Як паведамлялася раней, Інстытут беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК) суместна з выдавецтвам “Харвест” падрыхтаваў і выдаў чарговыя чатыры брашуры з кніжнай серыі “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры.
Нагадаем, што мэта дадзенай серыі не ў тым, каб даваць падрабязныя біяграфіі, а выяўляць тое, што занеслі ў скарбніцу беларускай культуры дзеячы айчыннай культуры, літаратуры, мастацтва XIX – XX cтагоддзяў, апавядаць аб іх “знакавых” здзяйсненнях. У першую чаргу брашуры прысвечаныя тым, хто працаваў на Беларусі праз усё жыццё або значную частку жыцця. Эмігранты – як выключэнне.
Анатацыі
НАПАЛЕОН ОРДА: Выдатны беларускі музыка і мастак. Аўтар Вітаўт Чаропка
Напалеон Орда (1807—1883) – беларускі піяніст, кампазітар і мастак. У яго віртуозных музычных творах гучаць беларускія матывы. Н. Орда зрабіў шмат малюнкаў мясцін Беларусі і Літвы, злучаных з жыццём вядомых людзей, якія маюць вялікую каштоўнасць для гісторыі Бацькаўшчыны. Мастак і музыка у вадной асобе, Н. Орда з’яўляецца выдатным нацыянальным творцам.
КАРУСЬ КАГАНЕЦ: “Кроў з крыві беларуса”. Аўтар Алесь Пашкевіч
Казімір Рафаіл Кастравіцкі (Карусь Каганец) (1868–1918) — славуты беларускі драматург, паэт, празаік, грамадскі дзеяч, перакладчык, мастак, фалькларыст, этнограф, мовазнаўца, педагог, аўтар першага беларускага “Буквара”. Яго постаць — самабытная і цікавая з’ява ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
МЕЧЫСЛАЎ КАРЛОВІЧ: Забыты беларускі геній. Аўтар Ірына Шумская
Мечыслаў Карловіч (1876–1909) – беларускі скрыпач, дырыжор, кампазітар, публіцыст, фатограф-мастак. Быў адным з тых, хто здолеў ўзнесці традыцыі ўсходнеславянскага меласу на агульнаеўрапейскі ўзровень. Створаныя ім музычныя творы абапіраліся на беларускія народныя мелодыі. Сярод іх – знакамітая сімфонія пад назвай “Літоўская рапсодыя” (1906 г.).
ЭЛАІЗА ПАШКЕВІЧ: Цётка ўсіх беларусаў. Аўтар Алесь Марціновіч
Паэтка, пісьменніца, публіцыста, акцёрка Элаіза Пашкевіч “Цётка” (1876—1916) – з той кагорты адраджэнцаў, да якой належаць М. Багдановіч, Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі… Яе вершы зрабіліся хрэстаматыйнымі. Яна столькі зрабіла дзеля нацыянальнага абуджэння народа, што стала сапраўднай “роднай цёткай” усіх беларусаў.
Аўтар: Адміністрацыя Інстытута беларускай гісторыі і культуры