клаўдзій Дуж-Душэўскі (пераклад з літоўскай) [18*]:

«Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам такі ж сцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сцяга тады яшчэ не было і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая палосы. З гэтага часу гэты сцяг і з’яўляецца беларускім нацыянальным сцягам». 

Klaudzij_Duzh_Dusheuski_uspamin

Успаміны Клаўдзія Дуж-Душэўскі (пераклад з літоўскай), 1934 год

38. 1941-1944 гады. У Другую сусветную вайну бел-чырвона-белы сцяг разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнуў да ўжытку калабарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада) [30*] [31*].

Teatr_Janki_Kupaly_1943

Мінскі гарадскі тэатр, 1943 год

Як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14 чэрвеня 1944), гэтае выкарыстанне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі.

biel-chyrvona-biely sciah_u_2_susvietnuju_vainu

У Мінску пад час Другой сусветнай вайны

Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельма Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам побач з нямецкай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці» апынулася, паводле вынікаў пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі [30*].

Сёння праціўнікі бел-чырвона-белага сцяга часта ўжываюць гэты факт для дыскрэдытацыі сваіх апанентаў, абвінавачваючы іх у фашызме. Пры гэтым звычайна замоўчваецца, што аналагічным чынам нямецкія вайсковыя фармаванні выкарыстоўвалі цяперашнія сцягі Бельгіі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Нідэрландаў, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі і некаторых інш. краінаў Еўропы і Азіі.

39. Чэрвень 1944 года. Парад Беларускай краёвай абароны ў Мінску ля цяперашняга Дому ўраду [32*] [33*].

Bielarus_Minsk-1944

40. 27 чэрвеня 1944 года. Адбыўся Другі Усебеларускі Кангрэс. Уражанні Яўхіма Кіпеля з кнігі «Эпізоды» [34*]:

«Дзень 27 чэрвеня 1944 года ўспамінаецца мне ўрачыстым, па-сапраўднаму святочным: у Мінску пачалі хадзіць трамваі, упрыгожаныя нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, на вуліцах шмат руху, усюды ва ўстановах людзі з правінцыі, багата моладзі — бальшыня ва ўніформах СБМ».

Другі Усебеларускі Кангрэс праходзіў у Мінскім гарадскім тэатры. Уваход быў упрыгожаны «Пагоняй» і бел-чырвона-белымі сцягамі, а будынак ахоўвалі ад магчымых правакацый — як з боку немцаў, так і з боку савецкіх падпольшчыкаў-тэрарыстаў — жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны [34*].

Druhi_Usiebielaruski_Kangres_1944

Другі Усебеларускі Кангрэс у Мінскім гарадскім тэатры, 1944 год

41. 50-80-я гады XX стагоддзя. У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою [35*].

Bielaruskaje svitkavannie u Taronta 1971

Беларускае святкаванне ў Таронта,1971 год

42. 24 жніўня 1991 года. Дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет БССР [38*].

Siamdzianava_niesla_sciah_u_VS

Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет БССР, 1991 год

На наступны дзень, 25 жніўня, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце [39*], якая была прынятая 27 ліпеня 1990-га года Вярхоўным Саветам БССР, быў нададзены статус канстытуцыйнага закона [38*].

43. 19 верасня 1991 года. Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назве нашай краіны [38*]. У адпаведнасці з гэтымі законамі краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь і была ўведзеная новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» [40*].

Dziarzhauny_sciag_Bielarusi_1991

Вытрымка з закона «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь», 1991 год

44. Верасень 1991 года. Адразу пасля прыняцця закона «Аб дзяржаўных сімвалах» на Доме ўраду з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг, які загадзя прынеслі дэпутаты з БНФ [38*] [41*].

biel-chyrvona-biely sciah_na_domie_urada

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» на Доме ўраду, 1991 год

45. 4 кастрычніка 1991 года. Была сфарміраваная спецыяльная Камісія пры Прэзідыўме Вярхоўнага Савета для распрацоўкі і зацвярджэння дзяржаўнай сімволікі, атрыбутыкі і адпаведных дакументаў да іх. У яе ўваходзіла больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнеры, мастацтвазнаўцы. Узначаліў Камісію дэпутат Алег Трусаў [36*].

У мастацкую групу ўвайшлі Яўген КулікМікола КупаваЛявон БартлаўЛеў Талбузін і Уладзімір Крукоўскі. Праца працягвалася амаль тры месяцы. У працы над эталонамі, маторам усёй акцыі быў мастак Яўген Кулік [37*]. Над гербам найбольш давялося працаваць Куліку і Крукоўскаму. Талбузін займаўся навершам сцяга, а потым, калі былі гатовы графічны і каляровы эталоны, пачаў ляпіць рэльеф (аб’ёмны эталон). Купава рабіў узоры дзяржаўных пячатак, Крукоўскаму давялося яшчэ зрабіць новы нагрудны знак дэпутата  [36*].

46. 1993 год. Выйшла кніга Вінцука Вячоркі з ілюстрацыямі Пятра Драчова для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Пра герб і сцяг». Кніга разышлася накладам больш за сто тысячаў. З таго часу не перавыдавалася [3*].

Pra_herb_i_sciaH

Вокладка кнігі «Пра герб і сцяг», 1993 год

47. 20 ліпеня 1994 года. Пад бел-чырвона-белым сцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі [43*].

Piershaja_inaguracyja_Lukashenki_1994

48. 27 ліпеня 1994 года. Адзначаецца Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Піша Юры Малярэўскі [42*]:

«Дзень незалежнасці 27 ліпеня 1994 года быў адметны ад папярэдніх тым, што адчувалася сапраўднае свята. У кожнага яно было сваё, але было і нешта агульнае, што ў той дзень яднала ўсіх. Таму ў святочных калонах ішлі такія розныя і да болю знаёмыя людзі, адчуваўшыя сябе грамадзянамі адной дзяржавы.

Паглядзіце на здымкі: тры бабулі, пагодкі Кастрычніка 17-га, святое духавенства, якое, як і належыць, было ў той дзень поруч са сваімі вернікамі (хоць і не зусім поруч, але ж непадалёку), шчаслівы Зянон Пазняк, разважлівы, задуменны Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін…

Эх, як бы хацелася, каб тое хлапчанё, што ўмасцілася на бацькавым карку з бел-чырвона-белым сцяжком, за які яшчэ не вельмі даўно нам давалі (і зараз зноўку даюць) паспытаць “гумы з чаромхай”, пачувала сябе беларусам, годным чалавекам ды сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Каб і праз сто, і праз дзвесце гадоў, і праз цэлую вечнасць нашчадкі годна адзначалі светлае свята — Дзень незалежнасці (але не ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў!), прамаўляючы вечныя словы: Жыве Беларусь!».

Dzen_Niezaliezhnasci_27_lipienia_1994

Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Фота Юрыя Малярэўскага. 1994 год

49. 31 траўня 2013 года. Выйшла музычная складанка «Сімвалы веры і свабоды», якая прысвечаная бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» [44*] [45*].

Vokladka z dyska

Вокладка складанкі «Сімвалы веры і свабоды». 2013 год

50. Кастрычнік 2013 года. Алег Трусаў і Аляўціна Вячорка перадалі ў рэдакцыю «Арт Сядзібы» арыгіналы негатываў, першыя фотаздымкі і дакументы, з якіх у 1991-м годзе друкаваліся і тыражыраваліся дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь, а таксама першыя акты аб прыняцці сцяга і герба [46*].

artsiadziba_symbali

Фотаздымкі макетаў, з якіх друкавалася дзяржаўная сімволіка, 1991 год

hr-p

Выкарыстаная літаратура, спасылкі і крыніцы інфармацыі

[1*] Басаў А. Н., Куркоў І. М. «Флагі Беларусі ўчора і сёння» / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994.
[2*] Ул. Арлоў, Зм. Герасімовіч «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», 2012.
[3*] Вінцук Вячорка «Пра герб і сцяг». — Мн.: Беларусь, 1993.
[4*] А. Грыцкевіч «Аршанская бітва 1514 года і яе ўдзельнікі» // Газета “Наша Слова” №33 (719) ад 31 жніўня 2005 г., №34 (720) ад 07 верасня 2005 г.
[5*] Батальная карціна «Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.», знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
[6*] Михаил Ткачев «Национальные символы: народ и история», 1989.
[7*] Котвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 244.
[8*] Уладзімір Давыдоўскі «Сімвалы Беларусі» // «Абажур» №3 (78), 2009. С. 38.
[9*] М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 393.
[10*] Карціна Пітэра Снаерса «Бітва пад Кірхгольмам», 1630.
[11*] Цітоў А. «Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі». — Мн.: Полымя, 1993.
[12*] А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий «Художественная культура Витебска с древности до 1917 года». — Мн.: БелЭн, 2001.
[13*] О. Рево «Гербы городов Полоцкой и Витебской губерний Российской империи» // «Наука и Жизнь» №7, 1998.
[14*] Віктар Хурсік «Яны адступалі да Парыжу…» // «Дзеяслоў» №5, 2003.
[15*] Цітоў А.К. «Геральдыка Беларусі». — Мн.: МФЦП, 2010.
[16*] Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам», 1872.
[17*] Сяргей Харэўскі «Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сцяг» // «Наша Ніва» № 6, 1998. С. 15.
[18*] Васіль Герасімчык «Клаўдыюш Дуж-Душэўскі – аўтар бел-чырвона-белага сцяга», 2013.
[19*] Skepsus «Из истории нашего флага». (Попытка исторической реконструкции)», 2011.
[20*] Ф. Турук «Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов». — Москва: Государственное издательство, 1921; Мн.: Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. С. 95.
[21*] История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н.Кузнецов, В.Г.Мазец. – Мн., 2000. – С. 252-259
[22*] Ігар Карней «Унікальныя знаходкі, датычныя абвяшчэньня БНР», 2013.
[23*] Андрэй Мяцельскі «Сцяг Волі», 2013.
[24*] А. Латышонак «Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі» // Жаўнеры БНР. — Беласток-Вільня, 2009.
[25*] Паштоўка часоў БНР, 1918.
[26*] А. Н. Басов «Флаги БНР», 2003.
[27*] Андрэй Вашкевіч «Нашы сцягі над Заходняй // Arche, №4 (55) — 2007.
[28*] Насевіч В. Л. Гэты сцяг пачынаўся так… // «Чырвоная Змена» № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
[29*] Л.Н.Токарь «Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходства».
[30*] Цітоў А. К. «Сфрагістыка і геральдыка Беларусі». — Мн.: РІВШ БДУ, 1999.
[31*] Менск — гісторыя па фотаздымках «Вул. Энгельса – дом №7 – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы».
[32*] Беларускі калабарацыянізм у Другой сусветнай вайне.
[33*] «Белорусские коллаборационистские формирования в эмиграции (1944—1945): Организация и боевое применение» // Романько О. В. Коричневые тени в Польсье. Белоруссия 1941—1945. М.: Вече, 2008.
[34*] Алег Гардзіенка «60 гадоў 2-му Усебеларускаму кангрэсу: 1944-2004».
[35*] Наталля Гардзіенка «Беларуская Канада», 2011.
[36*] Валянціна Трыгубовіч «Сцяг і герб» // часопіс «Мастацтва» №8, 1992.
[37*] Іна Студзінская «Мастак, які ў душы нёс сьцяг Беларушчыны», 2012.
[38*] Сяргей Навумчык «Дзевяноста першы». (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013.
[39*] Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 27 ліпеня 1990.
[40*] Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь / Склад.: А. Трусаў, І. Лазавікоў. – 2-е выд., дап. – Мн.: Беларусь, 1994. – С. 15.
[41*] Віталь Малькевіч «Зянон Пазьняк: Калі бел-чырвона-белы сцяг быў прыняты, я страціў прытомнасць», 2007.
[42*] Юры Малярэўскі «Дзень Незалежнасці 1994 г. Старонкі нашай гісторыі».
[43*] Відэазапіс «Першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі», 1994.
[44*] Складанка «Сімвалы веры і свабоды», 2013.
[45*] Анатоль Мяльгуй «Сімвалы веры і свабоды — толькі пачатак», 2013.
[46*] Павел Белавус «Знойдзены негатывы, з якіх друкавалася дзяржсімволіка ў 1991-м», 2013.

Аўтар: Павел Белавус, http://artsiadziba.by

3 thoughts on “50 фактаў за каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга

  1. Volk_liut

    А разве эти 50 “за” услышит пророссийская власть, которая убрала их в 1995году?!

  2. Djecerson

    Когда уберут эту пророссийскую власть хватит и одного за.