Інстытут беларускай гісторыі і культуры

121 год таму нарадзіўся Кастусь Езавітаў

Kastus Ezavitau17 лістапада 1893 г. у Дзьвінску нарадзіўся Кастусь Езавітаў, міністар па вайсковых справах БНР, беларускі вайсковец, дыплямат, палітык і публіцыст.

Нарадзіўся ў сям’і кадравага афіцэра. У 1916 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. У 1913 стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У Першую сусьветную вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод салдатаў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намесьнікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады.

За ўдзел у працы Першага Ўсебеларускага кангрэсу і дзейнасьць па стварэньні беларускага войска ў студзені 1918 быў арыштаваны бальшавікамі, але здолеў уцячы.

Пасьля адступленьня бальшавікоў быў прызначаны камэндантам Менску і Менскага гарнізону. 25 сакавіка 1918 удзельнічаў у абвяшчэньні БНР, уваходзіў у склад Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (міністра абароны).

У 1919—1920 гадох быў кіраўніком Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпляматычныя стасункі беларускага ўраду з урадамі Ўкраіны, Літоўскай Рэспублікі, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, зьвяртаўся з прозьбай аб ваеннай дапамозе да ўраду ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраеньне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса С. Булак-Балаховіча. У траўні 1920 «за выдатную працу на карысьць Беларускай Народнай Рэспублікі» атрымаў званьне генэрал-маёра.

У 1921—1944 гадох жыў у Рызе, узначаліў Беларускае нацыянальнае аб’яднаньне. Дзякуючы Езавітаву беларуская супольнасьць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Ён быў намесьнікам старшыні таварыства «Бацькаўшчына» ў Латгаліі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае.

Браў удзел у Праскай і Бэрлінскай палітычных канфэрэнцыях. Рэдагаваў газэту «Голас беларуса» і часопіс «Беларуская школа ў Латвіі». За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі (у 1924, 1930, 1933 і 1935).

У Другую сусьветную вайну займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, у 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР.

Затрыманы савецкімі карнымі ворганамі ў красавіку 1945 году. Паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр падчас сьледзтва ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946, паводле іншых зьвестак расстраляны.

3 thoughts on “121 год таму нарадзіўся Кастусь Езавітаў

  1. Міхась

    Цікавыя сведкі пра пакуль што невядомых герояў. Дзякуй Вам!

  2. Равс

    Крепкий управленец, государственник.

  3. Djecerson

    всю свою жизнь он посвятил борьбе за независимость Беларуси-Литвы, за нее же и погиб…вечная слава настоящему Лiцьвiну !!!